355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Редьярд Джозеф Киплинг » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 01:33

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Редьярд Джозеф Киплинг


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)

Але ў тую самую пару, у Далёкiя i Даўнiя Часы, жыў на мутнай рацэ Амазонцы Плямiсты Ягуар. Ён еў усё, што яму ўдасца злавiць. Не ўдасца злавiць аленя ён з'есць малпу; не ўдасца злавiць малпу – з'есць лягушку цi казюльку. А ўжо калi няма нi лягушак, нi казюляк – ён iдзе да сваёй мацi Ягуарыхi, i тая растлумачвае яму, як трэба лавiць чарапах i вожыкаў.

Зграбна памахваючы грацыёзным хвастом, мацi навучала яго:

– Калi, сынок, ты знойдзеш Вожыка, хутчэй кiнь яго ў ваду. Вожык сам сабою выпрастаецца ў вадзе. А калi знойдзеш Чарапаху, выдрапай яе лапай з панцыра.

I ўсё iшло добра, мой мiлы хлопчык.

Была прыгожая ноч на мутнай рацэ Амазонцы. Плямiсты Ягуар убачыў, што пад ствалом паваленага дрэва сядзяць побач Злючка-Калючка Вожык i Чарапаха Няспешная. Выратавацца, уцякаючы, яны не маглi, i вось Злючка-Калючка Вожык згарнуўся клубочкам, бо iнакш ён не быў бы Вожык, а Чарапаха Няспешная ўцягнула ногi i галаву пад свой панцыр, таму што яна была Чарапаха.

Усё iшло як трэба, мiлы мой хлопчык, цi ж няпраўда?

– Слухайце мяне ўважлiва! – сказаў Плямiсты Ягуар. – Тое, што я хачу вам сказаць, мае для вас вялiкае значэнне. Мая матуля вучыла мяне, што калi я ўбачу Вожыка, я павiнен кiнуць яго ў ваду, i тады ён сам сабою выпрастаецца, а калi я ўбачу Чарапаху, я павiнен выдрапаць яе лапай з панцыра. Але хто ж з вас Чарапаха, а хто з вас Вожык, – клянуся маiмi плямамi, не ведаю!

– Цi добра ты хоць памятаеш, што казала твая матуля? – спытаў Злючка-Калючка Вожык. – Цi не наблытаў ты? Можа, Матуля казала табе, што калi ты выпрастаеш Чарапаху, ты павiнен выдрапаць яе з вады, а калi ты зловiш Вожыка, ты павiнен кiнуць яго на панцыр?

– Цi добра ты памятаеш, што казала табе твая матуля? – спытала Чарапаха Няспешная. – Цi не наблытаў ты? Можа, яна казала табе, што калi ты змочыш вадою Вожыка, ты павiнен падрапаць яго лапай, а калi сустрэнеш Чарапаху, ты павiнен падкiнуць яе, каб яна выпрасталася?

– Наўрад цi гэта так! – сказаў Плямiсты Ягуар, але ўсё ж крыху збянтэжыўся. – Будзьце ласкавы, паўтарыце яшчэ раз, што вы сказалi зараз. I калi можна, ясней.

– Калi ты падрапаеш ваду кiпцюрамi, налi яе i выпрастай Вожыкам, – сказаў Злючка-Калючка Вожык. – Запомнi гэта добра, бо гэта вельмi важна.

– Але, – сказала Чарапаха Няспешная, – калi ты выдрапаеш ваду з Вожыка, ты павiнен палiць гэтай вадой Чарапаху. Няўжо ты i гэтага не ведаеш?

– У мяне ад вашай блытанiны плямы на спiне забалелi! – сказаў Плямiсты Ягуар. – Я не прашу ў вас парад, я толькi пытаюся, хто з вас Вожык i хто Чарапаха.

– Не скажу, – адказаў Вожык. – Але, калi хочаш – будзь ласкаў, – паспрабуй вось выдрапаць мяне з майго панцыра.

– Ага! – сказаў Плямiсты Ягуар. – Цяпер я ўжо бачу, што ты Чарапаха. Ты думала, што я не здагадаюся. А я здагадаўся.

I стукнуў Ягуар лапай з усяго маху па Вожыку, але Вожык згарнуўся ў клубочак, i ў лапу Ягуара ўпiлiся вострыя калючкi Вожыка. Гэта было б, бадай, яшчэ нiчога, але, на няшчасце, Ягуар ударам лапы адкiнуў Вожыка далёка-далёка ў лес i не мог знайсцi яго ў кустах, бо было вельмi цёмна. Тады ён сунуў лапу сабе ў рот, але ад гэтага iголкi пачалi калоць яшчэ мацней. Ад болю ён доўга не мог гаварыць, а калi загаварыў, сказаў:

– Цяпер я ўжо бачу, – то была зусiм не Чарапаха. Але як мне даведацца, цi Чарапаха гэта?

I ён пачухаў патылiцу той лапай, якая не была паколата аб калючкi Вожыка.

– Я i ёсць Чарапаха, – прызналася Няспешная. – Твая матуля вучыла цябе правiльна. Яна сказала табе, што ты павiнен ададраць мяне ад майго панцыра. Гэта праўда. Ну, пачынай!

– Толькi што ты казала, што яна казала адно, а цяпер ты кажаш, што яна казала другое! – сказаў Ягуар, высмоктваючы калючкi з лапы.

– Ты кажаш, што я кажу, што яна казала другое, – сказала Чарапаха. – Што ж з гэтага? Бо, калi, як ты казаў, я казала, што яна казала тое, што я казала, то i выходзiць, што я казала тое, што яна казала. А калi ты думаеш, што яна казала, нiбыта ты павiнен выпрастаць мяне лапай, а не кiдаць мяне ў ваду разам з маiм панцырам, – не я вiнавата, цi ж няпраўда?

– Але ж толькi што ты сама казала, што я павiнен выдрапаць цябе лапай з твайго панцыра, – сказаў Плямiсты Ягуар.

– Падумай добра, i ты зразумееш, што я гэтага нiколi не казала. Я толькi казала, што твая мама казала, што ты павiнен садраць з мяне кiпцюрамi мой панцыр, – сказала Няспешная.

– А што будзе, калi я здзяру з цябе панцыр? – асцярожна спытаўся Ягуар i пацягнуў носам паветра.

– Не ведаю, бо да гэтага часу нiхто яшчэ не здзiраў з мяне панцыра, але кажу табе праўду: калi ты хочаш паглядзець, як я паплыву ад цябе, – кiнь мяне, калi ласка, у ваду.

– Я табе не веру! – сказаў Плямiсты Ягуар. – Мама мая казала адно, а ты казала, што яна казала другое, i цяпер усё ў мяне так пераблыталася, што я не ведаю, дзе ў мяне хвост, дзе галава. А цяпер ты сказала простыя словы, якiя я разумею, i гэта блытае мяне болей за ўсё. Мама вучыла мяне, каб я кiнуў аднаго з вас у ваду, i таму што ты кажаш, што табе хочацца ў ваду, ясна, што табе не хочацца ў ваду. Дык скачы ж у мутную ваду ракi Амазонкi. Жыва!

– Добра, я скочу, але ведай: мама твая будзе вельмi незадаволена. Калi ласка, не кажы ёй, што я не казала табе, што яна казала...

– Калi ты скажаш яшчэ хоць адно слова пра тое, што казала мая мама!.. ускрыкнуў Ягуар, але не паспеў дагаварыць, бо Чарапаха як нi ў чым не бывала нырнула ў мутную ваду ракi Амазонкi.

Доўга яна плыла пад вадою i выплыла на бераг, дзе яе чакаў Злючка-Калючка Вожык.

– Мы ледзь не загiнулi! – сказаў Вожык. – Не падабаецца мне гэты Ягуар. Што ты сказала яму пра сябе?

– Я сказала яму праўду. Я шчыра сказала яму, што я Чарапаха, але ён не паверыў, прымусiў мяне скочыць у ваду i вельмi здзiвiўся, калi ўбачыў, што я i сапраўды Чарапаха. Цяпер ён пайшоў скардзiцца сваёй мацi. Ты чуеш?

Было чуваць, як сярод хмызняку i дрэў, над мутнай ракой Амазонкай, раве Ягуар i клiча да сябе мацi Ягуарыху. I яна прыйшла.

– Ах, сыночак, сыночак! – загаварыла яна, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. – Ты, здаецца, рабiў такое, чаго табе не трэба было рабiць.

– Я сустрэў над ракою аднаго звярка i хацеў выдрапаць яго з-пад панцыра; ён сам сказаў, – што ён хоча гэтага, вось цяпер у мяне ўся лапа ў стрэ-э-э-эмках!

– Ах, сыночак, сыночак! – сказала мацi, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. – Па гэтых стрэмках, якiя ўпiлiся ў тваю лапу, бачу я, што гэта быў Вожык. Табе трэба было кiнуць яго ў ваду.

– У ваду я кiнуў другога звярка. Ён сказаў, што яго завуць Чарапаха, але я не паверыў яму. А выявiлася, што гэта i сапраўды была Чарапаха. Яна нырнула ў ваду, у мутную раку Амазонку, i болей я не бачыў яе. I вось я астаўся галодны, i думаю, што нам трэба перасялiцца адсюль у iншыя месцы. Тут, на мутнай рацэ Амазонцы, усе звяры такiя разумныя. Мне, небараку, не справiцца з iмi.

– Ах, сыночак, сыночак! – сказала яго мацi, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. – Слухай уважлiва i запомнi, што я скажу. Вожык згортваецца ў клубок, i яго калючкi тырчаць ва ўсе бакi. Па гэтых адзнаках ты заўсёды пазнаеш Вожыка.

– Не падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! – сказаў Злючка-Калючка Вожык. – Што яшчэ яна скажа яму?

– А Чарапаха не можа згортвацца, – гаварыла далей Ягуарыха, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. – Чарапаха ўцягвае галаву i ногi пад панцыр. Па гэтых адзнаках ты заўсёды пазнаеш Чарапаху.

– Не падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! – сказала Чарапаха Няспешная. – Нават Плямiсты Ягуар i той не забудзе такой простай лекцыi. Ах, Злючка-Калючка, як шкада, што ты не ўмееш плаваць!

– Хопiць клапацiцца аба мне, – адгукнуўся Злючка-Калючка. – Табе таксама сяго-таго не хапае. Падумай: як было б цудоўна, каб ты ўмела згортвацца ў клубок! Ах, i ў якую бяду мы папалi! Прыслухайся, што кажа Ягуар!

А Плямiсты Ягуар сядзеў над мутнай ракой Амазонкай, высмоктваў з лапы калючкi i цiха мармытаў:

– Хто згорнецца клубком,

Той завецца Вожыкам.

Хто ў вадзе паплыве,

Той Чарапахай завецца.

– Гэтага ён нiколi не забудзе, нават пасля дожджыку ў чацвер! – сказаў Вожык. – Падтрымай мяне за падбародак, Няспешная, – я хачу навучыцца плаваць. Гэта можа спатрэбiцца потым.

– З прыемнасцю! – сказала Чарапаха.

I яна падтрымала Калючку за падбародак, пакуль той боўтаўся ў мутнай рацэ Амазонцы.

– З цябе выйдзе вельмi добры плывец! – сказала яна Вожыку. – А цяпер, зрабi ласку, распусцi ў мяне на спiне тыя шнуркi, якiмi сцягнуты мой панцыр, я паспрабую згарнуцца ў клубок.

Злючка-Калючка распусцiў на спiне ў Чарапахi шнуркi, i Чарапаха пачала так згiнацца i курчыцца, што ёй нарэшце ўдалося крышачку сагнуцца, – не зусiм, а крышачку.

– Вельмi добра! – сказаў Вожык. – Але хопiць, болей не трэба. У цябе нават твар пасiнеў. А цяпер, калi ласка, падтрымай мяне ў вадзе яшчэ разок! Я паспрабую плаваць бокам. Ты казала, што гэта вельмi лёгка.

I Вожык зноў паплыў, – гэта было яго другое практыкаванне. Чарапаха плыла побач з iм.

– Вельмi добра! – сказала яна. – Яшчэ крыху, i ты будзеш плаваць не горш за Кiта. А цяпер, зрабi ласку, распусцi шнуркi на маiм панцыры яшчэ на дзве дзiрачкi, я паспрабую нахiлiцца ўперад. Ты кажаш, што гэта вельмi лёгка. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар!

– Вельмi добра! – ускрыкнуў Вожык, увесь мокры пасля купання ў мутнай рацэ Амазонцы. – Ты згортваешся так добра – зусiм як мае браты i сёстры. Дзве дзiрачкi, ты кажаш? Добра, толькi не трэба так моцна сапцi, а то пачуе Плямiсты Ягуар. Смялей! Калi ты скончыш, я паспрабую нырнуць i даўжэй пратрымацца пад вадою. Ты кажаш, гэта вельмi лёгка. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар! Але як стулiлiся шчыткi ў цябе на панцыры! Раней яны былi побач, а цяпер адзiн на другiм.

– Гэта таму, што я згортвалася, – сказала Чарапаха. – Але i ты змянiўся. Раней ты быў падобны на каштанавы арэх, а цяпер зрабiўся нiбы яловая шышка. Усе калючкi склеiлiся i зрабiлiся лускою.

– Няўжо? – ускрыкнуў Вожык. – Гэта таму, што я вымак у вадзе. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар!

Так да самай ранiцы яны памагалi адно аднаму, а калi сонца паднялося высока над зямлёй, яны селi адпачыць i абсушыцца. I, пазiраючы адно на аднаго, заўважылi, што зрабiлiся зусiм на сябе не падобныя.

Потым яны паснедалi, i Чарапаха сказала:

– Мiлы Вожык, я ўжо не такая, якая была ўчора. Але я думаю, што цяпер мне ўдасца пазабаўляць Ягуара як след.

– Я хацеў сказаць якраз тое ж самае. Слова ў слова! – ускрыкнуў Вожык. Па-мойму, луска лепш за ўсякiя калючкi, да таго ж я цяпер умею плаваць. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар! Пойдзем i знойдзем яго.

Хутка яны знайшлi Ягуара. Ён усё яшчэ быў заняты сваёй параненай лапай. Калi яны з'явiлiся перад iм, ён так здзiвiўся, што падаўся назад i тры разы перакулiўся цераз свой хвост.

– Добрай ранiцы! – сказаў Злючка-Калючка Вожык. – Як здароўечка вашай дарагой матулi?

– Дзякуй вам, яна вельмi добра сябе адчувае, – адказаў Ягуар, – але прабачце, калi ласка, я дрэнна памятаю вашы iмёны.

– Ах, якi вы няветлiвы! – сказаў Вожык. – Яшчэ толькi ўчора вы прабавалi выдрапаць мяне з панцыра...

– Але ўчора ў цябе не было панцыра. Учора ты быў увесь у iголках. Каму ж гэта i ведаць, як не мне? Паглядзi вось на маю лапу!

– Толькi ўчора, – сказала Чарапаха, – вы загадалi мне кiнуцца ў ваду i ўтапiцца ў мутнай рацэ Амазонцы, а сёння i ведаць не хочаце мяне. Вось якi вы недалiкатны i забыўчывы!

– Няўжо вы забылiся, што сказала вам ваша мацi? – спытаў Злючка-Калючка Вожык. – Яна ж ясна сказала вам:

– Хто згорнецца клубком,

Чарапахай завецца.

Хто ў вадзе паплыве,

Той завецца Вожыкам.

Тут яны абодва згарнулiся ў клубок i як пайшлi качацца вакол Ягуара качалiся, качалiся, качалiся... У таго нават вочы закруцiлiся, нiбы колы ў павозцы.

Ён пабег i паклiкаў сваю мацi.

– Мама, – сказаў ён, – там, у лесе, нейкiя дзiўныя звяры! Пра аднаго ты сказала, што ён не ўмее плаваць, а ён плавае. Пра другога ты сказала, што ён не ўмее згортвацца, а ён згортваецца. I, здаецца, яны падзялiлiся адзеннем. Раней адзiн быў гладзенькi, а другi калючы, а цяпер абодва яны пакрыты луской. Апрача таго, яны круцяцца, круцяцца, круцяцца, ажно ў мяне галава закружылася.

– Ах, сыночак, сыночак! – сказала мацi Ягуарыха, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. – Вожык – гэта Вожык, i чым жа яму быць, як не Вожыкам? Чарапаха – гэта Чарапаха, i астанецца заўсёды Чарапахай!

– Але гэта зусiм не Вожык! I зусiм не Чарапаха! Гэта трошкi Вожык i трошкi Чарапаха, а як яно завецца – я не ведаю.

– Глупства! – сказала мацi Ягуарыха. – У кожнага павiнна быць сваё iмя. Я гэтага звера буду зваць Браняносец, пакуль для яго не знойдзецца сапраўднае iмя. I на тваiм месцы я яго не чапала б.

Ягуар зрабiў так, як яму было загадана; асаблiва старанна выканаў ён навучанне мацi – не чапаць гэтага звера. Але дзiўней за ўсё тое, мiлы хлопчык, што на мутнай рацэ Амазонцы ад таго самага дня да гэтага часу Злючку-Калючку Вожыка i Чарапаху Няспешную ўсе так i называюць Браняносцам. Вядома, у iншых мясцiнах ёсць, як i раней, i Вожыкi i Чарапахi (ёсць яны i ў мяне ў садзе), але лепшыя, разумнейшыя з iх – старажытныя Вожыкi i Чарапахi, пакрытыя лускою, як яловыя шышкi, тыя самыя, што ў Далёкiя Днi жылi на мутных берагах Амазонкi, – тыя заўсёды завуцца Браняносцамi, бо яны такiя разумныя.

Чаго ж табе яшчэ, мiлы хлопчык? Усё зрабiлася вельмi добра, цi ж няпраўда?

На далёкай Амазонцы

Я нiколi не бываў,

Толькi карабель магутны

Там заўсёды гасцяваў,

Толькi карабель праз моры

Амазонкi дасягаў.

Ад Лiверпульскай гаванi

Заўжды па чацвяргах

Адыходзяць судны ў плаванне

Ў далёкi морскi шлях.

Плывуць яны ў Бразiлiю,

Бразiлiю,

Бразiлiю.

I я хачу ў Бразiлiю

Ў далёкi морскi шлях.

Вы не знойдзеце нiколi

У паўночных у лясах

Даўгахвостых ягуараў,

Браняносных чарапах.

А ў Бразiлii сонечнай

Багата так звяроў.

У нас такiх на поўначы

Нiдзе я не знайшоў.

Цi ўбачу я Бразiлiю,

Бразiлiю,

Бразiлiю?

Цi ўбачу я Бразiлiю

Да старасцi iзноў?

ЯК БЫЛО НАПIСАНА ПЕРШАЕ ПIСЬМО

Даўным-даўно, яшчэ ў каменным веку, жыў ды быў адзiн чалавек. Быў ён чалавек першабытны, жыў у пячоры i насiў вельмi мала апратак. Нi чытаць, нi пiсаць ён не ўмеў – ды i не хацелася яму нi чытаць, нi пiсаць, – i, пакуль ён быў сыты, ён быў шчаслiвы. Звалi яго Цегумай Бопсулай, а гэта азначае: Чалавек-ногi-якога-нiколi-не-спяшаюцца, але мы, любенькi хлопчык, будзем называць яго проста Цегумай, каб было карацей. У яго была жонка, i звалi яе Цешумай Тэвiндра, а гэта азначае: Жанчына-якая-задае-занадта-многа-пытанняў, але мы, любенькi хлопчык, будзем называць яе проста Цешумай, каб было карацей. I была ў яго маленькая дачка, якую звалi Тафамай Металумай, а гэта азначае: Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў-за-тое-што-яна-такая-гарэзн

iца, але буду называць яе проста Тафi. Цегумай Бопсулай вельмi любiў яе, i мама вельмi любiла яе, i яны давалi ёй плескачоў куды больш рэдка, чым трэба, i ўсе трое былi задаволеныя i шчаслiвыя.

Як толькi Тафi навучылася хадзiць, яна пачала бегаць усюды за сваiм бацькам Цегумаем, i, бывала, яны абое датуль не прыходзяць у пячору, пакуль iм не захочацца есцi. I тады Цешумай Тэвiндра казала:

– Дзе гэта вы прападалi i гэтак страшэнна выпэцкалiся? Сапраўды, мой Цегумай, ты анi не лепшы за маю Тафi.

А цяпер, любенькi хлопчык, слухай мяне, i слухай уважлiва!

Неяк раз Цегумай пайшоў па балоце, на якiм вадзiлiся бабры, i выйшаў да ракi Вагай, каб сваёй вострай дзiдай набiць на абед карпаў. Тафi пайшла разам з iм. Дзiда ў яго была драўляная, з наканечнiкам з зубоў акулы. I толькi ён узяўся паляваць, як дзiда зламалася папалам: занадта моцна ён тыцнуў ёю ў дно ракi, калi цаляў у рыбiну. Што рабiць? Iсцi дадому – далёка (снеданне яны, вядома, узялi з сабою ў торбачцы), а запасной дзiды ў Цегумая не было. Запасную дзiду ён забыўся ўзяць.

– Рыбы ажно кiшыць, – сказаў ён, – а каб адрамантаваць дзiду, мне спатрэбiцца цэлы дзень.

– У цябе ж ёсць другая дзiда! – сказала Тафi. – Такая вялiкая i чорная. Хочаш, я збегаю ў пячору i папрашу яе ў мамы?

– Дзе табе бегчы ў такую далеч! – сказаў Цегумай. – Гэта не пад сiлу тваiм пухленькiм ножкам. Ды i дарога небяспечная: чаго добрага, утопiшся ў Бабровым балоце. Паспрабуем як-небудзь справiцца з нашай бядою на месцы.

Ён сеў на зямлю, узяў скураную, спецыяльна для рамонту, торбачку, дзе ў яго былi складзены аленевыя жылы, доўгiя палоскi скуры, кавалачак смалы, камячок мяккага пчалiнага воску, i ўзяўся рамантаваць сваю дзiду. Тафi таксама села непадалёку ад яго, звесiла ногi ў ваду, падперла ручкай падбародак i думала-думала на ўсю моц. Потым яна сказала бацьку:

– Мне здаецца, гэта па-зверску крыўдна, што мы з табою не ўмеем пiсаць. Напiсалi б запiску дадому, каб нам прыслалi другую дзiду!

– Тафi, – сказаў Цегумай, – колькi разоў напамiнаў я табе, каб ты не гаварыла грубых слоў! "Па-зверску" – гэта брыдкае слова. Але было б i праўда някепска, калi ўжо ты нагадала пра гэта, каб мы маглi напiсаць тваёй маме запiску.

А ў гэты час па беразе ракi iшоў незнаёмы чалавек. Ён не зразумеў нi слова з таго, што сказаў Цегумай, таму што быў з далёкага племенi Цявара. Ён стаяў на беразе, пазiраў на Тафi i ўсмiхаўся, бо ў яго ў самога дома была маленькая дачушка. Цегумай дастаў з торбачкi маток аленевых жыл i ўзяўся рамантаваць сваю дзiду.

– Хадзi сюды, – сказала Тафi Незнаёмаму. – Цi ведаеш ты, дзе жыве мая мама?

Незнаёмы адказаў: "Гм", бо ён быў, як ты ведаеш, цяварац.

– Дурань дурны! – сказала Тафi i тупнула ножкай, бо ўбачыла, што па рацэ плыве цэлая чарада вялiкiх карпаў, якраз тады, калi бацька не можа запусцiць у iх дзiдай.

– Не лезь да старэйшых, – сказаў Цегумай не азiраючыся; ён быў так заняты рамонтам дзiды, што нават не глянуў на Незнаёмага.

– Я не лезу, – адказала Тафi. – Я толькi хачу, каб ён зрабiў тое, што мне хочацца. А ён не разумее.

– Тады не дакучай мне, – сказаў Цегумай, i ўзяўшы ў рот канцы аленевых жыл, пачаў выцягваць iх з усяе сiлы.

А Незнаёмы (ён быў сама сапраўдны цяварац) сеў на траву, i Тафi пачала паказваць яму, што робiць бацька.

Незнаёмы падумаў: "Гэта вельмi дзiўная дзяўчынка. Яна тупае на мяне нагой i строiць мне грымасы. Яна, мусiць, дачка гэтага знакамiтага правадыра, якi гэтакi важны, што нават не звяртае на мяне нiякай увагi".

Таму ён усмiхнуўся яшчэ больш ветлiва.

– Дык вось, – сказала Тафi. – Я хачу, каб ты пайшоў да мае мамы (таму, што ў цябе ногi даўжэйшыя за мае i ты не звалiшся ў Бабровае балота) i папрасiў, каб табе далi другую дзiду. Чорную. Яна вiсiць у нас над ачагом.

Незнаёмы (а ён быў цяварац) падумаў: "Гэта вельмi, вельмi дзiўная дзяўчынка. Яна махае рукамi i крычыць на мяне, але я не разумею нi слова. I я вельмi баюся, што, калi я не выканаю яе загадаў, гэты велiчны правадыр, Чалавек-якi-паварочваецца-спiнай-да-сваiх-гасцей, раззлуецца". Ён устаў, адлупiў з бярэзiны вялiкi кавалак кары i падаў яго Тафi. Гэтым ён хацеў паказаць, што душа ў яго белая, як бяроста, i што ён нiкому не жадае зла. Але Тафi зразумела яго па-свойму.

– О, – сказала яна, – разумею! Ты хочаш даведацца, дзе жыве мая мама. Вядома, я не ўмею пiсаць, але я магу намаляваць карцiнку заўсёды, калi пад рукою ёсць што-небудзь вострае, каб можна было надрапаць яе. Дай мне на хвiлiнку зуб акулы з тваiх караляў.

Незнаёмы (а ён быў цяварац) нiчога не адказаў. Таму Тафi працягнула руку i тузанула да сябе каралi, што вiселi ў Незнаёмага на шыi. Каралi былi з пацерак, зярнятак i зубоў акулы.

Незнаёмы (а ён быў цяварац) падумаў: "Гэта вельмi, вельмi дзiўнае дзiця. У мяне ў каралях заварожаныя зубы акулы, i мне заўсёды казалi, што той, хто дакранецца да iх без майго дазволу, адразу ж распухне або лопне. Але гэтае дзiця не распухла i не лопнула. А той велiчны правадыр, што не звярнуў на мяне нiякай увагi, вiдаць, не баiцца, што дзяўчынцы пагражае бяда. Лепей мне трымацца з iмi яшчэ больш ветлiва".

Таму ён даў Тафi свой зуб акулы, i яна тут жа легла на жывот i заматляла нагамi ў паветры, зусiм як некаторыя дзецi робяць гэта i сёння, калi яны кладуцца ў пакоi на падлогу, каб намаляваць тую цi iншую карцiну. Яна сказала:

– Зараз я намалюю табе некалькi прыгожых карцiнак! Можаш глядзець у мяне з-за пляча. Адно не штурхай мяне пад руку. Спачатку я намалюю, як тата ловiць рыбу. Ён выйшаў у мяне не дужа падобны, але мама пазнае, бо я намалявала, што дзiда ў яго зламалася.

А цяпер я намалюю другую дзiду, тую, якая яму трэба, чорную. У мяне выйшла, нiбыта яна выцяла тату ў спiну, але гэта таму, што твой зуб акулы слiзгануў, ды i кавалак бяросты малаваты.

Вось дзiда, якую ты павiнен прынесцi. А от гэта я. Я стаю i пасылаю цябе па дзiду. Валасы ў мяне не тырчаць на ўсе бакi, як я намалявала, але гэтак лягчэй маляваць.

Цяпер я намалюю цябе. Я думаю, што папраўдзе ты вельмi прыгожы, але не магу ж я зрабiць цябе на карцiнцы прыгажуном, таму, калi ласка, не злуйся на мяне. Ты не злуешся?

Незнаёмы (а ён быў цяварац) усмiхнуўся. Ён падумаў: "Мусiбыць, дзесьцi зараз адбываецца вялiкi бой, i гэтае незвычайнае дзiця, якое ўзяло ў мяне заварожаны зуб акулы i не распухла i не лопнула, загадвае мне паклiкаць усё племя вялiкага правадыра да яго на падмогу. Ён вялiкi правадыр, iнакш ён не сядзеў бы да мяне спiнай".

– Глядзi, – сказала Тафi, вельмi старанна выводзячы на кары свой малюнак. – Цяпер я намалявала цябе. Я суну тую дзiду, якая гэтак патрэбна тату, табе ў руку, каб ты не забыўся прынесцi яе. Цяпер я пакажу табе, дзе жыве мая мама. Iдзi, пакуль не дойдзеш да двух дрэў (вось гэтыя дрэвы), потым падымiся на гару (вось гэтая гара), i тады ты выйдзеш на Бабровае балота, у iм поўна-поўна баброў. Я не ўмею маляваць баброў, але я намалявала iхнiя галоўкi. Бо толькi галоўкi ты i ўбачыш, як будзеш iсцi па балоце. Ды, глядзi, не збоч. Як скончыцца балота, тут адразу i будзе наша пячора. Папраўдзе яна не такая вялiкая. як пагорак, але я не ўмею маляваць вельмi маленькiя рэчы. От мая мама. Яна выйшла з пячоры. Яна прыгожая. Яна прыгажэйшая за ўсiх мам, якiя толькi ёсць на свеце, але яна не пакрыўдзiцца, што я намалявала яе непрыгожай. Цяпер, на выпадак, калi ты забудзеш, я намалявала збоку i тую дзiду, якая патрэбна тату. На самай справе яна ўсярэдзiне, але ты пакажы карцiнку маме, i мама дасць табе гэтую дзiду. Я намалявала, як яна ўзняла рукi, бо я ведаю, што яна будзе рада бачыць цябе... Прыгожая карцiнка, праўда? Ты добра зразумеў цi мне растлумачыць яшчэ раз?

Незнаёмы (а ён быў цяварац) паглядзеў на карцiнку i закiваў галавою. Ён сказаў сам сабе: "Калi я не прывяду племя гэтага вялiкага правадыра яму на падмогу, яго заб'юць ворагi, якiя падкрадваюцца з дзiдамi з усiх бакоў. Цяпер я разумею, чаму вялiкi правадыр прыкiнуўся, нiбыта не звяртае на мяне ўвагi. Ён баiцца, што ворагi прытаiлiся ў кустах i што яны ўбачаць, як ён дае мне даручэннi. Таму ён адвярнуўся i даў магчымасць мудраму i дзiвоснаму дзiцяцi намаляваць гэтую страшную карцiнку, каб я зразумеў, у якой бядзе ён апынуўся. Я пайду i прывяду яму на выручку ўсё яго племя".

Ён нават не папытаўся ў Тафi дарогi, а рынуўся, як вецер, у кусты з бяростай у руцэ. А Тафi села сабе на беразе, вельмi задаволеная.

– Што гэта ты рабiла, Тафi? – спытаў Цегумай.

Ён адрамантаваў дзiду i цяпер асцярожна памахваў ёю ўправа i ўлева.

– Гэта мой сакрэт, любенькi татачка, – адказала Тафi. – Калi ты не будзеш распытваць мяне, ты хутка даведаешся, у чым справа, i гэта вельмi цябе здзiвiць. Ты не можаш сабе ўявiць, якi гэта будзе сюрпрыз для цябе! Паабяцай мне, што ты будзеш рады.

– Добра, – сказаў Цегумай i ўзяўся лавiць рыбу.

Незнаёмы (цi ведаеш ты, што ён быў цяварац?) усё бег i бег з карцiнкай у руках i прабег некалькi мiляў i раптам зусiм выпадкова натрапiў на Цешумай Тэвiндра. Яна стаяла каля ўвахода ў пячору i пляткарыла з дагiстарычнымi дамамi, якiя прыйшлi да яе ў госцi на дагiстарычнае снеданне.

Тафi была вельмi падобная на Цешумай, асаблiва вачамi i верхняй часткай твару, таму Незнаёмы – сама сапраўдны цяварац – пачцiва ўсмiхнуўся i ўручыў Цешумай бяросту. Ён гэтак хутка бег па балоце, што засопся, а ногi ў яго былi паабдзiраны калючым цярноўнiкам, але ён усё яшчэ стараўся быць ветлiвым.

Як толькi Цешумай зiрнула на карцiнку, яна заверашчала i рынулася на Незнаёмага. Астатнiя дагiстарычныя дамы разам павалiлi яго на зямлю i ўсе шасцёра ўселiся на яго ў радок, а Цешумай узялася выскубваць у яго з галавы цэлыя жмуты валасоў.

– Усё зусiм зразумела i проста, – сказала яна. – Гэты незнаёмы мужчына праткнуў майго Цегумая дзiдай i гэтак напужаў Тафi, што ў яе валасы сталi дыбам. Але гэтага яму было мала, i ён прынёс мне страшную карцiнку, каб пахвалiцца сваiмi злачынствамi. Глядзiце, – i яна паказала карцiнку ўсiм дагiстарычным дамам, што цярплiва сядзелi на Незнаёмым, – вось мой Цегумай, у яго зламаная рука. Вось дзiда, якую ўваткнулi яму ў спiну, а вось чалавек, якi збiраецца кiнуць у Цегумая дзiду, а вось другi чалавек, якi кiдае ў яго дзiду з пячоры. А вось тут цэлая шайка лiхадзеяў (Тафi намалявала баброў, але яны былi больш падобныя на людзей) падкрадваецца ззаду да Цегумая... Усё гэта жахлiва, жахлiва!

– Жахлiва! – згадзiлiся дагiстарычныя дамы i выпэцкалi Незнаёмаму ўсю галаву граззю (што вельмi здзiвiла яго) i загрукалi ў баявы барабан.

I на стук барабана прыйшлi ўсе правадыры цегумайскага племенi з усiмi сваiмi гетманамi, даламанамi, негусамi. За iмi крочылi прарокi, знахары, жрацы, шаманы, бонзы – i ўсе яны ў адзiн голас парашылi: адсячы Незнаёмаму галаву, але хай ён спачатку завядзе iх да ракi i пакажа, куды ён схаваў няшчасную Тафi.

Мiж тым Незнаёмы (хоць ён i быў цяварац) вельмi моцна ўзлаваўся на дамаў. Яны панабiвалi яму ў валасы камякоў гразi, яны правалаклi яго па вострых камянях, шасцёра з iх доўга сядзелi на iм; яны бiлi i малацiлi яго так, што ён ледзьве дыхаў, i хоць iхняя мова была яму незразумелая, няцяжка было здагадацца, што яны лаюць яго сама брыдкай лаянкай. I ўсё-такi ён не сказаў нiводнага слова, а калi сабралася цегумайскае племя, ён павёў гэтых людзей да ракi Вагай, i там яны ўбачылi Тафi. Яна сядзела i пляла вянок са стакротак, а бацька яе Цегумай цэлiўся дзiдай, якую яму ўжо ўдалося адрамантаваць, у невялiкага карпа, што плыў у рацэ.

– Хутка ж ты вярнуўся! – усклiкнула Тафi. – Але чаму ты прывёў з сабою гэтулькi народу? Татачка, вось мой сюрпрыз. Праўда, ты здзiўлены?

– Вельмi, – сказаў Цегумай. – Але ўсё маё сённяшняе паляванне прапала. Чаго, чаго, растлумач мне, збеглася сюды ўсё наша слаўнае племя?

I сапраўды, усё племя было тут. Наперадзе крочыла Цешумай Тэвiндра з усiмi сваiмi суседкамi. Яны моцна трымалi Незнаёмага, валасы якога былi густа запэцканы граззю (хоць ён i быў цява рац). За iмi iшоў галоўны правадыр са сваiм намеснiкам, потым мiнiстры i памочнiкi правадыра (узброеныя да самых зубоў), гетманы, сотнiкi, негусы, ваяводы са сваiмi тылавымi атрадамi (таксама ўзброеныя да зубоў). А за iмi бегла ўсё племя з такiм страшэнным лямантам, якi распудзiў усю рыбу ў рацэ на дваццаць кiламетраў – не менш.

Гэта вельмi раззлавала Цегумая, i ён аблаяў усiх, хто прыбег да ракi, сама непрыстойнымi дагiстарычнымi словамi.

Тут Цешумай Тэвiндра падбегла да Тафi i давай цалаваць яе, абдымаць ды песцiць. Але галоўны правадыр цегумайскага племенi схапiў Цегумая за пёры, што тырчалi ў яго ў валасах, i затрос яго з шалёнай лютасцю.

– Гавары! Гавары! Гавары! – закрычала ўсё цегумайскае племя.

– Што за лухта! – сказаў Цегумай. – Пакiньце мае пёры ў спакоi. I чаму гэта так: варта чалавеку зламаць на паляваннi дзiду, як на яго адразу накiдваецца ўсё племя i пачынае дубасiць! I хто вам даў права лезцi не ў свае справы?

– А ты так i не прынёс татаву чорную дзiду! – сказала Тафi. – I што гэта вы робiце з маiм мiлым Незнаёмым?

То два чалавекi, то тры, а то i цэлы дзесятак падбягалi да Незнаёмага i бiлi яго, так што ў таго ўрэшце вочы на лоб палезлi. Ён не мог i слова вымавiць i моўчкi паказваў на Тафi.

– Дарагi мой, а дзе ж лiхадзеi, што праткнулi цябе вострымi дзiдамi? спытала Цешумай.

– Нiякiх тут не было лiхадзеяў! – адказаў Цегумай. – Адзiны чалавек, каго я сёння бачыў, вунь той няшчасны, якога вы б'яце зараз. Цi не звар'яцела ты, о цегумайскае племя?

– Ён прынёс нам страшную карцiнку, – адказаў галоўны правадыр. – На карцiнцы ты ўвесь з галавы да пят утыканы дзiдамi.

Тут загаварыла Тафi:

– М... м... м... Шчыра кажучы... гэта я дала яму карцiнку...

Ёй было дужа няёмка.

– Ты?! – закрычала ўсё цегумайскае племя. Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў-за-тое-што-яна-такая-гарэзн

iца?! Ты?!

– Тафi, любенькая! Баюся, нам з табою зараз давядзецца даволi крута... прамовiў Цегумай i абняў яе, i таму яна адразу перастала баяцца ворагаў.

– Гавары! Гавары! Гавары! – сказаў галоўны правадыр цегумайскага племенi i заскакаў на адной назе.

– Я хацела, каб Незнаёмы прынёс сюды татаву дзiду, от я i намалявала дзiду, – растлумачыла Тафi. – Яна адна, але я намалявала яе тры разы, каб Незнаёмы не забыўся пра яе. А калi выйшла так, быццам яна пратыкае тату спiну, дык гэта ўсё таму, што кавалачак бяросты вельмi маленькi i на iм не хапае месца. А тыя фiгуркi, якiя мама называе лiхадзеямi, гэта проста мае бабры. Я намалявала iх таму, што трэба ж было паказаць Незнаёмаму, што ён павiнен пайсцi па балоце! I я намалявала маму каля ўвахода ў пячору. Яна стаiць i ўсмiхаецца Незнаёмаму, бо ён гэтакi мiлы i добры. А вы... дурнейшых за вас няма на ўсiм свеце! ён жа мiлы i добры, навошта ж вы выпэцкалi яму галаву граззю? Памыйце яго зараз жа!

Пасля гэтага ўсе вельмi доўга маўчалi. Нiхто не вымавiў нi слова. Нарэшце галоўны правадыр засмяяўся. Потым засмяяўся Незнаёмы (а ён быў, як ты ведаеш, цяварац); потым засмяяўся Цегумай, ды так моцна смяяўся, што не мог устаяць на нагах; потым засмяялася ўсё цегумайскае племя, яно смяялася доўга i гучна.

Потым галоўны правадыр цегумайскага племенi пракрычаў, прагаварыў i праспяваў:

– О, Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў-за-тое-што-ты-такая-гарэзнi

ца, ты зрабiла вялiкае адкрыццё!

– Нiякага адкрыцця я не хацела рабiць, – адказала Тафi. – Я проста хацела, каб сюды прынеслi татаву чорную дзiду.

– Усё адно! Гэта – вялiкае адкрыццё, i прыйдзе дзень, калi людзi назавуць яго ўменнем пiсаць. Пакуль што замест пiсем мы будзем пасылаць адзiн аднаму карцiнкi, а ў карцiнках – вы самi гэта бачылi – не заўсёды можна разабрацца, што да чаго. Iншы раз выходзiць сама дзiкая блытанiна. Але прыйдзе час, о дзiця цегумайскага племенi, калi мы прыдумаем лiтары i навучымся з дапамогай лiтараў чытаць i пiсаць – i тады ў нас ужо не будзе памылак. I няхай дагiстарычныя дамы змыюць гразь з галавы Незнаёмага.

– От будзе добра! – сказала Тафi. – Бо цяпер вы прынеслi сюды на бераг усе дзiды, якiя толькi ёсць у цегумайскага племенi, але забылiся прынесцi адну-адзiную – чорную дзiду майго таты!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю