355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Някляеў » Выбранае » Текст книги (страница 8)
Выбранае
  • Текст добавлен: 28 марта 2017, 00:00

Текст книги "Выбранае"


Автор книги: Уладзімір Някляеў


Жанр:

   

Поэзия


сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 9 страниц)

Сліж падышоў да акна і ўзяўся абедзвюма рукамі за кабуру, у якой аніколі не было ніякай зброі, а ляжалі толькі цыгаркі, запалкі, схаваная ад жонкі заначка паўтара рубля і насатка, каб запалкі і заначка не бразгалі.

– Цю-цю-цю, – захарахорыўся шэф Карунскай вежы, але і ў Сліжа, і ў Сыцюка былі такія твары і гэткім цьмяным бляскам адлівалі вочы, што ў Ромкі раптам ёкнула ў нырках. "Заб'юць, – мільганула думка. – А што?.. Кокнуць удвух і не скажуць, дзе пахавалі".

– Ну, вы... – выціснуў Ромка, стараючыся ўсё ж трымаць марку фірмы, – прыдуркі, я скажу Фрэнку, што ў вас да яго неадкладная размова. А захоча ён прыйсці ці не – гэта ўжо ягоная справа.

– Захоча, – з намёкам кіўнуў галавою Андрон. – Сліж пойдзе з табою.

– Не, гэтага не трэба, – шчоўкнуў пальцамі па кабуры Сліж. – Яно можа за арышт сысці. Прадажная прэса тады такі вэрхал падыме, такога слана пастараецца з мухі раздзьмуць, што... – тут Сліж крыху задумаўся, – што вынікі могуць быць планетарнымі. Ромка сам яго да цябе прывядзе. Прывядзеш? – ласкава запытаўся Сліж у Ромкі.

– Прывяду, калі пойдзе, – паспешліва згадзіўся Ромка і, выскачыўшы з праўлення, спачатку трушком, а пасля спрынтэрскім бегам запыліў па вуліцы, раз-пораз азіраючыся назад, дзе, гледзячы яму ўслед, нерухома стаяў Сліж і цвёрдай рукою трымаўся за пустую кабуру.

Фрэнк Морган пастукаўся ў дзверы Андронавага кабінета з шостым сігналам дакладнага часу. "У Маскве поўдзень, – сказаў па радыё дыктар. – У Тбілісі і Астрахані трынаццаць, Алма-Аце пятнаццаць, Іркуцку семнаццаць, Благавешчанску васемнаццаць, Петрапаўлаўску-Камчацкім – дваццаць адна гадзіна".

"Шн-ро-ка стра-на мо-я род-на-я", – увайшоўшы, праспяваў Фрэнк Морган і працягнуў Андрону руку:

– Ду ю спік інгліш?

– Но, – адказаў Андрон, асіліўшы ў сабе нянавісць да імперыялізму, і паціснуў руку Фрэнку Моргану.

– Шпрэхэн зі дойч? – перапытаў тады Фрэнк.

– Найн, – трохі пачырванеўшы, адмовіўся размаўляць па-нямецку Андрон і з дакорам зірнуў на сваю былую настаўніцу, якая ціха сядзела ў кутку кабінета, склаўшы рукі ча каленях.

– Іа, – шапнула Хрысціна Сымонаўна, не вытрываўшы дакору ў вачах свайго былога вучня, і вінавата апусціла вочы.

– Гут! – энергічна павярнуўся Фрэнк да Хрысціны Сымонаўны. – Вас волен зі?.. Энтшульдзіген зі: воцу браухен зі міх?

– Вір... – устрапянулася была Хрысціна Сымонаўна, але, набраўшы ў грудзі паветра, тут жа безнадзейна яго выпусціла і прамаўчала. Сітуацыя станавілася небяспечнай, бо перавага яўна пераходзіла на бок Фрэнка Моргана, а значыць, на бок імперыялізму.

– Яна твая радня! – раптам злосна выпаліў у вочы Фрэнку Андрон. – Мог бы намагнуцца і па-нашаму са сваякамі пагаварыць, містэр!

Што тут сталася з Фрэнкам Морганам! Ён падскочыў, не, ён узляцеў з крэсла, на якім быў рассеўся без аніякага запрашэння гаспадара, ён кінуўся да Хрысціны Сымонаўны і на рэліктавай беларускай мове з вымаўленнем дыктараў радыё "Свабода" і тых беларусаў, што жывуць на Беласточчыне ў Польшчы, закрычаў:

– Няўжо вы з роду Моргаўкі?! Але хіба не быў я ў Стрыпунах? Хіба мне не сказалі там, што нікога з Моргаўкаў пасля вайны ў жывых не засталося?.. Не, я не веру! Не, я баюся паверыць! Скажыце мне праўду, заклінаю вас усімі святымі!.. Няўжо вы з роду таго самага Кірылы Моргаўкі са Стрыпун, які з'ехаў быў у Амерыку, каб стаць там найпершым і найлепшым амерыканцам з усіх амерыканцаў, якія некалі жылі, жывуць і будуць жыць у Новым свеце? Скажыце мне, што гэта такг, і вы зробіце мяне, Фрэнка Моргана, самым шчаслівым на зямлі чалавекам! Бацькі мае памерлі, жонка кінула мяне і выйшла замуж за прынца ў Саудаўскую Аравію, а дзяцей яна мне не нарадзіла. Мне

беспрытульна ў свеце, я адзінокі ў ім, нібы Юткава вежа, на якую я гатовы залезці і кінуцца ўніз – сторч галавою ад сваёй адзіноты. Вы зратуеце мяне, калі ў вашых жылах цячэ хоць кропля крыві Кірылы Моргаўкі. Ну дык зратуйце мяне альбо даканайце! На ўсё ваша воля, бо вы пасланніца лёсу...

Сказаць па праўдзе, Хрысціна Сымонаўна здорава перапудзілася, слухаючы гэты вулканічны маналог, гледзячы, як Фрэнк Морган заломвае рукі і, хліпаючы носам, выцірае вочы, на якія наплылі сентыментальныя амерыканскія слёзы. Так, яна, вядома, моцна спалохалася, але жаль, звычайны жаночы жаль напоўніў сэрца Хрысціны Сымонаўны, выціснуўшы адтуль былы гнеў і цяперашні страх, і, устаўшы, яна, як дзіця малое, пагладзіла Фрэнка Моргана па галаве – ад макаўкі да патыліцы.

– Так, – сказала яна, – у маіх жылах цячэ кроў Кірылы Моргаўкі са Стрыпун, бо ён быў не кім іншым, як прадзедам маёй маці.

– Божа! – павярнуўшыся да сцяны, на якой вісеў партрэт Мічурына, ускрыкнуў Фрэнк Морган. – Дзякуй табе, што ты пачуў мае малітвы.

– Гэта не Бог, а Мічурын, – спагадліва сказаў Андрон, якому на хвіліну таксама стала чамусьці шкада амерыканскага мільярдэра. – Вядомы рускі вучоны, які займаўся сельскай гаспадаркай. Сорамна не ведаць. А Бога ў нас няма.

– Ну і чорт з ім, што няма, – радасна згадзіўся Фрэнк Морган і абняў Андрона за плечы. – Слухай, Андрон, давай будзем на ты, га? Мы ж з табой амаль што аднагодкі, маладыя яшчэ мужыкі, камар цябе ўбрыкні!

– Давай, – разгублена пацепнуў плячыма Андрон. – Яму было ніякавата, але, што цяпер рабіць, ён не ведаў: як аб'явіць чалавека персонай нон грата, калі той такі радасны?.. Хрысціна Сымонаўна глядзела на іх абодвух і каўнерыкам сукенкі выцірала расчуленыя слёзы:

– Не плач, Хрысця, – зусім па-свойску абняў яе адной рукою Фрэнк, не здымаючы другой рукі са спіны Андрона. – Не плач, родная, залатая мая, бо я таксама заплачу. Скажы мне лепш, што б мне такое зрабіць для Андрона ў падзяку за сённяшні дзень, за нашу з табою сустрэчу?.. Хочаш пагаварыць з прэзідэнтам Злучаных Штатаў? – тузануў ён раптам Андрона. – У мяне з ім зараз якраз прамая сувязь. Хвілін на дваццаць мы, праўда, спазніліся, але нічога, ён пачакае. Ну, хочаш ці не?

– Хацеў бы, – усміхнуўся Андрон, успрыняўшы прапанову Фрэнка, натуральна, як жарт. – Мне ёсць што яму сказаць.

– Ну дык скажы! – узрадаваўся Фрэнк, відавочна задаволены тым, што дагадзіў Андрону.

– Дзе і як? – іранічна глянуў на яго Андрон. – Мне ў Амерыку ехаць часу няма.

– Ды не трэба нікуды ехаць, тут можаш пагаварыць, па сваім тэлефоне, – сказаў Фрэнк, здымаючы з абкалупанага рычажка тэлефонную грубку і набіраючы нумар.

– Ты што, нуль сем набіраеш? – з'едліва спытаўся Андрон.

– Не, – крутнуў галавой Фрэнк, – прамы нумар прэзідэнта. У нас гэта проста, ніякіх праблем.

Фрэнк набраў нумар, пачакаў трохі і працягнуў трубку Андрону:

– На, гавары. Я толькі электроннага перакладчыка падключу, каб вы з прэзідэнтам зразумелі адзін аднаго. – Фрэнк дастаў з кішэні бліскучую трубачку накшталт аўтаручкі з дроцікам і ўтыркнуў канец дроціка ў тэлефонны шнур.

Андрон прыцягнуў трубку да вуха.

– Кабінет прэзідэнта, – пачуўся ў трубцы немалады, але даволі цвёрды голас.

Андрона потам прабіла.

– Ну, адказвай, – падміргнуўшы, бадзёра штурхнуў яго ў бок Фрэнк Морган. – Кажы, што хочаш, я ўсё на сябе бяру. Пра галоўнае пытайся, бо часу ў цябе ўсяго сем мінут.

– Кабінет старшыні калгаса "Каруны" Андрона Сыцюка, – здолеў разняць здранцвелыя губы Андрон. – Як здароўе?

– Нармальна, – уздыхнуў прэзідэнт. – Хоць старасць, як у нас кажуць, не радасць.

– У нас таксама гэтак кажуць, – крыху свабадней сказаў Андрон, узрадаваўшыся, што знайшоў за што зачапіцца.

– Так, у нас шмат агульнага, – згадзіўся прэзідэнт.

– А сям'я як? – спытаўся Андрон.

– Нічога, мае ўсе ў Каліфорніі зараз, – сказаў прэзідэнт. – Там цяплей. А вашы дзе?

– Тут, у Карунах, – адказаў Андрон. – Жонка на ферме, а сын у школе.

– У вас вялікая ферма? – зацікавіўся прэзідэнт.

– Вялікая. I не адна, а цэлых восем, – уздыхнуў Андрон, успомніўшы, што гэтую зіму тугавата будзе з кармамі. – У нас мяса-малочны накірунак.

– Мнагавата работы? – паспачуваў прэзідэнт.

– Хапае, – прызнаўся Андрон. – Рабочых рук не стае. Маладыя хлопцы ў армію ідуць, а назад пасля ў вёску амаль ніхто не вяртаецца.

– Міграцыя, – сказаў прэзідэнт. – Заканамерны працэс.

– Міграцыя! – узлаваўся раптам Андрон. – Каб вы са сваёй праграмай "зорных войнаў" не насіліся, як дурань з торбай, то ніякай бы міграцыі не было. Распусцілі б арміі, і ўсё. Мы тут за мір змагаемся, а вы...

– I мы змагаемся, – нервова перапыніў яго прэзідэнт.

– Чаму ж тады міру няма? – з'едліва спытаўся Андрон.

– Як гэта няма, калі ёсць, – не згадзіўся прэзідэнт.

– Але ж няўстойлівы, на грані катастрофы, – набіраў голас і ўпэўненасць Андрон. – Ваенныя базы па ўсім свеце раскіданы. Лакальныя войны амаль на ўсіх кантынентах ідуць. I любая з іх у любы момант можа перарасці ў сусветную. Хіба не так?

– Так, – вымушаны быў згадзіцца прэзідэнт.

– Што ж рабіць? – з прамым падтэкстам спытаўся Андрон.

– А хрэн яго ведае, – другі раз уздыхнуў прэзідэнт, і па ўздыхах лік стаў адзін – два на карысць Андрона. – Сам пра гэта думаю.

I тут сувязь абарвалася.

– Нармальны мужык, – голасам пераможцы сказаў Андрон, паклаўшы трубку і накрыўшы тэлефон далонню. – Але хай падумае, яму за гэта грошы плацяць.

Тэлефон раптам зазваніў, Андрон падняў трубку.

– Хелло, – пачуў ён той жа голас, але ўжо ў англійскім яго варыянце, бо якраз у гэты момант Фрэнк Морган вырваў дроцік свайго электроннага перакладчыка. – Выбачайце, зусім забыўся пра галоўнае ў вас запытацца.

– Пра што? – нечакана для сябе самога ўсё зразумеў і па-англійску адказаў Андрон.

– Як там Юткава вежа? – спытаў прэзідэнт. – Стаіць, не падае? Да неба колькі засталося?.. I ці не маглі б вы мне па сакрэту сказаць, навошта ўсё-ткі ён яе будуе?..

Андрону аж дух заняло. Ён вылаяўся па-нашаму, чаго прэзідэнт, дзякуй Богу, не зразумеў, і з грукатам кінуў трубку.

3 прэзідэнтамі хутчэй за ўсё мала хто з нас асабіста знаёмы, таму вернемся давайце да Юткі Казубоўскага, дзеля якога і пачалі мы распавядаць усю гэтую фантастычна-дакументальную, але малаверагодную гісторыю. Звесіўшы ногі, сядзіць зараз Ютка на самым версе, на самым крайку сваёй вежы, а над русявай галавою ягонай – так блізка, што можна, здаецца, рукой крануць, – праплываюць нізкія, шэрыя, мокрыя асеннія аблокі. Пара лістапада – сумнаватая пара, і, можа, праз тое на душы ў Юткі няўтульна, дрогка, прыцемна, нібыта ўвайшоў ён пасля доўгай дарогі ў настылую хату і ніяк не знойдзе запалкі, каб распаліць печ. Чаго Ютку сумна, хто яго ведае, хоць ёсць на тое прычыны – і няма прычын, а сумна іншым разам чалавеку і ні з чаго бывае, проста так, з таго, што жыве. "Э, такой бяды, – думае Ютка. – Вось уздыму вежу за аблокі, дык і весялей будзе. Старана наша не надта сонечная, а над аблокамі заўсёды сонца. Кожнаму чалавеку трэба вежу сваю збудаваць, каб да яго падняцца..."

Бюлетэнь Ютку ўрачы закрылі, і зараз яму штодня прыходзіцца ўставаць рана-раненька, бо працуе цяпер Ютка праз сваю хваробу на лёгкай рабоце, паштаром. Кожную раніцу – замест таго, каб падымаць вежу, – даводзіцца яму ехаць у Смаргонь, браць там пошту і, вярнуўшыся, разносіць па дварах газеты, у якіх шмат пра што напісана, але мала што чытаецца, і пісьмы, якіх усе чакаюць, але амаль ніхто іх не піша, нібыта адразу пасля таго, як краіна стала пагалоўна адукаванай, тут жа ўсе і развучыліся пісаць. А якое, вы думаеце, трэба мець сэрца, каб штодня глядзець у вочы Броні Карунскай, якая, як на варце, чакае цябе каля весніц, у якой раскідана па далёкіх гарадах чацвёра сыноў і трое дачок, якіх яна, гаротніца, салдатка, удава, адна падняла, не дала ім ні замерзнуць з холаду, ні памерці з голаду, а яны цяпер – хоць бы адно пісьмо ў год на ўсіх сямёх, хоць бы адну паштоўку... І-эх, Броня, Броня, а ты яшчэ двух парсюкоў гадуеш, карову трымаеш з цялушкаю і прадаеш штогод тых парсюкоў з цялушкамі нарыхтоўшчыкам, а яны ўсё морды перад табою крывяць, каб цябе абдурыць: то вага ім не тая, то тлустасць не гэтакая, а ты, адна вінаватая, маўчыш, ківаеш згодна галавою, разводзіш рукамі – што ж, маўляў, зробіш, хоць бы ўзялі, прынялі, абы самой на кірмаш не цягнуцца, бо дзе той час возьмеш на той кірмаш, калі і парасяткі зноў на табе, і карова, і куры, і свае соткі, і калгаснае поле... А пасля, наслюнявіўшы пальцы, удоўж і ўпоперак пасечаныя лёнам і бульбоўнікам, крапівою ды лебядою, закасцянелыя не столькі ад старасці, колькі ад сцюдзёнай вады ды сырой зямлі, ты пералічваеш старгаваныя грошы і рубель да рубля, капейку да капейчыны складваеш іх у бляшанку з-пад галандскага масла, якое ні з таго ні з сяго прывёз табе некалі ў падарунак наймалодшы сын Павэлак – на, мама, пасмакуй галандскага масла, – а тую бляшанку хаваеш у склепе, у самым дальнім кутку, у ямінцы пад кадушкай з засоленымі гуркамі... I нашто табе, Броня, ламаць хрыбет, для чаго табе тыя грошы, што і калі ты на іх купіш? Нічога і ніколі, проста няма як жыць, не робячы спрадвечнай сялянскай работы, няма як, перад суседзямі сорамна не трымаць парсюкоў, ды курэй, ды карову з цялушкай, калі на тое ёсць яшчэ, здаецца, сілы. А грошы – што ж, яны хіба лішнія, яны ой як могуць спатрэбіцца, бо раптам у каго з дзяцей суд ці няшчасце якое, прыляцяць дахаты, а тут Броня і дастане сваю бляшанку, і спытаецца, колькі там каму даць трэба, ці на суд, ці якому начальніку. Мала ўжо, Броня, работнікаў засталося ў вёсцы такіх, як ты, ці як Хведар Былінскі – вунь ён якраз сунецца з фермы, хаваючыся за кустамі, каб не ўбачыла баба, бо тая адразу дахаты яго пагоніць, а яму хочацца з Юткам пабыць, забрацца на ягоную вежу, сесці, звесіўшы ногі, засмаліць цыгарку і пагаварыць альбо памаўчаць, гледзячы на восеньскую, трохі пуставатую, але ўсё адно найпрыгажэйшую ў свеце, родную вёску... Здароў быў, Хведар, забірайся давай на вежу, пакуль дажджу няма, пасядзім разам, бо нешта

аднаму сёння Ютку сумнавата, хутчэй за ўсё праз сына свайго самотна, бо, здаецца, пакаціўся Ромка каменьчыкам не з той гары і не ў той бок... Э, Ютка, не было б большай бяды, а гэту агораем! Ну падабаецца дзецюку апрануцца хораша, дым пусціць у вочы, дык хіба мы з табою ў свой час пра хромавыя боты з халявамі гармонікам не марылі?.. Не, Хведар, тут не тое, тут з душою нешта: пабыў хлопец два гады ў горадзе – і нібыта яго падмянілі... Э, Ютка, можа, яно і так, але нашто ўсё на горад валіць, нібыта там добрых людзей няма. Хіба ў вёсцы ў нас ніколі зладзеяў ды шэльмаў не было? А Ромка ж твой не злодзей, не шэльма, усяго толькі абэлтус, якому трэба мазгі ўправіць, а ты замест таго вунь на якую работу яго ўладкаваў, дык хто ж вінаваты?..

Так сядзяць яны на вежы, Ютка і Хведар, размаўляюць сабе паціху, і плывуць над імі няспешна нізкія асеннія аблокі, а пад імі ляжаць Каруны, па якіх бяжыць Юткаў сын Ромка і на ўсю вёску крычыць:

– Бацька! Злазь са сваёй вежы, чаго ты там рассеўся? Фрэнк Морган цябе на вячэру кліча, каб у Амерыку запрасіць!

– Пойдзеш? – спытаўся Хведар.

– Што я там не бачыў, у Амерыцы ягонай, – прабурчэў Ютка, тужліва гледзячы на Ромку. – Але павячэраць давай сходзім, бо мне абрыдла штодня адну зацірку хлябаць.

– Дык мяне ж ніхто не запрашаў, – сумеўся Хведар.

– Я цябе запрашаю, – сказаў Ютка. – Папалам з'ядзім, што дадуць.

Яны злезлі з вежы, Ютка зайшоў дахаты, пераапрануўся ў святочнае, даў і Хведару чыстую кашулю і порткі, бо той асцерагаўся да сябе ісці, баючыся, што баба ўпрэцца і, чаго добрага, з дому не выпусціць, а Ромка ўсё круціўся вакол бацькі і лісліва зазіраў яму ў вочы, нават адарваны гузік на зялёным Юткавым фрэнчы прышыў – так хацелася Ромку ў Амерыку.

– Не круціся, як г.... ў віры, – асадзіў яго Ютка. – Я калі і паеду, дык цябе не вазьму.

– Як гзта не возьмеш, – адгрызаючы нітку, ледзь не праглынуў яе разам з іголкаю Ромка. – Ты ж мне бацька! Я крэўны твой, адзіны сын! Ты не маеш права!

– Я на ўсё маю права, – адрэзаў Ютка. – Чыя вежа: мая ці твая? Ты хоць адзін каменьчык наверх падняў?.. Ён во падняў, – паказаў Ютка на Хведара. – Ён і паедзе.

– Нікуды я не паеду, – адразу ж не згадзіўся Хведар, стараючыся як мага ніжэй спусціць у поясе Юткавы порткі, якія былі яму караткаватыя. – Мне Рыжулю ў рэкардысткі сёлета выводзіць, на рубеж пяці тысяч літраў. Апошні квартал застаецца, зімні, самы адказны, а я ў Амерыку падамся. Як я пасля Рыжулі ў вочы гляну? Што ёй скажу?

– А ты з ёю едзь, – раптам разважліва сказаў Ромка, у якім, трэба прызнацца, шмат чаго і добрага было, у тым ліку і прастадушнасць, і вясёлы нораў, толькі ўсё гэта не атрымала свайго развіцця, знаходзілася ў першабытным стане, а вось усё астатняе, што не вельмі падабалася бацьку, цудоўна развілося і мела зусім сталы выгляд абэлтуса і дармаеда. – Сваё малако мець будзеш, менш на яду патрацішся, новыя порткі купіш.

– Малайчына, – пахваліў яго Хведар, азіраючы сябе ў люстэрку. – Я ж табе казаў, Ютка, што ён яшчэ не зусім кончаны чалавек... А ў портках тваіх мне на вуліцу выходзіць нельга. Я ўсё-ткі даяр, кавалер ордэна "Знак Пашаны", а не Карлсан, што жыве на даху. Так што ідзіце без мяне.

– Тады і я не пайду, – заявіў Ютка. – Заціркай павячэраем.

Ромка падняўся, сцягнуў з сябе джынсы фірмы "Levis", зняў кашулю той жа фірмы і, ні слова не кажучы, працягнуў сваю апратку Хведару.

– А ты? – прымяраючы джынсы, спакойна, нібыта нічога іншага ад Ромкі і не чакаў, быццам той і насіў порткі толькі для таго, каб аддаць іх суседу, а самому застацца голым, спытаўся Хведар, якому фірмовыя джынсы з кашуляй не толькі спадабаліся, але і прыйшліся самы раз, бо Ромка вылузаўся куды вышэйшы за бацьку, які амаль што ўсё жыццё, сам таго не ведаючы, быў вегетарыянцам, еў адно раслінную ежу, бульбу ды яшчэ зацірку, а праз тое не дабраў вітамінаў.

– А я не даяр і не кавалер "Знака Пашаны", я і ў тваім халаце магу лайсці, – сказаў Ромка, выцягваючы з-пад ложка куфэрак і дастаючы адтуль вельветавыя штаны і велюравую кашулю, новенькія, у цэлафанавых мяшэчках. Ён напяў на сябе вельвет, накінуў велюр, адарваў ад адзежы стракатыя этыкеткі і ўручыў іх Ютку з Хведарам, кожнаму па адной.

– Наце, трымайце пропускі на вячэру. Я вам не паеду ў Амерыку, карчы старыя!

– От жа шчанюк, – сплюнуў Ютка. – Пашкадаваў-такі новае.

– Ведаеш што, Ютка, – задумліва сказаў Хведар, круцячы ў пальцах этыкетку ад велюравай кашулі, – усё ў свеце можа стацца. Мажліва, ты нават вежу сваю да неба дабудуеш, але халат мой даярскі падшыванец гэты аніколі ўжо не апране. Надта ты ўжо шчасця для яго хацеў, перастараўся...

– Амэн, – паставіў кропку Ромка і зарагатаў.

Фрэнк Морган сустракаў гасцей каля ўвахода ў гасцініцу, стоячы ў абдымку з Андронам Сыцюком. Ютку спачатку гэта не дужа спадабалася, але пасля ён падумаў, што, можа, яцо і на лепшае: Андрон цяпер хоць да вежы ягонай чапляцца не будзе, у чым, як паказалі далейшыя падзеі, Ютка здорава памыляўся.

На вячэру апроч Андррна, Ромкі, Юткі і прыведзенага ім Хведара былі запрошаны таксама дырэктар школы Ігнат Валошка, галоўны ветэрынар Васіль Блізнюк, аптэкар Саламон Цукерман, аграном Станіслаў Стапуль і ўчастковы міліцыянер Кузьма Сліж, які знаходзіўся тут як бы ў двух іпастасях: і ў гасцях, і пры службовым выкананні, а таму зорка і напружана пазіраў на гасцей, на ўсіх разам і на кожнага паасобку.

Усе названыя асобы, у тым ліку і Андрон, як ён ні тыкаўся і ні братаўся з Фрэнкам, – лічыліся гасцямі з боку Хрысціны Сымонаўны, гаспадыні вечара, якая, як і належыць жанчыне, завіхалася недзе разам з поварамі на рэстараннай кухні, хоць Фрэнк усяляк яе ад гэтага адгаворваў. 3 боку самога Фрэнка Моргана гасцямі на вячэры былі:

генерал-пракурор Самшытавых астравоў;

намеснік міністра замежных спраў Францыі;

ваенны аташэ невядома скуль;

былы чэмпіён свету па шахматах Бобі Фішэр;

камандуючы Шостым амерыканскім флотам;

міністр сельскай гаспадаркі Ізраіля;

дацкі прынц, пляменнік каралевы Англіі;

не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера Анасіса;

і, нарэшце, магістр нейкай тайнай італьянскай масонскай ложы з Сіцыліі, а з ім ягоная сакратарка з такімі нагамі і грудзьмі, што Ромка, як толькі яе ўбачыў, адразу прарос коранем у спякотную сіцылійскую зямлю – і ўсім стала ясна, што ніхто цяпер яго з той зямлі не вырве, акрамя хіба што Кузьмы Сліжа.

Фрэнк Морган прадставіў гасцей са свайго боку гасцям з боку Хрысціны Сымонаўны, раздаў і тым і другім слухаўкі электроннага перакладчыка – і ўся кампанія, начапіўшы слухаўкі на вушы, дружна рушыла ў банкетную залу.

Тое, што адкрылася вачам у банкетнай зале, прыемна ўразіла як гасцей з боку Хрысціны Сымонаўны, так і гасцей з боку Фрэнка Моргана, прычым невядома, каго больш. Калі сказаць, што сталы ламаліся ад яды, то гэта значыць не сказаць амаль нічога, бо сталы стагналі, знемагалі ад пітва і закусак. Чаго тут толькі не стаяла – і, галоўнае, было абсалютна незразумела, скуль яно ўсё ўзялося. Ну, дапусцім, свежых, вяндлёных вугроў і вугроў ва ўласным саку з Нарачы можна было прывезці. Ну, дапусцім, зубраціна, ласяціна і кабаніна водзяцца ў нас у Белавежскай пушчы. Ну, дапусцім, заліўныя язычкі, ялавічыну, цяляцінку, свінінку, кожная лустачка якіх свяцілася ружовай свежасцю, з Маладзечанскага мясакамбіната можна было даставіць. Ну, дапусцім, чырвоныя горы памідораў, зялёныя піраміды гуркоў, сінія стагі баклажанаў можна было набраць з мінскіх цяпліц. Дапусцім, нарэшце, недзе ёсць у нас на Беларусі, у самай глыбінцы, раёны, дзе можна было знайсці чырвоную і чорную ікру, ракаў і лангустаў, сёмгу і вустрыц, артышокі з труфелямі, не кажучы пра гусей з качкамі, курапатак з фазанамі і іншую дробную птушку. Але скуль узяліся сапраўдныя бананавыя і какосавыя пальмы, што стаялі па вуглах банкетнай залы і на якіх віселі сапраўдныя какосы і бананы? Скуль выраслі каля сцен цытрусавыя – апельсіны і персікі, мандарыны і айва, абрыкосы і інжыр, галіны якіх прагіналіся ад спелых пладоў? Як прыжылася тут цеплалюбівая вінаградная лаза, што вілася па столі банкетнай залы, скуль звісалі агромністыя, як крышталёвыя люстры, гронкі залацістага вінаграду?.. А да ўсяго гэтага з усіх бакоў зайграла раптам музыка, успыхнулі рознакаляровыя ліхтары і сафіты, усё наўкола замігцела, заззяла, заіскрылася – і ў залу ўвайшла Хрысціна Сымонаўна з пляшкаю самагонкі ў руках, а за ёю роўным строем крочылі шасцёра повараў, першы з якіх нёс саган толькі што зваранай, дурманна пасыпанай кропам бульбы, другі – цалкам засмажанае парася з моркаўкай замест хвосціка і часначынамі замест вочак, трэці – бабку са скваркамі, затушаную ў тоўстых свіных кішках, чацвёрты – кадушку квашанай капусты, пяты – выварку салёных рыжыкаў і груздоў і апошні – місу халадцу з хрэнам. Калі і гэта ўсё ўмясцілі на сталы, то нават міністр сельскай гаспадаркі Ізраіля, які шмат чаго ў сваім жыцці пабачыў, вымушаны быў падысці да Андрона Сыцюка, паціснуць яму руку і сказаць:

– Не слаба жывеш. Відаць, калгасная форма гаспадаркі ўсё-ткі даволі перспектыўная. Толькі чаму на сталах няма яйкаў і малочных прадуктаў?

– А мы не дыетчыкі, – нахабна адказаў Андрон. – У нас шлункі не баляць, ядзім, што ёсць, не перабіраючы.

Распавядаць вам, як яно ўсё елася і пілося, у летапісца гэтых абсалютна праўдзівых падзей нямашака ніякіх сіл і мажлівасцей, бо летапісец ніколі не быў гурманам і, па праўдзе сказаць, не ведае нават, як і з чым ядуць лангусты і вустрыцы, а калі вяндлёных вугроў яму аднойчы і ўдалося пасмакаваць, дык жывых какосаў на пальмах ён і ў вочы не бачыў. Аднак паколькі вячэра мела не толькі гастранамічны, але і сацыяльны, а таксама палітычны аспекты, то апусціць іх, пакінуць у небыцці летапісец проста нё мае права, бо адчувае, што гэтага яму не даруе гісторыя, на якую, дарэчы, летапісец вельмі разлічвае.

Дык вось, Фрэнк Морган, гаспадар вячэры, падняў першы тост, а сказаў наступнае:

– Паважаны пан старшыня (тут Фрэнк Морган злёгку кіўнуўся ў бок Андрона Сыцюка), паважаныя пані і панове, лэдзі і джэнтльмены, землякі! Я рады вітаць вас на гэтай сціплай урачыстасці, якую мы з Хрысцінай Сымонаўнай, маёй шчасліва знойдзенай сястрой, наладзілі ў гонар крэўнай еднасці паміж людзьмі самых розных рас і рэлігій, паміж усімі краінамі і народамі. Мне хацелася б верыць, што гэтыя мае словы не застануцца проста гучнай дэкларацыяй, а з сённяшняга дня пачнуць увасабляцца на справе, бо што, як ні справа, будаўніцтва Карунскай вежы да неба, аб'яднала нас і сабрала ўсіх разам. Таму я прапаную пасля вячэры, як толькі развіднее, пайсці да вежы, дзе кожны з нас пакладзе свой камень у будаўніцтва шчаслівай будучыні, каб даказаць, што трагедыі вежы Вавілона не наканавана вечна вісець над намі вогненным мячом боскага праклёну, што мы можам і павінны знайсці агульначалавечую мову для ўзаемапавагі, любові і ўсяго астатняга. Я мяркую, што ў эпоху электронных перакладчыкаў не мае асаблівага значэння выбар агульначалавечай мовы, англійскай яна будзе ці рускай, іспанскай ці кітайскай, абы яна была мовай міру. Такою моваю, дарэчы, па праву магла б стаць мова нашчадкаў самых міралюбівых плямён – крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, у могільніках якіх ніколі не знаходзілі пры раскопках аніякай зброі. Сімвалічна, што сёння гэта мова зямлі, на якой усё вышэй падымаецца, як наша надзея, вежа да неба... Ваша здароўе, пан старшыня, ваша здароўе, пані і панове, ваша здароўе, лэдзі, джэнтльмены, ваша здароўе, землякі! – I з гэтымі словамі Фрэнк Морган па-маладзецку, па-нашаму кульнуў першую чарку самагонкі, закусіўшы яе салёным груздом і лыжкай квашанай капусты.

Хораша Фрэнк сказаў – добра яму за гэта і пайшло. I давайце парадуемся, што не было ў той час на той вячэры ні нацыяналістаў, якія б маглі скарыстаць планетарнае мысленне Фрэнка ў сваіх рэгіянальных мэтах, ні шавіністаў, якія ад такой прамовы амерыканскага мільярдэра маглі б падавіцца мяккім бананам.

Пасля некалькіх прамежкавых тостаў нязначных асоб, адна з якіх доўга і нудна пераказвала змест маніфеста Б. Расела і А. Эйнштэйна: "Памятайце пра тое, што вы належыце да роду чалавечага, і забудзьцеся пра ўсё астатняе", адказнае слова ўзяў Андрон Сыцюк.

– Сёння якраз я меў гутарку з прэзідэнтам Злучаных Штатаў, – пачаў Андрон, строга гледзячы прама ў вочы камандуючаму Шостым амерыканскім флотам, – і ён мне абяцаў падумаць над тым, як скараціць колькасць ваенных баз. як пакласці канец так званым лакальным войнам, як прадухіліць мажлівую сусветную катастрофу, а таксама над іншымі, пастаўленымі мной, пытаннямі стратэгічнага значэння. Так што калі весці разумную палітыку, то ўсё ў свеце можна наладзіць найлепшым чынам, таму я цалкам згодны з першай паловай выступлення паважанага містэра Моргана. Аднак, што да другой паловы ягонага выступлення, – тут Андрон перастаў нарэшце свідраваць позіркам камандуючага Шостым амерыканскім флотам і перавёў вочы на генерал-пракурора Самшытавых астравоў, які залез у гэты час на какосавую пальму, сарваў какос і цэліўся ім у галаву дацкага прынца, пляменніка каралевы Англіі, – а канкрэтна, што да Юткавай вежы, – прадаўжаў Андрон, думаючы пра тое, пападзе генерал-пракурор у макаўку дацкага прынца ці прамахнецца, а калі пападзе, то што расколецца, гарэх ці галава, – дык тут я катэгарычна супраць. Ютка Казубоўскі – авантурыст, акцыя ягоная – звычайная пагоня за сенсацыяй і наогул шкодная справа, якая спарадзіла нездаровы ажыятаж, няправільнуй фінансава-гаспадарчую і палітычную арыентацыю, што адцягвае найлепшыя сілы нашага калгаса, раёна, рэспублікі і ўсяго чалавецтва ад стварэння сапраўдных матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Хіба нам няма чым ганарыцца, акрамя ягонай вежы? – знайшоўшы вачыма ў дальнім кутку зялёны фрэнч Юткі Казубоўскага, які піў якраз на брудэршафт з магістрам тайнай італьянскай масонскай ложы, – выгукнуў з пафасам Андрон Сыцюк. – Хіба ў нас няма чаго паказаць дарагім гасцям, акрамя гэтай груды ледавіковага камення!

– Няма, – спакойна адказаў Ютка на Андронаў выпад, а магістру паківаў пальцам: "Няма... I ты ў мяне не пытайся..."

Акурат у гэты момант генерал-пракурор Самшытавых астравоў шпурнуў-такі свой гарэх, але прамахнуўся – і какосавае ядро, прасвістаўшы над плячом дацкага прынца, чмякнулася ў місу з разлезлым халадцом, над якім, прыцмокваючы, завіхаліся лыжкамі ваенны аташэ невядома скуль, міністр сельскай гаспадаркі Ізраіля і не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера Анасіса. Тое, што адбылося, калі халадзец вылецеў з місы, нават для мужчын было непрыемна, а для жанчыны, на якой адной плаціны ды каштоўных камянёў на добрых чатырыста тысяч долараў, – можаце сабе ўявіць! Не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера падняла страшэнны вэрхал! Яна крычала, што жыхарам Самшытавых астравоў разам з іх генерал-пракурорам яшчэ тры стагоддзі на пальмах сядзець трэба, а не ў Еўропу сунуцца, каб на халяву жлукціць тут самагонку з цывілізаванымі людзьмі. Пасля яна такое панесла, з такімі слоўцамі, што нават электронны перакладчык анямеў, а калі апрытомнеў, паўтараў толькі: "Ідыёма, перакладу не падлягае... Ідыёма, не перакладаецца..." – і нарэшце вымушаны быў сарамліва папрасіць прабачэння за сваю недасведчанасць у тонкасцях грэчаскай мовы. Аднак дзіўная рэч: тое, што не зразумеў электронны перакладчык, цудоўна зразумелі і Хведар, і Ютка, і Андрон, і Ромка, і аптэкар Саламон Цукерман, карацей, усе, хто ведаў па-нашаму, і кожны з іх паасобку адчуў гонар за моц і сілу роднага слова, падзівіўся глыбіні ягонага пранікнення ў іншаземныя моўныя пласты. Адзін толькі ўчастковы Кузьма Сліж гэтаму не здзівіўся і не адчуў аніякага гонару, бо не трываў хуліганства ні ў слове, ні ў дзеянні, веў з ім духоўную барацьбу, а таму зараз прыкідваў: ці не пасадзіць яму грэчаскую бабу сутак на пяць у каталажку? Баючыся ўзяць на сябе непамерную міжнародную адказнасць, Кузьма выказаў свае меркаванні ваеннаму аташэ невядома скуль, бо той, па-першае, быў пры місе з халадцом, а па-другое – пры форме, якая скрозь і заўсёды ўвасабляла дысцыпліну і парадак. Але ваенны аташэ, акуратна скідваючы з эпалетаў цялячыя і свіныя костачкі, Кузьму не падтрымаў, адхіліў ягоную прапанову рэзка і нечакана:

– Не, хай тут сядзіць, баб і так мала. Як у вас, дарэчы, з публічнымі дамамі?

Наогул гэты ваенны аташэ невядома скуль аказаўся проста паталагічным бабнікам. Спачатку, паабтрусіўшыся сам і дапамогшы ачысціць ад халадцу плаціну і камяні грэчаскай не то ўдавы, не то дачкі, ён пачаў прыставаць да яе, але тая шчыра ўпадабала здаровага, пад два метры ростам, ветэрынара Васіля Блізнюка і ўсім сваім выглядам давала зразумець, што яе сексуальныя інтарэсы знаходзяцца ў даны момант на славянскай тэрыторыі. Тады ваенны аташэ пачаў чапляцца да Хрысціны Сымонаўны, ні разу не прамінаючы пацалаваць ёй руку, калі гаспадыня вячэры абыходзіла залу, падліваючы гасцям упадабаную імі карунскую гарэлку ўсё з адной і той жа паўлітэркі, якая, нібыта ў чароўных казках пра джынаў, сама па сабе зноў рабілася поўнай.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю