Текст книги "Сірочы хлеб"
Автор книги: Янка Брыль
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
5
Сонца, мароз і вецер. Эх, завірыў, разгуляўся!.. Так і скрабе па хрупкім снезе, так і падвільвае белымі вужакамі снежнага пылу. Гоніць яго па полі, цераз гасцінец, зноў па полі, па хмызняках і – пад саменькі лес. А сонца такое, што не зірнеш на снег!..
Ад сонца Даніку не цёпла – цёпла ад бацькавага салдацкага башлыка, ад вялікага, з чужых плячэй, паўкажушка, ад хады па глыбокай сцежцы, ён дрэпае ззаду за мамай і глядзіць на пяткі яе лапцей. Мама шырока ступае, спяшаецца за дзядзькам Кастусём і з-пад вялікай хусткі-канаплянкі глядзіць на дзядзькавы боты.
…Дзядзька Кастусь, мамін старэйшы брат, прыйшоў да іх сёння з Мікуліч. I думае ён цяпер пра тое, як гэта раптам, знячэўку, пашанцавала ягонай сястры. Дзевер яе, брат Данікавага бацькі Пятрусь Малец, прыслаў ім грошай. З Мінска ажно, з-за граніцы. Там ён недзе жыве, відаць, як чалавек, бо – дайце раду! – адразу гэтулькі грошай прыслаў… Калі перавесці на золата гэтыя савецкія чырвонцы, дык будзе іх цэлых трыццаць рублёў – мікалаеўскім золатам. Ну, а на панскія злоты – яшчэ ў чатыры столкі больш. Як з неба гэта звалілася… I піша Пятрусь Малец, што гэта – пляменніку яго, Данілу, каб вучыўся. «Сыну брата майго Івана, які аддаў жыццё за Савецкую ўладу», – так і піша – у заказным пісьме… Як яно пойдзе цяпер сястры пры грошах?.. На добры лад, дык трэба б хоць паўморга[24]24
Паўморга – старая мера плошчы, роўная 0,35 га, у Польшчы і Літве.
[Закрыть] зямлі абзадачыць або каня якога, нарэшце, купіць. Ды што ты зробіш, калі дзевер загадвае хлопца вучыць?..
Сама Мальчыха, дык тая проста аслупянела ад шчасця. Учора, як прынеслі з пошты пісьмо і павестку, загаварыла ўся вёска. I «з таго мэнту», як кажа Зося, думкі ў яе галаве блытаюцца адна за адну, а іх раз-поразу прадзімае вялікая радасць. Грошай раптам будзе столькі, што і ў галаву не тоўпіцца.
Страшна было б адной і ісці па іх. Кастусь, дзякуй яму, ідзе. Паслухаў. Ён то, нябось, разбярэцца ўсюды! Ды і свой сынок таксама. Бачыш, жаба, упёрся – «пайду». Трэба ж яму апрануцца што-небудзь купіць…
Прыпыніўшыся, Зося азіраецца і з усмешкай пытае свайго гаспадара:
– Ідзеш, Даніла?
– Іду, іду, – адказвае Сівы. I вочы яго ажно пабліскваюць з-пад башлыка.
Данік таксама думае.
Яму ўжо адзінаццаць. Ужо другі год хлопец сядзіць у трэцім класе. Што, хіба ён вучыцца дрэнна? Ды не! Цяпер ужо не толькі ўся школа, а ўся Галынка ведае, што ён, Зосін Данік, вучыцца лепш за ўсіх. Найбольш чытае – і беларускіх, і рускіх, і польскіх кніжак, абы дзе якую дастаў. А вось застаўся ў трэцім класе на другі год. Хто ведае – можа, і яшчэ год будзе сядзець… Такі ўжо заведзены лад у паноў: хто не адходзіць у школу да чатырнаццаці год – плаці штраф або адседжвай у каталажцы[25]25
Каталáжка – турма, месца змяволення.
[Закрыть] пры гміне[26]26
Гмíна – цэнтр самай дробнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў Польшчы.
[Закрыть]. За ўсё адседжваюць людзі – за падаткі, за штрафы, калі няма чым заплаціць. Дзеду Раману прыйшло ад сына з войска даплатное пісьмо, дык ён і за даплату гэтую прасіўся адседзець. Маме ні штрафу плаціць, ні адседжваць, вядома, не хочацца, дык вось Данік і ходзіць другую зіму ў трэці клас. Ісці ў чацвёрты, у местачковую школу, – і няма за што, і няма ад каго. Трэба ж і маме дапамагаць. Шэсць чужых кароў і сваю Рагулю пасе ён улетку.
А ў школу, у чацвёрты клас, так хочацца!..
Вясной, калі ён скончыў трэці, быў у іх сам «пан кіроўнік» – дырэктар местачковай сямігодкі.
«Пан, зразумела, – звярнуўся ён да іхняга Цабы, – лепшых вучняў накіруе да мяне, у чацвёрты клас, а гэтага, Мальца, – у першую чаргу, абавязкова».
«Пане кіроўніку, – загугніў Цаба, – ён, Данель Малец, вельмі бедны, сірата. Дарэмная гаворка».
«Ну што ж, як не, дык не», – сказаў кіроўнік.
А тут учора дзядзька Пятрусь прыслаў пісьмо і грошы. Вось табе і «не, дык не»! Абы толькі да вясны дацягнуць, а там, увосені, я табе, пане Цаба, не здрастуй, а ты мне не застуй!
Дзядзька Пятрусь, незнаёмы Даніку брат яго бацькі, – вельмі добры, відаць, і вельмі разумны чалавек. I ён, як калісьці Мікола, гаворыць, што Данікаў тата – герой. Каб паны не забілі яго на вайне ды каб ён жыў, ён быў бы таксама разумны і добры. А каб паноў не было і тут? Што ж, тады не было б і пана Цабы з яго школай і не сядзеў бы ў турме такі разумны, добры, смелы Мікола Кужалевіч… Ды ці адзін хіба Мікола!.. Данік успамінае, як плачуць бабы і дзеці, калі паліцыянты гоняць у пастарунак[27]27
Пастарунак – паліцэйскі ўчастак.
[Закрыть] каго-небудзь з хлопцаў ці мужчын… А ўсё ж спяваюць у Галынцы песні супраць паноў, усё ж чакаюць прыходу таварышаў…
Тут на думку хлопцу ўзыходзіць, што школа ў мястэчку – таксама панская, як і ў Галынцы… «А ці добра, што я пайду туды, што я хачу вучыцца, хоць і па-польску? Што ж я – хачу панам Цабам зрабіцца?.. Ды дзядзька ж піша, каб я вучыўся! – успамінае ён з палёгкай. – У школе буду вучыцца па-польску, а дома – па-свойму. I буду шмат чытаць, буду такі разумны, як тата, як дзядзька Пятрусь, як Мікола!..»
6
Чацвёрты і пяты класы вучацца ў новым драўляным доме, насупраць якога, цераз плошчу, стаіць пастарунак.
Выхавацелька чацвёртага класа – пані Мар’я, або кіроўнічыха, як называюць яе вучні, – увайшла пасля пераменкі ў клас з вялікім пачкам чырванабокіх яблыкаў.
– Лісты кляновыя прынеслі? – спыталася яна.
– Прынеслі! Во якія! Во! – загаманілі вучні.
– А-ёй, навошта гэтак шмат? Я ж казала па два-тры, не больш.
Пані Мар’я гаворыць па-польску чыста, не так калечана, як пан Цаба.
– Але нічога, дзеці, – кажа яна. – Зробім так: кожная парта атрымае адно яблыка, паложыць некалькі лістоў, а на іх зверху – яблыка. Праўда, на кляновыя лісты яблыкі не падаюць, бо на клёнах яны не растуць, але гэта таксама нічога: гэта вельмі нагадвае восень, яе хараство. Дык пачынаем, дзеці. Не спяшайцеся. I кожны няхай памятае: хто нарысуе лепш, – з’есць яблыка, а хто палянуецца, – будзе есці лісты.
Сказала і засмяялася, а клас – за ёю. Якая яна добрая, вясёлая! Зусім не такая, як муж яе, пан кіроўнік, – нейкі маўклівы і нават страшнаваты. Дзяўчаткі дык тыя гавораць «наша Мар’я», як быццам яны любяць яе больш за хлопцаў. I ўсё падлашчваюцца, усё шчабечуць: «проша пані» ды «проша пані»!..
Як толькі ў класе ўсталявалася цішыня, пані Мар’я села за стол і дастала з шуфляды класны журнал. I вось гартае яго і нешта запісвае.
А Данік, які сядзіць на першай парце, насупраць стала, малюе, а сам усё глядзіць на кіроўнічыху, – то крадком цікне спадылба, а то, калі яна не бачыць гэтага, пазірае адкрыта.
Сёння дваццатае верасня. А Даніку здаецца, што толькі ўчора поп адслужыў ім у царкве малебен на добры пачатак школьнага года. Вучыцца весела, час ідзе хутка. Чаму ж, аднак, сёння яму не рысуецца?
Толькі і глядзеў бы, здаецца, на пані Мар’ю… Чаму? Найбольш, мусіць, за тое, што яна чытала ім пазаўчора.
Пазаўчора яна прынесла на ўрок польскай мовы маленькую кніжку і сказала: «Сёння мы прачытаем апавяданне выдатнага польскага пісьменніка Генрыха Сянкевіча пад назвай „Янка-музыка“».
За чатыры гады Данік – нават у пана Цабы, а найбольш дык сам, з кніжак, – навучыўся ўжо разумець па-польску амаль усё. Зрэшты, чытаючы, пані Мар’я растлумачвала ім паасобныя словы. I ўсё зразумела для іх, хоць у школе амаль адны беларускія дзеці з мястэчка і з навакольных вёсак. Дзеці яўрэйскіх крамнікаў, краўцоў, анучнікаў і кавалёў таксама лепш, чым па-польску, гавораць на беларускай мове. Вучняў-палякаў – зусім няшмат: сынкі і дачушкі «ўжэнднікаў» і паліцэйскіх, сем чалавек на ўвесь вялікі клас.
Усё зразумела Даніку яшчэ і таму, што ў апавяданні, якое чытала ім настаўніца, гаварылася пра такіх жа, як ён, дзяцей вясковай беднаты. Янка-музыка – польскі хлопец-пастушок, таксама сірата, а маці – батрачка, якіх недзе там, у Польшчы, называюць «каморніцамі». Музыка – гэта мянушка Янкі. Для яго ўсё іграла, – і лес, калі ён шуміць і звініць галасамі птушак, і луг, дзе ноччу кумкаюць жабы і крычаць драчы, і вёска, калі яна вясновай ноччу спявае-гамоніць спачатку дзявочымі песнямі, а потым – пераклічкаю пеўняў… Рэха іграла таксама. Ігралі на ветры нават і рагі вялікага сахарá[28]28
Сахóр – жалезныя вілы для накладвання гною.
[Закрыть], якім малы Янка растрасаў гной на панскім полі.
– Малец, устань!
Данік прахапіўся ад задумы і ўстаў.
– Ты чаму не рысуеш?
– Я рысую.
– Ну дык сядай і рысуй.
Так, рысаваць трэба ўсё ж такі лепш. «Спачатку лёгенька алоўкам, а тады пойдуць фарбы», – успамінае Сівы словы настаўніцы. Хлопец глядзіць на яблыка, на кляновыя лісты.
Як яны хораша жаўцеюць на іхнім клёне перад хатай! Непрыкметна адчэпліваюцца хвосцікам ад галінкі і асядаюць у бясшумным палёце, лажацца на пясок і на траву. Добра збіраць іх у пучкі, – маме, хлеб пячы, – добра ўглядацца на іх далікатныя жылкі або шалахцець па іх босымі нагамі… А яблыкі!.. Улетку Данік часта спаў у садку каля хаты, пад іхняй адзінай яблыняй белы наліў. З вечара ён доўга не мог заснуць, бо ўсё прыслухоўваўся, як яблыкі ападаюць у мяккую, глыбокую траву, як яны на ляту торкаюць, непакояць лісты і галінкі. Часта ён уставаў з-пад коўдры і, стоячы на каленях, мацаў навокал рукамі ў халоднай расе. Знойдзеш-абмацаеш яблык і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату!..
Той польскі хлопчык Янка-музыка і сам захацеў іграць. Змайстраваў сабе скрыпку з гонціны, начапіў драцяныя струны. Ды яна не хацела іграць так, як тая, што іграла ў карчме або ў панскім двары. I Янка вырашыў украсці сапраўдную скрыпку – у панскага лёкая. Яго злавілі. Нядошлага хлопчыка-сірату панскі суд у гміне прысудзіў да пакарання розгамі. Біў музыку гмінны вартаўнік, дурнаваты Стах, такі самы, відаць, як той Васіль, што трымаў калісьці Даніка, пакуль Палуянаў Павел ударыў яго кіем па галаве.
Пані Мар’я нешта ўсё піша ў журнале. Доўгія чорныя вейкі яе зусім прыкрылі вочы. Яна не бачыць Даніка, і вось ён зноў глядзіць на настаўніцу.
Янка-музыка крычаў: «Ма-ту-ля!» I пані Мар’я, чытаючы, неяк дзіўна вымаўляла гэтае слова. Тройчы. За першым разам яна сказала яго, потым спынілася і, заплюшчыўшы вочы, устрасянула галавой. А ўжо за трэцім разам у вачах яе паказаліся слёзы… Так, ён убачыў гэта, бо ён сядзіць якраз перад сталом…
Доўгія чорныя вейкі настаўніцы нечакана прыпадымаюцца. Вялікія карыя вочы яе глядзяць у шэрыя, ужо спалоханыя, вочы Даніка.
– Малец!
Сівы ўстае і чырванее. Ужо не толькі яна, а ўвесь клас – ён адчувае гэта – глядзіць на яго.
– Што ты зрабіў, пакажы!
Данік падае настаўніцы сшытак.
– Ну, вядома. Усе ўжо малююць, а Малец… Я пажартавала, што гультаі будуць есці лісты, – іх мы, магчыма, і на калені паставім. Як табе гэта падабаецца? Трэба рабіць, а ты сядзіш ды думаеш пра нябесныя мігдалы[29]29
Мігдáл – міндаль. Думаць пра нябесныя мігдалы – марыць пра нешта недасяжнае.
[Закрыть]…
Пад смех усяго класа Данік садзіцца і пачынае маляваць. Ён кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай… Ды вось не клеіцца штосьці, не так выходзіць, як хочацца… Данікаў сусед па парце – Санька Сурновіч, хлопец з мястэчка. Яны ўжо трохі пасябравалі. У Санькі выходзіць зусім інакш. Бачыш, як захапіўся, – і галаву схіліў, і шчаку падпёр языком…
– Добжэ, Сурновіч, добжэ, – гаворыць пані Мар’я. Яна ўжо стаіць каля Санькі; схілілася над ім, усперлася рукой на парту. – Ты толькі, Сурновіч, лягчэй, не так рэзка. I не спяшайся. Дай мне пэндзаль. Падсунься трошкі.
Яна падсела да Санькі і ўжо малюе сама.
– Вось так, вось так, – прыгаворвае. – Што ж, прыйдзе час, наш Аляксандр Сурновіч будзе – хто ведае? – можа, Янам Матэйкам…
Усе смяюцца, а Санька шморгае носам і сарамліва апускае галаву.
– Ян Матэйка, дзеці, – гаворыць настаўніца, – гэта быў такі польскі мастак. Слаўны мастак, на ўвесь свет. Ну, а ты што тут робіш, задуманы? Пакажы.
Данік падае ёй свой сшытак, кладучы яго на Санькава месца.
– О, што гэта – аладка з хвосцікам?
Усе смяюцца, а пані Мар’я бярэ ў Даніка яго пэндзлік, набірае чырвонай фарбы і пачынае папраўляць яго няшчаснае яблыка.
Ах, і чаму ж яна не сядзіць побач з ім, а з Санькам?! Данік глядзіць на белую, маленькую руку настаўніцы, потым крадком цікуе на мілы, прыгожы твар яе, абапал якога звісаюць чорныя кучаравыя пасмы коратка, «пад польку», астрыжаных валасоў. I ў душу яго само чамусьці просіцца слова «матуля», пачутае ад яе пазаўчора…
– Вось так, вось так, – прыгаворвае пані Мар’я, малюючы, – і трэба, Малец, не глядзець, не марыць, а рабіць сваё…
Не, ніколі, відаць, яна не палюбіць яго так, як Янку-музыку! I ніколі не сядзе побач з ім, Данікам, і не пахваліць яго так, як Саньку!..
7
За вокнамі – позняя, мокрая восень.
Чацвёрты і пяты класы злучаны ў адзін пакой – на «беларускую гадзіну». Вучні-палякі пайшлі на гэты час дахаты, аднак і без іх у вялікім пакоі двум класам вельмі цесна.
Такіх гадзін бывае толькі дзве на тыдзень, і ў кожным класе іх вядзе пані Мар’я. I яна, і муж яе, пан кіроўнік, вучаць тут ад самага пачатку панскай улады. Дзеці даўно ўжо ведаюць, што яна – палячка. А вось дзе яна навучылася па-беларуску – аб гэтым яшчэ не дазналіся нават і яўрэйскія дзяўчаткі, якія ведаюць усе таямніцы з жыцця местачковых «ужэнднікаў».
Пані Мар’я піша з кніжкі на дошцы.
Спісаўшы ўсю дошку, яна загадвае чацвёртаму класу перапісаць практыкаванне і падкрэсліць назоўнікі адной рыскай, а прыметнікі – дзвюма.
У пятым класе будзе вуснае. Настаўніца бярэ беларускую чытанку «Родны край» і кажа, як заўсёды, па-польску:
– Вядомая беларуская паэтэса Цётка пісала і вершы, і прозу. Цяпер мы пазнаёмімся з яе навелай «Міхаська». Увага.
І пачала чытаць.
I, як заўсёды, калі пані Мар’я чытае па-беларуску, голас яе адразу стаў яшчэ мілейшы. Дзяўчаткі і хлопцы з пятага класа, якія сядзелі па чацвёра-пяцёра на адной парце, заціхлі і загледзеліся на настаўніцу. Цяжка было пісаць і чацвёртаму класу. А найцяжэй, здаецца, Даніку… Ды і навошта яму гэтыя назоўнікі, прыметнікі, пустыя сёлы і незалатаныя венцеры, калі пані Мар’я чытае?..
Перад вачамі Сівага, нібы на яве, разгортваецца роднае жыццё і першая праца – пасьба. Толькі ж не так ужо цёмна і горка было заўсёды, як там у кнізе. У Даніка, хоць ён таксама сірата, слёз было менш, чым радасці. Хлеб сірочы, вядома, нялёгкі, аднак пра яго пакуль што больш думала мама.
Сівы ўспамінае, як яны, галынкаўскія пастухі, збіралі жоўтую лотаць на залітых веснавой вадою паплавах, бегалі па цёпленькіх, празрыстых дажджавых лужынах на траве, гулялі на выгане ў «чыжыка» і ў лапту, хадзілі ўлетку на Нёман… Там яны купаліся на водмелі з вясёлым гоманам, вудзілі печкуроў, падпускаючы ім каламуты. Вада ў Нёмане, нават і каля берага, на мелізне, не ідзе, здаецца, а бяжыць, і каламута сыходзіць хутка: як ты ні калупай дно пальцамі ног – зноў відаць светлы, цвёрды пясочак… Увосень цвітуць на ўзлеску за ракою верасы, залітыя ласкавым сонцам. Пад босымі нагамі шалахціць залатое лісце, суха патрэскваюць сучкі на мяккай аўчыне імху, кропелькамі крыві стракацяць у бруснічніку кіслыя ягадкі. Як жа добра тады гайдацца на маладых, гнуткіх бярозках і перагуквацца, ловячы звонкае рэха. Як добра рэзаць вецце і вязаць лазою венікі – хто больш!.. А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску салодкую духавітую бульбу. Ну, хіба ж тады было да слёз!..
А ў Міхаські – таго, што ў кнізе, – былі, як быццам, адны толькі слёзы. I восень такая, і ўсё жыццё.
Міхась быў рабы, нядошлы, і ніхто яго чамусьці не любіў. Не, Даніка ў Галынцы не любілі толькі Палуянавы хлопцы. I здзекаваліся яны з яго нядоўга, пакуль ён не «ўвабраўся ў сілачку», як той хлапчына, пра якога Даніку чытаў калісьці сябар яго – Мікола Кужалевіч. Зачапі толькі Сівага – ён дасць і з правай, а калі мала, дык ён і з «манькі» дадасць!.. А той Міхась вечна збоку сядзеў, наводшыбе, і хлопцы – хто зараза – часта крыўдзілі яго.
Пані Мар’я чытае пра восень і дождж… Нехта падстрэліў недзе жорава, і, абяссілены, ён асядаў на лузе. Пастухі пачалі яго з крыкам лавіць, а ён – не давацца. Падумаў на Міхаську, што гэта купіна, і стукнуўся ў яго грудзьмі. Міхась затуліў яго халатам. А сябрукі, адбіраючы жорава, затузалі хлопца так, што ён самлеў. Хлопцы спалохаліся, адхаялі яго, завялі дахаты і жорава яму аддалі. Так яны і заселі ў запеку ў мачыхі, – галадалі, хварэлі і пацяшалі адзін аднаго…
– Малец, чаму ты не пішаш?
– Я пішу, – схамянуўся Данік. Ён схіліўся над сшыткам, а пані Мар’я паківала галавой, памаўчала трохі і зноў чытае.
Да вясны жораў паправіўся і зажыў у хаце царом над курамі. Міхась раставаў, як той снег за акном. Аднойчы напрадвесні мачыха сядзела за кроснамі, а ён азваўся з запека: «Мама!..» Упершыню пачула баба такое слова ад пасынка. I толькі спалохалася – смерць!.. «Мама, мамачка, жорава дай!..»
Чаму на гэтых словах пані Мар’я спыняецца? Нават, здаецца, з прыплачам у голасе, як у той дзень, калі яна чытала ім пра Янку-музыку… Чаму і ў Сівага таксама слёзы закружыліся ў вачах?..
Жораў ішоў за труной Міхася, а потым, калі засыпалі магілу, узняўся і паляцеў. А на зямлі застаўся толькі сумны крык яго, і дождж, і слёзы…
– Ну, а цяпер пакажы мне, Малец, што ты там напісаў?
Данік устрапянуўся і, зачырванеўшыся, паднёс настаўніцы разгорнуты сшытак.
– Вядома ж, і палавіны нават не зроблена, – сказала пані Мар’я. – Ну, хлопча, няма з табой ніякай рады. Застанешся ты сёння пасля заняткаў. На каленях трохі пастаіш. Бо трэба пісаць, а не думаць і вечна глядзець…
I вось чацвёрты клас пайшоў дахаты, а Данік стаіць на каленях. За сцяной, у другім пакоі, пані Мар’я вядзе ў пятым класе арыфметыку, замяняючы настаўніка Дулембу. Вучні нешта, мусіць, рашаюць, і голасу кіроўнічыхі не чуваць. Можа, сядзіць над класным журналам. I ўжо не плача, відаць, ні над Янкам-музыкам, ні над Міхаськам…
Сівы сядзіць на пятках, калупае мох у пазе сасновай сцяны і злосна, да слёз злосна думае пра настаўніцу.
Яшчэ толькі ўчора яна здавалася яму не такой, як усе іншыя настаўнікі, не такой, як быў пан Цаба. «Мілая пані Мар’я…» – крывіць сам сябе Данік. Ён думаў так неаднойчы, калі ішоў дахаты або ўпотай глядзеў на яе цераз парту і стол… Эх, дурань! Ён думаў нават, чаму яна – такая добрая, разумная, прыгожая, – чаму яна не мама яго, чаму ён не можа прытуліцца да яе, падставіць сваю сівую, астрыжаную галаву пад яе цёплую, маленькую руку… У кіроўнічыхі двое дзяцей: дзяўчынка Вандзя вучыцца ў другім класе, а хлопчык Адась яшчэ зусім малы. Данік бачыў аднойчы, як пані Мар’я вяла іх за рукі па дарожцы вакол царквы. А ён, дурань, глядзеў з-за дрэва, слухаў іх смех і гутарку і… зайздросціў. Думаў, якая яна добрая, прыгожая, якія яны шчаслівыя з такою мамай – гэтыя Вандзя і Адась!.. Ах, які дурань! Як дрэнна думаў ён тады пра сваю маму! Яна, бачыш, і ў школу не правяла яго ні разу, і не пахадзіла вось так, і не спытала ніколі, ці не цяжка яму і пра што ён чытае… Усё завіхаецца вечна, усё маўчыць… Ну, дык вось табе, Сівы, і «мілая пані Мар’я»!..
Што гэта – нехта галосіць? Так, галосіць!
Данік устаў і падышоў да акна. Працёр запацелую шыбу: за гразкай плошчай – цагляны дом пастарунка. На ганку стаіць паліцыянт. I нікога навокал няма, толькі шэрае сумнае неба і гразь…
– А сы-ынок мой, а род-нень-кі!.. – зноў пачулася галашэнне.
Хто ж гэта?.. Данік працёр запацелую шыбу да самага нізу і ўбачыў – на тратуары, трохі правей ад акна, стаяла нейкая цётка.
– Ціха, Ганна, нічога ты не паможаш, – пачуўся голас мужчыны. Яго – не відаць: мусіць, за ганкам стаіць. А цётка не хоча заціхнуць.
– А дзе ж той Бог, а дзе тыя до-брыя людзі?.. А за што ж вы яго катуеце-е?!
– Ціха, дурніца! Ну вось, дачакалася!..
З ганка пастарунка сышоў паліцыянт і ўжо ідзе сюды, абыходзячы лужыны… Данік не вытрымаў: узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў – не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны.
– Няхай бяруць! – ужо не плакала, а крычала яна. – Няхай катуюць і мяне! Няхай!..
Дзядзька паказаўся з-за ганка і шмыгануў перад акном па мокрых, гразкіх дошках тратуара.
– Стуй! Чэкай, хаме! – крычыць паліцыянт і сам ужо бяжыць сюды па гразі.
А цётка не ўцякае… У нейкім шэрым бурносе[30]30
Бурнос – від жаночага паліто.
[Закрыть], у лапцях, у хустцы-канаплянцы… і не ўцякае!..
Данік прыўстаў і ўсадзіў у фортачку твар.
– Ідзі, ідзі! – гаворыць цётка. – Ідзі, напіся, крук[31]31
Крук – крумкач.
[Закрыть], і маёй крыві! Бог мілы дасць – захлынешся!.. Ах, Божа мой!..
Данік убачыў толькі, як ён, паліцыянт, замахнуўся… Тады, заплюшчыўшыся ад жаху, малы закрычаў. Толькі адно, толькі самае першае слова:
– Мам-ма!..
І тут яго схапілі пад пахі нечыя дужыя рукі, знялі-сцягнулі з падаконніка на падлогу.
Данік апрытомнеў, убачыў, што гэта яна – кіроўнічыха. Яна стукнула фортачкай, зашчапіла яе, стала спіной да акна, засланіла сабою ўсё… А ён памкнуўся наперад, хацеў ёй крыкнуць нешта такое, пасля чаго яна назаўсёды перастала б для яго быць настаўніцай, а ён – яе вучнем… Ды вось пані Мар’я закрыла аберуч твар, і плечы яе задрыжалі. Данік адступіўся. Крыку за вокнамі ўжо не чуваць… I цішыня пустога класа, і гэтыя малыя белыя рукі, што ўпершыню закрылі мілы калісьці твар настаўніцы, і плечы яе, што дрыжаць, – усё гэтае нібы вярнула яго зноў сюды, на гэтую падлогу перад партамі… Данік спалохаўся, абмяк, адышоўся на сваё месца і стаў на калені.
– Што ты робіш, дзіця маё! Што ты крычыш!
Яна ўжо стаяла за яго спіной. А ён не хацеў нават азірнуцца. «Ідзі ты к чорту! Разам з усімі вамі – к чорту!..» – гаварыў ён без слоў, усімі сіламі сваёй уражанай, як быццам ужо не дзіцячай душы. Але слёзы, гарачыя слёзы нянавісці і жалю самі каціліся з яго вачэй…
– Устань!
Данік унурыў галаву яшчэ ніжэй.
– Устань, Малец, кажу табе!
Яна ўжо гаворыць без слёз. I ён ужо не плача. Слёзы самі паўзуць па шчоках Сівага, а ён ужо калупае пальцамі сухі, шорсткі мох у пазе, а потым нібы адрывае руку ад сцяны і пальцы самі сціскаюцца ў кулак.
– Устань, Данік! – Яна назвала яго так упершыню. – Ну, я прашу цябе – устань…
Данік устаў. Ён не глядзіць на яе, бо ўжо не можа ўзняць вачэй. Не можа і не хоча. I вось да твару яго дакранаецца цёплая далонь. Пальцы спаўзаюць па шчацэ да падбародка і хочуць знізу прыўзняць хлопцаў твар.
– Не трэба, Данік, злаваць на мяне…
Ды ён не хоча слухаць, не хоча і гэтай рукі. Матнуўшы галавой, ён вызваляе свой падбародак з яе цёплых пальцаў.
– Ну што ж, ідзі дахаты. Толькі ціха. Дай я цябе правяду цераз гэты пакой.
Пяты клас – чуваць Даніку – ужо шуміць за сцяною. Ісці тудою – сапраўды не варта. Данік бярэ з парты торбу і шапку, ідзе следам за кіроўнічыхай. Цераз настаўніцкі пакой яна выпускае яго на ганак. Хлопец не кажа нават таго «до відзэння», якое павінен сказаць. Не можа вымавіць. Ды і не хоча. Спыніўшыся на нейкі момант, ён глядзіць цераз гразкую плошчу туды, дзе на ганку цаглянага дома зноў стаіць той – ненавісны, жахлівы – у цёмна-сінім шынялі…