355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Виктор Правдин » Эксгумацыя » Текст книги (страница 3)
Эксгумацыя
  • Текст добавлен: 11 мая 2021, 12:04

Текст книги "Эксгумацыя"


Автор книги: Виктор Правдин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)

5

Цiхая чэрвеньская ноч усяго на некалькi гадзiн асланіла зямлю шэрым, цёмным пакрывалам i, як толькi зрэдку наляцiць непаслухмяны вятрыска, адразу зашамацiць лiсце, загойдаюцца вершалiны дрэў старога лесу. Нечакана над самай галавой вухне пугач, недзе непадалёк трэсне пад нагамi невядомага звера галiнка, i тады насцярожыцца, застрыжэ вушамi белы канёк, што запрэжаны ў фурманку. А праз хвiлiну зноў цiшыня – адно дробны прыглушаны тупат па мяккім пяску ды аднастайны шоргат колаў на лясной дарозе. У фурманцы двое. Разгледзець iх немагчыма, i толькi калi адзiн зацягваецца папяросай, на iмгненне пакажуцца чорныя невялiкiя вусы, асвечаныя чырвоным агеньчыкам, у другога месяц добра высвечвае за плячыма вiнтоўку. На абодвух вайсковыя фуражкi. Яны едуць моўчкi. Лес пакрысе радзее, вось ужо і палявы пералесак. Фурманка казачным прывiдам выплывае з цемры i адразу трапляе ў бялюткi хiсткi туман, якi цягнецца з лугавiны.

– Хутка будзем на месцы, – па-начальнiцку гаворыць той, у якога за плячыма вiнтоўка, i адразу, бы пацвярджаючы ягоныя словы, недзе ўперадзе забрахаў сабака. Другi, што кiруе фурманкай, сонна кiваецца i, хутчэй па звычцы, цмокае на каня, якi не звяртае ўвагi на гэтыя «цмокi», бо звыклы да начных вандровак.

– Сяржант, прачнiся, – сiпiць чалавек з вiнтоўкай i груба пiхае вазнiцу ў бок. – Спецыяльна праз лес кругаля далi, не хапае яшчэ праспаць хату папоўскага прыхвасценя.

– Нам з Буланком усё адно, адкуль заязджаць, – незадаволена буркнуў сяржант i, пстрыкнуўшы пальцамi, выкiнуў недакурак. – Служба такая, можна сказаць, начная, – расцягваючы словы, дадаў: – Прывозiм… Адвозiм…

– Пагавары ў мяне, – зласлiва шэпча чалавек з вiнтоўкай, – ураз Купрэеву далажу.

Сяржант нiчога не адказаў, быццам i не чуў, толькi крыху мацней нацягнуў ляйчыны i фурманка спынiлася. Ён лёгка саскочыў на зямлю.

– Вазьму каня за цуглi, цiшэй будзе i надзейней, – цвёрда прагаварыў сяржант i выцягнуў з-пад шыняля, што ляжаў у фурманцы, караткаствольны карабiн, закiнуў на плячо. – А Купрэевым мяне, таварыш лейтэнант, не запужаеш, справай нашай мы моцна звязаны… I, каб Вы ведалi, ён мяне тыдзень таму прадставiў да ўзнагароды. Як пiць даць, ордэн атрымаю… А царкоўнага старасту не праспiм, я паскуду добра ведаю…

Лейтэнант, убачыўшы сяржантаў лёгкi карабiн, каторы раз пазайздросцiў. Ягоны асабiсты табельны наган учора ранiцай на стрэльбах пачаў даваць асечкi, давялося здаць у рамонт. I вось цяпер ён, лейтэнант НКУС, iдзе на баявое заданне з цяжкай трохлiнейкай, якую ўпёр яму Купрэеў.

Нечакана туман скончыўся, i непадалёк, злева ад дарогi над кустамi навiс гмах доўгай будынiны. Сяржант спынiў каня, звёў з дарогi, прывязаў да дрэва i, кiнуўшы добры ахапак свежаскошанай канюшыны, паспяшаўся да лейтэнанта, якi, да нечага прыслухоўваючыся, стаяў ля плота.

– Сабакi няма, – па-свойму зразумеў лейтэнантава напружанне сяржант, – тры днi таму сам начальнiк НКУС пусцiў у распыл…

– Нехта ў хаце ходзiць, чуеш? – прапусцiўшы мiма вушэй словы падначаленага, прашаптаў лейтэнант.

I сапраўды, недзе ў сярэдзiне вялiзнай будынiны рыпнулi дзверы, i адразу ў вакне мiльганула жоўтая палоска святла. НКУСаўцы пераглянулiся i, тоячыся, наўпрасткi па высокай някошанай траве сiганулi да хаты. Вакно было шчыльна завешана з сярэдзiны, i толькi ў адным месцы, ля самага падваконня, танюсенькай палоскай лiлося слабае святло. Сяржант першы прылiп тварам да шкла, але, як нi сiлiўся, нiчога не ўбачыў, акрамя некалькiх дошак падлогi ля самай печы, адна з якiх, знятая, зверху ляжала на астатнiх. Потым паглядзеў i лейтэнант. Вiдавочна, гаспадар быў у пакоi, бо ў нейкi момант з глыбiнi хаты данёсся прыглушаны сутаргаваты кашаль, i ўсё зноў сцiхла.

Лейтэнант пацягнуў сяржанта за рукаво гiмнасцёркi i, адышоўшыся далей ад хаты, зашаптаў у самае вуха:

– Я грукну ў дзверы, а ты цiкуй, што будзе рабiць папоўская морда. Убачыш зброю, страляй на паражэнне, пажадана па нагах.

Сяржант згодна кiўнуў, паправiў на плячы карабiн i, прыгнуўшыся, сiгануў да акна. Лейтэнант, крадучыся, вярнуўся да брамкi i па ледзь прыкметнай сцяжынцы, ужо не тоячыся, пайшоў да дзвярэй хаты. У ягонай афiцэрскай сумцы ляжаў ордэр на арышт ворага народа Нямцова. Як сказаў начальнiк НКУС Купрэеў – ворага з цёмным i таямнiчым мiнулым.

6

Нямцоў з’явiўся ў Верацеях напрыканцы лета 1939 года. Нiхто яго не ведаў, вяскоўцы толькi пасмяялiся з дзiвака, якi заняў пусты, непрыстасаваны для жылля дом збяднелых шляхцiцаў Пурхiневiчаў i аб’явiў сябе iх родзiчам. Людзi памяталi нашчадка Пурхiневiча, царскага афiцэра, якi апошнi раз наведваўся сюды падчас Грамадзянскай вайны. А гэты белы як лунь чалавек быў больш падобны на валацугу i нiчым не нагадваў шляхцiца. Адразу ў вёсцы пачалi прападаць куры, i сівагаловага куралова спаймалi на крадзяжы. Паддаўшы «шляхцiцу» добрых кухталёў, верацееўскiя мужыкi выгналi злодзея з вёскi, але праз тыдзень ён быў тут як тут, ды не адзiн, а з цэлай ротай чырвонаармейцаў – пачалося ўз’яднанне Усходняй i Заходняй Беларусi. Нямцоў зноў засялiўся ў стары дом i нейкi час хадзiў з высока ўзнятай галавой. Мужыкi пабойвалiся помслiвых зласлiвых агеньчыкаў, што заўсёды, быццам якая хвароба, iскрылiся ў вачах сiвога, i, каб не наклiкаць на сябе бяды, талакой адрамантавалi шляхцiцаў дом, зашклiлi вокны, узнавiлi плот. Усе чакалi, што Нямцоў будзе нейкiм начальнiкам пры новай уладзе, але той зрабiў нечаканае – пайшоў у царкоўныя старасты. З гэтага часу жыў цiха i непрыкметна, да ўлады ставiўся насцярожана, нават з бояззю, што асаблiва падабалася ўпаўнаважанаму старшыне мiлiцыi Шаўчуку, якi, здавалася, нiколi не злазiў са спiны чорнага танканогага жарэбчыка i, праязджаючы мiма пакорлiва схiленай паставы царкоўнага старасты, ганарлiва адказваў на прывiтанне.

Толькi ж канфуз з уладай адбыўся, як Нямцоў нi стараўся быць непрыкметным. I ўсё праз Тузiка, невялiкага, але зласлiвага рудога кудлача з адным вухам. Другога вуха не было, ад яго застаўся толькi пакалечаны агрызак, па ўсiм відаць, сабака згубiў яго ў бойцы. Гэты Тузiк некалi прыбiўся да хаты Нямцова, ды так i застаўся, пашкадаваў аднавухага царкоўны стараста, не прагнаў. Дый самому стала жыць весялей. А адбылося вось што. Неяк прыехала ў Верацеi раённае начальства агiтаваць за ўступленне ў калгас. У школьным двары праходзiў сялянскi сход, i Нямцоў не вытрымаў, таксама прышкандыбаў паслухаць, а следам прысунуўся i Тузік. Начальства, як i належыць, сядзела за доўгiм сталом, сярод iх быў начальнiк НКУС Купрэеў. Людзi з раёна ўсхвалялi калгасы, гаварылi прыгожа i шмат, а верацееўцы толькi згодна кiвалi галовамi ды пераглядвалiся мiж сабой, i калi прапанавалi падаваць заявы, мужыкi запанурылiся, прыцiхлi, засмалiлi махорку. Цiшыня над школьнай палянай зацягвалася, рабiлася грознай, трывожнай, нават злавеснай. Спахмурнела начальства, асаблiва Купрэеў: сядзiць надзьмуты, што iндык, i толькi зыркае, спапяляе цяжкім, затоена-лютым позiркам верацееўскiх мужыкоў. I невядома, чым скончылася б гэтая маўчанка, каб не аднавухi кудлач. Ён з самага пачатку неадчэпна круцiўся пад сталом, ля ног начальнiка НКУС, i, калi Купрэеў бесцырымонна адпiхваў, усё роўна вяртаўся, назойліва абнюхваў боты, якiя бударажылi сабачую нюхаўку. Калi раптам на паляне ўсталявалася мёртвая цiшыня, Кудлач расцанiў гэта па-свойму i ўпэўнена ўзняў лапу на блiскучы хром… Дружны выбух смеху ўзняў з вясковых могiлак у неба чорную хмару варання, людзi за сталом, нiчога не разумеючы, паўскоквалi са сваiх месцаў. Першым ачомаўся Купрэеў. Ён з усёй моцы садануў Тузіка нагой, аж той падляцеў у паветра, i не паспеў аднавухi прызямлiцца, як грымнуў стрэл…

«Вось што чакае ворагаў народа!» – крыкнуў Купрэеў i, хаваючы ў кабуру наган, руля якога яшчэ дымiлася, шматзначна, прыдзiрлiва паглядзеў на верацееўцаў. А калi начальнiк НКУС даведаўся, чый сабака, то прыгразiў i Нямцову.

Лейтэнант ведаў гэтую гiсторыю, яе «па сакрэце» пераказвалi ўсiм, хто прыязджаў служыць пад камандай Купрэева, але цяпер, iдучы з вiнтоўкай напагатове, ён ухвалiў маёраву прадбачлiвасць, бо царкоўны стараста i сапраўды аказаўся ворагам народа, агiтуе сялян супраць савецкай улады i калгасаў. А пра тое, што ён варожы агiтатар, стала вядома з пiсьма, праўда, непадпiсанага, якое атрымаў начальнiк НКУС. I вось цяпер яны выконваюць загад арыштаваць царкоўнага старасту Нямцова.

Сяржант прыставiў карабiн да сцяны i, калi нахiляўся да шыбы, стукнуў брылём фуражкi аб шкло. Чалавек у пакоi адразу паменшыў святло ў газнiцы, замiтусiўся, вялiкi цень захiстаўся па падлозе над знятымi дошкамі, пачуўся металiчны звон.

«Вось дурань!» – вылаяўся ў думках сяржант i садраў з галавы фуражку, але ад акна, праз якое прабiвалася палоска святла, не адышоў. Яго ахапiла нервовая ўзбуджанасць, ён раптам усёй сваёй iстотай адчуў, што павiнна адбыцца нешта вельмi важнае, надзвычайнае. Глуха білася ў грудзях сэрца, ажно аддавалася ў скронях, у кончыках пальцаў, а ў роце перасохла, неймаверна хацелася пiць.

У гэты момант лейтэнант грукнуў у дзверы, i адразу цень на падлозе спынiўся, зрабiўся напалову меншым. «Сеў на табурэтку», – здагадаўся сяржант i намацаў халодную рулю карабiна. Чалавек у пакоi сядзеў нерухома ўсяго якую хвiлiну, потым ён павялiчыў святло, ужо не тоячыся, закашляўся, гучна затупаў па падлозе, i ў наступны момант сяржант убачыў парослыя чорным валассём рукi, якiя паднялi яшчэ адну дошку падлогi i апусцiлi ў схованку нейкую скрынку. Мiльганула сiвая галава царкоўнага старасты i знiкла ў чорнай зяпе падзямелля. Дзе i калi Нямцоў вылез са схованкi, сяржанту не было бачна, але раптам дошкi, быццам пад уздзеяннем невядомай чароўнай сiлы, адна за адной ляглi на сваё месца, па iх некалькi разоў туды-сюды прайшлася рука з венiкам. А яшчэ праз хвiлiну на гэтым месцы сталi стол i дзве табурэткi.

Лейтэнант нецярплiва загрукаў у блiжэйшае да сяржанта акно, але Нямцоў азваўся толькi пасля таго, як замаскiраваў схованку.

– Хто там? – нарэшце нервова спытаў царкоўны стараста, спадзеючыся, што гэта хто-небудзь з тутэйшых.

– Адчыняй, Нямцоў! – кляцнуўшы затворам карабiна, пагрозлiва крыкнуў сяржант, якi ўжо стаяў побач з лейтэнантам.

– I без глупства, хата акружана, – успомнiўшы, што ён тут галоўны, пайшоў на хiтрасць лейтэнант. – Калi што якое задумаў – страляем без папярэджання.

На нейкi момант запанавала цiшыня.

– Няма куды мне ўцякаць, – скiдваючы цяжкую засоўку, прабурчаў Нямцоў, – i баяцца няма каго, даўно перажыў свой страх…

Нарэшце дзверы расчынiлiся, i на парозе ўзнiкла сутулая постаць Нямцова з учарнелай газнiцай у прыўзнятай правай руцэ. Ён, прыжмурыўшыся, адначасова з надзеяй i страхам сiлiўся разгледзець няпрошаных гасцей, але, убачыўшы людзей у НКУСаўскай форме з вiнтоўкамi напагатове, паспешлiва адвёў позiрк i, унiкаючы глядзець на «гасцей», паволi павярнуўся i пашкандыбаў у хату. Пры святле газнiцы Нямцоў выглядаў гадоў на семдзесят, хаця паўгода таму яму споўнiлася шэсцьдзесят. Асаблiва ў гэтую хвiлiну старыла ссутуленая спiна, але ў прыземiстай, шырокай постацi адчувалася насцярожана-ваяўнiчае напружанне, ён, быццам лясны звер, адчуваў небяспеку кожнай клетачкай арганiзма. Гэтае напружанне перадалося i лейтэнанту, якi раптам уявiў, што Нямцоў можа ў любы момант крутнуцца i запусцiць у яго газнiцай. Нават у носе непрыемна заказытаў прыкры пах газы. Ён, канешне, паспее стрэлiць, але што, як загарыцца адзенне?

Лейтэнантава трывога быццам перадалася сяржанту.

– Стой, дзед! – рэзка скамандаваў ён i, калi ссутуленая постаць спынiлася, скоса зiрнуўшы на ўсхваляванага начальнiка, выдыхнуў: – Кругом!

Адна смертаносная чорная руля ўперлася Нямцову ў грудзi, другая ў жывот. Ад гэтага дотыку гаспадар хаты знерухомеў, халодныя, лiпучыя мурашы хваляй прабеглi па спiне, перахапiла дыханне.

– Стаў газнiцу на падлогу, – працягваў камандваць сяржант.

Нямцоў няспешна, па-старэчы крактануў, паставiў лямпу i, перасiльваючы сябе, паблажлiва ўсмiхнуўся:

– Што гэта вы, хлопцы, раптам замiтусiлiся?

– Пагавары ў мяне… – сяржант балюча тыцнуў руляй карабiна Нямцову ў жывот. – Ураз у распыл…

– Цяпер рукi ўгору i два крокi да сцяны, – урэшце ўспомнiў пра свой начальнiцкi абавязак лейтэнант i, калi Нямцоў падпарадкаваўся, кiўнуў сяржанту: – Абшукай.

– Ха-ха-ха! Кулямёт у штанах! – нервова рагатнуў царкоўны стараста, i гэты грудны смех быў больш падобны да рыку загнанага ў пастку звера.

«Пяць гадоў iшоў сюды, – адчайна шукаючы выйсця, думаў Нямцоў. – Перажыў усё, што толькi можа вынесцi чалавек. Вужом круцiўся, лiсiцай звягаў, абы толькi выжыць i дайсцi. I на табе, у апошнi момант гэтыя зялёныя смаркачы тыцкаюць зброяй… Патрапiлi б вы да мяне гэтак гадоў дваццаць таму, я б вам паказаў, дзе ракi зiмуюць… А Пурхiневiч маладзец, перад смерцю не схлусiў… Эх, каб не была хата акружана, я гэтых смаркачоў разарваў бы рукамi, жылы б выцягнуў… Але супакойся, вазьмi сябе ў рукi, яшчэ не ўсё згублена, нiчога на мяне няма… Прыкiдвайся i ўлагоджвай, чакай зручнага моманту, глядзiш, Божа i не пакiне… Адных сутак не хапiла… Учора трэба было даваць лататы, у-чо-ра!..»

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю