355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Винцесь Мудров » Рыбалка ў Бычках (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Рыбалка ў Бычках (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 16:26

Текст книги "Рыбалка ў Бычках (на белорусском языке)"


Автор книги: Винцесь Мудров



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

"Псых натуральны", – падумаў Макар i ў той жа мiг убачыў, што плавок, якi дагэтуль скакаў па вадзе, рынуў на дно, пакiнуўшы па сабе самотную бурбалку.

– Цягнi! – гракнуў Макар, швагра тузануў вудзiльна, павалiўся на дно лодкi i, пакуль ён падаў, перад носам Макаравым праляцеў, а потым пляснуўся ў ваду ладны падлешчык.

– Фу ты, йо... Цягнуць трэба было, а ня тузаць, – Макар са стогнам перавёў дых, а паглядзеўшы на швагра, безнадзейна махнуў рукой: швагра стаяў на кукiшках, утрапёна пазiраючы ў ваду.

– Думаеш цяпер рукамi злавiць?

– Акуляры звалiлiся, – уздыхнуў небарака-швагер i Макар упершыню пашкадаваў, што выправiўся на гэтую чортаву рыбалку.

Дастаць акуляры з вазёрнага дна было ня так проста. Калi Макар зьмераў глыбiню, дык вудзiльна панурылася ў ваду па самы вяршок.

"Не дастану, дык хоць скупнуся", – падумаў тады Макар, сьцягнуў штаны i сiгануў у празрыстае, аж да прадоньня, Гатаўскае возера.

Выпусьцiўшы з грудзей паветра, ён схапiўся за нейкую сьцяблiну i адзiнае, што пасьпеў угледзiць, дык гэта кансэрвовую бляшанку, якая жоўтай плямай калыхнулася на дне.

– Фу, бля... глыбака, бляха... – задыхана вымавiў Макар, ухапiўшыся рукою за край лодкi.

Пару хвiлiн ён аддзiмаўся, сплёўваў твань, потым нырнуў, кульнуўся ўнiз галавою, з сiлаю адштурхнуўся нагамi ад лодкi. На гэты раз ён нiчога ня ўбачыў, а ўсплываючы, грукнуўся галавой аб днiшча. Удар атрымаўся такiм хвацкiм, што Макар, магчыма, iзноў пайшоў бы на дно, калi б перапужаны напарнiк не схапiў яго за чупрыну.

... Набiўшы вялiзны гузак на макаўцы, ён доўга ляжаў у лодцы, падсунуўшы пад галаву кашулю i насуплена пазiраў то на высокае неба, то на прагнутую, зьлёгку пачырванелую шваграву сьпiну. Лавiць рыбу прапала ахвота, да таго ж напарнiк без акуляраў нiчога ня бачыў; прапала ахвота й пацьвельваць гэтага ёлупня, таму Макар i ляжаў незварушна, маракуючы, што на наступным тыднi iзноў давядзецца ехаць на пiльню i што заўтра трэба будзе паглядзець валёнкi, якiя прывёз Базыль, выбраць меншыя i зрабiць мацi апоркi. Неўпрыкмет навалiлася дрымота. Макар пазяхнуў, накрыў твар кашуляй, зьбiраючыся задрамаць, ды тут левае вуха казытнула напятае ракатаньне. Ракатаў "беларус" – ехаў ад бальшака да возера, прычым напрасткi, кустамi, бо чутна было, як трашчала ламачча. Макар ссунуў з вачэй кашулю, зiрнуў на бераг.

Трактар вырваўся з кустоў, раскоцiста пад'ехаў да вады i з кабiнкi вылезьлi спачатку дзядзькавы сусед Лёшка Мандрык, а потым браты Бадуновы Юрка ды Пецька. Дрымота зьляцела з павекаў, Макар стаў ва ўвесь рост, засьвiстаў у чатыры пальцы i хлопцы на беразе, прыклаўшы да брывоў далонi, засьвiсталi ў адказ. У наступнае iмгненьне Макар схапiў фанэрыну i стаў энэргiчна заграбаць ля кармы, забыўшыся на "катвiгу", якая не давала лодцы зварухнуцца зь месца.

– Стая-аць! – галёкнуў Лёшка Мандрык, калi лодка шарханула дном аб прыбярэжны пясок: Лёшка два разы цягнуў лямку на аршанскай зоне i, пры сустрэчы, заўсёды гукаў альбо гэтае слова, альбо яшчэ больш кароткае: "Сюд-да-а!"

Прыяжджаючы ў Бычкi, Макар часьцяком спансiраваў мясцовых хлопцаў, таму тыя i ўзрадавалiся, убачыўшы спансэра, i не пасьпеў той выйсьцi з лодкi, як яны рынулi ў ваду i зь вясёлымi мацюкамi ўсьцягнулi пласкадонку на бераг.

Пад'ехалi бычкоўцы не з пустымi рукамi. Малодшы з братоў, трыццацiгадовы Юрка, залез у кабiну, перадаў брату шэсьць "фугасаў", а потым, папоркаўшыся ў "бардачку", шпурнуў у ваду – каб спаласнуць – алюмiневую конаўку.

Убiўшыся ў цянёк, Лёха Мандрык адкаркаваў сьцiзорыкам "фугасiну", скоса глянуў на iнтэлiгента i Макар, перахапiўшы пагляд, растлумачыў:

– Тамарчын муж. У газэце працуе.

Лёха напоўнiў конаўку, перадаў Тамарчынаму мужу, але той страсянуў галавой.

– Пакрыўдзiць хочаш? – вусьцiшна прасiпеў Мандрык i гарадзкi госьць, намацаўшы пасудзiну, стаў глытаць трунак, дробна стукаючы па конаўцы зубамi.

Вiно – хахляцкае "Яблучне" – пiлi нетаропка, з бадзёрым крэканьнем, са штохвiлiнным прыпальваньнем цыгарэтаў i з гэткiм жа штохвiлiнным ляпаньнем па карках: тут, у цяньку, лютавала камарэча. Кожнага разу, глынуўшы "чарвiўкi", Лёха пачынаў апавядаць пра калгаснага старшыню, але, ляпнуўшы па карку i мацюкнуўшыся, зьбiваўся на iншыя тэмы. I вось, вылiўшы ў конаўку рэшты вiна з апошняй пляшкi, Лёха абвесьцiў, што заўтра ж спалiць катэдж, якi старшыня пабудаваў на ўскраiне Азярышча i, працягнуўшы конаўку гарадзкому госьцю, наставiў на таго ашклянела-патрабавальныя вочы. За ўсю бяседу Тамарчын муж не прамовiў нi слова, але цяпер, адчуўшы, што трэба нешта сказаць, з урачыстай павольнасьцю ўзяў конаўку, iкнуў, пралiўшы трунак, i малiцьвенна прастагнаў:

– Цудоўныя хлопцы!

Улiўшы ў глотку рэшткi пiтва, ён квола пасьмiхнуўся, кульнуўся на траву i, заплюшчыўшы вочы, ледзь чутна паўтарыў:

– Цудоўныя!

Дахаты ехалi на рамонтнай лятучцы, соўгаючы азадкамi па жалезнай скрынi, у якой увесь час штосьцi бразгала. Галава шваграва матлялася, што ў хворага гусака (на адным з паваротаў швагра зьехаў са скрынi, стукнуўся скроньню аб бляшаную буду), таму Макар абдымаў сваяка за шыю i калi той зьяжджаў убок, мацнiў абдоймы i, па прыкладу Лёхi Мандрыка, гукаў:

– Сядзе-эць!

I чым ямчэй абдымаў Макар сваяка, тым большай павагай да яго прасякаўся.

– Ну скажы, на што ты паклаў сваё жыцьцё? – выгукнуў Макар на чарговым павароце i сваяк, блiснуўшы бельмамi вачэй, здушана вякнуў i выбухнуў ванiтамi.

Макар пякельна скрывiўся, падхапiў з-пад ног рызьзё, каб выцерцi падлогу, ды тут чарговая порцыя ванiтаў агiднай цеплынёй кранулася карку. Хвiлiну Макар стаяў вокраччу, утаймоўваючы балесныя спазмы, а потым, тузануўшыся ўсiм целам, падцягнуў да сябе пакарабачанае вядро, якое матлялася ад сьценкi да сьценкi.

Ён выкулiўся з сестрынага пад'езду ў той мiг, калi на небасхiле запалялiся самыя дробныя зоркi i таропка пайшоў да воданапорнай калёнкi. Сьцягнуўшы праз голаў кашулю, ён падставiў карак пад бойкi струмень i гракнуў, ды так гучна, што на другiм канцы Азярышча абудзiлiся сабакi. Сабакi забрахалi ў Зарэччы, потым недзе ля аўтастанцыi, нарэшце сонна рыкнулi зусiм побач – за плотам "Сельгастэхнiкi".

– Я табе рыкну, – жартам выдыхнуў Макар i, выцiраючы кашуляй расчырванелы твар, падзiвiўся таму – як хутка насунулася ноч.

1994


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю