412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Лісце каштанаў » Текст книги (страница 1)
Лісце каштанаў
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Лісце каштанаў"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 7 страниц)

Уладзімір Караткевіч
ЛІСЦЕ КАШТАНАЎ

I

Чалавек можа сказаць, што ён не любіць мора, сіняга мора, ласкавага, цёплага – і яму не павераць. Чалавек можа сказаць, што ён не любіць светлай-светлай срэбнай поўні над цвітучым садам, у якім вішні купаюцца ў зеленаватым месячным святле, стаяць, як хмары, як белыя прывіды – і з яго толькі пасмяюцца, падумаюць, што ён арыгінальнічае, асабліва калі ў кампаніі ёсць прыгожыя дзяўчаты. А я веру, калі такое здараецца, таму што…

…Нехта можа не паверыць мне, але я і сам не люблю адной з самых прыгожых з’яў на зямлі. Не люблю лістоты каштанаў. Жоўтай, асенняй, залацістай пад сонцам, лапчастай (а за ёй сіняе-сіняе неба залатой восені).

Прыгажэй за яе няма на зямлі. Вулкі ў залатых каштанах ныраюць то ўгору, то ўніз. Наводдаль цьмяна, як праз ваду, плавяцца ў няяркім сонцы залатыя купалы цэркваў. Лістота звініць, калі яе зграбаюць у купы, у якіх так добра куляцца дзецям і закаханым юнакам. Замілаванне такое, што глянь на ўсё гэта – і памры, бо сэрца разрываецца ад прыгажосці ўвядання.

I адначасова ад балеснай тугі, ад незваротнасці ўспамінаў, ад спозненых шкадаванняў, ад непапраўнасці… ад нянавісці.

I няхай з гэтай прычыны ніхто не лічыць мяне дурнем. Не, не дурнем, а вар’ятам.

Пах, фарба, прадмет, пейзаж, успамін накладаюць часам на наша жыццё такі цень, такую пячаць, наносяць нашай душы такі ўдар, што, напэўна, успамінаюцца пасля нават у хвіліну смерці.

Я насцярожана стаўлюся да татарнікаў. Здаецца, што можа быць прыгажэй: гордая, моцная расліна ў малінавай шапцы, уся натапыраная дзідамі, калісьці сімвал нашай зямлі. Але я памятаю, як раслі яны на чыгуначным насыпе і як пасля налёту на эшалон чырванелі на іх кроплі крыві.

I я ніколі ў жыцці не завяду ў хаце вавёрку. Я люблю сядзець у загарадным доме і сачыць праз акно, як яны бегаюць у заснежаных дрэвах – зыркі, жывы язычок агню, – люблю, калі яны раніцай цакочуць і стукаюць у шыбу (просяць арэхаў або проста хлеба), але – не завяду.

Калі я быў у «ястрабках»,[1]1
  «Ястрабкі» – атрады садзейнічання міліцыі, якія пасля вайны дапамагалі ёй змагацца з бандамі.


[Закрыть]
то ў нашым напаўдзіцячым атрадзе быў хлопец, і ў яго была ручная вавёрка. Вечна ездзіла ў яго на плячы, забіралася спаць у кішэнь гімнасцёркі, харошая была. Мы ўсе яе дужа любілі, падгадоўвалі.

А потым даведаліся, што рэшткі банды Боўбута прарываюцца на паўдзённы захад, і нас паставілі ў самае бяспечнае месца, ледзь не ў тылу, на ахову хлебных складаў – і хто ведаў, што Боўбут пойдзе гэтым, самым нязручным шляхам. Самым, здавалася, складаным для яго.

Некалькі гадзін страляніны. 3 усяго майго «аддзялення» засталося два чалавекі.

Дык вось, той ляжаў дагары, і трава пад галавою намокла і пацямнела, і вавёрка цакатала ў яго на грудзях. Куля трапіла яму ў рот (відаць, крычаў нешта) і разнесла патыліцу. Калі хлопцаў хавалі, яна, вавёрка, таксама ўсё сакатала на краі ямы.

Не, я ніколі не завяду сабе вавёрку.

Але гэта было годам-двума пазней, на паўночнай мяжы Палесся.

А тады, калі было лісце – тады мы былі проста хлопцы, якія часам яшчэ гулялі ў вайну. Нам было яшчэ мала! А мы ж сербанулі яе, вайны, вышэй глоткі, усе гэтыя напалову падлеткі, напалову юнакі, у характары якіх часам прарываліся нават дзіцячыя рысы.

Нам было па чатырнаццаць – пятнаццаць – шаснаццаць год. I мы проста не дагулялі ў галодным нашым дзяцінстве. Пра іншых з нашай «банды» я раскажу пазней. Што ж датычыцца мяне, то мой лёс склаўся – у двух словах – так.

Эвакуіравацца не здолелі. Пайшлі ў пушчу. Бацька – партызанскі разведчык, я – партызанскі сувязны. Пазней, калі прыляцеў з Вялікай зямлі першы самалёт – чатырох дзяцей з нашага атрада вырашылі адправіць з ім, далей ад небяспекі. Я хацеў пераседзець у лесе – выдала, зараза, сучка нашага «баці». Адправілі сілком. Адзінае было суцяшэнне, вельмі дурацкае, што ніхто з гэтых дарослых боўдураў, нават «баця», не бачыў, як прыгожа выглядае зверху лінія фронту, асабліва калі б’юць зеніткі.

Інтэрнат на Урале, некалькі беспаспяховых уцёкаў. Урэшце, уцёк зусім і некалькі месяцаў беспрытульнічаў. Краў, што праўда, толькі ў чужых гародах. Даходзіла да таго, што пасвіў у паўночным Казахстане вярблюдаў – хочаце верце, хочаце не. Дзівам адшукаў бацькоў (бацька быў дужа патрэбны спецыяліст, і яго перакінулі «на мацярык» адным з наступных рэйсаў).

Пасля былі вызвалены два невялічкія лапікі Беларусі, і «продка» майго паслалі на вызваленую тэрыторыю, некуды пад Лёзна. Браць мяне з сабою ён не хацеў, і мы разумелі чаму, па эзопаўскіх намёках у лістах: «Матылі лётаюць, ды толькі высока…»

Якраз у гэты момант праязджаў праз наш горад мой дзядзька, якога перавялі з Далёкага Усходу на фронт, і ўзяў нас з сабою ў вялікі паўдзённы горад, ад якога немцы адкаціліся куды далей, чым ад Лёзна.

Там у вялізным прасторным двары знайшлася кінутая хата, флігель, што ўвесь тануў у зараслях бэзу. Было цвёрда вядома, што гаспадары загінулі. I мы занялі флігель. I сталі жыць.

Вялікі паўдзённы горад… Уласна, чаму менавіта так? Чаму наша літаратура поўная гарадамі Энскамі, Ліпскамі? Смешна. Мы сядзелі ў Адэсе, на беразе Энскага мора.

Дык вось, гэты вялікі паўдзённы горад быў Кіеў.

Не той, што зараз, багаты, людны, звонкі ад галасоў і смеху, ад шолаху фантанаў і гулу машын, а ціхі, нібы прыглушаны, нібы ледзь ачухаўся ад страшнага сну, зразумеў, што ўсё мінула, і пацягнуўся насустрач сонцу, але яшчэ не смяецца, бо не можа да канца паверыць у радасць, і толькі нясмелай, харошай усмешкай сустракае неба, і сінь Дняпра, і цвіценне белай акацыі.

Рэдка-рэдка сустракаліся на вуліцах людзі: можна было прайсці вулачку і не сустрэць ніводнага прахожага. Тры разы на дзень праходзіў былым Бібікаўскім, а цяпер Шаўчэнкаўскім бульварам трамвай. Дацвітаў язмін, і перад трамваем узляталі белыя матылі.

Разбурэнні віднеліся галоўным чынам на Крашчаціку і на тых частках іншых вуліц, што прылягалі да яго. Нібы вялікая рака ў страшэнным разліве панішчыла не толькі свае берагі, але і берагі ў вусцях тых рэк, што ўпадалі ў яе.

Гэта было лета поўнай, нічым не закаламучанай волі. Такога не здаралася ў мяне ні дагэтуль, ні пасля і, відаць, ніколі ўжо не будзе. Гароду мы не мелі – позна прыехалі і позна было заводзіць. Дзядзька паехаў на фронт. Хатнім было не да мяне. Няма чаго было нават рыхтавацца да вучобы: Беларусь вызвалялася і восенню мы меліся ехаць туды.

Заставалася толькі біць лынды, што я і пачаў рабіць з пераменным поспехам, падлетак, якому быў аддадзены на гэта лета свабоды амаль увесь пусты горад.

Вулка над вулкай – можна з тратуара ступіць на дах дома, – і вузкія жалезныя сходы вядуць з верхняй на ніжнюю, а ў дворыках цвіце акацыя, надзімаецца на ветры латаная бялізна, варыцца на цаглінах убогі абед.

Паўсюль сляды нядаўняга страшнага сну. Вось на доме, адзін над адным, шэсць масіўных тоўстых квадратаў шакаладнага колеру. На кожным літара, таксама масіўная, белая:

«Kа-f-f-е-е».

Пазней лацінскія літары збілі, тым болей што і кавы ў горадзе днём з агнём было не знайсці. I цяпер шыльда гаварыла па-ўкраінску «Хліб», а два шакаладныя квадраты віселі дарэмна, так сабе.

Дужа хацелася хлеба. Урэшце і яго ў горадзе было не на шмат болей за каву.

За горад я не дужа хадзіў. Там было яшчэ шмат мін. Амаль кожны дзень можна было чуць: «У Галасіеўскім лесе, у Бучы, у Пушчы-Вадзіцы, на Цялічцы падарваліся адзін… два… пяць… сем чалавек».

Хапала і горада. Я адчуваў сябе шчаслівым. I толькі зрэдку – хаця я і не асабліва пакутаваў гэтым – рабілася сумна, што няма ў мяне таварыства. Але равеснікаў не было. Падлеткаў увогуле было дужа, дужа мала ў толькі што вызваленым горадзе.

Наш двор быў вялізны – цяпер на яго месцы два шматпавярховыя будынкі з садкамі вакол іх, – досыць шчыльна абкружаны чатырох– пяці– і двухпавярховымі дамамі, каменнымі і драўлянымі флігелямі. Але гэта толькі здавалася, што вакол – муры. Садкамі, памыйкамі, сям-там цераз платы можна было выйсці на кожную з навакольных вуліц.

Адна палова двара – уздоўж – была значна вышэйшая за другую. Узгорак, што яднаў адну з другой – то стромы, то спадзісты, – зарос дзікай вішняй, рэдкай абламанай акацыяй, нейкімі іншымі хмызамі, і травамі, і паслёнам, які на Паволжы і ў Арэнбургу, з якога я прыехаў, вельмі недасціпна называюць бзнікай.

I вось, калі аднойчы я ішоў пад адхонам, аднекуль зверху, з-за стромы, вылецела страла і, слабая пры канцы лёту, упала ў пыл ля маіх ног. Я падняў яе. Страла была хоць куды: пярэстая, крыж-накрыж апераная, перацягнутая ў гэтым месцы жылкай… Амаль адразу наверсе зашапацеў бур’ян.

– Гэй, аддай стралу.

Я ўзняў галаву. Над урвішчам на кукішках сядзелі тры – аж цэлых тры! – хлопцы майго ўзросту. Гаварыў адзін, моцны, досыць высокі, з правільна круглай галавой. Усмешка ў яго была – дзіва якая белазубая і прыгожая, вочы – пераспелыя чорныя вішні. Калі яны мокрыя, у іх іскрачкамі адбіваюцца то акно, то лямпа, то проста прамень.

– На, – кінуў я яму стралу. – Толькі ж вочы трэба мець, хлопцы. Куды пуляеце?

Другі, танклявы і цыбаты, дужа ладны тонкім інтэлігентным абліччам, з сінімі доўгімі вачамі і тонкім, са згорбінкай, носам, сказаў круглагаловаму:

– Я ж казаў, Ролік, каб глядзелі. А раптам даросламу ў галаву? Міліцыянеру?

Трэці, цельпукаваты і каржакаваты, з тых, каго нават у дзяцінстве завуць «мужыкамі», «дзядзькамі» і «старымі» – ён-та і трымаў у руках доўгі, з яго велічынёю, лук, – паглядзеў на мяне невялікімі дрымучымі вочкамі. Сказаў басам:

– Міліцыянеру? – і паціснуў плячамі. – У галаву?

– Калі, скажам, дзіцёнку, – сказаў я, – дык, значыць, можна ў галаву, галовы яловыя?

– Ну, занадта разумны, – прабасіў «мужычок». – Лезь сюды.

Я палез на строму, з каранямі выдзіраючы бур’ян.

Калі ўрэшце, увесь абсыпаны пылам і калючкамі, я ўскараскаўся наверх, сеў і, зняўшы тапачкі, пачаў высыпаць з іх зямлю, круглагаловы Ролік спытаў:

– Адкуль такі? Нешта мы цябе не бачылі.

– Не з Чкалава? Не з яўбаза? – спытаў гожы.

– Што такое?

– Яўбаз. Яўрэйскі базар… Ясна, не адтуль, – сказаў «мужычок».

– Не з Падвальнай? – пытаў Круглая Галава. – Не з Фундуклееўскай?

Я гэтыя конікі ведаў, але што зробіш:

– Што такое Фундуклееўская?

– Ну, цяпер вуліца Леніна.

Ведаў я гэтыя конікі: спецыяльна называць вуліцы іхнімі старымі назвамі, каб зведаць, карэнны ты, вышэйшай ты пароды чалавек або так, збоку прыпёку – з дзесятага ветру. Сам колькі разоў так рабіў.

А яны, відаць, хацелі выпытаць яшчэ, ці не з другога я канца горада, ці быў тут, калі…

– Не з Банкаўскай? А што, на Адольфгітлерштрассе таблічкі паўсюль ужо збілі?

– Кіньце, хлопцы, – сказаў Ролік, – ясна, нетутэйшы. Адкуль?

– Я з гэтага двара.

Хлопцы пераглянуліся. Гэта ўжо была як бы іншая справа. Я нібыта рабіўся прыналежным да іхняга двара, сваім, дваровым.

– А-а, новенькі, – сказаў «інтэлігент». Гэта не таго палкоўніка, які тыдзень таму назад прыехаў?

– Угм. Пляменнік.

– А ён куды адразу з’ехаў? Ён хто?

– На фронт. Ён начштаба аднаго з франтоў.

У вачах новых знаёмых нарадзіўся цень павагі.

– Фф-ю-у. Якога? – спытаў Ролік.

– Зашмат ведаць хочаш. Гэтага казаць нельга.

– Ваенная тайна? Задавака, – сказаў прыгожы.

– А я вось табе дам, – устаў я.

– Кінь яго, Жэнька, – сказаў «гожаму інтэлігенту» Ролік. – Кінь яго, Багдане. Не хоча – не трэба.

I тут, цалкам раптоўна для мяне, затаранцеў, засакатаў з бур’яноў паўдзённай гаворачкай галасок дзяўчаняці:

– А я вось і ведаю. Я ката іхнім суседзям прыносіла. «Мышы, кажуць, заелі». То гэты кот, якраз, стаў у апракінутую табурэтку і лапкамі – на перакладзінкі. Яны мілуюцца: «ах-ах», а ён узяў і наваліў туды…

– Дык ты адно гэта і ведаеш? – з пагардай спытаў «мужычок» Багдан. – Як кот…

– Не, – азваўся галасок з бур’яну, – я, як прыносіла, чула. Веставы ягонага дзядзькі – татарын, ці бурат, ці алтаец… Патракоў прозвішча…

– Не таранці, – сказаў Ролік. – Дзела кажы.

– Казаў… Першага Беларускага фронту.

Хлопцы зарагаталі.

– Ну вось, – адсмяяўшыся, сказаў Ролік, – …ваенная тайна. Адкуль?

– Беларус.

– Браты ёсць?

– Былі. Многа. I родных, і траюрадных, і ўсякіх. Па чутках, мала хто застаўся.

– Немцаў ненавідзіш?

– Пытаеш яшчэ.

– На фронт уцякаў?

– Два разы. Адзін раз, у сорак другім яшчэ, вярнулі аж з-пад самага Мажайска.

– Я таксама, – уздыхнуў Ролік, – тожа мне яшчэ, выабражалы, лішнія рукі ім непатрэбныя. Як быццам горшыя. Ідуць – хвігай носа не дастанеш. А ў нас толькі ўсяго і няшчасця, што гадоў не дабралі.

Ён у час выказаў свае пачуцці і выліў горкую сваю крыўду. Таму што мне пачалі ўжо абрыдаць гэтыя пытанні і адказы. Як на допыце ў міліцыі. А я гэтых допытаў за гады беспрытульных бадзянняў бачыў болей, чым ён галавамыек ад бацькоў.

– Цябе як клікаць? – спытаў круглагаловы.

– Васілько Стасевіч, – адказаў я.

– Ну вось. А я Раланд Дзмітрэнка. Па-ўкраінску хаця разумееш?

– А чаго тут разумець?

– Гарно. А оцэ мая гвардыя. Гэты, з лукам, палтаўскі. Та хіба ў Полтаві людэ – у Полтаві ж галушкі.

– Багдан Цар, – адрэкамендаваўся «мужычок».

– А гэта наш ідэолаг. Бацька мой за Махном ганяўся, то казаў, што ў таго ціла тачанка була з ідэолагамі. Вось і мы яму завядзём. Жэнька, адрэкамендавацца паслу дружняй дзяржавы.

– Яўген Кульба, – ляснуў босымі пяткамі прыгожы.

Пяткі былі хаця і босыя, але не парэпаныя, белыя. Відаць, хадзіць босым – гэта было нешта накшталт уніформы на час гульні.

I тут я здзівіўся яшчэ больш. 3 зарасцяў выбралася, нават скочыла, як тыгра, бо джунглі на добрую чвэрць складаліся з крапівы, дзяўчо год пятнаццаці. Схілілася, пачэсваючы вельмі доўгія, падрапаныя ногі шакаладнага колеру, пасля пацерла каленкам аб каленка, ускінула галаву – чорна-бурыя валасы цяжкай хваляй шыбанулі назад – і ўсміхнулася мне, і я ўбачыў цёмна-сінія вочы з ненатуральна велічэзнымі, па-вар’яцку вясёлымі чорнымі зрэнкамі.

– Здароў, хлопцы, здароў, новенькі. А божа ж мой, белы які. Ну, белы які.

– Зноў ты тут, – з прыхаванай пагрозай сказаў Багдан. – Зноў вяжашся.

– I не да цябе. I зусім-зусім не да цябе. Мне унь на гэтага, пляменніка, зблізу паглядзець хочацца. А месца тут ты не купіў, не купіў, кажу.

Багдан цяжка ўздыхнуў. Хлопцы паціснулі плячамі, нібы пакарыліся лёсу. А яна села насупраць мяне, абхапіла падрапанымі рукамі падрапаныя каленкі і стала бессаромна разглядаць, схіляючы галаву то на адзін, то на другі бок. Засталася, відаць, збольшага задаволеная.

– Я Нонка Юніцкая.

Калі Ролік і Багдан гаварылі на гарадской украінскай, а Жэнька – на рускай мове, хаця і са значным украінскім акцэнтам, то ў гэтай была ўвогуле не мова, а чорт ведае што. Гэта быў той паўдзённы жаргон, на якім гамоняць вялікія чарнаморскія партовыя гарады. Я не маю ні сілы, ні ўмення, ні, шчыра кажучы, жадання перадаваць усе гэтыя тропы, ідыёмы, усю безліч жывых інтанацый. Ды гэта і немагчыма, таму што больш за словы гралі тут паўдзённыя жэсты, міміка, рухі ўсяго цела. Гэта было – жах як «па-малдаванску» і дзіўна, жах як прыгожа.

Дый тып яе, калі разабрацца, быў дзіўны. Тут табе і ўкраінская і малдаўская, а можа, і кропля цыганскай крыві (я пераканаўся ў гэтым, калі пазней убачыў, як яна танцавала).

– Гэты самы, замучыў ён цябе пытаннямі. – I з чыста дзявочай логікай адразу ж спытала: – Біцца ўмееш?

– Нонка, – пагрозліва ўзвысіў голас Раланд. – Глядзі-і. Хто тут атаман?

– Хе. Тэж мне, Раланд – атаманд.

– Цыц! – Ролік ліхаманкава стараўся ўтрымаць у руках свой скіпетр. – Тут я пытаю. Страляць, бегаць умееш?

– Угм.

– Плаваць?

– Збольшага.

– То ходзімо на Дніпро. – Ролік устаў, пакінуўшы, такім чынам, апошняе слова за сабой.

II

Мы ішлі вуліцамі пустога горада, і рэдкія прахожыя здзіўлена глядзелі на нас: цуд боскі, такая вялікая група падлеткаў. Мусіць, так, са здзіўленнем і лёгкім пабойваннем глядзелі мірныя жыхары Парыжа на вясёлых мушкецёраў, якія вярталіся з начной папойкі.

Усю гэтую мушкецёрскую баладу псавала толькі Нонка. Ніхто, вядома, і не падумаў узяць яе з сабою, але ніхто і не падумаў забараніць цягацца за намі. Гонару зашмат – звяртаць увагу на дзяўчо. I вось яна цягнулася за намі кроках у дзесяці і насвіствала нешта «старарэжымнае», накшталт: «Алёша, ша! Возьми полтоном ниже, к чему Одессу-маму вспоминать?»

Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Чарлі Чаплін узяў гэты матыў, каб на яго аснове стварыць музыку для сваіх «Агнёў вялікага горада»? Можа, ад нейкага п’янага марачка-адэсіта ў партовым шынку?

Мы не звярталі на Нонку ўвагі. Ролік усё яшчэ быў ва ўладзе сваіх цяжкіх думак:

– На фронт цяпер трапіць – і думаць няма чаго. Бацькі падымуць хай. Зловяць, адправяць назад пад цёплы радзінны дах. Гэта яны ўмеюць.

– То што?

– А вось, кажуць, банды ў Заходняй Украіне ходзяць. Вось уцячы б, ды ў «ястрабкі».

– Табе «ўцячы», а мне, відаць, так і так гэтым займацца давядзецца. У сябе. Там, – сказаў я.

– Дый тут не дужа ўцячэш, – уздыхнуў Дзмітрэнка. – Вернуць і адтуль, як з фронту.

– Так, – сказаў я, – абклалі, як мядзведзяў. Выхаду, бадай што, і няма.

– Чаму няма? – загадкава ўсміхнуўся Ролік. – Як пашукаць, то заўсёды яго знойдзеш, выхад.

I раптам кінуў:

– Варочай, хлопцы, на Уладзімірскую. Пройдзем паўз універсітэт. – I толькі тут «звярнуў увагу» на Нонку. – Чаго ты цягнешся? Чаго цягнешся, кажу?

– А я не за вамі, сокіл ты мій, – Нонка ўсміхнулася краёчкам рота, паказаўшы некалькі снежных зубоў. – Я гуляю. Вуліца не твая. Куды хачу – туды іду.

Багдан шумна ўздыхнуў:

– Такая ўрэдная, зараза. Вось спаймаю неяк.

Нонка, відаць, слухала. Таму што амаль адразу пачала нешта ціха мармытаць, прыстукваць падэшвамі сандаляў, а потым перайшла на лёгкую, вельмі спрытную чачотку.

 
Ох, яблучко,
Ди ïз Гапоніï, —
Дівки з нашого двора,
Як півоніï.
 

– Тожа мне півоня, – буркнуў Багдан. – Пустазелле ты. Піво-оня!

– Анягож!

– Ды кінь ты яе, хай хваліцца, – сказаў Жэнька.

 
Ох, яблучко,
Ди ïз Гамерики, —
Хлопці з нашого двора,
Як вареники.
 

I растлумачыла:

– Такія тоўстыя, лянівыя, белыя, бы ў смятане.

– Ой, вушы надзяру, – сказаў Ролік.

– А ты спачатку наздагані.

Я ачухацца не паспеў, як Ролік нечакана вертануўся і кінуўся на гэтае злашкоднае стварэнне. Гэта было так нечакана, так бліскавічна, што я раз і назаўсёды зразумеў, якая імгненная рэакцыя, які імпэт тояцца ў гэтым нязграбным на выгляд целе.

Ён ужо выцягнуў руку, каб схапіць, але Нонка таксама крутанулася, выслізнула, і тут яе нібы з цецівы спусцілі: ляцела стралой, вялізнымі скачкамі, закінуўшы галаву, выпнуўшы ледзь абазначаныя грудзі. Шакаладныя ногі мільгалі з такой хуткасцю, што рухі іхнія, здавалася, цяжка было заўважыць. I хаця Раланд таксама бег так, як рэдка бегаюць хлопцы – амаль адразу стала ясна, што гэтую казу яму не дагнаць. Урэшце ён гучна затупаў нагамі на месцы і пайшоў назад.

– Чорта яе дагоніш, – прысаромлена сказаў ён. – Ляціць як куля. I на Падвальную адна ходзіць, і на яўбаз. Не баіцца. I ніводнаму з тамтэйшых хлопцаў яе ані разу злапаць не ўдалося.

…У густых шатах каштанаў стаяў пахмуры бронзавы Тарас і глядзеў на чырвоную каробку універсітэта. Толькі каробка ад яго і засталася. Агонь злізаў месцамі новую даваенную фарбу, і з-пад яе праступала старая, «бычыная кроў», якой Мікола I калісьці загадаў пафарбаваць універсітэт «за мяцежны дух»: яскрава-чырвоная, нібы мокрая, як кроў.

Праз пустыя вачніцы акон мірна і ласкава ззяла сіняе неба канца ліпеня.

Дзверы – правал дзвярэй – і вокны ніжняга паверха былі густа заплецены калючым дротам.

– Мы сюды прыйдзем міны шукаць. I бомбы, – сказаў Ролік. – Яны ўжо такія, без стабілізатараў, без усяго. Але корпус і іншае ёсць. Мы выбухоўку выплавім у кіпетні, сфармуем, запалы ёсць. Мы ім уначы, каб ахвяр не было, учынім лазню… Яны, гады, на нашым участку схілу сабе штаб-пячору выкапалі. Часавыя ўвесь дзень стаяць.

I тут мы пачулі ззаду тупат. Азірнуліся і ўбачылі Нонку, якая ва ўсе лапаткі лупіла ў бок бульвара. Пасля да нас даляцеў скрогат, дробны звон, нейкае брынчанне.

– Трамвай! – крыкнуў Жэнька. – Во пашанцавала!

Мы прыўдарылі за Нонкай. Сапраўды, злева, страшна гайдаючыся, калоцячыся дробнымі дрыжыкамі, надыходзіў брынклівы, аблуплены трамвай. Нонка ўжо стаяла ў тамбуры і, подлая, прадавала зубы.

Мы беглі за трамваем, наздаганяючы яго, хапаліся за парэнчу, набіралі хуткасць і скакалі на падножку. Апошняму, Багдану, давялося падмагаць, падцягваючы за каўнер.

Трамвай гайдала так, што трэба было здзіўляцца, як ён не зляціць з рэек. Мы крыху адсапліся.

– Хто пячору выкапаў? – спытаў я.

Ролік хмыкнуў.

– А чаму мы пыталі, з якой ты вуліцы? – насмешліва спытаў Жэнька. – Тут навокал усе нам ворагі. I з Падвальнай, і з Пірагоўскай, і з яўбаза. Мы тут адны. Як гусіты. Супраць усіх.

– Культурны, – сказаў я. – I часта ж яны вам у косткі даюць?

– Чаму? – прабасіў Багдан. – Мы часцей.

– Іх жа шмат. Столькі вуліц.

У Роліка быў крыху заклапочаны выгляд:

– Нас шэсць было. Іх дзесяць. Цяпер двох бацькі з Кіева звезлі. Адзін у больніцы. Крыху-крыху падарваўся. Ну, трох супраць дзесяцёх малавата. Яшчэ завербаваць аднекуль трэба. Ваенны тэрмін: «роўныя сілы».

Трамвай набліжаўся да Крашчаціка, які ў гэтым месцы не быў разбураны. Нонка стаяла ля пярэдніх дзвярэй. Яна, дый усе мы і не падумалі браць білеты. У нас проста не было грошай, але мы рабілі выгляд, што грэбуем такой умоўнасцю, як білет. Кандуктары даўно і безнадзейна змірыліся з гэтым. А можа, ім проста было прыемна, што вось і падлеткі ў горадзе з’явіліся, што горад, значыцца, ажывае.

– Слухайце, хлопцы, – сказаў раптам Жэнька, – ёсць прапазіцыя, як спаймаць тую выжлачку. Прабіваемся наперад і, як пачнуць выходзіць, у штурханіне бяром пад руку. Скандаліць у тлуме не будзе. А як выйдзем – тут ужо яна – наша.

Мы з абыякавымі мінамі пачалі праціскацца наперад. Трамвай замаруджваў свой бег: закалаціліся, зазвінелі ацалелыя шыбы. Унутрана мы трыумфавалі. Ну і задамо мы зараз ёй дыхту! Не балюча, а так, каб ведала, як смяяцца з вышэйшай пароды.

Чорта з два!

Трамвай яшчэ ляцеў ваўсю, але яна, відаць, заўважыла наш дэмарш, спакойна адсунула дзверы, узялася за парэнчу і, спінаю назад, як хлопец, як сапраўдны ас гэтай справы, скочыла на брук. Прабегла метраў дзесяць і, па крывой, выскачыла на тратуар, адкуль і паказала нам ружовы, доўгі, вельмі ж агідны язык.

Нас пранесла ўжо метраў на трыццаць, і скакаць цяпер не было сэнсу. Усё адно не дагоніш. А Нонка ўжо кінулася бегчы, каб не адстаць ад трамвая, не згубіць нас.

– Во, чорт! – бурчаў Багдан. – Во, халера! Во, чартоўка! Змяюка гэткая!

– Так, – сказаў Ролік. – Што ні кажыце, хлопцы, а нешта ў гэтай заразіне ёсць. Хоць і дзяўчо.

Мы вылезлі – Нонка была па-ранейшаму метрах у трыццаці ад нас.

I тут здарылася тое, чаго я ні дагэтуль і ні пасля не дазваляў сабе. Стараўся, ва ўсякім разе, рабіць тое, што зрабіў тады, але не такімі метадамі.

На рагу бульвара і Крашчаціка – я яшчэ здалёк, носам, пачуў гэта – быў хлебны магазін. Цёплы, добры, самы прыемны на свеце пах гарачага, свежага хлеба ляцеў адтуль. Пахнула спелай нівай пад сонцам, млынам, калі з-пад жорнаў зграбаюць гусіным крылом у мяхі рэшткі мукі, боханамі, што астываюць пад ручнікамі – і так прыемна падлезці пад ручнік і адкалупнуць збоку шорсткую гарачую скарынку, якая драпае дзясны, або і адрэзаць скібку, пасаліць яе шэрай буйнай сырой соллю, што храбусціць на зубах. I з’есці.

Нам па картачках належала чатырыста грамаў хлеба на дзень. У правінцыі на карткі больш нічога не давалі, і гэтага было мала, дужа мала. I ўсё ж ніхто з гэтай прычыны не ныў. Ведалі: даць болей проста немагчыма, калі хочам дабіць гэтую ненавідную свалоту, давесці справу да сапраўднага канца.

Але тут здарылася тое, што абразіла нас, падлеткаў, да глыбіні душы. Дарослыя, праходзячы, усміхаліся або паціскалі плячамі, а мы стаялі, як саляныя слупы, уражаныя, пакрыўджаныя. 3 нас нібы насмяяліся, абняславілі, аганьбавалі. I, галоўнае, не толькі з нас, а і з усіх гэтых нясытых людзей, якія мужна, аддана рабілі сваю справу і не скардзіліся.

Не ведаю, ці дурань быў дырэктар, ці начальства ў яго было дурное. Але паабапал дзвярэй віселі дзве вялізныя рэкламы на шкле. На абедзвюх былі тоўстыя румяныя пекары ў белых халатах і каўпаках.

Яны прытанцоўвалі, і раты іхнія былі расцягнуты ў ідыёцкай усмешцы, а на расстаўленых пальцах правай рукі яны неслі падносы з пляцёнкамі – халамі, рагалікамі, плюшкамі, франзолямі, батонамі і іншым такім. А пад пекарамі было напісана такое:

«Качество хал выше похвал»

I яшчэ:

«Пополнеть скорее чтобы, надо есть побольше сдобы»

– Т-так.

Я зірнуў на Роліка і ўбачыў, што ў таго дрыжаць ноздры.

– С-свалота.

У руцэ ягонай я заўважыў досыць вялікі ўламак цагліны. I тады я, сам не ведаючы нашто, нахіліўся і падабраў другі.

– Ты ў левую, – праз зубы сказаў Дзмітрэнка.

…Дзынкнула, пасыпалася на тратуар шкло. Сівы мужчына на пратэзе кінуў погляд у наш бок і ўбачыў, як мы схаваліся ў бліжнім пад’ездзе.

3 дзвярэй магазіна выбег дзядзька, падобны на «нябожчычкаў»-пекараў. Кінуўся да сівога, нешта загаварыў, зажэстыкуляваў.

– Выдасць зараз, – сказаў Жэнька. – Цікаемо, хлопцы.

I тут чалавек… паказаў рукою на праспект і павёў ёю направа. «Пекар» кінуўся туды, а дзядзька накіраваўся проста да нашага сховішча. Дыбаў, як жораў. Стаў, углядаючыся ў паўцемру:

– Гэй, шалапуты, вісусы, вылазь!

– А што мы? – забубнеў Багдан.

– Канчай, – сказаў Ролік, – мы, мы. Ясна, што мы.

I выйшаў на святло.

Сівы доўга разглядаў яго, нават узяў за патыліцу, закінуў галаву і паглядзеў у вочы. Потым пасварыўся пальцам і раптам… усміхнуўся:

– Ну што, наваявалі? Майно дзяржаўнае пабілі, бандзюкі.

Закурыў:

– А ўвогуле нішто. Гэта ж столькі людзей хадзіла, і ніхто каменем па гэтай брыдзе не трахнуў… Толькі, хлопцы, гэта ўсё ж не метад: каменем. Словам трэба, дзеяннем дурасць біць. Маладыя вы, нецярплівыя. А можа, і… Ну, бяжыце сабе.

Мы пабеглі. I толькі калі ўскочылі ў руіны, зразумелі, што магло з намі здарыцца.

Так-сяк адсапліся.

– А ты… малайчына, – буркнуў Багдан.

– А я ж казаў, хлопцы, што рашучы, – загарэўся Жэнька. – Чаго б ён да нас на адхон лез? Маглі ж бы і карак натаўчы ўтрох. А камень як схапіў!..

– Камень я схапіў па дурасці. Гэта не работа. А ты з чаго так азвярэў, Раланд?

I пашкадаваў, што задаў пытанне. Вочы новага сябра, у першы і ў апошні раз, што я яго ведаў, чорныя, бліскучыя вочы былі каламутна-шызыя ад ярасці. Нібы плеўка засцілала іх, нібы дымка. Такая, якая бывае на чорным вінаградзе.

– Хлусню ненавіджу, – выціснуў ён. – Калі брэшуць – ненавіджу.

– А яшчэ чаго ты ненавідзіш? – іранічна спытаў Багдан.

– Несправядлівасць ненавіджу, – хлопца нібы крыху адпусціла, і нечакана ён усміхнуўся ранейшай добрай, белазубай усмешкай. – Хопіць ужо. Занадта хлеб добра пахнуў. I людзі ідуць і глядзяць. Не, хлопцы, гэта мы добра зрабілі. А і сапраўды, пад’есці б чаго.

– Съешьте эти тартинки, мистер Дмитренко, – сказаў Кульба. – И выпейте стакан этого доброго старого кларета. Это подкрепит ваши силы.

Мы зарагаталі.

– Кларэт – кларэтам, а падмацавацца б трэба, – сказаў Багдан.

– Стоп! – узняў руку Ролік. – У руіны, хлопцы.

Праз нейкую хвіліну мы сядзелі ў былым «двары» разнесенага ўдруз дома. Двор увесь зарос вялізнымі, у паўтара чалавечых роста лопухамі, якія даўно пайшлі ў ствол. На вяршынях ствалоў вожыкамі прымасціліся дзяды, якія так зручна ляпіць знаёмым у спіны, здаравенныя дзяды, зялёныя, з малінавымі шапачкамі.

Мы лупілі гэтыя ствалы з самага нізу, здзіралі з іх скуру і агалялі белую пругкую мякаць.

– Гэх, солі б, – уздыхнуў Жэнька. – Каб яшчэ соль, дык гэта ўвогуле было б поэзі. Наслаждзец суцэльны.

Ролік выцягнуў з-пад сто разоў мытай футболкі бруднаваты вузлік:

– Знойдзем і соль.

Праз хвіліну мы мачалі лопухавыя сцябліны ў буйную соль і апляталі так, што за вушамі пішчала.

– Эх, каб гэта яшчэ хлеба, – уздыхнуў Багдан.

– Распанеў, – пырснуў Жэнька, – а мо вашамосць з’ела б труфеляў з анчоўсамі?

– Ну вось, – сказаў урэшце Ролік. – А цяпер дэсерт. Той, што за гумном.

Вылезлі мы з руінаў толькі тады, калі напалову абдзерлі шаўковіцу, якая расла тут жа, у закутку між муроў, што зберагліся нейкім дзівам. Раты ў нас былі чорныя, але прынамсі хаця не так смактала ў жываце.

– Набарабаніліся, – залупіўшы футболку і ляскаючы сябе па загарэлым пузе, сказаў Ролік. – Ну, цяпер і ў дарогу можна. I ведаеце, якую мы яшчэ даброту атрымалі? Га?

– Нонкі няма! – з захапленнем гікнуў Жэнька.

– То ж бо! Як да камянёў, так іхняга племя з сабакамі не знойдзеш.

Мы падышлі да трамвайных рэек. Пасярэдзіне Крашчаціка была ачышчана вузкая палоска дарогі, амаль сцежка. I на рэйках стаяў куртаты трамвайчык, «запрэжаны» ў платформу. Платформа была загружана бітай цэглай, брыламі гэтай самай цэглы і ўламкамі бетону, з якога змеямі тырчала ржавая пакручаная арматура,

– Хлопцы, – сказаў Дзмітрэнка. – Як толькі зазвоніць – чапляйся. Чаго нам аж да плошчы Калініна пешшу тупаць.

…Трамвай крануў з месца. I паплылі, паплылі, паплылі перад намі віды, адзін жахлівей за другі.

Дамы, падобныя да выветраных скалаў у пустэльні, страшныя, немыя, як пачварныя старажытныя замкі. Бетонныя брылы хістаюцца на арматуры, ледзь наляціць вецер. Патокі друзу, жвіру і пяску сплываюць між іх. Дамы, разбітыя ўшчэнт, і дамы, разрэзаныя, як пірог, і таму яшчэ больш страшныя, з рэшткамі шпалераў на сценах, з перакінутым, разбітым раялем. Дамы, яшчэ зусім нядаўна жывыя і цёплыя, а цяпер – мёртвыя шкілеты былога дабрабыту, радасці, любові да дзяцей.

Мы маўчалі. Нам было кепска, як ніколі.

– А кандзіцерскую на тым рагу памятаеш? – спытаў Жэнька. – Дзве трубачкі і вады з сіропам колькі хочаш: і апельсінавай, і яблычнай, і…

– Змоўч, – глухім голасам сказаў Ролік. – Тут жыць болей немагчыма. Не таму, што немагчыма, а… з сораму потым здохнеш, вось што. I калі сорам гэты ў нас яшчэ не зусім прапаў, то чым хутчэй мы задуманае зробім – тым лепей. Біць за гэта трэба, аж пакуль жоўцю рыгаць не пачнуць.

Памаўчаў.

– Наконт шаўковіцы. Трэба і яе набраць і насушыць у запас. На лопухах не выедзеш. У лаўры, ля падземнага хода, яе – гай! Дарослыя, так званыя, туды не лазяць. А мужыкоў нашага ўзросту там, відаць, чорт ма! На даху сушыць будзем.

– Нішто прыдумка, – буркнуў Багдан.

Платформа раптам спынілася, і не паспелі мы спахапіцца, як над яе краем з’явілася, нібы выплыла поўня, круглае чырвонае аблічча з рудымі запарожскімі вусамі.

– Т-та-ак, – сказала поўня. – А я вязу дый думаю – а хто гэта ў мяне, а што гэта за вераб’і на платформе цывікаюць? Аж гэта паны Ракфелеры надыбалі ўласны трамвай. Міла. Ну, і куды паедзем? На звалку, куды я гэты друз адводжу? Або проста ў КПЗ?

Мы злезлі з платформы і пачалі перамінацца з нагі на нагу.

– Гм. Чаго вы топчацеся? Чаго? Вы што, мядзведзі ў клетцы? Я ж чалавечай мовай кажу: надыбалі трамвай, то куды везці?

Першы акрыяў Жэнька. Ступіў шаг наперад і гжэчна пакланіўся:

– Прабачце, мілорд. Але не біць жа нам пяты па такім дрэнным бруку? Ну, мы і скарысталіся з гэтай карэты, якая дзяржаўная, а значыць, і наша. Аб чым крык? Калі справа ў аплаце, то атрымаеце па чэку ў банку Ракфелераў. Маім банку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю