355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Някляеў » Выбранае » Текст книги (страница 9)
Выбранае
  • Текст добавлен: 28 марта 2017, 00:00

Текст книги "Выбранае"


Автор книги: Уладзімір Някляеў


Жанр:

   

Поэзия


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 9 страниц)

– Ды адна, адна, для сябе трохі выгнала, дзе ж мне на магазінную грошай набрацца, – вінавата казала Хрысціна Сымонаўна, сустракаючыся з пагрозлівым позіркам Сліжа, і бегла ад яго хутчэй на другі канец залы пад абарону міжнароднага таварыства.

Паколькі Сліж не меў фантазій і, зразумелая справа, ні па ўзросце, ні па пасадзе не верыў ані ў якія казкі пра джынаў, а хацеў дазнацца, дзе і колькі самагонкі хавае яго былая настаўніца, ён амаль неадступна хадзіў за Хрысцінай Сымонаўнай. Таму ваенны аташэ расцаніў іх адносіны як інтымныя – і ў смелым адчаі перакінуўся на сакратарку магістра тайнай масонскай ложы, што прывяло ў сляпую ярасць Ромку, які на добрым падпітку кінуўся на ваеннага аташэ, ірвануў яго за мокрью эпалеты і прароў, як паранены ў адну галаву Змей Гарыныч:

– Давай выйдзем, генерал!

Залатыя ніткі трэснулі са звонам скрыпічных струн, бліскучыя эпалеты засталіся ў Ромкавых руках. Ромка і ваенны аташэ невядома скуль, хістаючыся, стаялі адзін насупраць другога, наспяваў міжнародны канфлікт нават больш небяспечны, чым скандал з какосавым арэхам, але, дзякуй Богу, сітуацыю выратаваў магістр тайнай італьянскай масонскай ложы з Сіцыліі. У пераднавальнічнай імгненнай цішыні ён раптам рэзка падняўся ў сваім белым балахоне з чорным крыжам і зялёнай зоркай на каўпаку, распасцёр перад сабою рукі і высокім голасам, падобным на голас Раберціна Ларэці ў дзяцінстве, калі той на ўсіх зямных кантынентах спяваў знакамітую песню пра Ямайку, сказаў на тайнай масонскай мове некалькі слоў, з якіх ніхто ніводнага не зразумеў, а таму гэта і прыцягнула агульную ўвагу. Не змог справіцца з таемнаю мовай сіцылійскіх масонаў і электронны перакладчык. Пасля таго, як ён здаўся, прамыкаўшы ўжо знаёмае "перакладу не падлягае", паднялася сакратарка магістра і бясстрасным голасам, нават не пачырванеўшы, аб'явіла:

– Магістр пажадаў сказаць, што ён прывёз мяне ў падарунак, я належу тут усім адразу і кожнаму паасобку, прычым як мужчынам, так і жанчынам. Таму са мной, – сакратарка вінавата глянула на Ромку, – не павінна быць аніякіх праблем.

Ад гэткіх слоў Хрысціна Сымонаўна адчула неверагодную млявасць, поўная паўлітэрка выслізнула ў яе з рук і грукнулася на падлогу. Нават Сліж, які ў іншы момант не прамінуў бы падысці і рэквізаваць чароўную бутэльку, стаяў, адвесіўшы сківіцу, і вочы ягоныя, што неадрыўна глядзелі на сакратарку, знянацку зрабіліся цёмнымі і вільготнымі.

– Далей магістр пажадаў сказаць, – як ні ў чым не бывала прадаўжала сакратарка, – што цяпер, калі яму будзе дазволена, ён хацеў бы зрабіць значна больш важнае паведамленне.

Магістр павярнуўся да Фрэнка з Андронам, што на пару ўселіся пад бананавай пальмай і па чарзе збівалі бананы з рагаткі, якую Андрон адабраў у свайго сына Цімкі. Андрон хацеў быў запярэчыць масонскім намерам, але тут якраз прама ў рукі яму ўпаў банан, збіты Фрэнкам, і Андрон заняўся ім, вяла махнуўшы магістру бананавай шалупінінай: давай, маўляў, паведамляй...

Усе зноў сталі глядзець на магістра і чакаць, калі сакратарка пачне распранацца. Магістр крывавата ўсміхнуўся, ледзь заўважна, мезенцам кіўнуў сакратарцы і праспяваў некалькі фраз салаўіным голасам знакамітага спевака.

– Магістр жадае сказаць, – распранаючыся, стала перакладаць сакратарка, і ў яе інтанацыі з'явіліся ноткі ўзнёслай урачыстасці, – што па даручэнні тайнай ложы і законнага ўрада Італіі ён мае гонар паведаміць пану старшыні Андрону Сыцюку і ўсім тут прысутным масонам наступнае:

Першае. Горад Піза, у якім таксама ёсць вежа, хоць і пахіленая, аб'яўляецца горадам-пабрацімам Карун. Афіцыйную карунскую дэлегацыю будуць чакаць у Італіі на Новы год. Італьянскі ўрад прыме ўсе захады для таго, каб да навагодняга свята Пізанская вежа цэліла ў неба гэтак жа прама, як і Карунская.

Другое. Тайная італьянская ложа з Сіцыліі і масонскі ўрад Італіі (так пераклала сакратарка) прызначаюць прэмію 300 мільёнаў лір для любога грамадзяніна любой краіны, нават калі ён знаходзіцца ў турэмным зняволенні або ў доме для вар'ятаў, які зможа вызнаць і паведаміць магістру: нашто Ютка Казубоўскі будуе сваю вежу да неба і якая ў яго канчатковая мэта?

У гэты момант сакратарка засталася абсалютна без анічога, ва ўсім сваім, а таму сэнс апошніх слоў магістра да болыпасці публікі дайшоў слаба.

– Мат, – сказаў Бобі Фішэр, які даваў сеанс адначасовай гульні на васемнаццаці дошках, па колькасці гасцей, але гуляў з ім толькі дырэктар школы Ігнат Валошка, дый то не ў шахматы, а ў марскі бой.

Пад выглядам таго, што ёй тэрмінова неабходна прасушыць сукенку, залітую халадцом, пачала распранацца не то ўдава, не то дачка Анасіса, папрасіўшы Васіля Блізнюка дапамагчы ёй вызваліцца ад плаціны і каштоўных камянёў.

– Корсіка, Сіцылія і Каруны вызначалі лёс Еўропы – вось што будзе запісана ў падручніках гісторыі! – тэмпераментна ўсклікнуў намеснік міністра замежных спраў Францыі і, падышоўшы да сакратаркі масонаў, падараваў ёй лёгкі пацалунак.

– Мадэмуазель... шарман... – з французскім акцэнтам сказаў аграном Станіслаў Стапуль, які ўвесь вечар быў заняты думкай пра тое, што калі прышчапіць да фікуса гарбуз, то гэта, мусібыць, і будзе какосавая пальма, якая зможа прыжыцца на паўднёвых схілах карунскіх пагоркаў.

Камандуючы Шостым амерыканскім флотам аб'явіў авіяносец "Амерыка" пабрацімам карабля пана Цырлюкевіча, прапанаваў зняцца з якара і плыць на Блізкі Усход, дзе цёплае мора і можна ўсім разам пакупацца, не маючы клопату пра купальнікі.

– Няхай баба апранецца! – абурыўся Хведар Былінскі. – Бо я дахаты пайду!

– А дзе ж той сорам, людцы? – ні да кога не звяртаючыся, прашаптала Хрысціна Сымонаўна. – Што ж гэта робіцца ў белым свеце?..

Магістр масонаў глянуў на незадаволенага Ютку. Той нервова мучыўся, таму што бачыў, як б'ецца ў канвульсіях ягоны сын Ромка. Магістр склаў на грудзях рукі крыж-накрыж – і сакратарка, абвёўшы ўсіх позіркам не тое каб з пагардай, але ўсё ж з яўнай насмешкай, стала апранацца.

Не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера Анасіса зграбла ў ахапак ветэрынара Васіля Блізнюка і вынесла яго з банкетнай залы.

Кузьма Сліж глытнуў паветра, выцягнуў з кабуры насатку і выцер буйна ўспацелы лоб.

– Трыста мільёнаў лір... гэта ж колькі будзе ў доларах? – спытаўся ў міністра сельскай гаспадаркі Ізраіля аптэкар Саламон Цукерман.

Саламона, брат якога з'ехаў за мяжу і згубіў там двух сваіх сыноў на чужой вайне, цікавілі і непакоілі масоны, але мала забаўляла іхняя сакратарка, таму ён добра ўцяміў сэнс апошніх слоў магістра і рабіў папярэднія падлікі. Ды аказалася, што Андрон Сыцюк, які хоць і аб'еўся бананамі, таксама не спаў у шапку.

– Не лічы, Саламон, не намагайся дарма, – сказаў Андрон бананавым голасам. – Ютка зараз сам расколецца, заграбе прэмію, а на калгас, на ўсіх нас яму напляваць.

Усе ўтаропіліся ў Ютку і чакалі, калі ён стане багацеем.

Ютка падышоў да Хведара, сеў, наліў сабе і яму па кілішку.

– Будзь здароў, Хведар. Апошні раз бедным п'ю. Што ты на тое скажаш?

– На здароўе, Ютка, – сказаў Хведар. – Чаго толькі не было ў нашым жыцці – няхай і гэта будзе.

– Палову прэміі возьмеш? – закусваючы, спытаў Ютка.

– Не, – адмовіўся Хведар, – нашто мне?.. На адзежу нам з бабай хапае, а яда свая.

– От і ў мяне тое самае, – сказаў Ютка.

– То, можа, пойдзем адсюль? – спытаўся Хведар. Ютка падумаў і згодна паківаў галавой. Яны падняліся і скрозь усю банкетную залу, што не спускала з іх ніводнага свайго вока, прайшлі да дзвярэй, дзе іх пераняў Фрэнк.

– Гуд бай, – сказаў яму Ютка. – Гульба была ўсялякай, а за хлеб ды соль дзякуй.

– Прыедзь да мяне ў Амерыку, Ютка, – папрасіў Фрэнк. – Ну хоць паабяцай, што прыедзеш. Такіх, як ты, там у нас зусім няма.

– Ладна, – згадзіўся Ютка, – зазірну як-небудзь, калі час будзе. Чаму б не глянуць на Ціхі акіян.

– У нас там яшчэ Атлантычны ёсць, – паспешліва падхапіў Фрэнк. – 3 другога боку.

– Шчаслівы ты, – сур'ёзна сказаў Ютка. – Два акіяны маеш. А ў нас тут і мора нямашака.

– Затое ёсць карабель, – напомніў Хведар, забаяўшыся на міг, што Ютка збярэцца ў Амерыку. – Дзе ты яшчэ карабель на гары бачыў?

– I то праўда... Быў бы карабель, а вада нацячэ. Калодзеж пракапаем! Нам, карунскім, гэта раз плюнуць, – падміргнуў Ютка Фрэнку, а на тым і скончыў размовы вадзіць, чужое слухаць і сваё даводзіць.

Ютка з Хведарам выйшлі на волю, падыхалі. Прама перад імі калыхаўся ў начы карабель пана Цырлюкевіча. Не згаворваючыся, рушылі да яго.

Каля Літвінавай гары іх дагнала Хрысціна Сымонаўна, моўчкі пайшла побач. Яны ўтраіх падняліся на гару, узышлі на карабель. Ютка стаў да штурвала, і яны паплылі.

Пад небам, абсыпаным на халады зорамі, спакойна спалі Каруны. Над імі велічна, упіраючыся ў рог новенькага, нібы толькі што адкаванага маладзіка, высілася Юткава вежа.

– Паслухай, Хведар, – трымаючы курс на вежу, спытаўся Ютка, – як ты думаеш: чаму гэта магістр быў масонамі нас назваў?

– Палітыка такая, – адазваўся Хведар. – Спачатку назавуць масонамі, пасля запішуць, а потым і абмасоняць. Яно заўсёды так рабілася.

Падплылі да Хведаравай хаты, у двух вокнах якой гарэла святло.

– Ой будзе мне, – працяжна пажаліўся Хведар, сыходзячы з карабля. – Ой, што мне будзе...

Ютка пачакаў, пакуль у Хведаравай хаце трохі сціхла, і пусціў карабель далей.

– Мне таксама дадому, – папрасілася Хрысціна Сымонаўна. – Дыктанты заўтра дзецям раздаваць, а яны ў мяне яшчэ не правераныя.

Ютка павярнуў штурвал, пераплыў вуліцу, рэчку і спыніўся каля гародчыка Хрысціны Сымонаўны.

– Дабранач, Ютка, – развіталася Хрысціна Сымонаўна. – Далёка не плавай. Хто яго ведае, гэты карабель, ці можна на яго спадзявацца.

– Я недалёка, – сказаў Ютка, – да вежы толькі. Яна ў мяне як маяк.

Адплыўшы, ён азірнуўся: Хрысціна Сымонаўна стаяла ў гародчыку і махала ўслед яму хвартушком.

Ютка кіраваў напрасткі і ўверх, даплыў да вежы, перабраўся на яе і адштурхнуў карабель да Літвінавай гары. Пачакаў, пакуль той аказаўся на звыклым месцы, разаслаў на плоскім камені свой парадны фрэнч, лёг і заснуў. Каля новенькага, толькі што адкаванага, распаленага яшчэ маладзіка Ютку было цёпла. Нават прыпякала са спіны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю