412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Навуменка » Пераломны ўзрост » Текст книги (страница 1)
Пераломны ўзрост
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:50

Текст книги "Пераломны ўзрост"


Автор книги: Іван Навуменка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Іван НАВУМЕНКА

ПЕРАЛОМНЫ ЎЗРОСТ


І

Пека быў добры хлопец. У гэтым я пераканаўся, як толькі мы пазнаёміліся. Ён першы падышоў да мяне і прывітаўся, хоць гэта належала зрабіць мне, як гаспадару хаты. Справа ў тым, што Пека прыехаў да нас кватараваць. Прыехаў з горада ў наша ціхае мястэчка, якое ў той памятны год стала раённым цэнтрам. Я трошкі баяўся гарадскіх, трошкі іх недалюбліваў і, можа, таму ў дзень прыезду Пекі паставіўся да яго не зусім прыхільна.

Магчыма, была і другая прычына, чаму мне не адразу ўдалося разгледзець у асобе Пекі поўнага свайго аднадумца. З кузава паўтаратонкі, што спынілася каля нашай хаты, саскочыла маладая жанчына велічэзнага росту. Такіх высокіх жанчын я яшчэ не бачыў ніколі. У нашым мястэчку такіх не было. Таму я на першым часе ўсю сваю ўвагу накіраваў на гэтую высокую, якая цяпер ужо лічылася нашай кватаранткай.

З кузава злезлі яшчэ двое – тоўсты мужчына і хлапец маіх год. Але я на іх не глядзеў. Я дапамагаў зносіць рэчы ў другі пакой нашай хаты, якую мае бацькі аддалі пад кватэру прыезджым, і сачыў толькі за высокай тонкай кватаранткай. Яна з непрывычкі стукнулася галавой аб верхнюю дошку каліткі і пасля ўжо ўсе астатнія разы згіналася дугой, калі хадзіла ад машыны ў хату.

Рэчы мы пазносілі, і новыя гаспадары, зачыніўшыся, пачалі іх расстаўляць і ўладкоўваць. Іх кватэра адразу стала лепшай, чым наша. На двор яны выходзілі праз пярэдні пакой, які застаўся нам, і цяпер усё жыццё нашай сям’і было навідавоку. Мне стала крыху сумна ад гэтага, і каб развеяць маркотныя думкі, я выйшаў на вуліцу. Я не прыходзіў дамоў да самага вечара. А вечарам у нас якраз і адбылося знаёмства з Пекам. Пека, мабыць, чакаў мяне. Ён сядзеў на лавачцы і чырыў дубцом па зямлі.

– Добры дзень, – сказаў ён. – Мяне завуць Пека. Давай дружыць.

– Пека? – здзівіўся я. – Хіба ёсць такое імя?

– Ну, па-звычайнаму Пятро. Гэта мяне так Рашэль называе.

– Якая Рашэль? Твая маці?

– Мацеры ў мяне няма, – сумна прамовіў Пека.– І бацька памёр таксама. Рашэль – сястра...

Мне стала шкада Пекі. Я ўжо вінаваціў сябе за тое, што так няласкава яго сёння сустрэў. Хвілін праз дваццаць мы ведалі адзін пра другога ўсё. Пека, як і я, перайшоў у пяты клас, і мы адразу дамовіліся, што ён запішацца ў «Б» клас, каб нам разам вучыць урокі. Ад свайго новага сябра я дазнаўся, што ён умее гуляць у шахматы і збіраецца змайстраваць уласны радыёпрыёмнік. Я ў той час не гуляў у шахматы, а што датычыцца радыёпрыёмніка, дык нават не дакранаўся да яго. Вядома, я адразу адчуў павагу да Пекі, хоць мяне і калола зайздрасць. Але мае ўласныя козыры былі яшчэ не раскрыты, і я спадзяваўся узяць рэванш.

– Ты чытаў «Капітана Гатэраса»? – спытаў я ў Пекі, спадзеючыся на адмоўны адказ.

Гэтая кніга дарэвалюцыйнага выдання трапілася мне без вокладак, і я таіў цвёрдую надзею, што ён яе не чытаў.

– Гэта Жуля Верна? – Пека ніколькі не здзівіўся пытанню. – Чытаў яшчэ летась...

Пачатак для мяне складаўся няўдала. Чарга задаваць пытанне была за Пекам, і я насцярожана прыціх.

– А ты чытаў «Рабінзона Крузо»?..

Не прачытаць «Рабінзона» было б проста сорамна, на гэтым мяне Пека злавіць не мог. Я прачытаў аж тры кнігі пра розных Рабінзонаў, аб чым яму адразу заявіў. Мы досыць доўга шпілялі адзін другога пытаннямі наконт прачытаных кніг і ўрэшце пагадзіліся, што сілы ў нас прыкладна роўныя. Былі кнігі, якіх не чытаў я, трапляліся і такія, якіх не чытаў мой сябар. Галоўнае, мы абодва любілі кнігі і пазналі адзін у адным людзей, блізкіх па духу. Мы ў той вечар так захапіліся ацэнкай вартасці розных пісьменнікаў, што нават не пачулі, як да паркана, які аддзяляў лавачку ад двара, падышла доўгая Пекава сястра.

– Пека! – пачуўся яе прарэзлівы голас. – Ідзі спаць. Ты ўжо сёння сабе зарабіў...

Пека падхапіўся і, угнуўшы галаву ў плечы, паціху пашкандыбаў у двор. Мне стала крыху няёмка за сябра. Нічога ж дрэннага мы не рабілі.

Але гэты выпадак на першым часе неяк забыўся. Былі справы важнейшыя за крыклівую Пекаву сястру, і мы аддаваліся ім усім сэрцам. Яшчэ не кончыліся канікулы, і я з раніцы хадзіў на заробкі – ссякаў на нашай станцыі траву паміж шпаламі і зносіў яе прэч. За гэта мне плацілі цэлых сто дваццаць рублёў у месяц – грошы па даваенным часе немалыя. Прыходзіў я дадому гадзіны ў чатыры, і Пека ўжо чакаў мяне. У маю адсутнасць ён бавіў час з трыма маімі братамі. Але з імі Пеку было, вядома, нецікава. Двое маіх братоў – Піліп і Кузя – зусім яшчэ не хадзілі ў школу і скакалі верхам на бярозавых кійках, а Васіль, на тры гады малодшы за мяне, перайшоў толькі ў другі клас і не прачытаў яшчэ ніводнай кнігі.

Я прыходзіў, умываўся, хуценька абедаў, і мы з Пекам хаваліся пад павець. Туды разам з намі імкнуліся прабрацца і мае браты, але я іх без літасці праганяў. Пад павеццю мы майстравалі радыёпрыёмнік, і лішнія вочы там былі зусім непатрэбны. З прыёмнікам справа і без таго не клеілася. Пакуль што мы зрабілі толькі невялікую скрыначку і перамотвалі катушкі. Галоўную дудку ў нашай агульнай справе іграў, вядома, Пека, я ж быў толькі за падсобную сілу. Сябар часта паказваў мне чудадзейны каменьчык – дэтэктар, даказваючы, што да пачатку заняткаў мы будзем мець радыё. У яго такі былі залатыя рукі, у гэтага Пекі. Ён умеў чытаць надрукаваныя ў кніжцы схемы, вельмі спрытна карыстаўся стамескай, напільнікам, кусачкамі. Я пачынаў верыць, што да пачатку заняткаў у нас будзе радыё і што мы з Пекам прынясём у наш пяты «Б» клас самую цікавую навіну.

Але на нашым канструктарскім шляху стаялі неадольныя перашкоды. Розных вінцікаў, шрубак, маткоў меднага дроту ў Пекі хапала, на недахоп матэрыялаў мы паскардзіцца не маглі. Перашкоды былі куды больш сур’ёзныя. Вечарам якраз прачыналася Пекава сястра Рашэль. Яна вяла сябе наогул дзіўна.

Ноччу Рашэль чытала і клалася спаць пад самую раніцу. Раніцай уставала, снедала і зноў засынала. Прачыналася Рашэль у той самы час, калі ў нас ішла гарачая работа. Вядома, каб не мая чыгунка, мы б пачыналі майстраваць радыёпрыёмнік днём. Але выбіраць не прыходзілася: новыя штаны, сарочка і чаравікі, у якіх я збіраўся з’явіцца ў пяты клас, у многім залежалі ад майго заробку.

Прачыналася Рашэль, і наша майстраванне канчалася.

– Пека! – крычала яна. – Прынясі вады!..

Пека хуценька складваў прычындалы і з усіх ног бег гаспадарыць. Лёс абеду, які можна было назваць і вячэрай, залежаў ад яго аднаго. Пека насіў ваду, абіраў бульбу, распальваў прымус. Рашэль толькі стаяла і камандавала. Я не зайздросціў Пеку. Я меў уласны заробак і ганарыўся тым, што мной у сям’і ніхто не папіхае. Маці пры маім прыходзе з чыгункі хуценька ставіла на стол абед, і я іншы раз нават шпурляў лыжку, калі лічыў страву нясмачнай...

Усё ж неяк мы майстравалі гэты прыёмнік. Магчыма, мы што-небудзь і зрабілі б, каб не адзін прыкры выпадак. Аднойчы, калі мы прыступілі да самай тонкай работы – перакладвалі лісцікамі слюды пласцінкі будучага кандэнсатара, – Рашэль прачнулася раней звычайнага. Мабыць, занятыя працай, мы не пачулі, калі яна клікала Пеку.

– А гэта што такое?! – закрычала яна. – Ты гэта чым запэцкаў майку?

Пекава майка была зусім яшчэ чыстая, на ёй толькі самае прыдзірлівае вока магло заўважыць маленькую плямінку. Гэтую плямінку Пека пасадзіў яшчэ ўчора, калі мы прыпайвалі катушкі. Рашэль проста шукала прычэпкі, каб адпомсціць Пеку за тое, што ён не з’явіўся, калі яна яго звала.

– Я памыю майку, – лепятаў мой сябар пабялелымі губамі. – Я не чуў, як ты звала...

Рашэль болей не крычала. Яна схапіла скрыначку, дзе ўжо былі прыпаяны тры гатовыя катушкі, і пакрочыла прэч. Пека стаяў спалоханы і маўклівы.

– Ты болей гэтай дрэнню займацца не будзеш! – ужо на парозе крыкнула Пеку сястра. – Ты сабе сёння зарабіў...

Я не разумеў, чаму Пека так баіцца сваёй сястры.

Ён вылазіў са скуры, каб ёй дагадзіць, хадзіў пры ёй пакорлівы і маўклівы, хоць па натуры быў вясёлы і рухавы хлопец. Мае меншыя браты Васіль, Піліп і Кузя, да якіх я таксама адносіўся не вельмі далікатна, мяне ніколечкі не баяліся. Яны дражніліся са мной, як з роўным, кралі мае рэчы і, калі ім ад мяне пападала, у ахвоту скардзіліся на мяне матцы. Ніякай улады над імі я не меў. Пека ж дрыжаў перад сястрой як асінавы ліст.

Прыёмніка мы так і не змайстравалі. Пека пасля гэтага выпадку некалькі дзён дагаджаў сястры як толькі мог. Але калі ён заікнуўся наконт радыё, яна нават не захацела яго слухаць.

– Ты перайшоў толькі ў пяты клас, – рашуча заявіла Рашэль. – З радыётэхнікай вы пазнаёміцеся ў сёмым класе, калі па фізіцы будзеце праходзіць электрычнасць. Цяпер гэта табе не трэба.

Рашэль была настаўніцай. Яна хоць і не працавала ў школе, але дужа ганарылася сваёй прафесіяй і заўсёды навучала маю маці, як трэба выхоўваць дзяцей. Пеку яна трымала на строгім рэжыме. Ён уставаў і клаўся спаць у вызначаныя гадзіны, не меў права есці яблыкаў, не памыўшы іх у кіпятку, не мог чытаць кніг, якіх Рашэль не дазваляла. Сама яна, праўда, не прытрымлівалася ніякага рэжыму і па-ранейшаму ўначы чытала, а ўдзень спала.

Муж Рашэлі, якога звалі Сямёнам Барысавічам, дома не стыкаўся. Ён быў нарыхтоўшчыкам і цэлы тыдзень ездзіў па раёне. Працаваў Сямён Барысавіч ад некалькіх арганізацый і нарыхтоўваў усё: скуры, грыбы, рогі і капыты, шэрсць, мёд, Пекавыя травы і нават яловыя шышкі. Прыязджаў ён дадому ў суботу, апаўдня, мыўся, галіўся і садзіўся пералічваць грошы. Грошай у яго было заўсёды шмат – поўная раменная сумка.

Хоць Рашэль і была настаўніцай, але мне яна не падабалася. Каб не Пека, я наогул бы ўхіляўся ад усялякіх сустрэч з ёю. З Пекам жа мы пасябравалі, і я часта без яго не мог абысціся. Мы ўжо гулялі з ім у шахматы, і на гэта кожны раз трэба было прасіць дазволу ў доўгай Рашэлі.

– Будзеш гуляць адну гадзіну, – сонным голасам дазваляла Пеку сястра. – У тваім узросце не трэба затлумліваць галавы...

Пека мяне амаль заўсёды абыгрываў, і я ніяк не мог адыграцца. У тую самую хвіліну, калі я, здавалася, быў на парозе да вернай перамогі, паяўлялася кватарантка і падымала Пеку ад шахматнай дошкі. Яна была як заведзеная, гэтая Рашэль. Яна прыходзіла тады, калі менш за ўсё была патрэбна, прымушала рабіць тое, чаго ніхто не хацеў. Я проста зненавідзеў яе пісклявы голас, яе недарэчную даўжэзную постаць. Пека ж маўчаў і цярпеў. Ён ні разу не агрызнуўся, не запярэчыў сястры. Я нават крыху недалюбліваў за гэта свайго новага сябра. Манах ён нейкі, ці што?..

Нарэшце канікулы скончыліся. У першы дзень заняткаў я апрануў усё новае – сарочку, штаны, чаравікі. Я адчуваў сябе імяніннікам і з нецярпеннем крочыў па двары, чакаючы Пекі, каб пайсці разам у школу. У душы я таіў надзею, што ў яго новага адзення няма, і па гэтай прычыне мой настрой быў самы ўзнёслы. Новыя штаны былі са складкай і не тапырыліся пухірамі на каленях, белая сарочка прыемна шасцела пры кожным руху. Мне здавалася, што на мае абновы пазірае кожны, хто праходзіць паўз нашу хату. Але на парозе паявіўся Пека, і мая радасць адразу знікла. Ён быў апрануты куды лепш, чым я. На ім быў сапраўдны суконны касцюм, блішчастыя, з вузкімі наскамі туфлі і прыгожая з адкладным каўнерыкам шаўковая сарочка. Усё-такі доўгая Рашэль не пашкадавала грошай на Пеку.

  II

Мы сталі вучыцца ў пятым класе. Пека яшчэ ў першыя дні праславіўся як самы здольны вучань. На другі ці на трэці дзень заняткаў усяму нашаму класу далі рускую дыктоўку. Настаўнік Рыгор Канстанцінавіч, мабыць, спецыяльна для таго, каб праверыць нас, падабраў самы цяжкі тэкст. Я і яшчэ адна вучаніца – другагодніца – напісалі дыктоўку на «здавальняюча», а Пека – на «добра». Ён зрабіў толькі дзве памылкі. Усім астатнім вучням паставілі дрэнныя і вельмі дрэнныя адзнакі. Мы ўтрох былі героямі дня, і самым галоўным героем быў, вядома, Пека. Рыгор Канстанцінавіч яго хваліў перад усім класам. Я крыху зайздросціў Пеку, бо ў чацвёртым класе самым моцным па рускай мове лічылі мяне.

Нам з Пекам падабалася вучыцца ў пятым класе, дзе выкладалі некалькі настаўнікаў. Пяты клас проста нельга было параўнаць ні з трэцім, ні з чацвёртым. Тут было і цікавей, і весялей. Настаўнікі ў нас падабраліся добрыя, і амаль усе яны называлі нас, пяцікласнікаў на «вы». Спачатку гэта здавалася мне дзіўным, але паступова я прызвычаіўся да такога абыходжання.

У тыя далёкія гады я глядзеў на настаўнікаў як на нейкіх вышэйшых істот. Я не дапускаў нават думкі, што яны могуць быць самымі звычайнымі людзьмі, могуць памыляцца або рабіць якія-небудзь брыдкія ўчынкі. Я цвёрда верыў, што нашы педагогі жывуць нейкім асаблівым, ідэальным жыццём.

Настаўнікі ўяўляліся мне нават у сваім дамашнім побыце гэткімі ж строгімі і разумнымі, як і на ўроках. Раз яны вучаць нас стараннасці, праўдзівасці, сумленнасці, то і самі павінны быць такімі. Інакшай думкі я не дапускаў.

Рашэль, якая хвалілася тым, што цэлых два гады працавала ў школе, сваімі паводзінамі неяк супярэчыла гэтаму майму ўяўленню. Яна па-ранейшаму ўночы чытала, а ўдзень спала або сноўдалася па двары.

Я не хацеў лічыць Рашэль за настаўніцу. Але яна ўсё ж настаўніцай была, у гэтым прыйшлося пераканацца. Яна ведала на памяць безліч вершаў, прачытала страшэнна многа кніг. Іншы раз Рашэль правярала Пекавы сшыткі, і я бачыў, што яна не прапускала ніводнай самай маленькай памылкі. Яна вельмі добра ведала ўсе граматычныя правілы і, не заглядваючы ў слоўнік, гаварыла, як трэба напісаць тое або іншае слова. Я не памятаю, каб Рашэль хоць раз памылілася...

Мы з Пекам вучыліся даволі роўна. Ён па-ранейшаму пісаў рускія дыктанты лепш за мяне, але па астатніх прадметах я ад яго не адставаў. Урокі мы рыхтавалі разам, на нашай палавіне хаты, і гэта давала нам вялікую эканомію ў часе. Задачы, якія нам задавалі на дом, мы дзялілі папалам і рашалі кожны сваю частку, а потым адзін у другога перапісвалі рашэнне. Гэтак жа мы паступалі і з нямецкім перакладам. Яшчэ лепш ішла справа з вуснымі прадметамі. Тут было прасцей. Адзін з нас чытаў, а другі слухаў. Потым мы закрывалі кнігу і, дапамагаючы адзін аднаму, успаміналі і пераказвалі прачытанае.

Дзякуючы такой, намі ж выдуманай, сістэме на падрыхтоўку ўрокаў мы трацілі не больш дзвюх гадзін. Увесь астатні час мы аддавалі кнігам. Гаспадарчы клопат з Пекавай галавы спаў, бо цяпер Рашэлі прыслужвала мая маці. Пад выглядам падрыхтоўкі ўрокаў мы на працягу доўгіх асенніх вечароў глыталі кнігу за кнігай. Мы чыталі ўсё, што трапляла пад руку. Рашэль аб гэтым, вядома, не здагадвалася. Яна б ніколі не дазволіла Пеку чытаць кнігі, якія не мелі ніякага дачынення да школьнай праграмы.

З Пекам я сябраваў, мы абмяркоўвалі з ім многія рэчы, але адно ў ім было незразумела. Ён ніколі не гаварыў праўды сваёй доўгай сястры. Змаўкаў, калі яна выходзіла са свайго пакоя, і амаль увесь свой час праводзіў на нашай палавіне хаты. Пека жыў нейкім дваістым жыццём. Дома, паблізу ад сястры, ён быў ціхі і пакорлівы, не павышаў голасу і не смяяўся. На вуліцы ж або ў школе Пека мяняўся на вачах. Ён быў, бадай, самы гарэзлівы хлопец у нашым пятым класе. Ён дужаўся з аднакласнікамі, бегаў па партах, прыкладваў кожнаму мянушкі. Адзін раз ён нават разбіў да крыві нос вучню чацвёртага класа за тое, што той назваў яго канапатым. У Пекі сапраўды ўвесь твар быў у вяснушках, і крыўдаваць за мянушку яму не выпадала, бо і сам ён ахвотна даваў іх кожнаму. Мы ледзь тады ўгаварылі таго вучня не скардзіцца ў школе...

Гэтая няўрымслівасць сябра не падабалася мне. Я яго так і не мог зразумець. Калі ён сапраўды такі гарачы і смелы, то чаго ён баіцца сваёй Рашэлі, не скажа ёй насупраць і слова? Чаму ён дома адзін, а ў школе другі?

Іншы раз мне здавалася, што Рашэль вельмі добра ведае свайго брата і таму стараецца моцна трымаць яго ў руках. Нездарма ж яна настаўніца. Але такая думка вельмі хутка знікла. Рашэль не цікавілася нікім, апрача самой сябе. Яна, праўда, любіла ўсіх павучаць і абгаворваць, але рабіла гэта, мабыць, проста так, па прывычцы.

Наогул Пекава сястра задала мне загадку, якую я доўга не мог разгадаць. Мабыць, з-за яе я пачаў пільней прыглядацца да настаўнікаў, якія нас вучылі, знаходзячы іншы раз у іх паводзінах нешта такое, што ў маім уяўленні крыху псавала іх абсалютную ідэальнасць.

Я пачаў прыкмячаць, што ў кожнага настаўніка свой характар, свае звычкі і нават свае ўласныя патрабаванні да вучняў. Нават злаваліся настаўнікі, калі хто-небудзь парушаў дысцыпліну, па-рознаму.

Бадай, найбольш паважаным з усіх педагогаў, якія нас тады вучылі, быў настаўнік рускай мовы, Рыгор Канстанцінавіч. Пра яго строгасць старэйшыя вучні гаварылі, акругляючы вочы. Памятаю першы ўрок гэтага настаўніка. Высокі, чорнавалосы, ён увайшоў у клас павольнай, размеранай паходкай. Рыгор Канстанцінавіч не адразу павітаўся з намі, а спачатку доўгім позіркам абвёў клас, нібы прыкідваючы, чаго кожны з нас варты. Цэлы ўрок настаўнік знаёміўся з намі. Ён распытваў, што мы чыталі, якія кнігі нам падабаюцца, дзе працуюць нашы бацькі. Толькі на трэці дзень заняткаў Рыгор Канстанцінавіч даў нам тую славутую дыктоўку, якую, за вылікам траіх, увесь клас напісаў на «дрэнна». Тлумачыў ён вельмі проста і даходліва. Яго нельга было не зразумець. Але ён быў сапраўды строгі і не дараваў нічога.

Адзнакі Рыгор Канстанцінавіч ставіў справядліва. Ён мог паставіць здавальняюча і за восем памылак, калі бачыў, што вучань стараецца. І наадварот, зніжаў адзнаку таму, хто ў новай дыктоўцы зрабіў тую ж памылку, што і раней. Я не памятаю, каб Рыгор Канстанцінавіч калі-небудзь крычаў. Ён, здаецца, зусім спакойна выклікаў вінаватага і пачынаў яго ўшчуваць. Настаўнік не лаяўся і нікога не абражаў, але калі ён пачынаў гаварыць, то было чуваць, як б’ецца муха аб аконнае шкло.

Мы паважалі гэтага настаўніка. Яго пахвала лічылася самай вышэйшай у школе. Рыгор Канстанцінавіч быў заўсёды роўны, стрыманы, акуратны. Ён не мяняў сваіх поглядаў і рабіў заўсёды так, як гаварыў. Здавалася, што гэты чалавек выпраменьвае са сваіх вачэй нейкую разумную сілу, супраць якой не мог устояць ніхто.

Рыгор Канстанцінавіч быў нашым класным кіраўніком і, вядома, вельмі хутка дазнаўся аб выбрыках Пекі.

– Сілы ў цябе многа, ці што? – пытаўся ён у сябра. – Не ведаеш, куды яе дзець? А можа, ты задавацца пачаў, Пятро Мацюшэнка? Вучышся добра і таму лічыш, што табе ўсё дазволена?

Пека ніколі не апраўдваўся ў такія хвіліны. Ён стаяў за сваёй партай чырвоны і разгублены. Мне здавалася, што сябру страшэнна сорамна.

Рыгор Канстанцінавіч не называў нас на «вы». Але размаўляў ён з намі, як з дарослымі.

  ІІІ

У нашым пятым класе вучылася смяшлівая і вясёлая дзяўчынка Ліна. Вучылася яна няроўна. Здаралася, што ў адзін і той жа дзень у яе дзённік трапляла і выдатная, і дрэнная адзнака. Усё залежала ад Лінінага настрою. Іншы раз, нават добра ведаючы ўрок, яна не ішла адказваць і потым з выглядам пакутніцы не ўставала з-за парты нават на перапынках.

Але ў першым паўгоддзі мы прывыклі бачыць Ліну нейкай вогненна-вясёлай. Яна насілася па класе як апантаная. Ганялася за хлопцамі, гуляла з імі ў «цот і лішку», стукалку і, нават ператварыўшы пры дапамозе шпілек сваю спаднічку ў нешта накшталт штаноў, вярцелася на турніку. Ліна ведала амаль усе хлапечыя тайны, сябравала пераважна з хлопцамі і пра свой жаночы род гаварыла надзвычай зняважліва.

Пасля ўрокаў я і Пека часцей за ўсё ішлі разам з Лінай, бо нам было па дарозе. Дзяўчынка жыла ў гасцініцы, дзе яе бацька працаваў загадчыкам. Дарогай Ліна балбатала безупынку. Яна прыехала ў наша мястэчка аж з Каўказа і вельмі ахвотна расказвала пра смелых і адважных чачэнцаў, пра тое, як яны крадуць сабе ў жонкі дзяўчат і як танцуюць з кінжаламі ў зубах. За гэтыя расказы дзяўчынцы нават далі ў класе мянушку – чачэнка.

На нашым школьным двары Ліна сама аднойчы танцавала каўказскі танец, трымаючы ў зубах звычайны сталовы нож, бо кінжала ў школе не знайшлося.

Ад нас з Пекам у дзяўчынкі не было ніякіх сакрэтаў. Яна скардзілася, што страшэнна не любіць арыфметыкі і пасля кожнай развязанай задачы ў яе баліць галава. Мы з Пекам шкадавалі дзяўчыну і навыперадкі давалі ёй спісваць нашы рашэнні. Я хутка заўважыў, што Ліна ахвотней бярэ Пекавы сшыткі. А Пека, нягледзячы на тое, што арыфметыку мы заўсёды рыхтавалі разам, трымаў сябе так, нібы толькі ў яго аднаго задачы выйшлі па адказу. Гэта мяне крыўдзіла, і бывалі хвіліны, калі Пека здаваўся мне проста ненавісным.

Хутка я пераканаўся, што Ліна наогул хіліцца да Пекі. Па дарозе яна размаўляла часцей за ўсё з ім, звонка смяялася пасля кожнага яго жарту, а я быў, як у той гульні, – трэцім лішнім. Ліне, відаць, падабалася, што Пека гучней, чым другія, крычаў на перапынках, бегаў па партах, дужаўся з кожным, каго ні стрэне. У маёй натуры ніякай няўрымслівасці не было, і таму Ліна проста не выдзяляла мяне сярод іншых хлопцаў.

З Пекам у мяне адносіны псаваліся. Я ведаў, як ён баіцца сваёй Рашэлі, як ходзіць перад ёй на задніх лапках, і таму зусім не лічыў яго смелым. «Варона, – помсліва думаў я пра Ліну. – Што яна такога знайшла ў гэтым канапатым Пеку?»

Аднойчы, калі канчалася ўжо другая чвэрць, я падклаў і Пеку, і Ліне добрую свінню. Тры разы ў тыдзень Рашэль пускала свайго брата пакатацца на каньках. Пускала яна яго ўсяго на адну гадзіну, і таму я не любіў выбірацца на лёд разам з Пекам. Увойдзеш у самы смак, ляціш на дзеравяшках па звонкім лёдзе, забываючы аб усім на свеце, а Пека раптам заве дамоў. Яго гадзіна кончылася...

На гэты раз я пакінуў лёд раней за Пеку. У той вечар на нашу замерзлую рачулку прыйшла Ліна. Можа, яна згаварылася з Пекам, можа, дзяўчынка дазналася сама, якой цудоўнай бывае рачулка зімовым вечарам, калі над зямлёй вісіць сіняе сутонне, а лёд звініць і патрэсквае, але яна прыйшла.

Ліна ўмела катацца на каньках, гэта я ўбачыў адразу. Пека імчаў першым, за ім Ліна, а трэцім я. Мне здалося, што Пека з Лінай хочуць наўмысна адарвацца ад мяне, каб застацца адным, і я звярнуў убок, каб ім не перашкаджаць. Мне ад гэтага стала неяк горка і крыўдна, і зняўшы свае дзеравяшкі, я ціха паклыпаў дадому.

Дома я сеў за арыфметыку. Нам далі рашыць два вельмі цяжкія прыклады на дзяленне дробаў. Гэтыя дробы былі нейкія чатырохпавярховыя, і прайшла цэлая гадзіна, пакуль я рашыў першы прыклад. Пекі ўсё не было. Я ўяўляў, як, пабраўшыся за рукі, Пека з Лінай носяцца па лёдзе, і мяне ўсё болей апаноўвала злосць. «Ён хоча, каб я рашыў і яго прыклад, – з нянавісцю думаў я пра Пеку. – Я рашу, але заўтра паглядзім...» Два разы выходзіла са свайго пакоя доўгая Рашэль і пыталася, дзе Пека. Я адказваў, што не ведаю.

Пека прыйшоў можа гадзіны праз тры. Ён быў расчырванелы і ўзбуджаны. «Рашыў задачы?» – спытаў ён у мяне шэптам. Я кіўнуў галавой. «Заўтра пойдзем у школу раней, я ў цябе перапішу...» Выскачыла Рашэль і накінулася на Пеку. Ён спачатку нешта даводзіў ёй пра рэпетыцыю харавога гуртка, але яна не слухала. Яна лямантавала як шалёная, а Пека стаяў насуплены і няшчасны. Мне ў гэтую хвіліну нават стала крыху шкада сябра, і я ўжо зусім на яго не злаваўся.

Але назаўтра прага помсты авалодала ўсёй маёй істотай. Калі па дарозе ў школу мы праходзілі паўз гасцініцу, з яе двара выскачыла Ліна. Яна, мабыць, спецыяльна падпільноўвала Пеку. Са мной Ліна нават не павіталася. Яна гаварыла толькі з Пекам, успамінала рачулку, пытаючыся, калі ён пойдзе зноў катацца на каньках. Я ішоў ззаду і поўніўся злосцю.

– Ты рашыў прыклады? – перад самай школай пацікавілася Ліна.

– Рашыў, – абыякавым голасам адказаў мой сябар.

– Дасі мне перапісаць?

– Дам...

У мяне закіпела ў грудзях. Я ледзь не закрычаў ад абурэння на гэтых дваіх, якія без ніякага сумлення не хацелі заўважаць ні мяне, ні нават маёй працы. Але я ўсё ж стрымаўся. Я толькі адстаў крокаў на дваццаць ад Пекі з Лінай.

– Ты хутка? – на самым ганку паклікаў мяне Пека.

– Хутка...

Але ў клас я не пайшоў. Як толькі Пека з Лінай схаваліся ў калідоры, я сігануў за вугал школы. Я стаіўся ў штабялях дроў і з нейкім радасна-помслівым пачуццём маляваў сабе карціну, якімі вачамі глядзіць цяпер Ліна на свайго смелага і разумнага Пеку, у якога не зроблены ніводзін прыклад. Я нават замерз, седзячы на дровах, але ў клас пайшоў толькі пасля таго, як празвінеў званок.

Арыфметыка была на першым уроку. Пека, вядома, засыпаўся. Настаўнік, ведаючы, што прыклады цяжкія, пасля дзвюх дзяўчынак, якія сказалі, што сшыткі з рашэннем забыліся дома, выклікаў Пеку. Пека пачырванеў як бурак.

– І я забыўся сшытак дома, – нарэшце прамовіў ён.

Пека схлусіў няўдала. Яго сшытак ляжаў на парце, і настаўнік, каб пераканацца, што Пека хлусіць, спецыяльна ўзяў гэты сшытак і пагартаў.

– Вы і не браліся за рашэнне, Мацюшэнка, – сказаў настаўнік Пеку. – У вас жа толькі ўмова ў сшытку... Улічваючы вашы мінулыя заслугі, дрэннай адзнакі я вам не стаўлю, але заўвагу запішу. Дайце дзённік...

Пека ў той дзень са мною не размаўляў. А вечарам здарылася нешта незвычайнае, нешта такое, што назаўсёды прымірыла мяне з маім сябрам і прымусіла глядзець на яго зусім новымі вачамі. Вечарам Пека не выйшаў у нашу палавіну хаты, каб рыхтаваць са мной урокі. Па суботах ён часта не паказваўся са свайго пакоя, і я таксама не сеў рашаць задачы, спадзеючыся заўтра памірыцца з Пекам і засесці за арыфметыку разам з ім. Я сядзеў на прыпечку і чытаў кнігу, як раптам з Пекавай палавіны хаты данеслася нейкае раўнамернае цёпканне. Здавалася, што нехта выбіваў пыл з заляжалага старога паліто. Такія гукі даносіліся з пакоя нашых кватарантаў не ўпершыню, і я заўсёды дзівіўся, чаму Рашэль выбівае адзенне ў хаце, а не на двары.

У гэты час мяне тузануў за нагу мой самы малодшы брат Кузя. Акрамя яго і мяне, у хаце болей нікога не было. Маці даіла карову, бацька быў на рабоце, а двое братоў коўзаліся недзе на рачулцы.

– Пеку б’юць, а ён не плача, – сур’ёзна сказаў Кузя і, пакінуўшы мяне, прыпаў вокам да шчыліны ў дзвярах Пекавага пакоя.

Гэтыя словы працялі мяне, нібы электрычны ток. Страшная здагадка скаланула ўсю маю істоту, і я выскачыў на двор. Зазірнуўшы ў акно, я ўбачыў распластанага ніц на канапе Пеку і Сямёна Барысавіча, які ўзмахваў над ім складзеным у дзве столкі гумавым шлангам. Доўгая Рашэль, адклаўшы ўбок кнігу, спакойна наглядала за гэтай экзекуцыяй...

У той вечар я доўга не прыходзіў дадому. Я вінаваціў сябе ў сотнях самых цяжкіх грахоў перад Пекам. Мне цяпер было ясна, як пакутуе мой сябар, жывучы ў сваёй доўгай сястры. Яго, выходзіць, білі ўсе тыя суботы, калі ён па незразумелай прычыне не выходзіў на нашу палавіну хаты.

Я даў самому сабе слова, што не буду злаваць на Пеку з-за Ліны і нікому не раскажу пра гумавы шланг. Я толькі не ведаў, як буду глядзець у вочы свайму сябру. Пека ж сам не хоча, каб хто-небудзь дазнаўся, што яго б’юць, бо ён ніколі не закрычаў пад гэтым гумавым шлангам. Доўгую Рашэль і тоўстага Сямёна Барысавіча з гэтага часу я проста зненавідзеў.

Дома ўжо ўсе ведалі, што Сямён Барысавіч караў Пеку. Відаць, аб гэтым паспяшыў раззваніць Кузя. Мае браты, Васіль і Піліп, сядзелі на печы маўклівыя і насупленыя і не грызліся, як звычайна, адзін з адным. Толькі Кузя ў сваіх паласатых штанах, якія яму нядаўна перашылі з навалочкі, даволі бадзёра вытанцоўваў па хаце. Хлопец пакуль што карыстаўся ўсімі перавагамі свайго пяцігадовага ўзросту і таму ніколі не губляў добрага настрою. Яго яшчэ ніхто не крануў нават пальцам, яму не трэба было рашаць арыфметыку і дапамагаць маці, і жыццё ўяўлялася хлопцу адной суцэльнай гульнёй. Кузя лез за стол разоў дзесяць у дзень: ён снедаў, абедаў і вячэраў з кожным, хто прыходзіў у хату. Кузя і цяпер, мабыць, чакаў мяне, каб павячэраць у трэці раз.

– Пека не плакаў, калі яго білі, – яшчэ раз паведаміў мне Кузя. – Ён тоўсты, і яму зусім не баліць...

Васіль і Піліп пасля гэтых слоў пашыліся яшчэ глыбей у змрок. Яны не падзялялі Кузевага аптымізму. Кожны з іх меў за сабой сякія-такія грашкі, і таму на печы ў гэты вечар панавала трывожная сваёй затоенасцю атмасфера.

– Бач, прыціхлі, – заўважыў бацька. – Вас бы вось так прычашчаць папліскай перад нядзеляй, мо перасталі б тады гыркацца...

Назаўтра мы з Пекам памірыліся. Ён ні словам, ні рухам не паказаў, што яго ўчора білі. Я таксама зрабіў выгляд, што нічога не ведаю. Усё было б добра, каб не Кузя, які ўсунуў свой замурзаны нос у гэтую справу.

– Табе з, праўда, уцора не балела, як дзядзя біў? – спытаў Кузя ў Пекі. – Па цым цябе ён біў?

Я ўпершыню даў Кузю шлепака, і ён зарумзаў. Пека выскачыў з хаты. На яго вачах былі слёзы...

Не, я не зайздросціў Пеку. Ён падабаўся Ліне, лепш за мяне апранаўся, смачней еў, у яго былі бліскучыя снягурачкі, але я яму ні кропелькі не зайздросціў...

Пека паводзіў сябе ў школе ўсё горш і горш. Ён стаў нейкі нервовы, ва ўсякім самым бяскрыўдным слове бачыў насмешку над сабой і нікому не даваў спуску. Іншы раз на сябра нападала празмерная ўзбуджанасць, і ён тады насіўся па класе як віхор, смяяўся, вырабляў розныя мартаплясы. Але жартаваў Пека жорстка. Ён кідаў дзяўчатам у чарніліцы павукоў, складаў пра хлопцаў крыўдныя вершыкі, вывіжоўваў чужыя сакрэты, расказваючы іх потым усім. Вучыўся ён па-ранейшаму добра, і таму настаўнікі, нават класны кіраўнік Рыгор Канстанцінавіч, яму многае даравалі. Па дысцыпліне ў другой чвэрці выдатнай адзнакі Пеку ўсё ж не паставілі.

– Мы перахвалілі цябе, Мацюшэнка, – сказаў Рыгор Канстанцінавіч на класным сходзе. – Гэта ж сорам: ты адзін з усяго класа пішаш на «выдатна» дыктоўкі і так дрэнна сябе трымаеш. Прыйдзецца пагаварыць з тваімі бацькамі...

Пека сядзеў, апусціўшы галаву. Мне было шкада сябра, але я не мог яму нічым дапамагчы. Я нікому не расказаў, што Пеку дома б’юць, і ён плаціў мне за гэта ўдзячнасцю. Мяне ён ніколі не закранаў ні сваім колкім жартам, ні насмешкай.

У наступную суботу Сямён Барысавіч зноў частаваў Пеку гумавым шлангам. Цяпер, мабыць, за тое, што ён не прынёс у дзённіку выдатнай адзнакі па дысцыпліне...

– Ты не расказвай нікому, – ужо не тоячыся, папрасіў мяне Пека. – Я да лета пацярплю, а потым паеду куды-небудзь...

– Куды ты паедзеш? – спалохана перапытаў я.

– А што? Мне будзе ўжо чатырнаццаць гадоў. Паступлю куды-небудзь на завод. Ты толькі маўчы...

У трэцяй чвэрці нічога не змянілася. Пека на перапынках падымаў уверх нагамі ўвесь клас. Кожны дзень ён выдумляў што-небудзь новае. Выклікалі ў школу доўгую Рашэль, з ёю гаварыў сам Рыгор Канстанцінавіч, запісвалі Пеку ў дзённік заўвагі па дысцыпліне, але ён не зважаў ні на што. Ён стаў такі калючы і едкі, што здавалася, помсціў усяму свету.

З Лінай у Пекі адносіны сапсаваліся таксама. Дзяўчынка ў другой палове года неяк нечакана перамянілася. Раней яна была першай у класе весялухай, а наконт розных выдумак магла б паспрачацца з самім Пекам. Цяпер яна ўжо рэдка лётала па класе і рагатала. Ліна стала нейкай задуменнай і сумнай. Яна ўсе перапынкі прастойвала ля акна, углядаючыся ў прастор, які адкрываўся воку з вышыні другога паверха. Я стаў заўважаць, што Ліна пазбягала Пекавай кампаніі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю