Текст книги "Выбранае"
Автор книги: Уладзімір Някляеў
Жанр:
Поэзия
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 9 страниц)
Вежа
Фантастычна-дакументальная прыпавесць
Дваццаць восьмага ліпеня, у аўторак, Ютка Казубоўскі прачнуўся, як заўсёды, рана, памыўся, паснедаў на скорую руку і рушыў будаваць вежу да неба.
На гліністым пагорку ў канцы сотак мелася ў Юткі круглая, глыбокая яма, дзе на зіму буртавалася бульба. На дне гэтай ямы і заклаў Ютка першы камень у падмурак сваёй вежы.
Некаму можа падацца дзіўнаватым, што чалавек у наш час, на скорую руку паснедаўшы, без дай прычыны бярэцца за работу, у якой не было ў людзей аніякай патрэбы з пары Вавілона. Некаму, але не жыхарам Карун, дзе яшчэ зусім нядаўна, у мінулым стагоддзі, капаўся калодзеж скрозь усю зямлю, каб можна было ў яго скочыць і глянуць, што ж робіцца там, на другім канцы свету. Таму, калі Хведар Былінскі, сусед Юткі Казубоўскага, крочыў паўз Юткавы соткі на ферму і спытаўся ў Юткі, што гэта ён тут робіць, дык зусім не здзівіўся Юткавым намерам, а сказаў толькі:
– А... Ну, памагай Бог, – і пашыбаваў сабе далей.
– Казаў Бог, каб ты памог, – буркнуў яму ўслед Ютка, бо каціў вельмі ўжо вялікі камень, аднаму не пад сілу. Тады Хведар вярнуўся – і ўдвух яны скінулі камень у яміну.
– А дзе ты цяпер бульбу буртаваць будзеш? – спытаўся Хведар.
– Ат, – махнуў рукою Ютка, – колькі той бульбы. А работы з ёй – лепей у горадзе купіць.
– I то праўда, – згадзіўся Хведар. – Ты вялікае каменне адзін не цягай. Памагу, як з работы пайду.
На суботу, першага жніўня, падмурак быў закладзены, стаяў трывала, надзейна, хіба толькі землятрус яго мог скрануць. Дый то гледзячы які, бо яміна глыбінёю каля дзесятка метраў, выкапаная ў чырвонай ганчарнай гліне, з якой спрадвеку рабіліся ў Карунах звонкія, як гарэхі, гаршкі, – замураваная ледавіковымі валунамі такая яміна – гэта вам не жарты. А каб не чапляліся да Юткі, што ды чаго, чаму ды навошта, укапаў ён каля падмурка драўляны слупок, у макаўку якога ўвагнаў бляшаную шыльдачку, з аднаго боку якой былі выбіты аўтамабільныя нумары 17-39 ТРМ ПРИЦЕП, а з другога акуратна напісана, кожнае слова асобным колерам: будуецца вежа да неба.
– Гэта ты правільна прыдумаў, – сказаў Хведар, ідучы ў нядзелю на ферму. – Бо могуць не зразумець. Неяк паболела на свеце абсалютна дурнога народу. Як у пару пана Цырлюкевіча.
Пан Цырлюкевіч быў тым панам, які ў XIX стагоддзі меў у Карунах глобус, і, калі карунцы пачалі капаць калодзеж скрозь усю Зямлю, пан Цырлюкевіч праткнуў свой глобус сталёваю спіцай з боку Карун – і аказалася, што другі канец спіцы вытыркнуўся ў Ціхім акіяне. Праз тое пан Цырлюкевіч пачаў даводзіць, што калі нават карунцы пракапаюць калодзеж, то ўсё адно выйсці з яго на той канец свету не змогуць. Болыы таго: вада хлыне ў дзірку і затопіць не толькі Каруны, але і шмат якія іншыя вёскі і хутары, што ляжаць паблізу. Паколькі пана Цырлюкевіча ніхто ў Карунах слухаць не схацеў, ён паведаміў пра тое ўраду, націскаючы ў сваім допісе на слова "дыверсія", пасля чаго ў Каруны прыехала аж чацвёра дактароў: трое ў хуткім часе з'ехалі, а адзін застаўся назаўсёды, ажаніўшыся з Зоськай Каняўка і заснаваўшы такім чынам у Карунах доктарскую дынастыю.
Пан Цырлюкевіч, зразумеўшы, што ўрад палічыў яго вар'ятам, пачаў будаваць на Літвінавай гары акіянскі трохпалубны карабель, каб у час патопу зратаваць сябе, племяннога жарабца Ахіла, тузін галоў дробных хатніх жывёлін, а таксама тых карунцаў, якія, на думку пана Цырлюкевіча, мелі вартасць і значэнне для далейшага развіцця чалавечай цывілізацыі. У карунскага папа захаваўся спіс людзей, якіх пан Цырлюкевіч збіраўся ўзяць на борт свайго карабля, і ў гэтым спісе хай сабе не на першым месцы, але ўсё ж значыліся прапрадзед Юткі Казубоўскага і прабабка Хведара Былінскага.
Карабель, на жаль, застаўся недабудаваны – і на тое былі дзве прычыны. Па-першае, ніхто ў Карунах толкам не ведаў, як будуюцца акіянскія караблі. Па– другое, пан Цырлюкевіч аднойчы ўзяў і зразумеў, што ў такую дзірку, як калодзеж, вада не хлыне патопам, а пацячэ звычайнай ракой, і што з гэтага, калі рака акажацца рыбнай, для карунцаў можа быць нават немалая карысць. Пан Цырлюкевіч зразумеў тое, калі ўжо ставіліся мачты, калі мала што заставалася, каб карабель давесці да ладу, але падумайце: навошта акіянскі карабель там, дзе можна разлічваць толькі на больш-менш прыстойную рэчку? Пан Цырлюкевіч падумаў і ўцяміў, што гэта бязглуздзіца. Так той карабель і застаўся недабудаваны, стаіць без мачтаў на Літвінавай гары, на самым высокім месцы якраз пры выездзе з Карун. Дарэчы, ён саслужыў аднойчы карунцам зусім нядрэнную службу, але пра гэта не зараз, не тут, а як-небудзь іншым разам і іншым часам.
Дзень за днём Юткава вежа паціху, але няўмольна падымалася да неба. Слых пра незвычайную будоўлю ў Карунах хутка абляцеў раён, вобласць, рэспубліку – і вырваўся за межы краіны. У канцы лета, трыццатага жніўня, у чацвер, каля дзесяці гадзін раніцы ў Каруны завітала першая замежная дэлегацыя: група прафсаюзных дзеячаў з Берага Слановай Косці.
Прафсаюзныя дзеячы з Берага Слановай Косці аказаліся перадавымі, таму каля вежы, якая была ўжо на пядзі чатыры вышэй за Юткаву галаву, адбыўся мітынг. Ютка не разумеў, пра што гаварылася на мітынгу, бо выступалі на ім выключна замежныя госці і гаварылі, мусібыць, не па-нашаму, але, калі адчуваў, што нехта з гасцей звяртаецца менавіта да яго, згодна ківаў галавой, а ў канцы выступлення кожнага з прамоўцаў разам з усімі пляскаў у далоні. Пасля мітынгу госці па чарзе паабдымалі Ютку, абцалавалі, пасля селі ў чырвоны "Ікарус" і, калі той крануўся, памахалі з вокнаў хто насаткай, хто цэлафанавым мяшэчкам. Раптам аўтобус спыніўся, дзверы зноў расчыніліся, і на зямлю скочыў даўгашыі хлапчына ў белай кашулі і белых портках.
– Слухай, мужык, – ціха спытаўся ён, падышоўшы да Юткі, – а нашто табе гэта трэба?
– Што? – перапытаў Ютка.
– Ну, гэта во, – хлапчына галавой кіўнуў на вежу.
– Не скажу, – адказаў Ютка. – Трэба, і ўсё. Хлапчына пацепнуў плячыма, сеў у аўтобус, дэлегацыя з Берага Слановай Косці яшчэ раз памахала насаткамі і мяшэчкамі і хутка назаўсёды знікла за Літвінавай гарой з акіянскім караблём пана Цырлюкевіча.
Увечары таго ж дня да Юткі завітаў старшыня калгаса Андрон Сыцюк, зусім малады яшчэ дзяцюк, але ўжо даволі нервовы, стомлены на кіруючай рабоце.
– Ты во што, Казубоўскі, – глынуўшы вады прама з вядра каля парога, не павітаўшыся, сказаў Андрон. – Балаган свой гэты канчай. У мяне жніво, я на паперы амаль усё скасіў, а ў полі яшчэ палова. Прыпрэцца з іншаземцамі начальства якое-небудзь тваю вежу глядзець, а ўбачыць жыта пераспелае. Што тады будзе, як ты думаеш?
– Скінуць цябе па цяперашнім часе, – выказаў меркаванне Ютка.
– Правільна, – згадзіўся Андрон. – А я не на тое пуп рву, каб мяне скінулі. Зразумеў?
– Зразумеў, – адказаў Ютка. – У мяне вежа будзе гатовай толькі тады, калі ўпрэцца ў неба. А раней пра тое, што яна гатовая, я крычаць не стану.
– Та-ак, – працягнуў Андрон, выціраючы рукою рот. – Заўтра я прышлю два бульдозеры, каб тваю вежу на пыл размалолі.
– Давай прысылай, – усміхнуўся Ютка, уявіўшы, як дарэмна будуць ірваць бульдозеры сваё сталёвае нутро. – А я на цябе ў суд падам.
– За што? – зноў узяўся за вядро з вадою Андрон.
– Мне ўрачы горны клімат рэкамендуюць. А ты мне пуцёўку ў санаторый даў?.. Не даў. Дык я вежу збудую, лягу там на самым версе і буду дыхаць горным паветрам.
Андрон паставіў вядро на лаву.
– Ты ў дурня са мной не гуляй. Хворы знайшоўся. На камбайн сесці – ён хворы, а камяні цягаць – не хворы. Я праверу яшчэ, хто там табе і што за бюлетэнь на тры месяцы выпісаў. Пабачым тады, хто з нас суда забаіцца.
– Правярай, – не стаў пярэчыць Ютка. – Толькі што ты рабіць будзеш, як правяраць возьмешся, а я тым часам вазьму ды памру? Тады ўжо табе старшынёй не ўтрымацца. Бо калі даруюць табе і жыта недажатае, і бульбу недакапаную, і капусту памерзлую, то мёртвага Ютку Казубоўскага ніхто табе не даруе. Ніхто і ніколі. Амінь.
Андрон, хоць і нервовы, але ўсё ж малады і здаровы, ніяк не гатовы быў да гаворкі пра смерць, а таму адчуў сябе ніякавата.
– Ну чаго ты гэта паміраць надумаў? – палагаднеў ён голасам і нават зрабіў такі жэст, нібы збіраўся пагладзіць Ютку. – Хіба табе жыць абрыдла?
– Абрыдне з такімі ёлупамі, як ты! – адразу адчуў Андронаву слабінку Ютка. – Выгады сваёй не разумееш! Ну што табе з таго, што, болей намалоціш і болей здасі? Нехта яшчэ больш намалоціць. А вежа да неба ў цябе будзе адна. На ўсёй зямлі адна – і ў тваім калгасе. Дапяў?
– Не. На які чорт мне твая вежа?
– Начорта яму вежа! – ускінуўся Ютка. – Ды каб ты сёння не ганяў па палях, не глытаў пыл, а быў каля вежы, ты б ужо рукаўся з прафсаюзнымі дзеячамі Берага Слановай Косці! А заўтра, як роўны, будзеш здароўкацца з палітычнымі лідэрамі, тэрарыстамі, эстраднымі спевакамі. А пазаўтра – з прэзідэнтамі, каралямі, арабскімі шэйхамі... Ну, дайшло?
– Я рукаўся аднойчы з намеснікам міністра фінансаў, – падумаўшы, сказаў Андрон. – Гэта мне нічога не дало.
– Яно і відно, – з жалем уздыхнуў Ютка.
– Чаго ты ўздыхаеш? – асцярожна перапытаў Андрон.
– Нічога. На клуб новы як не было грошай, так і няма. Стары вунь і той неадрамантаваны стаіць.
– Дык ты і пабудуй новы клуб замест сваёй вежы, – знайшоўся Андрон. – Работы меней, а толку намнога болей. I не для цябе аднаго, а для ўсіх. Для сына твай– го ж. Скончыць ён свой інстытут культуры, а тут якраз і клуб гатовы, калі ласка, ідзі загадчыкам. А так што яму ў нас рабіць?
– Ён загадчыкам вежы будзе, калі ты не хочаш, – раззлавана сказаў Ютка. – I адчапіся ты ад мяне. Ведаў я, Андрон, дзеда твайго, ведаў бацьку, абодва яны нашы былі, карунскія, а ты – як у Стрыпунах нарадзіўся.
Гэта была абраза. Стрыпуны – вёска праз лес ад Карун, у якой спрадвеку з'яўляліся на свет самыя знакамітыя ў тутэйшых мясцінах ёлупні. Дастаткова сказаць, што ў той час, калі карунцы капалі калодзеж скрозь усю Зямлю, а пан Цырлюкевіч запалохваў усіх сусветным патопам, адзін са стрыпунскіх гаспадароў, Кірыла Моргаўка, прадаў сваю хату, збыў спадчынную сялібу і паехаў у Амерыку, каб танна, а калі пашанцуе, дык і на дармавіну хапануць сотню-другую валокаў зямлі на дне Ціхага акіяна, пакуль там ніхто не ведаў, што водам ягоным зусім нядоўга засталося набягаць хвалямі на берагі штатаў Арэгон і Каліфорнія. Дармавых зямель на акіянскім дне Моргаўка не дачакаўся, але ж нездарма ў народзе славутая прымаўка жыве – дурням і праўда шанцуе: на кавалку камяністай пустэчы, купленай Кірылам за ўсе ягоныя грошы, у тым месцы, дзе пачаў ён бурыць артэзіянскую шчыліну, ірванулася з нетраў зямных не вада, а нафта – і Моргаўка стаў мільярдэрам. Змяніўшы ў сваім прозвішчы канчатак, ён зрабіўся стопрацэнтным амерыканцам, нафтавым магнатам, заснавальнікам магутнага клана Морганаў.
Да гэтага трэба дадаць, што Ютка Казубоўскі сапраўды быў хворы, на сорак сёмым годзе жыцця невядома з чаго пачала яго біць дыхавіца, а Андрон Сыцюк, хоць і нарадзіўся ў Карунах, з дзяцінства не разумеў жартаў. Бразнуўшы дзвярыма так, што вада ў вядры боўтнулася, старшыня выйшаў з Юткавай хаты.
Плюнуўшы на Юткаў падворак, Андрон завёў матацыкл, выкаціўся на вуліцу і ўбачыў свайго сына Цімку, які сядзеў на валуне каля рэчкі і ў прыцемках чытаў газету. Андрон пад'ехаў да рэчкі, злез з матацыкла і пагладзіў сына па галаве.
– Тата, – сказаў Цімка, – глянь, што ў газеце напісана.
У газеце – і не ў якой-небудзь мясцовай, а ў рэспубліканскай, што друкавалася ў Мінску, – Андрон убачыў вялікі фотаздымак кракадзіла ў рацэ. Над фотаздымкам кідкімі літарамі было напісана: "Сенсацыя! Кракадзілы ў Свіслачы! Не падыходзьце блізка да вады! Сцеражыце дзяцей, жанчын і хатніх жывёлін!" – а пад фотаздымкам друкаваўся каментарый навуковага кансультанта А. П. Пеўнікава пра перспектывы кракадзілагадоўлі ў цэнтральных раёнах рэспублікі. "Я перакананы, – завяршаў свой каментарый навуковы кансулыант, – што калі падысці да справы па-гаспадарску, з належным размахам, то ў самым хуткім часе нашы прыгажуні-модніцы ў Мінску і Бабруйску, Стоўбцах і Зэльве, Смаргоні і Карунах будуць насіць памаду і духі ў такіх жа шыкоўных, суперпрэстыжных сумачках з кракадзілавай скуры, як і ганарыстыя мільярдэршы Каліфорніі".
– Ну і што? – спытаўся ў сына Андрон. – Хай сабе носяць.
– Тата, – залыпаў вачыма Цімка, – гэта ж гумар. Скуль у нас кракадзілы?
– Прыплылі, – адказаў Андрон і сеў на матацыкл. – Пазаўтра табе ў школу ісці, там і спытайся, як яны да нас дабраліся.
Андрон крануўся з месца. Цімка скочыў з валуна на задняе сядзенне матацыкла.
– Тата, – спытаўся ён, абхапіўшы Андрона за бакі, – ты хоць раз у жыцці памаду ці духі маме купіў?.. – Але за трэскам матацыкла Андрон яго не пачуў. "А можа і праўда, хай сабе Ютка вежу будуе, – раптам падумалася Андрону. – Вежа да неба – гэта табе не кракадзілы, не сумачкі ў Карунах насіць".
"Трах-тых-тух-тах", – страляў матацыкл, імчаўся на ім у невядомую будучыню старшыня Андрон Сыцюк, ляцеў за ім крэўны ягоны сын Цімка, курыўся пыл вечаровы па доўгай вясковай вуліцы.
Першага верасня Цімка Сыцюк пайшоў у школу і на першым жа ўроку паказаў настаўніцы газету, спытаўшыся, скуль у нас узяліся кракадзілы, калі ў
школе яго вучылі, што ніякіх кракадзілаў на Беларусі не было і быць не можа. Настаўніца Цімку асадзіла, тады ён спытаўся пра тое самае на другім уроку ў іншай настаўніцы. Другі ўрок быў урокам роднай мовы, якую выкладала Хрысціна Сымонаўна Моргаўка з роду таго самага Моргаўкі са Стрыпун, які некалі паехаў у Амерыку, каб купіць зямлю на дне акіяна, а замест гэтага стаў мільярдэрам. Хрысціна Сымонаўна Цімку не асадзіла, бо ён быў сынам старшыні калгаса, але адказаць яму нічога не змагла, таму, прыйшоўшы са школы дахаты, села каля акна, за якім адцвіталі ганарлівыя вяргіні, і, гледзячы на гэтую чароўную, але не вечную прыгажосць прыроды, напісала на газету скаргу. Ну, куды ў нас пішуцца скаргі, мы ўсе ведаем. Ці нам у аўтобусе на мазоль наступяць, ці на кашулі ў атэлье гузікі са спіны прышыюць, ці купім зубную пасгу, а ў цюбіку акажацца гуталін – адрас скаргаў у нас адзін: у найвышэйшую інстанцыю. Таму пачакаем, пакуль наша скарга туды дойдзе, пакуль з ёй разбяруцца, пакуль зловяць таго грубіяна ў аўтобусе, памяняюць краўцоў з атэлье і перавядуць гуталінавую фабрыку на вытворчасць зубной пасты, а самі тым часам будзем хукаць на мазоль, хадзіць у кашулі наросхрыст і начышчаць боты сажаю, змешанай са свіным тлушчам. І-эх, нам, як кажуць, не прывыкаць, таму давай, Хрысціна Сымонаўна, дыхай глыбей водарам першага дня восені, крыштальным паветрам, якое, здаецца, пераломіцца надвае, калі да яго дакрануцца рукамі, рассцілай сурвэтку, кладзі на яе ліст паперы ў клетачку, вырваны з вучнёўскага сшытка, і пішы, пішы, даражэнькая, стараючыся не націскаць моцна шарыкавую ручку, каб не нарабіць у пісьме дзірак ды памылак, каб пасля, не дай Бог, не спыталі: а што ж гэта за настаўніца такая, якая па-руску слова "крокодил" праз два "а" піша?
Гэта ўсё, канечне, з аднаго боку, а з другога боку Хрысціну Сымонаўну Моргаўку па-свойму можна зразумець, без аніякіх кпінаў пашкадаваць яе, шчыра паспачуваць жанчыне, адзінокай, сярэдняга ўзросту. Бо хто яна такая, Хрысціна Сымонаўна, як не вясковая настаўніца! Гэта ж не старшыня калгаса Андрон Сыцгок, не механізатар Ютка Казубоўскі, хай сабе хворы на дыхавіцу, не даяр Хведар Былінскі, не кажучы ўжо пра тое, што яна – не крамніца Яня Каняўка з таго самага роду Канявак, які праз Зоську Каняўку некалі з доктарам парадніўся і ў якім пароўну цяпер крамнікаў і дактароў... Усе ў гэтым свеце неяк адзін з адным павязаныя, а Хрысціна Сымонаўна ніяк і ні з кім, настаўніца – і ўсё. А колькі зарабляе сельская настаўніца, як да яе ставяцца, на якім яна месцы ў табелі рангаў, яна, той самы сейбіт, што сее разумнае, добрае, вечнае? Ведаеце вы тое? Калі не, то і ведаць не трэба. Хай тады будзе ўсё так, як ёсць, няхай той карэспандэнт, на якога Хрысціна Сымонаўна піша зараз скаргу, забудзецца, як прыехаў ён аднойчы на Палессе, вясною, у самую бездараж, як на аўтобусным прыпынку ніхто яго не сустрэў, як мясіў ён пятнаццаць кіламетраў гразь у красоўках фірмы "Adidas", пакуль не дагнала яго спадарожная падвода з барадатым дзедам на перадку. "Тп-ру-у", – сказаў дзед і больш не прамовіў ні слова, пакуль не ўехалі яны ў вёску і не дагналі першага спадарожніка, што ішоў па вуліцы каля самага плота, ледзь выцягваючы ногі з балота. "Ц-ц, но!" – прыцмокнуў дзед на каня і паехаў далей, не прапанаваўшы таму чалавеку пад'ехаць, і зноў маўчаў, пакуль не дагналі яны другога спадарожніка. "Тп-ру-у", – спыніў дзед каня, пачакаў, пакуль сеў другі спадарожнік на падводу, і давёз яго да праўлення калгаса, дзе павінен быў адбыцца сход, на які і ехаў карэспандэнт. Сход прайшоў так, як мае быць, карэспандэнт запісаў усё тое, што на ім гаварылася, а пасля спытаўся ў дзеда: "Слухай, дзед, скажы ты мне, калі ласка: чаму ты першага чалавека не ўзяў, а другога падвёз?" -. "Дык другі ж доктар", – адказаў дзед. "А першы?" – "Той настаўнік", – абыякава прамовіў дзед, так гэта сказаў, што карэспандэнт вырашыў раз і назаўсёды кінуць сур'ёзныя справы і займацца толькі гумарам, балазе былі ў яго да гэтага здольнасці.
"Я працую настаўніцай трынаццаць гадоў, хоць замест таго даўно ўжо магла быць жонкай афіцэрскага складу, – пісала Хрысціна Сымонаўна. – Калі я была студэнткай, мне прапанаваў пайсці за яго старшы лейтэнант Савецкай Арміі Сяргей Ванарук, але я адмовілася, бо кахала яго і не хацела замінаць яму расці да цяперашняга маёра, таму што мой родзіч па маці, Кірыла Моргаўка, некалі паехаў у Амерыку і стаў там імперыялістычным мільярдэрам. Але зараз ад той амерыканскай радні я не тое што пасылак, а нават паштовак не маю, так што не пра тое гаворка.
Калі я сама вучылася ў школе, дык да настаўніка больш чым да ўсіх астатніх мелі ў вёсцы павагу. Неяк само сабой выходзіла так, што ў таго, хто вучыў дзяцей, шукалі парады і дарослыя. А ў мяне ніхто і ні пра што не пытаецца. Сёння толькі Ціма Сыцюк, сын нашага старшыні, спытаўся: скуль у нас узяліся кракадзілы? Я ведаю, што ў нас кракадзілаў няма, а ён мне паказаў газету, у якой напісана, нібыта яны ёсць. Я разумею, што гэта жарт, я не такая забітая, хоць і не замужам, і за трынаццаць год мне ніхто добрага слова не сказаў, ні разу без чаргі ў краму не прапусцілі, але для чаго так жартаваць і навошта з настаўніцы, калі мяне за тое ніхто не паважае і паважаць не збіраецца. Прашу разабрацца, пакуль яно не позна. Моргаўка Х.С., настаўніца Карунскай сярэдняй школы".
Пад скаргай Хрысціна Сымонаўна паставіла дату і распісалася.
Скаргі ў нас ідуць і разбіраюцца доўга, але ўсё ж не даўжэй, чым будуюцца вежы да неба, таму, каб не вяртацца пасля да гэтай непрыемнай справы, скончым яе адразу, трохі прабегшыся паперадзе падзей.
3 найвышэйшай інстанцыі, засыпанай скаргамі, як млын мукою, пісьмо Хрысціны Сымонаўны было пераслана з адпаведнай папераю ў інстанцыю рангам ніжэй: Інстытут заалогіі Акадэміі навук. Чаму туды, спытаецеся вы? А куды ж яшчэ, калі скарга на кракадзілаў? I раз прыйшла яна ў інстытут з папераю адпаведнай інстанцыі, дык тут не да таго ўжо, каб разбірацца: жартачкі гэта ці не? Таму толькі ўздыхнуў інстытут, сеў за навуковы стол і напісаў сваю паперыну, на сваім фірменным бланку:
"Паважаная рэдакцыя! У нумары вашай газеты за 28 жніўня быў надрукаваны матэрыял пра кракадзілаў у Свіслачы. Матэрыял бяздоказны, навукова неабгрунтаваны, ён поўнасцю супярэчыць апошнім дасягненням навукі. Просім у будучым больш асцярожна падыходзіць да публікацыі падобных сенсацый, таму што яны не толькі прыносяць шкоду навуцы, але і адмоўна ўздзейнічаюць на тую частку насельніцтва, якая чытае вашу газету".
Атрымаўшы такую паперыну, на якой значыўся подпіс навуковага супрацоўніка і стаяла пячатка афіцыйнай установы, рэдактар газеты ціха, сам сабе, вылаяўся, выклікаў таго карэспандэнта, які знайшоў у Свіслачы кракадзіла, закаціў яму строгую вымову і выправіў у камандзіроўку ў Каруны.
– Што мне там рабіць? – спытаўся карэспандэнт.
– Нічога, – адказаў рэдактар. – Паглядзі, што там за людзі жывуць. А ў інстытут я ўжо сам падыду, гэта цераз дарогу.
Ну, хай сабе карэспандэнт едзе, калі яго рэдактар выправіў, выпісвае камандзіроўку, вымольвае аванс у бухгалтэрыі, клапоціцца пра білет, а мы чакаць яго не будзем, хуценька вернемся тым часам да Юткавай вежы.
Вежа расла і, праўду сказаць, з кожным днём усё больш падабалася карунцам. Ці то Ютка ўдала для яе месца выбраў, ці то выпадкова так сталася, але відаць яна была з любога канца, любога двара Карун, і кожны карунец, малы і вялікі, першае, што рабіў з раніцы, – гэта прыкідваў: наколькі ўзнялася вежа над вёскай, наколькі паднялася да неба.
Фірма, што займалася замежным турызмам, ударнымі тэмпамі пабудавала на ўездзе ў Каруны, непадалёк ад карабля пана Цырлюкевіча, кэмпінг, гасцініцу з рэстаранам і барам, з канферэнц-залай, дзе Ютка сустракаўся з прафсаюзнымі і палітычнымі замежнымі дзеячамі, з вядомымі літаратарамі і мастакамі, з прэзідэнтамі, каралямі, арабскімі шэйхамі – і ўсім ім, направа і налева, раздаваў інтэрв'ю. Ён адказваў на ўсе пытанні, нічога не баючыся, бо баяцца яму не было чаго, і толькі тады, калі ў яго пыталіся, навошта ўсё-ткі, дзеля чаго ён будуе сваю вежу, Ютка замаўкаў, нібыта замок яму на рот накідвалі.
– Ён хворы! – падымаючы пыл на сваім матацыкле, пралятаючы міма іншаземнага гарадка, што чорт ведае скуль, без дазволу праўлення вырас у цэнтры роднага калгаса, крычаў Андрон Сыцюк. – Ён вальтануты, а вы з ім як са здаровым размовы водзіце! Ён хоча пабудаваць вежу, легчы пасля на самым версе і дыхаць горным кліматам! Яго ў Жодзішкі, у жоўты дом заканапаціць трэба, а пра яго ва ўсім свеце як пра героя трубяць! Не, я выведу яго з праўлення! Выведу, вось пабачыце!
Як вы мяркуеце, чаго злаваўся Андрон Сыцюк? Ну, вядома, злаваўся ён таму, што Юткаў сын Ромка кінуў свой культурны інстытут, вярнуўся ў Каруны і стаў па пратэкцыі бацькі дырэктарам, а дакладней, шэфам Карунскага аддзялення фірмы іншаземнага турызму. Ромка хадзіў цяпер увесь у нянашым, смактаў цыгаркі "Кэмэл", слухаў магнітафон "Соні", а калі ў яго пыталіся: "Як жывеш, Ромка?" – адказваў "ол райт" альбо "о'кэй", у залежнасці ад таго, з англічанамі ці амерыканцамі ён перад тым сустракаўся. Астатнія словы розных моў народаў свету – італьянскія, нямецкія, французскія, іспанскія і іншыя – Ромку не вельмі падабаліся.
Акрамя ўсіх гэтых вонкавых пераваг аклад у Ромкі быў утрая большы ад таго, што зарабляў, ганяючы на сваім матацыкле, Андрон Сыцюк.
Нельга сказаць, каб Андрон не змагаўся супроць пранікнення формаў і метадаў замежнага жыцця на тэрыторыю свайго калгаса. Ён пісаў ва ўсе інстанцыі, ездзіў да раённага і абласнога начальства і, між іншым, шмат дзе знаходзіў разуменне і падтрымку. Але толькі да той пары, пакуль не мінуў год і фінансавыя органы не падлічылі, што за дванаццаць месяцаў Юткава вежа прынесла дзяржаве ў дзесяць разоў большы даход, чым увесь калгас "Каруны" разам з Сыцюком і ягонымі папярэднікамі за ўвесь час свайго існавання. Прычым даход гэты вызначаўся не буракамі і бульбай, што патрабавала рэальнай працы, рэальных затрат і рэальных датацый, не лёнам, малаком і морквай, пералічанымі ў капейкі і рублі, а нечым лятучым, эфемерным, абстрактным, незразумелым, як час і прастора, але што тым не менш абсалютна рэальна матэрыялізавалася ў марках і іенах, франках і рупіях, а таксама ў доларах і фунтах стэрлінгаў. Пасля гэтакіх метафізічных пераўтварэнняў Андрона Сыцюка паўсюль перасталі разумець, а паколькі старшыня не здаваўся, дык яму далі зразумець, што калі ён не выправіць сваю лінію, то ў хуткім часе можа развітацца з пасадаю кіраўніка сярэдняга звяна і вельмі проста пайсці зусім па іншай лініі. Розум падказваў Сыцюку здацца і папрасіцца да Ромкі экскурсаводам на паўстаўкі, але характар Андронаў аказаўся мацнейшы за розум, і старшыня вырашыў змагацца да канца, сам па сабе, ні на кога не спадзеючыся і ні ад кога не чакаючы падтрымкі. "Вежа для калгаса – ці калгас для вежы. Ютка для карунцаў – ці карунцы для Юткі?" – паставіў Андрон перад сабой пытанне, на якое загадзя ведаў адказ, толькі не прыдумаў пакуль, як узяцца за справу, з якога боку піхнуць каменнага ідала, каб той паваліўся, чым адолець жалезную, а дакладней, залатую логіку фінансавых органаў.
Неспадзявана дапамога прыйшла адтуль, скуль, здавалася, і прыпаўзці не магла: Андрон знайшоў верную і бясстрашную саюзніцу ў асобе Хрысціны Сымонаўны Моргаўкі, настаўніцы роднай мовы, а таксама спеваў і фізкультуры.
Так проста ні ворагамі, ні саюзнікамі ні ў наш час, ні ў якія іншыя часы не станавіліся і не становяцца, на ўсё былі і ёсць свае, іншым разам няўлоўныя, тонкія, патаемныя, глыбока захаваныя прычыны.
Прычына, па якой Хрысціна Сымонаўна пайшла ў саюзніцы да Андрона Сыцюка, была вонкавай, для ўсіх адкрытай і ўсім зразумелай, як даросламу, так і малому.
Аднаго разу з чарговай іншаземнай дэлегацыяй завітаў у Каруны амерыканскі мільярдэр Фрэнк Морган – і не абы-які мільярдэр, не які-небудзь там іншы Морган, а з таго самага клана Морганаў, пачатак якому даў некалі Кірыла Моргаўка са Стрыпун, крэўны родзіч Хрысціны Сымонаўны. Ох ужо і сустракалі гэтага Фрэнка, ох ужо і віўся вужом вакол яго Ромка Казубоўскі, ох ужо і панаехала ў Каруны газетчыкаў, фарцоўшчыкаў, дыпламатаў, каментатараў і іншай дробнай чэлядзі! Ажно ў гасцініцы ўсе не змясціліся – і многія начавалі на караблі пана Цырлюкевіча, пад адкрытым небам, хоць стаяла позняя восень. I такое рабілася ў вёсцы, нібыта свет з ног на галаву перакуліўся. Фрэнк Морган падымаўся ў сем гадзін раніцы, а з сярэдзіны ночы яго ўжо чакалі, душыліся каля ўвахода ў гасцініцу, лезлі на каркі адзін аднаму, каб толькі ўбачыць, глянуць хоць адным вокам на таго, хтомог быць нікім, нічым, проста ёлупнем са Стрыпун, а стаў акулай імперыялізму, мільярдэрам, магнатам, у адной кішэні якога столькі грошай, колькі не назбіраеш, прайшоўшы з торбай па ўсіх дварах ад Карун да Смаргоні ці нават да Вільні. А Фрэнк Морган выходзіў з гасцініцы ў зеленаватай, не вельмі нават свежай спартыўнай майцы, на якой была намаляваная вялізная муха з напісаным пад мухай словам FLY, у зеленаватага колеру рэйтузах, у гэткіх жа зеленаватых, трохі ўжо скасалапленых тапачках – і ва ўсім гэтым амаль што жабіным адзенні пачынаў бегаць ад гасцініцы да Юткавай вежы, ад Юткавай вежы зноў да гасцініцы, туды-сюды, туды-сюды, не менш як пяць разоў у абодва канцы, а гэта выходзіла каля дзесятка кіламетраў. Ну і натрэніраваўся ж з ім Ромка Казубоўскі, які заўсёды бег паперадзе і сачыў, каб на дарозе, бронь божа, не аказалася каменя, за які Фрэнк Морган мог зачапіцца і бразнуцца ці, аступіўшыся, падвярнуць нагу, – і што тады змогуць зрабіць нашы дактары, якія нагу мільярдэра і ў вочы не бачылі?.. Ды хіба адзін Ромка натрэніраваўся? А фарцоўшчыкі з валютчыкамі? А рэпарцёры? А іншая дробная чэлядзь?.. Толькі не яны, не, зусім не гэтая хеўра вывела з сябе Хрысціну Сымонаўну. Штораніцы бегала за мільярдэрам уся карунская школа, уся, колькі яе было, карунская дзятва – ад першага камсамольца да апошняга падшыванца. Чаго вы думаеце яны гэтак разбегаліся? Можа, думаеце вы, яны так палюбілі фізкультуру, якой старанна, але беспаспяхова займалася з імі апошнія два гады Хрысціна Сымонаўна, бо штатнага настаўніка фізкультуры ў школе не было? О, каб яно было так, то сэрца Хрысціны Сымонаўны толькі б узрадавалася. Але сэрца яе засмуцілася, моцна засмуткавала, так, што нетры ягоныя напоўніліся абурэннем і гневам. Каб ведаў пра тое Фрэнк Морган, ён бы зарокся займацца тым, чым займаўся ў час сваіх ранішніх лёгкаатлетычных прабегаў. А займаўся ён тым, што набіраў, выходзячы з гасцініцы,
лоўныя кішэні розных значкоў і праз кожную вярсту сеяў іх па трасе свайго прабегу, і дзеці кідаліся на тыя значкі, як галодныя кураняты на проса, валтузячы адно адное так, што енк і лямант меншых і слабейшых уздымаўся вышэй ад Юткавай вежы. Ці магла спакойна бачыць і чуць такое Хрысціна Сымонаўна, настаўніца, якой хоць і далі толькі завочную адукацыю ў педагагічным інстытуце, але ад пачуцця гонару, высакароднасці і чалавечай вартасці не адвучылі, яна наследавала пачуццё гэтае ад сваіх продкаў, дзядоў і прадзедаў. Таму ў пятніцу, 19 лістапада, Хрысціна Сымонаўна правяла два ўрокі, спеваў і роднай мовы, а з трэцяга, з урока фізкультуры, у якім па прыездзе Фрэнка Моргана не стала ніякай патрэбы, пашыбавала ў праўленне калгаса.
– Андрон, – сказала яна па-свойску, бо вучыла Сыцюка некалі спевам, – я патрабую, каб ты аб'явіў мільярдэра Фрэнка Моргана персонай нон грата і выслаў яго за межы Карун...
Выслухаўшы сваю былую настаўніцу і ўцяміўшы, якая казырная карта яму прываліла, Андрон загадаў выклікаць да сябе Ромку Казубоўскага. Праз сельсавецкую сакратарку Ромка адказаў, што ён з'яўляецца прадстаўніком фірмы рэспубліканскага падпарадкавання, а таму загады такой дробнай сошкі, як нейкі старшыня калгаса, для яго пшык, і не болей. Тады Андрон пазваніў па тэлефоне ўчастковаму міліцыянеру Кузьме Сліжу, растлумачыў яму сітуацыю, на што Сліж сказаў, што гэта міжнародная акцыя і наогул справа Інтэрпола. Андрон бездапаможна глянуў на Хрысціну Сымонаўну, тая ўздыхнула цяжка, схадзіла да Сліжа, які таксама вучыўся ў яе спевам і роднай мове, заляпіла ўчастковаму аплявуху, пасля чаго той прывёў Ромку Казубоўскага ў праўленне калгаса пад конвоем. Сліж пакінуў Ромку ў старшынёвым кабінеце, адазваў Андрона на падворак і, зыркаючы па баках, зашаптаў яму на вуха:
– Ты што ж, дальбог, пра такія рэчы па тэлефоне?.. Спадарожнікі-шпіёны паўсюль над намі, лазерныя каналы сувязі, наогул чорт ведае што, а ў цябе ўсё, як у цара Гароха: зняў трубку – і алё, даўно цябе нешта не чутно было. Галаву ж трэба мець на карку, а не гарбуз. А Морква праз цябе яшчэ і аплявуху мне ўрэзала.
– Ладна, – павінаваціўся Андрон. – Ператрываеш. Будзь тут, можаш спатрэбіцца.
– Давядзі да ведама містэра Фрэнка Моргана, – вярнуўшыся ў праўленне, сталёвым голасам сказаў Андрон Ромку Казубоўскаму, што сёння ў 12.00 па маскоўскім часе яго выклікаюць мясцовыя ўлады. Для перамоў і афіцыйнай заявы.
– Гм, – хмыкнуў Ромка. – Чхаць ён хацеў на тваю ўладу. У яго ў 12.00 прамая сувязь з прэзідэнтам Злучаных Штатаў.
– Прэзідэнт пачакае, – цвёрда заявіў Андрон. – У крайнім выпадку, калі размова важная, містэр Морган можа перагаварыць з прэзідэнтам з майго кабінета.
Ромка зірнуў, скасіўшы вочы, на дапатопны Андронаў тэлефон з рычажком-відэльцам і разрагатаўся.
– Таварыш участковы! – гукнуў за акно Андрон. – Пакажыце, калі ласка, пісталет, з якога мы расстраляем грамадзяніна Казубоўскага без суда і следства як амерыканскага шпіёна.