355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Якуб Колас » Вадаспад » Текст книги (страница 1)
Вадаспад
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 17:10

Текст книги "Вадаспад"


Автор книги: Якуб Колас



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Колас Якуб
Вадаспад (на белорусском языке)

Якуб Колас

Вадаспад

I

На гэты вадаспад, што так гучна сакатаў на ўсю ваколiцу, было шмат нараканняў. Наракалi на яго алешыны, якiя звешвалi над iм зялёны вяночак злучаных угары верхавiн; наракаў лес. Нават сярод птушак траплялiся такiя, што не мелi вока на гэты шумлiвы, заўжды парывiсты i не ў меру гаманкi вадаспад.

– Цi дасi веры, любачка, – казала чарнагрудая плiска кропельцы расы, што выступiла на чарнабыльнiку, – такi жаль, такi жаль! I навошта дае Бог сiлу крыўдзiцелям? Цi ж для таго толькi, каб прыгнятаць слабых?

– А што такое, мiлая плiсачка? – спытала роска.

– Ох! несла я пушынку, – такое прыўдалае перачка. Ну, думаю, добрая будзе пасцелька для маiх дзетак. Аж лячу над вадаспадам, выпусцiла пушынку, трапiла яна якраз у вiр i прапала... От i вазьмi ж ты – такая самая, здаецца, вада, такая ж самая, як i ўсюды; дый ты сама, любка роска, такая ж самая вадзiца, як i ў тым вадаспадзе, а вось жа ты спакойная i з табою люба пагаманiць.

Прамень сонейка, прабiўшы гушчар зялёнага лiсця, дакрануўся да расы, i яна ўся заiскрылася, зачырванелася, бы гожая дзяўчына, якой сказалi, што яна прыгожая i мiлая.

– Я – частачка таго самага вадаспада, на якi ты так крыўдуеш, – сказала расiнка i яшчэ больш загарэлася: ёй прыкра было слухаць скаргу плiскi-даўгахвосткi, бо i сама яна, роска, была крыху вiнавата ў гэтым яе горы.

– Ты?! – здзiвiлася плiсачка.

– Я, я... Прабачай, мiлая!

Чарнабыльнiк, пачуўшы гэта, цiха засмяяўся i загайдаўся ад смеху. Беднай росачцы зусiм сорамна стала, i яна, адбiўшы ў сабе апошнi раз прамень сонца, упала на дол i знiкла. Здзiўленая плiсачка пакiвала галоўкай, пакруцiла хвосцiкам i паляцела на раздабыткi.

II

У высокiх алешын, што стаялi непадалёку, таксама былi прычыны вялiкай крыўды на вадаспад. Алешыны – кампанейскiя дрэвы, яны любяць гурт, любяць жывую гутарку з ранiшнiмi вятрамi; i яшчэ – любяць алешыны сваiх дзетак. Старыя алешыны хацелi перакiнуцца хоць словам, гаманiлi адна з другой на вуха, але нiчога не маглi расчуць за страшэнным шумам вады. Яны нахiлялiся, злучалiся верхавiнамi, – усё дарэмна: гiнулi iх словы i думкi прападалi, не даходзiлi да iх. Цi не здзек рабiў iм гэты неўтаймаваны вадаспад? Дзе iх дзецi? Хто пацешыць iм старыя вочы? Хто дасць палёгку iм у старасцi? I толькi адна крайняя алешына зрэдку мела магчымасць загаварыць з дожджыкам. Старая кожны раз дзякавала дожджыку, што ён не пагарджаў ёю.

– На сэрцы робiцца лягчэй, калi хоць слоўкам перамовiшся, – казала старая. – I чаму не ўсе роўныя на свеце: i ты, дожджык, – вада, i там вада... А вазьмi ж ты...

– I я – тая самая вада, што ў вадаспадзе; яшчэ тыдзень таму я грымеў там разам з мiльёнамi iншых кропелек, – з гордасцю прамовiў ён тысячамi дажджынак.

У гэты момант хмары разарвалiся, сонейка зiрнула на зямлю блiскучымi стрэламi яркiх праменняў, i дрыготнымi зоркамi заварушылiся, заззялi дажджавыя кроплi на старой алешыне.

– Не, не можа быць, не можа быць! – здзiвiлася яна. – Цi ж можна раўняць iх?

Ах, як хацелася ёй пагаманiць аб гэтым з суседкамi!

III

Старасвецкi лес, асаблiва тыя сыны яго, што стаялi непадалёку ад вадаспада, даўно ўжо сярдзiта шумелi, сварылiся i гразiлi вадаспаду. Лес любiў спакой, у яго ёсць важныя думкi, мары. Лес хацеў паслухаць, як спяваюць прыгожыя птушкi, як шэпчацца зялёнае лiсце з цiхiмi кроплямi цёплага дожджыку; лес хацеў пранiкнуць у цiшыню i зразумець таемнасць свету. Лес любiў i буру, любiў паспрачацца з ветрамi-вар'ятамi, любiў рух-сiлу, але вечнага няўпыннага шуму вадаспада ён не мог слухаць, – можа, таму, што вадаспад заўсёды балабонiў адно i тое. Праз гэты лес бегла быстрая, жвавая рачулка. Адвечныя хвоi з гладкаю карою стаялi на берагах i часамi любiлi пагутарыць з рачулкай. I як было не любiць яе, калi яна так уважна, так прыветна вiлася мiж карэннямi!

– Вось у каго трэба вучыцца вадаспаду, гэтаму балбатуну, млыну пустому, казала старая бярэзiна, выгнуўшыся над рачулкай.

– Праўда, – падхоплiвалi хвоi, – дзецi як бы адных бацькоў: i там вада, i тут вада, а нораў не той.

– А можа, не ўся вада аднакая, – уставiў сваё слова высачэзны вяз, – i не заўсёды ў яе роўны нораў? Цi не ўрода тут мае галоўную сiлу? Тады няма чаго раўняць вадаспад, ну, хоць бы з нашай рачулкай. Можа, каб налiў у яе вады з вадаспада, дык i яна зверам загула б.

Дрэвы змоўклi i задумалiся: а можа, i праўда? Крыху паразважаўшы, зноў зашумелi яны, шукаючы пачатку i канцоў, i не маглi iх знайсцi.

– Скажы ты нам, рачулка, разваж нашу спрэчку, – звярнулiся дрэвы да рачулкi, – чаму ты такая ўважная, такая спакойная, што сэрца цешыцца, пазiраючы на цябе, а чаму вадаспад такi ганарысты, такi надзiманы? Ёсць у цябе што-небудзь супольнага з вадаспадам? Адна ў вас натура цi не?

Рачулка ледзь-ледзь здрыганулася.

– Ведаеце, мае мiлыя: часта бывае так, што праўда часамi кладзе непраходную сцяну мiж найлепшымi сябрамi.

– Затое ж праўда i раскiдае гэтыя сцены! – сказаў стары дуб.

– Так... Ну, калi вы ўжо так хочаце, дык скажу вам, толькi ж не крыўдуйце: я – частка таго самага вадаспада! Справа ж уся ў тым, што калi сiла высока забiраецца ўгору i яе там набiраецца дужа многа, дык яна можа прычынiць вялiкую шкоду, калi даць ёй поўную волю i не паставiць у пэўныя межы. I нiхто няхай не забывае, што ён частка вялiкай прыроды.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю