412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Навуменка » Пераломны ўзрост » Текст книги (страница 2)
Пераломны ўзрост
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:50

Текст книги "Пераломны ўзрост"


Автор книги: Іван Навуменка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

Я ведаў, што Ліна на два гады старэйшая за мяне і Пеку. Яна, каб не бацькавы пераезды з месца на месца, вучылася б ужо ў сёмым класе. Але чаму Ліна перастала сябраваць з Пекам, я не ведаў. Яна ж і раней была старэйшая за Пеку, але гэта ёй не шкодзіла ім захапляцца. Я ў душы трохі радаваўся, што Ліна не звяртае цяпер ніякай увагі на Пеку. Але гэтую радасць я хаваў за знешняй абыякавасцю да дзяўчынкі.

Аднойчы пасля заняткаў у нашай школе адбыўся цікавы выпадак. Сабакі прыгналі на школьны двор тхара. Яны так на яго насядалі, што звярок сам узбег на каменны ганак і кінуўся ў калідор. Ужо ў калідоры пагналіся за тхаром мы і насіліся за ім да таго часу, пакуль ён не ўскочыў у грубку, дзверцы якой былі адчынены. Звярок быў цяпер у пастцы, мы яго хацелі ўзяць жывым. Адтуль ён пазіраў на нас злымі зялёнымі вачамі і шыпеў, нібы кот. Калі мы пачалі пароць у грубку палкамі, тхор палез у комін. Ён не хацеў здавацца.

– Мы яго зараз падсмалім, – спакойна сказаў Пека, дастаючы з партфеля два спісаныя сшыткі. – Давайце, у каго ёсць непатрэбная папера. Выскачыць з грубкі як міленькі...

Ад гэтых слоў я страшэнна раззлаваўся і ўпершыню схапіў сябра загрудкі. На мяне напала нейкая шалёная злосць, і ў першае імгненне я не мог нават вымавіць слова.

– Ты ж ведаеш, што тхор жывы і яму будзе балець, – крычаў я ў канапаты Пекаў твар, які быў для мяне цяпер проста ненавісны. – Табе ж баліць, калі цябе б’юць...

Пека адразу звяў. З нейкім сполахам на твары ён вырваўся ад мяне і, апусціўшы галаву, моўчкі пайшоў да выхада. Хлопцы здзіўлена паглядзелі яму ўслед. Ахвота лавіць тхара прапала, і ўсе адышліся ад грубкі.

Пасля гэтага выпадку я доўга не мог сабрацца з думкамі. Каяцца перад Пекам мне не хацелася, і разам з тым у вачах стаяла паніклая постаць сябра і яго спалоханы твар. «Чаму ён такі жорсткі? – пакутліва думаў я. – Яго ж крыўдзяць болей, чым усіх. Дык навошта ж на другіх замахвацца? Ён жа ведае, што другім баліць таксама...»

Адказу на гэтае пытанне, якое даўно набалела ў душы, я не знаходзіў. Мне было ўжо трынаццаць гадоў, я прачытаў сто ці болей кніг, ведаў усе рэкі, горы і буйныя гарады на карце зямнога шара і не мог сам сабе адказаць на гэтае простае пытанне.

Мае разважанні парушыла Ліна. Яна дагнала мяне на вуліцы і пайшла поруч. Ліна таксама была нечым усхваляваная.

– Тхор уцёк, – паведаміла яна і без ніякай сувязі са сказаным дадала: – Не люблю задавак і хуліганаў...

Гэтыя словы паласнулі мяне, нібы нажом. Затаіўшы дыханне, чакаў я, што скажа Ліна далей. Яна не ўмела хаваць сваіх думак, аб гэтым я ўжо ведаў даўно.

– Гэты твой Пека проста брыдкі, – сказала Ліна. – Ён з усіх насміхаецца і хоча паказаць, што самы разумны. А ты добры...

Болей Ліна не сказала нічога. Яна пайшла ў сваю гасцініцу, паскардзіўшыся, што зусім не бралася за паўтарэнне арыфметыкі. Але і таго, што дзяўчынка сказала, было дастаткова, каб перавярнуць усю маю душу. Мне было прыемна, цёпла, радасна ад гэтых слоў, якія датычылі толькі мяне. Я прыскорыў крок, каб мяне не дагналі аднакласнікі...

З Пекам мы зноў памірыліся. Прыйшоўшы назаўтра ў клас, ён пераканаўся, што я нічога лішняга пра яго не сказаў, і першы працягнуў мне руку. Мне было трохі ніякавата перад сябрам. Я ўжо ведаў, што думае пра яго Ліна, але ні за якія грошы не адкрыў бы гэтага Пеку. Мне нават здавалася, што я нешта ўкраў у сябра, і таму часта ўзнікала жаданне зрабіць для яго што-небудзь добрае, дагадзіць яму.

Пека па-ранейшаму на перапынках галёкаў, Ліна стаяла ля акна і аб нечым думала, а я стараўся на яе не глядзець. З той памятнай размовы я наогул усяляк пазбягаў Ліны і баяўся сустрэцца з ёю адзін на адзін. Мне было дастаткова таго, што дзяўчынка пра мяне добра думае.

А далей пайшлі падзеі, якія прымусілі мяне яшчэ больш паламаць галаву над загадкамі жыцця. Рыгор Канстанцінавіч даў нам аднойчы напісаць пераказ, які называўся «Мой настаўнік». Ён два разы прачытаў перад класам успаміны лётчыка пра свайго настаўніка. Гэта былі цікавыя ўспаміны. Лётчык яшчэ ў дзяцінстве астаўся без бацькоў. Яны загінулі ў грамадзянскую вайну. Хлопец звязаўся з беспрытульнымі, краў, ездзіў з горада ў горад. Некалькі разоў яго лавілі, накіроўвалі ў прытулкі, але ён адтуль уцякаў і зноў бадзяўся з беспрытульнымі. Але аднойчы на шляху хлопчыка трапіўся чалавек, ад якога ён не захацеў уцякаць. Гэта быў настаўнік дзетдомаўскай школы, і дзякуючы яму той хлопчык пачаў вучыцца і потым стаў славутым лётчыкам. На ўсё жыццё захаваў ён удзячнасць да настаўніка.

Мяне гэтае апавяданне ўсхвалявала. На пераказ нам было адведзена два сумежныя ўрокі, і я скончыў яго перад канцом другога ўрока, не паспеўшы нават як след праверыць напісанае. Я баяўся, што нарабіў многа памылак. Мяне адольваў страх яшчэ і па той прычыне, што я залішне далёка адышоў ад арыгінала, перасыпаўшы свой пераказ падрабязнасцямі, якіх зусім не было ў апавяданні лётчыка. Але мой страх аказаўся дарэмным. На наступны дзень Рыгор Канстанцінавіч, перш чым раздаць сшыткі, вынуў з вялікага стуса мой і аставіў у сябе на стале. Ён прачытаў напісаны мной пераказ усяму класу, заявіўшы, што гэта самае лепшае ўкладанне.

– За гэту работу я паставіў «выдатна», – сказаў Рыгор Канстанцінавіч, – а Пятру Мацюшэнку «здавальняюча». Што з табой творыцца, Мацюшэнка? Ты лепш за усіх пісаў дыктоўкі і пераказы, а цяпер гэтак спасаваў? У цябе не атрымалася ніякага пераказу, бо ты яго проста не скончыў. Прыйдзецца зноў пагаварыць з тваёй сястрой...

Мне было вельмі шкада Пекі. Ён сядзеў з апушчанай галавой на самай першай парце, і яго твар залівала густая чырвань. Я здагадаўся, чаму Пека не здолеў добра напісаць гэтае ўкладанне. Ён, мабыць, у тыя хвіліны, калі пісаў, успамінаў свой намер уцячы ад доўгай Рашэлі і проста не захацеў хлусіць перад настаўнікам. Я нават крыху злаваўся на Рыгора Канстанцінавіча: ён жа настаўнік і павінен раскусіць гэтую Рашэль. Няўжо ён не ўбачыў, што яна хлуслівая, жорсткая, і што з-за яе пакутуе Пека.

Кончылася трэцяя, самая вялікая чвэрць. У дзённіку я прынёс лепшыя, чым Пека, адзнакі. Нават па рускай мове ў Пекі ўжо не было пяцёркі. Па паводзінах яму паставілі «здавальняюча». Але сябра на гэты раз не білі. Рашэль разам са сваім Сямёнам Барысавічам паехала некуды ў горад, і Пека сталаваўся ў нас.

Я усё болей і болей думаў пра Ліну. Мне зусім не хацелася з ёю сустракацца, размаўляць, я любіў пра яе толькі думаць. Я не ведаў, ці прыгожая яна, ці разумная, гэта зусім мяне не цікавіла. Са школы разам з Лінай я ўжо болей ніколі не хадзіў, стараючыся знікнуць з класа раней ці пазней за яе. Мне не хацелася якім-небудзь учынкам асароміцца перад дзяўчынкай. Ліна таксама не шукала сустрэч са мною. Але я ніколі за гэта на яе не крыўдзіўся. Мне было дастаткова таго, што Ліна жыве на свеце, вучыцца са мной у адным класе і на ўроках крадком я магу на яе паглядаць. Іншы раз, калі Ліна запіналася, адказваючы ўрок, мне рабілася яе шкада.

У пачатку апошняй, чацвёртай, чвэрці ў нашай школе адбыліся перамены. Рыгора Канстанцінавіча ад нас забралі, і ён стаў працаваць загадчыкам райана. Яго замяніла Рашэль. Яе ж прызначылі і класным кіраўніком у пяты клас.

– Я б ніколі не пайшла працаваць у сямігодку, – заявіла Рашэль маёй маці. – Інстытут я канчала не для гэтага. Усё з-за Пекі. Ён жа зусім адбіваецца ад рук. Куды там толькі глядзяць настаўнікі, не разумею...

У школе Рашэль перастала быць Рашэллю. Яна сказала перад усім класам, што яе завуць Агрыпінай Іванаўнай. Пеку яна называла ў класе Пятром.

Прызначэнне Рашэлі настаўніцай ударыла па мне вельмі балюча. Я не любіў Пекавай сястры і дома гэтага ніколечкі не хаваў. На яе пытанні я адказваў «так» або «не», у пакой нашых кватарантаў не заходзіў, стараючыся не трапляцца Рашэлі на вочы. Мяне брала крыўда за нашага дырэктара: няўжо ён не разабраўся, што Рашэль дрэнная настаўніца, што ёй не месца ў школе. Шкада было і Пекі, ён цяпер цэлы дзень быў на вачах у сваёй сястры.

Я лічыў, што наш пяты клас адразу разбярэцца, хто такая Рашэль. Але я памыліўся. Новая настаўніца зайшла ў клас, асвяціўшы свой твар усмешкай, яна гаварыла нейкім новым, маладым голасам, жартавала, і з яе жартаў некаторыя нават смяяліся. Мы з Пекам не смяяліся. Нам было не да смеху.

Я не слухаў, як тлумачыла Рашэль. Мы разбіралі аповесць «Ташкент – горад хлебны», настаўніца расказвала пра пакуты галоднага Мішкі Дадонава, выклікала нават мяне прачытаць нейкі ўрывак, але ўсё гэта прайшло ў нейкім паўсне. Я не верыў ніводнаму слову Агрыпіны Іванаўны, мяне зусім не ўзрушалі тыя задушэўныя ноткі, якія час ад часу прарываліся ў яе голасе. Нарэшце ўрок скончыўся, і я ўздыхнуў з палёгкай.

– Ну, як новая настаўніца? – спытаў я ў свайго суседа па парце.

– Нічога сабе, – бесклапотна прамовіў ён. – Тлумачыць падрабязна. Толькі вельмі высокая яна. А вам з Пекам цяпер добра, вы можаце нават не вучыць яе прадметаў. Дрэннай адзнакі яна ж вам не паставіць...

Мой сусед нічога не хацеў разумець.

Для нас з Пекам наступілі нярадасныя дні. Тым, хто не ведаў Пекі, магло здацца, што ён перамяніўся. Пека сапраўды стаў зацяты, маўклівы, ён не галёкаў і не бегаў, як раней, па партах. Некаторыя ўрокі ён праседжваў, не зварухнуўшыся, уставіўшыся позіркам у якую-небудзь адну кропку. Толькі зрэдку, пераважна ў тыя дні, калі ў нас не было ўрокаў Агрыпіны Іванаўны, Пека рабіўся ранейшым. На яго тады нібы находзіла нейкая пошасць, і ён пацвельваўся, высмейваў кожнага, хто яму не падабаўся, выдумляў розныя штукі.

– Пра што ты думаеш? – спытаўся я аднойчы ў Лекі.

– Ты ведаеш, – адказаў ён з яўнай неахвотай. – Я табе казаў ужо. Толькі ты маўчы.

Пека чакаў лета... Я не чакаў нічога. Для мяне страцілі былую прывабнасць дыктоўкі і пераказы, урокі літаратурнага чытання, якія некалі так цудоўна праводзіў Рыгор Канстанцінавіч. Мне проста не хацелася слухаць Агрыпіны Іванаўны, хоць усё, здаецца, яна тлумачыла правільна.

У адзін з тых дзён настаўніца сказала, што мы будзем пісаць пераказ «Мой настаўнік».

– Мы пісалі ўжо гэты пераказ, – загуў клас.

Агрыпіна Іванаўна спачатку разгубілася, але потым узяла сябе ў рукі.

– Па плану вы павінны пісаць пераказ «Мой настаўнік» не ў трэцяй, а ў апошняй чвэрці, – заявіла яна. – Ранейшы настаўнік проста зрабіў памылку.

На гэты раз пераказ я напісаў за адзін урок. Ён атрымаўся ў мяне ў тры разы карацейшы, чым раней, бо я нічога не хацеў выдумляць. Пека выцягнуў стары сшытак і проста перапісаў з яго. Так рабілі і іншыя.

Праз два дні Агрыпіна Іванаўна раздала сшыткі. Цяпер я параўняўся з Пекам: і мне, і яму настаўніца паставіла «здавальняюча».

Я дарэмна баяўся: вялікага аўтарытэту Агрыпіна Іванаўна ў нашым пятым класе не заваявала. Нам не падабалася, што яна лічыць нас нейкімі дзецьмі і задае іншы раз проста смешныя пытанні.

– Няхай думае ўвесь клас, – пачынала настаўніца ўрок. – Як называлася вёска, дзе жыў Мішка Дадонаў?

Тут нечага было думаць. Разгарнуўшы кнігу, кожны мог адразу прачытаць назву гэтай вёскі.

– Як звалі няньку Пушкіна?

– Арына Радзіёнаўна, – хорам гудзеў клас.

– На якім кані сядзеў Кутузаў у час Барадзінскага бою?

– На белым...

Ад гэтых пытанняў паразумнець было цяжка. Можна было забыць нават тое, што ведаеш. Агрыпіна Іванаўна да кожнага самага маленькага вершыка прыдумвала процьму такіх пытанняў. Атрымлівалася, што мы не вучні пятага класа, а нейкія выхаванцы дзіцячага сада, якім трэба ўсё разжаваць і гатовае пакласці ў рот. Настаўніца не дазваляла нам самастойна ступіць нават кроку. У яе было загатоўлена пытанне на кожны радок верша, на кожны самы маленькі кавалачак тэкста. Для гэтых кавалачкаў мы прыдумвалі загалоўкі, потым складалі падрабязны план кожнага ўрыўка, потым намячалі пытанні, на якія патрэбна было адказваць. Гэтыя загалоўкі, урыўкі, пытанні абрыдлі нам, як камары ў вясновы надвячорак. Урокі літаратурнага чытання мала чым адрозніваліся цяпер ад урокаў арыфметыкі.

Як нешта дзіўнае, што мінула і ніколі не вернецца, успамінаў я заняткі, якія праводзіў Рыгор Канстанцінавіч. Наш былы настаўнік не баяўся, што мы не зразумеем цяжкага матэрыялу, і заўсёды размаўляў з намі, як з дарослымі. Тое, аб чым ён расказваў, было заўсёды новым і цікавым.

Параўноўваючы літаратурнае чытанне з геаграфіяй і батанікай, я прыходзіў да сумнага вываду, што гэтыя два прадметы куды цікавейшыя. Географ і батанік расказвалі пра горы, каменне, вятры, едкі люцік і балотны хвошч з большым захапленнем, чым Агрыпіна Іванаўна пра Пушкіна, Лермантава і Максіма Горкага.

Яшчэ больш не падабалася нам Агрыпіна Іванаўна як класны кіраўнік. Яна зусім не цікавілася нашымі схільнасцямі, характарамі, турботамі. Яна, здаецца, ведала толькі адно: кожны вучань павінен весці сябе прыкладна, а вучыцца добра. Гэта настаўніца паўтарала нам на кожным класным сходзе.

– Гэта ж сорамна не вучыць урока, – распякала яна каго-небудзь з вучняў.

Або:

– Як вам не брыдка парушаць дысцыпліну?

Усе запаведзі, якімі Агрыпіна Іванаўна імкнулася дамагчыся поўнага перавыхавання класа, мы ведалі вельмі добра. Але, нават вывучыўшы іх на памяць, мы чамусьці не рабіліся лепшымі.

Клас вельмі хутка даў сваю ацэнку Агрыпіне Іванаўне:

– Далёка ёй да Рыгора Канстанцінавіча, – была аднадушная думка. – Нейкая яна кіслая.

– Палка, – сказала аднойчы пра настаўніцу Ліна.

Мы з Пекам маўчалі...

Пека хадзіў сумны, вучыўся ён у апошняй чвэрці значна горш, чым у пачатку года. Многія ў нашым класе ўжо заўважылі, што Пека не любіць і баіцца сваёй сястры. Аб гэтым нейкім чынам здагадваліся нават настаўнікі. Я заўважыў: і географ, і батанік, і асабліва настаўніца нямецкай мовы палепшалі да Пекі. Яны стараліся падбадзёрыць яго і пры ўсякім зручным выпадку падхвальвалі.

Наступіла вясна. Яна ў гэтым годзе была цёплая, ранняя. У красавіку ўжо ярка свяціла сонца, дзяўчаты штодня прыносілі ў клас букецікі кураслепу. Пеку з надыходам вясны стала вальней. Амаль па ўсіх прадметах было паўтарэнне, і ён не браўся за кнігі, спадзеючыся на сваю памяць. І да ўрокаў і пасля іх Пека дома амаль не стыкаўся. Ён швэндаўся па мястэчку, гадзінамі прастойваў на станцыі, праводзячы зайздросным позіркам цягнікі. Яны імчаліся не спыняючыся. Агрыпіна Іванаўна ў апошні час паслабіла свой кантроль над Пекам. Можа, яна рыхтавалася да ўрокаў, правярала нашы сшыткі, а можа, была якая-небудзь іншая прычына.

З наступленнем вясны тоўсты Сямён Барысавіч зноў па цэлых тыднях прападаў на раёне. Без яго да Агрыпіны Іванаўны пачаў часта заходзіць Міланцій Казельчык, наш фізкультурнік. Міланція Іосіфавіча за настаўніка мы не лічылі, дый ніякім настаўнікам ён фактычна і не быў. Ён працаваў масавіком у клубе, і яго проста запрасілі праводзіць спевы і фізкультуру, бо спецыяльнага настаўніка, мабыць, не было. Тую гадзіну ў тыдзень, якая была адпушчана на фізкультуру, мы прагульвалі, бо Міланцій Іосіфавіч гімнастычнымі практыкаваннямі не вельмі цікавіўся. Ён пераважна націскаў на розныя гульні. Хлопцы ў гульнях удзельнічаць не хацелі, і настаўнік займаўся з аднымі дзяўчатамі. Ён наладжваў карагод і, вытанцоўваючы сваімі доўгімі нагамі пасярэдзіне круга, падпяваў: «А лягушкі скачуць так, так лягушкі скачуць...» Дзяўчаты кружыліся і смяяліся ад задавальнення, а хлопцы, стоячы воддаль, пасмейваліся з дзяўчат і з фізкультурніка разам. За доўгія ногі Міланція Казельчыка празвалі «Бусел», і гэтая мянушка прыжылася. Пра фізкультурніка яшчэ расказвалі, што яго жонка сама ходзіць атрымліваць мужаву зарплату, бо, відаць, яму не вельмі давярае...

«Бусел» зрабіўся частым госцем у нашым доме.

Іншы раз з пакоя Агрыпіны Іванаўны даносіліся трэньканне гітары і суладныя спевы. Два ці тры разы наша кватарантка ў час прыходу «Бусла» пасылала Пеку па гарэлку. Мне было непрыемна, што Міланцій Казельчык ходзіць да нас. Але я пра гэта стараўся не думаць. Я думаў пра Ліну. Мы па-ранейшаму ніколі не хадзілі разам са школы і не размаўлялі адзін на адзін. Так мне было лепш. Аднойчы дзяўчынка захварэла і некалькі дзён не прыходзіла на заняткі. Мне ўсе тыя дні было страшэнна сумна.

Вясной усё ж стала весялей. У светлыя зорныя вечары наша вуліца аж звінела ад смеху. Мы радаваліся цеплыні, надыходзячаму лету, цікавым прыгодам, якія чакалі нас наперадзе. Пра Агрыпіну Іванаўну ў такія вясёлыя гадзіны я зусім забываў. Яе для мяне не існавала. З Пекам было другое. Ён і ў часы самай хмельнай весялосці раптам мяняўся, рабіўся змрочны і зацяты.

Ліна на нашай вуліцы ніколі не паяўлялася. Гэта было лепш. Пры Ліне, мабыць, я не адважыўся б вярзці, што ўзбрыдзе на язык, дурэць і адчуваць сябе такім вольным казаком. Мяне палохала нават думка, што дзяўчынка можа падумаць пра мяне нядобра...

Праходзячы аднойчы паўз гасцініцу, я ўбачыў у акне Лінінай кватэры святло. Акно захінала фіранка, і разгледзець з вуліцы, што робіцца ў кватэры, было нельга. Але ў гэты момант мне так моцна захацелася паглядзець на Ліну, што пераадолець спакусы я не змог. Азірнуўшыся, ці не крочыць хто-небудзь за мной услед, я пераскочыў нізенькі парканчык, які аддзяляў гасцініцу ад вуліцы, і, стаўшы на дыбачкі, прыліп да акна. Я ўбачыў Ліну, яна стаяла ў сіняй просценькай сукенцы ля стала і нешта прасавала. Хваля яшчэ не знанай мне раней пяшчоты заліла ўсю маю істоту, і я адскочыў ад акна.

У той вечар мне было і сумна, і радасна адначасова. У душы жыло адчуванне, што я развітваюся з нечым прызвычаеным, спакойным і ўступаю ў паласу жыцця, якая невядома што абяцае. І яшчэ я ўпершыню пашкадаваў у той вечар, што мне ўсяго толькі трынаццаць гадоў...

Прыйшоўшы дадому і дачакаўшыся, калі Пека пойдзе спаць, я напісаў верш. Ён прысвячаўся Ліне. Верш гэты выліўся з маёй душы неяк сам сабой, без ніякіх асаблівых намаганняў:

Прыляцела ты з Каўказа,

Нібы горная арліца,

І ўсе хлопцы з нашага класа

Табой не могуць надзівіцца.

Ты часта сумная бываеш,

Але не трэба сумаваць,

Хмары вецер паразганяе,

І сонца вечна будзе ззяць...

Мне захацелася зарыфмаваць слова «Ліна», якое звінела так прыемна і мілагучна. Да гэтага слова было столькі багатых рыфмаў – дзяўчына, маліна, хвіліна, каліна. Але напісаць на паперы імя дзяўчыны я не адважыўся. Я зверху напісаў толькі адну літару «Л».

Я, вядома, не збіраўся аддаваць або нават паказваць гэты верш Ліне. Мне было проста радасна ад думкі, што я магу патаемна ад усіх размаўляць з дзяўчынай.

Назаўтра першым быў урок літаратурнага чытання. Агрыпіна Іванаўна сыпанула класу цэлую прыгаршчу сваіх пытанняў, потым загадала скласці падрабязны план нейкага ўрыўка. Каб ухіліцца ад гэтага сумнага занятку, я ціхенька выцягнуў свой верш і, паклаўшы яго між старонак падручніка, стаў перачытваць. Я, мабыць, вельмі моцна захапіўся, бо зусім не чуў, як да мяне сярод насцярожанай цішыні класа падышла Агрыпіна Іванаўна.

– Дык вось які вы план складаеце, – сказала яна і ўзяла з маіх рук падручнік.

Я анямеў. Кроў прыліла да майго твару, у вушах нешта стукала, а рукі і ногі проста здранцвелі. Настаўніца між тым адышлася ад стала і прабегла вачамі мой твор. На яе вуснах зайграла нейкая брыдкая ўсмешка. Доўгая Агрыпіна Іванаўна, здаецца, збіралася прачытаць верш усяму класу. Але здранцвенне прайшло, і мая істота напоўнілася нейкай дзікай злосцю.

– Аддайце кнігу! – устаўшы з месца, патрабаваў я.

У маім голасе, відаць, гучала пагроза, бо настаўніца схамянулася і, як мне здалося, нават неяк спалохана зірнула на мяне.

– Вазьміце, – прамовіла яна нарэшце. – Вашы паводзіны абмяркуем на класным сходзе. Сорамна займацца на ўроку такімі справамі.

Агрыпіна Іванаўна не адважылася прачытаць мой верш, але я не сумняваўся, што яна раззвоніць аб усім у настаўніцкай. Белы свет для мяне пацямнеў. Я проста не ведаў, як з гэтага часу буду глядзець у вочы настаўнікам, як мне жыць далей. Я б, здаецца, даў адсячы сабе руку ці нагу, каб толькі як-небудзь патушыць гэта.

Некалькі дзён я проста не знаходзіў сабе месца. Мне здавалася, што ўсе настаўнікі глядзяць на мяне з захаванай насмешкай, кожную хвіліну я чакаў, што хто-небудзь з іх пачне гаворку пра мой верш. Мне было так балюча і сорамна, што не хацелася нават жыць. Нарадзілася жаданне заснуць на які год ці два і прачнуцца, калі ўсе забудуць гэтую гісторыю....

Мяне не пакідала роспач.

Дома я крычаў на сваіх меншых братоў, агрызаўся на просьбы маці, шалеў ад кожнага самага бяскрыўднага слова, сказанага мне. Пека, наадварот, быў ціхі і пахмуры, як ніколі. Ён хадзіў, апусціўшы галаву, і думаў нейкую сваю цяжкую думу. Але мне ў гэтыя дні было не да Пекі, я жыў сваім горам.

І вось аднойчы здарылася нечаканае. Я прыйшоў вечарам у хату і злосна шпурнуў кніжкі ў кут. Маці паставіла мне есці. Апетыту ў мяне не было ніякага, і, боўтнуўшы лыжкай раз ці два, я моўчкі адставіў яду ўбок. Заняты сваімі думкамі, я зусім не заўважыў, што ў хаце стаіць мёртвая, насцярожаная цішыня. Не распранаючыся, я прылёг на канапу. У гэтую хвіліну з ложка падняўся бацька. Спакойна зняўшы з цвіка папругу, ён падышоў да канапы і стаў мяне бязлітасна хвастаць.

– Не падымай вэрхалу, – прыгаварваў ён, – не надувай губ, еш, калі табе паставілі...

На печы зарумзалі мае браты Васіль, Піліп і самы малодшы Кузя. Я маўчаў, сцяўшы зубы. Нарэшце ганебная экзекуцыя кончылася. Я ўстаў і пайшоў да дзвярэй.

– Гэта табе за мінулы тыдзень, – сказаў мне бацька ўслед. – Заробіш яшчэ – атрымаеш у наступную суботу. Пеку адвучылі, адвучу і я цябе. Бач, ходзіць, падтуліўшы хвост...

Мяне душылі слёзы, але зусім не ад болю. Мне было сорамна самога сябе. Хацелася праваліцца скрозь зямлю, збегчы куды-небудзь у белы свет. Я адчыніў хлеў, узлез на вышкі і лёг на леташняе сена. У процілеглым канцы хлява трывожна зашчабяталі сонныя ластаўкі. Мяне агарнулі невясёлыя думкі. «Дурныя людзі, – думаў я, – сварацца, падколваюць адзін другога, б’юцца... Навошта ўсё гэта? Хіба нельга жыць у дружбе і згодзе? Вось як гэтыя ластаўкі. Нездарма яны такія прыгожыя». Я сапраўды ніколі не бачыў, каб ластаўкі біліся, і думка пра птушак спадабалася мне.

Але пра ластавак я думаў нядоўга. Пякучая крыўда хутка вярнула мяне да зямных спраў, ад якіх ніяк нельга было адкруціцца. Мая годнасць была прыніжана, знявечана, абліта гразёю. Я ўмеў рашаць самыя цяжкія задачы з простымі і дзесятковымі дробамі, амаль не рабіў памылак у дыктоўках, мог паказаць на карце любую раку, возера або мора зямнога шара, і мяне адлупцавалі, як нейкага дурнога шчанюка. Халодны боль сціскаў маё сэрца, калі я ўспамінаў Ліну. Што б яна падумала, каб даведалася, што мяне вучаць жыць папругай?..

У хлеў прыйшла маці. Яна здагадалася, што ў мяне нядобра на душы, і хацела мяне суцешыць.

– Ідзі ў хату, – ласкава сказала яна. – А то яшчэ прастудзішся. Гэта Рашэль падвяла бацьку. Сказала пра цябе, што і ў школе ты калючы, і хвалілася, што Пека яе клопатам стаў цяпер як шаўковы. А я сама не хачу гэтай бойкі...

Я быў удзячны маці, хоць яна не зусім разумела мяне. Я не крыўдаваў на бацьку за тое, што ён пахадзіў па мне папругай. І раней здаралася, што бацька або маці давалі мне кухталя. Але то было пад гарачую руку і за які-небудзь учынак, дзе я сам адчуваў сябе вінаватым. Тое забывалася адразу. А тут ён адлупцаваў мяне без ніякай маёй віны, думаючы, што я зраблюся пасля гэтага лепшым. Дый не маленькі ж я цяпер, каб вучыць мяне папругай. Найшоў каго слухаць... Рашэлі...

– Прынясі мне кажух, – папрасіў я маці. – Буду начаваць тут.

Назаўтра раніцай прыйшоў мяне суцяшаць Пека. З хвіліну ён пасядзеў моўчкі, потым зашаптаў:

– Я табе памагу, калі хочаш. Толькі ты маўчы. Я сабраў ужо трыццаць чатыры рублі, на білет хопіць. Мы можам паехаць і без білетаў. На заводзе скажам, што нам па шаснаццаць гадоў, і паступім на работу. Я думаю ехаць паслязаўтра. Рашэлі якраз дома не будзе.

– Куды ты паедзеш? – спалохана спытаў я.

Мне было вядома аб Пекавым намеры, але я звязваў яго з нейкай далёкай будучыняй. Цяпер жа гэтая будучыня насунулася, прыйшла, і мне стала проста страшна.

– У горад паеду, – рашуча шаптаў Пека.– Паступлю вучнем на завод, я рослы, прымуць. Ты можаш пазней прыехаць, калі баішся. Я табе ліст прышлю...

– Прападзеш ты, – угаворваў я сябра, страшачыся яго рашучасці.

– Не прападу, не малы... Там мяне ніхто не будзе лупцаваць, зваць дармаедам... Дык ты згодны?

– Ты яшчэ падумай, Пека,– спрабаваў угаварыць я сябра. – Здадзім экзамены, тады паглядзім...

– Нечага глядзець, – злосна адрэзаў Пека. – Не хочаш, не трэба. Толькі трымай язык за зубамі.

Ён пайшоў, а я яшчэ доўга думаў, лежачы на вышках, на леташнім сене. Два разы, асцярожна адчыняючы дзверы, заходзіла маці і клікала мяне снедаць. Нарэшце прыйшоў бацька.

– Не злуйся, – сказаў ён мне нейкім ломкім, незнаёмым голасам. – Глядзі ты, які пан стаў. Пальцам нельга крануць. Бацька ж табе не вораг. Мяне, брат, не так лазой частавалі, і то я свайму бацьку толькі дзякую за гэта.

Я ўжо не злаваўся. Маё гора было маленькім, дробязным у параўнанні з горам, якое выпала на долю Пекі. Яго ж ніколі не перапрошвалі ні доўгая Рашэль, ні тоўсты Сямён Барысавіч, хоць крыўдзілі яны майго сябра амаль штодня. Колькі павінна было накапіцца ў Пекавай душы такой крыўды, каб хлопец адважыўся бегчы ў белы свет!..

З гэтымі невясёлымі думкамі я прыйшоў у школу. Я адчуваў, што нешта трэба рабіць, але яшчэ добра не ведаў што. Пека быў ужо ў класе. Ён прадаваў свае кнігі. Цікавых кніг у Пекі было болей, чым у мяне, і раней ён іх вельмі шанаваў. Цяпер жа прадаваў проста за бясцэнак. І яшчэ я ўбачыў на правай руцэ ў сябра компас. Гэты компас каштаваў у нашай кніжнай лаўцы чатыры рублі і восемдзесят капеек.

Непрыкметна для Пекі я выйшаў з класа. Цяпер я ўжо ведаў, што рабіць. У настаўніцкую да дырэктара мне ісці не хацелася. Там была Рашэль, і яна магла перашкодзіць справе. Я накіраваўся ў райана, дзе працаваў загадчыкам наш былы настаўнік Рыгор Канстанцінавіч. Я наважыў усё расказаць яму...

Мне прыйшлося доўга блукаць па калідорах двухпавярховага будынка райвыканкома, пакуль я трапіў у патрэбны кабінет. На ўрокі я ўжо спазніўся, але гэта мяне ніколькі не хвалявала. У кабінеце Рыгора Канстанцінавіча было многа людзей. Я папрасіў дзяўчыну, якая сядзела за сталом у пярэднім пакоі, выклікаць загадчыка. Яна не згаджалася, тады я сеў на стул і пачаў чакаць. Нарэшце Рыгор Канстанцінавіч выйшаў сам.

– А ты чаго тут? – здзівіўся ён. – У школе ж урокі...

– Пека заўтра ўцячэ, – сказаў я. – З яго здзекуюцца...

– Які Пека? – не зразумеў Рыгор Канстанцінавіч. – Хто здзекуецца?

– Ну, Пятро Мацюшэнка. Ён жа ў вас лепш за ўсіх дыктоўкі пісаў.

Хвалюючыся і ад гэтага збіваючыся на кожным слове, я расказаў усё. Твар Рыгора Канстанцінавіча спахмурнеў, а дзяўчына, якая раней не хацела мяне слухаць, аж разявіла ад здзіўлення рот.

– Ну, малайчына, што прыйшоў. – Рыгор Канстанцінавіч паляпаў мяне па плячы. – Трэба было раней толькі... Я і сам заўважаў нешта нездаровае. Думаў – пераломны ўзрост; бываюць, брат, у нашых маладых душах розныя рэвалюцыі. Вось табе і ўзрост... Ну, ідзі ў школу...

З гэтага часу і загарэлася. Я паспеў толькі на трэці ўрок. У сярэдзіне гэтага ўрока Пеку выклікалі ў настаўніцкую. На перапынку ў клас з пабялелым тварам забягала Агрыпіна Іванаўна. Яна некага шукала вачамі і адразу знікла. Пека, вядома, нікуды не паехаў назаўтра...

Праз два дні ў нашай школе быў настаўніцкі сход. Агрыпіне Іванаўне, відаць, моцна ўляцела, бо, прыйшоўшы дамоў, яна доўга хліпала і на нешта скардзілася. Выклікалі ў школу і Сямёна Барысавіча. Ён вярнуўся адтуль злосны і пахмурны. Пеку болей ніхто не крануў нават пальцам.

Дзяжурныя, якія бегалі ў настаўніцкую за крэйдай, геаграфічнымі картамі і глобусам, расказвалі, што на сцяне вісіць загад, у якім Агрыпіне Іванаўне за непедагагічныя паводзіны аб’яўлена суровая вымова з апошнім папярэджаннем. Я ў настаўніцкую не хадзіў з-за прынцыпу.

Пека разам са мной трымаў экзамены за пяты клас. Я атрымаў пахвальную грамату, а Пека не. Яму вывелі тры гадавыя чацвёркі. Я быў рады, што Агрыпіна Іванаўна пад маёй граматай не распісалася.

У тое ж лета нашы кватаранты выбраліся з мястэчка. Але ў гэтым мы з Пекам былі зусім не вінаваты. Сямён Барысавіч, прыехаўшы адзін раз дамоў у сярэдзіне тыдня, застаў у сваёй кватэры фізкультурніка Міланція Казельчыка. Гэта не спадабалася тоўстаму нарыхтоўшчыку, ён некалькі дзён хадзіў злосны і нарэшце заявіў, што яго пераводзяць у другі раён.

Доўгую Рашэль я пашкадаваў адзін толькі раз. Перад самым выездам яна, выціраючы слёзы, скардзілася маёй маці:

– Не думайце, што я такая ўжо шчаслівая. Не было каму біць маладую. Пагналася за дастаткам... і таму пайшла замуж за гэтага чурбака.

Я шчыра спачуваў у тую хвіліну Рашэлі. Але добрае пачуццё да нашай кватаранткі, якое мільгнула толькі на хвіліну, хутка забылася.

З Пекам мы перапісваліся пасля гэтага два гады. Скончыўшы сямігодку, ён паступіў у рамесніцкае вучылішча...

1958


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю