355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Адзiнота на стадыёне » Текст книги (страница 2)
Адзiнота на стадыёне
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 01:30

Текст книги "Адзiнота на стадыёне"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 7 страниц)

Слон

Іду па наждаку асфальту. Вулiца дыхае дымнаю гарачынёю гарадскога вечара. Камяк чырвонага сонца пагойдваецца ў шчылiне памiж гмахаў. Ужо месяц, як пасля заняткаў у мастацкiм вучылiшчы хаджу ў сквер, каб за шараю гадзiну зрабiць "слана". Гэтае стварэнне з дроту i ўсялякiх iншых "скарбаў", знойдзеных на сметнiцах, павiнна ўпрыгожваць сквер.

У шоргаце абцасаў чую пытанне: "Чаму робiш "слана"?" Адказ у мяне ёсць, але скончыцца ён не клiчнiкам, не кропкаю, а пытальнiкам. Чаму чалавек вядзе пруцiкам па штыкетнiку? Чаму падбiвае нагой парожнюю бляшанку? Чаму ён, стоячы каля вады, кiне ў яе камень, калi не паспее спытаць сябе, нашто я раблю гэта? Можа, ён слухае голас дрэў, якiя перад iм зараз не што iншае, як штыкецiны? Можа, у бразгатаннi бляшанкi ён чуе аркестравую медзь? Можа... Можа... А можа, i не?

Нясу кавалак запэцканага ў цэмент, падабранага на будоўлi руберойду. Заходжу ў двор шматпавярховага квартала. Трэба паглядзець, цi няма каля кантэйнераў са смеццем якога дроту. Увесь набытак склалi дзве спiнкi ад крэслаў. Наступны двор можна прамiнуць – там дбайны прыбiральшчык. Усё роўна заходжу.

На кантэйнерах тырчаць каты. У кожнага свой асобны кантэйнер. Наблiжаюся. Каты з лянотаю ў лапах саскокваюць i павольна адыходзяць з выглядам, быццам яны нiякага дачынення не маюць да бруду. З майго асабiстага назiрання – каты больш нагадваюць смецце, чым мой "слон". Дроту няма. Затое ёсць бляшанка з-пад кавы. Далей... Далей... Тры сметнiцы, i нiводнага падарунка лёсу. Нарэшце знайшоў iржавы сталёвы дрот. Намацваю ў кiшэнi абцугi. Дрот можна браць – абцугi не забыў. Каб алюмiнiевы цi медны, дык абцугi на халеру, а на сталёвы без iх нiяк нельга.

Людзi аглядаюцца, калi iду па праспекце, смяюцца. А калi праходжу па вузкiм, бяздрэўным, чырвона-чорна-шэрым завулку, яны палохаюцца, пераходзяць на другi бок, робяць выгляд, што не заўважаюць мяне.

Нарэшце сквер. Мой сквер, у якiм няма нiводнай заасфальтаванай сцежкi, гэтым ён мне i падабаецца. Сквер нагадвае кавалак кiнематаграфiчнай планеты, на якой павiнен жыць "слон". Да таго, як пачаць рабiць "слана", я маляваў на сценах "твар сонца", але малюнак не змывалi, не зафарбоўвалi, i таму кожнага разу трэба было шукаць новае сцяны. Абрыдлi мне пошукi. Якраз i трапiўся на творчай дарозе сквер. Сквер, адна назва, што гэта сквер. Колькi дзесяткаў дрэў, прыцiснутых з двух бакоў цагляным плотам да рэчкi, а з трэцяга вузкай вулкаю з бразгатам трамвайных колаў. Першае, што я стварыў у скверыку, дык напiсаў на чырвонай заводскай сцяне крэйдаю "Вова" i намаляваў "твар сонца"...

Складаю свой скарб на траву. Іду да рэчкi. Трэба надраць аеру, каб "слон" атрымаўся зялёны. Як i заўсёды, у адзiн чаравiк набраў вады. Чаму вады набiрае адзiн чаравiк? А мыю потым два? Чорт яго ведае. Ды i пляваць на чаравiк. Трэба хутчэй рабiць "слана".

Працую ўжо з паўгадзiны. Звязваю каркас з дроту i спiнак ад крэслаў, ляплю на яго дзёран, што надраў на беразе. Атрымлiваецца малавыразная цёмна-зялёная гурба, якая сiлуэтам нагадвае слана. Абкладаю "скульптуру" аерам. Атрымлiваецца гафрыраваны "слон", але затое сакавiта-зялёны. Застаецца зусiм драбяза – вушы i вочы зрабiць. Адна бляшанка фiрменная з-пад кавы, другая з-пад кiлькi, так што вочы будуць розныя. Прабiваю слановую галаву дубчыкам у тым месцы, дзе будуць вочы, абломваю канцы, каб з кожнага боку тырчала сантыметраў на пяць, i чапляю бляшанкi. "Слон" трохi лупаты, але гэта мяне не бянтэжыць. Малюю крэйдай на руберойдзе выкрайку, а потым нетаропка абрываю па контуры. Можна было б i выразаць, але мне падабаецца рваны контур вушэй. Так яны выглядаюць жывейшымi. Раблю з дубчыкаў штыры i прымацоўваю вушы. Ледзь не забываюся пра бiўнi. Выломваю каля рэчкi дзве арэхавыя галiны, абдзiраю iх, i свежыя "бiўнi" даканчваюць майго "слана" з хобатам i аеравым хвастом.

Задаволены тым, што праца скончана, мыю чаравiкi i рукi, саджуся на лаўку, так, каб было вiдаць "слана", i закурваю.

Наколькi ведаю свой горад – у iм жыве толькi адзiн слон, i той iснуе з дзевяцi гадзiн вечара да шасцi гадзiн ранiцы. Больш сланоў няма, а калi няма, то i не павiнна быць. Можа, iх наогул не павiнна быць? Не ведаю, не ведаю... Але ж карцiць рабiць гэтага "слана", i зраблю ў скверы каля бруднай рэчкi, дно якой заслана ржавымi гнутымi бляшанкамi. Чаму слон, а не леў цi конь? Таму, што слана рабiць лягчэй, i па хобаце i вялiкiх вушах лёгка пазнаць, што гэта менавiта слон, а не конь цi леў якi. А вось чаму з дзевяцi да шасцi, пытанне больш складанае...

Вось якраз i прычына iдзе гэтага абмежавання ў часе – прыбiральшчык. Гэта ружоватвары хлопец у джынсах i вельветавай кепцы. У яго вачах свецяцца два цьмяныя, нiбы скамечаныя, сонцы. Ён сварыцца на мяне, на "слана" i ўвесь белы свет. Яму блага, калi iдзе дождж, блага, калi дождж не iдзе i вецер нясе пыл i смецце на яго ўчастак. Яму блага, калi iдзе снег, блага, калi снег не iдзе, бо тады мусiць быць галалёд. Гэта прафесiйная сварка, з якой кожны сапраўдны дворнiк пачынае свой дзень, бо ён вымушаны разглядаць кожную з'яву прыроды як патэнцыяльнае смецце. Прыбiральшчык – змагар за чысцiню! На гэтым дворнiку чырвона-жоўтая клятчастая куртка, дзякуючы якой ён i атрымаў ад мяне мянушку Лiстапад.

"Слон" яму замiнае, не дае спакойна жыць. Лiстапад, пэўна, i не спiць праз майго "слана". Уяўляецца, як прыбiральшчык варочаецца на ложку, крэкча, змагаецца ў сне са "сланом". Той кiдаецца на яго, як Цмок на Івана-дурня. А Лiстапад, у адной руцэ з венiкам, у другой – з рыдлёўкаю, з астатнiх сiл адбiваецца. Але ў рэшце рэшт адсякае зялёную галаву Цмока-слана. Хiстаючыся, Лiстапад-Іван-дурань iдзе пад мост i кладзецца спаць у явар... Бач ты яго, перамог. Ура! Ура! Так што не буду цябе, браце Лiстапад, шкадаваць. Не буду прыслухоўвацца да нараканняў на "слана" i надвор'е. А заўтра зноў буду рабiць "слана" з доўгiм, як хобат, хвастом. Шкада, што прыбiральшчык iншай думкi на гэты конт. Кожную ранiцу ён знiшчае пачвару, нягледзячы, што яна з болем уваччу глядзiць на венiк.

Дакурваю цыгарэту, кiдаю недапалак у сметнiцу, падкрэслiваю любоў да чысцiнi. Устаю i накiроўваюся дадому. А, чорт, абцугi забыўся! Вяртаюся па абцугi. "Слон" на месцы, абцугi побач. Забiраю абцугi, кладу ў кiшэнь. Іду дадому. Заўсёды, калi пакiдаю "слана", думаю пра ноч, пра бясконцасць адчыненай прасторы, пра адзiноту, якая агортвае мяне... На хвалях адзiноты гойдаецца папяровым караблiкам душа. Такi малюнак душы мяне задавальняе – супакойвае. Папяровы караблiк, складзены з бела-белага, аж да блакiту чыстага, аркуша над цёмна-карычневай вадою i адсутнасць адлюстравання, адлюстравання душы. Гляджу ў неба i ад нечаканасцi спыняюся – нада мною плыве замест месяца белы-белы папяровы караблiк. Не, трэба змянiць малюнак душы. Караблiк павольна ператварыўся ў звычайную квадру.

Спачатку я змяняю свой белы караблiк на зялёны, потым на чырвоны на чорнай вадзе i ўрэшце спыняюся на чорным на чырвонай вадзе. А чаму караблiк? I ўяўленне мяняе яго на бляшанку, падобную да вока апошняга "слана". Думкi ўжо пакiдаюць гэтую тэму, як трапляецца такi вобраз: душа – гэта кропля вады. Толькi яна павернута сваiм цяжкiм бокам не да зямлi, а наадварот. Параўнанне душы з кропляю, што вострым канцом скiравана да цэнтра Зямлi, спыняе маю фантазiю. Успамiнаецца "слон". А якая ж у яго душа? Цi ёсць яна ў яго? Цi, можа, у нас адна на двух? Няўжо гэтая нязграбная пачвара з палкамi замест бiўняў i ёсць адлюстраванне майго духу?

Засынаю з думкаю, што заўтра будзе сонечна. Вось будзе сонца, i хоць ты стой, хоць падай – яно будзе. Якое? Гэтага не ведаю. Гэтага не ведае нiхто, акрамя самога заўтра. Засынаю, спадзяюся, што сонца будзе "слановым", бо згадваецца кантэйнер, з якога дастаю тоўсты, у палец, алюмiнiевы дрот, каб зрабiць заўтрашняе сонца "слановым".

Горад спiць.

...стаю на балконе (гэта ў сне), гляджу ў двор. Раптам наша, сто разоў бачаная, сметнiца пачынае спяваць: "I туды гара. I сюды гара. А за тымi крутымi гарамi нiчога няма..." Каты саскокваюць з кантэйнераў i ўцякаюць. Такое адчуванне, што ў чатыры ржавыя кантэйнеры схаваўся рок-гурт. Песня пачынае бiцца ў сцены. Яна робiцца аглушальнаю. Кожны акорд, як цвiк, забiваецца ў вуха. Пад скронню варушыцца пытанне. Чаму нiхто не прачынаецца? Хачу ўцячы з балкона, ды дзе там. Дзверы зачынены, i замест звычайных балконных дзвярэй бачу чырвоную, як адзiн з караблiкаў маёй душы, жалезную браму. Яе з першага погляду, як з другога i трэцяга, адчынiць немагчыма. "I туды гара. I сюды гара-а-а..." – равуць кантэйнеры... Гляджу долу. Ізноў незразумелае – знiклi балконы, якiя заўсёды былi пад нашым. Вокнаў няма. Адны сцены. "I туды сцяна, i сюды сцяна-а-а..." Пад чэрапам варушацца думкi. Дзе глупства, а дзе разумнае, адрознiць немагчыма. Сцяну трэба прабiваць! Але як, як прабiць? Калi яна ў кожным, калi сцены скрозь, нават ува мне, у маёй душы стаiць сцяна – бясконцая, шэрая, атынкаваная, шурпатая, халодная, няўежная... Адчуваю бездапаможнасць усялякай фiзiчнай сiлы. Рукi робяць абы-што. Яны ломяць адна адну, каб праз фiзiчную пакуту зварухнуць духоўную моц. А душа застаецца нерухомай, яна не слухаецца, яна проста слухае, а не чуе. Яна, перапалоханая бясконцасцю сцяны, маўчыць. Сцены пачынаюць хiстацца. Балкон трасе. Кантэйнеры адчыняюцца, з iх верне смецце. Яно ўздымаецца чатырохкутнымi пiлонамi, даходзiць да другога паверха. Пiлоны аб'ядноўваюцца крыж-накрыж у адну чатырохногую пачвару. З яе ў два бакi пачынаюць расцi шлангi ад асенiзатарскай машыны. Гэта ж "слон"! Мне – спакайней. У шлангу хрыпiць спачатку цiха, з-за какафонii, што яшчэ ўсё вiсiць над балконам: "Сцяна..." Гук пачынае мацнець. Апошняе "а" б'е каменем у маё вуха... "Слон" варушыцца. Перастаўляе адну нагу, грукае чобатам-кантэйнерам аб бетонны бардзюр. Яго хобат чапляе суседнi дом. Дом ператвараецца ў руiну, у друз. "Слон" праз пыл крочыць да мяне. Ён топча машыны, як бляшанкi. Запамiнаецца нумар адной з раструшчаных – 00-07 МІФ. Не ведаю толькi – нашто. Мусiць, для дакладнасцi. "Слон" б'е хобатам у мой дом. Балкон нахiляецца. Пералятаю праз парэнчы, прачынаюся...

У суседнiм пакоi б'е гадзiннiк: "Шшш-бум-на-а-а..." А мне яшчэ чуецца рэха сну: "Сцян-на-а-а..."

Устаю. Не снедаю. Бягу ў сквер. Ранiца сустракае мяне глыткамi халоднага паветра i тонкiм цэлафанам лёду на калюгах. Ранiца сонечная, без ветру. Прыбiральшчык сварыцца i шыбуе да "слана". Вярба, за якой хаваюся, глуха, ледзь чутна шапоча лiсцем, падобным да лiстоты з могiлкавых вянкоў, аблiтых парафiнам. Лаўлю сябе, што жую лiсток горкi i нясмачны. Калi ўважлiва сачу за iншымi, чамусьцi забываю сябе. I зусiм нечакана ўсведамляю, што нешта непатрэбнае раблю. Вось i цяпер гэты лiст з вярбы ем.

На беразе брудна-шэра-зялёнай рэчкi гараць карункi першага лёду. Лiстапад нясе рыдлёўку i венiк. Падыходзiць да "слана", дакурвае папяросу, кiдае недапалак у траву. I з усяго маху сячэ рыдлёўкай па зялёнай, блiскучай спiне "слана". Потым ад пярэдняй часткi адсякае галаву, кладзе яе на рыдлёўку, нясе да рэчкi. Кiдае як мага далей ад берага, за лёд. Вяртаецца, грузiць на рыдлёўку нагу i аеравы хобат, зноў накiроўваецца да рэчкi. За шэсць ходак ён топiць усяго "слана". Потым зграбае рэшткi дзёрну i ўтоптвае iх у сметнiцу. Свiшча i ўсмiхаецца, iдзе ў другi канец сквера пачынаць свой звычайны працоўны дзень. Выходжу з-за вярбы паглядзець на рэчку. Вада калышацца, а ў ёй варушацца водарасцi, пераблытаныя з iржавым дротам i iншымi рэшткамi маiх "сланоў". На белым лёдзе выразна чарнее след дворнiка. Крычу на ўвесь сквер, аж да трамвайных рэек: "Добрай ранiцы, Лiстапад!" – iду ў бок вучылiшча, пакiдаю скверу рэха сваiх крокаў.

Вечар. Раблю "слана" з карычневай балонневай курткi, якую знайшоў на будоўлi. Балонневы, зашмальцаваны каля кiшэняў, у кропельках вапны "слон" атрымлiваецца лепшы за iншых. Але i яго чакае жорсткi лёс – паплыць па рэчцы блiскучым пухiром. Пакiдаю "слана". Іду i разважаю. Хопiць, больш не буду рабiць "сланоў". Навошта замiнаць Лiстападу з яго надзвычайным бачаннем чысцiнi? Але стоп! Ён бачыць чысцiню ад трамвайных рэек i да цаглянай сцяны, i ўкладаецца яго бачанне ў восемдзесят рублёў зарплаты. А мой "слон" i паўкапейкi не каштуе. Нават "дзякуй" нiхто не сказаў...

У наступны вечар замест падмеценай, падрыхтаванай да працы пляцоўкi мяне сустракае "слон". I я раблю незразумелае. З падрыхтаванага дроту выгiнаю адмычку. Адчыняю дашчаную скрынку, у якой Лiстапад хавае iструменты. Бяру рыдлёўку i новы, якi не бачыў асфальту, венiк. Падыходжу да "слана" i адсякаю зялёную галаву. Кладу яе на рыдлёўку, нясу i кiдаю ў рэчку. Як гэта нi сумна, сплаўляю карычневы балонневы пухiр. Потым чыста прыбiраю сквер i закурваю. Думаецца пра Лiстапада, пра тое, што яму выпiшуць блакiтны бюлетэнь, якi аплацяць у бухгалтэрыi домакiраўнiцтва. Гэты бюлетэнь рана цi позна трапiць на сметнiцу, i нехта атрымае магчымасць зрабiць з яго караблiк.

Стаiць сонца.

Хто з нас не хацеў навучыцца ездзiць на ровары "без рук"?

Ян i Янiна стаялi на прыпынку з надзеяй сесцi на апошнi трамвай. Яна ў кароткiх джынсах i чырвонай мужчынскай кашулi. На iм пасястая, чорная з белым, майка i таксама джынсы. На асфальтавым востраве прыпынку ўзвышаўся над чарападобнай сметнiцай лiхтарны слуп. У Янiны белыя красоўкi i рознакаляровыя гольфы – адзiн цёмна-жоўты, другi ярка-сiнi. У Яна на левым запясцi блiшчэў важкi гадзiннiк з шырокiм бранзалетам.

– Лiхтар нагадвае дрэва, – Ян парушыў цiшыню.

– Сапраўды... Толькi якое? – спытала Янiна.

– Знешне, калi слуп прымаць за ствол, ён падобны да сасны. А калi лямпу назваць яблыкам, атрымлiваецца, што лiхтар – яблыня.

– Лiхтар – гэта жалезная яблыня. Мне падабаецца.

У яе круглыя арлекiнскiя вочы з доўгiмi веямi, пафарбаванымi тушшу. У ягоных вачах стаiлася стома. На пялёстках жаночых пазногцяў ляжаў тонкi слой лiлейна-белага лаку. Вуглаваты профiль, акуратная стрыжка i высока паголеныя брытвай скронi рабiлi Янаў твар мужным.

– Калi сустрэнемся? – спытаў Ян.

– А калi ты хочаш, каб я прыйшла?

– Сягоння ў нас што, серада цi аўторак?

– Быў аўторак, а зараз серада.

– Аўторак, – ён сам сабе палiчыў днi. – Можна ў пятнiцу.

– Пятнiца далёка.

– Давай у чацвер.

– У чацвер я са сваiм iду ў госцi.

– Тады застаецца заўтра, бо ў суботу i нядзелю еду за горад, а панядзелак вельмi далёка.

– Заўтра яно i сёння... А дзе i калi?

– Недзе пасля работы, гадзiн у сем, на гэтым прыпынку.

– У сем, на гэтым прыпынку, – паўтарыла яна i пагладзiла лiхтарны слуп.

– Кожнага разу на развiтанне мы гаворым адны i тыя словы. А нашто?

– Не трэба пытаць – нашто. Мы ўсё роўна не знойдзем адказу.

Ён паглядзеў на гадзiннiк i сказаў:

– Палова другой. Ужо паўтары гадзiны, як серада.

– Серада, – паўтарыла яна цiхiм адсутным голасам.

Янiна злавiла пушынку i пачала разглядаць.

* * *

Яны пазнаёмiлiся ў батанiчным садзе. Стаяла спёка. Янiна з мужам глядзелi, як садоўнiк палiвае кветкi. Садоўнiк палiваў стомленыя ад спёкi лiлеi, калi падышоў Ян з жонкай. Яны ўчацвярых глядзелi на аранжавую палiвачку i блакiтныя струменi вады. "Што можа быць прыгажэйшым за кветкi?" – сказаў тады Янiнiн муж. Ён так i сказаў, не спадзеючыся пачуць адказ. Ён звяртаўся хiба што да кветнiка i здзiвiўся, калi Янава жонка сказала, што прыгажэйшымi за кветкi могуць быць толькi нажнiцы садоўнiка. Усiм спадабаўся жарт. Толькi садоўнiк не пачуў жарту, ён не слухаў, яму было ўсё роўна, яму трэба было хутчэй палiць лiлеi, зацярушаныя гарачым гарадскiм пылам. Учацвярых яны пайшлi ў кавярню, бо iм спадабаўся жарт з нажнiцамi, i Янiнiн муж прапанаваў выпiць за садовыя нажнiцы i за лiлеi...

* * *

– Трамвай не прыйдзе, – сказаў Ян.

– Табе трэба набыць машыну i прыязджаць на спатканнi, – параiла Янiна. Яна адшчыкнула зерне ад пуху, выкiнула зерне ў сметнiцу i здзьмула пух з далонi.

– Машына не для мяне. Люблю хуткасць i краявiды люблю. Так што даеду да першага слупа.

– Няўжо ты ўмееш вадзiць машыну?

– Таму i не ўмею. Толькi ровар.

– Можна прыязджаць на спатканнi на роварах.

– А ты добра ездзiш? – у сваю чаргу спытаў ён.

– У свой час ездзiла няблага, але калi тое было, шчэ да вяселля.

– I я даўно ездзiў, раней цэлае лета руль з рук не выпускаў.

– I я руль не выпускала з рук, бо так i не навучылася ездзiць "без рук".

– Хто з нас не хацеў навучыцца ездзiць на ровары "без рук"? – пытанне засталося без адказу.

"Прыгожа, калi мужчына трымае звычайную брытву, – думала Янiна, разглядаючы чарговую пушынку, пушынка была без насення, – муж нiколi не карыстаецца звычайнай, не той чалавек, яму дастаткова электрабрытвы. Ян голiцца толькi звычайнай i толькi сваёй. Галенне – рытуал. Зараз Ян сумны. Ён мне падабаецца. Люблю яго, ягоны профiль, кароткую стрыжку, ягоныя вочы, нават ягоны сум я люблю. А муж? Муж ёсць муж. З мужам спакойна, муж гарантуе пэўнасць. А што б мой рабiў, каб даведаўся? Цi яму сказалi, што мяне з Янам бачылi? Не... Наўрад... А калi i так, дык што? Муж будзе маўчаць. Ён заўсёды так: што б нi адбылося, ён маўчыць. Ён будзе прымаць нашы пачуццi як абавязковыя, як непазбежныя. Ян iншы. Ён каханы. Пра мужа так не скажаш. Каханы муж. Глупства. А калi Янава жонка i мой муж... Не, я б заўважыла, i Ян заўважыў бы. А мо ён, як i мой, маўчаў бы? Якая рознiца? Хто? Дзе? З кiм? Калi? Якое мае значэнне? У Яна жонка, у мяне муж. Мы не будзем разам. Я не пакiну мужа, i Ян не пакiне жонку. Трэба пакiнуць сустракацца. На спатканне больш не прыйду. Вырашыць прасцей, чым зрабiць. Як-небудзь... Скажу, што я цяжарная. Дапаможа. Пэўна, адзiнае выйсце так i сказаць. Падман. Ян не паверыць. Не змагу так сказаць, каб паверыў. Здагадаецца i пакрыўдзiцца. Чаму я не магу яго пакрыўдзiць? Такога не можа быць? Можа. Я захацела дзiця, i мы вырашылi... Хто мы? Чаму дзiця павiнна быць мужава? Таму, што павiнна быць мужава, так лепш, так спакайней, таму, што муж любы i дзiця любае. А Ян каханы, i не больш. Вар'яцею. Чаго не хапае? Патрэбна дзiця, i ўсё будзе добра. "Патрэбна дзiця" – як брыдка! Бог пакарае за гэтае "патрэбна". Паспрабую. Народзiцца дзiця, не будзе калi сустракацца з Янам. Часу не стане. Ян прыгожы. Не, ён непрыгожы, i гэта iдыятызм карыстацца ў наш час звычайнай брытвай..."

Янiна села на сметнiцу.

– Устань са сметнiцы.

– Чаму?

– Непрыемна глядзець, калi ты сядзiш на сметнiцы.

– А ты не глядзi на мяне.

– А куды мне глядзець?

– Куды хочаш...

Ён паглядзеў на гадзiннiк.

– Мне непрыемна, калi ты глядзiш на гадзiннiк, – яна лепш уладкавалася на сметнiцы, упрыгожанай рэльефнымi кветкамi.

"Калi? Калi ўсё гэта скончыцца? – думаў Ян. – Хопiць, хопiць сустрэч, хлуснi, падманаў... Мне патрэбен спакой. Неабходна знайсцi занятак. Напрыклад, паляванне. Можна пачаць ездзiць на паляванне. Я не паляўнiчы. Кепска страляю... Калекцыя. Можна збiраць калекцыю матылёў. Не тое. Я не калекцыянер. Колькi разоў пачынаў. Можна пiць. Спачатку пачну моцна пiць, потым кiну. Не атрымаецца, не хопiць здароўя моцна пiць. Ад гарэлкi дурэю, а вiно не пераношу. Можа, пачаць разводзiць кветкi? Не хопiць упартасцi. Не садоўнiк я i не паляўнiчы. Дзiця. Застаецца дзiця. Сын цi дачка? Якая рознiца? Дзякуй Богу, не можам гэтага запланаваць. Добра, калi сын, але i дачка добра. Маленькая дзяўчынка. Чаму ўяўляецца смуглая дзяўчынка, калi я i жонка светлыя? Бог ведае. Няма кватэры. Толькi праз тры гады будзе кватэра, у лепшым выпадку праз тры... А за тры гады дзяўчынка навучылася б гаварыць. Яна абавязкова навучылася б гаварыць. Але яе няма. Ёсць Янiна. Яна была дзяўчынкай... Ха... Тая, што была дзяўчынкай, вырасла i сядзiць на сметнiцы. Рознакаляровыя гольфы. Жоўты i сiнi. Якога д'ябла яна носiць розныя гольфы? Каб усе пыталi. Колькi разоў чуў. Колькi пытаўся, столькi чуў. Яна прыгожая. Яна мне падабаецца. З ёй не сумна. Пасля блiзкасцi мне сумна. Робiцца сумна, калi яна пачынае апранацца. Яна любiць яркую вопратку, i мне падабаецца чырвоная кашуля. Што я магу з гэтым зрабiць? Але трэба пакiнуць сустракацца. Трэба сказаць, што яна мне надакучыла, што я ўжо не кахаю яе. Так i сказаць: нам не трэба сустракацца. У яе муж, якi нi ёсць. У мяне нiколi не было рэўнасцi да яго. Чаму яна не пакiне яго? Чаму ў iх няма дзяцей? Хлопчыка?! У яе абавязкова народзiцца хлопчык, i ўсё стане на сваё месца. Яны ўтраiх – яна, хлопчык i муж – хадзiцьмуць кожную нядзелю ў батанiчны сад i глядзецьмуць на садоўнiка, што з аранжавай палiвачкi наталяе смагу летнiх кветак. Яна перастае апранаць розныя гольфы, бо аднаго разу хлопчык спытае: "Мама, чаму ты носiш розныя гольфы?" А яна не зможа сказаць яму: "Каб усе пыталi!" Яна не скажа яму так, бо ён яе сын, ён – не ўсе..."

– Пацалуй мяне, – Янiна выпусцiла з рукi пушынку.

– Тут? На вулiцы? На прыпынку? – Ян шукаў апраўданне, бо не хацеў цалаваць жанчыну на сметнiцы.

– А што ў тым дзiўнага? Ноч. Нас не бачаць.

– Мы пад лiхтаром, – ён паглядзеў на цыферблат i, здзьмуўшы валаконца тапалёвага пуху, што прыляпiўся да губы, дадаў: – Дзве гадзiны. Трамвая не будзе. Трэба лавiць таксi цi прыватнiка шукаць. Уставай, i пайшлi.

– Устала i пайшла, – не ўстаючы са сметнiцы, сказала яна.

– Устань са сметнiцы.

– Не злуй. Лепш пацалаваў бы мяне.

– Спачатку ўстань. I я табе казаў – мы пад лiхтаром. Дый хопiць на сёння. Што гэта за жаданне пацалункаў на сметнiку.

– Не на сметнiку.

– А дзе?

– Не ведаю. А пацалунак з тапалёвым пухам, мусiць, прыемна. А калi табе замiнае святло, пабi лiхтар. Будзе цёмна, я ўстану са сметнiцы, i ты мяне пацалуеш.

– Няма каменя.

– А ты гадзiннiкам.

– Гадзiннiкам?

– Шпурнi ў яго гадзiннiкам. Пабi г"дзiну, якая пнецца з ночы ўтварыць дзень.

– Нашто?

– Мы ж дамовiлiся не пытацца – нашто.

– Добра. Тады я скажу: "Мне шкада гадзiннiка i шкада лiхтара".

– Табе ўвесь час нечага шкада. Табе шкада гадзiннiка, шкада лiхтара, шкада пацалунка, шкада... – яна на iмгненне спынiлася, думаючы, гаварыць наступнае слова цi не, i сказала: – Шкада жонку. Так жа?

– Але, – нечакана спакойна прамовiў ён.

– Я прашу, каб ён мяне пацалаваў, а ён глядзiць на гадзiннiк... Прашу, каб ён пабiў лiхтар, а ён, Бог мой, зноў глядзiць на гадзiннiк... Ён шкадуе ўвесь свет. А мяне яму не шкада...

Ён расшпiлiў бранзалет i ўзважыў гадзiннiк у руцэ, як узважваюць камень перад тым, як шпурнуць. Ян зразумеў, што не пацэлiць. Бранзалет не дасць разлiчыць палёт. Ян добра кiдаў камянi. Ён з дзяцiнства любiў кiдаць камянi. Хто далей. Але зараз ён зразумеў, што з першага разу не пацэлiць. Бранзалет прымусiць гадзiннiк куляцца ў паветры. Бранзалет прымацаваны да корпуса, не здымеш. Трэба спрабаваць. Ян размахнуўся, нiбыта дакрануўся да высокай лямпы левай рукою, i з усяе моцы пусцiў гадзiннiк з правай рукi. З фуркатам той праляцеў за паўметра ад лямпы i ўпаў на трамвайную рэйку. Ян падняў пабiты гадзiннiк, зноў прыцэлiўся, i зноў цiхая вулiца пачула гучнае фуркатанне. Гадзiннiк праляцеў за метр ад лямпы. Трэцi раз Ян доўга выбiраў месца, з якога кiнуць, але i гэта не дапамагло. Гадзiннiк ледзь крануў рабрыстае шкло каўпака i бразнуўся на асфальт. Ян не стаў падымаць гадзiннiк, ён не стаў збiраць тое, што засталося ад гадзiннiка.

– Мо нам не варта больш сустракацца? – спытаў ён хутчэй у лiхтара, чым у Янiны.

– Не гавары глупства, – адказала яна.

– Ты лiчыш маю прапанову глупствам?

– Так, я лiчу твае i свае прапановы глупствам i не больш таго.

– Калi так, тады йшчэ не ўсё страчана.

– А ў нас няма чаго губляць.

– Нават гадзiннiка, – удакладнiў Ян.

– Ты ўжо не шкадуеш гадзiннiк?

– Няма чаго шкадаваць.

– Добра, калi няма чаго шкадаваць.

– А ты не палохаешся пустаты, што ўзнiкае, калi ўжо няма чаго шкадаваць?

– Не, – адказала жанчына i спытала: – А ты?

– Мне сорамна, – сказаў Ян. – Сорам адчуваю.

Не дамаўляючыся, Ян i Янiна пайшлi ў бок прыпынку таксi. Яны не мiнулi i паўквартала, як з-за рога iм насустрач вырулiла палiвальная машына. У яе быў вялiкi аранжавы бак i ярка-блакiтная кабiна. Янiна ўскiнула руку. Машына прытармазiла.

– Табе куды? – спытаў шафёр палiвальнай машыны.

Янiна назвала адрас.

– Сядайце, – запрасiў шафёр, адчыняючы блакiтныя дзверы.

Янiна села ў кабiну, Ян застаўся стаяць на тратуары.

– А ты? – спытаў шафёр.

– Ён не паедзе, яму блiзка.

– Як сабе хоча, – пачулася праз рыпенне дзвярэй.

Палiвалка завуркатала, завярнулася, калываючыся на рэйках. Аранжавы бак машыны знiк за рогам. Ян вярнуўся на прыпынак, пазбiраў рэшткi гадзiннiка i кiнуў у сметнiцу, да тапалёвага пуху. Потым сеў на асфальт, абапёрся спiнаю на лiхтарны слуп, сагнуў ногi i, паклаўшы локцi на каленi, схiлiў голаў. Думкi змянялi адна адну, i, як звычайна перад сном, у iх не было нi логiкi, нi парадку.

"Можна адпачыць, – думалася Яну. – Спяшацца няма куды. Сумна глядзець на тых, што спяшаюцца. Хто не спяшаецца, той чакае, як мы сёння, як зараз я. Той, хто спяшаецца, ужо спазнiўся. Хай спяшаюцца, а я адпачну. Потым прыйдзецца ўстаць i пайсцi. Потым хай, толькi не зараз. Я вярнуўся, каб адпачыць. Пасля трэба ўставаць, iсцi, ехаць... Так робiцца. Я не выключэнне. Кiрунак вызначыў не я. Чалавек не вызначае кiрунак. Далей пустата. А мо там тапалёвы пух? Ён жа паўсюль. Не, толькi не пух. Холад. Там пустата i холад. А што я магу? Што можна зрабiць? Вяртацца. Не садзiцца ў машыну, не iсцi наперад, а вяртацца. Процi цячэння вады. Можна прапусцiць сваю чаргу. Можна... А далей? Далей прыйдзецца разам з усiмi, як усе, як усё. Трэба ўстаць, бо засну. Не засну. Спаць не хачу, як у дзяцiнстве – засынаеш i гаворыш: "Спаць не хачу, не буду спаць!" А сон бярэ сваё. Якi б я хацеў убачыць сон? Мо пра Янiну? Яна ў рэальнасцi, клiкаць у сон няма патрэбы. А пра што? Пра ровар? Я хлопчык. Можна саснiць, як еду на ровары "без рук". Часам сню, што лётаю без крылаў i прылад, сам па сабе. Жаданне ператвараецца ў яву. Паспрабаваць i з роварам. Я – хлопчык – разганяю на пустой вулiцы ровар, мiльгаюць сметнiцы i лiхтары, адпускаю рукi, еду "без рук".


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю