Текст книги "Абеліск"
Автор книги: Васіль Быкаў
Жанр:
Военная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 5 страниц)
Перадаверылі піянерам. Да…
– Дык вось як яно стала далей, калі хочаш ведаць. Хлопцаў, як пабралі, трымалі дні тры ў свірне ў старасты Бохана. Быў такі ў Сяльцы мужык, ля сухой вярбіны хата стаяла, цяпер ужо няма. Хітры, скажу табе, мужычок: і на немцаў рабіў, і з нашымі знаўся. Ну але такое ведаеш жа чым звычайна канчаецца. Нешта заўважылі немцы, выклікалі ў раён, і назад ён ужо не вярнуўся. Казалі, у лагер адправілі, недзе і загнуўся стары. Дык вось, сядзяць хлопцы ў тым свірне, а ў хаце немцы, водзяць на, следства, б'юць. I чакаюць Мароза. Па вёсцы распусцілі чутку, што во, маўляў, як робяць Саветы: чужымі рукамі ваююць з немцамі, дзяцей на закланне ахвяруюць. Маці, ведама, галосяць, усё лезуць на двор да старасты, просяць, прыніжаюцца, а іх паліцаі ганяюць. Яўгена Смурнага матку як самую заўзятую таксама забралі за тое, што на немца плюнула. Хлопцы, праўда, трымаюцца цвёрда, зацяліся і ні ў якую; нічога не ведаем, нічога не рабілі. Ну але ж хіба так доўга пратрымаешся ў гэтых катаў? Пачалі біць, і першы Бародзіч не вытрымаў, кажа: «Я падпілоўваў. Каб душыць вас, гадаў. Цяпер страляйце мяне, не баюся вас».
Ён-то сказаў так, пра сябе, можа думаючы, што цяпер ад іншых адчэпяцца. Але ж і гэтыя паслугачы не дурні – адразу скумекалі, што калі адзін, дык і астатнія, мусіць, з ім заадно. Усе ж дружбакі. Пачалі біць яшчэ, выцягваць новыя дадзеныя і пра Мароза. Пра Мароза асабліва стараліся. Але што маглі хлопцы сказаць пра Мароза?
I вось у такі час, у самы разгар катавання з'яўляецца сам Мароз.
Было гэта на досвітку, расказвалі, вёска яшчэ спала. На выгане туманок гэткі лёгенькі слаўся, было не сцюдзёна, толькі макравата зранку. Падышоў Алесь Іванавіч, мусіць, гародамі, бо на вуліцы з канца сядзела засада, а яго не заўважыла. Мусіць, пералез цераз плот і – у двор да старасты. Там, вядома, варта, паліцай як крыкне: «Стой, назад!» ды за вінтоўку і на яго. Але Мароз ужо не баяўся нічога, ідзе сабе прама на вартавога, пакульгвае толькі і гаворыць спакойна гэтак: «Скажыце начальніку: я – Мароз».
Ну, тут збеглася паліцэйская зграя, жандары, скруцілі Марозу рукі, здзерлі кажушок. Як прывялі ў стараставу хату, Бохан і кажа ціхенька так, мусіць, каб паліцаі не ўчулі: «Не трэба было, настаўнік». А той адно толькі слова яму ў адказ: «Трэба». I болей нічога.
I вось тут, павінен табе сказаць, і ўсчалася тая шарада, якая нарабіла столькі блытаніны з эпілогам усёй гэтай трагедыі. Я так думаю, што менавіта праз яе Мароза столькі гадоў марынавалі і столькі ўсё гэта вымагала турботаў. Сталася так, што калі ў сорак чацвёртым турнулі нарэшце адсюль немчуру, у мястэчку і ў Гродні знайшлі сякія-такія паперы: дакументы паліцыі, СД. Усё гэта, вядома, было падабрана, распрацавана кім трэба. I вось сярод іншых аказалася адна паперка адносна Алеся Іванавіча Мароза. Сам бачыў: звычайная паперка са школьнага сшытка ў клетку, напісаная па-беларуску – рапарт старшага паліцэйскага Гагуна Хведара, таго самага Каіна, свайму начальству. Маўляў, такога-та чысла красавіка сорак другога года каманда паліцэйскіх пад яго началам захапіла ў часе аперацыі праследавання завадатара мясцовай партызанскай банды Алеся Мароза. Ведама, спрэс хлусня. Але Каіну гэта было выгадна, мусіць, таксама, як і ягонаму начальству. Узялі хлопцаў, а праз тры дні злавілі і завадатара банды – было за што пахваліць старшага паліцая. I ўзнагародзіць. I ні ў кога ніякага сумнення наконт праўдзівасці рапарта.
Як ні дзіўна атрымалася, але і мы ненаўмысля пацвердзілі гэты дурацкі міф паліцая. Аказалася во як. Ужо ўлетку, калі насталі для нас гарачыя дзянёчкі і набралася нямала забітых і параненых, патрэбавалі неяк у брыгаду даныя аб стратах за зіму і вясну. Кузняцоў склаў спіс, прынёс сам з Селязнёвым на подпіс і пытаецца: «Як будзем паказваць Мароза? Можа, лепей зусім не паказваць? Падумаеш, два дні ўсяго ў партызанах пабыў». Тут, ведама, я запярэчыў. «Як гэта не паказваць? Што ж ён тады, седзячы на печы памёр?» Селязнёў, памятаю, нахмурыўся – ён не любіў успамінаць тую гісторыю з Марозам. Падумаў і кажа Кузняцову: «А што круціць! Так і напішы: папаў у палон. А далей не наша дзела». Так і напісалі. Прызнацца, я тады прамаўчаў. Ды і што б я сказаў. Што сам здаўся? Хто б гэта зразумеў? Так да нямецкага дадаўся яшчэ і наш дакумент. I паспрабуй цяпер абвергнуць гэтыя дзве паперкі. Лягчэй аказалася Волгу з Донам злучыць, чым да гэтае ісціны дакапацца. Дзякуй вот нашаму Міклашэвічу. Ён усё ж дакапаўся.
Да. А ў Сяльцы тады што ж? Аказаліся ўсе ў зборы, можна было адпраўляць у паліцэйскі ўчастак. Пад вечар вывелі ўсіх семярых са свірна, усе стаялі на сваіх нагах, апроч Бародзіча. Той быў збіты да крыві, і два паліцаі ўзялі яго пад пахі. Астатніх пастроілі па два і пад канвоем пагналі да шашы.
Вось тут ужо блізка фінал, і што і як было далей, мне расказваў сам Міклашэвіч.
Хлопцы яшчэ ў свірне дужа апанурыліся, як пачулі ў двары голас Алеся Іванавіча. Рашылі – схапілі і яго. Дарэчы, да самага іх канца так ніхто і не падумаў інакш – лічылі, не ўбярогся настаўнік, папаўся немцам. I ён ім нічога не сказаў пра сябе. Толькі падбадзёрваў. Сам стараўся вясёлым быць, наколькі, вядома, гэта яму ўдавалася. Казаў, што жыццё чалавечае надта несувымернае з вечнасцю і што ці пятнаццаць гадоў, ці шэсцьдзесят – усё не болей чымсьці імгненне ў вечнасці часу. Яшчэ казаў, што тысячы людзей хоць бы ў тым жа Сяльцы нарадзіліся і адышлі ў нябыт за вякі, і ніхто іх не ведае, не памятае. А вось іх будуць памятаць, і ўжо ў тым іхняя ўзнагарода. Найвялікшая з усіх магчымых у свеце ўзнагарод.
Мусіць, гэта тады ўсё ж мала іх суцяшала. Але тое, што з імі быў іхні настаўнік, іх заўсёдны Алесь Іванавіч, вядома, аблягчала незайздросны іх лёс. Хоць, пэўна, яны б тады шмат далі, каб ён уратаваўся – яны-то яго шанавалі, як бога.
Расказвалі, як вывелі іх на вуліцу ад старасты – збеглася ўся вёска. Паліцаі пачалі адганяць. I тады старэйшы брат гэтых блізнятаў Кажаноў – Іван вылез наперад і да нейкага немца: «Як жа так, маўляў, вы ж казалі: калі прыйдзе Мароз, дык хлопцаў адцусціце. Пусціце ж цяпер». Немец яму парабелумам у зубы, а Іван яму ботам у жывот. Ну той і стрэліў. Іван так і скорчыўся ў гразі. Што там усчалося тады: гвалт, слёзы, праклёны. Ну але ім што – павялі хлопцаў.
Вялі па той самай дарозе цераз масток. Масток направілі трохі, пешкі можна было прайсці, а фурманкі яшчэ не ездзілі. Ішлі, як я ўжо гаварыў, парамі: наперадзе Мароз з Паўлікам, за імі блізняты Кажаны – Астап і Цімка, потым аднафамільцы – Смурны Яўген і Смурны Коля. Ззаду два паліцаі вялі пад рукі Бародзіча. Паліцаяў, казалі, было чалавек сем і чатыры немцы.
Ішлі моўчкі, гаварыць не давалі. Ды і не хацелася, мусіць, гаварыць. Зналі ж, вядуць на смерць. Бо што іх яшчэ магло чакаць у мястэчку. Рукі ва ўсіх былі звязаны ззаду. А наўкола разлегліся палі, знаёмыя ад маленства мясціны. Прырода ўжо дружна кіравала к вясне, на дрэўцах парастрэскаліся пупышкі. Вербіны стаялі бухматыя, абвешаныя жоўтымі махрамі ў голлі. Казаў Міклашэвіч, такая журба напала на яго, што хоць крычы. Яно і зразумела. Каб хоць пажылі, а то па чатырнаццаць – шаснаццаць гадоў хлопцам. Што яны бачылі?
Так падышлі да ляска з тым мастком. Мароз усё маўчаў, а тут ціха так пытаецца ў Паўліка: «Бегчы можаш?» Той не зразумеў спярша, паглядзеў на настаўніка: пра што гэта ён? А той зноў: «Бегчы можаш? Як крыкну, бяжы па кустах». Павел здагадаўся. Наогул, бегацьто ён быў вялікі мастак, але за гэтыя тры дні ў свірне без ежы, у пакутах і катаваннях умельства яго, мусіць, убавілася. Але ўсё ж гэтыя словы Алеся Іванавіча далі надзею. Паўлік захваляваўся, казаў, аж ногі задрыжэлі. Здалося тады, што Мароз нешта знае. Калі так кажа, дык пэўна ж можна ўратавацца.
I хлопец пачаў чакаць.
А лясок – ужо во ён, побач. За дарогай адразу кусцікі, хвойкі, ядловец. Праўда, не дужа густа, але ўсё ж схоўна. Паўлік тут ведаў кожны кусток, кожную сцяжынку, паваротку, кожны пянёк. Толькі б паболей сілы. Такое напружанне ўзяло хлопца, што, казаў, здавалася, сэрца лопне ад хвалявання. Да першага кусціка заставалася ўжо крокаў з дваццаць, пасля дзесяць, пяць. Во ўжо і кусток. Але Мароз чамусьці маўчыць. Во ўжо і лясок абапал – алешнік, елачкі. Направа нізінка, тут, вядома, бегчы лягчэй. Тады Паўлік здагадаўся, што, мусіць, менавіта гэтую мясціну і меў на ўвазе Мароз. Дарога вузенькая, на фурманку, не болей, два паліцаі ідуць спераду, па два абапал. У полі яны трымаліся крыху далей, за канавай, а тут ідуць поруч, рукой ухапіць можна. I, ведама, усё чуюць. Мусіць, таму Мароз нічога не сказаў болей. Маўчаў, маўчаў ды як крыкне ўбок: «Во ён, во – глядзіце!» I сам улева ад дарогі зыркае, плячом ды галавой паказвае, быццам там убачыў каго. Вядома, хітрасць не бог ведае якая, але так гэта натуральна ў яго атрымалася, што нават і Паўлік туды зірнуў. Але зірнуў толькі раз, ды як скочыць, бы заяц, у другі бок, у кусты да нізінкі, праз голле, цераз карчы – у лес.
Некалькі секунд ён усё ж урваў для сябе, паліцаі празявалі той самы першы, самы галоўны міг. Але секунды праз тры нехта ўжо бухнуў з вінтоўкі, затым яшчэ. Двое кінуліся ў кусты наўздагон, пачалі біць раз за разам.
Бедны, няшчасны Паўлік! Казаў, ён не адразу і сцяміў, што папалі. Ён толькі здзівіўся ад неразумення, што гэтак пякотна ўдарыла яго ззаду паміж лапатак. I чаго так не ў пару падламаліся ногі. Гэта найбольш яго ўразіла, падумаў: можа спатыкнуўся. Але ўстаць ужо не мог, ды так і выцягнуўся на леташняй калючай траве ў малінніку.
Пасля ўжо расказвалі людзі – чулі, мусіць, ад паліцаяў, бо ніхто болей нічога не бачыў, а тыя, што бачылі, ужо не раскажуць. Даганятыя прывалаклі хлопчыка на дарогу. З-пад кашулі з грудзей лілася кроў, хлопец не варушыўся і быў як мёртвы. Кінулі яго ў гразь і ўзяліся за Мароза, Павалілі, білі нагамі, прыкладамі. Пабілі так, што і Алесь Іванавіч ужо не падняўся. Але на смерць забіць яго было нельга – настаўніка трэба было даставіць жывым. Двое ўзяліся яго цягнуць у мястэчка. I тады Каін падышоў да Паўліка, ботам перавярнуў яго тварам угору, бачыць – мярцвяк. Для пэўнасці яшчэ стукнуў прыкладам па галаве і спіхнуў у канаву з вадой.
Там яго і падабралі ўночы. Кажуць, тая самая бабка, у якой Мароз жыў. I што ёй там трэба было? У прыцемках знайшла, вывалакла на сухое, думала, нежывы і нават рукі на грудзях склала, па-хрысціянску каб. Ды чуе, сэрца нібыта стукае. Ціхенька так, ледзь-ледзь. Ну, бабка ў вёску да суседа, Антона Аднавокага. Той нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. I тут, скажу табе, бацька аказаўся малайцом, не глядзі, што біў некалі. Прывёз доктара з горада, лячыў, хаваў, сам колькі нацярпеўся, а сына выняньчыў. Апошнім часам на хутары ў далёкай радні хавалі. Уратаваў ад пагібелі.
А тых шасцярых давялі да мястэчка і патрымалі яшчэ дзён пяць. Скатавалі ўсіх – не пазнаць. У нядзелю, якраз на вялікадня, вешалі. На тэлефонным слупе ля пошты прымацавалі перакладзіну – тоўсты такі брус, атрымалася накшталт крыжа, і па трое з кожнага боку. Спярша, вядома, Мароза і Бародзіча. Пасля іншых – то з таго, то з другога боку. Дзеля раўнавагі. Так і стаяла гэта карамысла некалькі дзён. Як знялі – закапалі ў кар'еры за цагельняй. Пасля ўжо, мусіць, у сорак шостым, калі вайна скончылася, перахавалі бліжэй да Сяльца.
З сямёх гэткім вось цудам уцалеў адзін Міклашэвіч. Толькі здароўя так і не было ў чалавека. Малады быў – усё хварэў, пасталеў – хварэў. Прыкінуліся сухоты. Ведама, мала што такая рана ў грудзях, дык яшчэ столькі ў вясновай вадзе праляжаць. Амаль кожны год у бальніцах лячыўся, усе курорты аб'ездзіў. Але што тыя курорты! Калі свайго здароўя няма, дык ніхто ўжо не дасць. Праўда, апошнім часам яму стала лепей, здаецца, няблага сябе адчуваў. Ды во знянацку стукнула. З таго боку, адкуль не чакаў. Сэрца! Пакуль лячылі лёгкія, сэрца і падпала. Як ні ратаваўся ад праклятай, а праз дваццаць год усё ж дагнала. Даканала нашага Паўла Іванавіча.
Во якая, браце, гісторыя.
– Да, невясёлая гісторыя, – сказаў я.
– Невясёлая – што! Гераічная гісторыя, во! А ты думаў?
– Можа быць.
– Не можа быць, а пэўна. Ці ты не згодзен? – утаропіў у мяне позірк Ткачук. Ён нечакана загаварыў гучна, расчырванелы твар яго стаў гняўлівы, як там, у Сяльцы за сталом. Буфетчыца з пагардлівай падазронасцю паглядзела на нас цераз галовы двух падлеткаў з транзістарам, што куплялі там цыгарэты. Тыя таксама азірнуліся. Ткачук заўважыў на сабе чужую ўвагу і нахмурыўся.
– Ладна, пайшлі адсюль.
Мы выйшлі на ганак. Ноч, здаецца, яшчэ пацямнела, ці толькі здалося так пасля светлага. Рыжы лапавухі сабачка дапытлівым позіркам акінуў нашыя твары і асцярожна прынюхаўся да Ткачуковых ботаў. Той спыніўся і з нечаканай для яго ціхай добрасцю загаварыў да сабакі:
– Што, есці? Нічога няма. Няма, брат. Пашукай дзе яшчэ.
I па тым, як ён хістка і грузна сышоў з прыступкаў, таксама як і па яго нечаканай злосці на мяне, я здагадаўся, што ўсё ж, мабыць, ён перабольшваў свае сілы. Не трэба было нам заходзіць у гэтую чайную. Тым болей па такім часе. Цяпер ужо была палова дзесятай, аўтобус, пэўна, даўно прайшоў, чым дабірацца ўначы да горада – было невядома. Але гэты клопат толькі слізгануў паціху ў вяршках свядомасці, ледзь крануўшы яе, – думкамі ж цалкам валодала тое даўняе здарэнне ў Сяльцы, да якога сёння далучыўся і я. Так многа і рознага пераплялося тут у адзін зблытаны клубок узаемаадносін, што цяжка было адразу правільна вызначыць да яго свае ў многім супярэчлівыя адносіны. Тым не менш логіка гэтага здарэння вымушала на нейкую пэўнасць у адносінах да яго прычын і вынікаў, хацелася ўсё абдумаць і дакапацца да ўсіх тонкасцяў, дайсці розумам да іх складанае сутнасці. Што ж да пачуццяў, дык яны незалежна ад розуму былі нагатове прыняць сэнс гэтай гісторыі з усёй яе супярэчлівасцю – мусіць, пачуцці падрыхтаваў за вечар і падначаліў сваім расказам гэты чалавек, мой неспадзяваны сённяшні спадарожнік.
Здаецца, ён зноў закрыўдаваў на мяне і ціха ішоў, як і там, па алеі ў Сяльцы, наперадзе, і я моўчкі цягнуўся ўслед. Мы сышлі з асветленага месца каля чайнай, па чорным гладкім асфальце пайшлі краем вуліцы. Я не ведаў, дзе быў аўтобусны прыпынак і ці можна было яшчэ чакаць якога аўтобуса, але цяпер гэта не здавалася мне важным. Пашанцуе – пад'едзем, а не – дык будзем тупаць да горада, засталося нямнога.
Але мы не прайшлі, мусіць, і палавіны вуліцы, як ззаду з'явілася машына. Шырокія плечы Ткачука засвяціліся ў змроку ад яе далёкіх яшчэ фараў. Неўзабаве два нашы цені стромна пабеглі ўдалячынь па зашарэлым асфальце. Машына хутка набліжалася, пасоўваючы гэтыя цені ўбок і ломячы іх у канаве, на платах, шалёваных сценах і шыферных, бляшаных паддашках дамоў.
– Мо прагаласуем? – сказаў я, беручы ўбок з асфальту.
Ткачук азірнуўся і я ўбачыў яго незадаволены, як бы нават засмучаны твар, на якім нечакана штосьці бліснула пад электрычнай яркасцю промняў. Праўда, ён тут жа спахапіўся і рукой выцер вочы, і мяне працяло новае пачуццё да яго, якое з'явілася ўпершыню за сённяшні вечар. А я, дурань, думаў, што справа толькі ў чырвоным моцным.
Я разгубіўся на момант і не падняў рукі, машына з ветрам прамільгнула поруч, і нас зноў ахінула цемра. На фоне хісткага пука святла, які яна несла перад сабой, стала відаць, што гэта быў «газік». I раптам ён спыніўся, ледзь падаўшыся да краю дарогі, нейкае адчуванне падказала – гэта па нас.
I сапраўды, спераду адтуль пачуўся голас, ён, безумоўна, адносіўся да Ткачука:
– Цімох Цітавіч!
Ткачук прабурчэў нешта, але не набавіў кроку, і я аббег яго, баючыся ўпусціць гэтую нечаканую магчымасць паехаць. Нейкі чалавек вылез з кабіны і, прытрымліваючы адчыненымі дзверцы, сказаў:
– Залазьце ўглыб. Там свабодна.
Я аднак памарудзіў, чакаючы Ткачука, які нетаропка і валюхаста падыходзіў ужо да машыны.
– Што ж вы так запазнелі? – сказаў да яго гаспадар «газіка», і я толькі цяпер пазнаў у ім загадчыка райана Ксяндзова. – А я думаў, даўно ўжо ў горадзе.
– Паспеем у горад, – буркнуў Ткачук.
– Ну дык залазьце, я падвязу. А то аўтобус прайшоў, сёння болей не будзе.
Я ўлез у цёмную прасмярдзелую бензінам сярэдзіну кузава, намацаў лаўку і сеў за нерухомай спіной шафёра. Здалося, Ткачук не адразу рашыўся лезці за мной, але ўрэшце, нязграбна хапаючыся за спінкі сядзенняў, увапхнуўся і ён. Загадчык райана лязгнуў дзверцамі і гукнуў да шафёра:
– Паехалі!
З-за шафёравага пляча было зручна і прыемна пазіраць на пустую чорную стужку шашы, абапал якой ляцелі назад платы, дрэвы, хаты, слупы. Збочылі, прапускаючы нас, хлопец з дзяўчынай. Яна засланіла даланёй вочы, а ён смела і прама глядзеў у яркае святло фар. Вёска канчалася, шаша выходзіла на палявы прастор, які звузіўся поначы да нешырокай стужкі дарогі, абмежаваны з бакоў дзвюма прапыленымі канавамі.
Загадчык райана павярнуўся на паўабарота і сказаў, звяртаючыся да Ткачука:
– Дарма вы там, за сталом, наконт Мароза гэтага. Не прадумана.
– Што не прадумана? – адразу з нядобрасцю напяўся на сядзенні Ткачук, і я зразумеў, што не варта цяпер пачынаць гэтую, мабыць, не лёгкую для абодвух гаворку. Ксяндзоў, аднак, павярнуўся і яшчэ болей – здаецца, у яго быў свой нейкі намер.
– Вы зразумейце мяне правільна. Я нічога не маю супраць Мароза. Тым болей цяпер, калі яго імя, так сказаць, рэабілітавана.
– А яго і не рэпрэсіравалі. Яго проста забылі.
– Ну хай забылі. Забылі, бо іншыя былі справы. А галоўнае, былі большыя, чым ён, героі. Ну на самай справе, – ажывіўся Ксяндзоў,– што ён такое зрабіў? Ці забіў ён хоць аднаго немца?
– Ніводнага.
– Вось бачыце. I гэта яго заступніцтва не зусім ладнае. Я б сказаў, нават бязглуздае.
– Не бязглуздае! – абрэзаў яго Ткачук, і па яго нервовым парывістым голасе я яшчэ болей адчуў, што цяпер гаварыць ім не трэба. Але, відаць, у Ксяндзова таксама нешта накіпела за вечар, і ён хацеў у што б там ні стала пакарыстацца выпадкам і давесці сваё.
– Абсалютна бязглуздае. Што ён – абараніў каго? Пра Міклашэвіча не будзем гаварыць – Міклашэвіч выпадкам застаўся жывы, ён не ў лік. Я сам некалі займаўся гэтаю справай і, ведаеце, не бачу асаблівага подзвігу за гэтым Марозам.
– Шкада, што не бачыце! – зусім ужо варожа адрэзаў Ткачук. – Бо, мусіць, слепаваты! Душэўна слепаваты!
– Гм… Ну хай слепаваты, – паблажліва згадзіўся загадчык райана. – Але ж не я адзін так думаю. Ёсць і другія…
– Сляпыя? Безумоўна! I глухія. Нягледзячы на пасады і рангі. Ад прыроды сляпыя. Во як! Але ж… Вось вы мне скажыце, колькі вам год?
– Ну, трыццаць восем, дапусцім.
– Дапусцім. Значыць, вайну вы па газетах ды па кіно ведаеце. Так? А я яе сваімі рукамі рабіў. Міклашэвіч у яе кіпцюрах пабываў ды во так і не вырваўся. Дык чаму ж вы нас не запытаеце? Мы ж нейкім чынам спецыялісты. А цяпер жа скрозь і ва ўсім спецыялізацыя. Дык мы ж інжынеры вайны. I пра Мароза ў нас спярша запытаць трэба было…
– Што пытаць? Вы ж самі той дакумент падпісалі. Аб палоне Мароза, – загарачыўся і Ксяндзоў.
– Падпісаў, бо дурны быў,– кінуў Ткачук.
– Ось бачыце! – нядобра ўзрадаваўся загадчык райана. Ён сядзеў, павярнуўшыся да нас тварам, імпэт спрэчкі захапляў яго ўсё болей. – Ось бачыце! Самі і напісалі. I правільна зрабілі, бо… Вось цяпер вы мне скажыце: што было б, калі б кожны партызан так зрабіў, як Мароз?
– Што?
– У палон здаўся.
– Дурань! – раўнуў Ткачук. – Бязглузды дурань! Спыніце машыну! Чуеш, спыні машыну! – закрычаў ён да шафёра. – Я не хачу з вамі ехаць.
– Магу і спыніць, – раптам кінуў гаспадар. – Калі нельга без асабістых зняваг.
Шафёр, здаецца, і сапраўды прытармазіў. Ткачук зрабіў спробу ўстаць і ўхапіўся за спіну сядзення. Але гэта было ўжо занадта. Я нават спалохаўся за Ткачука і моцна ўзяў яго за локаць.
– Цімох Цітавіч, пастойце. Навошта так…
– Сапраўды, – сказаў Ксяндзоў і адвярнуўся. – Цяпер не час. Пагаворым у іншым месцы.
– Што ў іншым! Я не хачу з вамі пра гэта гаварыць! Вы чуеце?! Ніколі! Вы глушэц! – Во ён – чалавек. Ён разумее! – кіўнуў Ткачук у мой бок. – Бо ён слухаць умее. Ён хоча разабрацца. А для вас загадзя ўсё ясна. Раз і назаўжды. Але хіба так можна? Жыццё – гэта мільёны сітуацый, мільёны характараў. I мільёны лёсаў. А вы ўсё хочаце ўкласці ў дзве – тры схемы. Каб прасцей! Ды меней турбот. Забіў немца ці не забіў?.. Ён болей зрабіў.
Штосьці ў Ткачуку надарвалася. Захлынаючыся, нібы баючыся не паспець, ён стараўся выкласці гэта сваё набалелае і, мабыць, цяпер самае для яго галоўнае.
– Мароза няма. Не стала Міклашэвіча – ён-то разумеў выдатна. Але я застаўся. Дык што ж вы думаеце, я змоўчу? Чорта з два! Пакуль я жывы, я давяду, што такое Мароз! Увяду ў самыя глухія вушы. Чакайце! Во і ён паможа, і другія… Ёсць яшчэ людзі! Я дакажу! Думаеце, стары? Не-е, памыляецеся…
Ён гаварыў нешта яшчэ. Гэта быў яго непадкантрольны парыў, выбух пачуцця, можа, насуперак яго жаданню. Але, не сустрэўшы пярэчання, Ткачук усё ж выдыхся і змоўк. Сціх і адчужана сцяўся ў кутку на сядзенні. Ксяндзоў, мабыць, не чакаў гэтага запалу і таксама змоўк, засяроджана ўзіраючыся на дарогу. Я таксама маўчаў. Мы пад'язджалі к гораду, шафёр развіў добрую хуткасць на пустой уначы дарозе. Асфальтка шалёна бегла пад колы машыны, з віхрам і шалясценнем ірвалася з-пад іх назад, фары лёгка і ярка рассоўвалі змрок. Па баках бясконца мільгалі белыя ў промнях святла слупы, дарожныя знакі, вербы з пабеленымі камлямі. Роўна і дужа вурчаў матор.
На душы было тлумна і прыкра – нядоўгая сутычка з Ксяндзовым нічога для мяне не праясніла і ні ў чым не пераканала. Мне яшчэ трэба было шмат у чым разабрацца. Праўда, пачуццямі я нязменна быў на баку Ткачука і гатовы быў памагчы яму, толькі не ведаў як. Кажуць, збоку відней. Магчыма, гэта і так, можа і сапраўды цяпер за мной слова. Бо Ткачук быў. надта блізка да ўсёй гэтай трагічнай гісторыі, Міклашэвіч стаў яе героем і яе ахвярай. Ксяндзоў, мабыць, даўно і моцна быў у палоне свае прадузятасці, з якой не так лёгка вызваліцца. Магчыма, кожны з іх па-свойму быў правы, але хто правы найбольш, гэтага я не ведаў. Зноў жа, што я тады мог? Хіба напісаць аб тым так, як чуў, як разумеў сам. I вось хай цяпер рашае чытач. Хай разбіраецца. Кожны адпаведна свайму светапогляду, свайму позірку на вайну, на гераізм, на свой абавязак перад сумленнем і перад гісторыяй…