355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Васіль Быкаў » Абеліск » Текст книги (страница 3)
Абеліск
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 19:50

Текст книги "Абеліск"


Автор книги: Васіль Быкаў


Жанр:

   

Военная проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 5 страниц)

Знайдзі цяпер такога настаўніка.

Відаць, мы пратупалі па гэтай шашы гадзіну, калі не больш. Стала зусім ужо цёмна. Зямля асела ў змрок, туман заснаваў нізіны, хвойны лес непадалёк ад дарогі зачарнеўся няроўным зубчастым грабянём на светлаватым закрайку неба, на якім адна за другой запальваліся нанач зоркі. Было ціха, не сцюдзёна, хутчэй свежавата і дужа прывольна на апусцелай увосень зямлі, трошкі пахла свежай раллёй з палёў, таксама пылам, нафтай і асфальтам. Я слухаў Ткачука і падсвядома ўбіраў у сябе ўрачыстую веліч ночы, неба, дзе над соннай зямлёй пачыналася сваё, незразумелае, вечнае і недасяжнае начное жыццё. На небасхіле збоч ад дарогі ўжо выразна і спакойна гарэлі сем зор Вялікай Мядзведзіцы, над імі мільгаў коўшык Малой з Палярнай у хвасце, а наперадзе, якраз над шашой, тоненька і востра бліскала зорка Рыгеля, нібыта штэмпель на ражку срабрыстага канверціка Арыёна. I мне міжвольна падумалася: якія ўсё ж нікчэмныя ў сваім ненатуральным прыгостве грэчаскія міфы, хоць бы во і пра гэтага прыгажуна Арыёна, каханага багіні Эос, якога забіла ад рэўнасці другая багіня, Арцяміда. Тым не менш оперна-балетная смерць гэта ўражвае і чаруе чалавецтва на працягу тысяч гадоў ягонай гісторыі. Мусіць бы, і ў наш час кожны згадзіўся на яго месцы на такую ягоную смерць і асабліва на яго касмічнае бяссмерце ў выглядзе гэтага туманістага сузор'я на краі зіхоткага начнога неба. На жаль, гэта недаступна нікому. Міфалагічныя смерці так мала падобны на нашы зямныя, як опера на само жыццё, хоць бы вось і ў тым самым Сяльцы, аб якім цяпер, нанова перажываючы ўсё, расказваў побач Ткачук.

– I тут – вайна.

Знаеш, колькі мы да яе ні рыхтаваліся, як ні мацавалі абарону, колькі ні чыталі і ні думалі пра яе, а абрушылася яна нечакана, як бура ў ясны дзень. Праз тры дні ад пачатку, якраз у сераду, тут ужо былі немцы. Мясцовыя каторыя, тутэйшыя сяляне – тыя ўжо, знаеш, прывыклі за свой век да частых мінтрэг: як-ніяк, пры адным пакаленні трэцяя змена ўлады. Прывыклі, нібы так і павінна быць. А мы – усходнікі. Гэта было такое няшчасце – ці ж мы думалі калі, што на трэці дзень акажамся пад немцам! Памятаю, прыйшоў загад арганізаваць знішчальны атрад, каб лавіць нямецкіх дыверсантаў і парашутыстаў. Я кінуўся збіраць настаўнікаў, аб'ездзіў шэсць школ, у абед на ровары прыкаціў у раён, а там пуста. Кажуць, толькі што пакідалі ў палутарку свае бэбахі і пакацілі на Мінск, шашу, маўляў, ужо перарэзалі немцы. Я спярша не паверыў. Калі немцы, дык павінны ж недзе адступаць нашы, ці што. А то нашых з пачатку вайны тут ніхто ніводнага салдата не бачыў. Але тыя, што казалі так, не падманвалі – пад вечар у мястэчка напраўду ўкаціла штук шэсць вяздзеходаў на гусеніцах, і ў іх паўнютка самых сапраўдных фрыцаў.

Я ды яшчэ тры хлопцы – двое настаўнікаў і інструктар з райкома – гародамі шмыганулі ў жыта, праз яго ў лес і падаліся на ўсход. Тры дні ішлі – без дарог, праз балоты ля Нёмана, некалькі разоў пападалі ў такія перадзелкі, што не пажадаеш злодзею, думалі – каюк. Настаўніка аднаго, Сашу Крупеню, параніла ў жывот – што рабіць? А дзе фронт – чорт ведае, не дагоніш, відаць. Ужо, кажуць, і Мінск пад немцам. Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Заставацца – а дзе? У чужых людзей не дужа спадручна, ды і як папросішся? Рашылі вяртацца назад, усё ж у сваім раёне хоць людзі знаёмыя. За паўтара года пёразнаёміліся з рознымі.

I тут, знаеш, аказалася, што кепска ўсё ж мы зналі гэтых людзей. Колькі было гаворак, сустрэч, нават і за чаркай сядзелі, здавалася, усе добрыя, харошыя, шчырыя людзі. А на справе аказалася трошкі не так. З раненым прывалакліся ў Стары Двор – хутары такія пры лесе, у баку ад дарог, немцаў быццам яшчэ і не было тут. Ну, думаю, самае месца пераседзець якіх пару тыдняў, пакуль нашыя турнуць немцаў. На болей тады не разлічвалі – што ты! Каб хто сказаў, што вайна на чатыры гады зацягнецца, яго б панікёрам або правакатарам палічылі. Крупеня тым часам ужо даходзіць, далей ісці нельга. I я ўспомніў, што ў Старым Двары ў мяне знаёмы, актывіст, граматны такі чалавек, Усолец Васіль. Некалі начаваў у яго пасля сходу, пагаварылі тады ўсмак, спадабаўся чалавек: разумны, гаспадарлівы. І жонка, маладжавая такая кабетка, гасцінная, чысценькая, не як некаторыя. Грыбкамі салёнымі частавала. У хаце кветак поўна – усё застолле імі застаўлена. Ну, дык мы позна ноччу і заявіліся да гэтага Усольца. Так і так, трэба памагчы, паранены і так далей. I што, думаеш, наш знаёмец? Выслухаў і на парог не пусціў. „Кончылася тут, – кажа, – ваша ўласць!“ I так ляснуў дзвярыма, што з падстрэшша пасыпалася.

Прытуліла нас на тым часе простая такая цётка – трое дзяцей малых, старэйшы хлопчык глуханямы, муж у войску. Як даведалаея, што паранены (перад тым мы да другой сям'і ў крайнюю хату зайшлі), як дазналася, хто такая, – забрала ўсіх да сябе, бедалагу Крупеню абмыла, накарміла курыным булёнчыкам ды схавала пад снапамі ў пуньцы. I ўсё памятаю вохкала: можа ж і мой дзе, бедненькі, так мучыцца! Бо – любіла свайго бедненъкага, а, гэта, браце, заўжды нешта значыць. Ну, а Крупеня праз тыдзень памёр, не памог і курыны булёнчык: заражэнне пачалося. Цішком закапалі ноччу на краі могілак. Што рабіць далей? Пасядзелі яшчэ тыдзень у цёткі Ядвігі, і я пачаў намацваць сякіх-такіх партызан. Мусіць, думаю, павінны быць дзе нашыя. Не ўсе ж на ўсход паўцякалі. Без партызан ні адна вайна ў нас не абыходзілася – колькі аб тым кніжак напісана.

А знаеш, натрапіў-такі на групу акружэнцаў, чалавек трыццаць. Камандзір над усімі маёр Селязнёў, з кавалерыстаў, рашучы такі мужык, родам кубанскі, майстра вылаяцца ў сем паверхаў, накрычаць, нават прыстрэліць пад гарачую руку мог. А ўвогуле справядлівы. I што цікава: ніколі не ўгадаеш, як ён да цябе паставіцца, якім бокам. Толькі што гразіўся кулю ў лабаціну загнаць за ржавы затвор вінтоўкі, а праз гадзіну ўжо аб'яўляе табе падзяку за тое, што на пераходзе першы хату ўбачыў, дзе была магчымасць падсілкавацца. А пра затвор ён ужо і забыўся. Такі быў чалавек. Спярша ён мяне здзіўляў, пасля – нішто, прывык да гэтага яго кавалерыйскага нораву. У сорак другім пад Дзятлавам ішоў першым па сцежцы, за ім ад'ютант Сёма Царыкаў ды астатнія. I трэба ж– нейкі паліцай са страху пальнуў раз ад моста і прама камандзіру ў сэрца. Во табе і лес. У колькіх страшных баях удзельнічаў – і нічога. А тут адна за ўсю ноч куля і – у камандэіра.

Да, Селязнёў быў мужык асаблівы, але, знаеш, не без галавы. На ражон не пёр, як некаторыя. Заядлы болей на словах, а так нішто – думаў. Першыя пару месяцаў пасядзелі ў лесе, на Воўчых ямах – так мясціна тая называецца за Якімаўскай леснічоўкай. Пасля ўжо, у сорак трэцім, як мы перайшлі ў пушчу, там атабарылася Кіраўская брыгада. А тады, на пачатку, гэтыя ямы мы абжывалі. Здатнае, скажу табе месца: лес, балота, а там то пагоркі, то ямы, увалы – чорт нагу зломіць. Ну, пагрэліся крыху ў зямлянках, абвыкліся з лясным жыццём. Не ведаю, ці падказаў хто, ці маёр сам дайшоў, што вайна не на некалькі месяцаў – мабыць, наболей прадоўжыцца – і што без мясцовых яму не абысціся. Таму і прыняў у свае кадравае войска мяне і яшчэ некаторых: начальніка міліцыі з Пружан, студэнта аднаго, старшыню сельсавета з сакратаром. А на Кастрычніцкія святы і пракурор наш, таварыш Сівак, заяўляецца, таксама да фронту не дайшоў, вярнуўся. Спярша радавым быў, а пасля начальнікам асобаддзела паставлі. Ну але гэта пасля ўжо, пад восень, як Селязнёва не стала. А тады рашылі, што пакуль ціха, трэба агледзецца ды наладзіць сякія-такія сувязі з вёскамі, аднавіць знаёмства з надзейнымі людзьмі, памацаць на хутарах акружэнцаў, каторыя да маладзіц паўладкоўваліся. Перш-наперш разаслаў маёр усіх мясцовых, тутэйшых, – а такіх чалавек з дванаццаць тады ўжо назбіралася, – каго куды. Мяне з пракурорам, вядома, у былы наш раён. Рызыка тут нам, ведама, была большая, чым дзе ў другім месцы, – усё ж многа людзей тут нас ведалі, маглі апазнаць. Але затое і мы ведалі болей і трохі арыентаваліся ўжо, каму даверыцца, а каму не. Ды і выгляд наш быў не ранейшы, не адразу пазнаеш – абраслі бародамі, абадраліся. Пракурор у чорным чыгуначным шынялі, я ў армяку і ботах. У абодвух хатулі за плячыма. Як жабракі якія.

Найперш рашылі зайсці ў Сяльцо.

Не ў маёнтак, вядома, а ў вёску, там праз паўвярсты якіх – ты ж, мабыць, ведаеш, цераз аселіцу. У вёсцы ў пракурора быў знаёмы адзін, былы актывіст, дэпутат сельсавета, дык мы да яго і кіравалі. Але спярша, знаеш, дзеля асцярогі зайшлі ў адну хату на Грынёўскіх хутарах – во тую, што пасля вайны заўмаг з Рандуліч адкупіў ды ля сельмага паставіў. Гаспадыня ў Польшчу выехала, гады тры хата стаяла пустая, дык заўмаг і купіў. А ў вайну там жылі тры дзеўкі пры маці, нявеста – сынава жонка (сын у польска-германскую вайну прапаў, пасля аж у Андэрса аб'явіўся). Дык пакуль мы гэта анучы сушылі, дзеўкі нам усё і расказалі. I пра навіны ў Сяльцы. Аказваецца, добра зрабілі, што перш зайшлі да гэтых палячак, а то б не мінуць бяды. Справа ў тым, што гэты пракурорскі знаёмец ходзіць ужо з белай павязкай на рукаве – паліцаем стаў. Пакрактаў мой пракурор ад такой навіны, а я, прызнацца, парадаваўся: было б горш, каб мы адразу ды сунуліся ў паліцаевы рукі. Але неўзабаве прыйшла і да мяне чарга паздзіўляцца ды заклапаціцца – калі я спытаў пра Мароза. Кажа нявестка: „Мароз усё ў школе робіць“. – „Як робіць?“ – „Дзяцей, – кажа, – вучыць“. Аказваецца, тых самых сваіх пацаноў пазбіраў па вёсках, немцы далі дазвол адкрыць школу, ну і вучыць. Праўда, ужо не ў Габрусёвым палацы – там цяпер паліцэйскі засценак, – а ў адной хаце ў Сяльцы.

Вось дык метамарфоза! Ад каго другога, а ад Мароза такога я не чакаў. Каб працаваць пры немцах?! А тут і пракурор выказваецца ў тым сэнсе, што даўно трэба было гэтага Мароза рэпрэсіраваць – не наш чалавек. Я маўчу. Думаю, думаю і ніяк не магу пагадзіцца, што Мароз – нямецкі настаўнік. Сядзім ля грубкі, глядзім у агонь і маўчым. Што рабіць? Называецца, наладзілі сувязі. Адзін – паліцай, другі – нямецкі служачы, харошыя мы кадры падрыхтавалі за два гады ў раёне.

I знаеш, думаў я думаў і надумаўся схадзіць усё ж уначы да Мароза. Няўжо, думаю, ён прадасць мяне? Ды я яго, калі так, гранатай узарву. Вінтоўкі не было, а граната была. Селязнёў забараніў браць з сабой зброю, але гранату я ўсё ж прыхапіў на які прыкры выпадак.

Пракурор адгаворваў, але я не здаўся. Мусіць, такі ўжо характар з маленства. Чым болей мне што даводзяць насуперак, тым болей мне хочацца па-свойму зрабіць. Не дужа гэта спрыяе ў жыцці, але што ж. Праўда, пракурор тут ні пры чым. Проста баяўся за мяне, думаў, як бы не прыйшлося аднаму вяртацца.

Дзеўкі расказалі, як знайсці Мароза. Трэцяя хата ад калодзежа, з падворка ганак. Жыве ў старой бабулі. Цераз вуліцу ў другой хаце ягоная школа.

Сцямнела – пайшлі. Дожджык цярушыць, гразнота, вецер. Нешта пачатак лістапада, а халадэча сабачая. Дамовіліся з напарнікам, што я зайду, а ён мяне пачакае ў загуменні ля кусцікаў. Чакаць будзе гадзіну. Не прыйду – значыць, справа кепская, нешта здарылася. Ну але, думаю, за гадзіну ўпраўлюся. Ужо я разгадаю душу гэтага Мароза.

Так пракурор застаўся за пунькай, а я ўзмежкам – да хаты. Цёмна. Ціха. Адно дождж большае ды шамаціць па саломе на страхах. За плотам вобмацкам дабрыў да варотцаў на падворак, паспрабаваў расчыніць, а яны дротам завязаныя. Я так і гэтак – нічога не выходзіць. Трэба цераз плот пералазіць, а плот высакаваты, слізкі. Наступіў ботам ды як пакаўзнуўся, грудзьмі аб жардзіну, тая хрась напалам, а я носам у гразь. I тут сабака. Так заліўся брэхам, што я ляжу ў гразі, баюся крануцца і не ведаю, што лепей: уцякаць або клікаць каго.

Але, чую, нехта выходзіць на ганак, бразнуў дзвярыма, слухае. Пасля пытаецца ціха так: „Хто тут?“ I да сабакі: „Гулька, прэч! Прэч, Гулька!“ Ну ведама, гэта ж школьны сабачка, той трохлапы, што некалі інспектара ўкусіў. А чалавек – Мароз, знаёмы голас. Але як адазвацца? Ляжу і маўчу. А сабака зноў у брэх. Тады ён саступае з ганка, кульгаючы так (чутно па гразі: чу-чвяк) ідзе да плота.

Устаю і проста кажу: „Алесь Іванавіч, гэта я. Былы твой загадчык“. Маўчыць. I я маўчу. Але што тут рабіць – назваўся дык, мусіць, трэба вылазіць. Устаю, пералажу плот. Мароз ціха так: „Тут лявей трымайся, а то карыта ляжыць“. Уціхамервае сабаку і вядзе мяне ў хату.

У хаце гарыць капцюшка, акно занавешана, на табурэтцы раскрыта кніжка. Алесь Іванавіч падстаўляе табурэт бліжэй да печы. „Сядайце. Пальто зніміце, хай сохне“. – „Нічога, – кажу, – паліто маё яшчэ высахне“. – „Есці хочаце? Бульба ёсць“. – „Не галодны, еў ужо“. Адказваю быццам спакойна, а ў самога напружанне ў нервах – да каго трапіў? А ён нішто, спакойны, быццам мы толькі ўчора разышліся: ніякіх пытанняў, ніякай няёмкасці. Хіба толькі залішні клопат у голасе. I погляд не такі адкрыты, як быў раней. Бачу, няголены, мусіць, дзён пяць – русявая бародка на твары.

Сяджу мокры, не знімаючы армяка, і ён урэшце прысеў на лаўцы. Капцюшку паставіў на табурэт. „Як жывем?“ – пытаюся. – „Ведама як. Кепска“. – „А што такое?“ – „Усё тое ж. Вайна“. – „Аднак, чуў, на табе гэта мала адбілася. Усё вучыш?“ Ён кісла, адным бокам твару, усміхнуўся, паўзіраўся ўніз на капцюшку. – „Трэба вучыць“. – „А па якіх праграмах, цікава? Па савецкіх ці па нямецкіх?“ – „Ах, во вы пра што!“ – кажа ён і ўстае. Пачынае хадзіць па хаце, а я незнарок, пільна так сачу за ім. Маўчым абодва. Пасля ён спыняецца, нядобра зырае на мяне і кажа: „Мне некалі здавалася, што вы – разумны чалавек“. – „Магчыма, і быў разумны“. – „Дык не задавайце тады неразумных пытанняў“.

Сказаў, як адрэзаў, і змоўк. I, ведаеш, мне стала трохі не па сабе. Адчуў, што, мабыць, даў маху, змарозіў глупства. Сапраўды, як я мог сумнявацца ў ім! Ведаючы, як ён тут жыў і чым быў раней, як можна было падумаць, што ён у тры месяцы перарадзіўся. I, знаеш, я адчуў без слоў, без запэўнення і бажбы, што ён наш – чэсны, харошы талавек.

Але ж гэтая школа! I з дазволу нямецкіх улад…

„Калі вы маеце на ўвазе маё цяперашняе настаўніцтва, дык адкіньце вашы сумненні. Благому я не вучу. А школа патрэбна. Не будзем вучыць мы – будуць абалваньваць яны. А я не затым тут два гады ачалавечваў гэтых рабят, каб цяпер іх расчалавечылі. Я за іх яшчэ пазмагаюся. Наколькі змагу, вядома“.

Так ён гаворыць, шкандыбаючы па хаце, і не глядзіць на мяне. А я сяджу, грэюся і думаю: а што, калі ён і сапраўды правы? Немцы ж таксама не дрэмлюць, сваю атруту ў мільёнах лісткоў і газет сеюць па гарадах і вёсках, сам бачыў, чытаў штокольвечы. Так складна пішуць, так зманліва хлусяць. I нават партыю сваю як назвалі: нацыяналсацыялісцкая рабочая партыя. I быццам гэтая партыя змагаецца за інтарэсы германскай нацыі супраць капіталістаў, плутакратаў, яўрэяў ды бальшавіцкіх камісараў. А моладзь ёсць моладзь. Яна, брат, як малеча на дыфтэрыт: заразлівая на розныя незразумелыя штучкі. Старэйшыя – тыя ўжо разумеюць такія хітрыкі, рознага нагледзеліся ў жыцці. А маладзейшым?

„Цяпер усе хапаюцца за зброю, – кажа Мароз і ўсё ходзіць па хаце. – Патрэба ў зброі, як, мусіць, і заўжды ў вайну, стала большая за патрэбу ў ведах. I гэта зразумела: ўвесь свет узброіўся. Але каторым патрэбна вінтоўка, каб страляць у немцаў, а каторым – каб перад сваімі выпендрывацца. Але ж перад сваімі зброяй фарсіць куды больш бяспечна ды і прымяніць яе можна беспакарана, вось і знаходзяцца, што ідуць у паліцыю. Думаеце, усе разумеюць, што гэта значыць? Далёка не ўсе. Не задумваюцца многія, што будзе далей. Як далей жыць. Ім бы толькі атрымаць вінтоўку. Вунь у раёне ўжо і паліцыю набіраюць. I з Сяльца двое туды падаліся. Што з іх будзе – не цяжка сабе ўявіць“.

I гэта праўда, думаю сабе. Але ўсё ж такі гэты Мароз добраахвотна працуе пад нямецкай уладай. Як тут быць?

I раптам, памятаю добра, падумалася неяк само сабой: ну і хай! Хай працуе. Не важна дзе – важна як. Хоць і пад нямецкім кантролем, але, напэўна, ужо ж не на немцаў. На нас працуе. Можа не так на наша цяперашняе, дык на наша будучае. Бо будзе ж і ў нас будучае. Павінна быць. Іначай навошта тады і жыць? Адразу галавой у прорву і – канец.

Але, аказваецца, Мароз гэты працаваў не толькі дзеля будучага.

Гадзіна, мусіць, ужо мінула, я пабаяўся за пракурора, выйшаў паклікаць яго. Той спярша ўпіраўся, не хацеў ісці, але сцюжа даняла, пабрыў следам. Павітаўся з Марозам стрымана, не адразу ўключыўся ў размову. Але спакваля асмялеў. Яшчэ пагаварылі, затым распрануліся, сталі сушыцца. Марозава бабка нешта паставіла на стол, і нават бутэлечка, мутнай, праўда, знайшлася.

Так парадкам мы пасядзелі тады, пагаварылі па шчырасці аб усім. I трэба сказаць, мабыць, тады ўпершыню я адкрыў, што Мароз гэты – не нам раўня, разумнейшы за нас абодвух. Вось так здараецца, што калі часам усе робяць разам, па адных правілах, дык здаецца тады, што і на розум усе аднолькавыя. Але калі жыццё развядзе па сваіх розных сцежках, ва ўсе бакі і раптам неспадзявана нехта вырываецца, вылучаецца ад іншых, тады мы здзіўляемся: глядзі, а быў як усе. Здаецца, і не разумнейшы за іншых. А як падскочыў.

Вось тады і я так адчуў, што Мароз сваім розумам бярэ шырай за нас, глыбей. Пакуль мы шасталі па лясах ды дбалі аб самым надзённым – пад'есці, перахавацца, узброіцца ды якога немца падстрэліць, – ён думаў, паглыбляўся, асэнсоўваў гэту вайну. Ён і на гэтую акупацыю глядзеў як бы знутры і бачыў такое, што мы не заўважылі. Галоўнае, ён яе болей маральна адчуваў, з духоўнага боку, ці што. I знаеш, нават пракурор мой гэта адчуў. Калі мы ўжо добра нагаварыліся, зусім збліжэлі адзін да аднаго, я і кажу Марозу: „А можа кідай усю гэту шарманку ды айда з намі ў лес. Партызаніць будзем“. Памятаю, Мароз насупіўся так, зморшчыў лоб, а пракурор тады і кажа: „Не, не трэба. Які з яго, кульгавага, партызан! Ён тут нам болей патрэбны“. I Мароз з ім пагаджаецца: „Цяпер, мусіць, мне тут болей да месца. Усё ж мяне тут кругом ведаюць, памагаюць. Хіба калі ўжо нельга будзе…“

Ну і я пагадзіўся. Сапраўды, нашто ўсім у лес? Ды яшчэ з такою нагой. Мусіць, і нам выгадней мець свайго чалавека ў Сяльцы.

Во так мы тады пагасцявалі ў яго і са спакойнай душой развіталіся. I скажу табе, гэты Мароз стаў для нас самым дарагім памагатым з усіх нашых памагатых у вёсках. Галоўнае, як пасля аказалася, прыёмнік дастаў. Не сам, вядома, – мужыкі перадалі. Так яго паважалі ў вёсках, так лічыліся з ім, што, як і раней, не да папа ці ксяндза ішлі з чым благім ці харошым, а да яго. I калі во недзе аказаўся гэты прыёмнічак, дык найперш перадалі настаўніку свайму Алесю Іванавічу. А той паціхеньку пачаў яго пакручваць у асеці. Увечары, бывала, раскіне антэну на грушыне і слухае. А затым запіша, што чуў. Галоўнае – зводкі Саўінфармбюро, на іх быў самы вялікі попыт. У нас у атрадзе нічога не мелі, а ён во – займеў. Селязнёў, праўда, як дазнаўся, дык хацеў адабраць для сябе, але перадумаў. У нас бы тыя навіны чалавек трыццаць пяць слухала, а так уся акруга карысталася імі. I зрабілі так, што разы два ў тыдзень Мароз перадаваў зводкі ў атрад – была там каля леснічоўкі такая дуплянка на хвоі, туды ягоныя хлопцы клалі, а нашыя забіралі ўначы. Памятаю, сядзелі мы тою зімою па сваіх ямах, усё скрозь пазамяло снегам, халадэча, глухата, са жратвой тугавата, і толькі радасці, што гэтая Марозава пошта. Асабліва калі немцаў з-пад Масквы пагналі – кожны дзень тады бегалі да яліны… Стой, здаецца, хтось едзе…

З начной цемрадзі ззаду праз лёгкія павевы свежага ветру данёсся знаёмы пошчак конскіх капытоў, бразнулі цуглі. Колаў, аднак, не было чутно на гладкім, падмеценым аўтамабільным віхрам асфальце. Цёмная восеньская ноч ужо зусім ахінула зямлю, толькі наперадзе, куды імкнула шаша, разрознена ззялі электрычныя агні недалёкай прыдарожнае вёскі Будзілавічы. З-за пагорка ад яе жвава стрыглі ў небе стромкія ножніцы святла з фараў.

Мы прыпыніліся, крыху счакалі, і сапраўды з ночы, пастукваючы падковамі, вытупаў ціхі рахманы конік з адзінокім седаком у возе, які лена патузваў лейцамі. Згледзеўшы нас двух на ўзбочыне, возчык насцярожыўся, углядаючыся і чакаючы якога пытання.

– Во хто нас падвязе, – без прывітання лёгка сказаў Ткачук. – Мусіць жа, пусты, га?

– Пусты. Мяхі адвозіў,– глухавата пачулася з воза. – А вам далёка?

– Ды ў горад. Але хоць бы да Будзілавіч давёз.

– Ну, гэта можна. Якраз у Будзілавічы еду. А там на аўтобус сядзеце. У дзевяць аўтобус. Гродзенскі. Цяпер каторая?

– Без дзесяці восем, – сказаў я, так-сяк разгледзеўшы стрэлкі свайго гадзінніка.

Фурманка спынілася. Ткачук, крэкнуўшы, узлез на яе, я прыткнуўся ззаду. Сядзець тут было не надта каб зручна, нешта муляла на голых са смеццем дошках, але я ўжо не хацеў адставаць ад майго спадарожніка, які з салодкаю зморай уздыхнуў і звесіў цераз край ногі.

– А ўсё ж, знаеш, замарыўся. Што значыць – гады. Эх, гады, гады…

– А здалёк ідзяцё? – спытаў возчык. Мяркуючы па яго глухаватым голасе, быў ён таксама не маладога ўжо веку, паводзіў сябе зважліва і як бы чагось чакаў.

– З Сяльца.

– А, дык з пахавання, мусіць?

– З пахавання, – коратка пацвердзіў Ткачук.

Возчык патузваў лейцамі, конь рушыў барзджэй – дарога кіравала ўніз. Насустрач, па той бок змрочнай, без аніводнага аганька шырокай нізіны, усё джгала здалёк стромкае святло аўтамабільных фараў.

– Да, малады быў яшчэ чалавек, настаўнік гэты. Ведаю добра. Залетась у горадзе ў бальніцы разам ляжалі.

– З Міклашэвічам?

– Ну. У аднэй палаце. Яшчэ ён усё нейкую тоўстуюкніжку чытаў. Калі дык і ўслых. Вот забыўся таго пісацеля… Помню, пісалася там, што калі няма бога, дык няма і чорта, а значыцца, няма ні раю, ні пекла, значыцца, усё можна. I забіць, і памілаваць. Во як. Хаця ён казаў, што гэта гледзячы як разумець. Гледзячы на каго.

– Дастаеўскі,– кіўнуў Ткачук і сказаў возчыку: – Ну а ты, напрыклад, як разумееш?

– Ды я што! Я цёмны чалавек, тры класы абразавання. Але так мяркую, што трэба, каб нешта было ў чалавеку. Шрубка якая. А то без шрубкі дрэнь справа. Вунь у горадзе трое наскочылі на хлопца з дзеўкай, чуць шкоды не зрабілі. Віцька наш, хлопец з Будзілавіч, умяшаўся, дык сам цяпер у бальніцы трэці тыдзень ляжыць.

– Пабілі?

– Не сказаць каб набілі – усяго адзін раз ударылі кісцянём па скроні. Але і ад яго нехта дастаў. Злавілі – знатны бандзюга аказаўся.

– Гэта харашо! – ажывіўся Ткачук. – Глядзі, не спужаўся. Адзін супраць трох. Калі гэта было ў вашых Будзілавічах?

– Ну, у Будзілавічах можа і не было…

– Не было, не было. Знаю я вашыя Будзілавічы – бедная веска. Выселкі. Цяпер што, цяпер іншая справа: пад шыфер ды гонту ўбраліся, а ці даўно яшчэ на стрэхах мох зелянеў! Гэткая вёска пры бруку, і што дзівіла мяне – ніводнага дрэўца! Як у Сахары якой. Сапраўды, зямля – адзін пясок. Помню, неяк зайшоў – расказалі гісторыю. Аднаго будзілаўчаніна галадуха па вясне прышчаміла, дайшоў на крапіве, ну і надумаў па дарозе разжыцца. Ноччу падпільнаваў аднаго прахожага ды і стукнуў абушком. Вунь цяпер яшчэ на ваколіцы ля каменя крыж стаіць. Аказаўся жабрак з пустой торбай. А гэты катаргу атрымаў, так з Сібіры і не вярнуўся. А цяпер, глядзі ты – кавалер які знайшоўся ў Будзілавічах. Рыцар.

– Ну.

– А куды ў школу хадзіў? Не ў Сяльцо?

– Да пятага класа ў Сяльцо.

– Ну во бачыш, – шчыра ўзрадаваўся Ткачук. – У Міклашэвіча, значыць, вучыўся. Я так і ведаў. Міклашэвіч умеў вучыць. Яшчэ тая закваска, адразу відно.

„Што праўда, то праўда, – падумаў я. – Пэўна відаць: пашэнціла гэтаму Сяльцу на настаўнікаў, дай бог на болей такіх“.

– А ён, гэты Віктар ваш, хто? Робіць дзе? – яўна зацікаўлены павярнуўся да возчыка Ткачук.

– Ды малады яшчэ. На настаўніка вучыцца.

– Малайчына. Вось бы і яго ў тое Сяльцо. На змену. Трэцяе пакаленне, брат, ідзе… Хаця гэты з вышэйшай у пачатковую не пойдзе. Калі талковы, у горадзе засядзе: аспірантура, кандыдантура і так далей.

Апошнія словы Ткачука прагучалі са шкадаваннем, і мне раптам таксама дужа захацелася, каб гэты незнаемы Віктар сапраўды трапіў у Сяльцо. Увогуле гэта было б здорава. Хоць, зрэшты, хіба так важна, куды накіруюць будучага настаўніка.

– Знаеш, я дык не згодны, – натрапіўшы на нешта сваё, пачаў рязважаць Ткачук. – Навука навукай, але і чорную работу рабіць траба. Калі разабрацца, дык яна, можа, яшчэ важней за навуку. А то як толькі дзе хто аб'явіцца лепшы, дык адразу яго ў навуку… Зноў жа, і прабіўныя, тых ад яе за вушы не адцягнеш. А кандыдата атрымаў – і не чухаецца. Усё жыццё казну доіць. А запытай: каму яна патрэбна, тая іх педнавука? У той жа час паглядзі ў школах: рэдка дзе прашмыгне мужчына. Скрозь жанчыны. Я нічога не маю проці жанчын, ёсць і сярод іх слаўныя настаўніцы. Але ж настаўніца для дзяўчат, для малых яшчэ куды ні гадзіцца, а для падлеткаў? Ды і для старэйшых мужык патрэбны. Бо што жанчына: у яе самой дзеці, гаспадарка, муж, сталаванне, уборы-прыборы. Вучням яна дай бог калі выдзеліць які мінімум. А ім, брат ты мой, калі хочаш харошым быць, аддай усяго сябе. Тады ты для іх станеш ідэалам, прыкладам, з якога робяць жыццё. Во як той Сухамлінскі з Паўлыша або як Макаранка быў. А прападавацеляў розных прадметаў яны і ў грош не цэняць. Цяпер між іх саміх такія знаўцы водзяцца, што не горш за настаўніка разбяруцца. I ў матэматыцы, і ў літаратуры.

Машыны хутка ляцелі насустрач і яшча здадёку асляпілі нас зіхоткім патокам промняў. Возчык рупна збочыў з фурманкай, конік запаволіў хаду, і яны з ровам прамчаліся міма, сцебануўшы па возе шчэбенем з-пад колаў. Стала зусім цёмна, і з паўхвіліны мы слепа ехалі ў гэтую цемрадзь, не бачачы дарогі і даверыўшыся каню. Ззаду па шашы хутка аддаляўся, меншаў магутны нутраны гул дызеляў.

– Дарэчы, вы не даказалі… Дык як яно тады з Марозам абышлося? – напомніў я Ткачуку.

– Ге, каб жа абышлося. Тут доўгая яшчэ гісторыя. Ты, дзед, Мароза не ведаў? Ну, настаўніка з Сяльца? – звярнуўся ён да нашага возчыка.

– Таго, што тады ў вайну?.. А як жа! Яшчэ манго племяша разам загубілі.

– Гэта каго?

– А Бародзіча. Гэта ж пляменнік мой. Сястры роднай сын. Як жа, ведаю…

– Дык во я таварышу ўсю гэту гісторыю расказваю.

– Ты то ведаеш, значыць? А то можаш даслухаць, мабыць, не ўсё чуў. У лесе ж, мусіць, не быў? У партызанку?

– А як жа! Быў,– крыўдліва азваўся чалавек. – У таварыша Куруты. Вазіў раненых. Санітарам рабіў.

– У Куруты? Камбрыга Куруты?

– Ну. Ад вясновага Міколы ў сорак трэцім і да канца. Як нашыя прыйшлі. Лічы, больш года.

– Ну, Курута не нашай зоны.

– Мала што. Нашай не нашай, а быў. Медаль маю і дакумент, – ужо зусім закрыўдаваў стары. Ткачук паспяшаўся змякчыць гаворку:

– Ды я нічога, я так. Маеш – насі на здароўе. Тут мы пра іншае… Мы пра Мароза.

– На першым часе ўсё ў яго ішло добра. Немцы і паліцаі пакуль не чапляліся, мабыць, сачылі здаля. Адно, што тачыла яго сумленне і што ён перажываў доўга, – дык гэта ўдовіны дочкі. Тыя во дзве дзяўчынкі, якіх ён некалі адводзіў дадому.

Улетку сорак першага, якраз перад вайной, паслаў іх у піянерскі лагер пад Навагрудак – рганізоўвалі тады першы раз такія міжраённыя піянерскія лагеры. Маці не хацела пускаць, баялася – вядома, вясковая баба, далей раёна нідзе не была, а ён угаварыў, думаў дзяўчатам харошае зрабіць. Толькі паехалі, а тут вайна. I прапалі малыя. Мінула ўжо колькі месяцаў, а ад іх ні слыху ні дыху. Вядома, маці ўбіваецца, ды і Марозу праз тое не соладка. Як-ніяк, яго ўсё ж віна. Точыць сумленне, а што зробіш? Так і па сёння прапалі дзяўчаты.

Цяпер трэба табе сказаць пра тых двух паліцаяў з Сяльца. Аднаго ты ўжо ведаеш, гэта былы пракурораў знаёмы Лаўчэня Уладзімір. Аказваецца, быў ён не такі, за каторага мы яго спярша прынялі. Праўда, у паліцыю пайшоў – сам ці прымусілі, цяпер ужо не дазнаешся, – ды ў сорак трэцім зімой немцы расстралялі яго ў Навагрудку. Дзядзька ўвогуле аказаўся харошы, многа нам добрага зрабіў і ў гэтай гісторыі з хлопцамі сыграў даволі прыстойную ролю. Лаўчэня быў маладзец, хоць і паліцай. А вось другі аказаўся апошнім гадам. Не памятаю ўжо ягонага прозвішча, але па вёсках яго звалі Каін. I сапраўды быў Каін, многа бяды нарабіў людзям. I адкуль што ўзялося – чорт ведае. Да вайны жыў з бацькам на хутары, малады яшчэ быў, не жанаты, хлопец як хлопец.

Быццам ніхто пра яго, даваеннага, паганага слова сказаць не мог, а прыйшлі немцы – перарадзіўся чалавек. Во што значыць умовы. Мусіць, у адных умовах расцвітае адна частка характару, а у другіх – другая. Таму на кожным часе свае героі. Дык вось і ў гэтага Каіна да вайны драмала сабе паціху нешта нягоднае, і каб не гэтая калатнеча, можа б і не выперла з яго ніколі. А тут во налезла. Шчыра паслужыў немцам, нічога не скажаш. Ягонымі рукамі тут шмат чаго нароблена. Увосень параненых камандзіраў расстраляў. (З лета хаваліся ў лесе чацвёра параненых, хто-ніхто з мясцовых ведаў пра іх, ды маўчаў. А гэты высачыў, знайшоў у ельніку зямляначку і з дружкамі перабіў усіх ноччу). Сядзібу сувязнога аднаго, Крыштафовіча, спаліў. Сам Крыштафовіч паспеў уратавацца, а бацькі старыя, жонка з дзецьмі – усе ў агні пагарэлі. Яўрэяў у мястэчку катаваў, аблавы рабіў. Ды ці мала што! Улетку сорак чацвёртага знік недзе. Можа дзе палучыў кулю, а можа і цяпер на Захадзе раскашуе. Такія і ў віры не тонуць.

Дык вось гэты Каін нешта ўсё ж западозрыў каля Марозавай школкі. Які б ні быў Мароз асцярожны, а, ведама, што-нішто вылезла, як шыла з мяшка. Мусіць, дайшло і да паліцэйскіх вушэй.

Аднойчы пад вясну (снег ужо стаў раставаць) з'яўляецца ён да Мароза. У таго якраз ішлі заняткі – чалавек дваццаць дзетвары ў адным пакоіку за двума доўгімі сталамі. Урываецца гэты Каін, з ім яшчэ двое і немец – афіцэр з камендатуры. Зрабілі вобыск, ператрэслі вучнёўскія торбачкі з кніжкамі, праверылі падручнікі. Ну але, ведама, нічога такога не знайшлі – што можна знайсці ў вучняў у школе? Праўда, нікога не зачапілі, не забралі. Толькі настаўніку допыт наладзілі, гадзіны дзве ганялі па. розных пытаннях. Але абышлося.

I тады Марозавы хлопцы, маладзейшыя, што вучыліся ў яго, і той пераростак Бародзіч, нешта ўдумалі. Увогуле яны былі шчырыя з настаўнікам, але тут затаіліся нават і ад яго. Аднойчы, праўда, гэты Бародзіч быццам між іншым намякнуў, што не лішне б прыстукнуць Каіна. Ёсць, маўляў, такая магчымасць. Ды Мароз забараніў катэгарычна. Сказаў, што калі трэба будзе – прыстукнуць без іх. Самавольнічаць у вайну нягожа. Бародзіч не стаў пярэчыць, нібыта пагадзіўся. Але такі ўжо гэта быў хлопец, што калі браў што ў галаву, дык не хутка расставаўся са сваёй думкай. А думкі ў яго заўсёды былі адна за другую смялейшыя.

Далей мне ўжо расказваў сам Міклашэвіч, дык можна лічыць, што ўсё тут чыстая праўда.

Сталася так, што пад вясну сорак другога вакол Мароза ў Сяльцы склалася невялічкая, але адданая яму групка хлопцаў, якая ва ўсіх справах была з настаўнікам заадно. Хлопцы гэтыя цяпер вядомыя, на помніку ўсе іх імёны ў поўным складзе, апроч Міклашэвіча, канечне. Паўлу Міклашэвічу ішоў тады пятнаццаты год. Коля Бародзіч быў самы старэйшы, мусіць, год пад васемнаццаць бралася хлопцу. Яшчэ былі браты Кажаны – Цімка і Астап, аднафамільцы – Смурны Мікола і Смурны Андрэй, усяго такім чынам шасцёра. Самаму малодшаму з іх, Смурнаму Міколу, было якіх гадоў трынаццаць. Заўжды ва ўсіх справах яны трымаліся разам. I вось гэтыя хлопцы як убачылі, што на іх школу і на іхняга Алеся Іванавіча насеў гэты Каін з немцамі, рашылі таксама не застацца ў даўгу. Сказалася Марозава выхаванне. Але ж гэта хлопцы, амаль хлапчукі, без зброі, амаль з голымі рукамі. Дурасці ды адвагі ў іх было аж занадта, а спрыту ды розуму недахват. Ну і скончылася гэта ведама чым.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю