355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Васіль Быкаў » Абеліск » Текст книги (страница 2)
Абеліск
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 19:50

Текст книги "Абеліск"


Автор книги: Васіль Быкаў


Жанр:

   

Военная проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)

– Сёння якое чысло? Чатырнаццатае? Во акурат у гэтую пару першы раз наведаўся ў Сяльцо. Цяпер ужо прывычная справа – усе гэтыя куткі-дарогі, а тады ўсё тут было новае, цікавае. Маёнтак гэты, дзе школа, тады быў не такі абшкрэбаны – спраўны, стары, але дагледжаны дом, расфарбаваны, як лялька. Пан Габрусь у верасні ўцёк, пакінуўшы ўсё, падаўся, казалі, да румынаў, ну а тут Мароз школку адкрыў. На школьным двары перад парадным высіліся два нейкія дрэвы, не тутэйшыя, дужа сукаватыя, з нейкім серабрыстым лісцем. Гіганты, як тыя амерыканскія секвоі. Такія цяпер яшчэ дзе-нідзе на былых маёнтках засталіся, дажываюць век. А тады іх многа было. У кожнага пана, лічы.

Той першы год я рабіў у райана загадчыкам. Школы амаль усе новыя, маленькія, наспех прыстасаваныя – то ў асадніцкіх сядзібах, то ў панскіх, а то проста ў вясковых хатах. Абсталявання, падручнікаў, інвентару не хапала, ды і з настаўнікамі таксама туга было. У гэтым Сялъцы разам з Марозам рабіла Падгайская, пані Ядзя, як мы яе звалі. Старая кабета жыла тут і пры Габрусі, вунь у тым самым флігелі. Нотная была пані, старая дзеўка. Рускую мову амаль не ведала, трохі разумела па-беларуску, але што датычыць астатняга – ого! Выхавання была самага гжэчнага.

I вось аднойчы пад вечар сяджу ў сваім кутку ў paйaна, зашыўся ў паперы – справаздачы, планы, ведамасці. Ездзіў па раёне, тыдзень не быў на месце, усё запусціў – страх! Не адразу пачуў – хтось шкрэбае ў дзверы. Заходзіць гэтая пані Ядзя – маленькая, шчупленькая, але з лісой на шыі і ў шыкоўным такім капялюшыку. „Проша звініць, пан шэф, я, проша пана, па педагагічнай справе“. – „Што ж, калі ласка, сядайце, слухаю“.

Сядае на краёчак крэсла, аберуч папраўляе свой такі пекны капялюшык і пачынае сыпаць амаль скрозь па-польску – ледзь разбіраю. Усе манеры старанна выхаванай паненкі, а самой гадоў за пяцьдзесят – такі зморшчаны, хітранькі тварык. Што ж аказваецца? Аказваецца, мае канфлікт на педагагічнай аснове са сваім школьным шэфам у Сяльцы калегам Марозам. Аказваецца, гэты Мароз не падтрымлівае дысцыпліны, як роўны паводзіць сябе з вучнямі, вучыць без неабходнай строгасці, не выконвае наркаматаўскіх праграм і самае галоўнае – кажа вучням, што не трэба хадзіць да касцёла, хай туды ходзяць бабулі з дзядулямі.

Ну, наконт касцёла я, вядома, не дужа спалохаўся, – правільна робіць Мароз, калі так раіць. А вось што датычыць панібрацтва, дысцыпліны, непавагі да наркаматаўскіх праграм, гэта ўжо затрывожыла. Але хто такі гэты Мароз – паняцця не маю, у Сяльцы ні разу не быў. Дай, думаю, пры першай магчымасці махну, пагляджу, што там у яго за парадкі.

Магчымасць надарылася аднак не дужа хутка, ды праз. тыдні два ўсё ж вырваўся, узяў у гаспадара, дзе кватараваў, ягоны веласіпед, „ровар“ па-тутэйшаму, і рвануў во па гэтай шашы. Шаша, вядома, не такая як цяпер была – брук. Ехаць па ім хоць на фурманцы, хоць на ровары – кішкі вытрасеш. Але паехаў. Добра ціскануў на педалі і праз гадзіну ўкаціў у тую самую алейку з вязамі. Хацеў папасці на ўрок, ды прыпазніўся – урокі ўжо скончыліся, але здалёк яшчэ бачу – поўны двор дзетвары. Думаў, гульня якая, але не гульня – ідзе праца. Аказваецца, нарыхтоўваюць дровы. Бура паваліла тое заморскае дрэва ў двары, цяпер яго пілуюць, сякуць і носяць у хлявок. Мне гэта спадабалася. Дроў тады не хапала, кожны дзень скаргі са школ наконт холаду, а транспарту ў раёне ніякага – дзе ўзяць, адкуль прывезці? А гэтыя, бач, сцямілі і не чакаюць, калі там у раёне надумаюцца забяспечыць іх палівам – самі аб сабе клапоцяцца.

Злез у двары з веласіпеда, усе на мяне глядзяць, я на іх – дзе ж загадчык? „Я загадчык“, – кажа адзін, якога я не адразу і заўважыў, бо стаяў ён за таўшчэзным паваленым камлём – пілаваў яго з хлопцам, мабыць, пераросткам, ніштаватым такім хлопцам гадоў на пятнаццаць. Ну, кідае пілу, падыходзіць. I адразу бачу: кульгае. Адна нага неяк вывернута ўбок і быццам не разгінаецца, таму ён здорава прыпадае на яе і здаецца нібы недарослы. А так на выгляд плячысты, ладны з твару, позірк смелы, упэўнены. Мусіць, здагадваецца, хто перад ім, але ніякай замінкі ці там спалоху ў паводзінах. Прадстаўляецца: Мароз Алесь Іванавіч. Руку паціскае так, што адразу зразумела: дужы хлопец. Далонь шурпатая, цвёрдая, мусіць, такая работа яму не ўпершыню. Той напарнік яго стаіць з пілой і спрабуеяе аднаруч тузаць, але нічога ў яго не выходзіць, якраз на сук трапіла, ды і таўшчыня – больш метра ўпоперак. Мароз папрасіў прабачэння, узяўся, каб скончыць зарэз, але і ўдвух справа не дужа лепшае – пілу чым далей, тым больш заціскае ў распіле. Я стаю, гляджу, кажу: трэба нешта падкласці. Але каб падкласці, трэба прыўзняць. Мароз кінуў пілу, пачаў паднімаць за камель – ды адзін не дужа паднімеш. Тут хлапчукі, каторыя большыя, тожа папрыліпалі да бервяна, а тое ні з месца. Карацей кажучы, паклаў я на траву свой ровар ды таксама за той камель узяўся. Тужыліся, тужыліся, здаецца, прыўзнялі, яшчэ б сантыметр, можна б падапхнуць палку, але гэты апошні сантыметр, як заўжды, самы трудны. I тут, як на ліха, з-за рога выплывае тая самая пані Ядзя. Убачыла ровар, мяне ля камля, ды так і аслупянела.

Пасля, калі я гаварыў з ёй, зразумець нічога не магла, усё ўспамінала матку боску ды дзівілася: што гэта за настаўнікі ў Саветаў, ці маюць яны якія паняцці аб педагагічным такце і гонары? Кажу, не бяда, пані Ядзя, гонару ад таго не ўбавіцца, а дровы ў школе будуць. У цяпле працаваць будзеце. Ну але гэта пасля. А тады ўсё ж распілавалі мы тую чортаву калоду, і я ўжо забыўся, чаго прыехаў, скінуў свой адзінюткі пінжак і разам пілаваў з Марозам, пасля секлі. Папацеў уволю. Дзеці перанеслі дровы ў хлявок, і Мароз адпусціў усіх дадому.

Вядома, у той раз заначаваў у школе. Мароз жыў у баковачцы пры класе, спаў на цудоўнай, у стылі барока, канапцы з выгнутымі накшталт ільвіных лап ножкамі. Накрываўся, вядома, палітом, коўдры не меў. На тую ноч канапка дасталася мне, накрыўся сваім пінжачком. Перад тым як легчы, паелі бульбачкі, маці аднаго вучня на такі выпадак прынесла з хутара кавалак каўбасы і гарлач прастаквашы. Вячэралі і знаёміліся. Хоць пакуль пілавалі тыя дровы, адчувалася мне, што я ведаю яго ўсё жыццё. Родам ён быў з Магілёўшчыны, ужо гадоў пяць настаўнічаў пасля педвучылішча. Нага такая з дзяцінства, доўга балела, ды так і асталася. Я асцярожненька завёў размову пра нашы звычайныя рэчы: праграмы, паспяховасць, дысцыпліну. I тады пачуў ад яго нешта такое, што спярша выклікала ў ва мне нязгоду, а пасля роздум. А пасля я пачаў думаць, што, можа, ён і правы. Як цяпер гляджу з вышкі майго пенсійнага ўзросту, дык быў ён абсалютна правы.

Да, ён быў правы, бо глядзеў шырай і, можа, далей, чым гэта прынята глядзець, абмяжоўваючы свой кругагляд прафесійнымі нормамі. Нормы, яны, брат, харошая справа, калі не закасцянелі, не засохлі ад часу і не прыйшлі ў супярэчнасць з жыццём. Словам, ужываць іх, як і ўсякія догмы, трэба з розумам, гледзячы па абставінах. А ў нас як бывае? Цяпер усе прадметы за спецыялістамі, а ўсім спецыялістам трэба як мага лепшыя веды па іх спецыяльнасці. I таму, скажам, матэматычцы яе біном Ньютана ў сто разоў даражэй за ўсю паэтыку Пушкіна або чалавеказнаўства Талстога. А моваведу адасабляць ягоныя дзеяпрыслоўныя звароты – мера ўсяе годнасці вучня. За гэтыя свае коскі ён гатовы дзіця на другі год пакінуць і ў ВНУ не даць ходу. Матэматычка – таксама. I ніхто не падумае, што гэты біном таму вучню можа – і пэўна – ніколі ў жыцці і не прыгадзіцца, нават не прыгадаецца, ды і без косак пражыць можна. А вот як пражыць без Талстога? Ці можна ў наш час быць адукаваным чалавекам, не чытаўшы Талстога? Ды і наогул, ці можна быць чалавекам.

Цяпер, праўда, ужо прыгледзіліся і да Талстога, і да многага іншага, і гэта не так ужо кідаецца ў вочы. А тады ўсё тое выглядала інакш, відавочней, і Мароз гэта зразумеў, відаць, раней за мяне. Хоць я і быў старэйшы за яго год на пяць, і быў член партыі, і загадваў усім райана. I ён мне сказаў тае ноччу, калі мы ляжалі побач – я на яго канапцы, а ён на стале, – прыкладна так:

– З праграмамі ў школе сапраўды не зусім лады, паспяховасць не дужа бліскучая. Рабяты вучыліся ў польскай школе, многія, асабліва католікі, кепска спраўляюцца з беларускай граматыкай, іх пачатковыя веды не адпавядаюць курсам нашых праграм.

Але не гэта галоўнае. Галоўнае, каб яны цяпер зразумелі, што яны – людзі, не быдла, не нейкія там недалугі, якімі лічылі паны іхніх бацькоў, а самыя паўнапраўныя грамадзяне. Як і ўсе. I яны, і настаўнікі, і іх бацькі, і ўсе кіраўнікі ў раёне – усе роўныя ў сваёй краіне, нікога не трэба баяцца, трэба толькі вучыцца спасцігаць тое самае значнае, што далучае людзей да вышынь агульначалавечай і нацыянальнай культуры.

У тым ён бачыў свой самы найпершы настаўніцкі абавязак. I ён з іх рабіў не выдатнікаў вучобы, не паслухмяных зубрылак, а найперш – чалавекаў.

Сказаць такое, вядома, проста – трудней было да таго дадумацца і яшчэ трудней дамагчыся таго. Такое ў праграмах і методыках не дужа распрацавана, гадзіны на гэта на прадугледжаны. I Мароз сказаў, што найперш дамагчыся таго можна толькі ўласным прыкладам у працэсе ўзаемаадносін настаўніка з вучнямі.

Мабыць, мы ўсё ж мала ведаем і кепска вывучаем, чым было наша настаўніцтва для народа на працягу ягонай гісторыі. Духавенства – гэта вядома, тут яшчэ ёсцъ нейкі малюнак, больш або менш даставерны. Роля папа, ксяндза на кожным гістарычным этапе больш-менш вядома. А вось што зрабіла сельскае настаўніцтва ў нашых школах, што яно значыла для нашай некалі цёмнай сялянскайг краіны ў царскія: часы, пры Рэчы Паспалітай, у вайну, нарэшце, ды і пасля вайны? Гэта цяпер запытай якога падшыванца, кім ён будзе, калі вырасце, і ён скажа табе: інжынерам, урачом, лётчыкам, а то і касманаўтам. Да, цяпер ёсць такая магчымасць. I сапраўды так і бывае аж да касманаўта, уключна. А раней? Калі рос, бывала, харошы хлопчык, добра вучыўся, што пра яго казалі дарослыя? Вырасце – настаўнікам будзе. I гэта была найлепшая пахвала. Не ўсім вартым, вядома, удавалася дабіцца настаўніцкага лёсу, але да гэтага імкнуліся. Гэта была мяжа жыццёвае мары. I правільна. I не таму, што пачотна ці легка. Ці заробкі харошыя – не дай бог настаўніцкага хлеба, ды яшчэ ў вёсцы. Ды ў тыя даўнія часы. Галеча, беднасць, чужыя куткі, вясковая глуш і ў канцы – ранняя магіла ад сухотаў… I тым не менш, скажу табе, не было нічога больш важнага і карыснага, як тая штодзённая, ціхая, непрыкметная праца тысяч бязвесных сейбітаў на гэтай духоўнай ніве. Я так думаю: у тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, – найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў. Хай, можа, я і памыляюся, але так лічу.

I тут, як часта бывае, не абыходзіцца без сваіх энтузіястаў. Мароз быў менавіта адзін з такіх, хто ў гэтым сэнсе зрабіў для людзей найбольш. I зрабіў свядома, часам на свой страх і рызыку, праз труднасці і непрыемнасці. А непрыемнасцяў і розных канфліктаў у яго заўсёды хапала.

Памятаю, паехаў неяк у Сяльцо інспектар з вобласці – праз дзень вяртаецца ў раён абураны і гняўлівы. Аказваецца, чарговы скандал. Не паспеў таварыш інспектар увайсці ў Габрусёў палац, як на верандзе яго атакавалі сабакі. Адзін чорны, на трох лапах, а другі – ваш такі, дробны вяртлівы шчанюк (паліцаі пасля іх пастралялі). Да. Дык пакуль абаранілі інспектара, сабакі і распаласавалі яго калашыну. Ну, Мароз, канечне, прасіў прабачэння, а Ядзя зашывала пану інспектару штаніну, пакуль той сядзеў у пустым класе ў падштаніках. Аказваецца, сабакі былі школьныя. Менавіта так. Не вясковыя, не адкудь з хутара і нават не асабіста настаўнікавы, а агульныя, школьныя. Дзеці недзе знайшлі шчанят, бацькі загадалі ўтапіць, але перад тым у класе чыталі тургенеўскага „Муму“, і вось Алесь Іванавіч рашыў пасяліць шчанюкоў пры школе, каб усім па чарзе іх даглядаць. Так у Сяльцы завяліся школьныя сабакі.

А пасля завёўся і школьны шпак. Не мог ляцець у вырай, адстаў увосень ад шпачынае грамадкі, злавілі яго на лузе, мокрага дахадзягу, і Мароз таксама пасяліў яго ў школе. Спярша лётаў па класе, а пасля змайстравалі клетку, але клетку найбольш дзеля таго каб не з'еў кот. Ну, вядома, быў там і кот, сляпое такое бездапаможнае стварэнне, якое нічога не бачыць, а толькі мяўкае, есці просіць.

Тым часам цямнела. Шэрая даўжэзная стужка дарогі, выгінаючыся па пагорках, знікала ў прыцьмелай далечыні. Далягляд ціха марнеў у змрочным тумане, аселі ў вечаровай смузе палі, а лес зводдаль усё болей рабіўся цьмянай глухой паласой. Неба наперадзе, куды ішла дарога, зусім змеркла, ягоная вышыня над намі замутнелася няпэўпым колерам, толькі заходні небакрай ззаду яшчэ свяціўся залаціста-шэрай смутой. Машыны па шашы ўжо ішлі з уключанымі фарамі, але, як на злосць, усе з горада, нам насустрач. Пасля нікеляванай „Волгі“, нас не абагнала ніводная машына. Слухаючы Ткачука, я час ад часу азіраўся назад і яшчэ здалёку згледзеў на шашы дзве кропкі па-вечароваму зыркіх фараў.

– Аўтобус, – сказаў Ткачук з упэўненасцю.

Мабыць, мой спадарожнік быў дальназоркі, бо я на такой адлегласці не мог адрозніць легкавушкі ад грузавой, ён жа разгледзеў, што гэта менавіта аўтобус. I праўда, яшчэ праз нейкі нядоўгі час мы ўжо абодва ўбачылі на шашы вялікі шэры аўтобус, які хутка наганяў нас. Вось ён на момант знік у нябачнай адсюль лагчынцы, каб затым з яшчэ большым імпэтам вынікнуць бліжэй, з-за пагорачка; выразней сталі калючыя агеньчыкі яго фараў і нават стала прыкметна, як цьмяна адсвечваў яго салон. Аўтобус, аднак, замаруджваў хаду, міргнуў адной фарай і стаў, трохі ўзяўшы да абочыны. Ён не даехаў да нас можа метраў з трыста, і мы, раптам падхопленыя надзеяй пад'ехаць, памкнулі абодва насустрач. Я трохі паспешліва сарваўся з месца бягом. Ткачук таксама паспрабаваў бегчы, ды хутка адстаў, але я думаў, што трэба хоць мне паспець – я б пастараўся і для майго спадарожніка.

Бегчы было ўвогуле лёгка, трохі ўніз, падэшвы гучна ляскалі па гладкім уезджаным асфальце, аж забалела ў ступнях. Здавалася, аднак, – не дабяжым, аўтобус вось-вось кранецца, ды пакуль што ён стаяў. З яго нават хтось выйшаў, мабыць, вадзіцель, пакінуўшы расчыненыя дзверцы, абышоў ззаду і там нечым разы два бразнуў. Я ўжо быў зусім блізка і яшчэ болей напяў свае сілы, здалося – дабягу, як вадзіцель ускочыў у кабіну, і аўтобус сарваўся з месца.

Не жадаючы ўсё ж развітвацца з надзеяй, я спыніў бег на асфальце і шалёна замахаў рукой: маўляў, стой, вазьміце ж! Мне нават здалося, што аўтобус прытармазіў, і тады я зноў кінуўся да яго ледзь не пад самыя колы. Але на хаду адчыніліся дзверцы кабіны вадзіцеля, і праз узнятую аўтобусам віхуру на дарогу вылецела:

– Няма, няма астаноўкі. Чашы далей…

Я застаўся адзін сярод гладкае паласы асфальту, Удалечыні сцішана гудзеў матор камфартабельнага „Ікаруса“, зводдаль на пагорачку стрымана маячыла цьмяная постаць Ткачука. „Каб ты спрах, гад!“ – вырвалася з душы, як праклён, – трэба ж было падмануць гэтак. Было прыкра, быццам мне ўчынілі якую подласць, хоць я разумеў, што ніякая гэта не подласць і не такое ўжо няшчасце – сапраўды, хіба тут была астаноўка? А калі не было, дык навошта гэтаму міжгародняму хуткаснаму экспрэсу падбіраць усіх валацуг – для таго, мусіць, ёсць аўтобусы мясцовых ліній.

Напэўна, я выглядаў надта маркотным, калі дабрыў да Ткачука, які дачакаўся мяне і спакойна зазначыў:

– Не ўзяў? I не возьме. Яны такія. Раней бы ўсіх сабраў, каб рубля зарабіць. А цяпер зарабіць нельга – кантроль, ну і жме. На злосць быццам сабе і другім.

– Кажа, астаноўкі няма.

– Але ж спыняўся. Мог бы… Ды што там. Я ўжо ў такіх выпадках маўчу: сабе дзешавей абыходзіцца.

Мабыць, ён быў правы: не трэба было спадзявацца – не было б і расчаравання. Значыць, будзем топаць памалу далей. Трошкі, праўда, прытаміліся ногі, але калі мой старэйшы спадарожнік маўчаў, дык і мне, мусіць, належала сябе паводзіць спакойней.

– Але. Дык, значыцца, пра Мароза, – сказаў Ткачук, прадаўжаючы свой перарваны расказ. – Другі раз наведаўся я ў Сяльцо зімой. Маразы стаялі лютыя, памятаеце ж, напэўна, зіму саракавога года. Сады вымярзалі. Пашэнціла, пад'ехаў у санях з нейкім дзядзькам, ногі закапаў у сена і то змерзлі – думаў, адмарозіў зусім. У школу ледзьве дабег, было позна, вечар, у адным акенцы святло гарыць, пастукаў. Бачу, быццам глядзіць нехта праз замерзлую шыбу, а не адчыняе. Што, думаю, за ліха, ці не шуры-муры якія завёў тут мой Алесь Іванавіч. „Адчыні,– кажу, – гэта я, Ткачук з райана“. Нарэшце адчыняюцца дзверы, недзе брэша сабака, уваходжу. Перада мной хлопчык з лямпай у руках. „Ты што тут робіш?“ – пытаюся. „Нічога, – кажа. – Чыстапісанне пішу“. – „А чаму дамоў не ідзеш? Ці можа Алесь Іванавіч пасля ўрокаў пакінуў?“ Маўчыць. „А дзе сам Алесь Іванавіч?“ – „Павёў Ленку Удодаву з Вольгай“. – „Куды павёў?“ – „Дамоў“. Нічога не разумею. Чаму трэба вадзіць вучняў дадому? „А што, ён усіх вучняў па дамах разводзіць?“ – пытаюся, трохі ўжо злуючыся, вядома, за такую сустрэчу. „Не, – кажа, – не ўсіх. Бо гэтыя малыя, а ім праз лес ісці трэба“.

Ну што ж, ладна, думаю. Распрануўся, пачаў трохі грэцца, настрой мой пайшоў угору. Але мінула з гадзіну часу, а Мароза няма. „Дык колькі ж, – пытаюся, – да той іх вёскі?“ Кажа: „Вярсты тры будзе“. Хай. Сядзім, чакаем. Хлопец у сшытку піша. „А цябе ён пакінуў, мусіць, печку паліць? – пытаюся. – Ты дзе жывеш?“ „Тут, – кажа, – жыву. Бо мяне Алесь Іванавіч узяў, а то мой тата б'ецца“. Э, вось яно, аказваецца, якая справа. Як бы яна не абярнулася новым клопатам. I, скажу табе, так і выйшла. Як я прадчуваў, так і атрымалася.

Гадзіны праз тры вяртаецца Мароз. Ні стуку, ні крокаў – нічога, здаецца, не было чутно, толькі хлопец мой, Паўлік… Да, да, ты здагадаўся правільна. Іменна Паўлік, Павел Іванавіч, будучы таварыш Міклашэвіч… Тады быў такі чарнавокі, худзенькі, рухавы хлопчык. Дык гэты Паўлік зрываецца, бяжыць цераз клас і адчыняе дзверы. Увальваецца Мароз, увесь заінелы, заснежены, паставіў у кут свой кіёчак з такой, накшталт казлінае галавы, ручкай. Павіталіся. Тлумачыць сваю затрымку. Аказваецца, такая справа: у маці гэтых дзяўчат штось здарылася з каровай, не магла расцяліцца, ну вось і затрымаўся настаўнік, даваў рады. А дзяўчаты? Ну то простая гісторыя. Пачаліся халады, маці зняла іх са школы, маўляў, кепскі абутак ды і далёка хадзіць. Усё гэта звычайна тады было, але справа ў тым, што дзяўчаты – блізняты, надта слаўныя былі дзеўкі, вучыліся добра, і Мароз разумеў, што гэта значыла для маці-ўдавы (бацька з нямецкай вайны не вярнуўся, забілі пад Гдыняй). Ну дык Мароз, вядома, суцешыў бабу, купіў дзеўкам па пары чаравікаў – сталі вучыцца. Толькі вось як пабольшалі ночы, забаяліся адны хадзіць праз лес, трэба было некаму праводзіць. Звычайна гэта рабіў пераростак Коля Бародзіч, той, што некалі пілаваў з настаўнікам дрэва. Але цяпер Бародзіч не прыйшоў нешта, мусіць, дома якая патрэба здарылася, вось і давялося ісці з малымі самому.

Расказвае ён гэта, а я маўчу. Чорт ведае, што сказаць яму, педагагічна гэта ці не – тут усе нашы педпастулаты паблыталіся. Мароз гэты наогул быў майстра блытаць пастулаты, і я ўжо стаў прывыкаць да гэтай яго рысы. А пра ягонага кватаранта мы тады не дужа і гаварылі. Ён сказаў толькі, што хлопчык пакуль пабудзе ў школе, дома нелады. Ну што ж, думаю, хай. Тым болей такія халады на вуліцы.

I вось праз якіх пару тыдняў выклікаюць мяне да пракурора раёна. Што яшчэ, думаю, за ліха, не любіў я гэтых законнікаў, ад іх заўжды чакай непрыемнасцяў. Прыходжу, там сядзіць нейкі дзядзька ў кажусе, і пракурор – таварыш Сівак – строга гэтак загадвае мне ехаць у Сяльцо і адабраць у грамадзяніна Мароза сына гэтага вось грамадзяніна Міклашэвіча. Я паспрабаваў пярэчыць, ды наткнуўся на адзін аргумент, якім заўжды, бы даўбнёй, біў пракурор: закон! Ладна, думаю, закон дык закон. Селі ў міліцэйскі вазок і з участковым і селянінам пакацілі ў Сяльцо.

Прыехалі пад канец заняткаў, выклікалі Мароза, узяліся яму тлумачыць, у чым справа: пракурор загадаў, на баку грамадзяніна Міклашэвіча закон, трэба вярнуць хлопца. Мароз выслухаў усё моўчкі, паклікаў Паўла. Той убачыў бацьку, сцяўся, як звярок які, блізка не падыходзіць. А тут уся дзятва за дзвярыма, апранулася, а дамоў не ідзе, чакае, што будзе. Мароз і кажа Паўліку: так і таж, маўляў, пойдзеш дамоў да бацькі. Так трэба. А той ні з месца. „Не пайду, – кажа. – Я ў вас жыць хачу“. Ну, Мароз няўмела так, вядома няшчыра, тлумачыць, што жыць у яго больш нельга, што па закону сын павінен жыць з бацькам і ў даным выпадку з мачахай (маці перад тым памерла, бацька ажаніўся з другой, ну і ўсчаліся там нелады з хлопцам – вядомая справа). Ледзь угаварыў хлопца. Той, праўда, заплакаў, але апрануў свой пінжачок, сабраўся ў дарогу.

I вось карціна як сёння стаіць перад вачыма, хоць мінула ўжо… Колькі ж гэта? Мусіць, трыццаць гадоў. Мы стаім на верандзе, дзеці тоўпяцца ў двары, а старшы Міклашэвіч у доўгім чырвоным кажуху вядзе па алейцы да шашы Паўліка.

Атмасфера напружаная, дзятва на нас не пазірае, міліцыянер маўчыць. Мароз проста скамянеў тварам, Тыя двое адышліся далекавата, так па алейцы, і тут, бачым, спыняюцца, бацька тузае за руку сына, той пачынае вырывацца, але, вядома, не вырвецца. Тады Міклашэвіч знімае аднарўч папругу і пачынае лупіць сына. Не дачакаўся нават, пакуль з чужых вачэй сыдуць. Паўлік ірвецца, плача, дзятва ў двары загаманіла, некаторыя павяртаюцца ў наш бок, у вачах папрок – чагось чакаюць ад свайго настаўніка. I што думаеце? Мароз рангам як сарвецца з веранды, кульгаючы, цераз двор – туды. „Стойце! – крычыць. – Спыніцеся біць!“

Міклашэвіч і праўда спыніўся, перастаў біць, сапе, зверам пазірае на настаўніка, а той падыходзіць, вырывае Паўлаву руку з бацькавых рук і кажа так з дрыготкаю ў голасе: „Вы ў мяне яго не атрымаеце! Зразумела?“ Міклашэвіч раз'ятраны – да настаўніка, але і Мароз, не глядзі што калека, таксама грудзі наперад і гатовы ў бойку. Ну, тут ужо мы падаспелі, разнялі, не далі пабіцца.

Разняць-то разнялі, а далей што? Паўлік уцёк у школу, бацька лаецца і грозіцца, я маўчу. Міліцыянер чакае. Ён што, ён выканаўчая ўлада. Ну але неяк уціхамірылі мы абодвух. Міклашэвіч пайшоў на шашу, а мы ўтрох асталіся – што рабіць? Тым болей што Мароз адразу ж аб'явіў з уласцівай яму катэгарычнасцю: такому бацьку хлопца не аддам.

Вярнуліся мы з міліцыянерам у раён ні з чым, загад пракурорскі не выканалі. Перадалі ўсю гэтую справу на выканком, назначылі камісію, а бацька тым часам падаў у суд. Да, было клопату і непрыемнасцяў яму і мне – хапіла абодвум. Але Мароз усё ж дабіўся свайго: камісія рашыла перадаць хлопца ў дзетдом. Праўда, з выкананнем гэтага саламонавага рашэння Мароз не спяшаўся і ў тым меў рацыю.

Тут яшчэ трэба ўспомніць пра адну акалічнасць. Справа ў тым, што, як я ўжо гаварыў, школы ствараліся нанова, усяго не хапала. Кожны дзень у раён прыязджалі з вёсак настаўнікі, скардзіліся на ўмовы, прасілі то парты, то дошкі, то дровы, то газу, то паперу і, вядома, падручнікі. Падручнікаў не хапала, мала было бібліятэк. А чыталі здорава, чыталі ўсе: школьнікі, настаўнікі, моладзь. Кнігі даставалі дзе толькі можна было. Мароз, калі прыязджаў у мястэчка, найбольш падступаў да мяне з просьбай: трэба кніжкі. Штокольвечы я, вядома, яму даваў, калі прывозілі, але, зразумела, не шмат. Ды, прызнацца, думаў: школка малая, нашто яму там вялікая бібліятэка? Тады ён узяўся здабываць кніжкі сам.

Кіламетры за тры ад раённага мястэчка, калі ты ведаеш, ёсць такая вёска Княжава. Вёска звычайная, нічога там княжацкага няма, але тады непадалёк быў панскі маёнтак, у вайну пры немцах згарэў. А пры паляках там жыў нейкі багаты пан, пасля яго засталася вялікая бібліятэка. Я там быў неяк, глядзеў,– здаецца, нічога здатнага. Кніг многа, новыя і старыя, але ўсе на польскай ды на французскай мовах. I вось гэты Мароз упрасіў дазволу з'ездзіць туды адабраць што-небудзь для школы.

I ведаеш, яму пашэнціла. Недзе, на гарышчы, здаецца, адкапаў сундук з рускімі кніжкамі, і сярод усяго не дужа вартаснага – розных там гадавых камплектаў „Нивы“, „Мира божьего“, „Огонька“ – аказаўся эбор твораў Талстога. Мне ён пра тэта не сказаў нічога, у першы выхадны ўзяў у Сяльцы фурманку, вучня, таго пераростка, што пілаваў з ім дрэва, – і зноў у Княжава. Але справа такая: пачалася вясна, дарога раскісла, як на тую бяду паламаўся мост, блізка пад'ехаць да сядзібы неяк. Тады ён пачаў насіць кніжкі цераз раку па лёдзе. Усё ішло добра, ды ў самым канцы, ужо ўпоцемку, праваліўся ля берага. ІІраўда, нічога страшнага тады не сталася, але намачыў ногі да каленяў і захварэў. Ды здорава захварэў – на цэлы месяц. Запаленне лёгкіх.

Мне сказаў пра тэта прыезджы дзядзька з Сяльца, і вось я ламлю галаву: як быць? Настаўнік хварэе, школу хоць закрывай. Пані Ядзя, памятаю, тады ўжо не працавала, выехала некуды, замены ніякай, во, мусіць, рабятам воля. Ведаю, трэба з'ездзіць туды, ды часу няма – сноўдаю па раёне, арганізую калгасы. I ўсё ж аднаго разу праездам завярнуў у тую алейку. Дай, думаю, праведаю Мароза, ці жывы хаця?

Заходжу у калідор – на вешалцы поўна адзення. Ну, думаю, слава богу, значыць, паправіўся, пэўна, ідуць заняткі. Адчыняю дзверы ў клас – стаяць штук дзесяць парт і – пуста. Што, думаю, за ліха, дзе ж дзеці? Прыслухаўся: недзе быццам размова, ціхая такая, складная, бы моліцца хто. Яшчэ прыслухаўся: зусім дзіва – чую маналог князя Андрэя над Аўстэрліцам. Ведаеш, гэты: „Где оно, это высокое небо, которого я не знал до сих пор и увидел нынче… И страдания этого я не знал также… Да, я ничего этого не знал до сих пор. Но где я?“

Мне таксама здалося: дзе я? Такога я не чуў ужо дзесяць год, а некалі, будучы студэнтам, гэты ўрывак таксама дэкламаваў на літаратурным вечары.

Ціхенька, вядома, адчыняю дзверы – у Марозавай бакоўцы поўна дзяцей – паселі хто дзе: на стале, на лаўках, на падаконніку і на падлозе. Сам Мароз ляжыць на сваёй канапцы, укрыты кажушком, і чытае. Чытае Талстога. I такая цішыня і ўвага, што муху чуваць. На мяне ніхто не звяртае ўвагі – не чуюць. I я стаю, не ведаю, што рабіць. Першае пачуццё: проста зачыніць дзверы ды ехаць назад.

Але усё ж успомніу, што я – начальства, загадчык райана і адказны за педпрацэс у раёне. Гэта добра – чытаць Талстога, але ж і праграму выконваць трэба. А калі ты ўжо можаш чытаць „Вайну і мір“, дык, мусіць, і вучыць можаш? А то чаго ж вучням брысці за столькі кіламетраў у гэта Сяльцо?

Прыкладна так я і сказаў яму, калі мы адправілі вучняў і засталіся адны. А ён кажа, што ўсе тыя праграмы, усе тыя веды, што ён прапусціў з вучнямі за месяц хваробы, не варты дзвюх старонак Талстога. Я дазволіў сабе не пагадзіцца, і мы паспрачаліся.

Тую вясну Мароз вывучаў Талстога, сам перачытаў наскрозь усяго, многае прачытаў вучням. То была навука! Гэта цяпер, знаеш, любы студэнт ці нават старшакласнік, толькі завядзі з ім гаворку пра Талстога ці там Дастаеўскага, адразу табе выпаліць усе іх хібы, памылкі і абмежаванасці. Пра вартасці і значэнне трэба яшчэ дачытацца, а недахопы найперш у кожнага па палічках раскладзены. Наўрад ці хто ведае, на якой гары ляжаў паранены пад Аўстэрліцам князь Андрэй, а заблуджэнні Талстога ў кожнага напералік. А Мароз вось не раскладваў нічога па палічках – проста чытаў вучням і сам убіраў у сябе ўсё спрэс, душой убіраў. Чулая душа – яна выдатна сама разбярэцца, дзе добрае, а дзе так сабе. Добрае ўвойдзе ў яе, як свае, а так сабе – хутка забудзецца. Усё раздзеліцца, як на ветры зерне з мякінаю.

Цяпер я гэта зразумеў выдатна, а тады што ж… Быў малады ды яшчэ начальнік.

Звычайна ў хлапечай кампаніі знаходзіцца нехта адзін, старэйшы ці там разумнейшы, які сваім характерам ці аўтарытэтам хутка падначальвае сабе астатніх. У той школе, у Сяльцы, як мне пасля гаварыў і Міклашэвіч, такім хлопцам стаў іменна Коля Бародзіч. Калі ты памятаеш, яго прозвішча ішло першым на помніку, а цяпер стала другім пасля Мароза. I гэта правільна. Ва ўсёй гэтай гісторыі з мостам іменна Коля сыграў першую скрыпку. Трагічную, вядома, скрыпку. Але што ж…

Я бачыў яго некалькі разоў, заўжды ён быў поруч з Марозам. Плячысты такі, прыкметны юнак, упартага маўклівага характару. Мяркуючы па ўсім, вельмі любіў настаўніка. Проста быў адданы яму бязмежна. Праўда, я ніколі не чуў ад яго ніводнага слова – заўжды пазірае з-пад ілба і маўчыць, быццам злуецца за што. Было яму ў той час, мабыць, гадоў шаснаццаць, пры паляках, вядома, не дужа вучыўся, у Мароза хадзіў у чацвёрты клас. Да, яшчэ адна дэталь: у саракавым скончыў гэты чацвёрты, далей трэба было падавацца ў НСШ за шэсць кіламетраў у Будзілавічы. Дык ён не пайшоў. Папрасіўся ў Мароза хадзіць другі год у чацвёрты. Абы ў Сяльцо.

Мароз, апроч таго, што вучыў па праграме і наладжваў чыткі кніжак без праграмы, яшчэ займаўся і самадзейнасцю. Мастацкай, вядома. Ставілі, помню, „Паўлінку“, нейкія п'ескі, дэкламавалі, спявалі, ну як звычайна. Ну і, вядома, былі ў іх антырэлігійныя нумары, байкі там пра папа і ксяндза. I вось гэтыя нумары, пэўна, камусь не спадабаліся, аб тым уведаў ксёндз у Скрылёве, які ў часе службы на нейкае свята зняважліва сказаў пра настаўніка з Сяльцоўскай школы. Як высветлілася потым, даволі подла абразіў яго за кульгавасць, быццам ён быў у тым вінен. Зрэшты, пра гэта даведаліся пасля. А перш: здарылася вось што.

Неяк аднаго разу сустракае мяне ў сталоўцы пракурор, усё той жа Сівак, кажа, каб зайшоў у пракуратуру. Я ўжо казаў, што страх як не любіў гэтых візітаў, але што ж, не адмовішся, мусіш ісці… I вось, аказваецца, у пракуратуру паступіла скарга ад скрылёўскага ксяндза на злодзея, які ўлез у святы храм і асквярніў алтар, ці як там у іх, католікаў, называецца гэта штуковіна. Нешта напісаў там.

Служкі аднак злавілі асквярніцеля, і ім аказаўся сяльцоўскі вучань Мікалай Бародзіч. Цяпер ксёндз і група прыхаджан звяртаюцца да ўлады з просьбай пакараць зламысніка і яго настаўнікаў.

Што тут рабіць – зноў разбірацца? Праз тыдзень у Сяльцо выязджае следчы, участковы, нехта з ксяндзоўскага начальства з Гродні. Бародзіч не адмаўляецца: так, хацеў адпомсціць ксяндзу. Але за каго і за што – не гаворыць. Яму кажуць: не прызнаешся па шчырасці – засудзяць, не паглядзяць, што малалетак. „Ну і хай, – кажа, – засудзяць“.

I што ты думаеш, чым скончылася? Мароз усю віну ўзяў на сябе, давёў начальству, бьццам усё гэта вынік яго не зусім прадуманага выхавання. Ездзіў некуды ў цэнтр, хадайнічаў – і хлопца пакінулі ў спакоі. I ксяндзы адвязаліся. Ну ці трэба казаць, што пасля гэтага не толькі школьнікі з Сяльца, але і сяляне з усяе акругі сталі глядзець на Мароза, як на якога заступніка. Што ў каго было цяжкага ці незразумелага – усе да ято цягнуліся ў школу. Цэлы кансультацыйны пункт адкрыў па розных пытаннях. Але не толькі тлумачыў ці даваў парады, яшчэ і клопату хапала самаму. Кожную вольную хвіліну – то ў раён, то ў Гродна. Во па гэтай самай шашы – на фурманках ці выпадковых, не частых тады машынах, а то і пешкі. I гэта кульгавы чалавек з кійком. I не за грошы, не па абавязку – так проста. Па прызванню вясковага настаўніка.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю