355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Някляеў » Выбранае » Текст книги (страница 1)
Выбранае
  • Текст добавлен: 28 марта 2017, 00:00

Текст книги "Выбранае"


Автор книги: Уладзімір Някляеў


Жанр:

   

Поэзия


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 9 страниц)

Уладзімір Някляеў
Выбранае

Выбранае: Для ст. шк. узросту / Прадм. Л. М. Турбіной; Уклад. Л. М. Галубовіч. – Мн.: Выш. шк., 1998. – 496 с: іл. – (Школьная бібліятэка).

Друкуецца па выданнях:

Някляеў У. Адкрыццё. Мн., Мастацкая літаратура, 1976.

Някляеў У. Вынаходцы вятроў Мн., Мастацкая літаратура, 1979.

Някляеў У. Знак аховы Мн., Мастацкая літаратура,. 1983.

Някляеў У. Наскрозь. Мн Мастацкая літаратура, 1985.

Някляеў У. Галубіная пошта. Мн., Мастацкая літаратура, 1987.

Някляеў У. Вежа. Полымя, № 6, 1988.

Някляеў У. Прошча. Мн., Мастацкая літаратура, 1996

Для старэйшага школьнага ўзросту

Прадмова Л. М. Турбіной

Укладальнік Л. М. Галубовіч

© OCR: Камунікат.org, 2011 год

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 год


СЯРОД ВЫНАХОДЦАЎ ВЯТРОЎ

На поўны голас імя Уладзіміра Някляева загучала ў беларускай паэзіі пад сярэдзіну 70-х гадоў. На той час у самым росквіце творчых сіл было пакаленне "шасцідзесятнікаў", якія даволі хутка прызналі ў маладым паэце свайго паплечніка. Рыгор Барадулін у прадмове да кнігі "Сад на перекрестке" (М., "Молодая гвардия", 1979) – першага зборніка вершаў Уладзіміра Някляева, выдадзенага ў перакладзе на рускую мову, – пісаў:

"У манеры пісьма Уладзіміра Някляева цікава і нечакана спалучаюцца маскоўская школа паэтычнага рамяства з традыцыяй Купалы і Багдановіча, карані якой – глыбока ў свеце славянскага паганства. З першых выступленняў у друку ў ім яскрава выявіўся прыроджаны майстар верша, тонкі і дакладны. Калі б мне давялося складаць анкету з пытанняў і адказаў, дык анкета Уладзіміра Някляева выглядала б у мяне прыкладна так: "Веданне жыцця – глыбіннае. Тэхніка верша – дасканалая. Гарантыя поспеху – поўная".

Творчасць Уладзіміра Някляева, як і кожнага значнага паэта, не скіравана ў нейкае адно рэчышча, яна сферная, шматпланавая. Калі тут і можна вызначыць дамінанту, дык, бадай, не ў тэматыцы альбо жанравасці, а ў стане паэзіі. Назва гэтаму стану, найбольш суадноснае яму вызначэнне – драматызм. Менавіта ён дае штуршок і згадкам пра таямніцы жыцця, і напружаным развагам пра вечнае і часовае, і пошукам устойлівых каштоўнасцей, духоўных вышынь, і рэфлексіям з прычыны ўласнай недасканаласці і пачуцця віны – матывам, якія тэматычна пераважаюць у вершах і паэмах Уладзіміра Някляева:

 
Аднойчы, прачнуўшыся ўночы,
Ты ўспомніш, што ўмееш лятаць,
I стане наіўныя вочы
Халодная бездань смактаць.
I зманлівай згадкай быцця
Цябе працяне аж да поту,
I роднае станеш дзіця
Вучыць не хадзе, а палёту.
 

Першая кніга Уладзіміра Някляева "Адкрыццё" (1976) была сус-трэта і чытачамі, і крытыкай больш чым прыхільна. У ёй не адчува-лася вучнёўства, мастацкімі вартасцямі яна адпавядала лепшаму з таго, што з'яўлялася на той час новага ў паэзіі. У маладзёжных аўдыторыях з аўтарам наладжваліся шматлікія сустрэчы, вяліся тэмпераментныя дыспуты і спрэчкі. Па газетных водгуках на гэтыя сустрэчы можна меркаваць, што поспех кнігі "Адкрыццё", як і на-ступнага зборніка "Вынаходцы вятроў" (1979), шмат у чым быў абумоўлены тымі ж прычынамі, праз якія фенаменальную папулярнасць мела "стадыённая" паэзія шасцідзесятнікаў, калі паэтычная трыбуна была па сутнасці трыбунай палітычнай. Пры татальнай цэнзуры іншым разам дастаткова было адной вольнай метафары, крамольнага падтэксту, каб аўдыторыя прыйшла ў захапленне. Невыпадкова пазней Уладзімір Някляеў скажа: "Гісторыі кола заўсёды круціла крамола".

Падчас выхаду кніг "Адкрыццё" і "Вынаходцы вятроў" грамадства цалкам ужо ўвайшло ў спелую пару застою. Дзверы зачыніліся і ззаду, і спераду, рухацца не было куды. Калі ж адсутнічае рэальнасць руху, тады патрабуецца ягоная ўяўнасць. Дынаміка някляеўскага верша, энергетыка радка і дапамагала ягонаму чытачу і слухачу самаства-раць ілюзію несупыннасці:

 
Рух наперад – не проста рух.
Гэта руху ўсяго аснова.
Як у целе лунае дух,
У сусвеце лунае рух -
Рух дарогі. Любові. Слова.
Рух дарог – разгаданы рух
Цягнікоў і пратуберанцаў,
Што пачаўся, калі, быццам душны кажух,
Я сарваў з сябе першую станцыю.
 

Калі станцыя зрываецца з плячэй, як кажух, – гэта, безумоўна, запамінаецца. Але пры ўсёй вобразнасці і энергетычнай напоўненасці працытаваных вершаў адчуваецца ўсё ж у іх унутраная супярэч-лівасць, непазбежная ў варунках, калі сілаю таленту штучнае пера-ўтвараецца ў натуральнае. Сёння цяжка катэгарычна сцвярджаць, заслуга ў тым паэта ці не. Тут істотнае значэнне мае ўнутраны стан не толькі аўтара, але і чытача, якія разам знаходзяцца ў сваім часе.

Кніга "Адкрыццё" даволі нязвыкла для таго часу адкрываецца не палітызаванымі радкамі, а вершам, звернутым да каханай:

 
Ты хмаркаю плыла....
Пад поўняй...
Над зямлёй...
Між вокладкамі дзён наступных і мінулых
Мы дзіўную з табой старонку адгарнулі:
"Дзень вашай цішыні" – напісана на ёй.
 

На шчымлівую ноту пяшчоты і цноты настройвае гэты верш, які на наступных старонках кнігі нібыта гукае сабе падобных і шчасліва знаходзіць, іх, што ўражваюць пранізлівасцю пачуцця:

 
Ніхто не скажа, хто ў тым вінаваты,
Што ўсе мы неяк прадчуваем страты,
Але пазбягаем страт.
 

Як адна са стрыжнёвых для паэзіі Уладзіміра Някляева заяўленая ў кнізе "Адкрыццё" тэма смерці і неўміручасці. Пашыраная яе распра-цоўка – гэта "Паэма-вера", а найбольш скандэнсаваная – верш "Не, не таю надзей на бессмяротнасць". Напісаны ён з дакладна вытрыманай рыфмоўкай "пантуга", на тым узроўні майстэрства, калі на паглыбленае раскрыццё тэмы працуюць з аднолькавым намаганнем і змест, і форма верша:

 
Я ведаю пра хлеба неабходнасць,
Але таксама ведаю не горш,
Як неабходны задуменны Сож,
Начных нябёс і вышыня, і зорнасць...
...Шчымлівая іх першасць і апошнясць,
Што раптам прасякае пачуццём
Не вечнай нашай сувязі з жыццём
I тайнасцю надзей на бессмяротнасць.
 

Сапраўдная паэзія амаль заўсёды мае відавочныя альбо пры-хаваныя фальклорныя вытокі. Гэта тыя эмоцыі, той спосаб быцця, які закладзены ў генетычны код нацыі – у мову. У паэзіі Уладзіміра Някляева, лексічна і стылёва прыналежнага сучаснасці (ён нібы наўмысна нават дэкларуе такую прыналежнасць), фальклорныя вытокі, безумоўна, прыхаваныя, аднак не настолькі, каб іх нельга было распазнаць. Да прыкладу, верш "Што за сумныя песні спяваеш ты, Белая Русь!" – гэта цалкам фальклорны матыў, не кажучы пра ўжо тыя творы, што сталі агульнавядомымі песнямі і ўспрымаюцца самі па сабе, бадай, як народныя: "Світанак" (музыка I. Лучанка), "Янка Купала" (музыка У. Будніка), "Гуляць дык гуляць" і "Раз ды разок" (музыка В. Іванова).

У першай кнізе паэта закладзеныя, трэба сказаць, не проста рознаскіраваныя тэмы – закладзеныя рознаскіраваныя стылёвыя напрамкі, што пры пэўных падыходах можна аднесці як да здабыткаў, так і да выдаткаў зборніка "Адкрыццё". Побач з імкліва-лёгкім, 6ы ўзлёт ластаўкі, вышэйзгаданым вершам "Што за сумныя песні спяваеш ты, Белая Русь!" суседнічае "Назоўны склон" – верш, які набліжаны да паэтыкі "прарабаў перабудовы", на тую пару яшчэ буду-чых. Тут і пераважна карэнная рыфма, і разламаны радок, і наступальная інтанацыя – амаль усе істотныя прыкметы тэматычна-стылёвага накірунку, які ўмоўна адносяць зараз да паэтычнага савецкага мадэрна. Наўрад ці зробленае ў гэтым накірунку можна аднесці да асноўных дасягненняў Уладзіміра Някляева, аднак чамусьці менавіта на іх асабліва актыўна адгукалася крытыка. Радок "Паэзія, душы маёй анкета", узяты якраз з "Назоўнага склону", даваў назву літаратуразнаўчым артыкулам, у гэтай выяве паэт быў услаўлены як лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, герой бамаўскай эпапеі, праз што ў далейшым нават асацыятыўна імя Уладзіміра Някляева нярэдка звязвалася з тым, што мы вызначылі як паэтычны "саўмадэрн". На самай жа справе, што найлепш даводзяць нам кнігі паэта, гэта зусім не так. А каб сталася так, як некаму жадалася, скарыстоўваўся правераны, добра адпрацаваны прыём: вылучалася і ўводзілася ў масавы ўжытак толькі патрэбнае сістэме, астатняе не заўважалася і адсякалася. Не трэба суадносіць маштабы і параўноў-ваць імёны, але, дарэчы, тым самым прыёмам Уладзімір Маякоўскі, аўтар паэм "Уладзімір Ільіч Ленін" і "Добра!", адсякаўся і быў адсечаны ад Уладзіміра Маякоўскага – аўтара паэм "Воблака ў штанах" і "Флейта-пазваночнік".

З таго, што, нібы ў падмурак уласнага паэтычнага дома, закладзена Уладзімірам Някляевым у кнігу "Адкрыццё", неабходна адзначыць яшчэ ягоную схільнасць да пабудовы верша па законах драматургіі. Гэта выяўляецца не толькі ў дыялагічных радках дасціпнага, самаіранічнага "Вадэвіля ў двух радках", але і ў вершах з радкамі назыўнымі, апісальнымі. Вось для ілюстрацыі быццам бы просценькая мініяцюра:

 
У доме насупраць мыла жанчына акно.
Мокрае сонца ў шкле зіхатлівым дымілася.
Ён падышоў. Яна да яго прыхілілася.
У доме насупраць мыла жанчына акно.
Больш у той дзень анічога ў мяне не здарылася.
 

Тут змяшчэнне націску ў апошнім слове ніколькі не бянтэжыць, бо сапраўды ўражвае адкрыццё... Да такіх вершаў, у якіх, на нашу думку, Някляеў – асаблівы Някляеў, ні ў чым не падробны і ні на каго не падобны, прымыкаюць "Дэльфінскае", прысвечанае С. Кірсанаву, "Вочы твае, нібы словы мовы чужой...", "Нядзеля", "Кевалач", "Бывае боль гаючы...". Гэта вершы ні пра што і ні для чаго, у якіх нямаша-ка ніякай карыслівай думкі, якія найблімсэй да самой сутнасці паэзіі.

Адна са скразных тэм зборніка "Вынаходцы вятроў", другой кнігі паэта, – каханне; каханне – як адзінае апірышча ў свеце ("Уступаю ў пару лістапада. Дай руку."); каханне – як перакананне, што з ім можна "Жыць, як шчаслівае смяецца, Жыць, як балючае баліць", што ў імя яго жыццё можа стацца недарэмным; каханне, нарэшце, – як апошні паратунак:

 
... І прыходзіць гадзіна
Не збіраць і раскідваць каменні,
А прад любай, адзінай
Стаяць на каленях,
 
 
Праз яе парадніцца
З кожным дрэвам, травою, вадою...
Дай руку,
Дай мне зноўку з'явіцца ўратаваным табою.
 

Нібыта грэх першародны прымае на сябе паэт у адносінах да жанчыны. Ён абцяжараны пачуццём віны, якая найчасцей не мае ні часавых, ні прасторавых межаў, існуе скрозь і паўсюль. Хутчэй гэта нават не зменлівае пачуццё, а зафіксаваны стан, які найбольш выразна выяўлены ў вершы "Чужая станцыя". Станцыя гэтая невядома якая і невядома дзе, голас яе таксама нібыта невядомы, нібыта знаёмы, нібыта забыты, і тым не менш з усёй мройнасці і няпэўнасці сітуацыі пэўным вынікае адно:

 
...Як навала, як вайна, Голас станцыі нязнанай,
Дзе крычыць
мая віна.
 

Асобным раздзелам прадстаўлены ў зборніку "Вынаходцы вятроў" цыкл балад, у якіх, мы б сказалі, Някляеў-лірык узважвае эпічныя магчымасці свайго таленту. Балады вельмі розныя як у сваіх задумах, так і ў іх увасабленнях. Калі "Баладу дзялення", "Круг", "Тэатральную баладу" без ніякіх ваганняў можна аднесці да прадуктыўных пошукаў паэта на шляху ў эпічным накірунку, дык "Балада першага кроку" і "Балада пакінутага сэрца", якія адгукаюцца раптам наіўным раман-тызмам, не ўласцівым Уладзіміру Някляеву нават у першай кнізе, здаюцца шляхамі ўжо некалі пройдзенымі. Асабліва прайграюць яны ў суседстве з баладай "Дыктант", творам з дасканала распрацаваным сюжэтам, нечаканымі выяўленчымі сродкамі. Сумяшчэнне назыўных сказаў з дыялогамі, трансфармацыя дыялогаў ва ўнутраныя маналогі, якія нібы не прамаўляюцца, а выдыхаюцца, лексічныя паўторы, што ўчэпіста трымаюць нашу ўвагу на акцэнтных момантах балады, ствараюць паэтычнае поле такога высокага напружання, з якога немагчыма выйсці, не апёкшыся. Гэткі апёк паэзіяй – перадумова катарсіса. Як для паэта, так і для чытача.

Ёсць у паэзіі Уладзіміра Някляева штосьці ад рамантызму фран-цузскіх "праклятых" паэтаў ("Дай літасці, Мілі. Па Віташы коціцца, выплаканая, Апошняя вішня спякотнага месяца ліпеня. Круг першы замкнуты. Ля ганка Вішчаць тармазы дапамогі, I вершы, закутыя ў рамкі, Прыгожа падобныя на некралогі"). Да гэткай высновы падштурхоўвае і імя Бадлера, узятае ў назву аднаго з вершаў, які да Бадлера ніякіх адносін не мае, але яго тым не менш варта працыта-ваць цалкам.


 
З БАДЛЕРА
 
 
Не прыйдуць уначы – і катаваць
Не павядуць у змрочны склеп, за краты...
Злачынец, спі! Няма каму пытаць:
Ты вінаваты ці не вінаваты.
 
 
Суддзя твой спіць, і спяць вартаўнікі,
I спіць твой кат, бо ў ката сёння свята,
Няўцям яму, што ты жывеш такі,
Хай вінаваты, хай не вінаваты.
Забойца, спі! У кнігах спіць закон,
Дзяржаўны пыл на літары закона
Палёг...
Ты спі! Твой палахлівы сон
Ніхто не прыйдзе патрывожыць сёння, -
 
 
Дык што ж крычыш! Чаго баішся? Ты!..
Прад кім гатовы ўпасці на калені?
Перад сумлентм? Прэч яго! Сумленне –
Вярыгі рознай дробнай свалаты, -
А ты!..
 
 
I ўсё ж не спіш...
Крычыш...
Баішся ты...
 

З творчасцю Бадлера гэты верш не звязаны ні змястоўна, ні фармальна, проста ў абход цэнзуры скарыстанае яго імя. Калі ўлічыць гэта і вярнуцца ў час публікацыі верша, у сярэдзіну 70-х, тады можна зразумець, пра што верш напісаны. А думаючы пра сувязь паэта і часу, нельга не згадаць сюжэт знакамітай аповесці Аскара Уайльда "Партрэт Дарыяна Грэя".

Прызначэнне паэта ў хуткаплынным жыцці – адна з вечных тэм сусветнай лірыкі. Асэнсоўваючы яе, амаль кожны з наступнікаў, як правіла, азіраецца на некага з папярэднікаў. Уладзімір Някляеў – не выключэнне з гэтага правіла, аднак тое, што ён трывожыць цень класіка венгерскай паэзіі Шандара Пецёфі, – зноў жа нечаканасць.

 
Паэт не той, хто вершы піша, не.
Каб так было – усе былі 6 паэты.
Паэт сябе стварае, як камета.
След самагубны, – самагубнасць гэта
Сапраўднага паэта не міне, -
 

сцвярджае Уладзімір Някляеў у вершы "Мост Шандара Пецёфі", далей развіваючы думку зусім катэгарычна:

 
...Паэт не той, хто апяе свабоду,
А той, хто ў бітве згіне за яе.
 

Магчыма, абумоўлена гэта тым, што Ш. Пецёфі, рэвалюцыйны рамантык, 26-гадовым салдатам загінуў у баі з расійскімі казакамі, змагаючыся за ідэі, якія ўслаўляў у вершах. Магчыма, тут нейкі іншы ўнутраны штуршок (скажам, многія вершы Ш. Пецёфі станавіліся песнямі, якія распявала ўся Венгрыя), але ў любым выпадку выразна пра-чытваецца ў дыялогу двух разведзеных у часе паэтаў талстоўскае "слова – ёсць учынак". Пра тое ж, дарэчы, і "Вадэвіль у двух актах" з першай кнігі, дзе паэт запрашае ў госці знаёмага і прахожага, любога і кожнага, а калі той "любы і кожны" прыходзіць, дык упіраецца ў зачыненыя дзверы.

Унутраная раздвоенасць, адчуванне немагчымасці поўнага – да зліцця – супадзення слова і ўчынку шмат у якіх радках даводзяць паэта да адчаю. Як нам уяўляецца, тут ёсць трагічны момант, які пранікае і ў паэзію, і ў паэтычны лёс.

"Даведка аб нараджэнні", паэма, якую В. Нікіфаровіч у рэцэнзіі на трэцюю кнігу Уладзіміра Някляева "Знак аховы" (1983) назваў паэ-тычным шэдэўрам, здольная задаволіць самы вытанчаны літаратурны густ. Тут драматургічны дар паэта раскрываецца ў поўнай меры. Асабліва ўражвае майстэрства, з якім фабула, жыццёвы змест паэмы, пераўтвараецца ў сюжэт, у змест мастацтва. Менавіта гэтая якасць, як аўтарытэтна сцвярджае ў сваіх даследаваннях па тэорыі літаратуры В. Шклоўскі, першапачаткова адрознівае мастака ад хай сабе і самага таленавітага, але імітатара жыцця. Фабула паэмы – пасляваенны побыт з рэхам апошніх стрэлаў сусветнай бойні. Сюжэт – ахвяраванне аднаго жыцця ў імя другога, перадумова ахвяравання і яго вынік. Паэма напісана нібыта толькі аб тым, што і як было, а чытаецца пра тое, што і як магло быць. Твор сінтэтычны, адзін-кавасць у ім набывае якасці мноства, праз што і пазбаўляецца небяспечнай для паэзіі адназначнасці.

Як паэму можна вызначыць жанрава і верш "Дамбай" з яго фантастычнай фабулай і звязаным з рэаліямі сюжэтам. Падарожжа аўтара па Каўказе разам з Міколам Гусоўскім выклікае асацыяцыі з падарожжам Дантэ і Вергілія. Асацы-яцыі гэтыя ўзмацняюцца ўрачыстым гучаннем вершаў, рытмічным памерам з чаргаваннем пяцістопнага і двухстопнага амфібрахія:

 
Адно разгадаў ты: вялікі я зведаў падман,
Ды праўдзе не здрадзіў, збіраў сваю праўду па жменьцы!..
– Дык хто ж вы такія? -
спытаўся нарэшце чабан.
I я прамаўчаў,
 
 
А Гусоўскі сказаў: "Чужаземцы".
 

Мелодыя мовы – гэта міміка душы. Знаёмы і напаўзабыты жаль аб тым, што б магло здзейсніцца, адбыцца і ніяк не адбываецца, паўстае за гэтымі радкамі.

Паэзія не можа быць і не будзе паэзіяй, калі ўсё ў ёй выказана дарэшты, калі не застаецца таямніцы. Такою таямніцай, поўнай фантасмагарычных і казачных матываў, у якіх гучыць не гэтак само слова, як схаваная ў ім музыка, паўстае перад намі паэма "Маланка" (зборнік "Знак аховы", 1983). Вызначаная аўтарам як аповесць пра каханне, паэма чамусьці менавіта з гэткім вызначэннем амаль не разглядалася літаратурнай крытыкай, хоць яна відавочна суадносіц-ца з лепшымі ўзорамі айчыннай лірыкі:

 
"Калі самкнуцца ў круг падману
Твае сябры, радня, сям'я, -
Каму паверыш, мой каханы?.."
"Табе, каханая мая".
"Калі ад кулі нечаканай
Хіснешся ты на схіле дня,
Каго ты ўспомніш, мой каханы?.."
"Цябе, каханая мая.
Няхай зямля ў магіле ўлежыць -
3 труны, з магілы ўстану я
На покліч твой..."
"Табе належыць
Жыццё маё. I смерць мая".
 

Гэтая паэма, урыўкі з якой распяваліся бардамі, ад пачатку да канца напісана на адным дыханні і з такою палымянасцю, што, чытаючы яе, падаеш і ўздымаешся на зорных вагах і міжволі верыш: мара пра каханне можа быць нават нечым большым, чым яно само.

"Пісьменніку наканавана існаваць у сусвеце дзеля таго, каб наросхрыст рассцежваць сваю душу перад тымі, хто ду хоўна галодны. Народ па кроплі збірае жыццёвыя сокі, каб выспеліць у асяроддзі сваім усялякага, хоць колькі-небудзь значнага пісьменніка. I пісьменнік становіцца здабыткам натоўпу: зжабраваныя душы просяць, патрабуюць, заклінаюць – і больш забіраюць у яго жыццёвай сілы, чым даюць. I пісьменнік павінен аддаваць ім тое, калі ён пісьменнік, гэта значыць – асуджаны" (Блок. "Пра тэатр", 1908).

Аб тым, праз якія выпрабаванні мусіць прайсці чалавек (і найперш пісьменнік, паэт), каб стаць перад жыццём і смерцю ў поўны рост, якімі намаганнямі здабываюцца жыццёвыя (творчыя) сілы і як вадою ў пясок сыходзяць яны ў натоўп, пра адзіноту моцнай духам асобы напісана паэма "Гарбун", змешчаная ў зборніку "Наскрозь" (1985). I невыпадкова назваю сваёй паэма непрыхавана адсылае тых, хто больш-менш ведае літаратуру, да імя Аркадзя Куляшова, творчасці якога, дарэчы, Уладзімір Някляеў прысвяціў вы-танчанае эсэ "Святая вада" (альманах "Вобраз").

Для таго, каб даць чытачу магчымасць глыбей пранікнуць у творчасць Уладзіміра Някляева і ў ягонае разуменне паэзіі, варта працытаваць некалькі абзацаў з гэтага эсэ:

Паэзія – што? Паэзія – дзе?

Паэзія ўсё. Паэзія скрозь.

Звыклае пытанне – звыклы адказ. Банальны і разам з тым – агульнымі намаганнямі геніяў і звы чайна смярот-нага люду – узведзены ў ступень ісціны.

Аднак любая ісціна – рэч рухомая. Хоць бы таму, што мае ступені разумення.

Сорак тысяч літаратурных кансультантаў ска-жуць вам: паэзія – у зямлі, у вадзе, у паветры. Раз літа ўсюды. Трэба толькі бачыць.

Ісціна.

Толькі нідзе паэзія не разліта.

Калі яна ў вадзе, то вада тая ў глыбіні глыбінь. На паверхні ж – прывід, міраж. Фантастычнае відовішча, якое бачыш, але паміраеш ад смагі.

Смага – не прага піць, а прага жыць. Напіцца можна і атручанай вады. Але ж ідзеш, караскаешся, паўзеш да чыстай. Да той, якая цябе ўратуе. Тая вада – святая.

Паэзія – прага перажыць. Здольнасць нанава пра-жыць тое, што пражываецца толькі аднойчы. Намаганне прабіцца, прагрызціся, прарвацца да першароднасці думкі, пачуцця... Як да вады, да той святой, што цябе ўратуе.

Пры адсутнасці смагі і адсутнасці пражывання ствараем міражыі наталяемся міражамі.

Ёсць штамп: "Думка, асветленая пачуццём". Здаец-ца, што з ім звыкліся прыкладна так: на адну думку адно пачуццё раз у дзень перад абедам. I паколькі думак развялося шмат, пачуццяў пачынае не хапаць.

Непрыстойна ўяўляць пачуццё чымсьці накшталт кішэннага ліхтарыка. Пачуццё – бліскавіца. Калі не ўмееш пісаць вершы бліскавіцай, у паэзіі няма чаго рабіць.

Думка мажлівая толькі ў момант быцця. Яна ўзнікае з пачуцця і рэалізуецца ў ім. Пачуццё – за межамі моманту, у мінулым і ў будучым. Прычым яно мажлівае ў такім мінулым, калі быццё яшчэ не ўсведамляецца, і ў такім будучым, калі яно перастае ўсведамляцца.

Думка – помпа на штучным канале паміж ракою Летай і Млечным НІляхам. Пачуццё – сама рака Лета і сам Млечны Шлях. Паэзія ў тым, што с а м а і с а м...

1985 год – пачатак таго грамадска-палітычнага працэсу, які назваўся перабудовай. Аднайменную са зборнікам паэму "Наскрозь" з падназваю "Канцэрт для паэта з аркестрам" цікава аналізаваць як даволі дакладнае прадчуванне перабудовы, што для Уладзіміра Някляева з яго абвостраным успрыманнем сацыяльных момантаў жыцця, бадай, заканамерна:

 
Паэзія – не апяванне
Айчынных дубоў і балот,
Паэзія – адчуванне
Адказнасці за народ.
Народ – не трыбунная помпа,
Не шырма для ўласных выгод.
Народ – гэта кожны, хто помніць,
Што ён, а не хтосьці, – народ.
 

Сказанае ў часе належыць часу, аднак Някляеў не быў бы Някляевым, каб да гэтых хоць і кідкіх, але агульных фармулёвак не прыйшоў шляхам пакутлівага самааналізу, не далучыў чытача, рассцежыўшы душу, да схоўнага і патаемнага. Перадаць нюансы душэўных рухаў, якія не ляжаць на паверхні, а заяўляюць пра сябе ціхутка, нібы малодшыя браты пачуццяў вядомых, звыклых і праз тое пашыраных – вось на што скіраваны паэт у найадметных вершах і што, на наша перакананне, з'яўляецца ці павінна з'яўляцца сутнасцю сучаснай паэзіі. Прынамсі, у паэме "Наскрозь" у гэткім рэчышчы, з такім разуменнем сутнага напісаны часткі "Натхненне", "Адчай", "Імя", "Агонь", у кнізе "Наскрозь" – вершы "Хадок", "Варшава, во-сень...", "На радасць...", "Новы снег", "Дзе голаў прытулю...", "Перад табой", "Спадарожная":

 
Як асляпіла гэта сіла,
Што скразнякамі ў нас гудзе.
На міг адзін яна зрадніла –
Яна навекі развядзе.
Ніхто не будзе вінаваты!..
А ты -
да страты, да расплаты,
Да развітання за вярсту –
Глядзіш,
нібы сястра на брата,
Як сірата на сірату.
 

Прамежкавым вынікам зробленага Уладзімірам Някляевым за папярэднія гады стала кніга "Галубіная пошта" (1986), пасля якой разам з паэтычнымі публікацыямі пачалі з'яўляцца ў друку і ягоныя творы ў прозе. Найболыны рэзананс мела аповесць, ці, як вызначыў яе аўтар, прыпавесць, "Вежа", напісаная ў не надта багатым на здабыткі ў нашай літаратуры гумарыстычным, фантастычным ключы. У вельмі сціслай па аб'ёме прасторы аповесці адбываецца столькі незвычайных падзей і з'яўляецца столькі нечаканых персанажаў, што твор гэты ўвачавідкі патрабаваў сцэнічнага ўвасаблення. Ён стаў асновай аднайменнай п'есы; спектакль быў бліс-куча пастаўлены ў Купалаўскім тэатры.

Не пакідае працаваць паэт і ў жанры песні, звяртаецца да публіцыстыкі і крытыкі. Літаратурнае імя Уладзіміра Някляева ўжо шырока вядомае за межамі Беларусі, творы ягоныя перакладаюцца на рускую, англійскую, іспанскую, французскую, нямецкую і іншыя мовы.

Разам з тым на перападзе 80 – 90-х гадоў, пазначаных агульным грамадска-палітычным і культурным крызісам, творчая актыўнасць Уладзіміра Някляева перапыняецца даволі працяглай паўзай: не выдаюцца ягоныя кнігі, рэдка з'яўляюцца публікацыі ў перыядычным друку. "Ператрываць гэты боль, Перамаўчаць гэты час", – так патлумачыць пры-чыну паўзы сам паэт.

Час гэты ў творчай біяграфіі паэта вонкава сапраўды выглядае як час маўчання, але толькі вонкава, бо ўнутрана, нібы прыхаваная ад таго, каб не сурочылі, выспявае кніга вершаў і паэм "Прошча". Кніга ў нечым пацвердзіла адно з даўніх дапушчэнняў Уладзіміра Някляева пра тое, "што чуць і бачыць – значыць быць маўклівым". У "Прошчы" значна паўней, глыбей, чым у любым ранейшым зборніку, пачута нячутнага і ўбачана нябачнага, а тым самым спраўджана ці не асноўнае прадвызначэнне паэзіі. У паўзе, як аказалася пасля з'яўлен-ня "Прошчы", іншым разам значна болып сэнсу, чым у таропка прамоўленым слове.

"Прошча" – не проста чарговая па часе кніга, а прынцыпова іншы, якасна новы этап у развіцці паэтыкі Уладзіміра Някляева, у ягоных пошуках адметнай стылістыкі, экспрэсіўных выяўленчых сродкаў. Выразна выявілася ў вершах і паэмах, што склалі кнігу, уласцівае аўтару імкненне да мак-сімальнага напаўнення энергетыкай як цалкам кожнага твора, так і асобнага радка. Дасягаецца гэта за кошт найашчаднага адбору слоў, скарыстання іх у колькасці мінімальнай, толькі зусім неабходнай для выяўлення сэнсу, думкі, пачуцця. У выніку значна ўзрастае сэнсавая і эмацыянальная нагрузка на слова, кожнае з якіх у сцяжцы радка набывае I шматзначнасць і шматпла-навасць. Гэта ўжо не эксперыменты дзеля эксперыментаў, як здаралася, напрыклад, у зборніку "Вынаходцы вятроў", а ўсвядомлены прынцып паэтычнага пісьма, пошукі і знаходкі сталага майстра, які даклад-на ведае, што ён стварае і дзеля чаго.

Кніга пачынаецца плаўна, як плаўна адплывае ад прыстані карабель, калі ні капітану пакуль, ні матросам, ні пасажырам невядома, якое іх чакае падарожжа, і ці па компасе, ці па зорках ім давядзецца плыць:

Намацваць рух радка, які ў зачыне,

Як шыць туман ці аблачыну ткаць...

I ўсё ж пачаць – хоць напачатку знаць, Што слоў, напісаных на аблачыне, Ніколі і нікому не чытаць.

Мяркуючы па радках, што адкрываюць кнігу, плыць хутчэй за ўсё давядзецца па зорках, нават па інтуіцыі, таму аўтара, які ўжо на самым пачатку плавання думае пра тое, з чым вернецца, доўга-доўга, да самай Індыі не адпускае родны бераг. На беразе тым аддаляецца, а праз тое пазбаўляецца дробязей, абагульняецца, набывае маштаб усё найістотнае, найкрэўнае, найдарагое – і сярод усяго, знакам пачатку ўсяго "сінее на роднай зямлі васільком на радне" возера Прошча.

Паводле "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы", прошча – месца, надзеленае надзвычайнай сілай, дзе здзяйсняюцца самыя таемныя цуды, наогул адбываецца нешта неверагоднае, магчымае толькі тут і болей нідзе. Апроч таго, як удакладняе "Слоўнік беларускай мовы" І.І. Насовіча, прошча – месца абавязкова асвячонае, з крыжам ці капліцаю пры ім, куды на святы ідуць з царквы хрэсным ходам. "Ідуць к яму, як на прошчу якую", – даецца прыклад ужывання слова ў адным слоўніку, а ў другім прыклад такі: "Гэта не царква, а прошча..."

У паэме, якая зусім не выпадкова дала назву ўсёй кнізе, возера ашчадна зберагае храм са званіцай на самым сваім дне. Уладзімір Някляеў сумяшчае царкву і прошчу, хавае ад бязладдзя і лютасці святое ў святым – і ўжо адным гэтым стварае глыбінны вобраз, шматмерную метафару, ключавую для разумення астатніх паэм. Ключавую, 6о, так ці інакш, дзеі, што адбываюцца і ў "Індыі", і ў "Зоне", і ў "Саракавінах", па сутнасці адбываюцца ў адным месцы – прошчы, зыходзячы з гэтай святыні і вяртаючыся ў яе. Да таго ж, як можна меркаваць, адбываюцца яны хоць і ў розныя гады і вякі, але зноў-такі ў адным часе, агульнымі прыкметамі якога з'яўляюцца адсутнасць гармоніі, страта раўнавагі паміж зямным і нябесным. Не трымаючы гэтага на ўвазе, не адчуваючы дзеі ў адным і тым жа мес-цы і часе, кнігу Уладзіміра Някляева, ягоных "слоў, напісаных на аблачыне", сапраўды не прачытаць. Ва ўсякім разе не прачытаць так і пра тое, як і пра што кніга напісана.

Кніга гэтая наскрозь метафарычная, напоўненая паветрам і снамі, таму што сны – таксама паветра, якім і дыхае метафара. Яна, метафара, як сцвярджае амерыканскі філосаф і логік Д. Дэвінсан, – гэта "Dream work of language", моўная праца ў сне, для паэта няспынная. Сон дапамагае супаставіць, зблізіць пласты рэальнасці, надта аддаленыя наяве. Сведчанні моўных сноў можна знайсці шмат у якіх паэтаў: напрыклад, Пушкін прызнаваўся, што геніяльны верш "Прарок" цалкам яму прысніўся.

Зборнік "Прошча", апроч зместу, уражвае таксама прадуманасцю, стройнасцю кампазіцыйнай пабудовы. Ён складзены з чатырох частак, якія маюць назвы змешчаных у іх паэм, што заключаюць кожную частку, канцэнтруючы ў сабе матывы папярэдніх вершаў. У сваю чаргу кожная з паэм мае некалькі ўзроўняў, пластоў на паверхні і ў глыбіні. Паэма "Прошча" – гэта не толькі рамантычная легенда пра кахан-не, але і намаганне спасцігнуць сутнаснае прадвызначэнне мастацтва, мастака ("Калі ты званар ці калі ты гіаэт, жыві на званіцы"), і спроба прайсці кругавым шляхам гісторыі з яе паўторамі, вірамі, з якіх – жудасны вобраз! – у каторы раз "з крывавым усхліпам калода ўсплыла – і меч на калодзе". Паэма "Зона" з яе атамным богам – гэта той жа кругавы шлях чалавецтва, пыхлівага ў сваіх амбіцыях і прэтэнзіях, якія ў суперніцтве з боскай прыродай нічога чалавеку не далі, апроч той жа калоды з тым жа мячом, толькі страшнейшым у сваёй знішчальнай сіле. "Індыя" – крок на вышыню, рух па вертыкалі – каб сысці з кругавога шляху; гэтая паэма – духоўная прыгода, праз якую ўсведамляюцца найскладаныя субстанцыі быцця, узаемаспляценні веры, творчасці, грахоўнасці, святасці. Калі індыйскі Свамі, манах, якому вядомая горная дарога ў неба, прыводзіць паэта да Марыі, Святой Дзевы, дык унутры ўласнай міфалогіі Уладзіміра Някляева гэта зноў жа "каханне як уратаванне", але ўжо на новым, непараўнальна болын высокім узроўні духоўнасці. I нарэшце ў "Саракавінах", у снах пра вечнае жыццё і пра вечную смерць, ступіўшы на масток з адной рэальнасці ў другую, паэт завяршае кнігу тэмай для яго найзначнай – тэмай чалавечай адзіноты побач з усімі і чалавечай віны перад усім. Герой паэмы няўлоўны, прывідны, ён хаваецца то ў займенніку "я", то ў займенніку "ты", існуе то ў жыцці, то ў смерці ("Калі памёр, скажы, што ты жывы"), але відавочна, што гэта нехта з нас, з тых, хто спавядаецца ў віне, вырываецца з адзіноты і ці бліжняга свайго, ці невядома каго просіць, заклінае:

 
Падай мне голас праз Сусвет пусты.
Галоднаму
гукніся з нематы,
Няхай на мне жабрацкая кароста –
Не падавай мне міласціну, проста
Спытайся, хто я, і скажы, хто ты.
 

Жанр паэмы, бадай, найбольш арганічны для Уладзіміра Някляева, найбольш адпаведны прыродзе ягонага таленту. Гэта тая дыстанцыя, на якой паэт найглыбей дыхае, лепш за ўсё сябе пачувае, і паэмы ягоныя без аніякага перабольшання можна аднесці да найзначных здабыткаў сучаснай літаратуры. Яны ж перш за ўсё дазваляюць вызначыць "Прошчу" як кнігу, што выводзіць нас з шэрагу лінейных будняў, узносіць у тую касмічную прастору духу, дзе паўстаюць апошнія пытанні нашага існавання на гэтым свеце, і не толькі на гэтым...

Узростава паэт належыць да сярэдняга пакалення беларускіх літаратараў, да самага, мажліва, нешматлікага – у ім нестае тых, каму не дазволіла нарадзіцца вайна. Тым не менш менавіта прадстаўнікі сярэдняга пакалення ўсё больш вызначаюць агульны ўзровень сённяшняй беларускай паэзіі, прозы, драматургіі. У гэтым пакаленні Уладзімір Някляеў – адзін з лідэраў, постаць і творчасць якога найболып адметныя.

У сваёй першай кнізе Уладзімір Някляеў выказаўся, што яго прымірыць з жыццём і смерцю, суцешыць надзея калі не праляцець, дык хоць прамільгнуць белым птахам над роднай зямлёю. Ужо сёння можна сцвярджаць: яму ўдалося большае.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю