Текст книги "Лісце каштанаў"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 7 страниц)
Важаты літаральна анямеў ад гэткага нахабства.
– Вы… Вы… Акыш!
– Якое, аднак, дзікунства цэй украінскі народ, – сказаў Ролік. – Ач, він навіть нэ знае, що такэ чэк.
Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але тут з-за брылы скочыла даўганогая запыленая істота, крутнулася пад рукамі важатага, прабегла паўз нас і спынілася на бяспечнай адлегласці.
– Божа, – толькі і сказалі ў адзін голас важаты і Ролік. – Божа!
– Што ж, вы думаеце, я не ведала, як вы дабірацімецеся? – хіхікнула Нонка. – Раз на Дніпро, то іншай дарогі вам няма.
Важаты махнуў рукой. Мы змрочна папляліся да Купецкага саду.
– Слухай, – сказаў Ролік. – Што ты цягаешся за намі? Хто цябе прасіў, зараза? Сумленне ты маеш?
– Маю, – нявінна сказала яна.
– Не, – сказаў Жэнька, – я ўжо ніколі ад яе не адвяжуся. Я пайду ў кіно – яна будзе лупіцца на мяне з экрана. Буду чытаць кнігу – гэта будзе кніга пра яе. Я буду паміраць – яна будзе абціраць мне лоб і чытаць нада мною малітвы. А калі я здохну і буду стаяць перад уваходам у пекла – першая, каго я там убачу – гэта зноў будзе яна. I яна возьме мяне пад руку, каб праскочыць са мною і не адвязацца ўжо ніколі, ніколі.
Мы мінулі кінатэатр «Паўлін» (гэта мы яго так назвалі) з яго вясёлкавай мазаікай і паныла папляліся алеямі. Ролік убачыў, што войска ягонае павесіла нос і мае страшэнную патрэбу ў нечым такім, што ўзбадзёрыла б яго. Віна мы тады не пілі, а нават каб і прыйшла нам у галаву такая фантазія, яна б ніколі не стала рэальнасцю з-за адсутнасці грошай. Патрэбен быў жарт.
Наводдаль сядзеў на лаўцы нейкі афіцэр. Ролік пачухаў патыліцу:
– Вось, што хлопцы. Выпрабуем, якія нервы ў гэтых… дарослых? А то ваяваць мы для іх маленькія, помсціць – маленькія, подзвігі рабіць – маленькія. Вялікія мы толькі, калі двойкі хапаем ці насваволім. Вялікія мы толькі цэглу на суботніках цягаць. То што, зробім?
– Як? – спытаў Багдан.
– А вось так. Як толькі мы падыходзім да лаўкі – вы па майму сігналу строга ў адну секунду выкрыкваеце кожны адно слова. Ты, Багдане, «ачы», ты, Жэнька, «пічы»… Э-э, хлопцы, стоп! Аднаго чалавека не хапае.
– Ды, можа, і без аднаго? – спытаў я.
– Не, брат, эфект не той будзе, – Ролік насуплена ўзважваў нешта і раптам крыкнуў Нонцы. – Гэй, хадзі сюды! Ну, хадзі, каму я кажу? Не бойся, дзерці не будзем. Ну, я табе кажу – не будзем. Слова! – I, нібы просячы прабачэння, ціха сказаў: – Усё адно ж не адвяжацца, чума гэткая. Хай ужо ідзе побач, дідько лысы з ёю.
Нонка падышла.
– То вось. Тады зробім перастаноўку. Ты, Жэнька, кажы «ачы». Я кажу «пічы». Ты, Нонка, «спічкі», ты, Васілько, «яшчыкі». А Багдан як самы басавіты хай крычыць «хр-рашч».
– А што будзе? – спытала Нонка.
– Усё гэта сальецца ў адно. А ў што – самі пабачыце. Мы параўняліся з лаўкай. Ваенны, лейтэнант, сядзеў і чытаў газету.
– Раз. Два. Тры!
I тут здарылася дзіўнае. Як удар перуна, над паловай саду грымнула жудаснае, нібы гэта зрабіў Гарганцюа:
– Апы-чы-і-хр-і-ашч!!!
Смачны чох, ад якога як не разрываюцца барабанныя перапонкі і ў таго, хто чхае, і ў тых, хто побач. Толькі чох пасілены ў тысячу разоў.
Ваенны здрыгануўся, і тады Ролік пакланіўся і высокім урачыстым голасам, з халаднаватай перабольшанай ветлівасцю сказаў:
– Будзьце здаровы.
Мы гатовыя былі задаць лататы, але нечакана для нас ваенны зарагатаў. У яго з вачэй цяклі слёзы, і ён толькі паўтараў:
– Ну, архараўцы, ну, залатая рота, ну, хуліганнё.
Нельга не зарагатаць самім у адказ на такі смех.
…Калі адсмяяліся, Жэнька, насмеліўшыся, сказаў:
– Таварыш лейтэнант, пакажыце наган.
Лейтэнант здалёк паказаў.
– Гэта і не наган зусім, а «вальтэр», – сказаў Раланд. – Няўдача – ты і ёсць няўдача, цюця – ты і ёсць цюця. Лопух.
– Правільна, – сказаў лейтэнант. – «Вальтэр». Трафейны.
Мы паселі вакол яго на траве.
– Слухайце, таварыш лейтэнант, – сказаў Ролік, – вось мы тут спрачаліся, ці патрэбныя на фронце рукі? Якія страляць умеюць?
– Яшчэ як.
– То чаму тады…
– Ясна. Чаму маці-Радзіма грэбуе такімі магутнымі рукамі, як вашы? А таму, што і без вас рук хопіць.
– Я ў партызанах быў у сорак першым, – сказаў я. – Тады, значыць, не хапала, а зараз…
– Тады нявыкрутка была. Проста трапіў ты ў такое становішча. А цяпер нашто ж?
Руіны ляжалі пад намі. Як вока сягае, мёртвы лес руін.
– Мы шмат хто яшчэ памром, – раптам сказаў лейтэнант. – Калі, скажам, і вам аж да нямогі таго самага хочацца – хто ж тады гэтую праказу, лішаі гэтыя з зямлі саскрабе, хто яе прыкрасіць? I потым, вы думаеце, мы іх пад корань звядзём? Будзем старацца, але нешта не дужа верыцца. Так што хто будзе сачыць, каб у гэтага рака метастазаў не было… Дурні вы, дурні. Мы самае важлівае аддаём вам, а ў вас вочы, як у бычкоў крывёю наліліся і…
Ролік махнуў рукой.
– А-а, зноў тая песня. А нам толькі б да іх дарвацца…
– Ну, і чаго ж бы гэта ты так хацеў дарвацца?
– У кожнага з нас тут свае прычыны. У мяне бандыты брата павесілі, але тут… Ну, пра сябе не буду… Унь няхай скажа… ну хаця Васілько.
– У мяне гэтых прычын сотня, – буркнуў я. – Ну, я таксама толькі адну скажу. Братаву маю немцы ў лесе спаймалі з вядром солі. Ясна, куды соль. Лупілі тыдзень. Не спіна, а… А яна ціхая была, стрэлаў баялася, кіно з пацалункамі гэтымі саплівымі любіла. Аж плача, бывала. Але тут ані слова… Цётцы спатканне дазволілі. I даведалася яна, што ніхто іх, вязняў, не лячыў, а братаву лячылі. Спіна – адна рана. I ў ране гэтай чэрві завяліся. То гэтыя «дзеля дэзінфекцыі» ёй спіну соллю пасыпалі, той, што яна ў лес несла… На наступнае спатканне цётка прынесла ёй сарочку, а тыя кажуць: «Сваячкі вашай няма, вывезлі…» Ведаем мы, куды яе вывезлі.
Лейтэнант узяў мяне за падбародак, паглядзеў у вочы.
– Ну вось, хлопец, і адказ. Такія, як ты, страшэнна патрэбныя будуць. Як памяць. Сёй-той можа і забудзе, бо на свае вочы не бачыў. А ты не забудзеш. I ўжо ніколі спакойна не заснеш. Цень гэтага пабачыш – у званы біць пачнеш. Пах адчуеш – не супакоішся, пакуль не торкнеш усіх носам… А ты кажаш.
Устаў.
– Кіньце глупствы. Вам, магчыма, для жыцця больш мужнасці спатрэбіцца, чым нам для смерці.
III
Мы ляжалі на гарачым пяску, і мяне ўсяго калаціла. Не ад холаду, ад страшэннага нервовага напружання, якое я толькі што перажыў. Ногі ледзь не курчыла, жывот сутаргава ўздрыгваў.
Дняпро каціў ля нашых ног свае плыні, а непадалёк узвышаліся з вады каменныя быкі старога ланцуговага моста, знішчанага вайной. I унь з таго быка я толькі што скокнуў.
Мяне аж пацёпвала, калі я ўспамінаў, як я лез, чапляючыся за кожную няроўнасць, за кожную выбоіну ў каменнай кладцы. I як стаяў наверсе, і калені дрыжалі, і я разумеў, што злезці не ўдасца. А пада мною Дняпро імкліва рухаў зялёную, шкляную, цяжкую плынь, і хлопцы ўнізе былі з напарстак… ух ты, божа мой!
I як зразумеў, што яшчэ хвіліна і я ніколі не скочу і не злезу… I скочыў салдацікам, і, праз стагоддзі, увайшоў у ваду, і адразу падкурчыў ногі, і ўсё адно мяне так доўга несла да паверхні і паветра, што я ледзь не захлынуўся, а Дняпро цягнуў мяне за ногі, заносіў убок, кідаў.
Я і скочыў толькі таму, што хлопцы глядзелі. Такое са мною ўжо было. На Урале. Там рака Ірэнь бегла, сціснутая высачэзнымі скаламі, як мурамі, і са скалы на скалу быў перакінуты канатны мост. Я пабіўся аб заклад, што скокну з яго. Дваццаць пяць метраў. I ўзлез. I зразумеў, што не здолею. I збіраўся ўжо злезці. Але тут з абодвух канцоў падышлі да моста дзве нашыя дзяўчачыя брыгады. I з адною была выхавацелька. А мы купаліся, ясна ж, без ніякіх плавак. Я ўявіў сабе, як яны сыдуцца ля мяне, і што з гэтага будзе, і як давядзецца, скурчыўшыся, сядзець на кукішках, а то і проста стаяць, прыкрываючы сорам – і скокнуў, бо ганьба была страшнейшая нават за смерць.
Вось так і тут.
– Малайчына, – сказаў Ролік. – Я чатыры разы спускаўся, пакуль не наважыўся.
– А я з другога разу, – выскачыла Нонка.
– Ну, расхвасталася, – сказаў Багдан. – Вечна свае тры грошы.
– Чаму? Яна праўду кажа, – сказаў Ролік.
– Гэта таму, што дзяўчо бязмозглае. Небяспекі яны не разумеюць.
Нонка раптам брыкнула Багдана нагою і, калі ён схапіў яе, пачала малаціць яго кулачкамі па грудзях, па галаве, паўсюль. Багдан апешыў.
– Кінь яе, – сказаў Раланд.
– Ды ўжо… сам кінуў.
– Малайчына ты, – паўтарыў Дзмітрэнка. – I трэба нам – як вы думаеце, казакі-малойцы? – прыняць яго ў наш курынь.
– Прыняць, прыняць.
– А раз так, то можна яму і таямніцу раскрыць. План такі… Спачатку іхнюю штаб-пячору падарваць. Пасля іх, гадаўцаў, раскалашмаціць. А то заганарыліся занадта, адному праз іхнюю зону хаця й не хадзі. Паставіць іх на месца, загартавацца, вопыт прыдбаць, а пасля – ён зрабіў эфектную паўзу – уцякаць на Заходнюю Украіну. Там па лясах яшчэ і паліцэйскія атрады блукаюць, і… Гадоў прыбавім, дый…
– Не возьмуць.
– Самі возьмемся. Свой атрад. Ды ты зразумей. Ну, сорам жа глядзець, ну, гэта ж усё жыццё сябе паважаць не будзеш, калі прыйдзеш на гатовенькае.
– А зброю што, з калена выламім?
– Ёсць зброя. Ведаю дзе. Не даходзячы да Цялічкі, амаль ля Дняпра, яры і слупы пясчанікавыя. Там нямецкія кропкі былі. Абарона. Думалі, відаць, што нашы могуць і там фарсіраваць раку. А пасля давялося ім уцякаць… Я ўжо сёе-тое знайшоў.. Пакуль што мы туды хадзіць не будзем – гэтыя гады з Падвальнай хвастамі за намі ходзяць. А за пару дзён да ўцёкаў пойдзем, возьмем, дагледзім, і хай яны нам тады солі… I гэта яшчэ лепей, што самі, сваім атрадам. Ніякай гэтай дарослай нудоты, натацый, ніякага гэтага дзярма.
Гэта была не проста спакуслівая прапанова. Гэта было паветра, будучыня, спаўненне той мары, якой я жыў тры гады.
– Я з вамі, хлопцы, – сказаў я.
– Дабрача, – сказаў Раланд. – Займелі, значыцца, і беларуса. Я думаю, цяпер трэба і іншых завербаваць, каб, значыцца, інтэрнацыянал.
– У Вялікай Айчыннай вайне дружба народаў сыграла выключную ролю, – паважна сказаў Жэнька.
Як заўсёды, нельга было зразумець, усур’ёз ён гаворыць ці дзяцініцца.
– Прахвесар, – сказаў Ролік. – Ясна, што ўсёй хеўрай каго хочаш біць лягчэй. Дружба народаў, як дзядзька кажа… Рашаючы фактар. Нібыта без ягоных слоў гэта невядома.
– Ён нічога, твой дзядзька, – сказаў Багдан.
– Зануда ён, мой дзядзька. Зануда цара нябеснага. Як пачне – ну, дзячок без царквы: «Маладое пакаленне… Ду-ду-ду, ду-ду-ду». Мне як ён нудзіць пачне, то кожную хвіліну ў нужнік бегчы хочацца… па малой патрэбе.
IV
Мы прабіраліся «ў разведку». Ішлі па дахах, спускаліся пажарнымі лесвіцамі ў вузкія цясніны між глухіх муроў, караскаліся на змарнелыя без сонца каштаны і скакалі з іхніх галін на нейкія дрывотні і пунькі. Краліся вельмі асцярожна, бо гэта ўжо была дзяржава хлопцаў з Падвальнай.
Перад апошняй перабежкай селі крыху адпачыць між кастрамі нейкіх дроў.
– То нашто ўсё ж іх біць? – спытаў я. – Можа, лепей бы з сабою ўзяць?
Хлопцы пераглянуліся. Багдан нават гыгыкнуў.
– Фашысты, – неахвотна сказаў Ролік.
– Ды вы што, хлопцы, падурнелі?
– А вось хадзем, паглядзіш.
Некалькі разоў у жыцці мне даводзілася бачыць расстрэлы. Калі быў сувязным. Розныя, яны былі ў нечым страшэнна падобныя. Я нават ведаў, чым: пачуццём страшнай безнадзейнасці, адчуваннем уласнага бяссілля, калі нянавісць, здаецца, вось-вось задушыць цябе. Крывёю, якой захлынаюцца тыя, моташнасцю і нудотай, якія горка і ядуча падступаюць да тваёй глоткі.
…Вось пад Дубішчам людзі стаяць на самым краі каркаломнага ўрвішча над Дняпром. Зараз грымнуць стрэлы, і нават толькі параненыя будуць шмат разоў грукацца аб выступы стромы і ўпадуць на жвір унізе ўжо мёртвыя.
А вось барак дарожных рабочых-яўрэяў. Нехта зрабіў дыверсію ў пяці кіламетрах адсюль. I, зрываючы злосць, урываюцца на пляцоўку перад баракам матацыклы, і б’е, б’е кулямёт, і людзі падаюць, падаюць…
А вось шэры двор. Тры глухія муры ў выглядзе літары «П». У іх адны дзверы і пара забраных кратамі акон у сутарэнне. Ля дзвярэй пажарная лесвіца. 3 чацвёртага боку двара – узгорак, зарослы акацыяй, глогам і бур’яном.
Такі сабе змрочны, моцна затравелы двор. Толькі каля аднаго мура невялікі кавалак асфальту з канаўкай (відаць, зрабілі калісьці, каб вада з даўно неіснуючай рыны не плыла ў падвальныя вокны). I на гэтым лапіку стаіць чалавек, дзяўчынка-падлетак. А ў некалькіх кроках ад яе – чацвёра невысокіх чалавекаў са стрэльбамі ў руках.
– Імем закона, – далятаюць да мяне словы, – прысуджаецца… за злачынныя…
У мяне пачынаюць гарэць шчокі. У вочы нібы пяску нехта насыпаў. Я столькі разоў бачыў такое, стоячы ў натоўпе, які сагналі на месца страты, або, калі спазніўся, седзячы ў кустах, без сілы, а галоўнае без права дапамагчы.
Тая, каго расстрэльваюць, дастае нешта з кішэнькі дарослай кофты і пачынае есці.
– Хопіць табе жэрці, швайн, – крычыць бялявы – галава канвою.
– Я хлеб з маргарынам, – адказвае з-пад мура галасок.
– А, ферфлюхунг! Ферфлюхтэ ўкраінішэ швайнэ! Да мура!
Дзяўчо пакорліва паварочваецца абліччам да мура. Канвой бярэ карабіны на руку і падраўноўвае штыхі. Усё як трэба. Усё, як належыць рабіць такое ў жыцці.
– Аддзяленне-е!..
Кулакі мае сціскаюцца… Я ўжо не магу, не магу яшчэ раз бачыць гэта…
…I тут на маё плячо кладзецца рука.
– Бачыў? – пытае Ролік. – Вось гэта ў іх заўсёды падобныя гульні. На свае вочы, відаць, такога не бачылі. Каб у жыцці. Смажаны певень іх яшчэ ў азадак не дзюбнуў… М-мамчы-ны сынкі.
«Начальнік канвою» не паспеў апусціць руку. Праз зарасці, праз бур’ян з крыкам «ур-ра-а!» пасыпалі на месца пакарання падлеткі. Чалавек восем. Наперадзе бег гнуткі невысокі хлопец з шалёнымі вачамі і рудаватым чубам.
– Гнат, – з нянавісцю сказаў Жэнька, – дрэнь паскудная! Гніляк!
– Каб жа яшчэ толькі дрэнь, – сказаў Ролік. – Шкодная дрэнь. Дрэнь, якую хлебам не кармі, а дай іншага ў паняверцы патрымаць.
На пляцоўцы двара кіпела бойка. Мы ляжалі на даху дрывотні і назіралі. Біліся і тыя, і іншыя някепска, але неяк занадта ўжо… ну, па правілах, ці што. Занадта па-гарадскому. Хай сабе б’юцца.
Не біўся толькі адзін дужа высокі хлапчына. Белы бландзін з правільнымі, крыху, можа, занадта суровымі рысамі аблічча. Як убачыў, што робіцца ў двары – так і адышоў, сеў на нейкую скрынку, глядзеў.
Урэшце супраціўленне «карнікаў» было зломлена, і яны кінуліся ўцякаць. Два «інсургенты» кінуліся за імі ў пагоню. На пляцоўцы засталіся Гнат, чацвёра яго ваякаў, бялявы хлопец і дзяўчынка.
Расхрыстаны Гнат, відаць, ашалеў ад бойкі. Вочы блішчалі, твар быў узнёсла-радасны, трохі шалёны:
– Мы цябе адбілі, Лізка. Але не думай, што дзеля тваіх гожых вачэй. Па дадзеных нашай разведкі ты пайшла на чорную здраду, выдала нашы планы і намеры ворагу. Мы адбілі цябе, каб судзіць нашым судом, нашым трыбуналам. Смерць здраднікам.
Ён, відаць, яшчэ не астыў пасля бойкі; шал усё яшчэ жыў у яго вачах. Дзе там было нешта меркаваць, узважваць, стрымлівацца.
– Смерць!
I ён рэзка штурхнуў дзяўчынку прыкладам «карабіна» між худзенькіх лапатак. Тая ўсё яшчэ трымала ў руцэ хлеб, і ад штуршка хлеб гэты выпаў. Упаў на зямлю. Па закону паскудстваў прыроды, ясна ж, маргарынам уніз.
I тут дзяўчо заплакала. Бязгучна. Толькі трэсліся худзенькія лапаткі. А я глядзеў на гэта і не разумеў, што я ўжо стаю на поўны рост.
– Не чапай, – шапянуў Жэнька. – Пасля. Іх замнога.
– Нічога не замнога, – кінуў Ролік. – Ты што ж, кожны раз вось так будзеш?
Мы скочылі з даху дрывотні. Затрашчаў пад нашымі нагамі бур’ян. Мы бачылі, што ў іх «карабіны», якія хаця і не страляюць, але б’юць някепска… па галаве, але мы не зважалі на гэта.
Вярталася пагоня – нам і на гэта было напляваць. Уся нянавісць, якую мы гадамі запасілі і таілі ў сэрцы – уся яна нібы адразу выплюхнулася ў прыпадку шалёнага гневу супраць гэтых… што гуляюць у гульні, якіх не павінен дазваляць сабе нават дзесяцігадовы мужчына, калі ён прадчувае ў сабе чалавека. Ужо не кажучы пра пятнаццацігадовых.
Мы былі здатныя на ўсё, і яны, відаць, зразумелі гэта. Калі вораг здатны на ўсё – аж да зубоў, – мужнасць можа падупасці нават у самага загартаванага. Што ўжо казаць пра гэтых?!
Толькі непакой і няўпэўненасць у іхніх вачах крыху ўраўнавалі нашы сілы: чатырох супраць сямёх (бялявы хлопец па-ранейшаму стаяў убаку).
Мы ўдзерліся ў іхні «строй» зусім бяспамятныя, ашалелыя ад ярасці. Амаль адразу я атрымаў касы ўдар карабінам па галаве. Усё паплыло ў маіх вачах, але я паспеў выдраць гэтую «зброю» з рук праціўніка і аперазаць яго па спіне. Пасля – другога, пасля – зноў першага, які на гэты раз зваліўся. Праз чырвоны туман, што засцілаў вочы, я ўбачыў, як Ролік б’ецца з трыма, кінуўся яму на дапамогу, зваліў цераз калена аднаго з ворагаў, навесіў другому. Не ведаю, як іншыя, але я не адчуваў удараў, якія падалі на мяне. Я ператварыўся ў машыну, якая малоціць.
I ўсё ж нам давялося б дрэнна. Я ўбачыў, што Жэнька ўжо ляжыць, трымаючыся за нос, што Ролік, на якога зноў населі тры ворагі, знемагае, што Гнат ірвецца да яго, махаючы доўбняй карабіна.
Нам давялося б дрэнна, каб не раптоўная дапамога. Бялявы раптам устаў, крэкнуў і, плюнуўшы ў далонь, кінуўся ў самую гушчу бойкі.
Прарваўся да Гната, захапіў ззаду ў лакцявы сугіб ягоную шыю, ірвануў назад, выдзер з рук карабін. У наступны момант – мы ахнуць не паспелі – бялявы ўпаў на спіну, а Гнат узляцеў, перакуліўся ў паветры і цяжка, як мех, гэкнуўся аб зямлю. Але яшчэ раней чым ён упаў, нечаканы саюзнік быў на нагах і рассыпаў удары так, што за ім цяжка было сачыць. Не ведаю як хто, але я ажыў душой. Думаю, што і астатнія таксама. Таму што праз пару хвілін мы ўжо, цюгакаючы, гналі ворага праз бур’ян і хмызы, душачы ў зародышы ўсе спробы супраціўлення.
Бялявы бег за Гнатам і часам паддаваў яму хуткасці спрытным, усёй падэшвай, выспяткам у мяккае месца.
– Цю-га! Цю-га!
– Расстрэл, бачыце? Дзяўчат, бачыце? На табе!
Поле бою засталося за намі. Вораг спыніўся здалёк, на ўзгорку, і адтуль сыпаў бяссілымі пагрозамі, нібы дзяўкаў. Мы вярнуліся на пляцоўку двара. Стаялі і разглядалі бялявага. Вельмі насцярожана. Дый ён, па ўсім відаць, нічога добрага не чакаў. Законы вулічнай варожасці былі несумесныя са здаровым сэнсам.
Агрэсіўны Багдан нават узняў руку, намерваючыся «прыварыць», але бялявы перахапіў яе і сціснуў запясце:
– Н-ну.
– Кінь яго, – сказаў Ролік. – Ты з Падвальнай?
– Угу.
Зноў нядобрая дуэль вачэй. Неасцярожнае слова і…
Лізка падышла да незнаёмага і стала побач з ім. Яна ўжо не плакала, а толькі перарывіста ўздыхала. Як дзеці пасля слёз. I, дзіўна, гэты яе ўчынак і ўспамін пра бутэрброд з маргарынам нібы прыглушылі варожасць.
– То чаго тады за іх біцца не стаў? – спытаў я.
– Абрыдла. Гуляць мне з імі не выпадае. Як з маленькімі. Ну і гульні іхнія. Крыві не бачылі… I Лізку пакрыўдзілі… Не плач, ну, не плач, дурнічка.
– А яшчэ?
– А яшчэ па-нямецку брыду розную гавораць. Каб жа хаця ўмелі.
– Цябе зваць як? – спытаў Ролік.
– Карл Канецкі.
– Карло? – на ўкраінскі манер спытаў Раланд.
– Кaраль? – спытаў я.
– Не, Карл. Маці звала Карлхен.
– Ты што?
– Ну, – сцвярджальна сказаў Карл. – А чаму ж я супраць брыды па-нямецку? Я – немец.
Мяне – і, думаю, не толькі мяне – аж скаланула. Першы знайшоўся Ролік:
– Ф’ю-у. Брэшаш. Адкуль прозвішча такое, Канецкі? Немец мне, таксама яшчэ. Фарсіш? Непадобным быць хочаш?
– Гэтая непадобнасць можа задорага абысціся, каб ёю фарсіць. А прозвішча… ёсць і ў немцаў такія прозвішчы: Канецкі, Ранцоў, Бюлоў. Немец. Так.
Навісла цяжкае маўчанне. I тут Ролік зрабіў тое, на што, прынамсі на вачах у старонніх, наўрад ці наважыўся б нехта з нас. Ён зрабіў крок наперад і працягнуў руку.
– Ну што ж, за гэта цябе толькі паважаць можна. Лапу.
I гэтым звычайным жэстам ён не толькі замацаваў сваё права быць галоўным, але і канчаткова прымусіў нас усіх паважаць сябе.
V
Ішлі дні. На каштанах і ліпах рэдка-рэдка ўспыхнулі першыя жоўтыя агеньчыкі. Хлопцы з Падвальнай і Чкалава прыніклі, і па іхніх вуліцах можна было хадзіць нават удвух, а Карл, якога мы ўзялі ў наш хаўрус і, ясна ж, адкрылі сакрэт уцёкаў, хадзіў, вядома, і адзін.
Уцякаць пакуль што не было як. Трэба было страціць апошняе сумленне, каб напаследак не памагчы бацькам на «прыгарадных і індывідуальна-ўстаноўскіх гародах» (гэтае слова-пачвара азначала, што кожная ўстанова атрымлівала кавалак зямлі і дзяліла яе на часткі між сваімі работнікамі, а таму ўчастак нельга было назваць «індывідуальным» – крый божа! – а толькі «індывідуальна-ўстаноўскім»).
У нас свайго ўчастка не было, і таму я па чарзе хадзіў падмагаць усім нашым хлопцам. Мае на гэта згаджаліся ахвотна, бо гэта «дужа карысна, фізічная праца на свежым паветры». А я і радаваўся.
Працавалі, у вольныя хвіліны лавілі ў пратоках смугастых зеленаватых джгіроў, елі дымны, страшэнна смачны кулеш з рэдкімі кубікамі сала, а вечарам цягнулі ў горад вазок, нагружаны ліловымі бліскучымі баклажанамі і цьмяна-зялёнымі кабачкамі.
Ролікаў гарод быў досыць блізка да Цялічкі, і атаман аднойчы здалёк паказаў мне месца, дзе чакала нас наша зброя: высачэнныя пясчанікавыя слупы, яры між іх: пасечаная, мёртвая, пакінутая зямля.
У гэтыя дні «інтэрнацыянал» наш ледзь не разваліўся. Таму што Жэнька пазнаёміўся недзе з Навумам Фінеесам.
Высокі, худы ад шматгадовага недаядання – калі галадаеш некалькі год, пасля вельмі цяжка, нават пры добрай ежы, увайсці ў норму, – жылаваты. Нічога асабліва яўрэйскага ў ягоным твары не было: нос – просты, форма вушэй – звычайная, вусны – тонкія і прыгожыя, валасамі – цёмны шатэн, вочы – светла-карыя. Можа, гэта і дапамагло яму выжыць у вайну.
I вось Жэнька прывёў яго ў наш атрад, і ён усім адразу спадабаўся, і выявілася, што дурань Кульба ўжо загадзя адкрыў яму нашу таямніцу і той даў згоду. Жэньку за доўгі язык на цэлы тыдзень пазбавілі права хадзіць з намі ў руіны па тол, прымусілі не выходзіць за межы двара, а Навума – прынялі. Што ўжо зробіш, калі так здарылася. Хай будзе пяць нацый.
I вось гэтая «пятая нацыя» ледзь не разваліла, ледзь не загубіла наш магутны саюз і ўсю святую нашу справу. Даведаўшыся, што Карл – немец.
– Немец? Я з імі на адным полі па вялікай патрэбе не сяду.
– Ну і мне невялікая ахвота з табой на адным полі сядзець. Я б твайго азадка век не бачыў і жыў бы. Нават яшчэ лепей. Таксама мне яшчэ шчасце, на адным полі ён са мной не сядзе. Пакараў!
– I праўда, – сказаў Ролік. – Што ж яму, немцу гэтаму беднаму, зараз рабіць?
I загадаў не сварыцца. Але сэрцу і забабонам чалавечым не загадаеш. Фінеес, харошы хлопец, смелы чалавек, які ведаў цану жыцця і смерці, шчодры, кампанейскі, здатны пайсці за любога з нас у агонь і ваду, ненавідзеў Карла глухой, цьмянай нянавісцю, якая не разважала, якая проста – жыла.
Сёй-той з нас стаў на адзін бок, сёй-той – на другі. 3 такой цяжкасцю скляпаны «інтэрнацыянал» развальваўся на кавалкі, трашчаў па швах. І дзіўна, нам неацэнна дапамагла малая, слабенькая Лізка, якую ніхто з нас не браў усур’ёз.
Справа пачалася з таго, што запалы нашы, як выявілася, былі нікуды не вартыя. Тол быў, але толам, як вядома, можна хоць печку паліць. Адзін тол – глупства.
Мы не асабліва засмуціліся. Па нядзелях на яўбазе можна было купіць усё – ад рыбалоўнага кручка і ледзь не да буйнакалібернай гарматы. Мы ведалі там аднаго дзядзьку, у якога можна было дастаць і запалы, ён прадаваў іх на прадмет глушэння рыбы. Але грошы ў нас павінны былі з’явіцца толькі праз два тыдні (мы, нягледзячы на ўсю нашу пагарду да такіх людзей, памаглі аднаму «фраеру» перавезці ягонае багацюшчае абсталяванне, усю гэтую мэблю, карціны, бронзу на новую кватэру: старая яму, бачыце, не зусім падабалася, а кватэр у горадзе было – хоць носам жары). А чакаць два тыдні было нельга: «падвальныя» каапераваліся з Пірагоўскай вуліцай і пачалі падымаць хвост. Было вырашана іхнюю штаб-пячору проста разбурыць. А для гэтага трэба было ўзяць у Карла, праўдзівей, у кульгавага дзядзькі Тараса, у якога Карл быў на выхаванні, лом і дзве рыдлёўкі.
I вось калі мы праходзілі паўз Карлаў флігелёк, Лізка раптам сказала мне і Навуму:
– То зойдзем? Зойдзем – зойдзем. Ты што, Навуме, баішся?
Навум успыхнуў і рашуча пайшоў за намі.
…Два пакойчыкі былі абстаўлены вельмі сціпла, каб не сказаць бедна. Самаробныя тапчаны, табурэткі і стол (дзядзька Тарас быў і сталяр, і цесля, і шавец, і жнец, і ў дуду ігрэц). У кутку ля дзвярэй нізенькі столік, і на ім шавецкія нажы, капылы, тэксікі ў бляшанках і ўсё такое. А на сценах два ўпрыгожанні: маслам пісаная аблупленая карціна, відаць, вельмі старая, бо на ёй амаль нічога нельга было распазнаць, так нейкія рукі і ногі – і павялічаная фотка ў светлай рамцы. А на ёй светлавалосы хлопчык у вопратцы са «шмайсэрам» на шыі. А на ватоўцы два медалі. Нахмураны, значна больш дарослы, чым цяпер, Карл.
Мы стаялі крыху ашаломленыя. Лізка, што праўда, і раней спрабавала была заводзіць гаворку пра «партызанку», але Карл заўсёды яе перабіваў: «гэта не да справы», «змоўч, Ліза» або «гэта іх не датычыцца». Урэшце, што было дзівіцца? I я быў сувязным у атрадзе. I Ролік выконваў у горадзе сякія-такія даручэнні. Але тут…
– Што за медалі? – хаваючы вочы, спытаў Фінеес.
– «За адвагу», – нядбала сказаў Карл, выносячы нам «орудия труда».
I ён не прыкідваўся. Ён сапраўды сказаў гэта нядбала, як аб нечым не вартым асаблівай увагі. Мы выйшлі і, адышоўшыся крыху, селі ў бур’яне, як пабітыя сабакі.
– Расказвай, – сказаў я Лізцы.
– Я не дужа ведаю, – тоненька і вінавата сказала яна. – Ён аднекуль уцёк, прабраўся цераз фронт. Прыстаў да партызан… пашанцавала адшукаць. А пасля рэйд быў. I ён з гэтым рэйдам быў і ў тваёй Беларусі. А за што медалі далі – ён не расказвае…
– Пэўна ж, было за што, калі далі, – сказаў я.
– А пасля, як нашы прыйшлі, дзядзька Тарас узяў яго. У дзядзькі ўсю сям’ю немцы пабілі.
У мяне ў сэрцы накіпала злосць на Навума і, яшчэ больш, на самога сябе.
– Т-так, Навуме, – сказаў я.
Я рос у невялікім гарадку, і мы, дзеці, гулялі ўсе разам, і пры выпадку маглі ўзаемна перакінуцца сотняй-другой беларускіх, рускіх, татарскіх, яўрэйскіх слоў. У дзяцей гэта хутка. Акрамя таго, бацька ў аднаго з нашай банды быў калісь рабінам, але расчараваўся. I таму я, не ў змове стрымацца, сказаў:
– Ты ведаеш, што такое па-старагебрайску «фінеес». Гэта азначае «медны рот». Вось гэта якраз ты. Крычыш ні з пушчы, ні з поля, дурань маляваны.








