355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сократ Янович » Сьцяна (на белорусском языке) » Текст книги (страница 9)
Сьцяна (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 20:05

Текст книги "Сьцяна (на белорусском языке)"


Автор книги: Сократ Янович


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 11 страниц)

– Хi...

"I як цяпер цалаваць яе, адбымаць, тулiцца? Гэта-ж будзе ашуканае каханьне! Падробленае яно, бы мёд ад пчолаў, якiх круглы год кормяць нечым штучным, цукрам, – боль пранiзваў Сьцяпана, быццам пазалетась, перад вясельлем, калi, пакутуючы ад запаленьня падкосьнiцы, апынуўся ён у iнстытуце зубной хiрургii, дзе з дапамогай доўгiх шпiлек праводзiлi яму блякаду нерваў скiвiцы. Халодны боль! – А з кiм-жа яна? Божа, дай мне цярплiвасьцi! Стары гаварыў, што разводу ня будзе. Мо' й ня будзе?.. Прызналася яна аднаму мне? Я-ж кахаю яе, халеру! – Сьцяпан заплакаў нема, па-мужчынску. – Ну, Кiра фiзычна аддалася... Якая розьнiца – ва ўяўленьнi цi фiзычна? Або хiба раз я марыў пра тое, як гэта навалiцца-б на тую цi iншую прыгажуню! I, несумненна, сталася-б яно так, калi-б была на тое нагода. Так. Але з жанчынай, кажуць, iначай... У яе не бывае раздваеньня душы й цела, у ёй гэта – адзiнае. Яна, чаго добрага, гатовая спадабаць i гвалтаўнiка, калi ён праявiць невядомае ёй умельства. Гм, да чаго-ж можна дадумацца! – ён выцерся насавой хустачкай, бруднай i прапацелай. – Кiра хоча мяне, й гэта самае галоўнае. Ды чаму яна пайшла да якогасьцi мужчыны? Кажа: гэта я ратую цябе! Як? Даючы раскошу камусьцi, хто намераны спляжыць мяне? Каму, каму, каму, чорт вазьмi??!"

Кiра вярнулася з ваннага.

– Зачынi, Сьцяпан, акно. Я распараная, магу застудзiцца, – загаварыла яна, як бы ў нiчым не бывала. – У нас працякае кран. Ты пазванi ў адмiнiстрацыю, каб далi новую пракладку. Не забудзь таго, Сьцяпан.

– Ага...

– А працу давядзецца табе зьмянiць, – Кiра вярнулася да недаказанага. – I то зь першага. Заўтра пагаворым аб гэтым з татам. Хадзем ужо спаць. Позна, па iлбе й носе расшмароўвала яна сабе крэм.

"Вада супакойвае", – Сьцяпан нiчога не адказаў ёй.

Яна дадала:

– I я вазьму сабе працу.

– Ты, Кiра, ужо працуеш.

– Перастань, Сьцёпа! – аблiла яго гнеўным позiркам. – Не мая ў гэтым вiна, i трэба забыць...

– З кiм ты дабiлася таго?

– Я не казала табе?

– Не.

– Са старшынёю.

– З гэтым падлам?!

– А з кiм ты думаў?

– Гэта яго агарод там? – дапытваўся ён. Адчуваў Сьцяпан, як у iм усё недзе апускаецца, як мярцьвеюць яму ступнi i дзеравянее патылiца, па-дзiцячаму дрыжыць барада.

– Яго.

– Я заб'ю цябе, Кiра.

– Але перад тым – пасьпi.

– Кiра-а!!.

Яна схапiлася.

– Мама!! – крыкнула Кiра, упёршыся плячыма ў сьцяну. – Не дурэй, Сьцяпан, ну!

У дзьвярох зьявiлася цешча. Яна шмат чула, й гэта было вiдаць па яе зусiм ня сонным твары.

– Чаго ты хочаш ад яе? – старая грузна прасунулася дапераду. – Ня муч ты нас! Адкуль i ўзяўся ён такi? Ах, Божа мой, Божа!..

– Хто каго тут мучыць?! – выскалiўся Сьцяпан.

– Ты што хацеў ёй зрабiць?

– Даць, курве, па мордзе!

– Што ты сказаў?! – загрымеў з глыбiнi спальнi цесьць.

– Тата! – вiскнула Кiра, й гэтага было ўжо дастаткова.

Сьцяпан ступiў да жонкi й замахнуўся на яе.

– Ста-ань!!! – цесьць з ашаламляльнай лёгкасьцю падскочыў да Сьцяпана й схапiў яго за грудзi. – Табе жыць абрыдла, га?!

– Пусьцеце-е! – вытузваўся Сьцяпан. – Я йду ад вас.

– Нiкуды ты ня пойдзеш, паганец! – прасiпеў стары.

– Але. Змарнаваў дзяўчыну, й цяпер ён пойдзе сабе гуляць, – сакатала цешча. – Хто яе зноў замуж возьме? Разумны якi знайшоўся!

– Я болей ня муж ёй.

Кiра закурыла. Яна выглядала на курку, якую выгналi з рассаднiка; ад крыўды забылася выкрычацца.

– Ну, гаўняк, абсядзь, кажу табе! – цесьць цяжка адступiўся, як бы спадзеючыся разьюшанай бойкi. – А ты дзе ўночы цягалася?! – вызьверыўся ён на дачку. Сьцяпан здагадаўся, што стары карыстаецца прыёмам нiкому не прызнаваць рацыi; знакамiта суцiшыў ён авантуру. – Куды ты бегала, цябе пытаю?!

Спрытная, Кiра вiнавата маўчала.

– Ну, Кiрачка...

– Выйдзi, Альбiна, – цесьць у гневе называў старую Альбiнай, пасьля чаго яна не адзывалася. З гэтым iмем зьвязаная, вiдаць, абразьлiвая ёй прыгода.

Наступiла цiшыня, у якой чулiся перабрэхi сабакаў у панадворках.

Калi засталiся ўдваiх, Кiра сказала:

– Сьцяпан, выслухай мяне да канца.

I гэта паўстрымала яго.

– Слухаю.

– Памятаеш, Сьцяпан, як старшыня гасьцяваў у нас у Каляду?

– Так.

– Ён быў тады адзiн.

– Так.

– Бяз жонкi.

– Каб прымерыцца да цябе, – упiкнуў яе Сьцяпан.

– Тут i ўся загадка, – Кiра не прыняла яго выклiку.

– Якая?

– Ён – iмпатэнт, – сказала яна грубую дурноту, але з крышынкай зьдзеклiвасьцi на вуснах.

– Гэты буйвал? Не хлусi, Кiра! – ухапiўся ён за нешта нечуванае.

– Сьцяпан, – яе аблiчча пасуровела. – Я не здрадзiла й ня здраджваю табе. Прашу: павер ты мне. I калi-б ня гэтая няшчасная выпадковасьць, нам лягчэй даўся-б той паварот жыцьця, на якiм абое мы апынулiся. Я ўчынiла табе, Сьцяпанка, гiдасьць не таму, што яна сапраўды адбылася, але таму, што ты наткнуўся на яе.

– Усё роўна, што на каровiн ляпняк, – ён зласьлiвiў ёй. Яго хiлiў сон, i гэта была добрая пазнака.

– Бачу, што няхутка мы зможам быць сардэчнымi сабе.

– Сардэчнымi? – Сьцяпан усьмiхнуўся пад ногi. – Столькi разоў мы сказалi сабе ўсё, што было галоўным кожнаму з нас паасобна... Суду, значыць, ня будзе?..

– Ня будзе, Сьцяпанка, мiлы мой! – ажывiлася Кiра. – Старшыня накiруе справу так, што страты ад падпалу яго машыны акажуцца невялiкiмi й цябе засудзяць толькi ўмоўна...

– Цудоўна!

– Сьмейся ты з суду, якi абыйдзецца без турмы! Дадуць табе, скажам, тых умоўных восем месяцаў, ну, год. От, скажаш суду, што незнарокам... Зрэшты, дакладна абмяркуем яшчэ...

– Са старшынёй?

– Ня будзе ўжо патрэбы гаварыць зь iм, Сьцёпа.

– Пазлавалi, пазлавалi, i пасьцелька пагадзiла iх – заўтра скажа пра нас твая мацi. Маладыя, зялёныя... Вырастуць, дык i скура пацьвярдзее iм. Да Кiрушкi маёй дабраўся сiвы дзед, ды што ён мог зрабiць ёй, дзеўцы як рэпа. А зяцёк, булава, як ня вырачыўся на яе, быццам сямёх яна на сабе вазiла! I было гэта за што, Альбiна, га? Свары, крыкi на цэлую вулiцу... Людзi падумалi пра лiхое, – крыўляў Сьцяпан.

– Адстань ты ад мацi.

– Эт, нiчога благога я пра яе асабiста не сказаў.

– Слухай, дарагi: пасьля бойкi рукамi не махаюць. Спрабуй ты пабыць справядлiвым i дадумайся да таго, што ва ўсiм гэтым рызыкую я й толькi я! Па ўласнай, непрымушонай волi.

– У мяне, Кiрушка, узьнiкла зараз дапушчэньне, што ты вынайшла аргумант, надта-ж зручны табе аргумант, якiм пакарыстаесься, калi Бог дасьць табе здароўе, зь любасьцю. Пры маiм характары нагоды для таго, ой, будуць.

– Сьвiньня!!!

– Асьмельваюся заўважыць, шаноўная дама, што ўжылi вы слова жаночага роду, якое ня надта падыходзiць да мяне, мужчыны. Але я разумею вашу заклапочанасьць: як-жа прыраўнаць мяне, напрыклад, з...

– Сьцi-i-хнi-iii!!! – яна заткнула вушы, й зь яе вачэй сыпалiся сьлёзы, трохi як у лялькi, якую вырабляюць немцы. – Сьцi-iхнi!.. Сьцiхнi...

Цешча ўрачыста прачынiла дзьверы.

– Дакуль ты, Сьцяпан, будзеш гэтак зьдзеквацца над ёю, – прамовiла яна.

– Шок, – тлумачыў старой Сьцяпан, – паскудны шок у яе, якiх тысячы штодзень. Амiяку ёй, Кiры, пад нос! Няхай дыхне iм, дык умомант зрэнкi пакруглеюць ёй. Ого, амiяк. Зараза! – гаварыў ён са сьцiшнаватай дабрадушнасьцю. – Ну, я пайшоў...

– Дочанька, Кiранька, ты чуеш мяне? Кiра, ня трэба... Ну, ня трэба... Ляж, а я каля цябе, ну, цiха, ша-а... Вось так, адпачнi... Я пагашу сьвятло...

27

Сьцяпан беспамылкова трапiў у вагарод старшынi. Ён узламаў сьмешны замок на хiсткiх дзьвярох альтанiкавага домiку, запалiў лямпачку ў ружовым абажуры, распрануўся да трусоў ды разьлёгся на турысцкiм ложку са скрыпучымi спружынамi. Губы сьпяклiся яму ад смагi; ён устаў, каб напiцца вады з крану, й, тады, угледзеў банку з фарбай. Пашукаў пэндзля, зьдзертага й шырокага; iм напiсаў пад стольлю СТАРШЫНЯ+КIРА, а знадворку – ад вугла да вугла – IМПАТЭНТ. (Эмаль абцякала, дарабляючы лiтарам сьцёблы; Сьцяпан некалькiмi падоўжанымi мазкамi вывеў гарызанталь, прыдаючы ўсяму выгляд дзiвацкага квяцiстага арнаманту.)

У якiмсьцi задворку сьпяваў адурэлы певень. I не знайшоўся другi, якi-б адказаў яму.

На ўсходзе паясьнела неба, i Сьцяпана змарыў сон.

Адзiн з тых сноў, падчас якiх не было яму адпачынку; галава запаўнялася думкамi. "I што ты пра ўсё гэта скажаш? – пытаў Сьцяпан у Сьцяпана, якiм ужо перастаў быць. – Твая Кiра зусiм не дзiва нейкае, – азваўся той Сьцяпан. Мая, напрыклад, Нiна мела сон, у якiм я загадаў ёй легчы з начальнiкам аддзелу камунальных кватэраў. Думаеш, абурылася яна на тое? Мы пяты год жылi кватарантамi, з маленькiмi дзяцьмi... – А пасьля, дык што яна сказала табе? пацiкавiўся Сьцяпан. – Нiчога. Начальнiк, на шчасьце, вельмi хутка стамiўся, адказаў той за Нiну. – Заснуў? – дапытваўся ён падрабязьней у таго Сьцяпана. Але, ды мая Нiна, нябога, да белага дня й вока не заплюшчыла, праклiнаючы ўрадаўскага слабака, – прызнаваўся далёкi Сьцяпан. – А ты, дык што? – ён не дазваляў яму зьнiкнуць. – Я? Плакаў, зачынiўшыся ў туалеце, i вырашыў заўтра, у ваддзеле, запатрабаваць за гэта ордэр на кватэру яшчэ ў жнiўнi", – адказаў той Сьцяпану.

– Далi?

– Гэта быў сон, Сьцяпан, – прыпомнiў яму iншы Сьцяпан. – Ён запамятаўся мне таму, што жонка расказвала яго за сьнеданьнем i паклала на маю талерку лiшнюю порцыю вэнджанай шынкi. Яна, ведаеш, скупая – дазваляе мне курыць толькi танныя папяросы, а ў нядзелi дае сем злоты на пiва, мутнае, бо дайлiдзкае...

– Мая справа, дарагi, – гэта ня сон, – ад перажываньняў Сьцяпанка амаль прачынаўся. – У мяне ўсё сапраўднае!

– Сапраўдным мы прызвычаiлiся лiчыць марныя спробы ажыцьцяўленьня думак, адказаў Сьцяпану iншы Сьцяпан. – Твая Кiра, во, здрадзiла табе ў нашым значэньнi, але гэта чыстая выпадковасьць. Трэба, аднак, задумацца нам над тым, цi не сутыкнулiся мы ў ёй з дарослай вернасьцю? Жонка, магчыма, у чымсьцi, э, перавысiла цябе... Мужчыны ў пытаньнях зайздрасьцi застаюцца пераважна юнакамi, э, ведаеш...

– Хто ты?! – крыкнуў Сьцяпан, ахоплены страшэнным прадчуваньнем.

– Я, э, твой старшыня, падла ты! Хэ-хэ-хэ...

Сьцяпан схапiўся, успацелы да кончыкаў валасоў. На пяць хвiлiн да пачатку працы.

Ён дапаў да ўмывальнiка, але ў iм не было вады – кран псычэў па-зьмяiнаму. Пальцамi працёр Сьцяпан закарэлыя вочы; на ўслончыку (вясковага вырабу) стаяў бляшаны кубак з запыленым павуцiньнем. Сьцяпан лiхаманкава заглядаў у рознае начыньне, парасстаўлянае па памяшканьнi. Яго зараз неспакоiла адно – як пачысьцiць зубы?! Падумалася яму, што ў вагародзе расьце радыска...

Быў засеяны ёю загонiк пад яблыняй. Калiсьцi хлопцы з Садовай, памятаў Сьцяпан, на загуменьнi Казырскага пад Васiльковам кралi яе й давалi дружнага драпака за сажалкi, пад вадапомпу, дзе ў дзiкай траве трымалася раса, якой абмывалi яны сабе рукi й драпежна запэцканыя зямлёю твары, качалiся па зеленi ды рагаталi да болю жывата ад дурной радасьцi, што ўдалося iм, што нiхто ня гнаўся за iмi i што цёпла сьвецiць сонца...

Сьцяпан, скiнуўшы кашулю, ухапiўся за пакiрачаныя галiны яблынi й з усяе сiлы закалацiў дрэвам. Яму пасыпаўся на плечы й сьпiну гусьценькi дождж, крапаючы й на лiсьце гароднiны, быццам гэтак зьнянацку выпаўшы з хмурынкi ў пагодны дзень. Ён задрыжэў ад холаду, заварушыў лапаткамi й, выгнуўшыся, пачаў абцiрацца хустачкай, мяркуючы пры тым, што было-б лепш зрабiць тое сподняй часткай кашулi. Казытала яму ў карак трэска сухападзiны; калi Сьцяпан угледзеў, што гэта вусенiца, ахапiла яго гiдасьць.

Ён выплюнуў недажаваную галоўку радыскi й, ледзь трапляючы кулакамi ў рукавы, апрануўся. Доўга ня думаючы, Сьцяпан пералез цераз плот i наўздагад, сьцежкамi, бягом пайшоў да далёкага прыпынку ў канцы Зялёнай, разы два аглянуўшыся ў бок домiку; там iскрыўся ранак.

Яму пашанцавала пасьпець на "шасьцёрку".

Перад скрыжаваньнем з Васiлькоўскай мiльганула ў шыбе бяздарная шыльдачка цырульнiка, й Сьцяпан схамянуўся, што едзе ён на працу непаголены. Гэта зьнясьмелiла яго, а нават – засаромела. "Усё-такi, нядобра, ой, нядобра!.. Скажу, што запускаю бараду, дык пачнуць яны сьмяяцца зь мяне памiж сабою: у знак пратэсту перад судом Сумленевiч перастаў галiцца?! Чулi – ён зноў дэманструе! Глядзеце вы на гэтага дзiвака!" Сьцяпан гладзiў шчокi, як бы спадзеючыся, што такiм чынам, магчыма, пазбавiцца шчацiньня; пад далоняй адчуваў прыкрую колкасьць.

Калi, з падробленай упэўненасьцю, iшоў ён у свой габiнэт, калiдор пуставаў: быў гэта час ранiшняга чытаньня "Сучаснай газэты". Сакратарка знаходзiлася ў надзвычайным водпуску – нехта зь яе раднi жанiўся? – i Сумленевiч, прыпазьнiўшыся звыш паўгадзiны, зьявiўся на працы, можна сказаць, незаўважаным. Як зазвычай, сеў ён за пiсьмовы стол i, апёршыся локцямi, цяжка задумаўся. Усё, навокал бачанае iм, раптам выдалася яму ня тое, што не сваiм, да якога маюцца абыякавыя адносiны, але наогул непрысутным. Нерэальным! Хаця-б той канфэрэнцыйны столiк, пра якi любiў ён пажартаваць, што прадасьць яго ў музэй неадухаўлёных сьведкаў важных зьдзяйсьненняў, зараз уяўляўся Сьцяпану чымсьцi выпадковым у полi яго зроку. Шышкай на ўсё роўна якой ялiне.

Брала яго ахвота аберуч згарнуць у вадно горбачкi службовых паперынаў, ненавiсных яму, ды, расчынiўшы акно, вышпурнуць iх на вулiцу, на галовы адзiнокага натоўпу... Пагамоўваючы ў сабе мацнеючае шаленства пасьля неверагоднай ночы, Сьцяпан з натужлiвай замаруджанасьцю аднаўляў здарэньне з пажарам кватэры на сёмым паверсе вышыннага будынку, ля якога, аднойчы, праходзiў ён (купляў тады лiмоны ў краме ля Складоўскай). У павевах ветру было вiдаць, як на тым бальконе, ахутаным густым дымам, панiкуе чалавек, кiдаецца ён у бакi, быццам дрэнны актор у вадэвiльнай сэне. Тратуарная публiка бавiлася нечаканым вiдовiшчам i спрачалася наконт колькасьцi паверхаў; прыiмчалi пажарнiкi. Бухнула полымя – i блiзка зазьвiнелi асколкi шкла. Нешчасьлiвец пра яго ўжо ведалi, што ён раганосец, алькаголiк i псiхiчна хворы – даволi спрытна апусьцiўся на нiжэйшы балькон, на якiм ён пахiснуўся й ня здолеў утрымацца, пакаўзнуўшыся там, напэўна, на якiмсьцi ламаччы; яшчэ зачапiўся аб тэлевiзыйную антэну на ўзроўнi трэцяга паверху й павалок яе за сабою, нагадваючы зьбiтага лётчыка зь нерасчыненым парашутам. "Ляснуўся ён аб асфальт, бы жаба жыватом", – са смакам перадаў зьвестку Сьцяпану хлопец у акулярах, доўгавалосы й з кнiжкамi пад пахаю, губасты. За ягонымi плячыма, калi ён адварочваўся ад Сьцяпана, праскавытала карэтка "хуткай дапамогi"...

Тэлефон зьвiнеў доўга, пакуль Сьцяпан працягнуў руку па трубку. (Ён, мабыць, не прыняў-бы яго, калi-б згледзеў, што гэта ўнутраны апарат.)

– Тося? – пачуў Сьцяпан у трубцы й адразу здагадаўся, што гэта звоняць яго сакратарцы; у яе, праўда, iншае ймя, але жанчыны любяць перахрышчвацца.

– Панi Тося сёньня не працуе, – адказаў ён камусьцi.

– Прабачце мне, пане загадчык, што вас патурбавала: тэлефанiстка так спалучыла...

– Нiчога ня здарылася, – перабiў ён галасок з галоўнага сакратарыяту; адтуль званiлi. Сьцяпану разанула ў грудзях, i ён, невядома чаму, забаяўся, што ў яго зараз пачнецца крывацёк. – Нiчога... Бывайце шчасьлiвыя, – ён у такiх выпадках расказваў анэкдот. Бывала, дзеля гэтага дурылi яго прадпрыемлiвыя беларучкi.

– Я, пане загадчык, павiнна перадаць вам лiст. Дазвольце зайсьцi.

– Калi ласка.

I толькi пасьля падумаў Сьцяпан, што яму трэба было адцягнуць яе прыход настолькi, каб мець час выйсьцi ў горад пагалiцца (цырульнi ля Варшаўскай адчыняюцца ад дзесяцi), набыць туалетны камплект; прыпарадкавацца.

Яна ўвайшла, хуткая й на модных абцасах, зусiм ня гледзячы на Сьцяпана.

– Дзякую, – сказала, калi ён неадкладна расьпiсаўся на копii атрыманага iм лiсту, i гэтак-жа энэргiчна выйшла.

Пакiнула яму благi дакумант. Ня трэба было быць псыхалёгам, каб адчуць тое па гэтай жанчыне. Больш таго: Сумленевiч быў у стане прыблiзна сказаць, чаго, менавiта, датычыла аштампаваная паперка з выкрутастымi подпiсамi, характэрнымi тым, хто хварэе на малазначнасьць.

Пакратаўшы ўказальным пальцам чарнiлiцу з пэгасаўскiм пер'ем, чортведама кiм i адкуль прыдбаную сюды, Сьцяпан, ня могучы ўседзець проста, круцiўся ў крэсьле, машынальна выцiскаючы прышчыкi на носе. "От, заразы!" – ён суцiшыўся на хвiлю, вывучаючы спачатку тыя подпiсы (карацюткi тэкст). Так, гэта была пастанова ўправы каапэратыву аб пераводзе Сумленевiча з пасады загадчыка аддзелу на рэфэрэнта. Пераўтварылi яго ў маленечкага, ад сёньня заўсёды трусьлiвага, чалавечыка, як сказаў-бы пра становiшча Сумленевiча адзiн зь яго сэзонных сяброў (зь нятоенай, вядома, задаволенасьцю).

Зрэшты, хтосьцi зь iх – канкрэтна не запамяталася гэта Сьцяпану – адведаў яго, бадай, у той-жа дзень. Паводзячы сябе бы наведнiк заапарку, ён з жартаўлiвай, але досыць праўдзiвай, асьцярогай падаў Сумленевiчу руку.

– Ну й зарос ты, Сьцяпан, быццам воўк у клетцы!

Так: у той дзень.

– Воўк?! – зьдзiвiўся Сьцяпан. – Ваўку, хiба, трэба абрастаць?

– Гэ, бадай, не, – ён усьмiхнуўся па-бабску, з пляткарскай сымпатыяй. – Ты нiкуды не паказваесься, таму й падумалася мне пра зьвера... – гаварыў Сьцяпану шмат i ахвотна.

Ён не прыйшоў дамаўляцца зь iм на выпiўку; здаецца, што – ад некаторага часу – i ня пiў (зноў пачаў прысядаць ён да чаркi, як потым сказалi Сьцяпану, у пэрыяд рэарганiзацыi, якую, усё-такi, правялi).

– Сьцяпан, – загаварыў ён з аглядкаю. – Сьцяпан, кiдай ты пад халеру каапэратыў i бяжы адсюль, куды цябе вочы панясуць!

– У чым справа?.. – запытаў яго Сьцяпан. Гаварылi яны да сябе па iменi; у яго было рэдкае ймя – Анастас?

– Гэ, муж нявернай жонкi даведваецца аб усiм апошнiм... – i ён расказаў Сьцяпану пра вельмi важнае.

Але Сьцяпан ня чуў яго, задумаўшыся над сьпiсаным алоўкам. Таму ён i перапытаў размоўцу, перш папрасiўшы ў яго папяросу (забыўся купiць пачак "спортаў"):

– Ага, прабач... Як ты сказаў?

– Ня верыцца табе, га?

– Чаму? Цiкава...

– Цiкава, кажаш? Браток, тут табе ўцякаць трэба! Бегчы, няхай сабе й зь дзьвярыма на плячох – пазбудзесься дошкi з клямкай на вулiцы, калi прыпынiсься, каб пераканацца, цi не даганяюць цябе, гэ... На, закуры яшчэ, ён падаў Сьцяпану дзiвосна тоўсьценькую папяроску, даўкую. – Сам я чуў усё наконт цябе, яны ня тояцца з гэтым. Больш скажу: спэцыяльна гавораць яны пра тое ўголас, каб падрыхтаваць настрой сярод так званага калектыву. Нябось, недурныя госьцi, гэ... Што? Думаеш – я махлюю?

– Ты, калi ласка, паўтары мне...

– З табою, Сьцяпан, размаўляць горш, чымсьцi з бабуляю, – гаварыў ён зь бестактоўнай весялосьцю. – Слухай: яны ўчыняць над табою грамадзкi вэрхал, iначай – агульны сход працаўнiкоў установы закляймiць цябе, як небясьпечнага хулiгана й вырадня! Сьцямiў? Гэта называецца пазытыўна паўплываць на незалежны ў сьвеце суд, на якi, несумненна, аддасьць Сумленевiча гэтая хэўра. Сьведкаў падрыхтавалi. Ты ня сьпi ў шапку, пагалiся, браток, i, плюнуўшы на дурны штат, салiдна акопвайся са сваёй бандай – чыя акажацца яна большай, таго й праўда будзе, – ён змоўк у чаканьнi ўражаньня.

– Ты, мабыць, добра кажаш.

– Як самому сабе, браток, га.

– Будзеш маiм сьведкам?

– Я?

– Ну.

– Я аб нiчым ня ведаю, дарагi.

– Раскажаш ты, от, пра мяне, як пра чалавека, суду i людзям, – у далонi Сьцяпану зламаўся аловак i выступiла кроў; пакалечанае прыткнуў ён да вуснаў.

– Я не магу табе нiчога пэўнага абяцаць, – ён адказаў яму сiпеючым голасам. – Я, бачыш, выкупiў пуцёўку ў вадпачынак, гэ...

Ад нязначнай ранкi на руцэ пашыраўся боль. Ад гаючай пякучасьцi сьлiны.

– Сьведка можа апраўдаць сваю непрысутнасьць перад судзьдзёю толькi цяжкай хваробай, – сказаў Сьцяпан.

– Ты ня зробiш мне такога, – устаў цэлы Анастас (ён – Сьцяпан не памыляўся – меў мянушку Глянцпаперчык).

– Не паратуеш, дружа, мяне?

– Як, браток? – загарачыўся ён i ляпнуў: – Цябе я не абараню, а сам прападу. Зразумей, яны, – ён панiзiў голас, – так прыцiснуць цябе, што ўсе мы з табою насамi ў зямлю зарыем. Нешта не даводзiлася мне сустрэцца з фактам, калi начальства прайграла справу ў судзе...

– Разумею. I не крыўдую я на цябе.

– Ну, браток, бывай.

– Да пабачэньня.

Глянцпаперчык разьвiтаўся са Сьцяпанам без намеру калi-небудзь пабачыцца зь iм. У першую хвiлiну жадалася Сьцяпану ўстаць i выйсьцi разам зь iм, нават сказаўшы: "Пачакай, i я йду". Ад млоснасьцi, аднак, яму адбiрала ногi, а ў горле брыняў камяк, якi меў смак радыскi.

Баючыся званiтавацца, Сьцяпан прымусiў сябе ўявiць рэчку й поле, купаньне на чыстых глыбiнях са жвiрыстым дном. Прохаладзь! Сьпеў матчыны: "Ой, рэчанька, рэчанька..."

– Да пабачэньня...

Дзьверы, незачыненыя за iм, паскрыпвалi ад скразьняку.

28

Сумленевiч пагалiўся ў цырульнiка, што адчынiў сваю майстэрню ў надта дарэчным месцы – у парт'ернi гарадзкой лазьнi. Ад нядбайна востранай брытвы пякла яму скура й хацелася пiць. I памыцца – вылежацца ў ваньне, ва ўсьпененай вадзе дакладна адкарэць, абмыцца й нацерцi цела шурпатым ручнiком; смачна пакурыць потым у чакальнай залi.

Прабыў ён у ванным пакоi мо' з гадзiну. Апранаючыся, зь недаверам зноўку прагледзеў тую паперку. "Вось табе й развод", – успомнiлася яму гутарка зь цесьцем. Ён скамечыў дакумант i шпурнуў яго ў сьмятнiчку, а неўзабаве – падняў адтуль, выгладзiў ды паклаў у партфэлiк з грашыма.

У каапэратыў вяртаўся ён цiхай Старабаярскай (тут чуваць было гудкi паравозаў на Фабрычным вакзале).

У галоўным сакратарыяце, калi Сьцяпан прачынiў туды дзьверы, было незвычайна спакойна.

– Шэф – на месцы? – запытаў ён у сакратаркi, аж тая зьдзiвiлася гэтым.

– Старшыня зараз заняты, – адказала яму. – Я пазваню вам, пане Сумленевiч...

Дзяўчына пужлiва ўздыхнула.

– Дзякую вам. Ня трэба – я сам, – кiўнуў ён галавою, як бы перадаючы загадзьдзя дамоўлены сыгнал.

Сьцяпану зрабiлася горача. Ён зразумеў, што падсьвядома сам прыкiдваецца прынiжаным, пераўтварае сябе ў жаласьлiвую ахвяру чыёгасьцi самавольства ў той час, калi мае ў сваiм распараджэньнi спосабы супрацiвiцца.

"Я скажу яму пра Кiру", – вырашыў Сьцяпан. Але не адразу ён учынiў тое, да дробязаў разглядаючы габiнэт, быццам нейкi мэмарыяльны пакой, прысьвечаны памяцi пiсьменнiка або вучонага.

– Алё, – ён пачуў праз мэмбрану сухi голас старшынi, якi, вiдаць, дагаворваў з кiмсьцi тэрмiновае. – Так...

– Я хачу пагаварыць з табою.

– Так... А хто гэта, э, звонiць?

– Ты не пазнаеш мяне? Я – Сьцяпан.

– Як?

– Сьцяпан!

– Сьцяпан? – i, затым, старшыня да таго кагосьцi: – Вы, э, прабачце мне... Алё, я слухаю, слухаю вас.

– Сьцяпан Сумленевiч тут, – вымавiў ён з расстаноўкай, набiраючыся заедлiвага гневу. – Су-мле-не-вiч... Чуеш ты мяне?

– Гм, э... Паслухайце вы: у мяне зараз, э, няма часу на размову. Пазванеце мне, прашу я, э, вас, заўтра ранiцай, калi ласка.

– Заўтра – гэта доўга.

– На жаль, э, сёньня ў мяне крайне запоўнены дзень. Э, так.

Сьцяпан цярплiва прапанаваў:

– Я зьяўлюся ў цябе ў дзевяць гадзiнаў ранiцы. Добра? – ён ужо як бы пабойваўся таго, што шэф, вось, пачне сыпаць сьмехам i скажа: "Пацалуй ты мяне, ведаеш, дзе?.."

– Вы перш пазванеце мне...

– Нашто? Цi ня можна нам зараз дамовiцца?

У тэлефоннай трубцы заглохла; яе засланiлi далоняй.

– А ў чым, э, справа, калi гэта не таямнiца?.. – запытаў старшыня, i Сумленевiч пазнаў па яго голасе, што ён сьмяяўся.

– Дробязь: Кiра перадае табе сардэчныя вiтаньнi й нешта такое, што хачу я ўручыць табе асабiста, – Сьцяпан дадаў: – Калi так можна сказаць, уласнаручна...

– За вiтаньнi ад вашай жонкi я дзякую, э, але не разумею iх? – адказаў яму старшыня. – Адносна-ж вашай просьбы аб сустрэчу са мною, дык, э, калi ласка, званеце мне вы, э, прыкладна, у восем гадзiнаў ранiцы. Заўтра.

– Ты запамятай сабе, што ад сёньня мы зьяўляемся шваграмi, гэта значыць, ад мiнулай ночы, i будзем карыстацца мiж сабою формай "ты".

Старшыня выключыўся.

– Звалата! Круцель! Паганец! – Сьцяпан ператрасаў шуфляды пiсьмовага стала ў сьляпой надзеi знайсьцi там ладны недакурак; часамi валялiся яны ў звалцы ўсялякiх алоўкаў. – Дурная Кiра! Дурныя бабы! Дурны сьвет! А найдурнейшы Глянцпаперчык! Ён, гэта тая людзiна, што нiчым ня стане рызыкаваць. А чаго-ж ты, брацец-Гляньцец, даб'есься ад свайго лёсу бяз рызыкi, га? Сярэдняй пэнсii на старасьць, ня болей. I горка сам заплачаш перад сьмерцю, што так недарэчна жыў столькi гадоў, столькi гадоў... Да чаго-ж гэта ўжо даходзiць: штораз больш людзей дрыжыць за кавалак чагосьцi iм дадзенага, – бушаваў Сьцяпан, аднак-жа, не падпускаючы да сябе поўнай пераконанасьцi да выказанага, каб не разгубiцца. Не ашалець! – Бач ты яго, Глянцпаперчыка: знайшоўся ён мне дарадчыкам! Ты, маўляў, Сумленевiч, уцякай з гэтай працы на iншую. Калi ня зробiш таго загiнеш! Яны, бандыты, наладзяць над табою гэткi глум за нiшто, якога ты да канцавiны сваiх дзён не забудзеш. А я, iдыёт, што й казаць, прыняў яго словы да сэрца, прыпужаўся, забыўся на тое, што мне якраз трэба публiкi, публiкi мне трэба, публiкi!.. Сказаць – перад усiмi – праўду патрэбна мне, выкласьцi яе ўвачавiдкi. Я разумею, што праўда можа й сто гадоў ляжаць, быццам багэмскi пярсьцёнак, гэтае прыдуманае нiбы-золата. Выклiчуць мяне на грамадзкi суд?.. Гэтым яны самi падлезуць пад нож! Бог iм розум адабраў... Кiра ўсё гэта падказала казлу, абдурыла яго, каб такiм чынам адпомсьцiць яму? Не, яна разьлiчвае на дзеяньне хабару: просьценька, паслухмяна, даверлiва. Улада прайдзiсьветаў трымаецца, а як-жа, на тым, што звычайны чалавек ня верыць у тое, што найжахлiвейшае паскудзтва можа сабою прыкрываць яшчэ больш жахлiвае. Задам я iм пытлю на iх судовым фарсе, скрозь зямлю яны праваляцца! Пачну я сваё выступленьне з этычна-маральнай характарыстыкi шэфiка. Кiраю ён не паслужыцца... Могуць, халеры, апамятацца ды раздумаць iнсцэнiзаваць апавяшчэньне грамадзкай анатэмы супроць мяне. Што тады мне рабiць? Як гэта будзе можна заахвоцiць iх для таго, каб пачулiся яны зусiм упэўненымi... Трэба мне прыкiнуцца перапалоханым? Хоць гэта й птушыны, але – неблагi спосаб. Заўтра, у старшынi мо' нат удасца й расплакацца?.. Ах, у мяне больш шчасьця, чымсьцi розуму...

* * *

Адбылося iнакш.

Цяпер Сьцяпану зразумела, што старшыня – у сапраўднасьцi – забаўляўся. Гэта была спрэчка памiж гадзiньнiкавым майстрам, якi ведае мэханiку часу, i яго клiентам, якi ўмее толькi злавацца на тое, што ўсё часьцей ён плацiць за рамонт паношанага.

У сваю апошнюю, ранiшнюю, гутарку зь iм Сумленевiч, як гэта яму ўяўлялася, хiтраваў цэльна.

Сказаў ён нягоднiку:

– Я вельмi дзякую вам, пане старшыня, за тое, што вы схацелi прыняць мяне. Прашу прабачыць мне ўчарашняе маё грубiянства; я непатрэбна расхваляваўся, але гэта нiякае апраўданьне маё. Вiнаваты я! I нават, калi вы па сваёй ветлiвасьцi й дабрынi пачнеце супакойваць мяне, дык усё роўна застануся я ў смутку... Сьцяпан гаварыў i гаварыў, чакаючы слоўца рэплiкi ад старшынi. Успацелы, ён змоўк.

Тое, што старшыня не папрасiў яго сесьцi ў крэсла, Сьцяпан палiчыў спрыяльнай яму праявай, уданым паглыбленьнем задумы.

– Я слухаю, э, вас, – азваўся старшыня да Сьцяпана, папiваючы чорную каву з узорыстага кубачка.

Складвалася нешта па-вялiкапанску абражальнае; аб лепшым разьвiцьцi падзеяў Сумленевiч i ня мог марыць: "Цудоўна! Каб адно не папсавала ўсяго тут тэма Кiры..."

– За гэты няшчасны падпал я ня толькi гатовы, але й павiнен адпакутаваць, пане старшыня! – вярэдзiў яму Сьцяпан. – Прашу я вас аднаго: забудзьце вы пра мае сьмешныя iдэйкi! I паверце мне: за гэтыя днi я шмат чаго перадумаў. Зараз стаў я iншым чалавекам. Вы не палiчэце маiх словаў, крый мяне Божа, як намёк на спагаду... Суд вызначыць меру маiм учынкам. I калi я чаго баюся, дык паблажкi...

Сьцяпан недзе даў маху.

Гэты балван, перад якiм ён спавядаўся, перабiў яго:

– У мяне, э, няма часу. Цi гэта ўсё, э, што вы хацелi мне сказаць? Э...

– Гэта ўсё. Дзякую вам. Я вельмi вам дзякую, пане старшыня! – маласловiў Сьцяпан. Яму адбiрала дых радасьць, радасная палёгка, яе тандэтны гатунак.

Пагрозьлiвасьць, праўда, ён адчуваў, але падобную да пагарды.

Грамадзкага суду над Сумленевiчам старшыня не зьбiраўся наладжваць, у чым Сьцяпан, аднак, ня меў пэўнасьцi. Распускаючы чуткi пра свайго дзiўнага супрацоўнiка, ён, як шэф, меў на ўвазе iзаляваць яго ад асяродзьдзя. Страхам!

I гэта стала ясным зноў-жа пазьней.

29

Сьцяпана чакала позва ў пракуратуру. Кiра, прыняўшы яе пад распiску, ня ведала, дзе шукаць мужа. Яна папрасiла дапамогi ў старшынi.

Пракурор – лысы й, вiдаць, ня надта здаволены кар'ерай, – паводзiў сябе зласьлiва. Ён прачытаў Сьцяпану мiлiцыйныя матэрыялы й, непрыемна камэнтуючы iх, запытаў:

– Грамадзянiн Сьцяпан Сумленевiч – цi вы пацьвярджаеце пачутае тут вамi?

– Пацьвярджаю.

Пракурор адламаў палавiнку таннай папяросы й, замацаваўшы яе ў люльцы, з натхненьнем закурыў.

– У мяне ёсць да вас пытаньне, грамадзянiн Сумленевiч.

– Слухаю вас, пане пракурор.

Прыплюшчыўшы вочы, ён зацягнуўся дымам.

– Скажэце мне, так напраўду, за што вы, грамадзянiн Сумленевiч, хацелi адпомсьцiць свайму шэфу?

– Перш чым адказаць вам на гэтае пытаньне, дазвольце мне, пане пракурор, закурыць...

– Прашу, – ён ветлiва працягнуў Сьцяпану папяросьнiцу, шчыльна запоўненую. – Курэце, калi ласка.

– Дзякую вам, пане пракурор, – Сьцяпан дастаў свае. – Я прызвычаены да слабейшых. – I прыкурваючы: – Пане пракурор, пра гэта ўжо пыталi ў мяне iншыя, – ён выдыхнуў салiдную порцыю дыму, ад якога закалола яму ў мазгох. – Каб не займаць вам, пане пракурор, шмат часу, я хачу адразу заявiць, што прычыны падпалу мною машыны старшынi знаходзяцца далёка ад якiх-небудзь асабiстых або прыватных справаў.

– Напэўна?

– Напэўна, пане пракурор.

– Ой, людзi, людзi... А пратакол вы, грамадзянiн Сумленевiч, праслухалi ўважлiва?

– Матыў жончынай здрады, пане пракурор, надта-ж прыйшоўся даспадобы сяржанту, якi дапытваў мяне, – Сьцяпан усьмiхнуўся са зьняважынкай на вуснах. – Ну й каб зрабiць яму прыемнасьць, а ўсур'ёз кажучы, каб хутчэй давесьцi справу да ведама суду, я згадзiўся...

– Дарагi пане, вы забываеце, перад кiм гэта гаворыце! – ён прыкурыў наступную палавiнку папяросы. – Калi з вас такi змагар за iдэю, дык скажэце, навошта вы размалявалi вось гэты аб'ект? – i пракурор выклаў на стол перад Сьцяпанам буйнага фармату здымкi з тымi эмалевымi яго надпiсамi. – Ну?!

– Узяла мяне злосьць...

– Я разумею – падпал легкавой машыны пажылога набабнiка, спроба пабою нявернай жонкi, урэшце, абразьлiвыя надпiсы – усё можна зразумець. I за ўсё гэта вы адкажаце перад судом, як за незаконныя ўчынкi. Вось, калi ласка, пачытайце паказаньнi сьведкаў.

Сумленевiч, бадай, тры разы прагледзеў паказаньнi цесьця. Кароткiя, амаль агульныя, яны, папраўдзе, уяўлялiся яму кулаком, якiм пагрозьлiва махаюць, але яшчэ ня б'юць.

– Я зараз вам усё растлумачу, – сказаў Сьцяпан: "Мне трэба было наведацца дамоў, а не адразу бегчы ў пракуратуру, як да спачувальнай цёткi!" – Тут, у паказаньнях сьведкаў, другараднае пераўтворанае ў галоўнае, пане пракурор. Падпальваючы халерную машыну старшынi, я меў на ўвазе завалачы злодзея якраз у суд. Не на тое, каб яму даказваць яго злачынствы, бо такiх магчымасьцяў у мяне няма, але публiчна акампраметаваць i гэтым перашкодзiць у ганебнай яго кар'еры. Нiчога больш. А пра Кiрыну здраду я тады й ня чуў, пане пракурор.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю