412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Лісце каштанаў » Текст книги (страница 6)
Лісце каштанаў
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Лісце каштанаў"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 7 страниц)

XI

Ранішняе сонца ўстала ў халаднаватым малочным тумане і, нібыта ў расе, прарочачы ясны і цёплы, вечны дзень. Жоўта-вясёлкавае – ці, можа, гэта туман адліваў вясёлкай? – яно пералівалася, падымаючыся аднолькава над мёртвымі кварталамі і над кварталамі жывых. Мы ўсе падышлі пад Жэнькаў балкон, гукнулі. Праз хвіліну над парэнчамі з’явіліся гожы торс у белай майцы і гожая ускудлачаная галава.

– Ты што гэта, забыў? – вызверыўся Багдан. – Стаіць сабе яшчэ голы ды азадак чухае. Заработаўся, пад носам мух лавіўшы.

– Ага, – сказаў кісла Жэнька, – маці порткі замкнула.

Выгляд у яго быў засаромлены і злосны. I крыўдна яму было, відаць, што паставіліся, як да маленькага, і ярасць брала на сваю турму, і зайздрасць да нас, перад якімі такі цікавы дзень.

– У трусах, – сказаў Карл.

– Ага, а яна замкнула дзверы.

– То злазь па рыне, – нецярпліва кінуў Ролік. – Месяц жа назад спускаўся.

– Ага, бач, тры звяны выпалі. У апошні раз. Ледзь мне не па цемечку. Усю ж вайну не рапаравалі.

– А вяроўкі няма? – спытала Нонка.

– Ага, матка бялізну на гары павесіла.

– Так, брат, становішча бязвыхаднае, – сказаў я.

– 3 чацвёртага без вяроўкі, сапраўды, не скочыш. Ну, добра, сядзі. Калі скамандуюць «на выхад з рэчамі» – бяжы да нас. Ведаеш, дзе шукаць?

– Ведаю, – безнадзейна сказаў Жэнька.

…Шмат каму з тых, хто пачуе гэтую гісторыю, цяпер можа здацца дзіўным і наш план, і тое, што нікому з нас ніколі не прыйшла ў галаву адна акалічнасць. А менавіта тая, што задума наша – дзіцячая, што план наш – дурацкі, што мы не дабяромся, можа, і да Жытоміра, а не тое што да Львова ці да фронту – і асабліва са зброяй, – што нас пераловяць, куды раней чым мы бандытаў.

Але на тое нам і было ў сярэднім па шаснаццаць год. Мы не думалі ні аб чым гэтым. А наконт таго, каб дабрацца і не злапалі, то справа гэтая, як ні дзіўна, не здавалася такой ужо безнадзейнай. Мы ведалі тысячы спосабаў праезду, якія ідэальна адпавядалі таму часу і той чыгунцы.

…Каштаны пачалі губляць плады. Упадзе вялізная зялёная і шыпаватая булава – продкі называлі такую на ўсходні лад «буздыган», – расколецца, і выгляне адтуль вільготны карычнева-бліскучы, нібы лакіраваны, каштанчык. Як хітрае цёмнае вочка. А часам два ці тры.

Мы выйшлі са двара, убачылі на асфальце безліч такіх каштанчыкаў.

I яшчэ ўбачылі… Лізку, якая, гледзячы ў зямлю, пахмура ганяла, перасоўвала іх нагамі. I тут Навум падышоў да Раланда.

– Возьмем яе. У апошні раз, калі ўжо ты такі.

Ролік глянуў на дзяўчо і змрочна кінуў:

– Добра, ідзі.

Вуліцы адкрываліся перад намі ў ранішнім няяркім сонцы. Напаўпустыя, адкрытыя толькі для нас. Золата каштанаў прыкрывала і прыкрашвала нават убогасць і пачварнасць руін. Сонца падымалася ўсё вышэй і лашчыла нашы твары, бо мы ішлі да яго. I па тым, як мы ішлі, лёгкім, пругкім крокам, я разумеў, што сяброў у гэтую свежую раніцу ўзносіць тое, што ўзносіць і мяне: поўнае адчуванне кожнай жылачкі, кожнага нерва. Тое дасканалае адчуванне кожнага свайго мускула, што ўласцівае маладым зверанятам. Адчуванне Жыцця.

Мы ішлі на сонца.

Золата каштанаў, прыгажосць дзівосных запушчаных дамоў, увесь воблік гэтага ледзь не самага прыгожага ў свеце горада.

– Хутка мы ўсяго гэтага не ўбачым, – са шкадаваннем сказаў Ролік. – Аж кідаць горка.

…Пустая лаўра з аблупленымі купаламі, са старажытнымі каравымі арэхамі, змаршчакаватымі, ледзь не на далонь у глыбіню. Ціха падаюць у лістоту арэхі, якіх няма каму збіраць. Зрэдку мільгаюць цені нешматлікіх манахаў. Ад руін Успенскага сабора ўсё яшчэ горка цягне нібы астылым дымам і тленнем.

Аднавокі бандурыст у пінжаку і белай сарочцы з яркай жычкай сядзіць ля цагельнай жоўтай дарожкі, вышарпанай тысячамі ног. Сядзіць там, дзе яна збягае ўніз, хаваецца за арэхамі, дый перабірае струны бандуры. Сіпаты мяккі голас:

 
Ой, за темними лісами
Лежить козак застреляний,
Лежить козак застреляний,
Ще й крівльою обілляний.
Нема кому потужити,
По козаку подзвонити.
Дзвонять коні підковками,
А козаки шабельками,
Чорний ворон крилоньками,
А матінка – слізоньками.
 

Над песняю кацілася ласкавае добрае сонца.

 
Встань, козаче, ти проснися,
На Вкраїну подивися,
Вже сідельця твої згнили,
I стремені вже потліли,
Орли очі повиймали,
А татари шаблю взяли.
 

Ціхі ўздых. Захліпала Лізка. Ціха-ціха. Я кінуў позірк на Нонку і ўбачыў, што і ў яе вочы поўныя слёз. Прысунуўся, сціснуў яе локцік.

 
Візьми, мати, піску жменю,
Посій його на каменю:
Коли ж отой пісок взійде,
Тоді твій син з війська прийде.
 

Мы і далей маўчалі. А пасля Багдан раптам уздыхнуў.

– А што вы думаеце, могуць жа і нас забіць вось так. Здра.

– Кінь вярзці, – сказаў Ролік. – Хто не калоціцца, хто да канца трымаецца, той выжывае.

I тут Багдан раптам заспяваў. Я ніколі не чуў раней ягонага голасу і зараз быў узрушаны і ўражаны. Ніколі не думаў, што ў яго можа быць такі амаль ужо дарослы, моцны, неймавернай гожасці тэнар. Не такі, якім спяваюць па радыё ў операх закаханыя, а такі… ну, моцны і мужны. Я ніколі не думаў, што ён можа так:

 
Умер, умер наш полковник, ще й тихая мова.
Зостається кінь вороний, золотая зброя;
Зостається кінь вороний, зброя золотая;
Зостаються дітки малі, жінка молодая.
 

Нечакана падхапіла Лізка, і я таксама здзівіўся: нібы заплакалі, зазванілі нябесныя званы. I Нонка пачала тураваць, і ў яе быў някепскі глыбокі голас. Але ўсё адно, як яны ні спявалі, нават тая ж Лізка – голас Багданаў уладарыў над імі, таму што яго проста ні з чым нельга было параўнаць нават на гэтай зямлі, так багатай галасамі.

Ён, здаецца, напаўняў усё пад скляпеннем неба – я толькі дзівіўся, што, гаворачы, ён нібыта басам бурчыць, а тут так спявае:

 
Зостаються дітки малі з жінкой молодою.
Беруть коня осавули, товариство – зброю;
Коня ведуть, зброю несуть, кінь голівку клонить,
Молодая полковниха білі руки ломить.
 

Калі ён скончыў, мы яшчэ некалькі хвілін ішлі як прыбітыя. Ледзь ачомаліся.

– Н-так, – сказаў Ролік. – Вось гэта дык так. Ты чаго гэта раней не спяваў?

– Та-а, – засаромеўся Багдан, – я для сябе спяваю. У плаўнях недзе ці ў лесе. Калі адзін. I чаго гэта мяне сёння так разабрала – сам не ведаю.

Урэшце мы мінулі і Спас-на-Берастове і Выдубецкі манастыр. А Карл усё яшчэ бурчаў:

– Дурань, з такім голасам яму на кулі лезці, ёлуп. Гэта ж ён не твой толькі. Усіхні. Проста хоць ідзі ды на ўсіх нас у міліцыю заяўляй.

Плаўні адкрыліся вачам нечакана, калі сонца было ўжо ледзь не ў зеніце. А над іхняй зеленню і блакітам, што праўда, досыць далёка і ад ракі, і ад пабітай ямамі і байракамі дарогі падымаўся нібы брудна-жоўты лес ці нейкі незвычайны замак: піраміды, шпілі, кубы, званіцы. I ўсё гэта перасечанае глыбокімі, вельмі вузкімі ярамі-шчылінамі. За гэтым горадам пачыналася ўрвішча, таксама пасечанае ярамі. I ясна было, мяркуючы па роўнай паверхні ўсіх шпіляў і пірамід, што калісь «горад» быў часткай плато, але людзі бралі гэты слабы пясчанік, праўдзівей, ледзь сцэментаваны пясок. Размывала яго вада, выветрываў вецер. I вось атрымаўся горад, або «слупы», як зваў гэта месца Раланд.

– Людзей няма, – сказаў Дзмітрэнка. – Гэта добра. Толькі унь там, нешта ў палове кіламетра, дарожныя рабочыя. Ну, гэта далёка, не перашкодзяць.

Адзін яр быў асабліва глыбокі і вузкі, з роўнымі стромымі сценкамі. У гэтых сценках яра і ў «абелісках», што тырчалі пасярод яго, там і сям былі відаць пячоры, досыць глыбокія, часам накіраваныя ўніз, углыб. Пэўна, людзі калісь, яшчэ да вайны, здабывалі тут пясок.

Яр быў метры чатыры ў шырыню, метраў пятнаццаць-дваццаць глыбінёю, а ў даўжыню цягнуўся метраў на шэсцьдзесят. Жаўтавата-рыжыя сценкі і палоска блакіту ўверсе. Там, дзе яр канчаўся, сыходзячыся на клін, высачэў над ім на плато пахілы стары каштан, які – невядома як, на чым і нашто – вырас тут. Пахілы, з часткова аголенымі карэннямі, ён, хто яго ведае з чаго, смактаў сокі, каб выгнаць такі ствол, сукі, галіны і залатое лісце, што свяцілася дзіўнай пяшчотнасці блакітам. За імі былі высокія пясчаныя наносы, амаль дзюны.

– А што, як пясок папаўзе? – спытала Лізка,

– Дурнічка, – сказаў Ролік, – ты глядзі, каштан жа яго трымае. Ён не пусціць. Гэтым купам травець і травець… Вось глядзіце, што я тут заначыў.

Ён пачаў адграбаць у адным месцы пясок. Хутка ў сцяне зазеўрала вусце пячоры. Хлопец улез туды з галавою. Ногі ў яго заторгаліся. Нешта цягнуў.

– Хлопцы, – сказаў я. – Трымайце яго за ногі. I някепска б нейкую дошку, каб трымаць тое, што над ім. Хоць на чвэрць хвіліны і тое…

– Глупства, – як з бочкі сказаў голас з пячоры.

Дзмітрэнка выпаўз адтуль і вывалак нешта вялікае, загорнутае ў нямецкі брызент. Разгарнуў.

– Н-на, – сказаў Багдан. – Як выславіўся б Жэнька: «вуаля».

На брызенце ляжалі нямецкі буйнакаліберны кулямёт і два «вінтары».

– Так бы мовіць дзевяноста першага дроб трыццатага, – сказаў Ролік і палез зноў.

На гэты раз з’явілася скрынка з вінтовачнымі патронамі, пляскатая нямецкая бляшанка для кулямётных стужак, нешта каля двух дзесяткаў нямецкіх гранат з блакітнымі галоўкамі і штук дзесяць нашых, рабрыстых, як ананас, «фенек».

– Н-нішто сабе, – сказаў я.

– Ну вось, – Ролік устаў з кукішак. – Цяпер трэба шукаць яшчэ. Спачатку тут, пасля там, на плато. Яны адтуль уцякалі… Ты, Нонка, ідзі унь туды і сачы, каб дарожнікі не ўбачылі. Унь на той узгорак. Ты, Багдан, шукай пакуль у канцы яра ды ўздымайся пасля на плато. Ты, Ліза, сюды не лезь, а там, над ярам, над плато, шукай ці нават проста пасядзі. Стамілася ж, бедная. Ты, Васілько, самы зіркаты, то ідзі аж за вусце яра, на той горб, і сачы там за дарогай, што ад горада ідзе. Глядзі, каб ніхто не палез цікаваць і асабліва каб тыя не падсачылі. Ім верыць нельга, у іх памяць каціная. У выпадку, калі прыйдуць, падкрадуцца – свішчы і з імі біся да апошняга, пакуль мы не прыхаваем ды да цябе не падбяжым.

– Чаго гэта я на шухары стаяць буду?

– Кажу ж табе, вочы найлепшыя. I партызанская прывычка ёсць, каб заўважаць усё. А тут, у самым яры, застануся я з Карлам ды Навумам.

Ён усё яшчэ стараўся, каб яны былі разам і пры ім. Усё баяўся выбуху старой варожасці, хаця хлопцы ўчора і паціснулі з такою шчырай сардэчнасцю адзін аднаму рукі.

XII

Я сядзеў на высокім узгорку. Часам суха шапацелі мёртвыя сцябліны палыну і мякка варушыўся малады шыза-зялёны палын. А я ўспамінаў арэнбургскія стэпы і тое, што гэты малады палын крыху схожы на лапкі кавуноў. Былі тут таксама ружова-бялёсыя кашэчыя лапкі, сінія зоркі цыкорыя. Была цішыня, прасякнутая пахам траў.

Нешта непамысна мне было на душы (ці, можа, гэта зараз мне так здаецца?). Занадта спакойныя былі і неба, і плынь Дняпра, што ўвабрала ўвесь ягоны блакіт. I ўспаміналася чамусьці, як Карл паскроб пальцам сценку яра і сказаў:

– А гэта, хлопцы, не пясчанік. Гэта звычайны пясок. Ледзь-ледзь сцэментаваны.

– Чым? – спытала Лізка.

– А чорт яго ведае чым. Вапнай, што ў вадзе бывае.

– Ну, і хрэн з ім, – сказаў Багдан.

3 вышыні я, як на далоні, бачыў яр з усімі яго адгалінаваннямі, «абеліскамі» і «пірамідамі». Увесь гэты дзіўны, нібы з чужое планеты, свет.

Глядзеў, як рухаюцца, поўзаюць па дне маленькія фігуркі, капаюцца, часам нешта знаходзяць. Адзін раз Ролік паказаў мне нейкую цёмную рысачку. Мабыць, яшчэ аднаго вінтара знайшлі.

Было ціха. Пахнулі травы. Ні на дарозе, ні на беразе нікога не было. Ніхто не збіраўся сачыць за намі. Мабыць, мы так правучылі верхнядворскіх, што яны назаўсёды адмовіліся цягацца з намі.

Бяжыць на вятры лаза, бягуць воды. Шуляк кружляе ў сляпучай вышыні. Узняўся з зарасцяў вялізны, сыты, вугальна-чорны крумкач.

 
Ворон помнив Остряницю й Хмеля,
Над Полтавським боєм кружеляв.
 

Горка пахне палын, і самі сабою склейваюцца павекі.

Вось Багдан, трымаючыся за карані каштана, вылез і пабрыў па плато. Мабыць, у вяршыні яра нічога не знайшоў і цяпер выконваў другую частку загаду.

Бяжыць пад ветрыкам шызае мора сіўцу і палыну, хістаюцца рэдкія татарнікі.

 
Твой названы брат
У Царградзе дальнім сеў на палю.
Кліча брат Мушкета у Царград…
 

Цішыня. Сонца. Мора бягучага сівога палыну. Хіліць у сон.

Выбух!!!

Ён устаў непадалёк ад Багдана, невысокі, сляпуча-чырвоны спадыспаду – такі сабе невялічкі язычок зыркага полымя, – вугальна-чорны зверху. Паляцелі камякі зямлі.

Багдана, відавочна, яе зачапіла. Кінуўся бегчы да яра, у якім замерлі, насцеражыліся маленькія постаці людзей.

Яшчэ выбух! Непадалёк ад першага. Багдан упаў, але хутка ўзняўся і пабег далей.

…Я так і не ведаю – і ніколі ўжо не зведаю, – што там здарылася. Вайна прыдумвала тысячы мінных «сюрпрызаў». Міны скакалі, як жабы, міны рэагавалі на цяжар, цеплыню, на памяншэнне глыбіні і блізкасць берага (калі іх цягнуць на гэты бераг, разбіраць). Міны былі з’яднаныя «ў сець», і кожная чарговая выбухала праз хвіліну пасля выбуху папярэдняй, у шахматным парадку. Міны хаваліся ля «забытых» рэчаў: веласіпедаў, прыёмнікаў, дзіцячых цацак. Адно ведаю: наша пастка была «падключана» да досыць вялікіх схованак, дзе былі таксама міны і, напэўна, снарады. Іначай нельга было растлумачыць тое, што адбылося потым.

Чаму ўсяго гэтага не размініравалі? А чаму адразу не аднавілі руін? Такіх смертаносных месц тады было мільён. Я сам ведаў чалавека, які жыў у пакоі побач з велічэзнай, з добрага кабана, бомбай. Тая прабіла перакрыцці і засела стабілізатарам у арматуры, і чамусьці не выбухнула. Чалавек замураваў яе, аддзяліў цагельным – на палову цагліны – мурам і жыў у гэтым пакоі з жонкай і дзецьмі. Бо няма дзе было жыць. Гэта было ў Віцебску.

На ўсё не хапала рук. I кожны дзень недзе ў лесе, полі, урочышчы гінулі дарослыя і дзеці. Але часцей за ўсё дзеці.

Дый хто мог спадзявацца, што нехта палезе ў гэтае богам праклятае, бясплоднае месца, дзе ні вады, ні травы, хаця б на казу, ні роўнай пляцоўкі? Трэба было раней думаць пра дарогі і сцежкі, нівы і сады, і дамы.

Нашы, урэшце, маглі проста не ведаць пра тое міннае поле.

А тыя маглі мініраваць яго, спадзеючыся на тое, што нашы будуць фарсіраваць Дняпро і наступаць тут, бо тут было выгадна рабіць гэта, бо ўвесь раён «слупоў» быў амаль суцэльнай мёртвай прасторай, бо кожны яр, слуп, яма маглі схаваць, прыкрыць, зберагчы жыццё.

А нашы сталі фарсіраваць і наступаць не там, а зусім у іншым месцы… Вось і ўся гісторыя.

Ногі мае нібы прыкіпелі да месца. Я не здолеў зрэагаваць адразу, і я дагэтуль кляну сябе за гэта… Хаця… што я мог зрабіць?

Навум выбраўся з яра там жа, ля старога каштана. Пэўна, каб паглядзець, што робіцца наверсе. Чарговы агніста-чорны слуп адкінуў яго назад, у яр, кінуў Багдана на зямлю. Я здалёк бачыў, як рукі ягоныя чапляліся за сухі палын. I яшчэ выбух, і Багдана пакаціла, перакінула ў яр, туды ж, уніз.

Яны караскаліся на схіл. I тут ірванула яшчэ і яшчэ, амаль пад карэннямі каштана. I той нахіліўся, і я ўбачыў, як з-пад каранёў і звонкі, з-за стаўбура дрэва, паплыў на хлопцаў тоўсты – тром чалавекам не абхапіць рукамі – струмень пяску, і апракінуў, і накрыў Роліка.

Толькі тут я здолеў адарваць ногі ад зямлі і кінуцца бегчы туды, да іх. Бег з усіх ног і бачыў, што здалёк, па краі поля, на якім вырастаюць і вырастаюць чорна-дымныя дрэвы, імчыць да яра яшчэ адна постаць. Імчала на дапамогу Нонка.

Бег і бачыў, як падаюць са схілаў яра кавалкі пясчаніку, як яны рассыпаюцца ў пыл (міны былі закладзены па ўсёй кромцы пасткі).

– Багдане, Навуме, – даляцеў да мяне голас Карла, – трымайцеся.

Ссоўваючы нагамі пясок, ён каціўся да іх. Працягнуў руку. Чарговы выбух, чарговая жоўтая, абрыдліва-жывая лавіна. I яшчэ адзін агнявы слуп, з левага боку расколіны, і яшчэ.

На дно цясніны пачалі падаць вялікія брылы. Некаторыя даляталі на дно цэлыя, некаторыя яшчэ ў паветры рассыпаліся ў пясок. Востра смярдзела нечым. А на хлопцаў сплывалі і сплывалі ўсё новыя сыпучыя лавіны.

Мільганула на паверхні белая галава Карла… Пасля Навума… Зноў Карла… Дзмітрэнка падпаўзаў, сплываў, разам з пяском, да іх:

– Руку! Руку! Хлопцы, руку!

Яго накрыла з галавою. I тут я пачуў адчайдушны віск, страшны крык, у якім ужо не было амаль нічога чалавечага. Крычала Лізка:

– Ролік! Ро-о-лік!

Ёй асабіста нічога не пагражала. Яна стаяла наводдаль, на выступе. Але яна кінулася з яго ў пясчаную варонку, туды, дзе борсаліся хлопцы. Трымаючыся рукою за нейкі корань, яна працягнула другую туды, дзе плыў, падаў, ляцеў пясок, дзе зноў з’явілася галава нашага атамана.

Выбух! Корань абарваўся, і нашу малую панесла да тых, каму яна імгненне таму назад хацела падаць дапамогу.

Я ўжо быў побач, калі выбухнула нешта куды больш вялікае, чым адна міна. Можа, некалькі мін і снарадаў, схаваных у адным месцы. Слуп быў высокі, з палову дрэва. Мяне два разы перакуліла ў паветры і ляснула ўсім целам аб зямлю. I адразу стала цемра.

…Калі я ачомаўся, на мяне ўсё яшчэ падалі камякі зямлі. 3 хвіліну я нічога не чуў. Толькі бачыў: вось выбілася на паверхню галава Навума.

Я паспрабаваў устаць. Але цела калацілася, ногі і рукі былі такія ватныя, што я не ўтрымаўся, упаў тварам, рассек шчаку каля рота аб востры камень. I зноў упаў. I зноў. Пасля мяне знудзіла, і стала лягчэй. Я ўсё ж устаў і, хістаючыся, пабег да пасткі.

Навум трымаўся на паверхні, рабіў такія рухі, нібы плаваў, прасоўваўся паволі да Лізкі, галава і плечы якой былі яшчэ над паверхняй пясчаных плыняў, што сыпаліся, круціліся, спляталіся, утваралі варонкі, як водаварот.

– Ліз! Лізхен! – Хмара пяску ляснула яму на галаву, і ён адказаў ці то кашлем, ці то рыданнем: – Ах-ха!

Твар ягоны быў страшны, здатны на ўсё. Але тут галава дзяўчаці знікла пад чарговай лавінай. На хвіліну з’явілася адтуль тоненькая рука з блакітнымі – я з жахлівай яснасцю бачыў гэта – жылачкамі.

– Лі-із!!!

I тут, якраз у гэты момант, нібы гэты крык нарадзіў яго, грымнуў на ўвесь сусвет самы страшны, самы магутны выбух з усіх, што былі.

Метрах у чатырох ад краю яра ўстаў да нябёс агністы знізу, вугальна-чорны з іскрамі зверху, слуп. Узляцеў, ператварыўся ў вялізнае дрэва, з кроны якога ляцелі камякі, галіны, нейкае шмоцце.

Мяне зноў гэхнула аб дол. Я паспеў толькі разявіць рот, каб канчаткова не аглухнуць.

I тут я з жахам убачыў, як аддзялілася, адкалолася ад схілу на ўсю даўжыню яра, пачала павольна хіліцца, асядаць, а пасля няўхільна, нястрымна падаць у яр махіна ў чатыры метры таўшчынёю, гмах, вышынёю з пяціпавярховы дом.

– Хло-оп-цы! Хлопцы!!!

Усё яшчэ ў выбухах, пачвара асела, нарадзіўшы страшны, гарачы, смярдзючы подзьмух, ураганны, з пяском і камянямі парыў. Нехта поўз каля мяне да амаль засыпанага яра. Нонка. I я з апошняе сілы адштурхнуў яе, рыкнуў:

– Бяжы па дарожнікаў! Хутчэй!

…Пасля я памятаю сябе ўжо на дне шчыліны, у якую з усіх бакоў спадалі пескаспады. Я адкідаў рукамі пясок, гроб яго, як быццам гэта магло камусьці дапамагчы. А мяне цягнула, круціла, засмоктвала, як мурашку ў пастцы-варонцы мурашынага льва. Яна борсаецца, хоча выпаўзці, але ссоўваецца і ссоўваецца, разам з пяском, на дно, дзе ў норцы чакае яе смерць.

Выбухі, здаецца, усё яшчэ грымелі. А пасля нешта грукнула мяне па галаве, і я праваліўся ў змрок.

…Я ляжаў на броўцы яра. Паўсюль у паветры стаяў яшчэ дым, круціўся пыл, і нібы плыло ў ім каламутнае сонца, што яснела, па меры таго як гэты пыл асядаў. 3 носа ў мяне плылі два крывавыя цуркі. I слёзы ліліся з вачэй. Ці ад болю, ці яшчэ ад чаго.

Непадалёк стаялі вайсковы студэбекер і санітарная машына. А каля мяне гаварылі два чалавекі ў форме.

– Я такога яшчэ не бачыў, – сказаў адзін, сівы здаравіла з пагонамі маёра. – Сець і некалькі такіх сабе невялі-ічкіх складзікаў з мінамі ды снарадамі. Гэта значыць, лічылі, што сканцэнтруюцца тут нашы салдаты і тады…

– Гэх, мала чаго мы яшчэ не бачылі. Калі да шкуры даходзіць, то падлюга стакрот падлее.

– Якое няшчасце! Божа мой, якое няшчасце!

Я паступова прыходзіў да свядомасці. Бачыў, як прыкацілі яшчэ два студэбекеры, як ляскаюць унізе рыдлёўкі, як падбягаюць яшчэ і яшчэ людзі, як калоціцца ў руках двух сапёраў Нонка:

– Ролік! Ролік! Пусціце! Пусці-іце!

Мне было ўсё адно, каго яна там кліча. Няхай ніколі не паўторыцца мінулы вечар, няхай ніколі не будзе зорак і вершаў – толькі б іх адкапалі… толькі б іх… толькі б іх…

Праз гадзіну аднаго сапраўды адкапалі – Багдана. Праўдзівей, тое, што калісь было Багданам. I ён ляжаў на плашч-палатцы, і на яго з кожным парывам дняпроўскага ветру ападалі жоўтыя змаршчакаватыя лісты з выкарчаванага з корнем старога каштана.

Пасля, калі кроў перастала ісці, а ногі ўжо не так дрыжалі, я спусціўся да сапёраў. Галава мая то ўспухала, то сціскалася да памераў макавага зерня, але я капаў, капаў, капаў.

Яшчэ праз паўгадзіны адкапалі яшчэ аднаго. Гэта быў Карл. Скурчаны, нібы распляснуты. Тое, што было Карлам, сінявокім, бялявым, худым і доўгім хлопцам, які мог – я толькі цяпер зразумеў гэта – зрабіцца маім лепшым сябрам, калі б толькі я не быў такі дурны, калі б не жыў мінулым болем і былой нянавісцю.

Мы капалі да вечара. Рабілася цёмна. Дагарала на захадзе шафранна-залатая стужка зары. Прарочыла ясны сонечны дзень, якога мае хлопцы ніколі ўжо не пабачаць.

Машыны пад’ехалі на край цясніны і запалілі фары. У іхнім мёртвым святле па-ранейшаму завіхаліся на дне людзі з рыдлёўкамі.

Нас з Нонкай адправілі дамоў. У кузаве студэбекера было цёмна. Нас калаціла. Адплывалі назад рэдкія агні ўскраін.

Бязвольнае цела Нонкі хісталася ў маіх руках. Яна не плакала, нічога не казала. Яна, па-мойму, проста не жыла. Як я.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю