355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сократ Янович » Сьцяна (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Сьцяна (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 20:05

Текст книги "Сьцяна (на белорусском языке)"


Автор книги: Сократ Янович


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 11 страниц)

24

Сьцяпан ня здолеў вырашыць той дылемы i ў нечаканую каманьдзiроўку ў Варшаву, куды яго папрасiлi ў сувязi зь вiзытам iнспэктара ў каапэратыве. Не давала яна супакаеньня яму, быццам трэшчына ў сьцяне. Здавалася Сьцяпану, што бачыць ён таго забывайку ў купэ вагона; нiчога, што нiколi не сустракалiся яны з сабою й нават ня ведаў ён, цi гэта быў беластачанiн. (Ехаў Сьцяпан у Варшаву з маладым барадатым незнаёмым, да якога ў Лапах падселася дзяўчына зь неўгамоннай весялосьцю.) Праўдападобна – здагадваўся ён наконт таго студэнта прасьцяцкая камбiнацыя маладзiка разгортвалася наступным чынам: было iх трох студэнт, шэф i падначалены яму, – Сьцяпан круцiў гузiк на пiнжаку. – Студэнт праводзiў сваю зьдзелку, менавiта, цераз падначаленага, якi не любiў свайго начальнiка, i то досыць адкрыта. Як было яму частаваць iх? Разам – разыкоўна для яго суадносiн зь iмi. Паасобна – навяло-б на яго падазрэньнi аб хiтраваньнi з адным супроць другога...

У Варшаве запыталi ў Сумленевiча пра штосьцi, што лiчыў ён даўно высьветленым.

Пачуў ён:

– Скажэце, калi ласка, як гэта магло здарыцца, што пабудавалi цэлы вялiзны дом, не карыстаючыся пры гэтым нiводнай афiцыйнай паперкаю? Якой вы думкi?..

Сьцяпан прыпацеў:

– Мне цяжка сказаць, ведаеце... Дом прыймала камiсiя...

– Мы запрасiлi вас, пане Сумленевiч, дзеля, так сказаць, кансультацыi. Вы, працуючы на месцы, арыентуецеся...

– Няма, хiба, дакумантаў?

– У тым i бяда, паважаны калега, што наяўныя дакуманты ў поўным парадку!

– Прабачце мне, але, калi я вас добра пачуў, якраз адсутнiчае дакумэнтацыя будынку, пра якi йдзе наша гаворка.

– Так. У гэтым i ўся кур'ёзнасьць справы. Падобна на тое, што хтосьцi зрабiў будаўнiчы падарунак дзяржаве й, па фальшывай скромнасьцi, саромеецца выявiць сваё прозьвiшча, каб узнагародзiлi яго па заслугах, – усьмiхнуўся мiнiстэрскi субяседнiк з чорцiкамi ўваччу. – Камплект дакумэнтацыi гарадзкога кварталу, узьведзенага фiрмай, аформлены ўзорна, можна сказаць, прыкладна, хоць ты выкладвай яе ў музэi добрай работы, якi, мабыць, будзе створаны...

– Што-ж: сябры будаўнiкi, вiдаць, ня згледзелi таго, што могуць спакойна ўзяць сабе матэрыялы на адзiн будынак. Зазявалiся яны, чаго, праўдападобна, i шкадуюць зараз, – сказаў субяседнiку Сьцяпан. I дадаў ужо безь iронii: – Цi не прасьцей было-б вам пасадзiць на маiм месцы старшыню й задаць яму гэтае пытаньне?

– Гэта ня так проста, пане Сумленевiч. Старшыня выконвае ўсяго агульны дагляд...

– Не настолькi агульны, каб не прыкмецiць новага аб'екту, – перабiў яго Сьцяпан, са злосьцю. – Я, на жаль, ня ў стане сказаць вам што-небудзь канкрэтнае. Не таму, што не хачу. Не. Справы, зьвязаныя з будаўнiцтвам, не знаходзяцца ў маiх службовых абавязках.

– Ведаем тое. Аднак-жа...

– У нiчым я не змагу вам дапамагчы.

– У мяне склалася такое ўражаньне, што мы не зусiм разумеем адзiн аднаго, пане Сумленевiч.

– Магчыма.

– Наша размова мае паўафiцыйны характар. Нам залежыць на...

– Дзiўна, – зноў ня даў яму закончыць Сьцяпан. – Падначаленаму даволi ўвайсьцi ў канфлiкт з шэфам, як тут-жа пачынаюцца ў дачыненьнi да яго цiхiя прапановы, ад якiх ажно сьцiшнавата на душы. Я сапраўды непрыдатны вам. Ну, праўда, яшчэ й сёньня часам рагочуць у каапэратыве з таго, як гэта Ваньку, што падседзеў майстру чаравiкi, пасадзiлi ў турму, а за тую будынiну нiкому й валаска з лысiны не зьнялi – калi вас такая iнфармацыя задавальняе, дык...

– Дзякую вам. Камандзiроўку падаб'юць вам, пане Сумленевiч, у сакратарыяце. Да пабачэньня й шчаслiвай вам дарогi. Ага, прашу вас нiкому не перагаворваць зьместу нашай размовы.

– Ясна. Да пабачэньня.

Сьцяпан пасьпеў на хуткi цягнiк, што ад'яжджае пасьля чацьвертай з Цэнтральнага.

Успацеў ён да апошняй нiткi, пакуль выхадзiў сабе месца ў перапоўненых вагонах. У тамбуры – мужчыны, што вярталiся дамоў пасьля дэмабiлiзацыi, п'яна сьпявалi дурныя песьнi й выкрыквалi грубiянствы на чараду дзяўчынак з турысцкiмi заплечнiкамi, пужлiвых. Нейкая жанчына абурылася на гэта; стаяла яна за Сьцяпанам. Гарласты й з расшпiленай кашуляй вырачыўся на яе, прасiпеў жахлiвае й, расьпiхваючы пасажыраў, стаў працiскацца да кабецiны, якой зычлiвыя шапталi: "Уцякайце, цётка!"

Сумленевiчу тузала ў кульшы. Быццам нiчога не здарылася, ён пасьвiстваў сабе балаганную мэлёдыю. Неўзабаве дыхнула на яго гарам, перамешаным са смуродам нячышчаных зубоў, i мускулiстая далонь ухапiлася яму за заднiцу, каб адкiнуць на сьценку. Для пераходу.

– Хто гэта мяне мацае? – запытаў Сьцяпан у расчырванелай морды. – Я дрэнна пераношу пэдэрастыку.

– Зыйдзi мне з вачэй, лахман! – той кальнуў зрокам ашалелага быка.

Сьцяпан урэзаў яму кулаком у падбародзьдзе. Бамбiза, раскiнуўшы рукi, валiўся плячыма назад. Узьняўся вiск i блiзка заплакала дзiця; ён аглянуўся туды.

Той падаў, хапаючыся за што папала. Сьцяпан паправiў свой удар, наводлiў б'ючы яго па носе, зь якога пырснула юшкаю. Iмгненна стукнуў ён яшчэ яму чаравiкам мiж ног i, нягледзячы на жывёльны яго рык, паўтарыў гэта з усяе сiлы! Затым, выцягнуўшы з чыёйсьцi падарожнай сумкi вучнёўскую лiнейку даўжынёю з паўмэтра, Сьцяпан кiнуўся зь ёю на банду, амаль адсякаючы прыладаю вуха першаму з буяноў, якi сеў, завалiўшы сабою дарогу. "Мiлi-iцы-ы-ы-ыя-я-ааа!!!" – недзе енчыў галасiска. Сьцяпан, бы на дрыгвянiку, топчучы па сплеценых нагах адурэлага натоўпу, прагнаў двух, што адвалакалi пакалечанага. Баявейшаму зь iх дасталася ад яго ў дыхавiну, ад чаго той разявiўся й, усё роўна што плаўлены прут, хiлiўся папалам... Уцалеў найменшы лабасты, каротканогi й сутаргава неспакойны; ён уцякаў. Сьцяпан, неспадзявана цэльна, аглушыў яго сiнiм гаршком, якi валяўся на падлозе, i раптоўна адчуў сваю стомленасьць усiм. Гудзела сумятня й лямант: "Рату-у-унку-у-ууу!.. Мi-iлi-i-iцы-ыя-ааа!!!"

Сьцяпан расчынiў дзьверы й асьцярожлiва зыйшоў на прыступкi, пад якiмi iмчала зямля, пасечаная шпаламi.

Наблiжалася станцыя. Яшчэ досыць далёка беляхцеў цагляны будынак i паламанымi запалкамi стырчэлi сэмафоры. Сьцяпан ведаў ад старых, што перажылi нямецкiя вывазкi на работы: у такiх выпадках трэба скакаць зь бегам цягнiка й добра перабiраць нагамi, каб страцiць iмпэт, ня бразнуцца вобземлю. Але гэтае яму не ўдалося; перашкодзiў чамаданiк, якi трэба было загадзьдзя выкiнуць у вадхон.

Упаў ён, ажно яму ў галаве пацямнела. (Чамаданiк адляцеў у поле, у канюшыну.) Балела Сьцяпану ў калене, там, дзе пашыралася дзiра ў нагавiцах. Пакульгваючы, пайшоў ён мяжою ў кiрунку купы дрэваў. Збоч ад iх, рассыпаўшыся ланцугом, iшлi праз збожжа прыгорбленыя постацi. "Аблава?!" Тыя чагосьцi шукалi не адгiнаючыся, i ён зразумеў, што яны выполваюць асот. Не жадаючы быць заўважаным iмi, перабраўся Сьцяпан на другi бок чыгункi (цягнiк на станцыi, было гэта вiдаць адсюль, усё стаяў).

Прымасьцiўся Сьцяпан пад кустом, над мэлiярацыйным ровам, у якiм беднай ручаiнай цякла чысьцюсенькая вада; ён пакаштаваў яе: патыхала яна балотам. "Ня мела баба клопату, дык купiла сабе парася, – асядала разьюшанасьць у iм. Неверагоднае, як гэта я адлупцаваў столькi чалавек?! Былi ўсе яны салiдна запраўленыя гарэлкаю, аднак моцна дапамог мне ў гэтым вузкi калiдор... Чорт шапнуў мне зачапiць шайку! Палез я на дурманаў з-за халернай абыякаўшчыны тлуму, ягонай баязьлiвасьцi. Ня зьдзiвiць мяне, калi на станцыi, акажацца, гуртам шкадуюць там тых лайдакоў ды спачуваюць iм бабы й дзяўчаты, мужчынiскi i ўкормленыя дзецюкi, цэлая збродзiна паказных заступнiкаў. – Сьцяпан распрануўся да бялiзны й, намачыўшы насоўку, чысьцiў плямы на касьцюме. – Хэ, ну й каўбой я! Адкуль i зьявiлася ў мяне гэткая разбойнiцкая справядлiвасьць... Добрасумленна кусаю я, бо заўсёды ёсьць што праганяць, – на крысе яго пiнжака iрдзела лапiна алейнага бруду. – Ужываньне насiльля зьяўляецца пытаньнем грамадзкай мэтазгоднасьцi? Калi так, дык я разграшаю сябе: прадэманстраваў шматлiкiм асобам, што можна ня толькi ўцiхамiрыць хулiганаў, але й накласьцi iм. Гэ-гэ, пры ўмове, што публiка не ўспрыняла мяне як дзiвосу: жарты – гэтулькiх пабiў. Трапiла каса на камень! Жаль, што я ня выкрыкнуў: "За крыўду дзяўчатаў i бабулi, ура, у атаку!" Цяпер, пэўна, кажуць людзi мiж сабою: гэткага бандыта мы яшчэ ня бачылi, ай-яй-яй... Не дай Бог, паночку, сустрэць яго на дарозе сярод лесу – цябе заб'е, а жонку тваю да паўсьмерцi змучыць ды й напаскудзiць ёй на жывот, адзеньне яе падзёртае на ялiну закiне, каб ня мела ў чым на людзкiя вочы паказацца i ўзьняць шум. Так забаўлялiся, пане, марадзёры, што рабавалi за фронтам. – З лужка выехала фурманка, гружаная блiшчастымi мяшкамi мiнэральных угнаеньняў; селянiн крочыў побач яе, паганяючы ляйчынаю каня. – Як мне схавацца за малым гольлем? Сьцяпан прыкiнуўся загараючым на сонцы турыстам, што змарыўся вандраваньнем. Адбылося iначай: хлебароб уехаў у нябачную палявую дарожку й зьнiк за ўзгоркам. – Сьвiшчу я, во, асталопень, у чужым палетку. Плакаць няма як i дамоў блiзкi сьвет..."

Сумленевiч пачакаў чарговага цягнiка ў прыстойнай адлегласьцi ад глухога пэрону; у адвячорак. Яму надалей не зусiм верылася ў тое, што, вось, ён лiчыцца ўжо злачынцам, кiмсьцi, каго вышукоўваюць ды ловяць, адзiнкай, якая марыць аб зьмене твару й жыцьцяпiсу, аб нерэальным; якая не баiцца паўтарыць дзяцiнства й маладосьць, забыўшыся на перавагi даросласьцi, яе паўнату. Сьцяпан таiўся за крушняй каменьняў ля дзiкай грушы, ня могучы дазволiць сабе разьмясьцiцца на забытай лаўцы за станцыйнай агароджаю, зьнявечанай. Сачыў ён за вокнамi; узбрылося яму, што адтуль праглядаюць ваколiцу пiльныя мiлiцыянты.

Даймаў яму холад. Хацелася есьцi; ветрык прыносiў ад хатаў за лiпамi пахi вячэры й сырадою. Па-немаўляцку дакучлiва бляялi там авечкi. З-за паўразваленага плоту сядзiбы ў садзе выбег хлопчык, запiхаючы сабе за пазуху, няйначай, яблыкi. Ён хутка падняў з лапухоў трантаваты ровар i пафiнiшаваў на iм да дрымотных загуменьняў. У калюжыне запушчанай сажалкi дзерлася жаба. Дым з комiнаў усьцiлаў далiнку, згушчваючы туманец.

Смутак пакiнутага дзiцяцi праявiў у Сьцяпанавай памяцi сварку мацi на яго, калi, абражаны яе поўхаю, адбягаўся ён за весьнiчкi, на вулiцу, дзе пакутлiва ўслухоўваўся, цi яна ня клiча яго вячэраць. Прыкiдваўся тады, што гуляе: ражном рысаваў ля плоту рыбу, тлустага акуня. Працягвалася гэтак да зьмярканьня. Сябрукi, асаблiва рыжы Вiцька, зайздросьцiлi Сьцяпану таго, што не дастанецца яму ад бацькi. ("А мой татка як ляснуў мяне, во, тут, дык я аж скруцiўся на месцы", – паведамляў рыжы.)

На пэроне зьявiўся дзяжурны руху. За iм калывалiся пасажыры (гусяняты за квактухаю).

Фары паравоза, бы фантастычная пагоня, падкрадалiся зь цемрадзi, адкуль прыйшоў Сьцяпан.

У Беласток цягнiк прыбыў глыбокай ноччу; звыш гадзiны прастаяў ён на разьезьдзе, сярод зарасьнiкоў, у якiх пяяў салавейка.

Сьцяпан, змораны дарогаю, нахабна спынiў на прывакзальнай вулiцы таксi i ўпрасiўся на другога. Яму не ўдалося-б такое, калi-б п'яны тып, што вяртаўся iм з пагулянкi, не пазнаў яго, дзякуючы ўладжанай справе, зь якою ён прыходзiў да Сумленевiча. "Я ведаю, што вы, пане, не пазнаеце мяне, i нiчуць не крыўдую на вас за гэта, – плёў ён Сьцяпану. – Усiх, хто прыходзiць да вас, запамятаць вам, вядома, немагчыма. Я гэта разумею. Вы, пане, добры чалавек,i таму, як убачыў я вас на вулiцы, адразу крыкнуў: "Стань!" Не, кiраўнiк?!" – зьвярнуўся ён да таксiста, якi не адказаў яму.

Дома нiхто ня ўстаў на прыезд Сьцяпана.

Кiра спала. Цесьць, начны госьць, нездаволена бурчэў за сьцяною. Сьцяпан папоцемку распрануўся. Ён падумаў, што было-б лепш заначаваць яму ў знаёмага. Хаця-б i ў таго члена камiсii.

Балела Сьцяпану калена.

Кiра беспрытомна вымавiла незразумелае слова. Сьцяпан пачуў, што яна храпе, неглыбока. Каб заснуць, ён успамiнаў нуднае. З вулiцы далятала бзычаньне запозьненай машыны й скакала па бiблiятэчнай шафе ў пакоi лапiнка сьвятла ад электрычнай лямпачкi на слупе, што насупроць акна. "Яны, у цэнтры, прызвычаеныя да падатлiвасьцi людзей, якiх выклiкаюць да сябе. Ня лiчацца зь iмi? Звычайна, ня лiчацца, i ўсё! Шукаюць яны кiя на старшыню? Няхай. Я ня буду чаранком iх палкi! Дачулiся там пра мае разлады й, бачыш, надумалiся пакарыстацца мною, пакуль хаджу я па волi... Гiдасьць!"

Дагэтуль дасьведчанае Сьцяпанам уяўлялася яму благiм сном, якi, некалi не без зацiкаўленьня, выслухаюць у кампанii. Таварыскасьць урадоўца наглядаецца ў настроi сяброўскiх п'янак, што наладжваюцца ва ўтульным пакоi юрыдычнага дараднiка каапэратыву, да якога рэдка заходзiць начальства. Або ў габiнэце загадчыка няважнага сэктару, асобы з вышэйшай адукацыяй, пра якую вядома, што ўжо нiчога не чакае ад будучынi.

25

Працавалася Сумленевiчу ў гэты дзень лёгка. Бываюць моманты, калi справы амаль самi афармляюцца – дастаткова дакрануцца да iх сваёй актыўнасьцю. Дзейнiчае закон шчасьлiвага зьбегу акалiчнасьцяў, якi называюць сьпеласьцю сытуацыi.

Ён закончыў аналiз стану разьвiцьця паслугаў у бельскiм аддзеле. Пiсаў дакумант зь перапынкамi; не хапала Сьцяпану агляду, што не дазваляла яму скарыстаць прыдатнасць падрабязных зьвестак. I толькi ў гэты дзень, раптам, усё сталася яму зразумелым i ясным. (Справаздача камiсii, яе значэньне як бы паменшала ад таго.)

Калi цесьць зьявiўся перад вячэрай – Кiра дзесьцi прападала – Сьцяпан прыкiнуўся хворым i папрасiў у цешчы таблетак ад галаўнога болю (яна мела iх цэлую аптэку).

Браўся Сьцяпан чытаць кнiжку, наўздагад, калi ўзьнялася сварлiвая гутарка...

– Што ты сабе думаеш? – загаварыў да Сьцяпана цесьць, прыглядаючыся да ягонай кнiжкi, быццам муляр да цэглы. – Рабi штось, каб цябе не зьелi! Чаму ты не пагаворыш са старшынёю, га?

– З кiм?

– Яшчэ пытаеш – з кiм, гаўняк ты!

– А ён – сыфiлiтык!

– Ты заглядаў яму пад хвост?

– Даволi паглядзець на яго нос...

– Ня совай, мацi, свайго языка, куды ня трэба, – адсек ён старой, якая, Сьцяпан добра таго не дачуў, баранiла зяця. – Я бачыўся з бухгальтарам, сказаў ён да Сьцяпана.

– Я не прасiў вас аб тое.

– Слухай, Сьцяпан, бухгальтар падлiчыў, што страты ад твайго падпалу машыны складуць каля пяцiдзесяцi тысяч, менш, чымсьцi спадзявалiся. Вядома, страхавальнае бюро...

– Дадасьць.

– А каб ты ведаў тое.

– Ну й няхай.

– Што – няхай? Будзеш ты плацiць, як за кавалерскае дзiця, старшынi за шкоду.

– Буду.

– Як гэта – буду?

– Звычайна, плацiць.

– Але, паслухай: у страхавальным бюро працуе твой калега, Антон. Ён ведае цябе, памятае, разумееш? Вы, ну, вучылiся разам...

– Не памятаю такога...

– Чорт, а не чалавек! Чаго ты, урэшце, хочаш?

– Мне балiць галава.

– Яна табе яшчэ ня так забалiць!

– Чаго вам трэба ад мяне?

– Ты, паслухай, узяў маю дачку, i я не дазволю на тое, каб яна пакутавала за табою! Ты – мужчына! – павiнен клапацiцца пра дом, сям'ю, дабрабыт. Мець жонку – гэта табе не раскоша. Гэта абавязкi! Беручы бабу, трэба ведаць, што робiш...

Сьцяпан не аказваўся. Яму хацелася пашчыпаць старога зласьлiвымi слоўцамi наконт яго паводзiнаў. Ён, аднак, раздумаў, паўстрымаўся. Гэта супакоiла iх, абодвух.

– Я ведаю, што раблю, – сказаў Сьцяпан.

– Наўрад, – адказаў яму цесьць i закурыў моцную папяросiну. Ён, наогул, мала курыў або й зусiм. – Як, скажы, з табою гаварыць?..

– Выкруцiцца ад пакараньня я не магу. Гэта абазначала-б мне папасьцi ў залежнасьць. Хочаце, каб я быў мужчынам, i, адначасова, намагаецеся зламаць маю цьвёрдасьць, кiнуць мяне на каленi перад начальнiкамi, перад бухгальтарам, якi заварвае гарбату старшынi, перад калегам, якi, чаго добрага, будзе разносiць па горадзе сьмехi пра мяне. Нашто?

– Дзе тут у цябе сесьцi? – стары разгледзеўся наўкола i ўзяў крэсла, што стаяла перад тэлевiзарам. – Мы, Сьцяпан, гаворым пра рознае. Твая фанабэрыя давядзе цябе да турмы!

– У мяне – фанабэрыя?

– Ага, у цябе.

– Нечуванае! Мы, можа, сапраўды гаворым пра рознае?

– Так, але ня ў тым сэньсе, пра якi ты думаеш.

– Дык у якiм-жа?

– А ў такiм, што табе, брат, напляваць на лёс чалавека, якi даверыўся твайму слову.

– Ах, якi высокi тон, – Сьцяпану дранцьвела барада. – Але, прабачце, не магу сьцямiць, калi я даў слова? Я ведаю, каго вы маеце на думцы...

Цесьць перабiў яго:

– Запамятай: разводу ня будзе! I ты будзеш танцаваць так, як табе зайграюць, – яго зрэнкi засмужылiся. – Iначай, зробяць зь цябе кашу!..

Цесьць схапiўся й пачаў хадзiць па пакоi, гледзячы сабе пад ногi. Сьцяпан, закрыўшы кнiжку, сказаў:

– Я разумею ваш неспакой, але вы зашмат сабе дазваляеце ў вадносiнах да мяне. Прытым, вы не жадаеце заўважыць, што я, усё-такi, не буян. А калi ўжо нехта павiнен баяцца суду, дык ня я.

– Ведаю, ведаю я твае iдэйкi, – ён спынiўся перад Сьцяпанам. – Хто мог падумаць, што ты паверыў у iх, як баба ў чорта? Гэта-ж у галаве не зьмяшчаецца! Трэба быць дурнем першага гатунку, каб наважыцца на такое... Ах, з кiм я гавару, – ён няўмела загасiў папяросу. – Шчасьце, што ў вас дзяцей няма, а то было-б – хоць ты аб печ галавою... I як думаеш ты далей жыць з гэткiмi мазгамi?

Сьцяпан прайшоў у калiдор, абуўся там i зьняў зь вешалкi плашч. Цесьць выйшаў за iм.

– Ты што? Ня хочаш са мною гаварыць?

– Мы ўсё сабе сказалi.

– О не, хлопчык, мы iначай пагаворым. – Ён адабраў Сьцяпану плашч. Дакладна разважым разам усе "за" й "супроць". Як у судзе. Ужо час.

– Калi ласка, – Сьцяпан: "Няхай толькi пачне ён рабiць зь сябе дабрадзея, дык тады я растапчу яго!.."

Пасядалi яны неяк урачыста.

– Ты, Сьцяпан, адукаваны чалавек. Зразумееш мяне. Прынамсi, зразумееш, стары зацiснуў далонi ў вадзiн кулак. – Так я лiчу...

– Абяцаю вам.

– Пастарайся, галубок. Гэта будзе ў тваiх iнтарэсах.

– Не сумняваюся, – iранiчна ўсьмiхнуўся Сьцяпан.

– Сьмейся ты, сьмейся... Старому прызнаеш рацыю. Я, у маладосьць, таксама ня быў лепшы. Ну, так, – цесьць паглядзеў у вакно. – Табе трэба пагаварыць з калегам са страхавальнага бюро. Зараз гэта самае галоўнае. Суд возьме пад увагу суму стратаў...

– Мы, здаецца, мелiся весьцi гаворку больш прынцыповую, – прыпомнiў цесьцю Сьцяпан.

– Хочаш?

– Хачу.

– Ну добра, – цесьць усеўся выгадней. – Добра. Справа, вось, выглядае так: захацеў ты, сынок, зажыць бяды й гэтак яно будзе.

– Калi я захацеў таго, дык нашто перашкаджаць мне ў гэтым?

– Ты – усур'ёз?

– Усур'ёз, – Сьцяпана ахоплiвала незразумелая весялосьць. – Вы, хiба, не пераканалiся ў тым?

– Сьцяпан, – сказаў цесьць, i жылы на яго шыi павяроўчалi. – Калi ты ня зьменiсься, дык давядзецца табе пакiнуць наш дом.

– Нам дадуць кватэру няхутка, – ён адказаў яму пасьля некаторага маўчаньня. – Чарга за iмi надта-ж вялiкая, а знаёмых у будаўнiчым каапэратыве ў вас, дарагi цесьць, няма.

– Ну...

– Не прападзем, бацька...

– Гавары за сябе.

– I за Кiру.

Стары скрывiўся й нешта прамармытаў.

Зьявiлася цешча.

– Хадзеце вячэраць, – сказала яна, акiнуўшы iх чуйным позiркам.

– Дурыш нам галаву! – вызьверыўся на яе цесьць. – Мне цяпер не да ежы, сказаў ён жаласьлiва. – Яго кармi! – кiўнуў галавою ў бок Сьцяпана. – Яму трэба многа есьцi, каб мець сiлу ваяваць за праўду...

– Дзе Кiра? – запытаў Сьцяпан.

– Павiнна ўжо быць дома, – адказала яму цешча й хуценька павярнула назад. – Iдзеце, пакуль гарачае...

Сьцяпан устаў. Цесьць гняўлiва прыгледзеўся зяцю.

– Рабi як хочаш, Сьцяпан, – кончыў ён гаворанае. – Я табе ня вораг. Сказаў, што думаю: губiш ты сябе. За нiшто губiш! З дурноты! Думаеш, што камусьцi ты гэтым дапаможаш? Сьвет выратуеш? Сьвет пасьмяецца зь цябе, пасьмяецца й спакойна сядзе сьнедаць. А ты – у турму! Так. Такiя, як ты, не павiнны жанiцца, блытаць жыцьцё iншым. – Ён памаўчаў. – Я не пахваляў Кiрынага выбару... Прадчуваў...

– Дзякую, цесьць, за шчырасьць.

– От, няма за што, хлопчык. Не дай Бог жыць з тваiм характарам.

– Дачка падзяляе вашы думкi? – запытаў Сьцяпан. Па яго нутры дрыготкай хваляй прабег холад. "Гэта было непатрэбнае пытаньне. Стары здагадваецца, што памiж намi няма згоды. Больш таго – узьнiк разлад або й варожасьць... Ён ведае! Кiра раструбiла й па знаёмых. Зьмянiлася яна, сьцётчала. Я кахаю яе зараз дзiўна, што й называецца прызвычаенасьцю, той абыякавасьцю, якая, быццам вада, залiвае агонь пачуцьцяў, радасьцi..."

– Я не пытаў яе.

– Што?

– Кажу: ня ведаю, якой думкi Кiра пра цябе, – паўтарыў цесьць. – Ну, хадзем есьцi, раз мацi нас клiча, – i ён накiраваўся ў кухню, па-качынаму.

26

Потым Сьцяпан бесьперашкодна выбраўся на шпацыр. Старыя як быццам усьцешылiся гэтым, усё роўна што разьвiтаньнем з госьцем, якi ўжо абрыд. Iдучы сьцямнелай вулiцай, у яе канец, пад выганы, Сьцяпан рыхтаваўся канчаткова вырашыць тое, што надоўга застанецца важным яму. Сьцяпану было неабходна пераўсьвядомiць сутнасьць свайго каханьня да Кiры. У ёй назiралася штораз мацнейшая схiльнасьць да ўладарнiцтва, уласьцiвая жанчынам, якiя, выйшаўшы замуж, жывуць пры бацькох, знаходзячы ў iх штодзённую апору сабе. ("У мяне пачаткi сiрочай хваробы..." – закпiў зь сябе Сьцяпан.)

Зрабiлася яму лягчэй.

Навокал трываў бязьлюдны спакой. Хiтра мiргаючы, падпаўзалi агнi вялiкага гораду, акружалi Сумленевiча ад флянку, як бы па-дзiцячаму гуляючы ў вайну. У вадлеглай цеменi прасоўвалiся сьветлячкi машынаў з запаленымi фарамi; аўтобусы, бы парваныя пацеркi, скоўзвалiся ў зарнiчную адтулiну Зялёнай алеi.

Сьцяпан пачуўся далёка й добра.

У балотцы за начальнiцкiмi агародамi квакала жаба. У садовай глушы сьвяцiлася ваконца альтанкi. Неўзабаве яно пагасла, але на мiг зноў загарэлася, быццам сыгналячы пра небясьпеку. Ветрык даносiў адтуль ахапкi бесклапотнай гаворкi ў заканчэньне прыемна праведзенага вечару. I, вось, разыходзяцца там. Двое. Мужчына i жанчына.

– ...будуць чакаць, – нешта сказаў мужчына.

Жанчына засьмяялася.

– Пусьцi, досыць! – папрасiлася яна. Яшчэ сказала, а потым: – Iдзi ўжо. Мяне ня трэба праводзiць. Чуеш? Ну, па, бывай... Буськi.

Сьцяпану здалося, што гэты голас ён ня раз чуў. "Чыясьцi жонка?" – падумаў ён, менавiта, аб шлюбнай здрадзе.

"Падгледзець мне чужую бяду? Чаму-б не? Сам-жа я жанаты, i хто дасьць заруку, што ў цябе ня здарыцца падобнае? Толькi, цi гэта не абарона табою пляткарскай цiкаўлiвасьцi? Ах, чыненае знаходзiць апраўданьне", – Сьцяпан з салодкiм неспакоем у грудзях чакаў прыблiжэньня постацi; яго засланяў кусьцiк. Яму нават уявiлася, што якраз ён, Сумленевiч, тут усяму прычына: спакушае суседачку, каб вывесьцi яе на пухкi луг i зацалаваць там да бяспамяцi, шукаць у ёй таго, чаго ня можа даць яму Кiра...

Жанчына прайшла. Яна зьлёгку спатыкнулася й цiха ўскрыкнула ад таго, пастаяла, быццам прыслухоўваючыся нечаму падазронаму. Сьцяпан стаiў дыханьне. Калi-б яна рушыла ў кiрунку на яго, дык уцякаў-бы ад яе ўнiз, дзе багонца й нiзкарослы алешнiк. ...Асьцярожна памаячыў ён за ёю. "Яна жыве недзе тут..."

З вулiцы насупроць, зiгзагам, вылазiў матацыкл, на якiм п'яна гарлапанiлi. Згледзеўшы ў пражэктарным сьвятле самотную грэшнiцу, тыя спрабавалi пад'ехаць да яе й, струцiўшы раўнавагу, перакулiлiся на сярэдзiну дарогi; матор, трохi пахрыпеўшы, зацiх.

– На-а-ага-ааа!!.. Янэк, нага!.. – якiсьцi зь iх стагнаў, i, у непагашаным бляску, мiтусiлася пужлiва растапыраная людзiна, кiдаючы на блiзкiя хаты дапатопныя ценi.

Ва ўцякаючай спутаным крокам моднiцы Сьцяпан – вачом сваiм ня верачы! пазнаў Кiру! Па галаве пазнаў ён Кiру, па нiжэйшым левым плячы яе i па адзеньнi. Па аглядцы, хоць яе не ўлавiў ён у яркай смузе. Гэта была яна! Ён раней прадчуў – па голасе, па сьмеху задаволенасьцi мужчынам, калi вылузвалася яна зь яго рук, з абдымкаў...

Даганiць Кiру?

Увайшоў у маладую збажыну...

Памакрэлыя ад расы нагавiцы прылiпалi яму да лытак, ногi грузнулi ў рыхлай ральлi. На Самулёвым пагорку старажавала вышка, за якою маленечкiмi iскаркамi папярэджвала пра сваё йснаваньне высакавольтная лiнiя.

"Кiра гэта – там? Я ператомлены, у мяне дрэнна са зрокам, дажыўся я жахлiвай трызны! Ня можа таго быць, каб у альтанцы, у домiку, у той цацачнай будцы, зь якой напамаджаныя морды абнюхваюць вяргiнi ды язьмiны на загонiках, яна зыходзiлася з кiмсьцi, каму, пэўна, напляваць на яе, на мяне, на ўсё! Зь якiм-небудзь засранцам, залатавусным набабнiкам або сынком багатага бацькi, Сьцяпан абмацаў кiшэнi ў пошуках папяросаў. – Не гарачыся, Сумленевiч, пачакай: iдзi, паглядзi ды запамятай нумар сядзiбы, агароду, i правер у адмiнiстрацыi, хто там гаспадар. Тады ўжо й думай. Ня стой ты, а яшчэ лепш бяжы за жанчынай, яна адыйшлася не далей, як на сто крокаў, i сачы за ёю, каб упэўнiцца, цi Кiра яна? Спатрэбiцца – перапынi яе, нешта прыдумай, каб, у выпадку памылкi, сказаць ёй: выбачайце. А калi, усё-такi, акажацца, што яна... ну..." – ён павярнуў наўскасы, папоцемку абмiнаючы клiчучых на дапамогу. Каля платоў наскочыў на Сьцяпана сабака, чорны як ноч, зь белым грэбенем зубоў, i, дастаўшы абцасам па носе, працягла заскавытаў.

На ненармальна апусьцелай вулiцы Сьцяпан пабег, з радасьцю сьцьвярджаючы, што наперадзе нiкога няма.

Дома зьдзiвiла Сьцяпана ня тое, што Кiра даводзiла сябе да парадку, вычышчваючы спаднiцу й папраўляючы прыгожую прычоску, але – яе вочы. Пасьпешна зачынiўшы за сабою дзьверы, ён сказаў: – Добры вечар, Кiра.

Памiж iмi, мажлiва, няхутка дайшло-б да пераломнай размовы, й, некаторы час, маўчалi-б яны кожны пра сваё, калi-б не яе ўмельства валодаць сабою, на хаду пазбывацца разгубленасьцi.

– Дзе гэта ты быў? – адказала яна на яго прывiтаньне. – Глянь, якiя ў цябе нагавiцы! Мо' валяўся...

– Я не тваёй натуры, – адсек ён.

– Што ты маеш на ўвазе?

– Хочаш ведаць?

– Ня скажаш мне?

– Падумаю, – Сьцяпану ўсё здавалася, што ўблытваецца ён у лiшняе. I непапраўна шалёнае, у чым будзе потым шкадавацца.

– Дзякую табе за тое, што хоць у дачыненнi да мяне ты думаеш, – зьедлiва адказала яму Кiра. Гэта быў яе намёк.

Сьцяпанам панесла:

– Я не пацярплю, Кiра, твайго зазнайства, круцельства й, наогул, адносiнаў да мяне звысоку!

– Го-го, – пакiвала яна галавою, не адхiляючыся ад люстра. – Ты дасканала ахарактарызаваў сябе. Не дасьцiпна, праўда, ды затое коратка. Наступную тыраду прашу вымаўляць цiшэй – людзi сьпяць.

– Можаш мне сказаць, дзе ты была? – ён запытаў яе амаль шэптам. Яму перасохла ў горле.

– Пра тое-ж я запытала цябе, – зашаптала яна, крыўляючы яго зь неспадзяванай весялосьцю.

"Яна шчасьлiвая!" – зразумеў Сьцяпан. Ён нахiлiўся, каб разбуцца (ад запэцканых пантофляў адвальвалiся камякi гразi). З-над вушэй выцякаў у яго пот, утвараючы на барадзе кроплi.

– Я, Кiра, хадзiў на шпацыр i бачыў, як вывалiлiся тыя два на матацыклi... – ён паглядзеў на яе спадылба, ня могучы разьвязаць шнуроўку, якая безнадзейна зашмаргнулася.

– Вывалiлiся?.. Дурнi!

Гаварылi яны далей шэптам. Ды ня гэта ўразiла Сьцяпана; яна, адразу прыкмецiў ён тое, страцiла на сваёй самаўпэўненасьцi i ўзялася, зусiм бяз сэнсу, прырэзваць свае маляваныя пазногцi. I ўся яна неяк адразу стаiлася.

– Я клiкаў цябе, – махляваў Сьцяпан. – Ты ня чула мяне?

– Не-а, – Кiра ня здолела сабрацца ў сабе, пстрыкала манiкюрнай прыладаю, прыкiдваючыся ўважлiвай да робленага. – А дзе ты мяне клiкаў? – яна не падняла галавы. У яе чырванела шчака.

– Калi ты не пачула, дык рэшта няважная, – адказаў ён галасьней: "Божа мой, я суцяшаю сябе тым, што Кiра не захлусiлася? Што ёй не ўдаецца вылгацца й яна выдае сябе? У яе няма прадуманай хiтрасьцi, якая зьнiшчае пачуцьцi. Але, што здарылася?" – Кiра, скажы, ты разьлюбiла мяне? – Сьцяпану падабалася расейскае "разьлюбiла". (Мацi, часамi, сьпявала падчас сваяцкiх застольляў пад Беластокам...)

– Гэта што? – адказала Кiра. – Новы варыянт тваёй барацьбы за шчасьце? Цi мо' гэта спроба перавыхаваць жонку, якая зазналася? Шантажам! – яна падыйшла да шафы. – Адыйдзi, дай мне месца...

– Гэта спроба, Кiра, запытаць цябе, чаго ты сядзела ў домiку на агародах? – выказаў ён словы, якiх баяўся. Яна павярнулася да яго з адчайнасьцю ў вачох:

– Ах, во, што цябе мучыць... Сочыш ты за мною? – глуха крыкнула яна на яго. – Нiчога лепшага ты ня ўмееш рабiць?! Чалавек вялiкай амбiцыi, ха-ха, зважае, каб ня стацца раганосцам, ха-ха-ха... Манiфэст усекаапэратыўнай рэвалюцыi павесiў ён на цьвiчок i стрымгалоў паiмчаў за нявернай палавiнай, каб адпужаць ад яе ў поле магутнага адзiнца, што самотна рохкае ў разорах. Якi ўпадак!

– Жартуеш! – бялеў Сьцяпан.

Ён, пастрашнелы, выпрастаўся ва ўвесь рост.

– Гэта ты жартуеш, калi ня ведаеш таго, – яна падступiлася да яго ўпрытык. – Заводзiш гульню ў дабрадзея, за якую iншыя плацяць. Табе няясна, га? Ах, табе нiшто й нiколi ня будзе яснае, – Кiра раптоўна адвярнулася ад Сьцяпана й выйшла ў пакой, скiдаючы зь сябе блюзку. – Няшчасная я...

– Адну хвiлiнку, – пратэставаў Сьцяпан. – Ты, Кiра, мае справы кiнь i адказвай на пытаньнi. Чуеш?

– Што гэта значыць, твае справы й мае справы?

– З кiм ты сустракаесься?

– Хочаш запытаць: каму я яшчэ даю, апроч цябе?

– Не грубiянь...

– Ты, Сьцяпан, мае справы таксама кiнь, – яна аглянулася на яго ад атаманы. – Так будзе нам лепш.

– I гэта гаворыць мая жонка?

– Як i ты, мой муж...

– Я маю права ведаць...

– Як i я, чаму ў цябе мокрыя нагавiцы!

– Iшоў я цераз збожжа...

– Прытуляючы дзеўку да грудзей?

– Якую дзеўку?! Я... я...

– Ведаю – ты нюхаў за мною, бы чырвананосы сышчык, – сказала Кiра са спакоем. Яна расьсцiлала пасьцель.

– Ня буду я з табою спаць.

– Слушна. Другiм быць – ня гонар.

– Хто ён?

– Малады, моцны i сьвядомы сваёй мэты.

– Гэтай мэтай зьяўляесься, вядома, ты?

– Яму – так.

– А табе – ён?

– Не.

– Не?

– Не.

– Дык хто? Або – што?

– Не, хто. Ты!

– Я?

– Ага.

– Скажы мне гэта яшчэ раз, – ён зацiснуў кулакi.

– Калi ласка: ты!

– Як гэта я павiнен разумець?

– Звычайна, стасуючыся да тваёй тэрмiналёгii – зло перамагаю я... злом!

– Ты, мабыць, п'яная?

Сьцяпан нацэлiўся ўдарыць Кiру па шыi, ззаду. Перашкодзiў гэтаму воклiч цешчы: "Лягайце вы спаць! Ужо ноч сьвятая!"

– З маладым можна прахлiснуць i паўлiтра, – Сьцяпан сказаў гэта Кiры з абыякавай iронiяй. – Тады адбываецца сьмялей...

– Так?

– Пытаеш?

– У вопытнага – чаму-б не?

– Кiра, не рабi зь мяне такога, як сама ты.

– Згодна. Хоць адно з нас захавае чысьцiню.

– Я цябе не пазнаю, Кiра. – У яго галаве мацнеў шум, i, ад слабасьцi, яму падкошвалiся ногi. – Што з табою?

– Сачыў-жа – ведаеш.

– Але: чаму, чаму?

– Чаму? – яна зьняважлiва надзьмула губкi. – Бо я не жадаю стацца саламянай удавою! Не разумееш, што я ратую цябе ад змураванага яшчэ за царом беластоцкага цэнтрала? – Кiра спалохана змоўкла; энергiчна падбiла падушку, ажно пасыпалася зь яе пер'е.

– За што?!

– За абняслаўленьне старшынi ўчынiлi-б яны табе наступны суд. Сьведкi ўжо падрыхтаваныя. I дакумэнтацыя.

– Дакумэнтацыя? Якая?

– А такая, на падставе якой было-б табе даказана, што ты публiчна ганьбiш добрае ймя кiраўнiка ўстановы, трэба дадаць, узорнай установы. Сьцямiў?

– Гм, – зьдзiвiўся Сьцяпан.

Кiра расшпiлiла станiк.

– Ёсьць пiсьмовыя паказаньнi наконт таго, як ты ляпаў языком розную ерась ды неверагоднiцу пра каапэратыў i яго старшыню, актывiстаў i кiраўнiчых работнiкаў, у рэшце рэшт, i пра асобы, выконваючыя ўладу... Яны, твая сябрына, на ўсе чатыры капыты каваныя, Сьцяпан, – яна апусцiла майткi й, голая, скамандвала: – Падай мне пiжаму, я памыюся...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю