Текст книги "Загадкавы святы"
Автор книги: Пьер Буль
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)
Буль Пьер
Загадкавы святы
П'ер Буль
Загадкавы святы
Пераклад: А.Мароз
Блiзкай сяброўцы, чый заўжды неспакойны дух
мiласэрнасцi натхнiў мяне на гэтую жудасную гiсторыю
1
Незнаёмы дабраўся да лепразорыя, калi сонца апускалася над далiнай. Iшоў ён неяк няроўна. Падымаючыся па схiле Гары Хворых, ён то ледзь перастаўляў ногi, апусцiўшы плечы i нахiлiўшы галаву, нiбы зусiм знясiлены, то выпростваў сваё доўгае цела i паскараў хаду. Тады здавалася, што ён перамагаў стому напружаннем волi, незвычайную сiлу якой выдавалi рысы ягонага твару, нiбы яму было вельмi важна без спазнення дабрацца да мэты сваёй вандроўкi. Хоць было горача, на iм была доўгая, да пят, карычневая хламiда з воўны. Яго твар быў брудны ад поту i пылу. Каля крыжа, што пазначаў мяжу ўладанняў праказы, ён прысеў на камень, выпусцiў з рук свой кiй, на канцы якога матляўся невялiчкi клуначак з пажыткамi, i, зняможаны, нейкi час сядзеў нерухома, цяжка дыхаючы.
Праз хвiлiну ён быў на нагах, даўжэзны цень ад яго постацi падаў на зямлю паралельна ценю крыжа, яго вочы гарэлi, хударлявы скуласты твар раптам прасвятлеў. Непадалёку, каля агароджы, якою быў абнесены манастыр i невялiчкi пасёлак пры iм, ён заўважыў брата Роза, якi глядзеў на захад сонца, перад тым як iсцi званiць да вячэрняй iмшы.
Брат Роз i абат былi апошнiя манахi, што засталiся ў лепразорыi. Як любiў паўтараць лекар Жан Маяр, праказа забiвае павольна, але памалу яна дала рады ўсiм манахам, апроч тых, хто памёр ад старасцi. Тыя, што прыйшлi сюды, калi заснавалася калонiя, за часамi караля Луi Святога*, паўмiралi, i даўно ўжо нiхто не прыходзiў iм на змену. Брат Роз быў адзiн з апошнiх прадстаўнiкоў той кагорты. Ён прыйшоў сюды зусiм малады, недзе на пачатку стагоддзя. Праказу ён падхапiў шмат гадоў пазней, i яго моцны сялянскi арганiзм упарта змагаўся з хваробай. У шэсцьдзесят гадоў праказа яшчэ не апанавала яго, хоць адзнакi яе выразна былi вiдаць на руках i твары. Усё яшчэ жвавы, брат Роз быў неабходны лепразорыю чалавек. Ён дапамагаў абату пад час службы, званiў да малiтвы, даглядаў ляжачых хворых, насiў лекi за доктарам, назiраў, як абраблялiся палi, а таксама хаваў нябожчыкаў, бо хоць праказа i сапраўды забiвала павольна, але рэгулярна.
* Луi Святы – кароль Францыi Луi IX (1226-1270), з дынастыi Капетынгаў, быў вядомы сваёй рэлiгiйнасцю.
Незнаёмец перасек пазначаную крыжам мяжу i хуткiмi крокамi наблiзiўся да брата Роза, якi здзiўлена назiраў за iм. Непадалёк ад манаха чалавек раптам спынiўся, i на яго твары з'явiўся дзiўны выраз незадаволенасцi, быццам ён, разгледзеўшы наплечнiк* i сутану, быў расчараваны нечаканай сустрэчай. Аднак уважлiва ўгледзеўшыся, ён убачыў на твары брата Роза знакi, якiя тым часам гаварылi самi за сябе: прыпухлыя павекi i надброўныя дугi, такiя ж губы, тоўсты расплылы нос, гладкi, быццам рагавы, лоб, пакрыты падобнай да мякiны луской чэрап. Гэтыя сiмптомы, што выклiкалi ў кожнага агiду i жах, здаецца, супакоiлi яго, вочы ў яго зноў загарэлiся, а скулы пачырванелi ад дзiўнай узбуджанасцi.
* Частка ўбору манаха – кавалак тканiны, якi пакрываў плечы i спускаўся на грудзi i спiну.
Ён зрабiў у бок манаха два крокi. Той выставiў наперад сваю схуднелую руку, спрабуючы спынiць яго. Але незнаёмы не звярнуў нiякай увагi на гэты жэст i хутка iшоў да манаха. Гэта магло б напалохаць брата Роза, калi б нешта яшчэ магло палохаць пракажонага з Гары Хворых.
Невядомы вiдавочна не меў нiякiх дрэнных намераў. Ён падышоў да брата Роза, стаў на каленi, схапiў яго рукi, паднёс да вуснаў i палка пацалаваў. Манах, якi быў аслупянеў, вырваўся i адступiў на крок.
– Назад, чужынец! Хiба ты не ведаеш, што тут лепразорый? Цi, можа, думаеш, што сутана ўберагла мяне ад заразы? Я не нашыў чырвонага сэрца i не нашу ляскоткi*, бо мы тут усе такiя, мы нiколi не выходзiм за крыж i нiхто з тых, што жывуць у далiне, не прыходзiць сюды. Ды ты зiрнi на мой твар. Я пракажоны, як i ўсе, хто жыве на гэтай гары.
* Пракажоны павiнен быў насiць на адзеннi знак у выглядзе чырвонага сэрца i ляскотку, каб загадзя папераджаць здаровых пра сваё наблiжэнне.
– Ведаю, брат мой, – адказаў незнаёмы. – Бог накiраваў мяне да Гары Хворых. Я свядома прыйшоў да пракажоных, i ты першы, каго я сустрэў. Прывiтай мяне пацалункам.
Брат Роз здрыгануўся. Ён прывык чуць толькi сiплыя галасы пракажоных, i гэты вельмi нiзкi i глыбокi голас узрушыў яго, выклiкаў прадчуванне, што ён не можа належаць звычайнаму чалавеку. Незнаёмы развёў для абдымкаў рукi i зноў наблiзiўся да яго. Гэтым разам манах не думаў ухiляцца, i незнаёмы моцна абняў яго i, прыцiснуўшыся сваiм тварам да ягонага, доўга цалаваў яго папсаваныя праказай шчокi.
Тады брат Роз, аслеплены i адурманены цудоўным водарам, якi iшоў ад дыхання незнаёмага, зразумеў, хто гэта такi. Гэтая здагадка раптоўна апякла яго наiўную душу. Як толькi незнаёмы адпусцiў яго, ён, нават не пакланiўшыся, павярнуўся i кiнуўся бегчы да лепразорыя, крычучы на ўсе грудзi:
– Святы, святы! Брат абат! Бог паслаў нам святога!
2
У той час, пры Фiлiпе Валуа*, лепразорый на Гары Хворых ужо даўно не меў нiякiх зносiн з астатнiм светам. Гэта было асобнае каралеўства са сваiм уласным манархам, немачнае каралеўства праказы, якое выклiкала ў людзей страх i нянавiсць. Нiводзiн жыхар далiны не рызыкнуў бы падняцца на тую гару, i калi б якi пракажоны надумаў спусцiцца ў якую-небудзь вёску, то дабром гэта не скончылася б. Крыж каля ўвахода ў лепразорый быў неадольнай перашкодай.
* Фiлiп Валуа – Фiлiп IV, кароль Францыi (1328-1350), пад час яго праўлення пачалася стогадовая вайна з Англiяй (1337-1453).
Толькi калi прыбываў новы хворы, пракажоныя маглi здалёк бачыць здаровых людзей. У такi дзень своеасаблiвая працэсiя на чале з кюрэ падымалася на гару. Наперадзе натоўпу, скарыўшыся лёсу i не спрабуючы ўцячы, слухмяна iшоў адрынуты, якога падганяла магутная сiла людской агiды i жаху. Вiлы, якiмi хто-нiхто размахваў у натоўпе, былi непатрэбныя. Каля крыжа ён спыняўся i пачынаў махаць сваёй яшчэ новай, блiскучай на сонцы ляскоткай, а iншыя, стоячы воддаль, пачыналi прарэзлiва крычаць. Абат месiр Тама д'Арфёй, пачуўшы гэты лямант, уздыхаў, выходзiў за агароджу i iшоў насустрач. Часам з iм быў брат Роз, бо сяляне не цярпелi, калi збiралася шмат пракажоных. Кюрэ здалёк выкрыкваў iмя новага прыбыльца i афiцыйна сведчыў, што гэты чалавек быў зажыва адпеты, потым коратка пераказваў навiны, i на гэтым усё канчалася, працэсiя хуценька паварочвала назад. Выгнаннiк разам з абатам павольна ўступалi ў каралеўства праказы.
Гэтае каралеўства было мiнiяцюрнай копiяй знешняга свету, са сваёй iерархiяй i сацыяльнай няроўнасцю. Абат напачатку спрабаваў быў паламаць бар'еры, якiя ўвесь час паўставалi мiж рознымi групамi пракажоных, але ўжо даўно зразумеў марнасць сваiх намаганняў. Мэтр Жан Маяр, фiлосаф i адмысловы лекар, штодня знаходзiў выдатныя довады, каб пераканаць яго, што такi парадак неабходны для iснавання любога грамадства, нават калi яно складаецца з адных пракажоных.
Касты выдзяляла сама праказа, бясконца разнастайная паводле сваёй прыроды i свайго разбуральнага ўздзеяння на чалавечы арганiзм. Тыя, каго яна толькi ледзь закранула, чый твар быў толькi дэфармаваны, але не раз'едзены, чыё цела не пакрылася агiднымi язвамi, утваралi арыстакратыю i жылi пры манастыры ў гэтак званым малым лепразорыi. Яны раўнiва аберагалi свае прывiлеi i глядзелi на iншых хворых як на нячыстых iстот. Астатнiя жылi ў халупах, за мурамi манастыра. Iхнiя паселiшчы ўсе разам утваралi вялiкi лепразорый. Яны сялiлiся на схiлах гары тым вышэй, чым агiднейшыя былi ў iх праявы хваробы. Падобная да цукровай галавы ў выглядзе конуса гара была падзелена на зоны, што апярэзвалi яе. Зоны гэтыя звужалiся з наблiжэннем да вяршынi i давалi прытулак пракажоным з усё больш жахлiвым выглядам. Апошнюю зону часам называлi верхнiм лепразорыем, што было сiнонiмам праклятага месца. Урэшце, на самай вяршынi жыў мурын з Афрыкi, абiсiнец, якога прывезлi з апошняга крыжовага паходу рыцары i кiнулi, калi агледзелi ў яго праказу.
Мэтр Жан Маяр, якi ў свой час вучыўся ў Салерна i прачытаў там славуты твор Дантэ, часам параўноўваў Гару Хворых з Пеклам фларэнтыйскага паэта, якое дасцiпны дэман перавярнуў так, што заднiца апынулася вышэй за галаву i вастрыё конуса калола неба.
Жыхары малога лепразорыя – гэтая элiта – дзялiлiся на некалькi iзаляваных адзiн ад аднаго класаў: iльвападобныя, сабакападобныя, быкападобныя, свiнападобныя, пракажоныя з тварамi сатыраў i розныя iншыя. Яе вялiкасць Праказа забаўлялася, з незвычайнай шчодрасцю надаючы знешнасцi сваiх падданых самыя фантастычныя рысы. Уся гэтая арыстакратыя жыла ў манастырскiм пасёлку i пакiдала яго толькi, каб пайсцi здалёк паназiраць за работай на палетках, дзе працавалi пракажоныя з вялiкага лепразорыя, з нiжняй яго зоны, а гэта значыла, што iхняя знешнасць была ўжо занадта агiднай. Апрача лекара, брата Роза i часам абата, нiхто з тых, хто жыў у сценах манастыра, не разыкаваў падняцца ў верхнюю зону.
Зрэшты, вельмi рэдка пракажоныя з любой зоны падымалiся ў вышэйшую, дзе лютавала праказа, мярзотнейшая за тую, ад якой пакутавалi яны самi. Яшчэ радзей бывала наадварот. Калi ж гэта выпадкова здаралася, то госць трымаўся з мясцовымi жыхарамi правiлаў, абавязковых для ўсiх пракажоных за межамi лепразорыя; гэта значыць, ён здалёк павiнен быў даваць аб сабе знаць i не наблiжацца да людзей. Тады мясцовыя жыхары паказвалi на яго пальцамi i адступалiся ўбок, затыкаючы насы, каб паказаць сваю агiду, такую самую, якую пры выпадку выказвалi да iх пракажоныя ў лепшым стане.
Аднак адрынутыя з верхняга лепразорыя былi пазбаўленыя мажлiвасцi выхваляцца перавагай сваёй формы хваробы, бо амаль нiколi не сустракалi больш знядоленага чалавека, чым самi, i таму ўвесь час пакутавалi маральна не менш жорстка, чым фiзiчна. Сваю пагарду i адносную перавагу яны маглi паказваць толькi да мурына, якi жыў на вяршынi конуса, калi той выбiраўся са свайго берлагу, што здаралася выключна рэдка. Але калi ён адважваўся на гэта, дык апранаў поўны ўбор пракажонага i без перапынку махаў ляскоткай. Тады ўся Гара Хворых трымцела ад жудасцi.
Гэтыя парадкi не былi замацаваныя нiякiм законам, але ўсе падданыя праказы iх прымалi. Абат асуджаў iх, але i яму было непамысна, калi ён выпраўляўся на гару, i хоць ён i дакараў сябе за грэблiвасць, але не мог наблiзiцца да мурына. Абiсiнца зрэдку наведваў толькi Жан Маяр, якi сам прыносiў яму лекi i прымушаў сябе пабыць некалькi хвiлiн побач з iм. Гэткiм чынам лекар вывучыў некалькi слоў яго дзiўнай абiсiнскай мовы, i як ён зразумеў, абiсiнец быў у сваiм краi цi то знахаром, цi то чараўнiком.
Жан Маяр заўважыў, што калi ён вяртаўся пасля абходаў, якiя, дарэчы, нямала яму каштавалi, дык па ўсёй яго дарозе жыхары кожнай зоны дэманстратыўна расступалiся перад iм. У манастыры Тама д'Арфёй, ягоны сябар, сустракаў яго са змрочным выглядам, у якiм чытаўся папрок. Гэта не злавала яго. Астракiзм пракажоных, да якога ён ставiўся цвяроза, выклiкаў у яго такую самую паблажлiвую ўсмешку, як i дзiцячыя гульнi.
3
Чакаючы, калi пазвоняць да вячэрняй малiтвы, месiр Тама д'Арфёй разам з лекарам папiвалi вiно. Вiно было з невялiчкага вiнаграднiка, якi даглядаў брат Роз. Ён жа асабiста цiснуў вiно i сачыў, каб нiводная кропля соку не прапала. Дзякуючы яму сябры маглi ўвесь год кожны вечар выпiваць па келiху вiна. Гэта быў сцiплы пачастунак, якiм яны вельмi даражылi.
Абату пайшоў семдзесят пяты год. Ён таксама доўга змагаўся з праказай i процiстаўляў яе разбуральнай сiле дысцыплiну простага, пазбаўленага празмернасцей iснавання, строгае выкананне ўсiх рэлiгiйных абрадаў i няўхiльнае падпарадкаванне прадпiсанням Жана Маяра. Праказа, хоць i папсавала яму твар, усё ж пашкадавала яго, пазбавiўшы язваў, скулячак, гангрэны i iншых агiдных прыкрасцей. За гэта ён штодня дзякаваў небу i малiў бога, каб ён даў яму памерцi ад старасцi з ягоным цяперашнiм тварам. Ён належаў да львападобных i прывык да гэтага. Часам ён нават адчуваў гонар ад усведамлення таго, што ён быў выдатны леў, узорны прадстаўнiк гэтага тыпу, бо вакол яго танзуры захавалася густая карона валасоў. Жан Маяр, жартуючы, параўноўваў гэтую чупрыну з грывай цара звяроў.
Сам лекар з азызлым, але насмешлiвым носам, такiмi ж распухлымi губамi, у якiх, аднак, праглядвалася не пыха, а глыбокая пачуццёвасць, быў, бадай, пракажоны-сатыр. Ён са сцiплай усмешкай пагаджаўся з гэтым, часам сцвярджаючы, што тое, як праказа змяняе твар чалавека, пэўным чынам залежыць ад характару. Ён прыводзiў шмат прыкладаў у падтрымку гэтага тэзiса, у прыватнасцi, выпадак брата Роза, чые вернасць i адданасць не выклiкалi сумненняў i чыя галава, бясспрэчна, нагадвала галаву вялiкага сабакi.
Мэтр Жан Маяр у маладосцi шмат вандраваў, жыў бурлiвым жыццём шкаляра ў Францыi i Iталii, заўзята вывучаў медыцыну i фiласофiю i спазнаў нямала лёгкiх жыццёвых радасцей. Ён меў за абавязковае правiла не наракаць на лёс, i падобна было на тое, што ён зусiм не шкадаваў свайго блiскучага мiнулага. У той дзень, калi ён даведаўся, што падхапiў праказу (гэта было дзесяць гадоў таму, калi яму толькi мiнула сорак), ён не стаў пасылаць небу дарэмных праклёнаў. Ён пачаў наглядаць сабе лепразорый з добрым клiматам, бо шукаў месца спачынку. Гара Хворых спадабалася яму, i ён, на вялiкую радасць абату, якi ў яго асобе прыдбаў прыемнага таварыша i ўмелага лекара, прыехаў туды сам, не чакаючы, пакуль яго прымусяць. Яго дэвiзам было: "Праказа забiвае павольна". Ён па-фiласофску суцяшаўся гэтай думкай.
У той вечар Тама д'Арфёй быў не ў гуморы, што з нейкага часу не раз здаралася з iм. Паўздыхаўшы з-за манастыра, якi разбураўся без догляду, ён пасмуткаваў з прычыны жорсткасцi веку i заняпаду хрысцiянскiх дабрачыннасцей.
– Мiласэрнасцi больш няма ў каралеўстве. Нiкому няма клопату да няшчасных. А пракажоным не засталося нiчога, акрамя агiды. У мiнулым стагоддзi нiводзiн сеньёр не адважыўся б ставiцца да iх так, як сёння гэта робiць апошнi мужык. У тыя часы заўсёды хапала набожных душ, у якiх можна было знайсцi спагаду. I прыклад падаваўся зверху, я ведаю. Наш святы кароль Луi спачыў якраз незадоўга да майго нараджэння, але калi я быў падлеткам, яшчэ распавядалi, як ён абышоўся з надзвычай страшным пракажоным у Руамонцкiм абацтве. Калi пракажоны з'явiўся там, наш лiтасцiвы кароль сам узяў на сябе клопат пра небараку, якi быў падобны да д'ябла. Ён пацалаваў яго рукi i твар, прыслужваў яму за сталом, выбiраў i сам падносiў да ягонага азызлага рота лепшыя кавалкi. Ён абмыў яму ногi. Цяжка назваць такую агiдную паслугу, якую б ён яму не зрабiў.
– Так наш лiтасцiвы кароль зарабляў сабе вечнае жыццё, – сказаў лекар.
Абат пацiснуў плячыма i працягваў:
– I гэты прыклад меў свой плён. Тады людзi былi больш лiтасцiвыя да няшчасных. Прыклад караля натхняў штодня святыя душы, якiя не баялiся наблiжацца да пракажоных.
– Але, – ухвальна азваўся Жан Маяр, скрывiўшы сваю вялiзную сатыраву губу ў адмысловую грымасу. – Можна нават сказаць, што тады каралеўства кiшэла святымi, як мора рыбай. Не было рыцара, абата, манаха, набожнага буржуа, якi б не iмкнуўся знайсцi досыць страшнага пракажонага, каб, пацалаваўшы яго, адным махам здабыць вечнае збавенне i пры гэтым вызначыцца ў вачах караля. Нiколi, абат, ногi жабракоў не абмывалi лепей, чым тады. Нiколi пракажоных так не шкадавалi i не песцiлi. Я пытаюся ў сябе, цi цанiлi поўнай мерай адны i другiя гэтую дабрачыннасць i, што асаблiва важна, цi адчувалi яны належны гонар ад таго, што накiроўвалi гэтулькi душ у царства божае.
– Смейцеся, пане фiлосаф, – сказаў абат, – але мне страшэнна бракуе мiласэрнасцi, i праз гэта церпiць усё насельнiцтва лепразорыя. Што зробiш! У нашага караля Фiлiпа менш за ўсё балiць галава за пракажоных. Ён займаецца толькi вайною...
– I робiць гэта вельмi кепска, – перабiў лекар, – а яго васалы ваююць яшчэ горш i думаюць толькi, як набiць каўбух. Мяхi з вiном, акаваныя жалезам, няздатныя пабiць ангельцаў нават двое на аднаго... А што да нашых пракажоных, абат, то я лiчу, што яны добра прыстасавалiся да сваёй iзаляцыi.
Абат уздыхнуў:
– Гэта яшчэ горш. Яны прайшлi праз пакуты. Эгаiзм i злосць хваробы больш заразныя, чым праказа. Iхнiя сэрцы зачарсцвелi, i яны капiруюць паводзiны жыхароў далiны. Нi ў кога няма нiякага жалю да свайго брата. Вiдушчы пракажоны пагарджае сляпым. Бязносы пракажоны абыходзiць пракажонага, пакрытага язвамi...
– I ўсе ўцякаюць ад пракажонага мурына. Ваша праўда, але, я вам не раз казаў, пры нашай iзаляцыi павiнен быў узнiкнуць нейкi грамадскi парадак.
– Мне не патрэбны вашы абгрунтаваннi, – гнеўна крыкнуў абат. – Я ўсяго толькi бедны пастыр i лiчу, што гэтыя норавы агiдныя, але, што яшчэ горш...
Ён замаўчаў i прыгубiў чарку. Гэта быў спектакль. Ён нязграбна прытуляў сваю адвiслую, як у каня, нiжнюю губу да чаркi, амаль цалкам абхоплiваючы яе, i адначасова хлябтаў языком, як гэта робяць жывёлы. Лекар, употай назiраючы за iм, думаў, што яго сябар рабiўся ўсё больш i больш падобны да льва, але сёння гэта быў сумны леў, i гэта яму пасавала.
– Яшчэ горш, – працягваў абат, паставiўшы чарку, – я з жахам заўважаю, што i сам паддаюся гэтаму эгаiзму, якi мяне засмучае. Мне ўсё цяжэй быць мiласэрным да маiх пракажоных братоў. Кажу вам, нам патрэбен свежы струмень. Бываюць вечары, калi ад усёй гары тхне праказай. Ад гэтага паху знiкаюць усе хрысцiянскiя дабрачыннасцi.
– Што ж, я згодны, ад яе тхне праказай, – сказаў лекар. – Пах непрыемны, але цярпець можна, да яго можна прызвычаiцца, калi ты трошачкi фiлосаф. Да таго ж ён адганяе лiхiх людзей i вашых цяперашнiх баязлiвых хрысцiян, не забывайцеся пра гэта.
Ён збiраўся дадаць яшчэ нешта мудрае, калi з двара пачулiся крыкi брата Роза.
4
– Святы, брат абат! Бог нам паслаў святога! Ён прыйшоў, ён тут!
Абат здрыгануўся. Яго пляскаты нос зморшчыўся, як морда ўстрывожанага льва. Гэтая навiна, якая так цудоўна супала з ягонымi цяперашнiмi турботамi, здалася яму пасланнем нябёсаў. Ён ускочыў з крывога зэдлiка i падышоў да акна. Са свайго пакоя на другiм паверсе кляштара ён бачыў усю невялiчкую плошчу, на якую выходзiла цэнтральная вулiца лепразорыя. З наблiжэннем ночы над гэтым месцам звычайна апускалася панурая цiша, але ў гэты вечар лямант брата Роза выклiкаў дзiўнае рэха.
Дабрадзейны манах, спынiўшыся перад акном, не супакойваўся:
– Ён прыйшоў аднекуль вельмi здалёк, брат абат. Гэта вiдаць па яго запыленым адзеннi. Ён падышоў да мяне. Ён глянуў мне ў твар i не ўцёк. Ён абняў мяне. Ад ягонага дыхання пахне ладанам i мiртам.
Жан Маяр нецярплiва забурчаў.
– Гэты манах з'ехаў з глузду, i праз яго ў нас будуць непрыемнасцi з жыхарамi далiны. Нейкi падарожнiк, пэўна ж, не ведаючы, што мае справу з пракажоным... Ты не крыкнуў, каб адагнаць яго? Ты не папярэдзiў, што ты хворы? – гаварыў ён, звяртаючыся да манаха. – Так патрабуе закон, ты добра гэта ведаеш.
– Я так i зрабiў, пан лекар, а ён адказаў, што прыйшоў да пракажоных па добрай волi. Я так i зрабiў, кажу вам, i тады ён пяшчотна мяне пацалаваў.
– Пацалаваць пракажонага, – прашаптаў Жан Маяр з пагардай.
Абат не рашаўся аддацца пачуццю, якое пачынала ахоплiваць яго. Брат Роз быў такi збянтэжаны, што ён баяўся, цi манах не трызнiць.
– Дзе ён?
Манах павярнуўся i паказаў рукой. Са свайго акна абат угледзеў, як высокая постаць у рудой хламiдзе мiнула браму i накiравалася да кляштара. У гэтым нечаканым з'яўленнi было нешта таямнiчае, i гэта ап'янiла манаха i пераканала, што неба пачула яго малiтвы.
Незнаёмы напачатку, пакуль быў адзiн, крочыў даволi шпарка. Потым, зразумеўшы, што за iм сочаць цiкаўныя, якiя тоўпiлiся ў вузкiх завулках, што выходзiлi на галоўную вулiцу, пайшоў павальней, азiраючыся па баках.
Незвычайная ўзрушанасць брата Роза была з энтузiязмам сустрэта пракажонымi. Пры вонкавай абыякавасцi i бяздушнай пакоры яны, аднак, падзялялi тугу абата, бо ўсе хавалi ў сэрцах надзею, што ў iхнiм свеце зноў з'явяцца любоў, лiтасць i мiласэрнасць. Колiсь Тама д'Арфёй часта распавядаў iм з вышынi сваёй казальнiцы пра лiтасцiвага караля Луi i iншых святых, якiя iшлi ўслед за манархам. Цяпер ён больш не закранаў гэтай тэмы, бо баяўся, што гэта будзе жывiць у iх марную надзею. Аднак старэйшыя не забылiся тых гiсторый i пераказвалi iх малодшым.
Усе ўжо ўбачылi, што прыйшоў адзiн з тых легендарных персанажаў, пра сустрэчу з якiм яны ўпотай марылi. Крык "Святы" раптоўна раздзьмуў агонь, i ў iх адразу ўзнiкла прадчуванне цуду; незнаёмы быў Месiя, якога Ўсявышнi паслаў да iх, каб ператварыць iх пекла ў царства любовi. Аднак яны не наважвалiся наблiзiцца да яго. Здавалася, што незнаёмы выклiкаў у iх страх цi, можа, боязь расчаравання. Калi ён запаволiў хаду, нейкая старая з адвiслымi шчокамi, смялейшая за iншых, падышла крыху блiжай да дарогi i апынулася зусiм блiзка ад яго. Чужынец спынiўся, падышоў да яе i, пакуль астатнiя стаiўшы дыханне сачылi за iм, абняў i пацалаваў яе. Пасля гэтага ён пайшоў далей, а навокал пачуўся збянтэжаны гоман, у якiм адчувалася ўзрушанасць, што ахапiла лепразорый.
– Бачылi? – усклiкнуў надзвычай здзiўлены абат.
– Бачу. Здаецца, умельства здабываць месца ў царстве нябесным яшчэ не згiнула.
Пракажоныя рабiлiся ўсё смялейшыя, i незнаёмы iшоў па жывым калiдоры, а энтузiязм няшчасных гатовы быў абярнуцца фанатычным захапленнем. Калi ён падышоў да акна, сотнi знявечаных вуснаў паўтаралi крык брата Роза: "Святы, святы!" – i з усiх бакоў да яго цягнулiся рукi.
– Мiр табе, чужынец, – сказаў абат. – Мы ўсе, ты бачыш гэта, вельмi ўзрушаныя тымi знакамi тваёй прыязнасцi да нас, што ты выказваў, але цi добра ты разумееш, якой жахлiвай небяспецы сябе аддаеш?
– Я не баюся праказы.
Прыцiхлы натоўп быў, як i брат Роз, уражаны гэтым нiзкiм глухiм голасам, якi гучаў так дзiўна, бясспрэчна, таму, што чужынец гаварыў сцяўшы зубы. Збянтэжаны гэтым голасам i ўзрушаны высакароднасцю адказу, абат збег па драўляных сходах, рэзка адчынiў дзверы i апынуўся перад незнаёмым. Той упаў перад iм нiц, потым схапiў ягоныя рукi i асыпаў iх пацалункамi.
– Устань, брат мой, – вымавiў абат, спрабуючы вызвалiцца. – Я бласлаўляю пачуццё, якое цябе натхняе. Мне проста вельмi хацелася наблiзiцца да цябе, але гэта мая слабасць. Паглядзi на мяне лепей. Паглядзi на няшчасных, якiя стаяць вакол цябе, i падумай, якую цану ты рызыкуеш заплацiць за праяўленне тваiх высокiх пачуццяў.
Незнаёмы з хвiлiну ўглядаўся ў iльвiныя рысы абата, яго расплылы на ўвесь твар нос, потым павольна агледзеў пракажоных, якiя паўколам абступiлi яго. За выключэннем малых дзяцей тут цяжка было знайсцi сапраўды чалавечы твар. Узрушанасць, як часта казаў лекар, робiць гэтых гратэскных iстот пачварнымi. Але словы, прадыктаваныя абату абавязкам, насуперак яго ўласным памкненням, выклiкалi ў пракажоных трывогу i гнеў. Натоўп iнстынктыўна паўстаў супраць перашкод, якiя ставiлiся перад святым у выкананнi яго мiсii. Пракажоныя, з iх аголенымi хваробай нервамi, не цярпелi, калi нешта рабiлася iм насуперак, i роспач ператварыла натоўп у жудасную зграю, у якой напоўнiцу праявiлiся характары жывёлiн, аблiчча якiх насiлi з ласкi Яе Вялiкасцi Праказы ўсе яе падданыя: горыч "iльвоў" вылiлася ў мармытанне, якое нагадвала прыглушаны рык, свiнападобныя, выцягнуўшы насы, рохкалi, нiбы дзiкi. "Сабакi" ашчэрылi зубы i пагрозлiва гыркалi. Здавалася, усе былi гатовыя кiнуцца на абата, каб разадраць яго.
Аднак незнаёмага гэта вiдовiшча не ўразiла. Ён зноў зiрнуў на абата i запытаўся тым самым глухiм голасам:
– Хiба ўсе людзi не браты?
– Бясспрэчна, хоць сёння шмат хто забыўся пра гэта.
– Шмат хто забыўся, гэта праўда, – як рэха, паўтарыў незнаёмы.
Жан Маяр, якi ўважлiва сачыў за iм, адзначыў горыч, з якой былi сказаны гэтыя словы. Зрэшты, гэта яго не здзiвiла, бо, паводле яго фiласофii, гэтае пачуццё не пярэчыла святасцi.
– Я пра гэта не забываюся, – казаў далей чужынец, – i вось я з вамi. Чаму ж ты мяне гонiш, брат мой?
– Я? Ганю цябе?!
Набожнай стойкасцi старога прыйшоў канец. Незнаёмы ўпэўнена падышоў да абата, абняў i палка пацалаваў, выцiраючы слёзы, якiя ручаямi кацiлiся па львiным твары.
Супакоены гэтым канчатковым доказам рашучасцi незнаёмага, натоўп яшчэ цясней абступiў яго, пачулiся ўхвальныя выкрыкi, кожнаму пракажонаму не цярпелася атрымаць цудадзейны пацалунак. Але Жан Маяр адцягнуў яго ўбок i цiха сказаў яму:
– Пачакай, чужынец. Цi добра ты ведаеш, што чакае цябе, калi ты прабудзеш тут ноч, што ты, здаецца, i збiраешся зрабiць? Паўсюль у далiне жыхары будуць цкаваць цябе. Калi ты, як яно здаецца, не тутэйшы, то не можаш нават уявiць, якiя суровыя тут законы наконт пракажоных. Iдзi адсюль зараз жа, i, мажлiва, твайго вiзiту не заўважаць.
– Даруй нашаму лекару, – сказаў абат, якi цяпер таксама ўстрывожыўся. – Ён думае, як толькi што думаў i я сам, што гэта яго абавязак казаць так. Гэта вучоны чалавек. Ён не лечыць праказы, бо яна невылечная, ён i сам пракажоны, але нiхто не разбiраецца ў гэтым лепш за яго. Аднак ён далёкi ад спраў боскiх. А я, брат мой, пазнаў цябе.
– Аман, святы айцец, – сказаў Жан Маяр i замiргаў вачыма, ад чаго на ягоным твары з'явiлася жахлiвая грымаса.
– Я прыйшоў з горада, званiцы якога, магчыма, вiдаць з вашай гары. Я ведаю звычаi гэтага краю i чэрствасць сэрцаў яго жыхароў. Аднак, месiр доктар, калi такiя твае абавязкi...
Здавалася, незнаёмы iнстынктыўна адчуў у мэтру Маяру ворага. Ён гаварыў з iм нерашуча, адвярнуўшыся ўбок.
– Толькi, месiр доктар, я не маю нiякага жадання вяртацца ў далiну. З гэтага дня я хачу жыць сярод пракажоных. Хiба пракажоныя адмовяцца прыняць мяне?
– Вядома ж, не! – крыкнуў абат. – Я пазнаў цябе. Будзь блаславёны, пасланец Госпада.
– Тады дазвольце мне застацца. Мне не трэба нiчога, акрамя абярэмка саломы ў самай убогай хацiне.
– Ты будзеш маiм госцем. Увайдзi ў гэты кляштар, тут цяпер твой дом. Для мяне вялiкае шчасце i гонар прыняць цябе. Уваходзь. Ты, пэўна, здарожыўся?
Пад iранiчным позiркам Жана Маяра абат уцягнуў чужынца ў свой пакой, пачаставаў яго вiном i настояў на тым, каб уласнаручна памыць яму ногi. Незнаёмы дазволiў, але як быццам бы з нейкай агiдай. Ён адмовiўся ад прапанаванага жытла i выказаў настойлiвае жаданне вярнуцца да натоўпу, якi нецярплiва гаманiў.
Лекар, якi не пераставаў сачыць за iм, хацеў быў выпрабаваць яго святасць.
– Ты яшчэ не бачыў сапраўды страшных пракажоных. Тыя, што тут, яшчэ маюць нейкае аблiчча – чалавечае цi не – не важна. Перш чым ты сустрэнешся з iншымi, падрыхтуйся да самага брыдкага.
– Хiба ўсе людзi не браты? – паўтарыў нiзкiм голасам чужынец. – Нiякая форма праказы мне не гiдкая. Але, – сказаў ён устрывожана, – хiба не ўсе пракажоныя жывуць пры манастыры?
– На жаль, брат мой, – сказаў абат, – ён стаў занадта цесны для iх. Многiя, самыя страшныя, вымушаны жыць у халупах на схiлах гары. Каб абысцi вялiкi лепразорый, трэба днi са два.
Было падобна, што чужынца ахапiла нечаканая трывога, i ён рэзка ўскочыў.
– Брат абат, я не магу затрымлiвацца, – хутка сказаў ён, – я адчуваю сябе вiнаватым перад гэтымi няшчаснымi.
5
– Нiякая форма праказы мне не гiдкая, – задумлiва паўтарыў лекар. – Вось сапраўды смелы чалавек.
Чужынец выйшаў так хутка, што абат нават не паспеў варухнуцца, каб затрымаць яго. Жан Маяр падышоў да акна i выглянуў на вулiцу. Змяркалася.
– Дзiўная птушка гэты ваш святы. Вось пайшоў лавiць пракажоных. Чаго, чаго, а гэтага тут хапае. I дваццацi крокаў не зрабiў, а ўжо пацёрся тварам аб дзесятак выдатных струплявых пыс. Нiхто з нашых не хоча прапусцiць такога свята. На плошчы аж цёмна ад людзей. А вось пайшлi па жанчыну, каб прывесцi да яго. Што ён робiць? Ды ўсё тое самае. Нахiляецца, прыцiскаецца да яе грудзей сваiмi, цалуе ў лоб i шчокi, зноў цалуе, потым пераходзiць да iншай. Вядома, гэтыя шлёндры хацелi б яшчэ, але ён не затрымлiваецца. Як святы спяшаецца ўсiх прывiтаць або давесцi сваю святасць.
– Мэтр Жан, гэта блюзнерства, – сказаў абат, у якога яшчэ не прайшоў экстаз. – Гэта святы, i велiч яго мiсii не дазваляе яму затрымлiвацца нi на хвiлiну.
– Вядома, – прабурчаў лекар, – але цi не хочацца вам пагаварыць з iм крыху больш i даведацца, што ў яго за святасць. Бываюць, вы ведаеце, святыя каралi. Гэты не з iх. Бываюць святыя рыцары. Гэта таксама не той выпадак. Святы манах? У яго няма танзуры. Ён i не мужык, да таго ж я нiколi не чуў пра мужыкоў-святых.
– А! Хiба важна, хто ён у мiрскiм жыццi. Гэта святы, i нам гэтага дастаткова. Цi не адчулi вы, як i я, водару, якi зыходзiць, калi ён дыхае? Я i цяпер яшчэ п'яны ад яго. Брату Розу не прымроiлася. Водар ладану i мiрту.
– Глядзi ты! Сапраўды. Я абнюхаў яго ўсяго, як i вы, хоць ён i не палiчыў мяне годным свайго пацалунку. Богу не заўгодна было паслаць да нас пекную святую. Я, праўда, не прывык мець справу са святымi, але я нiколi не чуў, што яны неяк спецыфiчна пахнуць.
– А вось тут вы i памыляецеся, хоць вы i выдатны лекар, – сур'ёзна сказаў стары. – У былыя часы некаторых святых ахiнаў водар, якi напаўняў паветра навокал. Гэта даведзена.
Жан Маяр моўчкi глянуў на свайго набожнага сябра, потым, не вельмi перакананы, пакiваў галавой. Калi праз гадзiну ён пайшоў ад абата, месiр Тама Д'Арфёй усё яшчэ быў усхваляваны, а ўзрушанасць, якая панавала вакол кляштара, доўга не давала яму заснуць.
Чужынец да позняй ночы блукаў па малым лепразорыi. Спачатку ён хадзiў па вулiцах паселiшча без нiякага парадку, цалаваў усiх, каго сустракаў, пры гэтым яго нiбы магнiтам цягнула да вялiкiх груп пракажоных. Потым, калi першая ўзрушанасць, якую выклiкала яго з'яўленне, трохi сцiшылася i вулiцы апусцелi, ён быццам бы задумаўся, i ў яго незвычайных паводзiнах з'явiлася нешта накшталт метаду.
Ён папрасiў брата Роза, якi неадступна хадзiў следам за iм, быць яму праваднiком i пачаў заходзiць у кожнае жытло. Там ён знайшоў пракажоных, якiя не выйшлi – хто з прычыны кепскага стану, хто проста праз абыякавасць. У кожнай хацiне ён выказваў сваю мiласэрнасць у простым i строгiм рытуале: зайшоўшы, ён абдымаў i цалаваў усiх па чарзе. Можна было падумаць, што ён баяўся, каб хто не схаваўся. Нiкому не ўдалося пазбегнуць яго ласкi. Упартых ён праследаваў, заганяў у куток, i там – зноў абдымаў, i яго дзiўны голас, у якiм, здаецца, чуўся горкi папрок, ушчуваў няшчаснага за ягоны сорам.
– Хiба ўсе людзi не браты? – паўтараў ён. – Я прыйшоў да цябе з любоўю, а ты мяне цураешся!
Тады сэрца самага здзiчэлага пракажонага мякчэла, i ён са слязьмi прымаў яго пацалунак. Зрабiўшы гэта i агледзеўшы ўсе закуткi, каб упэўнiцца, што не прапусцiў нiкога – нi хворага ў пасцелi, нi дзiцяцi ў калысцы, – чужынец выходзiў i нецярплiва iшоў да наступнага дома.