355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Винцесь Мудров » Рыбалка ў Бычках (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Рыбалка ў Бычках (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 16:26

Текст книги "Рыбалка ў Бычках (на белорусском языке)"


Автор книги: Винцесь Мудров



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Мудров Винцесь
Рыбалка ў Бычках (на белорусском языке)

Вiнцэсь Мудроў

Рыбалка ў Бычках

I

– У эфiры – нядзельны канцэрт-вiншаваньне "Жадаю вам". Васемсот семдзесят дзевяты выпуск, – паведамiў урачысты барытон i Макар канчаткова абудзiўся. Галава балела да божай моцы. Стваралася ўражаньне, што ўнутры яе, па мазгавых зьвiлiнах, казытлiва поўзалi мухi. У роце было як насцана, а да горла, намагаючыся выйсьцi на-гара, падступаў халодны камяк млосьцi. Выгалiўшы вочы, Макар каўтнуў даўкую сьлiну, камяк адступiў, правалiўся на дно страўнiка i растаў там, агiдным халадком адбiўшыся пад дыхнiцай.

– Больш як сорак гадоў адрабiла наша матуля ў родным калгасе. За гэты час яна выгадавала траiх дзяцей, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамi праўленьня калгаса, – гукаў аднаканальны "Сож" i кожны зык, што далятаў да вушэй, балюча калоў у скронi.

Макар войкнуў, намацаў пад ложкам чаравiк, пусьцiў яго ў "мацюгальнiк". Плястмасавая скрынка на момант ацiхла, сарвалася з цьвiка, але на падлогу ня ўпала – павiсла на шнуры, якi лучыў яе з разэткай.

– Для вас, Фядора Пятроўна, а таксама для Антанiны Iванаўны Задзярыпук з Брэстчыны перадаём рускую народную песьню "Качанё лугавое".

Змагацца з "мацюгальнiкам" не было нiякiх сiл, а мiж тым уедлiвыя галасы выварочвалi душу, пахмельная душа бунтавала, рука шнарыла пад ложкам, шукаючы другi чаравiк i калi той быў, нарэшце, знойдзены, на плячук Макаравы лёг сонечны прамень i цёплам дотыкам сваiм супакоiў бунтоўную душу.

...Учарашнi дзень выдаўся дарэшты мiтусьлiвым.

Ад самага ранку, прыхапiўшы скрыню гарэлкi, яны паехалi са Сьцепуком на чурылаўскую пiльню. Патрэбнага чалавека на пiльнi не было, зьявiўся ён па абедзе, а таму заладавалiся толькi а пятай гадзiне, i да лецiшча пад'ехалi на зьмярканьнi. Рабацягi той парой ужо разышлiся i давялося ўдвох разгружаць машыну, цягаючы дошкi ў падвал генэральскай дачы. А празь дзьве гадзiны, калi яны сьцягвалi з кодабу апошнi аполак, на пляцоўку перад домам выехаў прапылены "Ўрал" зь лiтарамi "МА" на дзьверцах. Машына была даверху наладавана шынялямi ды валёнкамi.

– Праверка едзе... трэба прыхаваць, – гукнуў з кабiнкi прапар Базыль, якому яны будавалi лецiшча непадалёку.

Аддзьмуўшыся, сталi цягаць майно ў недабудаваны гараж, потым, страшэнна стамлёныя, пiлi прывезенае прапарам "Амарэцi" i скончылi пiць апоўначы, калi Сьцяпук, голасна iкнуўшы, панурыўся галавою ў кучу габлюшак.

– ...А зараз вiншаваньнi сямiдзесяцiгадовым юбiлярам...

У калiдоры скрыгатнуў ключ, рыпнулi дзьверы, стоена бразнулi малочныя бутэлькi. Гэта мацi вярнулася з крамы.

Кожную нядзелю было адно i тое ж: пахмельная замарач, сямiдзесяцiгадовыя юбiляры, бразгат малочных бутэлек уперамешку з матчыным буркатаньнем i зыркае сьвятло, што лезла, працiнаючы жоўтыя шторы, ня толькi ў вочы, але i ў душу. Атрутная жоўць выцягвала духi, а мiж тым вочы праглi васiльковага неба, вазёрнага блакiту; душа прагла спачыну й Макар, падумаўшы – цi ня зьезьдзiць яму да дзядзькi, з вохканьнем падняўся на ногi.

Увесь час, пакуль ён пiў кампот з рандолi, мацi стаяла пасярод кухнi, з маўклiвым дакорам хiтала галавою. Чакала, вiдаць, што сын скажа нешта ў сваё апраўданьне, а калi сын выцер вусны, плаксiва прашаптала:

– Ужо i рукi трасуцца...

У прыбiральнi Макара хiтнула, ён схапiўся рукой за трубу й доўга глядзеў пад ногi, дзiвуючыся таму аб'ёму вадкасьцi, што назапасiлася ў мачавым пузыры.

– Дома будзеш, цi пойдзеш куды? – запыталася мацi, калi сын выкулiўся з прыбiральнi.

Макар зайшоў у спальню, зiрнуў пад ложак, шукаючы штаны i, не ўздымаючы вачэй, працэдзiў:

– Да дзядзькi паеду.

Як на здаровую галаву, дык ён бы падумаў, перш чым сказаць такое, а тут ляпнуў, прыкусiў язык, ды было позна. Мацi схамянулася, паправiла на галаве хусьцiнку, усё тым жа плаксiвым голасам прасьпявала:

– Мака-арка... Ты ж гэтага вазьмi-i...

"Гэтым" мацi называла свайго зяця.

– Ат! – адмахнуўся Макар, падымаючыся на ногi, – хай зь iм Тамарка разьбiраецца. У мяне сваiх турбот...

– Вазьмi, – перабiла мацi, – год прашу... хоць бы раз матку ўважыў.

Слухаць усё гэта, ды яшчэ з бадуна, было сьмерцi падобна. Таму Макар сьпехам насунуў спартовыя шаравары – нагавiцы, у якiх быў учора, некуды зьнiклi, – паклаў у кiшэню пару тысячаў i, перакрывiўшыся ад бразгату вядра ў прыбiральнi й матчынай зьвягi: "Iзноў засцаў падлогу!" – рушыў на вулiцу.

Лiпеньскiм ранкам, калi сонца пячэ як мае быць, калi ўваччу пырхаюць чорныя мятлiкi, а сэрца працуе на халастых абаротах – самы раз памерцi. Трэба толькi сысьцi з ходнiку, павалiцца на колкую траву пад таполяй i-i... – бывай, душа! Ляцi ў iншы сьвет!

Душа адляцiць, а ты будзеш ляжаць – нерухомы, з задзёртай калашыной, i калi цень ад таполi перапаўзе зь сiняй лыткi да загарэлага плеху, на ходнiку спынiцца сухарлявая бабуля. Бабуля стане на дыбкi, заклапочана страсяне пустой сумкай, а каржакаваты, зьлёгку падпiты дзядзька, якi будзе iсьцi мiма, сiпла зазначыць:

– Зараз мянты абудзяць.

"Мянты" зьявяцца адвячоркам, калi памутнелае сонца схаваецца за дахам суседняга дома. Малады мiлiцыянт рашуча схопiцца за сiнюю лытку, потым адхiнецца, зачапiўшыся фуражкай за вецьце. Вакол дрэва пачнуць зьбiрацца людзi, i чырвонатвары сяржант, нядобра зырнуўшы на натоўп, кароткiм мацюгом канстатуе:

– Канец.

Быў момант, калi Макар ужо зьбiраўся павалiцца пад куст, бо сьвет хiтнуўся ў вачох i слых напоўнiўся замарачным шумам, але, угледзеўшы пасярод небясьпечна нахiленай вулiцы двух хлопцаў з пiўнымi торбамi, роспачна крыкнуў:

– Дзе даюць?!

– У "камсе"! – адказалi хлопцы й Макар, змахнуўшы лiпкi пот з лоба, зразумеў: ад сьмерцi яго можа ўратаваць глыток халоднага пiва.

У двары ўнiвэрмага "Камсамольскi" было як нiколi шматлюдна. Рабацягi з навакольных дамоў (усе скрозь у лiнялых "спарцiўках"); вайсковыя пэнсiянэры (у тэпцях на голую нагу i ў пакамечаных капронавых капелюшах); хлопцы-пэтэвушнiкi (iхныя стрыжаныя патылiцы прыкметна вылучалiся на тле загарэлых лысiн) i, нарэшце, мясцовыя алкашы (з тварамi, такiмi ж шэрымi, як хлапечыя патылiцы i такiмi ж пакамечанымi, як капелюшы) шчыльным кальцом атачалi пiўную бочку. У паветры пахла нейкай брыдой – цi то прэлымi шкарпэткамi, цi то кашэчымi сцакамi, i ад таго паху ў прадоньнi Макаравай душы зварухнулася сьвярблiвае жаданьне – шпурнуць у натоўп гранату, цi, у крайнiм выпадку, заехаць якому алкашу кулаком мiж вачэй. Жаданьне было такiм палкiм, што Макар скрыгатнуў зубамi i пацёр параносьсе, згадваючы – куды ён падзеў падораную прапаршчыкам Базылём "лiмонку" Ф-2, а суняўшы шал, выцягнуў шыю i пашукаў у натоўпе сяброў.

Натоўп бязладна гаманiў, варушыўся i дзесьцi ў самых нетрах ягоных чуўся прарэзьлiвы голас алькагалiчкi Нiнкi-Пятлюры.

– Нiна! – крыкнуў Макар, склаўшы рупарам далонi, але тая, да каго ён зьвяртаўся, не пачула.

Краем вока Макар згледзеў у канцы двара драцяную скрыню, на якой сядзеў сiвы дзядок i, падышоўшы да старога, падняў таго за плечы.

– Нiнка, йо..! – крыкнуў Макар другiм разам, глянуўшы на натоўп з вышынi драцяной скрынi i Нiнка, мiргнуўшы падбiтым вокам, незадаволена адгукнулася:

– Ну шчо тобi?

Макар мацюкнуўся, дэманструючы недарэчнасьць такога пытаньня й разьвёў рукамi.

У нетрах таўпенi захвалявалiся. Хтосьцi здушана войкнуў, зь нечай лысай галавы зьляцеў капялюш, i Нiнка, вiскнуўшы, як цыркулярка, скаланула абшар гаўклiвым воклiчам:

– Што ты став, як хер моржовы?! Грошы давай.

Паперка з чырвоным зубрам паплыла над галовамi, Макар праводзiў яе ўстрывожаным позiркам, нэрвовай хадою прайшоўся ў бок унiвэрмагу, сьцепанаючыся ад кожнага мацюга, што вырываўся з натоўпу. Мацюгi тыя з кожнай хвiляй рабiлiся ўсё больш рашучымi й гiстэрычнымi.

– Ну куды, куды лезеш хахляра?!

– Заткнi ляпу, йiврэй!

Пасьля такога дыялёгу з лысай галавы iзноў зьляцеў капялюш, уладальнiк капелюша тузануўся, штосьцi крыкнуў, але, атрымаўшы пустой полiэтыленавай канiстрай па лобе, суцiх i зьнiк зь вiдавоку.

Нiнка вылезла з натоўпу хвiлiн празь пяць. Трымаючы на ўзьнятых руках торбу з пiвам, яна нiяк не магла супакоiцца й мацюкалася, пасылаючы праклёны паўзьверх людзкiх галоў. Каб суняць мацюкальнiцу, Макар пiхнуў ёй у рот цыгарэту, пстрыкнуў запальнiчкай, але й захлынуўшыся дымам, Нiнка не супакойвалася i сiплым голасам абяцала начысьцiць рэпу "старому йiврэю".

Торба была паўнюткай – пiва халадзiла руку, варушылася на далонi. Уеўшыся зубамi ў полiэтылен, Макар цэдзiў гаючы напой, не пераводзячы дыху. Пiва лiлося ў нос, залiвала вушы i калi б можна было патануць у iм, пахмельны пакутнiк зрабiў бы гэта зь вялiкай ахвотай. Заглынуўшы добрых тры лiтры, вернуты да жыцьця пакутнiк плюхнуўся на драцяную скрыню, зморана i ўадначас задаволена выдыхнуў:

– Ой, бля-а...

Галава ўмэнт праясьнела, сьвет набыў натуральныя фарбы й Макар, прымружыўшыся, разгледзеў колер трусоў, што вiселi на Тамарчыным гаўбцы. Пару хвiлiн ён ачмурэла глядзеў на чырвона-зялёныя трусы, а сёрбнуўшы з торбы, уголас прашаптаў:

– Можа i сапраўды ўзяць гэтага ёлупня?

Макар падхапiўся на ногi, аддаў торбу з рэштай пiтва дзядку, якога кагадзе сагнаў са скрынi, парывiстым крокам рушыў па ходнiку.

Хоць Тамарка i жыла непадалёку – "хрушчоба" ейная стаяла на другiм канцы вулiцы, – бываць у сястры даводзiлася рэдка. Сёлета, прыкладам, толькi раз i заходзiў, калi сястра папрасiла павесiць дыван на сьценку. I то, перад тым, як прыйсьцi, пяць разоў перапытаў – цi будзе мужык дома? Не хацеў са шваграм сустракацца, бо памiж iмi, яшчэ за даўнiм часам, прабегла, узьняўшы хваста, чорная кошка. Шыбуючы па ходнiку, Макар прымружыў левае вока, зварухнуў спачатку вуснамi, потым пальцамi, – а налiчыўшы сямнаццаць гадоў, уражана пачухаў падбародзьдзе.

Дажджыстым лiстападам, адседзеўшы тыдзень на гарнiзоннай "губе", Макар ехаў пасьля службы дахаты. I ехаў не адзiн, а з сябруком – Васькам Замундалiным.

Прымасьцiўшыся на скрынi для сьмецьця – якраз насупраць вагоннай прыбiральнi, – сябры пiлi нагбом агiднае лiтоўскае "чарнiла", смалiлi пяршывыя цыгарэты й нахабнымi вачыма паглядалi на дзяўчын, якiя сноўдалi па вагону. Дзяўчынам карцела зайсьцi ў прыбiральню, але, пабачыўшы падпiтых дэмбелюкоў, яны паварочвалi назад, альбо iшлi ў iншы вагон.

– Нiшця-ак... яшчэ сюды вернемся... – мармытаў памiж зацяжкамi туляк Васька Замундалiн, мацаючы шнар на верхняй губе.

Губу Ваську разьбiлi лабусы. На кастрычнiцкiя сьвяты сябры зьбеглi ў самаволку: туляк хацеў набыць перад дэмобай газавую запальнiчку, а Макар падарунак сястры, якая выходзiла замуж. Паблукаўшы па горадзе, дружбакi зазiрнулi ў пiўнiцу, выпiлi па чатыры кухлi густога бiржайскага пiва, пабiлiся з лабусамi, а калi, сплёўваючы крывавую пену з губы, завярнулi ў цёмны кут i сталi палiваць касьцельны мур, за сьпiнамi iхнымi ўжо стаяў вайсковы патруль.

Сядзеньне на гаўптвахце, ды яшчэ прыканцы службы, пякло азадак i даставала вантробы. Да таго ж Макара чакалi на сестрыным вясельлi, таму давялося прасiць канваiра, каб той адбiў тэлеграму: "Затрымлiваюся на манэўрах".

Туляку адседка таксама далася ў знакi. Вярнуўшыся пасьля "губы" ў казарму, ён не знайшоў у тумбачцы дэмбельскага альбома. Апытаўшы салаг, Васька ляпнуў кулаком па далонi i паабяцаўшы замачыць ня толькi шаўляйскiх лабусаў, але й адэсiта Базылевiча. Базылевiчава тумбачка стаяла поруч з Васьчыным ложкам, таму туляк i вырашыў, што гэта адэсiт прыхапiў альбом, калi зьяжджаў дахаты. У наступныя днi Васька зблажэў, зьехаў з твару i раз-пораз пырскаў сьлiнай, абяцаючы ўтапiць хахляру Базылевiча ў Чорным моры...

На станцыi Даўгаўпiлс сябрукi ўзялi на апошнiя грошы дзьве пляшкi пiва, пагаманiлi з грудастай праваднiцай, надрапалi на вагоннай сьцяне запаветныя лiтары "ДМБ-76" i праз паўгадзiны ўжо спалi, навалiўшыся на вагонны столiк i бязвольна матляючы стрыжанымi галовамi.

Позьнiм вечарам грудастая праваднiца стала трэсьцi Макара за плячук, Макар пускаў сьлiну, штосьцi мармытаў спрасонку i абудзiўся толькi тады, калi ў суседнiм купэ грукнулi кiрзачы й нейкi дзяцюк жартам галёкнуў:

– Рота-а, пад'ём!

Макар зiрнуў у вакно, убачыў за мокрай шыбай будынак вiцебскага вакзала i адчайным позехам вiтаў родную зямлю.

Ён хацеў сыйсцi цiха, не абудзiўшы сябра, але ў апошнi момант перадумаў ляпнуў Ваську па карку.

Яны выйшлi на пэрон, выпалiлi па цыгарэце й Макар, каторым ужо разам, прапанаваў сябру паехаць зь iм у Азярышча.

– Гульнём на вясельлi, гарэлкi вып'ем, зь дзеўкамi пазнаёмiмся, – казаў Макар, туляк мармытаў штосьцi пра адсутнасьць грошаў, але, пачуўшы, што ў Макара ў Вiцебску жыве аднакашнiк, у якога можна апахмялiцца, сплюнуў густую сьлiну i пабег у вагон за рэчторбай.

Аднакашнiк, Толiк Манькiн, жыў на Маркаўшчыне, у шматсямейным iнтэрнаце. Дабралiся туды процi ночы, доўга блукалi па цёмных калiдорах ды чыркалi запалкамi, выглядаючы нумары на дзьвярох, а калi, нарэшце, знайшлi патрэбную кватэру, туляк нясьмела прамармытаў:

– А можа ня варта? Позна ўжо.

Але Макар нацiснуў на званок – раз, потым другi, i ў асьветленай пройме паўстаў Толiк – у трусах, у салатавай майцы i з перакрыўленым ад зыркага сьвятла тварам. Аднакашнiк доўга мружыўся, чухаў пахвiньне, а пачуўшы зьвяглiвы жаночы голас, што прагучаў за сьпiнай, азiрнуўся i люта рыкнуў:

– Ды змоўкнi ты, с-сука!

Тут ужо i Макар пашкадаваў, што прыцёгся да Манькiна, ды нечакана той схамянуўся, з адчаем раскрылiў рукi:

– Макарка! Дэмбельнуўся!

Яны ўбiлiся ў цесную кухню, селi ўкол стала, пагаманiлi напаўголасу; неўзабаве гаспадар пабег некуды i вярнуўся зь лiтровым слоiкам у руках.

– У Мiронаўны ўзяў. Толькi што выгнала, – паведамiў гаспадар, паставiўшы перад гасьцямi слоiк з самагонкай.

Пяршак быў яшчэ цёплым, тхнуў карбiдам, да таго ж пiць давялося прыхапкам, бо Толiкава жонка штохвiлi грукала ў сьценку i здушана лаялася. Кульнуўшы пару кiлiшкаў, Макар захмялеў, кiнуў на падлогу шынель, расьцягнуўся пасярод кухнi, прыцiснуўшыся скроньню да газавай плiты. Туляк з Манькiным яшчэ колькi часу гаманiлi, потым пачалi дужацца рукамi, скiнулi на падлогу слоiк з самагонкай i на кухню прыбегла гаспадарава жонка. Прыкусiўшы нiжнюю губу, жонка стала цягаць мужа за валасы, гарлаць: "Заб'ю, п'янтосiна!", але Макар нiчога гэтага ня чуў i ня бачыў, панурыўшыся ў цяжкi беспрабудны сон.

Ранiцаю трэба было ўставаць а сёмай, каб пасьпець на "дызель", Макар жа прачнуўся а дзевятай – з хворай галавой, з ламотай у касьцях i з рэзьзю на доле жывата. I абудзiла яго гучнае вяканьне, якое далятала з ваннай. Ваську ванiтавала i гэта наводзiла на думку, што самагон i сапраўды быў з карбiдам. Той хвiляй Макара таксама пацягнула на ванiты, але ён страсянуў галавой, падняўся на ногi i пiхнуў хворую галаву пад кран з халоднай вадой.

...Праз тры гадзiны, вылезшы з вагону, Макар з прытоенай радасьцю ўбачыў: на азярышчанскай станцыi нiчога не зьмянiлася. Усё так жа шумелi на ветры згалелыя таполi, на таполях сядзелi тыя ж самыя гракi, плякат на агароджы ("Не ходите по путям!") гэтак жа, як i два гады таму, ляпаў праржавелай бляхай i толькi прыстанцыйная прыбiральня, што стаяла ў канцы пляцформы, рэзала вока новай афарбоўкай. Зь белай прыбiральня ператварылася ў цёмна-брунатную i старыя надпiсы на яе сьценах выразна прабiвалiся скрозь новую фарбу.

Унутры, аднак, сьцены не фарбавалi. Макар, стаўшы над цёмнай адтулiнай, стаў разглядаць колiшнiя свае малюнкi, ды тут сьвет паплыў уваччу i ён вымушаны быў змахнуць рукавом няпрошаную сьлязiну. Плакаў, зморана аддзiмаючыся, i Васька Замундалiн: у прыбiральнi сьмярдзела хлёркай i смурод гэты праймаў да сьлёз. Не абабiўшы апошнiх кропляў, Макар выбег на пляцформу i адразу ж патрапiў у матчыны абдоймы.

– А Макарка ж ты мо-ой... А чаму ж цябе не адпускалi-i... – загаласiла мацi i ад таго ляманту ўсхадзiлiся гракi на дрэвах, а сябар Васька застыў у дзьвярох прыбiральнi, не зашпiлiўшы прарэху.

– Кожны дзянёчак да поезду бегаю, – галасiла мацi i супакоiлася толькi тады, як Макар закрыў ёй твар вушанкаю.

Расьпiсвалася сяструха праз паўгадзiны, але iсьцi ў загс не выпадала трэба было памыцца, пераапрануцца i наогул прывесьцi сябе ў парадак. Пагатоў на вясельле, як сказала мацi, прыехалi сталiчныя дзеўкi i мальцы.

– Акуратны, непiтушчы... летась iнстытут скончыў, – лапатала мацi, шыбуючы поруч i пры гэтым запабежлiва паглядала ў сынавы вочы – спадзявалася, што ў вачах мiльгане спагада.

Макар iшоў па гразкай вулiцы, кiўком галавы падганяў сябра i стоена ўздыхаў. Ён не любiў iнтэлiгентаў.

Вясельле гралi ў леспрамгасаўскай сталоўцы. Суседка iхная, цётка Дуся, працавала ў леспрамгасе бугальтарам – яна i парупiлася пра памяшканьне. Зь цёткай той хлопцы i рушылi ў сталоўку. I йшлi ня проста так, а зь меднiцай вiнегрэту – яе нёс на галаве Васька Замундалiн, – i зь цяжкою сумкай, у якой зацята бразгалi бутэлькi.

Два гады ня быў Макар у кампанiях i таму, заўважыўшы людзкi збой на ганку сталовай, замарудзiў хаду, перакiнуў з рукi ў руку цяжкую сумку i пацёр навярэджанай даланёю тое месца, дзе бiлася ўсхваляванае сэрца.

Мальцы, якiя стаялi на ганку, былi нетутэйшыя, усе скрозь у крымпленавых пiнжаках, вышываных кашулях i, што самае дзiўнае, усе яны гаманiлi па-беларуску.

"Кампазытары нейкiя" – падумаў тады Макар, скоса зiрнуўшы на Ваську Замундалiна. Два гады ён даводзiў сябру, што ў Азярышчы спрадвеку не было нацыяналiстаў, што беларусы, гэтак жа, як i тулякi, ненавiдзяць лабусаў, а тут... такая неспадзеўка.

Слухаючы кампазытараў, Макар не на жарты расхваляваўся, укiнуў у рот цыгарэту, паднёс запалку i толькi тады заўважыў: прыпалiў фiльтар. У той жа мiг на ганку мiльганула штосьцi белае i на шыi Макаравай павiсла заплаканая Тамарка.

– Тры разы вясельле пераносiлi. Усё цябе чакалi... – усхлiпнула ля вуха сястра i ўсхлiпы гэтыя гарачым рэхвам абхапiлi сэрца. Макар гатовы быў i сам расплакацца, ды, перахапiўшы сябруковы пагляд, сумеўся i паляпаў даланёю па дрогкай Тамарчынай сьпiне.

Пякучая крыўда – на сябе самога – не адпускала i надалей, калi ён рукаўся з жанiхом – хударлявым заморкам у акулярах, левае шкельца ў якiх было трэснутае й падзяляла жанiховае вока на дзьве палавiны; i калi сядаў за вясельны стол, далучыўшы да вiрлiвай гамонкi натужлiвы трэск выхадных штаноў. Пад час службы азадак прыкметна раздаўся, таму штаны i ня вытрымалi напругi.

Яны сядзелi з Васькам у тарцы стала, ваўкавата пазiралi на гасьцей, а калi ў залi завялi музыку i пачалiся танцы, зьбеглi, прыхапiўшы пляшку, у прыбiральню. У прыцемным, няўтульна-халодным катуху яны пiлi нагбом цёплую гарэлiцу, крэкалi, цiснучы да вуснаў рукавы i зацята маўчалi. Маўчалi аж да той пары, пакуль дзьверы прыбiральнi не адчынiлiся i ў пройме ня блiснулi акуляры з трэснутым шкельцам.

– Хлопцы, запалкi ёсьць? – з робленай весялосьцю вымавiў жанiх i Васька Замундалiн злавесна прасiпеў у вадказ:

– Не надоело?

– Што? – не зразумеў жанiх.

– По-белорусски п...ть не надоело?

З проймы вытыркнулася нечая кудлатая галава, пачуўся дзявочы воклiк: "Маладую скралi!" – i аб цэмэнтавую падлогу гучна бразнула недапiтая пляшка.

Макар так i не зразумеў – хто пачаў бойку. Замундалiн ударыў жанiха, цi то наадварот. Ён стаяў, нерухомы, уражана лыпаў вачыма i ачуўся тады, як убачыў юшку пад замундалiнскiм носам. Глынуўшы паветра i мацюкнуўшыся, Макар даў волю сваёй пакрыўджанай душы: з усяго маху заехаў кулаком у твар кудлатаму хлопцу, якi трымаў Ваську за плечы.

Скончылася ўсё несамавiта. Замундалiну расквасiлi нос, жанiху разьбiлi акуляры, а жанiховы сьведка – той самы кудлаты хлопец – патрапiў у больнiцу са страсеньнем мазгоў i з парэзанай аб бутэлечнае шкло галавою. У той жа вечар, пасадзiўшы туляка на цягнiк, Макар падаўся ў вёску, да дзядзькi Трахiма, i вярнуўся ў матчыну кватэру толькi праз год, калi адтуль зьехала сястра са сваiм заморкам.

Перш, чым нацiснуць на званок, ён здаволена адрыгнуў пiўным духам, сплюнуў з языка тытунёвыя крыхi i тады толькi намацаў пальцам пукаты гузiк. Званок, аднак, маўчаў. Ён нацiснуў другiм разам i, хiтнуўшы галавой, пастукаў у дзьверы косткамi пальцаў.

Адчынiў швагрусь не адразу. Доўга завiхаўся з замком, тузаў дзьвярную ручку, нарэшце паўстаў у дзьвярох – расхлiстаны i ўсхваляваны.

– Чаму званок маўчыць? – выдыхнуў Макар, надаўшы голасу жартаўлiва-зухаватыя ноткi.

Швагер вiнавата пасьмiхнуўся, зашпiлiў дрогкiмi пальцамi кашулю на грудзiне i праз хвiлю, ужо з пакою, выгукнуў:

– Зламаўся.

– Дык трэба направiць! – прамовiў госьць i чарговы раз хiтнуў галавою.

Швагер глядзеў тэлевiзар. Сядзеў на хiсткiм табурэце, у мэтры ад экрана, наставiўшы на Макара незагарэлы, падобны да дзiцячай попкi, плех. Такая пастава сьведчыла пра адно – гасьцям у гэтай хаце ня радыя.

– Што паказваюць? – буркнуў госьць i гаспадар, нi слова нi сказаўшы, адхiлiў галаву ад экрана.

Па БэТэ паказвалi нейкага мурлатага прайдзiсьвета.

"Вылiты кныр" – падумаў Макар, стоена адрыгнуўшы пiвам.

Мурлаты кныр сядзеў, раскiнуўшыся ў крэсьле i несупынна бубнеў немаведама пра што.

– Ну i с-сука... цяпер ужо Кебiча хвалiць, – прасiпеў швагер, зварухнуў азадкам i плех ягоны зьлёгку паружавеў.

Сядзець у трыццацiградусную сьпёку i глядзець, разявiўшы рот, тэлевiзар у гэтым было штосьцi ненармальнае. Госьць плюхнуўся на канапу, утаропiў вочы на шваграву сьпiну, дакладней на вострыя лапаткi, што тырчэлi над напятай кашуляй. Яны доўга маўчалi i толькi калi на экране ўзьнiк яшчэ нехта – з клокам рэдкiх валасоў на потным лобе, гаспадар рыпнуў табурэтам i неакрэсьлена прамармытаў:

– Яшчэ адно пудзiла...

Макар паглядзеў на экран, вывучаючы – адкуль узялiся валасы на потнай лабацiне, а зразумеўшы, што тыпус начасаў iх аднекуль з-за левага вуха, перанёс цэнтар цела на левую кумпячыну й голасна выдыхнуў:

– Охо-хо-о...

Гэтым самым ён хацеў разгаварыць швагра, але той маўчаў.

– Слухай, а дзе зараз... той хлопец? – вырвалася неўзабаве з Макаравай грудзiны.

– Якi?

– Ну той, што быў на вясельлi...

Гострыя лапаткi здрыганулiся, ссунулiся блiжэй адна да адной.

– Яго забiлi. У восемдзесят першым годзе.

"Як забiлi? Дзе! У Аўгане? Па п'янцы?" – замiтусiлiся ў галаве адрывiстыя думкi, Макар удыхнуў паветра, каб спытаць – дзе забiлi кудлатага хлопца? – але не спытаў, прыкусiў вусны i засяроджана правёў рукой па няголенай шчацэ. Кароткае iмгненьне ён сядзеў нерухома, потым нейкая сiла падхапiла Макара на ногi, ён падышоў да тэлевiзара, схапiўся за шнур i выдзер штэпсэль з разэткi.

II

Тупаючы ўздоўж старога, спавiтага густой бярозкай штыкетнiку, яны зазiрнулi ў агарод i там, на бульбянiшчы, убачылi цётку Тацяну. Задзёршы прыпол спаднiцы, цётка хадзiла па барознах, зьбiраючы ў слоiк "каляраду".

– Цi-оць! – крыкнуў Макар пераселым голасам i адкашляўся.

Цётка абцягнула спаднiцу, зiрнула з-пад рукi i моўчкi кiўнула ў бок хаты. Маўляў, заходзь, гаспадар дома.

Госьцi рушылi да весьнiц, а цётка, убачыўшы, што Макар прыехаў не адзiн, кiнула слоiк i зашамацела голымi лыткамi па бульбоўнiку. Выбег насустрач i дзядзька Трахiм. Трымаючы ў рукох "Народную газэту", дзядзька з маладым iмпэтам скочыў з ганку i Макар, убачыўшы гэта, незадаволена перасмыкнуў плячыма. Калi ён прыяжджаў адзiн, дзядзька з цёткай яго так не сустракалi.

Хвiлiн пяць госьцi таўклiся на кухнi, зьелi па гурку, выпiлi па шклянцы сырадою i калi дзядзька Трахiм, якому карцела пагаманiць з разумным чалавекам, прыпалiў папяросу i разам з дымам выдыхнуў: "Ну, як там Пазьняк?" – Макар выйшаў з хаты i палез на гарышча даставаць вудзiльны.

Час быў пасляабедзены. Сонца ўжо не палiла так, як ад ранiцы, але ўсё адно было горача i карова Зьвяздоха, вытыркнуўшы зь дзьвярэй хлява вялiзную, зь белай плямай на лобе галаву, засоплена аддзiмалася. Тут жа, на парозе хлява, сядзеў дзядзькавы кот Барыс. Кудлаты "сiбiрак" варушыў канцом хваста й зацята – удосыць напiўшыся сырадою – аблiзваўся.

Карова наставiла на Макара млявыя вочы, разважаючы – хто гэта стаiць пасярод двара? – стоена адрыгнула й блiскучая нiтка сьлiны злучыла шурпаты каровiн язык з разважлiва-рухавым хвастом ката Барыса. Барыс пацягнуўся, зь недаверам зiрнуў на вудзiльна, – Макар якраз налыгваў на лёску новы плавок, i рушыў у халадок, пад куст парэчак.

"Добра ў вёсцы" – падумаў тады Макар i, уражаны такiм адкрыцьцём, удыхнуў на поўныя грудзi салодкае, настоенае на паху прывялай травы i сырадою, паветра.

... Ён пасьпеў накапаць чарвякоў ля плоту, перш чым пачуў незадаволены дзядзькавы голас:

– Ну, дзе ты?

Воклiч такi сьведчыў пра адно: што на стале ўжо стаялi чыгунок парнай бульбы й мiска з маласольнымi гуркамi, што ў печы ўжо страляла тлушчам яешня са шкваркамi, а цётка Тацяна ўжо выцерла ручнiком i паставiла на стол пляшку гарэлкi.

Так яно i сталася, адно што на стале не было чыгунка. Бульбу з нагоды прыезду iнтэлiгентнага госьця рассыпалi па талерках.

– Ну, а якая на сёньня асноўная задача, – запытаўся дзядзька Трахiм, калi Макар увайшоў у хату.

– Галоўнае – звалiць Кебiча, – азваўся iнтэлiгентны госьць, пацiраючы потную лысiну.

– Звалiм. У нас у Бычках яго нiхто ня любiць, – выдыхнуў дзядзька, падхапiў пляшку i акрыялым голасам дадаў: – Усё будзе добра.

– Глядзiце, каб горай не было, – уставiла слова цётка Тацяна, дастаўшы з печы патэльню зь яешняй.

Дзядзька скалупнуў з пляшкi накрыўку, з гiранiчнай усьмешкай перасмыкнуў галавою. Пляшка цюкнула па краi кiлiшка, iнтэлiгентны госьць спалохана працягнуў руку, дэманструючы, што ён ня п'е, але гаспадар з такой суворасьцю паглядзеў на госьця, што той сумеўся i вiнавата ўздыхнуў.

– Такой цёмнай бабы, як мая жонка – няма ва ўсiм Азярышчанскiм раёне, пажартаваў дзядзька Трахiм, падымаючы чарку.

Кульнуўшы па першай, дружна захрумсьцелi маласольнымi гуркамi.

– I ўсё ж... дарма Шушку скiнулi... Тут я Пазьняка не разумею, – няўцямна, з набiтым ротам, прагугнеў дзядзька Трахiм i цяпер ужо iнтэлiгенту выпала гiранiчна пасьмiхнуцца.

– Згоднiцтва Станiслава Станiслававiча мяжуе з цынiзмам, – мовiў госьць, а Макар, хапануўшы ротам гарачую бульбiну, яшчэ больш няўцямна, чым дзядзька, прагугнеў: – Вось за гэта i вып'ем!

Да Гатаўскага возера, калi iсьцi нацянькi – ня болей трох кiлямэтраў. Але лезьцi па кустох, ды яшчэ ўзяўшы чарку, было не з рукi, таму яны пайшлi бальшаком, у спадзеўцы падсесьцi на спадарожную машыну.

Хаця й выпiлi, можна сказаць, па кроплi – на траiх адну пляшку, але швагру й гэтага хапiла: яго матляла ўбокi, акуляры два разы падалi з глюгастага носу i швагер шторазу лавiў iх няўклюднымi рукамi.

"Рупiцца Кебiча скiдаць, а сам ад чаркi валiцца", – падумаў Макар, пачухаўшы вудзiльнам за левым вухам. I яшчэ падумаў, што дарма ня выцягнуў гэтага ёлупня на белы сьвет раней – гадоў дзесяць таму, а падумаўшы так, спахмурнеў i прысьпешыў хаду.

Дзесяць гадоў таму – гэткiм жа сьпякотным лiпеньскiм днём, да iх на будоўлю прыехала чорная "Волга". Начальства i раней завiтвала на аб'ект. Будавалi новую школу й паўшчуваць небараку-прараба прыяжджалi нават абласныя "бугры". Але гэтым разам, зiрнуўшы з вакна трэцяга паверха на блiскучы, падобны да вялiзнага жука, легкавiк, Макар мiжволi сьцепануўся i ў галаве ягонай мiльганула пякельная думка: "За мной!"

Прадчуваньне не падманула. Хтосьцi з рабочых гукнуў ягонае iмя й Макар рушыў на нягнуткiх нагах долу, лiхаманкава згадваючы – колькi машын з рошчынай i цэглай не даехалi апошнiм часам да будоўлi.

Ля бэтонамяшалкi яго пераняў камсамольскага выгляду маладзён у шэрым гарнiтуры. Маладзён прыязна пасьмiхнуўся, пацiснуў руку i прапанаваў зайсьцi ў бытоўку.

– Хачу, Макар Iванавiч, задаць вам пару пытаньняў, – ласкава прасьпяваў маладзён i ў Макара Iванавiча ўраз зазьвiнела ўвушшу.

Роспыты й сапраўды былi нядоўгiмi. Маладзён запытаўся – цi часта ён сустракаецца са шваграм, цi даваў яму швагра якую-небудзь шкодную лiтаратуру i цi прапаноўваў зьезьдзiць у Зэльву, да нейкай паэткi, прозьвiшча якой Макар не дачуўся.

Зьбiваючыся на кожным слове, ён паведамiў маладзёну, што са шваграм не сустракаецца, шкоднай, ды i ўсялякай iншай лiтаратуры не чытае, а ў Зэльву езьдзiў, але не да паэткi, а каб абмяняць жалезабэтон на электраабсталяваньне.

Маладзён слухаў усё гэта з ленай усьмешкай на вуснах i нават пазяхнуў у жменю, а потым дастаў з "дыплямату" асадку з паперай i ўсё тым жа лiсьлiвым голасам прасьпяваў:

– Напiшыце – што кажа пра мужа вашая сястра.

Заняты сваiмi думкамi, Макар i не заўважыў, як адарваўся ад напарнiка. Швагрусь адстаў мэтраў на дваццаць i да таго ачмурэў ад сьпёкi, што нiчога ня бачыў перад сабою. Падышоўшы, ён баднуў Макара лобам i акуляры швагрусёвы цiха чвякнулi ў пясок.

"Колькi яшчэ?" – запыталiся асавелыя швагравы вочы i ўраз праясьнелi, бо ў зрэнках мiльганула залацiстая палоска вады.

– Я зараз, – буркнуў Макар, скочыў праз прыдарожную канаву i пабег да закiнутай адрыны, у якой дзядзька Трахiм хаваў вёслы.

Возера плёскалася ля ног, адбiваючы распаленае неба, i ад таго здавалася такiм жа гарачым i бяздонным. З гучным крэканьнем яны выпхнулi лодку ў ваду, Макар налёг грудзiнаю на карму, пачаў заграбаць кавалкам падабранай на беразе фанэрыны – вёслы ў адрыне так i не знайшлiся. Зрэшты, доўга заграбаць не выпадала: лодка прашамацела па густой асацэ, абмiнула зарасьцi ўрэчнiку i Макар панурыў у ваду "катвiгу" – прывязаны да вяроўчыны камень.

Паветра зьлёку дрыжэла ад сквару i пад галовамi вудалёў плыла, пералiваючыся на сонцы, даўжэзная павуцiнка. Павуцiнка зачапiлася было за вудзiльна, потым паплыла далей i неўзабаве лягла на ваду, сабраўшы вакол сябе цiкаўных вадамерак. Вось туды, у цэнтар пазначанага павуцiнкай наўкола, i цiўкнуў швагравы плавок. Хвiлiну плавок павольна i разважлiва круцiўся ў розныя бакi, потым тузануўся i нечакана зьнiк у гульлiвай вадзе. Швагра, вiдаць, дагэтуль нiколi не вудалiў, бо замест таго, каб спакойна падсекчы, ускочыў на ногi, тузануў вудзiльна i пры гэтым ледзьве не перакулiў лодку.

– Цiха ты, йоп... – Макар схапiўся за барты i па лобе ягоным пляснула трапяткая платвiца, што матлялася на лёсцы.

Швагра доўга ня мог схапiць рыбку, а калi, нарэшце, схапiў, дык не наважыўся зьняць з кручка.

Платвiца глыбока заглынула чарвяка, таму Макар, нядоўга думаючы, выдзер кручок з рыбiнай зяпкi, пiхнуў плотку ў полiэтыленавую торбу. Пры гэтым ён бачыў – як балесна скрывiўся швагравы твар.

– Што, рыбку шкада? – хмыкнуў Макар, а абцёршы аб штаны вiльготныя рукi, запытаў: – Ты ў пiўной хоць раз быў?

– Пры чым тут пiўная? – азваўся швагра.

– Ну як жа... Зьбiраецеся рэвалюцыю рабiць, а самi ў пiўной не былi, ня ведаеце – чым народ дыхае.

Швагра плюнуў на чарвяка, уздыхнуў, але нiчога не адказаў.

– Пазаўчора Пазьняк па целеку выступаў. Мацi слухала-слухала, дый кажа: "Бурузьдзiць абы што".

Швагрусь i гэтым разам змаўчаў, але маўчаньне яму цяжка давалася: плех швагравы хваравiта пачырванеў, канец вуды дробна задрыжэў, а разам з вудай задрыжэў на вадзе й плавок.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю