355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Редьярд Джозеф Киплинг » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 01:33

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Редьярд Джозеф Киплинг


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 5 страниц)

– Я абяцаў Сулейману-iбн-Дауду не тупаць, i я не хачу парушаць сваё слова.

– Колькi нi тупай, усё адно нiчога не будзе. Нават маленькая травiнка i тая не зварухнецца. Чаму ж ты не тупаеш? Тупнi! Тупнi! Кажу табе: тупнi!

Сулейман-iбн-Дауд сядзеў пад камфорным дрэвам, чуў кожнае слова i смяяўся гэтак, як яшчэ нiколi не смяяўся.

Ён забыўся пра царыц, ён забыўся пра Звяругу, што выплыў з марской глыбiнi, ён забыўся пра сваё самахвальства. I Балкiда, стоячы за дрэвам, таксама смяялася, бо яе каханаму было гэтак весела.

Але вось Матылёк, злосны i ўсхваляваны, зноў спусцiўся пад камфорнае дрэва i сказаў Сулейману-iбн-Дауду:

– Яна хоча, каб я тупнуў. Яна хоча паглядзець, што з гэтага выйдзе. О Сулейман-iбн-Дауд, ты ж ведаеш, што ў мяне нiчога не атрымаецца! I цяпер яна ўжо нiколi не паверыць нiводнаму майму слову i будзе смяяцца з мяне да канца маiх дзён.

– Не, о браце мой, – сказаў Сулейман-iбн-Дауд, – гэтага не будзе, абяцаю табе.

I ён пакруцiў на пальцы пярсцёнак (толькi для таго, каб дапамагчы Матыльку, а не для таго, каб пахвалiцца сваёю ўсемагутнасцю), i як згледзець вокам чатыры вялiзныя Джыны ўзнiклi перад iм з-пад зямлi.

– Рабы, – сказаў Сулейман-iбн-Дауд, – калi гэты васпан, што сядзiць у мяне на пальцы (там сядзеў хвалько Матылёк), тупне левай пярэдняй нагой, зрабiце так, каб усчалася навальнiца, ляснуў пярун i гэты палац, i ўсе гэтыя сады згiнулi з вачэй, знiклi. А як ён тупне зноў, асцярожна пастаўце iх на ранейшае месца.

– Цяпер, о браце мой, – сказаў ён Матыльку, – iдзi да жонкi i тупай сабе на пацеху.

Матылёк падляцеў да жонкi, якая ўсё яшчэ крычала:

– Чаму ж ты не тупаеш? Тупнi! Ну, тупнi ж! Тупнi!

За агароджай, што акружала палац, Балкiда ўбачыла чатырох Джынаў i сказала:

– Нарэшце такi Сулейман-iбн-Дауд, каб уратаваць Матылька, зробiць тое, што даўным-даўно павiнен быў зрабiць, каб уратаваць самога сябе: утаймуе гэтых сварлiвых царыц.

Матылёк тупнуў нагою. Джыны падхапiлi палац i сады i знеслi iх па паветры за тысячу мiляў. Ляснуў страшэнны пярун, i неба зрабiлася чарнейшым за чарнiла. А Матылiха лятала ў цемры i крычала:

– О, я не буду болей сварыцца! I навошта я пад'юджвала яго! Мой каханы, мой любенькi муж, вярнi назад i палац i сады, i я нiколi болей не буду пярэчыць табе!

Матылёк i сам спужаўся не менш за сваю жонку, а Сулейман-iбн-Дауд гэтак рагатаў, што не мог нават адразу шапнуць Матыльку:

– Тупнi зноў, о браце мой, вярнi мне мой палац, о вялiкi чарадзей!

– Ага, вярнi яму палац! – усклiкнула Матылiха, якая лятала ў цемры, нiбы начнiца. – Вярнi яму палац i не займайся болей такiм жахлiвым чараўнiцтвам!

– Добра, дарагая, хай будзе так! – сказаў Матылёк, стараючыся як мага паддаць сабе храбрасцi. – От бачыш, што выйшла з таго, што ты прыдзiралася да мяне. Само сабой зразумела, што сам я нiколечкi не турбуюся пра тое, вернецца палац цi не, такiя рэчы для мяне не ўпершыню, але з павагi да цябе i да Сулеймана-iбн-Дауда я не пярэчу супроць таго, каб усё вярнулася на сваё месца.

I ён тупнуў яшчэ раз, i ў той жа момант Джыны без нiводнага штуршка паставiлi i сады i палац на ранейшае месца.

I ўсё было па-ранейшаму. Цёмна-зялёнае лiсце апельсiнавых дрэў ярка зiхацела на сонцы, фантаны пералiвалiся сярод пунсовых эгiпецкiх лiлеяў, птушкi спявалi, быццам нiчога i не было, а Матылiха ляжала на баку пад камфорным дрэвам. Крыльцы ў яе трымцелi, i, задыхаючыся, яна паўтарала:

– Даруй мне! Я болей не буду!

Сулейман-iбн-Дауд гэтак смяяўся, што ледзьве мог слова вымавiць. На яго напала iкаўка. Знемагаючы ад смеху, ён выставiў Матыльку палец i сказаў:

– О вялiкi чарадзей, што з таго, што ты вярнуў мне палац, калi ад смеху, да якога ты давёў мяне, давядзецца сёння ж легчы ў магiлу?

Тут пачуўся страшэнны шум, таму што з палаца выбеглi ўсе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць царыц i пачалi прарэзлiва крычаць, i верашчаць, i клiкаць сваiх малых дзяцей. Яны беглi па мармуровай лесвiцы, што вяла ўнiз ад фантанаў, – сто жанчын на кожнай прыступцы.

Наймудрэйшая Балкiда велiчна выйшла наперад, сустрэла iх i сказала:

– Чаго гэта вы так перапужалiся, царыцы?

А яны стаялi на мармуровай лесвiцы – сто жанчын на кожнай прыступцы – i крычалi:

– Чаго мы перапужалiся? Ды гэта кожнаму зразумела! Бо мы жылi сабе пажывалi ў сваiм залатым палацы, i раптам наш палац знiкае немаведама куды, i мы трапляем у апраметную цемру, i над намi ляскае пярун, i Джыны i Афрыты шныпараць у цемры! Вось чаго мы перапужалiся, о царыца царыц, i мы неймаверна перапуджаны нашым перапудам, бо гэта сама страшэнны перапуд з усiх перапудаў, якiя давялося нам перажыць за ўсё наша жыццё.

Тады Балкiда, Найпрыгажэйшая царыца, сама любiмая з усiх жонак Сулеймана-iбн-Дауда, амаль гэтакая ж прамудрая, як сам Сулейман-iбн-Дауд, сказала:

– Нiчога асаблiвага не здарылася, о царыцы. Проста Матылёк паскардзiўся на сваю жонку, якая сварылася з iм, а Сулейману-iбн-Дауду захацелася навучыць яе лагодзе i пакорлiвасцi, ветлiвасцi i сцiпласцi, бо гэта лiчыцца добрымi якасцямi сярод жонак матылькоў.

I тады эгiпецкая царыца, дачка фараона, сказала:

– Наш палац нельга вырваць з коранем, як цыбулiну, для якой-небудзь нiкчэмнай казяўкi. Не! Сулейман-iбн-Дауд, мусiбыць, ужо сканаў, i зямля скаланулася ад гора, i ляснуў пярун, i на зямлю апусцiлася цемра.

Тады Балкiда, не ўзнiмаючы вачэй, павабiла да сябе пальцам гэтую непачцiвую царыцу i сказала ёй ды i ўсiм астатнiм:

– Вы можаце пайсцi i паглядзець.

Яны спусцiлiся па мармуровай лесвiцы шырокiмi шэрагамi – у кожным шэрагу была сотня царыц – i пад камфорным дрэвам убачылi прамудрага цара Сулеймана-iбн-Дауда, якi ўсё яшчэ знемагаў ад смеху. Цар сядзеў i кiваўся ўзад-уперад, i на адной руцэ ў яго была Матылiха, а на другой Матылёк. I царыцы пачулi, як ён кажа:

– О жонка майго брата, якi лятае па паветры, запомнi з гэтага часу i навекi, што ты павiнна дагаджаць свайму мужу ва ўсiм, iнакш ён раззлуецца i тупне нагою зноў, бо ён вялiкi чарадзей i вядзьмар i можа, калi яму прыйдзе ў галаву, выкрасцi палац у самога Сулеймана-iбн-Дауда... Дык жывiце ў згодзе вы абое.

Ён пацалаваў у iх крыльцы, i яны паляцелi прэч.

Тады ўсе царыцы, якiя дагэтуль усё яшчэ стаялi i ўсмiхалiся, усе, апроч Прыгожай i Цудоўнай Балкiды, павалiлiся нiцма, бо яны сказалi самi сабе: "Калi творыцца такое з-за таго, што Матылёк незадаволены сваёю жонкаю, дык што ж будзе з намi, калi мы дакучаем свайму валадару крыкамi i шалёнымi сваркамi?"

I яны накiнулi на галаву празрыстыя тканiны i, затулiўшы сабе далонямi рот, цiха, як мышы, вярнулiся да сябе ў палац.

Тады Балкiда, Найпрыгажэйшая i Цудоўная, выйшла з зараснiку пунсовых лiлеяў пад засень камфорнага дрэва, паклала руку на плячо Сулейману-iбн-Дауду i сказала:

– О пане мой, скарб душы маёй, радуйся, бо мы далi ўсiм гэтым царыцам Эгiпта, Эфiопii, Персii, Iндыi, Кiтая добрую навуку, якую яны запомняць назаўсёды.

I Сулейман-iбн-Дауд, усё яшчэ пазiраючы на матылькоў, што пырхалi-забаўлялiся ў промнях сонца, спытаў:

– О мая панi, найдаражэйшы камень маёй радасцi, калi ж гэта здарылася? Бо як толькi я зайшоў у сад, я ўзяўся жартаваць з Матылька.

I ён расказаў Балкiдзе ўсё, што ён рабiў у той час.

I Балкiда, ласкавая, мiлая Балкiда, сказала:

– О пане мой, валадар жыцця майго! Я схавалася за камфорным дрэвам i бачыла ўсё на свае вочы. Гэта я параiла Матылiсе, каб яна прымусiла Матылька тупнуць, бо я спадзявалася, што мой валадар дзеля жарту зробiць нейкае дзiва, якое напалохае царыц.

I яна расказала яму ўсё, што падумалi, убачылi i сказалi царыцы.

Тады Сулейман-iбн-Дауд устаў пад камфорным дрэвам, выставiў рукi i з весялосцю на сэрцы сказаў:

– О панi мая, асалода дзён маiх, ведай, што калi б я са злосцi або з пыхi скарыстаў у дачыненнi да царыц сваю чарадзейную сiлу, я мог бы асарамацiцца зноў, як асарамацiўся тады, калi наладзiў банкет для звяроў усяго свету. Але дзякуючы тваёй мудрасцi я пачаў чараваць дзеля жарту, каб трошкi памагчы Матыльку, i – бачыш – гэта выратавала мяне ад надакучлiвых маiх жонак. Дык растлумач мне, о панi мая, асяродак сэрца майго, як жа ты дасягнула такой мудрасцi?

I царыца Балкiда, прыгожая, велiчная, станiстая, зiрнула Сулейману-iбн-Дауду ў вочы, схiлiла, як Матылёк, сваю галаву набок i адказала:

– Па-першае, о пане мой, таму што я кахаю цябе; а па-другое, о пане мой, таму што я ведаю, што такое сварлiвыя жонкi.

I яны пайшлi ў палац i жылi шчаслiва да канца дзён сваiх.

Балкiда зрабiла ўсё з розумам, хiба не праўда?

РЫКI-ЦIКI-ТАВI

Гэта – апавяданне пра вялiкую вайну, якую адзiн на адзiн вёў Рыкi-Цiкi-Тавi ў ванным пакоi вялiкага дома ў пасёлку Сiгаулi.

Дарзi, птушка-кравец, дапамагала яму, i Чучундра, мускусная пацучыха тая, што нiколi не выбежыць на сярэдзiну пакоя, а ўсё крадзецца пры самай сцяне, – давала яму парады. Але па-сапраўднаму ваяваў ён адзiн.

Рыкi-Цiкi-Тавi быў мангуст*.

* Мангуст – парода пацукоў, пашыраная ў Iндыi. Мускусны пацук вядзецца галоўным чынам у Паўночнай Амерыцы.

I хвост i шэрсць былi ў яго, як у маленькага катка, а галава i ўсе звычкi – як у ласачкi. Вочы ў яго былi ружовыя, i кончык яго непакойлiвага носа таксама быў ружовы. Рыкi мог пачасацца, дзе надумае – усё роўна якой лапкай: цi пярэдняй, цi задняй. I так мог ён распушыць свой хвост, што хвост рабiўся падобны на круглую даўгую шчотку. I яго баявы клiч, калi ён iмчаўся ў высокiх травах, быў рыкi цiкi -цiкi -цiкi -чк!

Ён жыў з бацькам i з маткай у вузкай лагчыне. Але аднаго разу ўлетку пачалася паводка, i вада панесла яго ўздоўж прыдарожнай канавы. Ён брыкаўся i варочаўся як мог. Нарэшце яму ўдалося ўзабрацца на купку травы, што праплывала мiма, i там ён трымаўся датуль, пакуль не страцiў прытомнасць. Ачуняў ён на гарачым прыпёку ў садзе, пасярод дарожкi, увесь замурзаны, а нейкi хлопчык у гэты час сказаў:

– Мёртвы мангуст! Давай пахаваем яго!

– Не, – сказала хлопчыку мацi. – Возьмем мы яго ды абсушым. А можа, ён яшчэ жывы.

Яны ўнеслi яго ў дом, i нейкi Вялiкi Чалавек узяў яго двума пальцамi ды сказаў, што ён зусiм не мёртвы, а толькi захлынуўся ў вадзе. Таму яго закруцiлi ў вату i пачалi адаграваць каля агню. Ён расплюшчыў вочы i чхнуў.

– А цяпер, – сказаў Вялiкi Чалавек, – не палохайце яго, i мы паглядзiм, што ён будзе рабiць.

Няма на свеце нiчога цяжэйшага, як спалохаць мангуста, бо ён увесь – ад носа да хваста – напоўнены цiкавасцю. "Шныпарыць i Выведваць" – напiсана на сямейным гербе ў мангустаў, а Рыкi-Цiкi быў чыстакроўны мангуст. Ён прыгледзеўся да ваты, сцямiў, што яна не прыдатная для яды, абабег наўкол усяго стала, сеў на заднiя лапы, упарадкаваў сваю шэрстку, а тады ўскочыў хлопчыку на плячо.

– Не бойся, Тэдзi, – сказаў Вялiкi Чалавек. – Гэта ён хоча з табой пасябраваць.

– Ай, ён казыча мне шыю! – ускрыкнуў Тэдзi.

Рыкi-Цiкi зiрнуў яму за каўнер, панюхаў ягонае вуха i, спусцiўшыся на падлогу, пачаў церцi сабе нос.

– Дзiўна! – сказала Тэдзева мацi. – I гэта называецца дзiкi звярок! Па-мойму, ён таму такi ручны, што мы былi добрыя да яго.

– Мангусты ўсе такiя, – сказаў яе муж. – Калi Тэдзi не будзе падымаць яго з падлогi за хвост i не надумае садзiць яго ў клетку, ён астанецца ў нас i будзе круцiцца каля дома... Дамо яму чаго-небудзь з'есцi.

Яму далi маленькi кавалачак сырога мяса. Мяса яму страшэнна спадабалася. Пасля снедання ён зараз жа пабег на веранду, прысеў на сонейку i распушыў сваю шэрстку, каб высушыць яе да самага карэння. I адразу ж яму стала лепш.

"У гэтым доме ёсць нямала такога, што я павiнен выведаць як мага хутчэй. Маiм бацькам за ўсё жыццё не даводзiлася выведаць столькi. Астануся тут i выведаю ўсё, як ёсць".

Увесь гэты дзень ён толькi i рабiў, што шныпарыў па ўсiм доме. Ён ледзь не патануў у ванне, ён ткнуўся носам у чарнiла i зараз жа пасля гэтага апёк сабе нос аб цыгару, якую палiў Вялiкi Чалавек, бо ўзабраўся да Вялiкага Чалавека на каленi – паглядзець, як пiшуць пяром на паперы. Увечары ён прыбег у Тэдзеву спальню, каб паглядзець, як запальваюцца лямпы. А калi Тэдзi ўлёгся ў ложак, Рыкi-Цiкi прыкархнуў каля яго, але выявiлася, што ён – неспакойны сусед, бо пры кожным шолаху ён усхоплiваўся, прыслухоўваўся i бег даведвацца, у чым справа. Бацька з маткай зайшлi перад сном праведаць свайго сына, якi ўжо спаў, i ўбачылi, што Рыкi-Цiкi не спiць, а сядзiць у яго на падушцы.

– Не падабаецца мне гэта, – сказала Тэдзева мацi. – А што, калi ён укусiць хлопчыка?..

– Не бойся, – сказаў бацька. – Гэтая звярына абаронiць яго лепш за ўсякага сабаку. Калi, напрыклад, запаўзе сюды змяя...

Але Тэдзева мацi не хацела i думаць пра такiя жахi.

Снедаць ранiцой Рыкi прыехаў на веранду верхам на Тэдзевым плячы. Яму далi банан i кавалачак яйка. Ён перабываў на каленях ва ўсiх, бо добры мангуст нiколi не губляе надзеi зрабiцца мангустам хатнiм. Усе яны з маленства мараць пра тое, што яны будуць жыць у чалавечых дамах i бегаць з пакоя ў пакой.

Пасля снедання Рыкi-Цiкi выбег у сад – паглядзець, цi няма там чаго надзвычайнага. Сад быў вялiкi, толькi напалову расчышчаны. Ружы раслi ў iм вялiзныя, i апельсiнавыя дрэвы, i лiмонныя, i густыя зараснiкi высокай травы. Рыкi-Цiкi нават аблiзнуўся.

– Нядрэннае месца для палявання! – сказаў ён.

I ледзь толькi падумаў пра паляванне, як хвост у яго надзьмуўся, што круглая шчотка. Ён шпарка абабег навакольную мясцовасць, нюхнуў тут, нюхнуў там, i раптам да яго данеслiся з цярноўнiку нечыя засмучоныя галасы. Гэта былi Дарзi, птушка-кравец, i яго жонка. У iх было прыгожае гняздо: яны сшылi яго з двух вялiкiх лiстоў тонкiмi валакнiстымi дубчыкамi i напоўнiлi мяккiм пухам i бавоўнаю. Гняздо гушкалася ва ўсе бакi, а яны сядзелi на беражку яго i ўголас плакалi.

– Што здарылася? – спытаў Рыкi-Цiкi.

– Вялiкае няшчасце! – адказаў Дарзi. – Адно з нашых птушанятак вывалiлася ўчора з гнязда, i Наг праглынуў яго.

– Гм, – сказаў Рыкi-Цiкi, – гэта вельмi сумна... Але я тут нядаўна... Я нетутэйшы... Хто такi Наг?

Дарзi i яго жонка шмыгнулi ў гняздо i нiчога не адказалi, бо з густой травы, з-пад куста пачулася прыцiшанае сiпенне – страшны, халодны гук, якi прымусiў Рыкi-Цiкi адскочыць назад на цэлых два футы. Потым з травы ўсё вышэй i вышэй, вяршок за вяршком, пачала падымацца галава Нага, вялiкай чорнай кобры*, – i меў гэты Наг пяць футаў у даўжыню – ад галавы да хваста.

* Кобра – атрутная змяя. На шыi ў яе малюнак, падобны да акуляраў. Калi яна злуецца, яна раздзiмае шыю так, што атрымлiваецца нешта накшталт капюшона.

Калi трэцяя частка яго тулава паднялася над зямлёй, ён спынiўся i пачаў гойдацца, як адуванчык пад ветрам, i глянуў на Рыкi-Цiкi сваiмi злоснымi змяiнымi вочкамi, якiя астаюцца заўсёды аднолькавымi, пра што б нi думаў Наг.

– Ты пытаеш, хто такi Наг? Глядзi на мяне i дрыжы! Бо Наг – гэта я...

I ён раздзiмаў свой капюшон яшчэ больш, i Рыкi-Цiкi ўбачыў на капюшоне акулярную метку, якраз такую, як стальная пятля ад стальнога кручка.

Рыкi зрабiлася страшна – на хвiлiну. Але больш як адну хвiлiну мангусты наогул нiкога не баяцца, i хоць Рыкi-Цiкi нiколi не бачыў жывой кобры, бо матка кармiла яго мёртвымi, – ён добра разумеў, што мангусты на тое i iснуюць на свеце, каб ваяваць са змеямi, перамагаць iх i есцi.

Гэта было вядома i Нагу, i таму ў глыбiнi яго халоднага сэрца быў страх.

– Ну дык што! – сказаў Рыкi-Цiкi, i хвост у яго пачаў надзiмацца зноў. Ты думаеш, калi ў цябе акуляры на капюшоне, дык ты маеш права глытаць птушанят, якiя вываляцца з гнязда?

Наг думаў у гэты час пра другое i пiльна прыглядаўся, цi не варушыцца трава за спiной у Рыкi. Ён ведаў, што, калi ў садзе з'явiлiся мангусты, значыць, i яму i ўсяму змяiнаму роду хутка прыйдзе канец. Але цяпер яму патрэбна было адцягнуць увагу ворага. Таму ён крышку нагнуў галаву i, схiлiўшы яе набок, сказаў:

– Давай пагаворым. Ты ж птушыныя яйкi ясi, хiба не праўда? Дык чаму ж мне не паласавацца птушкамi?

– Ззаду! Ззаду! Аглянiся назад! – спяваў у гэты час Дарзi.

Але Рыкi-Цiкi добра разумеў, што вылуплiваць вочы ўжо няма калi. Ён падскочыў як мага вышэй i ўбачыў унiзе пад сабою сыклiвую галаву Нагайны, злоснай жонкi Нага. Яна падкралася ззаду, пакуль Наг размаўляў з iм, i хацела яго прыкончыць. Яна таму i сiпела, што Рыкi ўцёк ад яе. Падскочыўшы, Рыкi бухнуўся прама да яе на спiну, i калi б ён быў крышку старэйшы, ён ведаў бы, што цяпер самая пара пракусiць ёй спiну зубамi: раз куснуў – i гатова! Але ён баяўся яе страшнага джала. Усё ж ён куснуў яе, але не так моцна, як трэба было, i адразу ж адскочыў ад выгiнаў яе хваста, пакiнуўшы яе разлютаванай i параненай.

– Брыдкi, брыдкi Дарзi! – сказаў Наг i выцягнуўся ўгору колькi мог, каб дастаць да гнязда, што вiсела на шыпшынавым кусце. Але Дарзi знарок будуе сваё гняздо так высока, каб змеi не дасталi да яго, i гняздо толькi загойдалася на суку.

Рыкi-Цiкi адчуваў, што вочы ў яго робяцца ўсё чырванейшыя i гарачэйшыя, а калi вочы ў мангуста чырванеюць, гэта значыць – ён вельмi злосны. Ён сеў на хвост i на заднiя лапы, як маленькi кенгуру, i, паглядзеўшы на ўсе бакi, забалбатаў ад злосцi. Але ваяваць не было з кiм: Наг i Нагайна шмыгнулi ў траву i знiклi. Калi змяi здарыцца прамахнуцца, яна не гаворыць нiводнага слова i не паказвае, што яна збiраецца рабiць. Рыкi-Цiкi нават не спрабаваў даганяць iх, бо ён не быў упэўнены ў тым, што зможа справiцца з абодвума ворагамi адразу. Ён пабег трушком у напрамку да дома, сеў на пясчанай сцежачцы i глыбока задумаўся. Ды i было над чым падумаць.

Калi табе прыйдзецца чытаць старыя кнiгi па прыродазнаўству, ты прачытаеш, быццам укушаны змяёй мангуст зараз жа пачынае шукаць нейкую травiну, якая быццам бы вылечвае яго ад укусу. Гэта няпраўда. Перамога мангуста над кобрай у шпаркасцi яго вачэй i лап. У кобры – укус, у мангуста – скачок.

I таму, што нiякае вока не прасочыць руху змяiнай галавы, калi яна хоча куснуць, гэты скачок мангуста больш дзiўны, чым усякiя чараўнiчыя травы.

Рыкi-Цiкi добра разумеў, што ён яшчэ малады i ненапрактыкаваны. Таму яму i было так радасна думаць, што ён злаўчыўся ўцячы ад нападу ззаду. Ён адчуў вялiкую пашану да сябе, i калi па садовай дарожцы падбег да яго Тэдзi, ён быў не супроць таго, каб дазволiць хлопчыку пагладзiць сябе. Але якраз у той момант, калi Тэдзi нахiлiўся над iм, нешта прамiльгнула, выкручваючыся ў пыле, i цененькi галасок вымавiў: "Сцеражыся! Я – смерць!"

Гэта была Карайт, пыльна-шэрая змейка. Джала ў яе такое ж атрутнае, як i ў кобры, але таму, што яна маленькая, нiхто i не глядзiць на яе, i такiм чынам яна робiць людзям яшчэ больш шкоды.

Вочы ў Рыкi-Цiкi зноў зрабiлiся чырвоныя, i ён, падскокваючы, падбег да Карайт той асаблiвай няроўнай хадою ўразвалку, якая дасталася яму ад ягоных прародзiчаў. Хада пацешная, але вельмi зручная, таму што дае вам магчымасць зрабiць скачок пад любым патрэбным вуглом. А калi сутыкаешся са змеямi, гэта сама важнае. Паядынак з Карайт быў яшчэ больш небяспечны для Рыкi, чым бойка з Нагам, бо Карайт, такая маленькая, такая вёрткая i спрытная, што, калi толькi Рыкi не ўвап'ецца ў яе ззаду зубамi крышку нiжэй галавы, Карайт абавязкова ўджалiць яго або ў вока, або ў губу.

Але ж Рыкi гэтага не ведаў. Вочы ў яго зусiм пачырванелi, ён ужо нi пра што не думаў – ён iшоў i пагойдваўся то ўзад, то ўперад, шукаючы, куды б яму лепш ушпiлiцца зубамi. Карайт наляцела на яго, каб уджалiць. Рыкi адскочыў убок i хацеў ужо быў пусцiцца наўцёкi, але праклятая пыльна-шэрая галоўка нагнала яго, i каб скiнуць яе са спiны, яму прыйшлося перакулiцца ў паветры. Яна не адставала i iмчалася за iм па пятах.

Тэдзi павярнуўся да дома i крыкнуў:

– Iдзiце паглядзiце: наш мангуст забiвае змяю!

I Рыкi-Цiкi пачуў, як войкнула Тэдзева матка. Бацька хлопчыка выбег з кiем, але якраз у гэты час Карайт зрабiла няўдалы скачок – скочыла далей, чым трэба, – i Рыкi-Цiкi ўскочыў на Карайт i ўшпiлiўся зубамi крышку нiжэй яе галавы, а потым адкацiўся ад яе. Карайт адразу перастала варушыцца, i Рыкi-Цiкi падрыхтаваўся ўжо з'есцi яе, пачынаючы ад хваста (такi абедзенны звычай у мангустаў), як раптам успомнiў, што мангусты ад сытнай ежы цяжэюць i што, калi ён хоча захаваць свой спрыт i сiлу, ён павiнен аставацца худы. Ён адышоўся i пачаў купацца ў пыле пад кустом клешчавiны, а Тэдзеў бацька накiнуўся з кiем на мёртвую Карайт.

"Навошта гэта? – думаў Рыкi. – Я ж ужо прыкончыў яе".

I тут да Рыкi-Цiкi падбегла Тэдзева матка, падняла яго прама з пылу i пачала моцна прыцiскаць да сябе, крычучы, што ён выратаваў яе сына ад смерцi, а Тэдзi зрабiў вялiкiя вочы, i ў ягоных вачах быў спалох. Мiтусня спадабалася Рыкi, але чаму яна адбылася, ён, вядома, зразумець не мог. Можа, Тэдзева матка лашчыць яго за тое, што ён выкачаўся ў пыле? Ва ўсякiм выпадку, усё гэта было вельмi прыемным.

Калi селi абедаць, Рыкi-Цiкi, гуляючы па абрусе сярод шклянак вiна, мог бы тройчы напакаваць сабе бруха найсмачнейшымi прысмакамi, але ён успомнiў пра Нага i Нагайну, i хоць яму было вельмi прыемна, што Тэдзева мацi цiскае i гладзiць яго i што Тэдзi садзiць яго да сябе на плячо, але вочы ў яго штохвiлiны чырванелi, i ён кiдаў свой ваяўнiчы клiч:

– Рыкi-цiкi-цiкi-цiкi-чк!

Тэдзi ўзяў яго да сябе ў ложак. Хлопчыку хацелася, каб Рыкi абавязкова спаў у яго пад самым падбародкам, на грудзях. Рыкi быў добрага выхавання мангуст i не мог нi ўкусiць, нi абдрапаць яго, але ледзь толькi Тэдзi заснуў, ён злез з ложка i пайшоў вандраваць па доме.

Упоцемку ён наткнуўся на мускусную пацучыху Чучундру, якая падкрадвалася блiжэй да сцяны.

У Чучундры разбiтае сэрца. Яна енчыць i ные ўсю ноч i ўсё хоча набрацца адвагi, каб выбегчы на сярэдзiну пакоя. Але адвагi ў яе нiколi не знаходзiцца.

– Не губi мяне, Рыкi-Цiкi! – закрычала яна i ледзьве не заплакала.

– Той, хто забiвае змяю, цi будзе вазiцца з нейкiм там мускусным пацуком! – пагардлiва сказаў Рыкi-Цiкi.

– Хто забiвае змяю, той ад змяi i загiне! – яшчэ сумней сказала Чучундра. – I хто ведае, цi не заб'е мяне Наг, памылiўшыся? Ён падумае, што я – гэта ты...

– Знайшла чаго баяцца! – сказаў Рыкi-Цiкi. – Наг у садзе, а цябе там нiколi не бывае...

– Мая стрыечная сястра – пацучыха Чуа – казала мне... – пачала Чучундра i змоўкла.

– Што ж яна казала?

– Цсс... Наг пачуе нас, ён – усюды. Няхай бы ты сам пагутарыў з маёй сястрой у садзе.

– Але ж я яе не бачыў. Ну, дык гавары! Ды хутчэй, Чучундра, а не – дык я цябе ўкушу!

Чучундра села, падкурчыўшы ногi, i пачала плакаць.

Плакала яна так доўга, што з вусоў у яе пакацiлiся слёзы.

– Я такая няшчасная! – лямантавала яна. – У мяне нiколi не ставала смеласцi выбегчы на сярэдзiну пакоя. Цссс! Але хiба ты не чуеш, Рыкi-Цiкi? Лепш ужо мне нiчога не гаварыць.

Рыкi-Цiкi прыслухаўся. У доме была цiшыня, але яму здалося, што да яго ледзь-ледзь даносiцца найлягчэйшае трр-трр, як быццам па шкле прайшла аса. Гэта шархацела змяiная скура па цаглянай падлозе.

"Або Наг, або Нагайна! – вырашыў ён. – Нехта з iх паўзе ў ванны пакой па рыштку для сцякання вады..."

– Праўда твая, Чучундра. Мне трэба было б пагаманiць з тваёй Чуа.

Ён пракраўся ў Тэдзеў пакой для ўмывання, але там нiкога не было. Адтуль ён прабраўся ва ўмывальны пакой Тэдзевай маткi. Там у атынкаванай гладкай сцяне, каля самай падлогi, была вынята цаглiна для спуску вады, i калi Рыкi прабiраўся па каменнаму беражку таго паглыбення, у якое ўстаўлена ванна, ён пачуў, як за сцяной у ззяннi месяца шэпчуцца Наг i Нагайна.

– Калi ў доме перастануць жыць людзi, – гаварыла Нагайна мужу, – ён таксама пойдзе адсюль, i сад зноў будзе наш. Iдзi ж, не хвалюйся i памятай, што перш-наперш ты павiнен укусiць Вялiкага Чалавека, якi забiў Карайт. А потым вяртайся да мяне, i мы ўдваiх прыкончым Рыкi-Цiкi.

– Але цi будзе нам якая, хоць найменшая, карысць, калi мы заб'ём iх?

– Ды што ты! Вялiзная! Калi дом быў пусты, хiба тут вялiся мангусты? Пакуль у доме нiхто не жыве, мы з табою – цары ўсяго саду: ты цар, я царыца. I не забудзься, што калi на градзе з дынямi вылупяцца з яек нашы дзецi (а гэта можа здарыцца i заўтра), iм патрэбен будзе спакой i ўтульнасць.

– Пра гэта я i не падумаў, – сказаў Наг. – Добра, я iду. Але, здаецца, няма нiякага сэнсу выклiкаць на бой Рыкi-Цiкi. Я заб'ю Вялiкага Чалавека i яго жонку, а таксама, калi мне ўдасца, яго сына – i выпаўзу цiхенька. Тады дом стане пусты, i Рыкi-Цiкi сам пойдзе адсюль.

Рыкi-Цiкi ажно ўвесь дрыжаў ад абурэння i злосцi.

У адтулiну прасунулася галава Нага, а за ёй i ўсе пяць футаў яго халоднага тулава. Рыкi-Цiкi хоць i быў разлютаваны, але ўсё ж жахнуўся, калi ўбачыў, якая вялiзная гэта кобра. Наг скруцiўся ў кальцо, падняў галаву i прыглядаўся да цемры ваннага пакоя – Рыкi-Цiкi мог бачыць, як цьмяна паблiскваюць яго вочы.

"Калi я заб'ю яго цяпер, – меркаваў Рыкi-Цiкi, – пра гэта зараз жа даведаецца Нагайна. Бiцца ж у адкрытым месцы мне вельмi нявыгадна: Наг можа мяне адолець. Што мне рабiць?"

Наг пагойдваўся ўправа i ўлева, а потым Рыкi-Цiкi пачуў, як ён п'е ваду з вялiкага збана, якiм карысталiся, налiваючы ванну.

– Цудоўна! – сказаў Наг, прагнаўшы смагу. – У Вялiкага Чалавека быў кiй, калi ён выбег, каб забiць Карайт. Можа, гэты кiй пры iм i цяпер. Але калi сёння ўранку ён прыйдзе сюды мыцца, ён будзе, вядома, без кiя... Нагайна... ты чуеш мяне?.. Я пачакаю яго тут у халадку да ранiцы.

Нагу нiхто не адказаў, i Рыкi-Цiкi зразумеў, што Нагайна адпаўзла. Наг абвiўся вакол вялiкага збана каля самай падлогi i заснуў. А Рыкi-Цiкi стаяў цiха, як смерць. Праз гадзiну ён пачаў пасоўвацца да збана – мускул за мускулам. Рыкi прыглядаўся да шырокай спiны Нага i думаў, куды ўшпiлiцца зубамi.

"Калi я ў першы ж момант не перакушу яму шыю – у яго ўсё яшчэ хопiць сiлы змагацца са мной, а калi ён пачне змагацца – о, Рыкi!.."

Ён паглядзеў, якая тоўстая шыя ў Нага, – не, яму з гэткай шыяй не справiцца. А грызнуць дзе-небудзь блiжэй да хваста – толькi яшчэ горш раззлаваць ворага.

"Астаецца галава, – вырашыў ён. – Галава над самым капюшонам. I калi ўжо ўчапiцца ў яе, дык не выпускаць нiзавошта..."

I ён скочыў. Галава змяi ляжала крышку наводшыб: пракусiўшы яе зубамi, Рыкi-Цiкi мог прыперцiся спiнаю да выступу глiнянага збана i не даць галаве падняцца з зямлi. Такiм чынам ён выйграваў толькi секунду, але ўжо гэтую секунду ён выкарыстаў як толькi мог. А потым яго падхапiла i бразнула вобземлю, i пачало шкуматаць на ўсе бакi, як пацука шкуматае сабака, i ўгору, i ўнiз, i вялiкiмi кругамi, але вочы ў яго былi чырвоныя, i ён не адвалiўся ад змяi, калi яна малацiла iм па падлозе, раскiдаючы ва ўсе бакi бляшаныя тазiкi, мыльнiцы, шчоткi, i бiла яго аб берагi металiчнай ванны.

Ён сцiскаў скiвiцы ўсё мацней i мацней, таму што хоць i думаў, што прыйшла яго смерць, але вырашыў сустрэць яе, не расцiскаючы зубоў. Гэтага патрабаваў гонар яго роду.

Галава ў яго кружылася, яму рабiлася моташна, i ён адчуваў сябе так, быццам увесь быў пабiты на кавалкi. Раптам у яго за спiной быццам грукнуў пярун, i гарачы вiхор наляцеў на яго i збiў яго з ног, а чырвоны агонь абсмалiў яму шэрстку. Гэта Вялiкi Чалавек, пабуджаны шумам, прыбег з паляўнiчай стрэльбай, стрэлiў адразу з абодвух ствалоў i папаў Нагу ў тое месца, дзе канчаецца ягоны капюшон. Рыкi-Цiкi ляжаў, не расцiскаючы зубоў, i вочы ў яго былi заплюшчаныя, бо ён лiчыў сябе за мёртвага. Але змяiная галава ўжо больш не варушылася. Вялiкi Чалавек падняў Рыкi з падлогi i сказаў:

– Гэта зноў мангуст. Той самы. На гэты раз, Элiс, ён выратаваў ад смерцi нас: i цябе, i мяне.

Тут увайшла Тэдзева мацi з вельмi белым тварам i ўбачыла тое, што асталося ад Нага, а Рыкi-Цiкi сяк-так давалокся да Тэдзевай спальнi i ўсю ноч толькi i рабiў, што пацягваўся, быццам хочучы праверыць, цi праўда, што яго цела разбiта на сорак кавалкаў, цi гэта яму толькi так здалося ў бойцы.

Калi прыйшла ранiца, ён увесь нiбы адубеў, але быў вельмi задаволены сваiмi ўчынкамi.

"Цяпер я павiнен прыкончыць Нагайну, а гэта цяжэй, чым справiцца з тузiнам Нагаў... А тут яшчэ яйкi гэтыя, пра якiя яна гаварыла. Я нават не ведаю, калi з iх будуць вылузвацца змеяняты... Пайду i пагаманю з Дарзi".

Не чакаючы снедання, Рыкi-Цiкi з усiх ног кiнуўся ў куст цярноўнiку. Дарзi сядзеў у гняздзе i з усёй моцы распяваў вясёлую пераможную песню.

Увесь сад ужо ведаў пра пагiбель Нага, бо прыбiральшчык выкiнуў яго цела на сметнiк.

– Ах ты, дурны жмут пер'я! – сказаў Рыкi-Цiкi злосна. – Хiба цяпер пара для песень?

– Памёр, памёр, памёр Наг! – залiваўся Дарзi. – Адважны Рыкi-Цiкi ўчапiўся ў яго зубамi i не выпусцiў! А Вялiкi Чалавек прынёс кiй, якi робiць бам, перабiў Нага напалам, напалам, напалам! Нiколi ўжо Нагу не жэрцi маiх дзетак!

– Усё гэта так, – сказаў Рыкi-Цiкi. – Але дзе ж Нагайна?

I ён уважлiва агледзеўся на ўсе бакi.

А Дарзi далей залiваўся:

– Нагайна прыйшла да рыштка, па якому сцякае вада, i паклiкала Нага Нагайна да сябе, але прыбiральшчык узяў Нага на канец кiя i выкiнуў Нага на сметнiк.

Слаўся ж, слаўся, вялiкi чырванавокi герой Рыкi-Цiкi...

I Дарзi зноў паўтарыў сваю пераможную песню.

– Дабрацца б мне да твайго гнязда, я выкiнуў бы адтуль усiх птушанят! закрычаў Рыкi-Цiкi. – Хiба ты не ведаеш, што на ўсё свой час? Табе добра спяваць наверсе, а мне тут унiзе ваяваць. Дык сцiхнi ж ты хоць на хвiлiну.

– Добра! Я гатоў сцiхнуць для цябе – для героя, для цудоўнага Рыкi! Што хоча Пераможца лютага Нага?

– Трэцi раз у цябе пытаюся: дзе Нагайна?

– На сметнiку яна, каля стайнi, галосiць па Нагу яна... Вялiкi белазубы Рыкi...

– Пакiнь мае белыя зубы ў спакоi! Цi не ведаеш ты, дзе яна схавала яйкi?

– Каля самага беражка на градзе з дынямi, пад плотам, дзе сонца ўвесь дзень да захаду... Шмат тыдняў мiнула з таго часу, як закапала яна гэтыя яйкi...

– I ты нават не падумаў сказаць мне пра гэта! Дык пад плотам каля самага беражка?

– Рыкi-Цiкi не пойдзе ж глытаць гэтыя яйкi!

– Не, не глытаць, але... Дарзi, калi ў цябе асталося хоць калiва розуму, ляцi зараз жа пад стайню i зрабi выгляд, нiбы ў цябе перабiта крыло, i няхай Нагайна гонiцца за табой да гэтага куста, разумееш? Мне трэба падабрацца да грады, дзе дынi, i калi я пайду туды цяпер, яна заўважыць.

Розум у Дарзi быў птушыны. У яго маленечкай галоўцы нiколi не змяшчалася больш, як адна думка адразу. I з той прычыны, што ён ведаў, што дзецi Нагайны выводзяцца, як i яго птушаняты, з яек, яму здалося, што знiшчыць iх не зусiм далiкатна. Але яго жонка была разумнейшая. Яна ведала, што кожнае яйка кобры гэта тая ж кобра, i таму зараз жа вылецела з гнязда, а Дарзi пакiнула дома: няхай грэе малых i гарлае свае песнi пра пагiбель Нага. Дарзi быў шмат у чым падобны на любога iншага мужчыну.

Прыляцеўшы на сметнiк, яна пачала варушыцца за два крокi ад Нагайны i пры гэтым на ўвесь голас крычала:

– Вой, у мяне перабiта крыло! Хлопец, што жыве ў доме, кiнуў у мяне камень i перабiў мне крыло!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю