355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Виктор Правдин » Эксгумацыя » Текст книги (страница 2)
Эксгумацыя
  • Текст добавлен: 11 мая 2021, 12:04

Текст книги "Эксгумацыя"


Автор книги: Виктор Правдин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)

3

У панядзелак, па старой завядзёнцы, Смаляк прыйшоў на працу раней звычайнага. Выхадныя ён разам з жонкай i сынам правёў на прыродзе, ля возера, i цяпер, праглядаючы аператыўную зводку здарэнняў, не-не, ды i прыгадваў цёплую ласкавую ваду, з якой на сонцапёк не хацелася вылазiць, як падсек на вуду кiлаграмовага ляшча, як палiлi вогнiшча i варылi юшку. Нагадвалi пра адпачынак i чырвоныя свярбучыя пухiры, якiя пакiнулi на целе неадчэпныя прылiпалы-камары. Усе былi задаволеныя, асаблiва сын Дзiмка. Ён, атрымаўшы ў падарунак маску з трубкай для падводнага плавання i ласты, назбiраў з дна возера паўвядра ракаў.

Раздзел дарожна-транспартных здарэнняў Смаляк звычайна не чытаў, хапала i крымiнальных злачынстваў, але сёння, хутчэй па звычцы, перагарнуў некалькi старонак i ўжо хацеў адкласцi гэты занятак, як позiрк зачапiўся за знаёмае прозвiшча. Следчы засяродзiўся i прачытаў:

«У пятнiцу дваццаць першага лiпеня 1995 года а дзевятнаццатай гадзiне на вулiцы Талбухiна, супроць дома нумар чатырнаццаць, аўтамашына замежнай вытворчасцi AUDI-100, дзяржаўны нумар 21–44 МI, якой кiраваў грамадзянiн Цвiркун Анатоль Iванавiч, здзейснiла наезд на грамадзянку Шашок Казiмiру Францаўну. У вынiку здарэння пацярпелая Шашок К. Ф. атрымала цяжкiя цялесныя пашкоджаннi i шпiталiзавана».

Ад нечаканасцi ў Смаляка ажно перахапiла дыханне, непрыемны хваравiты халадок слiзгануў па нагах, спiне i сцiшыўся недзе ў патылiцы. Iнтуiцыя падказвала, што гэта не звычайнае дарожнае здарэнне, не выпадковае.

«Хто такi гэты Цвiркун? Што ён гаворыць? Чаму менавiта пасля размовы са мной Шашок апынулася за пяць кварталаў ад сваёй хаты? Яна ж, наколькi я памятаю, нiкуды не збiралася».

Смаляк, спадзеючыся пачуць адказы на свае пытаннi, рашуча набраў нумар тэлефона начальнiка дзяржаўтаiнспекцыi раёна i, моцна прыцiскаючы слухаўку, з хваляваннем чакаў. Трубку доўга не падымалi, i, калi нарэшце пачуўся прыемны барытон Шаўцова, следчы адрэкамендаваўся i, стрымлiваючы нецярпенне, папрасiў удакладнiць абставiны наезду на Шашок.

– Радавое здарэнне, – адразу ўпэўнена адказаў Шаўцоў i катэгарычна дадаў: – Жанчына сталага веку пераходзiла дарогу ў забароненым месцы i трапiла пад колы машыны. Мы правялi следчы эксперымент i вiны вадзiцеля не ўгледзелi, у такiх абставiнах пазбегнуць наезду было немагчыма.

– А што гаворыць сама Шашок?

Смаляк разумеў, што гэтае пытанне лiшняе, трэба самому ехаць у бальнiцу i там шукаць адказы.

– З жанчынай кепска, – з жалем у голасе адказаў Шаўцоў. – Яна з моманту аварыi знаходзiцца ў коме i нiякай надзеi на тое, што застанецца жыць.

– Я хачу прысутнiчаць на допыце Цвiркуна.

– Справу вядзе следчы Канаплянiк, ён вас папярэдзiць, – запэўнiў Шаўцоў.

Праз паўгадзiны Смаляк быў у бальнiцы i адразу падняўся на чацвёрты паверх у рэанiмацыйнае аддзяленне. Загадчык аддзялення Адам Пятровiч Зайцаў, трыццацiпяцiгадовы маладжавы мужчына, з якiм Смаляк быў даўно знаёмы, пачуўшы прозвiшча Шашок, толькi развёў рукамi.

– Надзеi анiякай, – i, каб пацвердзiць сказанае, паспешлiва загартаў паперы, што ладным стосам высiлiся на стале. – Ага, вось яе гiсторыя… Вы толькi паслухайце: разрыў печанi i селязёнкi, пералом чацвёртага i дзевятага пазванкоў, адкрыты пералом правай рукi, чэрапна-мазгавая траўма цяжкай ступенi.

– Цi можна яе ўбачыць? – не губляючы надзеi, спытаў Смаляк. Ён раптам зразумеў, што ехаў сюды з адным намерам – убачыць старую.

– Трэба, дык зойдзем, – хаваючы акуляры ў чорны футарал, спахмурнеў Зайцаў. – Недаверлiвыя вы, следчыя, да ўсяго хочаце сваiмi рукамi дакрануцца… Ну, але ж зразумела, справа крымiнальная!

– Чаму крымiнальная? – насцярожыўся Смаляк. – Звычайнае дарожнае здарэнне.

Доктар прыпынiўся на выхадзе з кабiнета i з засяроджана-разгубленым выглядам пачаў корпацца ў вялiзных, адтапыраных, здавалася, бяздонных кiшэнях халата, выцягваючы нейкiя вяроўкi, бруднаватыя анучы, мноства рознакаляровых таблетак, спiсаныя i чыстыя, але аднолькава пакамечаныя бланкi рэцэптаў i нават гiпсавы злепак зубоў. Вось белы свет пабачылi рыбацкiя прычындалы: чырвона-белыя паплаўкi, жылка, кручкi, i нарэшце з самага бяздоння Зайцаў дастаў аўтамабiльныя ключы на восем, дзесяць i дванаццаць.

«Засталося яшчэ выцягнуць дамкрат!» – падумаў Смаляк, але ўслых з нарастаючай злосцю прагаварыў:

– Адам Пятровiч, ключы ад кабiнета, мабыць, як заўсёды, у дыпламаце…

– Кажаце, звычайнае дарожнае здарэнне?! – не гледзячы на Смаляка, цi то пытаючыся, цi то сцвярджаючы, працягваў сваё доктар. Ён засунуў «кiшэннае багацце» на месца i хуценька крутнуўся да стала, каля якога стаяў таўставаты стары дыпламат. Шчоўкнулi замкi, i Зайцаў, падкiнуўшы на далонi звязку ключоў, радасна ўскрыкнуў: – Ваша праўда, Васiль Мiкалаевiч, – i, хiтравата прыжмурыўшыся, паглядзеў Смаляку ў вочы. – А вось сын пацярпелай Шашок чамусьцi ўпэўнены, што быў замах на жыццё мацi. Такi скандал тут закацiў, што прыйшлося супакаiцельны ўкольчык зрабiць. I яшчэ адно: з якiх гэта часоў пракуратура пачала цiкавiцца звычайнымi дарожнымi здарэннямi?..

Смаляк не адказаў. Ён выйшаў у ярка асветлены калiдор, сцены якога былi нядаўна пафарбаваныя. Чамусьцi пах свежай фарбы, пытаннi доктара, ягоныя бяздонныя кiшэнi раздражнялi, недзе ў глыбiнi душы варухнулася непрыязнасць, нават варожасць: «Што табе да маiх спраў? – стрымлiваючы сябе, каб не сказаць нешта абразлiвае, падумаў Смаляк. – Ты вунь у сваiх кiшэнях парадку не маеш, а мяне вучыш!» Ён да гэтай хвiлiны не хацеў прызнацца самому сабе, што не пошук iсцiны прывёў яго ў бальнiцу, а хутчэй закранутае самалюбства, як кажуць людзi, гонар мундзiра. Што, калi i сапраўды ў справе Альховiка яго хтосьцi водзiць за нос, абувае ў лапцi?

У гэты момант па калiдоры, прыцiскаючы да грудзей апарат для замеру крывянога цiску, на высокiх абцасах працокала чарнявая медычка ў караткаватым халацiку. Убачыўшы ў прачыненых дзвярах Зайцава, яна прыпынiлася.

– Адам Пятровiч, – пявуча загаварыла медычка, – гэты, так называемы хворы, П’яных ноччу зноў спрабаваў залезцi ў жаночую палату, на гэты раз праз балкон…

– Падрыхтуйце дакладную на iмя прафесара Баравога, – надаючы голасу як мага больш начальнiцкай цвёрдасцi, кiнуў Зайцаў i павярнуўся да Смаляка, паказваючы, што размова на гэтым скончана. – Я да вашых паслуг, Васiль Мiкалаевiч.

– Я ўжо рыхтавала некалькi дакладных, а мер нiхто не прымае, – роспачна перасмыкнуўшы плячыма, настойлiва даводзiла сваё медычка. – Вось пабачыце, – узвысiла яна голас, – згвалцiць гэты кабялiна каго, усiм не паздаровiцца…

– Ну добра, добра, – ужо паблажлiва загундосiў Зайцаў, – я сам давяду да прафесара, ён лечыць, яму i рашэнне прымаць.

Смаляка зацiкавiла размова доктара i медыцынскай сястры, але ён не лез з роспытамi, моўчкi iшоў побач з Зайцавым, думаючы пра сына пацярпелай Шашок. Доктар раз-другi зiрнуў з-пад iлба на следчага i, па-свойму расцанiўшы гэтае маўчанне, загаварыў:

– Хачу, каб вы зразумелi правiльна. Справа ў тым, што тыдзень таму згаданы П’яных паступiў на лячэнне, – Зайцаў нервова аблiзнуў сасмяглыя вусны: – Як бы гэта прасцей сказаць… Адным словам, даставiлi яго з эрагiраваным пенiсам, i мы пакуль што не можам прывесцi ягоны фiзiчны недахоп да нормы. Баравы асабiста займаецца, а хворы спярша перажываў, а потым уявiў сябе гэткiм «гiгантам» i ўвесь час спрабуе спакушаць жанчын. Убiў сабе ў галаву, што гэта i не хвароба зусiм, а «дар божы»…

– Ну i ну! – весела засмяяўся Смаляк.

Усё кепскае, што колькi хвiлiн таму бударажыла душу i думкi, раптам знiкла, адкацiлася, з’явiлася пачуццё няёмкасцi перад Зайцавым.

– Спярша i я пасмяяўся, – пакрыўджана зiрнуў на следчага доктар, – а П’яных небяспечны, бударажыць бальнiцу, хоць мiлiцыю выклiкай.

– Калi гэты чалавек патрэбен навуцы, то берагчы i сцерагчы яго трэба адпаведна, як навуковую каштоўнасць, – жартаўлiва, усё яшчэ смеючыся, адказаў Смаляк. – А калi сур’ёзна, раю на самай справе звярнуцца за дапамогай у мiлiцыю. Гарантую, што пасля размовы з участковым ваш навуковы экспанат умомант вылечыцца i прыйдзе, як вы кажаце, да нормы…

Доўгi калiдор скончыўся адразу, як толькi Смаляк i Зайцаў павярнулi направа. Вялiзныя, зробленыя з пластмасы дзверы з шыльдай «Рэанiмацыя» адчынiлiся не адразу, доктару давялося некалькi разоў нацiснуць на жоўтае вочка званка, i толькi пасля гэтага глуха шчоўкнуў аўтаматычны замок. Дзяжурная медыцынская сястра, апранутая ў цёмна-зялёную кашулю, гэткага ж колеру караткаватыя штаны, якiя выгадна падкрэслiвалi яе стройную фiгуру, стаяла каля невялiкага столiка, выструнена цягнулася да вiсячага на сцяне гаршчэчка з кветкамi i палiвала iх вадой. Яе галаву ўпрыгожваў какетлiва прышпiлены да каштанавых валасоў цылiндрычнай формы зялёны капялюшык. Убачыўшы Зайцава i Смаляка, яна шчыра, прыязна ўсмiхнулася, у крыху раскосых чорных вачах успыхнулi гарэзлiвыя агеньчыкi. Медычка паставiла графiн з вадой на столiк, звычным грацыёзным рухам паправiла валасы, iмгненна агледзела сябе ў люстэрка, што стаяла насупраць, каля шкляной шафы з медыкаментамi i пайшла, не, хутчэй, як здалося Смаляку, паплыла iм насустрач. Прыгожы твар, на якiм спакуслiвай чырванню палалi пульхныя вусны, iскрыўся непрыхаванай радасцю. У гэты момант Смаляк злавiў сябе на тым, што ягоны твар расплываецца ў блазённай усмешцы. Ён знiякавеў, хуценька адвёў позiрк ад прыгажунi медычкi i паглядзеў на Зайцава. Доктар выглядаў празмерна заклапочаным i строгiм. Ён толькi зiрнуў на медычку, адразу рэзка спынiўся i яшчэ больш насупiўся.

– Клаўдзiя Сямёнаўна, – ссунуўшы да пераносся бровы, пужлiва, амаль iстэрычна ўскрыкнуў Зайцаў, – са мной следчы з пракуратуры…

Медычка быццам i не чула, нават не прыпынiлася, не паглядзела на Смаляка, i следчы раптам зразумеў, што ў гэтай сiтуацыi ён лiшнi.

– Адам Пятровiч, а я таксама не адна, – зляцела з яе чырвоных вуснаў-бутонаў, – у другой палаце прафесар Баравы…

Пасля гэтых слоў медычка неўпрыкмет цмокнула, паслаўшы доктару паветраны пацалунак. Зайцаў сумеўся, пачырванеў, незадаволена папераджальна кашлянуў у кулак, рэзка крутнуўся i прачынiў блiжэйшыя ад сябе дзверы.

– Праходзьце, Васiль Мiкалаевiч, ваша пацярпелая тут, – i, быццам вiнавацячыся, кiўнуў на медычку: – Гэта мая нявеста…

Не паспеў Смаляк зрабiць i крок, як дзверы за спiнай хуценька зачынiся i да слыху даляцеў прыглушаны шэпт:

– Клава, мы ж на рабоце!

– Любы, калi гэты следчы сапраўдны мужчына, ён табе толькi пазайздросцiць.

Смаляк прайшоў на сярэдзiну пакоя, каб не чуць размовы закаханых. У палаце стаялi два ложкi, адзiн з якiх быў свабодны i запраўлены замытым да жаўцiзны прасцiрадлам з неахайнай лапiнай пасярэдзiне. На другiм ляжаў загiпсаваны чалавек, у якiм немагчыма было пазнаць старую Шашок. У прыцемненым пакоi лунала нейкая своеасаблiвая загадкавая цiшыня, якая незразумелым цяжарам лягла на плечы, прымусiла часцей бiцца сэрца, сцiснула грудзi так, што перахапiла дыхалку. Следчы паспешлiва падышоў да вакна i адчынiў фортку. Разам са свежым паветрам у пакой уварвалася рознагалоссе гарадской вулiцы, здалося, уварвалася жыццё.

Бiнты на галаве пацярпелай ружавелi крывяной плямай, загiпсаваныя правая рука i левая нага высiлiся на нейкiх мудрагелiстых металiчных канструкцыях. Да левай рукi лiпучкамi мацавалася iголка з празрыстай трубкай, па якой з бутэлечкi рытмiчна па кропельцы сцякала ў сiнюшную вену мутнаватая вадкасць. На безжыццёвым, сухарлявым, хваравiта-спалатнелым твары стала меней зморшчын, на iм застылi пакорлiвасць i цiхамiрнасць.

– Яна безнадзейная, – вынес жорсткi прысуд Зайцаў, якi нячутна ўвайшоў у палату. – Мы зрабiлi ўсё, што змаглi, але ж цудаў не бывае…

– Я хачу паглядзець яе рэчы, – чамусьцi шэптам папрасiў Смаляк i накiраваўся да выхаду.

– А рэчы забраў сын, – услед прагаварыў доктар.

4

Праз гадзiну Смаляк адчыняў веснiчкi са знаёмай шыльдай «Сцеражыцеся, злы сабака!». У гэты момант жоўтыя «Жыгулi» вырулiлi з гаража на сярэдзiну панадворка, з машыны выйшаў мужчына гадоў пяцiдзесяцi i, не заўважаючы Смаляка, нервова бразнуў дзверцай. Ён быў высокi, хударлявы, крыху сутулы, з капой нячэсаных рудых валасоў, якiя доўгай пасмай спадалi на лоб, i яму прыходзiлася штохвiлiнна матляць галавой, скiдаючы iх з вачэй. Даўгалыгi, як яго адразу ахрысцiў следчы, нешта мармычучы, зайшоў у прыземiсты цагляны гараж, а ўслед з машыны выпырхнула ўжо знаёмая бялёсая Кацярына. Смаляк зрабiў некалькi крокаў i, шукаючы «злога сабаку», прыпынiўся, агледзеўся. Каля будкi яго не было, ланцуг з ашыйнiкам сiратлiва валялiся на траве, а крыху далей, за драцяной сеткай, калупаліся ў пяску куры. Два маладзенькiя цыбатыя пеўнiкi пагрозлiва кружылiся ў байцоўскiм танцы, але справа да бойкi не даходзiла, яны толькi падскоквалi, растапырыўшы пер’е, выцягвалi худыя шыi, хлопалi крыламi, быццам высвятляючы, хто з iх больш грозны i жахлiвы. Аўчарку Смаляк убачыў за сваёй спiнай, на сцяжынцы, ля самых веснiчак. Яна пiльна сачыла за iм, усёй сваёй паставай паказваючы, што дарога да адступлення адрэзана.

– Вам каго? – нечакана прагучаў хрыплаваты прастуджаны голас.

Смаляк азiрнуўся. Да яго, выцiраючы рукi прамасленай анучай, падыходзiў даўгалыгi. Шэрыя, глыбока пасаджаныя вочкi-калючкi свiдравалi яго з непрыхаванай варожасцю, нават злосцю.

– Старшы следчы пракуратуры Смаляк, – афiцыйна адрэкамендаваўся Смаляк. – А калi Вы Станiслаў Мiкалаевiч Шашок, то я да вас.

Яны некалькi хвiлiн моўчкi вывучалi адзiн аднаго i, калi гульня ў маўчанку зрабiлася нясцерпнай, следчы працягнуў службовае пасведчанне:

– Вось мой дакумент.

– Ну, я – Станiслаў Мiкалаевiч, – нарэшце выдыхнуў гаспадар. – Толькi са мной ужо гаварылi ў мiлiцыi, i новага нiчога не скажу.

Шашок вiдавочна хваляваўся, унiкаў глядзець Смаляку ў вочы i ўвесь час нервова круцiў у руках анучу, не ведаючы, куды яе дзець.

– Тата, куды пакласцi бабулiна адзенне? – тузанула бацьку за рукаво кашулi Кацярына i насцярожана-недаверлiвым позiркам утаропiлася ў Смаляка.

Шашок схамянуўся, паспешлiва выхапiў з рук дачкi невялiкi клунак i борздзенька пашыбаваў у хату, кiнуўшы на хаду:

– Я сам аднясу, – ён вiдавочна хваляваўся.

Праз некалькi хвiлiн ён падыходзiў да Смаляка ўжо спакойным i ўпэўненым у сабе чалавекам, ад узбуджанасцi i няўпэўненасцi не засталося i следу, толькi ў шэра-халодных вачах яшчэ не-не ды ўспыхвалi трывожныя, палахлiвыя агеньчыкi.

На твар Смаляку звалiлася некалькi халодных, нечаканых дажджынак. Ён, прыжмурыўшыся, з надзеяй паглядзеў на нiзкiя хмары, якiя няўмольным чорным крылом напаўзалi на горад. Усё наўкол напружана сцiшылася, нават ваяўнiчыя пеўнiкi знерухомелi i спалохана цiснулiся адзін да аднаго, здзiўлена плюскаючы вачыма. Яны таксама чакалi дажджу, але адначасова i баялiся няведамай iм стыхii.

– Ну, нарэшце дачакалiся, – з-пад далонi паглядзеў на аблокi Шашок i iранiчна дадаў: – Па радыё дождж абяцалi яшчэ заўчора… Зойдзем у хату, там i пагаворым, хаця… – ён недагаварыў, абыякава махнуў рукой i, не азiраючыся, пашкандыбаў у прачыненыя дзверы.

«Што крыецца за Шашковым „хаця͗”? – iдучы следам, падумаў Смаляк. – Цi не звязана гэта з ягонымi паводзiнамi ў бальнiцы? Чаму там ён, бы звар’яцелы, крычаў, што мацi хацелi забiць, i слухаць не хацеў пра няшчасны выпадак? Калi так, то якая прычына, каму перайшла дарогу старая? Такога разважлiвага чалавека, як Шашок, не проста выбiць з каляiны, i тым не менш… А цяпер ён трагедыю ўспрымае, як няшчасны выпадак, i ўсё ж ён нервуецца, i ў першыя хвiлiны сустрэчы быў вельмi напалоханы, ледзь узяў сябе ў рукi. А зменлiвыя паводзiны ягонай мацi падчас допыту ў пракуратуры i апошняй сустрэчы… Не, вiдавочна, гэтыя Шашкi нешта замоўчваюць, адчуваю, што ёсць таямнiца, якая, па ўсiм, i прывяла да трагедыi, а калi так, то i паводзiны сына ў бальнiцы знаходзяць лагiчнае паразуменне. Трэба з гэтым разабрацца».

Шашок нецярплiва чакаў Смаляка ў прасторнай, светлай верандзе. Справа ад увахода стаяў адшлiфаваны да бляску мажны круглы стол на мудрагелiстых тоўстых ножках, зробленых у выглядзе лiчбы «2». Вакол прыслужлiва высiлiся чатыры самаробныя драўляныя крэслы з конусападобнымi набалдашнiкамi на спiнках. Крэслы выглядалi маўклiвымi ваярамi-ахоўнiкамi свайго блiскучага гаспадара-стала, а крыху далей, каля сцяны, абклеенай блакiтнымi шпалерамi, нясмела тулiлася, быццам баючыся гэтых мажных крэслаў-ахоўнiкаў, вузенькая белая шафа, у якой за шклом задзiрлiва, нават з выклiкам, блiшчэлi крышталёвыя шклянкi, iншы каштоўны посуд.

– Справу аб дарожна-транспартным здарэннi вядзе мiлiцыя, – сядаючы ў вялiкае рыпучае крэсла, адразу прагаварыў Смаляк i, каб папярэдзiць магчымыя пытаннi, патлумачыў: – Я ж праводжу расследаванне факта смерцi вашага суседа, нябожчыка Альховiка, i якраз ў пятнiцу, напярэдаднi няшчаснага выпадку, быў тут, размаўляў з Казiмiрай Францаўнай.

Смаляк з цiкаўнасцю зiрнуў на Шашка, спадзеючыся ўбачыць рэакцыю на гэтыя словы, але той i брывом не павёў, не змянiў паставы, прытулiўшыся да дзвярнога вушака i, склаўшы рукi на грудзях, моўчкi чакаў, што скажа далей следчы. Толькi насцярожаныя палахлiва-халодныя вочы ды жаўлакi на скiвiцах выдавалi ягонае напружанне i хваляванне.

– Вось я i хачу пачуць, – спакойна працягваў Смаляк, – чаму Вы спярша заявiлi, што быў замах на жыццё Вашай мацi? Чаму…

Смаляк недагаварыў. Шашок быццам чакаў гэтага пытання i адразу паспешлiва, з абурэннем перапынiў следчага.

– А што я мог падумаць?! – ускрыкнуў ён i, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, з горкiм сумам паглядзеў на Смаляка. – Гэта ж мацi!

Смаляк заўважыў не толькi гэты сум, але i тое, што дзесьцi многа глыбей, можа, зусiм i не ў вачах Шашка, стаiлася спрактыкаванасць i нейкая незразумелая пiльнасць, нават палахлiвасць. Ён не адчуў у словах шчырасцi, i гэта насцярожвала.

– Па-чалавечы я Вас разумею, – цiха зазначыў Смаляк, – а як следчы, не зусiм.

Шашок ускiнуў галаву i запытальна паглядзеў на Смаляка, спрабуючы разгадаць сэнс апошнiх слоў.

– Я i сам толькi потым зразумеў, што мацi сама вiнаватая, старая, даўно за семдзесят перакулiла, – вынес ён свой прысуд.

У гэты момант нечакана сцямнела, наляцеў вецер, захiсталiся, зашамацелi дрэвы, моцна бразнулi незачыненыя веснiчкi, i адразу буйныя кроплi дажджу, спярша зрэдку, нясмела, бы спрабуючы на моц шкло, сыпанулi па шыбах. Смаляк i Шашок, як па камандзе, павярнулi галовы i, утаропiўшыся ў вакно, колькi хвiлiн маўчалi, думаючы кожны пра сваё. А дождж з кожнай хвiлiнай мацнеў, i ўжо не кроплямi, а суцэльнай сцяной лiў з неба. Раптам чорныя хмары напалам рассекла крывулiстая страла-маланка, i ўслед грамыхнула раз, другi, трэцi i пакацiлася па небе i зямлi Перунова каляснiца, ды так, што, здалося, рассыплецца на дробныя кавалачкi гэтая веранда i ўвесь дом.

– У мiлiцыi мне сказалi, што яны вядуць следства, – быццам мiж iншым зазначыў Шашок i сеў у крэсла насупраць Смаляка.

Следчы разумеў, да чаго вядзе гаворку субяседнiк, i адказваць не спяшаўся, быццам i не чуў. Ён паволi дастаў з кiшэнi пачак цыгарэт.

– Можна?

– Смалiце, – абыякава махнуў рукой Шашок i, выцягнуўшы з шуфляды стала попельнiцу, упершыню ўсмiхнуўся: – Сам не смалю, а для гасцей трымаю.

– Ведаеце, Станiслаў Мiкалаевiч, – афiцыйным тонам прагаварыў госць, – пасля таго як Казiмiра Францаўна трапiла ў аварыю, мяне не пакiдае пачуццё вiны.

– А Вы тут пры чым? – адразу насцярожыўся Шашок.

– У тым уся i закавыка, што быццам бы i ні пры чым, – разважаў Смаляк, – але ж у аварыю яна трапiла ў той жа дзень пасля размовы са мной.

– Ну ў Вас i работка! – з палёгкай выдыхнуў Шашок. – Так можна абвiнавацiць сябе ва ўсiх злачынствах, якiя здзейснiлi людзi, што да таго сустракалiся з вамi…

– У нечым Вы маеце рацыю, але ж у дадзеным выпадку Вы, паважаны Станiслаў Мiкалаевiч, прымусiлi мяне засумнявацца ў раней прынятых рашэннях.

– Я ж казаў, што ў бальнiцы на мяне найшло нейкае насланнё, не памятаў сябе, як казалi медыкi, стрэс… Разумееце? – амаль закрычаў Шашок.

– Вы супакойцеся, я не пра тое, – прыпальваючы цыгарку, вёў сваё Смаляк. – Проста мне прыйшлося на пэўныя сiтуацыi паглядзець пад iншым вуглом, напрыклад, пераасэнсаваць сам факт паступлення ў пракуратуру ананiмкi i заявы, у якiх сцвярджаецца, што Альховiк памёр не сваёй смерцю. А пляменнiкi нябожчыка б’юць у званы, ужо i вiнаватага знайшлi – Вярбiцкую.

– I што з таго? Мы тут нi пры чым.

– Я ў гэтым таксама ўпэўнены, але калi дапусцiць, што Казiмiра Францаўна нешта ведае? – Смаляк наўмысна зрабiў невялiкую паўзу: – Мог жа Альховiк перад смерцю ёй нешта даверыць?..

– Нiчога яна не ведае! – ускочыў на ногi Шашок. – Не ўблытвайце нас у гэтую справу! – кiнуў ён i, разважаючы аб нечым сваiм, мiтуслiва затупаў па верандзе. – Усё, што здарылася з мацi, – недарэчнасць, так склалiся абставiны. Следчы з мiлiцыi паказваў мне таго Цвiркуна, я яго бачыў: рукi трасуцца, тузаецца, бы ненармальны, балбоча чортведама што i ўвесь час плача. Хiба такi можа забiць? – ён плюхнуўся ў крэсла i ўпершыню без боязi паглядзеў Смаляку ў вочы. – Не, не здольны такi чалавек на забойства!

– А Вярбiцкая? – насцярожана спытаў Смаляк.

– Вярбiцкая? – недабразычлiва перапытаў Шашок.

– Так, Таццяна Фёдараўна.

Пасля гэтых слоў надоўга запанавала цiшыня. Смаляк не прыспешваў субяседнiка, цярплiва чакаў, што ён скажа, якую дасць характарыстыку. Нарэшце Шашок, быццам вiнавацячыся, паглядзеў на следчага, кашлянуў у кулак i шматзначна, па-блазенску усмiхнуўся:

– З выгляду яна, канешне, жанчына ладная, як кажуць, усё пры ёй… Толькi… – ён зноў замаўчаў, вiдавочна збiраючыся з думкамi i падбiраючы патрэбныя словы. – Толькi занадта крутая.

– Не разумею, – падаў голас Смаляк, – што гэта азначае?

– А азначае тое, што свайго Вярбiцкая не ўпусцiць, хоць бы ўзяць гэтага старога скнару Альховiка, акруцiла, як хлопчыка.

– Вы яе добра ведаеце? – губляючы цярпенне, незадаволена спытаў Смаляк.

– Зусiм не ведаю, толькi са слоў мацi, i бачыў разы два, не болей.

Смаляк зразумеў, што размовы не атрымаецца. Ён устаў, прайшоўся па верандзе, прыпынiўся ля дзвярэй i падставiў далонь пад струмень дажджавой вады, што сцякала з даху.

– Вось i пагаварылi, мне пара.

– Куды ў гэткi лiвень, перачакайце, – паспешлiва прагундосiў Шашок i, крыху памаўчаўшы, дадаў: – Я тут прыгадаў, як Вярбiцкая на другi цi трэцi дзень пасля пахавання Альховiка вельмi крута, – ён з непрыхаванай злосцю вымавiў апошняе слова, – узялася гаспадарыць, узарвала ва ўсёй хаце падлогу, вырашыла пераслаць. Але не паспела, наляцелi пляменнiкi нябожчыка, прывезлi чалавека з суда i справу з рамонтам прыпынiлi. Я да таго, што не бабская гэта справа, старая падлога яшчэ б сто гадоў праслужыла. Я, праўда, хацеў перакупiць тыя дошкi, дык не прадала, сказала прадасць пасля таго, як стане законнай гаспадыняй, пасля суда, значыцца.

Раптам Шашок спынiўся на паўслове i гучна паклiкаў дачку. Дзверы з веранды ў хату адразу рэзка прачынiлiся, быццам дзяўчынка толькi i чакала, калi бацька яе паклiча, i на парозе з’явiлася Кацярына, адной рукой трымаючыся за дзвярную ручку, а другой адхiнуўшы жаўтаваты цюль. Яна моўчкi, панура i непрыязна з-пад iлба глядзела на бацьку.

– Мы нiкуды не едзем, – пiльна ўзiраючыся ў твар дачкi, глуха скамандаваў Шашок.

Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але дзверы рыпнулi, i дзяўчынка гэтак жа хутка знiкла, не сказаўшы нiводнага слова. Шашок устрывожана паглядзеў на Смаляка i, убачыўшы здзiўленне следчага, пачаў паспешлiва i блытана апраўдвацца.

– Пасля няшчаснага выпадку з бабуляй Кацярына стала як не свая, ёй трэба змянiць абстаноўку. Сёння хацеў адвезцi на вёску да цешчы, але ж пасля такога дажджу дарогi, пэўна, развязло, не даеду.

– Пакiну Вам сваю вiзiтоўку, – згаджаючыся, кiўнуў галавой Смаляк, – магчыма, спатрэбiцца, – у гэты момант позiрк зачапiўся за бальнiчны клунак, i ён вярнуўся да стала. – Мне б яшчэ агледзець рэчы Казiмiры Францаўны.

Шашок адразу замiтусiўся, хутка развязаў клункі i пачаў выкладваць перапэцканае крывёй i пяском матчына адзенне. Смаляк расчынiў невялiкую чорную сумачку з адарваным рамянём i перакулiў. На стол вывалiлiся падрапаны карычневы кашалёк, насоўка, выкарыстаны квiток на праезд у гарадскiм транспарце i самапiска. На квiтку дрыготкай рукой зялёным колерам былi напiсаны лiчбы, па ўсiм бачна, тэлефонны нумар. Следчы склаў рэчы ў сумачку i яшчэ раз пашкадаваў марна патрачаны час.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю