Текст книги "Ігнась-чарадзей"
Автор книги: Павел Ляхновіч
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)
7.
...Гопнуўся ў траву ля каменя, ускочыў, і – бягом у Мендыжэчы. За капейкамі, што пад дзядоўнікам схаваў. Грошы невялікія, толькі перад мамай сорамна. Як дзіця малое: «Дзе рэшта? – Згубіў...» Пра «перастрэлку», натуральна, нічога казаць не стаў. Прамаўчаць – гэта ж не зманіць!
Вецер у вушах, пот вочы залівае, падбягаў ужо. I – на табе! Твар да твару з тым, параненым. Белы бінт праз лоб, кепка брылём назад, за пасам нагавіц рагатка тырчыць. Босы, голае тулава аж чорнае ад загару. Вышэйшы крыху за Ігнаську, і рукі мускуламі як вяроўкамі перавіты. Калі біцца прыйдзецца, кепска. Ой, як жа біцца не хочацца!
– Ігнаська! – працягнуў нечакана для сябе руку. Той, відаць таксама не чакаў такога жэсту, паціснуў зніякавела. – Алег.
– Алег, я не хацеў пацэліць, далібог! Так проста кінуў, ненаўмысна атрымалася! Моцна разбіў? – затрашчэў Ігнаська. – Ты, гэта... Ты даруй мяне! Чэсна-найчэсна не хацеў!
– Ды нічога, ужо не баліць. Скуру крыху рассек. Такой бяды! Загоіцца.
– А гэта што ў цябе? Рагатка? Па чым страляеш?
– Ды гэта я так... Куды прыйдзецца. Па мішэнях. Па варонах.
– Не шкада? Птушак?
– Чаго іх шкадаваць? Яны куранят крадуць. Варон нават паляўнічым загадана страляць!
– I шмат варон настраляў?
– Калі чэсна, то ніводнай, – зарагатаў Алег. – Такія хітрушчыя! Нізавошта не падабрацца на стрэл! Вось толькі сёння да галкі падкраўся, дурная нейкая галка, неасцярожная. Усё ў траве капалася. Але прамазаў!
– Ну а галку навошта страляць? Яны ж куранят не крадуць! – (Каб ты ведаў, што гэта была за «дурная» галка!) – У мяне пазалетась галка жыла. Такая разумная! Клікаў – прылятала. А потым прапала. Можа ты падстрэліў?
– Не, я ўвогуле ні разу па птушках не пацэліў. Во Валодзя, ну, той, што са мной быў, калі ты мне ў лоб..., дык ён цэлкі стралок. Вераб'ёў страляе. Тыя блізка падпускаюць. Скубе, кашай набівае і гатуе на вогнішчы. А я не, я болыи рыбу люблю лавіць.
– I як ловіш? Вудай? – Па-сапраўднаму зацікавіўся Ігнаська. Дагэтуль ён падтрымліваў гутарку толькі, каб адстаяць свае прынцыпы (па жывому страляць нельга!) і працягнуць знаёмства. – Я лаўлю на вуду. Але вялікай рыбы не трапляе, чамусьці. Толькі гаркушы, ну, бывае, што верхаводкі. Яшчэ сліжоў і кялбоў. Ім чарвяка трэба пад самы нос... А вось тата ўмее ліпеня злавіць, і нават стронга. Толькі ён рэдка вудзіць.
– Я? Я па-рознаму. I вудай таксама. I на жыўца, нанач стаўлю. На шчупака, або на стронга. I сеткай па завонях. Ну, не сапраўднай сеткай – на дзве палкі кавалак тканіны ад мяшка, і цягаем па завонях – ямах, дзе пасля паводкі вада засталася. Там шмат рыбы бывае. Часам нават шчупакі. А часцей – карасі. Залацістыя і серабрыстыя... А хочаш – мы зараз пойдзем карасёў лавіць? Можа і ўюны трапяць. Бачыў уюноў? Як змеі, і пішчаць!
– Як гэта – пішчаць? – Здзівіўся Ігнаська. – Рыбы? Рыбы не могуць пішчаць. Кажуць жа: «Нямы, як рыба»...!
– Пабачыш. У сэнсе – пачуеш. Пайшлі?
Уюноў не злавілі. Гадзіны са дзве цягалі па вадзе кавалак мешкавіны, прыбіты да двух палак. Толькі спачатку нагамі добра ўзмуцілі вадаём. Так Алег закамандаваў, каб рыба не бачыла іхняй «сеткі».Брудныя, мокрыя падцягвалі цяжкую снасць да берага і вывальвалі змесціва на траву. Там, сярод выдраных з дна водарасцяў весела скакалі карасікі з залатой луской. Алег борздзенька збіраў іх у торбу, што вісела на шыі.
Лёгкая пена аблокаў у вадзе, моцны пах аеру і балотнай мяты. Залатыя дыскі б'юцца на траве.
– Алег, яны такія маленькія. Можа... Давай выпусцім? Хай гадуюцца. А як падрастуць – тады яшчэ раз зловім...
– Яны не падрастуць. Гэтая завонь да канца лета перасохне. I карасікаў паядуць качкі з чаплямі. Чым мы горшыя за чапляў? Ведаеш, яны смажаныя такія смачныя! Хрусткія.
– То можна выпусціць у раку. – Заўпарціўся Ігнаська.
– Не, у рацэ яны не жывуць. Карасі, асабліва залацістыя, бягучай вады не любяць. Кінь глупства, Ігнась, глянь, яны ўжо ўсе пазасыналі. Шкада табе? А сам жа казаў – ловіш гаркуш, сліжоў... Таксама малыя. Іх не шкада?
– Не ведаю... Я як паглядзеў – яны такія... як залатыя. Спачатку здалося – радуюцца, скачуць. А потым зразумеў – яны задыхаюцца, і таму трапечуць. I нешта так шкада стала... Ігнаська страсянуў галавой. – Не звяртай увагі. Гэта я так...
8.
Каторы дзень стаіць гарачае надвор'е. Т ата з мамай прымушаюць насіць са студні ваду на агарод, паліваць. Якая ж гэта нудная праца! Носіш-носіш, ажно рукі балець пачынаюць. Але іначай пасохне ўся гародніна, прападзе. А як агарод паліў, трэба ісці ў лес шыльніку нагрэбсці, карову ды парсюка падсцяліць. I няма калі да Алега збегаць. Дамаўляліся жыўцоў наставіць на шчупака ды стронга. Спачатку трэба зрабіць пару дзясяткаў снасцей. Да тоўстай жылкі прывязваецца свінцовае грузіла (грузілаў яны з Алегам ужо адлілі. Свінец са старых акумулятараў выплавілі). Потым, крыху вышэй грузіла – на павадку вялікі рыбалоўны гак. I ўсё. Толькі трэба на дошчачку накруціць, каб жылка не зблыталася. Марыць Ігнаська, што прыйдзе ранкам з ракі і аддасць маме ў рукі цэлы кукан вялікіх шчупакоў і стронгаў. А на сняданак усе будуць есці смажаную рыбу і... ну ён не дзеля таго, каб хвалілі...., але можа тата ці мама скажуць добрае слова...
Яшчэ не выходзіць з галавы Ігнаськінай чароўны камень. Толькі страшнавата нешта стала пасля таго сапсана. I вельмі хочацца падзяліцца ўражаннямі. Асабліва з Алегам. Ну, невыносна хочацца! Але ж курапатка папярэдзіла, што калі раскажа каму – прападуць чары.
У каго перавярнуцца, каб аніякай небяспекі? У выдру? Пасля апоўдня навінскія хлопцы на раку ходзяць купацца. I Толік з імі будзе. То паднырнуць да Толіка ды і ўкусіць яго за мяккае месца. Моцна ўкусіць, зубы ў выдры вострыя! За ўсё – за кпіны, за ганьбу, за бойку. Толькі як ён даведаецца, што гэта помета яму? A-а! Хай сабе і ніяк не даведаецца. Дастаткова, што ён, Ігнаська, ведаць будзе...
Ад каменя да ракі з кіламетр-паўтара. Што выдры можа пагражаць? Нічога, здаецца...
9.
Ага, нічога!... Луг па траве хутка прайшоў. Потым краем лесу. Паўз хутара. Да шашы падыйшоў. Прабраўся на насып, дачакаўся, што ніводнай машыны не відно, ды і шуснуў упоперак праз брук. А тут сабака. Харэвічаў, здаецца. I што ён тут робіць, так далёка ад вёскі? Добра, што ля самай дарогі куча ламачча ляжала. Як змяя, прашмыгнуў Ігнаська пад кучу – цела ў яго зараз як змяінае, гнуткае, вузкае. Толькі поўсць вельмі густая, горача. Хутчэй бы да ракі, недалёка ўжо, метраў дзвесце, а тут сабака ў двух кроках енчыць, зямлю дзярэ, ды палкі зубамі грызе. Хоча да Ігнаські-выдры дабрацца. Крыкнуў на яго Ігнаська як звычайна – «Пайшоў вон!», атрымалася ціўканне птушынае. А сабака яшчэ болыи раз'ятрыўся: «А-вой! А-вой! Людзі! Тут звер! Выдра! Людзі! Сюды!»
«Восьтабе і на... – падумаў Ігнаська. – Што, калі на сабачы брэх і праўда хто-небудзь прыбяжыць? I пойдзе вось гэтае бліскучае футра на шапку каму-небудзь... Не, трэба рабіць нешта!»
Паціху перабраўся пад кучай на яе процілеглы бок. Прыслухаўся. Сабака на тым баку капаецца, ды сукі грызе, ажно трэск стаіць. Вылез, ды прыкрываючыся стаўбурамі, падростам лясным, ды ў зарасці папараці – і з усяе сілы да ракі. А як засталіся лічаныя метры, пачуў – сабака па следзе ідзе: «А-яй! А-вой! Лаві! Уцякае!». «Лаві-лаві цяпер», – усміхнуўся ўнутрана Ігнаська і ў ваду. Увайшоў надзіва ціха, нават не плюхнуў, ну, можа толькі ледзве-ледзве. А як лёгка плыць! На задніх лапах паміж пальцамі скураныя перапонкі, яку качкі, ці гусі. 3-за іх лапа быццам у ласту ператвараецца. На беразе, праўда, не надта зручна было, затое ў вадзе – цуд. I цела, выгінастае, абцякальнае, такую хуткасць можна развіваць! Удыхнуў Ігнаська паветра і нырнуў, бо сабака па следзе на бераг ужо прыйшоў. Нырнуў і пайшоў па плыні. Вось гэта кайф! У масцы ныраць – велізарнае задавальненне, але ніякага параўнання з гэтымі пачуццямі. Чародка плотак пад карчом стаіць. Убачылі Ігнаську-выдру – пырснулі ва ўсе бакі.
Пагнаўся за адной Ігнаська, проста так, дурэючы. Дык можа на якіх пяці метрах дагнаў. Хацеў зубамі схапіць, нешта яго падмывала зрабіць так, але пашкадаваў. I што цікава – плотка тая так ужо «манеўравала», такім зігзагам уцякала, а Ігнаська зусім лёгка гэтыя зігзагі паўтараў. Ганяўся так за плоткай, потым двух стронгаў знайшоў – за каменем стаялі – і за імі. I толькі праз якіх пяць хвілінаў успомніў, што пакуль наверх не вынырваў, за паветрам. А дыхаць яшчэ не хочацца!
Вынырнуў пад самым берагам, у куст, што галінкі ў вадзе палошча. Прыслухаўся. Сабака далёка ззаду застаўся. Бегае па беразе, злуецца. А ніжэй па рацэ чалавечыя галасы чуваць. Навінскія хлопчыкі купаюцца. Яны кожны дзень усе разам сюды ходзяць. Раней і Ігнаська з імі хадзіў, разам весялей.
Ціха апусціўся ў ваду – нос нейкім чынам сам замкнуўся, смешна, але зручна, вада не трапляе – і зноў уніз, дзе купальня. Купальня іхняя – гэта яма, метры два з паловаю-тры ў глыбіню. Ніжэй ямы – пясчаная мель. Так што, калі хто з сілаў выбіваецца, трэба толькі крыху ўніз праплыць, а там можна на ногі станавіцца.
Вынырнуў Ігнаська ля супрацьлеглага берагу. Зноў у куст. Каб яго ніхто заўважыць не здолеў. Высунуў з вады вусатую мордачку і скрозь галінкі цікуе. Гоман стаіць, хоць вушы затыкай! Відаць усе дзеці навінскія прыйшлі. Дзяўчынак шмат. Раней яны не хадзілі, апошнім часам далучыліся. Скачуць здзірвановагаўзвышэнняўваду не горш захлопцаў! Не, усёжгорш. Хлопцы галавой уніз, а той-сёй з усялякімі выкрутасамі, «бомбачкай», нават сальта спрабуюць круціць, а дзяўчаткі толькі «салдацікам», нагамі ў ваду. I яшчэ насы пальцамі заціскаюць. Недатыкі! Ваду ў носе цярпець, бачыце, не могуць! А сярод іх Толік круціцца. То штурхне якую, з «тумбы» спіхне, то паднырне, ды за лыткі схопіць. Вада ў рацэ празрыстая, што крышталь, Ігнаську добра відаць. Пішчаць дзяўчаткі, сварацца, а Толіку хоць кол на галаве чашы! Зазлаваў Ігнась – і за дзяўчатак, і за старую крыўду, і што дагэтуль не можа Навіны наведваць. «Далібог, – думае, – паднырну і ўкушу». А Толік гэтым часам «ластаўкай» з тумбы нырнуў, і сажнямі па купальні то па плыні, то супраць. Потым на спіну перавярнуўся, на спіне паплыў. Стаміўся, відаць, вырашыў адпачыць. I як яно атрымалася – можа выгнуўся ў паясніцы замоцна, можа яшчэ што – але накрыла хваляй Толікаў твар і хлебануў ён вады. Перавярнуўся на жывот, вочы вырачаныя, спалоханыя, закашляўся, і яшчэ хлебануў. Узмахнуў адной рукой і знік з паверхні. Дзяўчаты ў адзін голас завішчэлі, але ніхто на дапамогу не кінуўся. Вядома – страшна.
У той момант забыўся Ігнаська, што ён – выдра. Забыўся, што ўкусіць толькі што Толіка збіраўся, каб адпомсціць за нанесеныя крыўды. Нырнуў і што было сілы да Толіка. А той павольна да дна апускаецца. Вочы расплюшчаныя, і кашляе. Ну, грудная клетка тузаецца, і з кожным такім сутаргавым рухам з рота бурбалкі вырываюцца. Імгненна падляцеў да яго Ігнаська, хацеў рукамі за валасы схапіць, ды ўзгадаў, што рук зараз няма. Тады ўчапіўся зубамі за трусы і з усяе сілы пацягнуў уніз па плыні, на плыткае месца. Плынь хоць і не вельмі хуткая, ды крыху дапамагала. Вось і водмель пясчаная. Далей, далей. Так, каб хлопцы ўбачылі. Цягнуў, упіраючыся лапамі ў дно ажно пакуль трусы не садраў. Тут ногі хлапечыя замільгалі ў вадзе, некалькі хлапчукоў падхапілі Толіка пад рукі, на бераг павалаклі. Ігнаську, здаецца, не заўважылі. Ён зноў пад той куст на супрацьлеглым беразе. Вывалаклі Толіка на бераг – дзяўчаткі зноў у піск. Што за племя, гэтыя дзяўчаты – ну ўбачылі чалавека без трусоў, дык чаго вішчэць?! А хлопцы – малайцы, качаць Толіка пачалі. Проста перакочваць па беразе. Кашлянуў Толік фантанам вады і пачаў дыхаць.
Як дзеці пайшлі і павялі пад рукі Толіка, Ігнаська счакаў крыху, потым выплыў на сярэдзіну купальні. Нырнуў, прайшоўся па дне. Кругом белы пясок, дзе-нідзе плямы рачнога смецця. Правы бераг абрывісты, амаль вертыкальны. У беразе ля самага дна дзірка. Гэта ўваход у бабрыную нару, яе Ігнаська даўно ведае. Але раней добра разгледзець не хапала паветра. Тут корч ад старога дрэва, карані. I між каранёў чорная адтуліна. Ігнаська прыпаў да дна і разглядаў. Сярод карэнняў некалькі акунёў. Паласаценькія і флегматычныя. Стануць за пал кай і думаюць, што іх не відно...
Муць пайшла з нары... Што там? Плынню воблака муці знесла – тырчыць адтуль бабёр. Задніца ў адтуліне, а галава, пярэднія лапы, грудзі вытыркаюцца, вісяць над дном. Футра невядома якога колеру – усё ў дробных паветраных бурбалачках, таму здаецца бабёр ртуццю абліты. Верхняя губа неяк падціснута, і з-за яе вялізныя два зубы відаць. Шырокія і плоскія, як стамескі. Яны і ёсць стамескі – імі бабёр драўніну грызе. «Твар» у бабра ад гэтай падціснутай губы і зубоў здаецца вельмі непрыязным. 3 такім тварам цётка Марыля з Радашковічаў казала Ігнаську, што пасля прыбіральні трэба ісці ў ванны пакой рукі мыць. А навошта? Ён на рукі не...
Паглядзелі адзін на аднаго Ігнаська-выдра і бабёр. Потым бабёр вылез, праплыў па крузе над Ігнаськам, і лёг перад ім на дно. Носам да носу. I ўсё з тым жа... тварам. Яку цёткі Марылі. Потым развярнуўся і паплыў прэч. А заднія лапы ў яго таксама з перапонкамі. Калі штурхае ваду – перапонкі расчыняюцца, і атрымоўваецца вялікая лопасць для веславання. А калі нагу падбірае, то яны сціснутыя і ў вадзе не супраціўляюцца.
Счарнелы ад стомы вярнуўся пад вечар на хутар. А там мама. Бровы насупленыя, вочы строгія:
– Ты дзе валэндаўся паўдня?
– Так... Па лесе хадзіў. – Не зусім схлусіў, быў жа у лесе. А што казаць? Што пад кучай ламачча ад сабакі хаваўся?
– На рэчцы быў?
– Ну, скупнуўся крыху. Горачаж... – Ілгаць нельга, тым болыи маме.
– Адзін?
(Ну што гэта за допыт? Адзін – не адзін. Ну – так, шмат разоў казана, каб без дарослых на раку не хадзіў. Калі чакаць, каб з дарослымі на раку купацца пайсці, можна за лета ні разу туды не трапіць...)
– Ну – адзін...
– Колькі разоў табе гаворана, каб без дарослых не хадзіў?! Вунь сёння Толік гэты, з Мінску, ледзве не патануў. Хлопцы выратавалі. Васіль Трусаў, Жэнік Казюнін і Ясь Бацэвіч. А ты не тое, каб з дарослымі – адзін купаешся. Скажу тату, каб вылупцаваў!
(Не скажа... Во – пайшла інфармацыя... Вася Гірэйка, іх усю сям'ю ў вёсцы Трусамі чамусьці клічуць – герой! А сам плаваць не ўмее. Жэнік Трацяк, у яго бацькі няма, а маці мянушку «Казюня» прыляпілі, той плавае, але ж на глыбокае не кінуўся – таксама герой. I Ясік... Эх, што тутскажаш?!...)
10.
– Тата, а якія ў нас самыя небяспечныя звяры? – спытаўся Ігнаська за вячэрай.
– Не размаўляй за сталом. Пасля пагутарым. Пашанцавала табе ў наш час нарадзіцца. Вось каб я малы так за сталом сябе паводзіў, то адразу б лыжкай па ілбе атрымаў. Тата мой, нябожчык, а твой дзед – ото строгі быў!
(Ну вось! Па ілбе лыжкай. А сам цэлую гісторыю пра дзеда распавёў. I тое, што за сталом не зашкодзіла.)
– Тата, а табе зараз за гутарку, хто павінен лыжкай у лоб – мама, ці я? – хітра прыплюшчыў вочы Ігнаська, а мама разрагаталася: «Ну што? Атрымаў?»
– Ну, спеліся! Пагавырыце ў мяне! – Напусціў на сябе сур'ёзу тата, хаваючы ў вачах смяшынкі.
– Значыць цікава табе, якія жывёлы самыя небяспечныя? – Удакладніў тата пасля вячэры. – Для каго небяспечныя? Для мышэй вунь наша Кіса-Іна вельмі небяспечная... Ага, для людзей! А навошта гэта табе? Проста, цікава? Ну, Ігнаська, калі сур'ёзна, у нас, у Беларусі практычна няма такіх жывёлаў, каб чалавеку іх баяцца. Можа толькі зубр... ды мядзведзь... Але колькі тых мядзведзяў ды зуброў! Вось я, лічы трыццаць пяць гадоў тут жыву, ніколі ні мядзведзяў, ні зуброў не бачыў. I ваўка – толькі адзін раз, а я ж паляўнічы! Ваўкі – яны такія нашуганыя, што як чалавека пачуе, гатовы са скуры выскачыць, каб толькі не сустрэцца. Чытаў я, што калі ваўкоў становіцца шмат, могуць на людзей нападаць, але толькі на дзяцей, а калі дарослыя – то на нізкарослых. Воўк жывёліна надзвычай разумная, ацэньвае з кім можа справіцца, а з кім – не.Яшчэ лось можа напасці, бык, самец значыць, восенню, калі ў іх вяселлі. У ласёў зрок кепскі, і ў час гону можа пераблытаць чалавека з супернікам. Яны ў гэты час адзін з адным з-за ласіх б'юцца... Што фыркаеш? Смешна, што з-за ласіх? Пачакай, можа сам калі з-за дзяўчынкі якой біцца будзеш! Не будзеш? Ну і правільна! Хай яны з-за цябе б'юцца...
Яшчэ, Ігнаська, на чалавека дзік можа кінуцца і параніць, або нават забіць. Але гэта толькі, калі яго прыперці, каб не было куды ўцякаць. Або паранены. Яшчэ дзікая свіння, калі яенага парася злавіць. Парася пішчыць – матка абараняе. Дык і котка наша кацянят абараняе... I мыш, калі ў кут загнаць, за палец будзе кусаць. Да крыві. Не чапай нікога, і цябе не зачэпяць. А да зубра, мядзведзя, калі ў Налібокі здарыцца трапіць, папросту не падыходзь блізка. У кожнай істоты ёсць мяжа, якую яна лічыць мяжой бяспекі. Слабыя жывёлы, калі гэтую мяжу парушаеш, уцякаюць, а такія як зубры і мядзведзі – абараняюць.
А ўвогуле самае небяспечнае стварэнне на зямлі – гэта мы з табой... Ну, не канкрэтна я і ты, а – чалавек. Во дзе самы вялікі драпежнік! I ўсё жывое яго баіцца. Ну, за выключэннем, можа якіх гадаў у Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы. Кракадзілы, удавы, пітоны – яны, як я думаю, не такія мазгі маюць, каб баяцца. Таму і на чалавека могуць паляваць. А ў нас нават гадзюка ад чалавека ўцякае. Не наступі – і не ўджаліць.
– Тата, а ці ёсць у нас жывёлы, якім ніхто не страшны? На якіх ніхто не нападае? – падаў Ігнаська голас.
– Ну, як мы ўжо высветлілі, чалавек нападае на ўсіх. Вунь, Акульчыкі – як толькі з'явіцца дзе след дзіка, ці казулі, ці лася нават, то за стрэльбы і ў лес. I няма ад іх ратунку звярам ні зімой, ні летам. Бо старэйшы сын у іх участковы... А! Дык гэта я не пра тое! Прабач.
Хто ж у нас на самым верее?... Цяжкое пытанне ты мне задаў... Здаецца, і няма такіх. Зноў зубр і мядзведзь? Воўк яшчэ. На іх ніхто не палюе... Хібатолькі – пакуль малыя. Дзіцяня кожны пакрыўдзіць можа. Дзік дарослы ад любога драпежніка адб'ецца, лось таксама. 3 птушак, можа, пугач?... Ды і яго, калі днём дзе заўважаць, вароны збіраюцца і ўсёю грамадой атакуюць. Але нічога зрабіць не могуць, толькі прагнаць куды. Беркут? Арлан? Але і іх так мала, што я ніколі не бачыў. Чытаў толькі, што ёсць недзе ў Беларусі.
Так што, Ігнаська, кожная жывёліна мае свайго ворага. Нават малога зубраня, калі дарослыя правароняць, воўк можа зарэзаць. I мядзведзяня.
– Тата, а хто дужэйшы – мядзведзь, ці леў?
– О-ох, Ігнаська! Ну і пытанні!... У якім сэнсе? Ну, што ты маеш на ўвазе? Напрыклад, на твой погляд, хто дужэйшы – карова, ці воўк?
– Воўк. – Ігнаська зрабіў здзіўленыя вочы. Маўляў, што тут незразумелага. – Воўк можа карову зарэзаць і зесці... Значыць ён і дужэйшы!
– Ага, вось ты пра што! Пытанні, Ігнаська, трэба задавацьтак, каб было зразумела, пра што пытаешся. Бо я падумаў, што ты пра сілу. Вось калі карову ў калёсы запрэгчы, і ваўка, то атрымаецца, што карова дужэйшая. Яна, братачка, некалькі тонаў грузу пацягне. А воўк – не.
– Ха-ха-ха! – уявіў Ігнаська запрэжаных у калёсы карову і ваўка.
– Вось табе і «ха-ха»! Карова дужэйшая. Але калі справа да бойкі, то воўк безумоўна пераможа. Воўк – ваяр, драпежнік. Адмыслова створаны для таго, каб забіваць. А карова – жывёлка мірная. Забіць, натуральна, можа – рагамі запароць, або капытамі затаптаць, але гэта не яе «прафесія».
– Дык хто каго заб'е ў бойцы – мядзведзь ці леў? – Ігнаську няпроста адхіліць ад «генеральнай» думкі.
– Ніхто, Ігнаська. Дзе на тваю думку яны могуць сустрэцца для бойкі? Ільвы жывуць у Афрыцы. Мядзведзі – у Еўропе, Азіі, Паўночнай Амерыцы. – Здаецца, гутарка тату пачала надакучваць.
– А калі іх звесці? Выпусціць у адну клетку?
– Ну ты і «харошы» хлопчык! «Добры»!... Гэта ведаеш як называецца? Гэта называецца «жорсткае абыходжанне з жывёламі». Гэта па Божых законах – грэх, а па чалавечых – злачынства.
– Ну, тата! Я ж не па-сапраўднаму пытаюся! Я ж гэта... тэратычна!
– Ах тэарэтычна! Не «тэратычна», а «тэарэтычна»!
– Ну, тэрэ...тэарэтычна!
– Нават тэарэтычна я не ведаю. Але ведаю, што кошкі – а львы, хоць і вялізныя, але кошкі – вельмі спрытныя драпежнікі. Думаю, спрытнейшыя за мядзведзя. Чытаў нават у паляўнічым часопісе, што ў Сібіры, гэта ў Расіі, за Уральскімі гарамі, сібірская тыгрыца даволі лёгка выцягнула за лапу з бярлогі мядзведзя і імгненна забіла, пракусіўшы чэрап. Так што думаю – леў перамог бы. Але гэта «тэратычна».
11.
...Высока-высока плавае Ігнаська ў небе. Нашмат вышэй, чым тады – буслом. Ён сёння беркут. Унізе ўся зямля ў рознакаляровых лапіках. Шмат светлых прамакутнікаў – гэта палеткі. Цёмна-зялёныя – гэта лясы. Выкручастая нітка – гэта рака. Вёскі, іх шмат, ледзве бачныя, дамкі, як зярняткі макавыя. Толькі дзіўны зараз зрок у Ігнаські-арла-беркута. Пасярэдзіне зрокавага поля плямка, дзе ўсё быццам праз моцны бінокпь відаць. Кружыць Ігнась над зямлёю, ловіць «вертыкальны вецер» ад нагрэтых палёў, разглядае нябачанае дагэтуль відовішча, быццам карту рознакаляровую. А калі ўсю ўвагу ў гэтай плямцы-»бінокпі» сканцэнтруе, нават травінкі асобныя на лузе бачыць. Вось нешта ў траве варухнулася... Ну, што там? Ага! Заяц-шарак ля скошанага поля залёг. Колерам ён такі, што зліваецца з расліннасцю – хоць і шараком клічуць, там і чорны колер, і буры, і брудна-белы. Ну, і шэры таксама. Але варухнуў вухам, тут і заўважыў яго Ігнаська-беркут. У гэтай плямцы зрокавай, дзе ўсё павялічаным відаць, нават асобныя шарсцінкі зайцавага футра бачныя. «Цікава, што шарак рабіць будзе, калі на яго беркут спікіруе?» – Склаў крыху крылы і пайшоў зніжацца. Нічога. Ляжыць шарак у траве, як ляжаў. Не рэагуе. Не меў намеру Ігнаська зайца лавіць, таму перад самай зямлёй, ля зайца ўжо, раскінуў крылы і з шумам узмыў уверх, метраў на дваццаць. Тут толькі дайшло да вушастага! Сарваўся з лёжкі быццам з рагаткі выпушчаны, двума скачкамі з травы на край поля, там баразна па краі ідзе, і гэтай баразной – лататы да лесу. А зверху на яго зноў Ігнаська. Лёгка дагнаў, хоць заяц сам, што птушка, над зямлёй сцяліўся. Зноў жа – не меў намеру лавіць, дурэў проста. Цікава было і прыемна – гэта ж зайца дагнаць, ого! Тут заяц раптам тармазнуў рэзка, на спіну перавярнуўся і ўсімі чатырма лапамі – як замалоціць! Ледзве паспеў Ігнаська з пікіравання на ўзлёт перайсці. Інакш атрымаў бы кіпцюрастымі лапамі па жываце. Бач ты, заяц, аказваецца таксама ўмее за сябе пастаяць!
Пакуль думаў Ігнаська, пакуль здзіўляўся заечай абароне, той да лесу паспеў дабегчы. Схаваўся недзе пад хвойкай.
Усё. Дзень хутка заканчваецца, трэба да каменя ляцець. Прайшоў нізка, краем лесу, каля хутара збочыў і на старую вярбу сеў,што недалёка ад ганку расце. Пад ёю тата стол уладкаваў на ўкапаных у зямлю слупках. I лавы. Часам яны за гэтым сталом абедаюць.
Толькі падлятаў да віхлы, яго певень заўважыў. Галаву ўгнуў, бяжыць што сілы пад хляўчук, там шчыліна паміж зямлёй і першым бервяном. Нядаўна паставілі, падмурку яшчэ не зрабілі. Бяжыць і гвалтуе: «Паветра! Паветра! Усім хавацца! Паветра!!»
Што пачалося! Куры ўсе, сорак дзве іх у Сокалаў, такі лямант паднялі, горш, чым тады галкі, калі сапсан па Ігнасіку прамазаў. I – хто куды! Адны пад ганак, іншыя за пеўнем пад хляўчук, адна ў куст ля плоту шчэміцца. Як павар'яцелі! I тут мама на ганак выбягае. I з татавай стрэльбай! Выбегла, пакруціла галавой, Ігнасіка на віхле заўважыла. О-лё-лё! Уматаваць трэба. Мама ж не ведае, што гэта Ігнасік. I што беркут – рэдкая птушка, чырвонакніжная. Адштурхнуўся ад сука – замахаў крыламі, і тут – стрэл! Адзін. Добра, што таты дома няма. Ён то бывае мажа на паляванні, але рэдка.
...У мамы правая шчака прыпухлая, і на плячы сіняк вялізны. Страляла ў паветра, не мецячыся, і да стрэльбы няправільна прыклалася. Таму аддачай і насадзіла сабе фінгалаў. А тата, малайчына, мамін аповед выслухаў, і адразу сказаў, што гэта беркут быў, што не варта было страляць.»Дзеля такога выпадку, – кажа, – можна і курыцу ахвяраваць». I пазайздросціў маме. Ён беркутаў толькі на фатаграфіях бачыў.Елкі зялёныя, кім не станет, паўсюльтакія стрэсы! Малатаго, што родная маці страляла, хоць і не цэліла ў яго, дык яшчэ забыўся, і каля калоніі гракоў і галак праляцеў. 3 аднаго агню ў іншае полымя! Як узмылі чорнай хмарай, як пачалі кідацца!
12.
Нецярпенне і радасць на сэрцы Ігнаські. Заўтра ён з матуляй едзе ў Мінск купляць да школы новы касцюмчык. I боты. У краме, што займае палову бельманаўскай хаты ў Мендыжэчах, можна набыць толькі ватоўку і гумовыя боты. А за сапраўднай вопраткай – трэба на кірмаш у Ракаў або ў горад, у Мінск.
Ігнась ужо быў некалькі разоў у Мінску. Калі дакладна – то тры разы. Два – у цёткі Валі, і адзін – на экскурсіі ў ваенным музеі. Там столькі рознай зброі! I аўтаматаў, і вінтовак, і пісталетаў, і рэвальвераў... Адзін маленькі пісталет Ігнаська нават хуценька змаляваў на паперку. Потым па гэтаму малюнку выразаў сабе з дошкі. Доўга майстраваў, дзён пяць. Пісталет атрымаўся як сапраўдны. Усе хлопцы зайздросцілі. Апрача Віцькі Гірэйкі, у яго сапраўдны «Парабелум», толькі зусім іржавы.
У Мінску – здорава! Першае, што ўражвае Ігнаську – пах. Такога паху болыи няма нідзе. Пахне неяк гаркавата, урачыста і радасна. Потым – гукі. Гудзяць аўтамабілі, грымяць тралейбусы. Ці трамваі? Тралейбусы – гэта як тоўсты жук з вусамі, а трамвай – па рэйках. Так, грымяць трамваі. Людзі, шмат, вялізнымі натоўпамі бягуць некуды. I ніхто ні з кім не вітаецца.
У цёткі Валі, матулінай сястры, кватэра на трэцім паверсе пяціпавярховага дома. 3 балконам.
Мінулы раз цётка паслала Ігнасіка тэлевізар глядзець: «Мы з мамай пагутарым, а ты кіно паглядзіш...» Завяла ў суседні пакой. Пасадзіла на стула. Зняла ў куце абрус з тэлевізара.
– Глядзі, вось. А надакучыць – мяне паклічаш.
На экране з’явілася гапава мужчыны і загаварыла нешта мапазразумелае. «...Космический корабль, пилотируемый гражданином Советского Союза Юрием Алексеевичем Гагариным...» Не, гэта не кіно. Нешта зусім нуднае.
– Што, Ігнаська, ня ўразіла цябе тэхніка? Шкада, ніякага фільма няма. Фільмы толькі вечарамі паказваюць. – Сказала цётка. – Я думала, табе цікава будзе. Ты ж яшчэ тэлевізара не бачыў, Маўглі хутарскі?
– Чаму гэта не бачыў? – Заступілася мама. – Цэлымі днямі ў Навінах прападае. У Паўлюкоў. Туды электрычнасць правялі... Бачыў!...
Маўглі – гэта хлопчык, які вырас у лесе з ваўкамі. Ігнасік ведае, чытаў. Ён шмат чытае. Тата нават непакоіцца – каб вочы не папсаваў......У горадзе Ігнасіку заўсёды мама купляе марожанае. I квас. Такая смаката! Горача, а марожанае халоднае, ажно зубы мерзнуць, і матуля забараняе яго кусаць. Можна прастудзіцца. Таму марожанае трэба лізаць. Ды так і лепей – надаўжэй хапае.
А квас – у вялізных жалезных бочках на колах – кісла-салодкі, б'е ў нос бурбалачкамі. А яшчэ – газіроўка. Кідаеш у шчыліну тры капейкі, і ў падстаўленую шклянку льецца салодкая вада. Таксама з бурбалкамі. А калі кінуць адну капейку, то пальецца не салодкая.
...Як павольна цягнецца час! Сонца над навінскім лесам яшчэ высока. А Ігнасіку хочацца, каб ужо быў вечар, каб заснуць, і апынуцца ў заўтра. У сем гадзін ідзе аўтобус з Івянца... Кажуць, гэты Івянец блізка, бліжэй за Мінск, але Ігнаська там яшчэ не быў.
...Ох, як не хочацца прачынацца!
– Ігнаська... Ігнась... – Матулін голас ціхі і пяшчотны. – Уставай...
– Мамка... Яшчэ хвілінку... – I раптам, як стрэл, згадка: Сёння ж – у Мінск! I ўсхапіўся!
Матуля ўжо запудрыла сіняк на скуле, зараз фарбуе вусны і смешна мажа шыю парфумай. Затыкае пальцам рыльца бутэлечкі, перакульвае, а потым датыкаецца да шыі за вушамі. Ігнаська смяецца.
Да брукаванай шашы метраў дзвесце. Прыпынку тут няма, але матуля спадзяецца спыніць аўтобус насупраць хутара. Вось ён набліжаецца, і Ігнаська разам з мамай «галасуе».
– Дзень добры! – Вітаецца Ігнаська з людзьмі ў аўтобусе.
– Здравствуйте! – Вітаецца матуля. – Ігнат, садись вон на то место. Я сейчас. Билеты возьму. Водитель! Ребёнку девяти лет – полбилета? Нет? Інтересно...! Нам два до Минска.
Ігнасіку ўжо амаль адзінаццаць, але не гэтая маленькая мана займае ягоную ўвагу. Яму чамусці страшэнна сорамна за маму, за гэтую чужую яе гутарку, за незнаёмы напружаны выраз твару. Такое адчуванне, што мама – гэта не мама. Быццам бы нейкая жанчына, крыху падобная на маму. Ігнасіку так сорамна, так, што не выказаць. «Што гэта са мной? – думае ён. – Нічога ж не здарылася». Учапляецца пальцамі ў бліскучую парэнчку, што на спінцы пярэдняга сядзення, прыціскаецца да рук ілбом. Паветра з болем праходзіць праз горла. Слёзы ручаём ліюцца з вачэй, і ад гэтага яму яшчэ болыи сорамна. Стрымацца няма сілаў. Толькі б ніхто не ўбачыў...
13.
...Страшна. Паніка ў сэрцы Ігнаські. Пасля татавага аповеду пра звяроў, што «наверсе», вырашыў дзіком пабыць. Каб ніякай небяспекі. I было жаданне, таемнае, нават сабе не хацеў прызнацца – крыху Толіка прыпалохаць. Паглядзець, як ён уцякаць будзе. Калі пеўня ды каровы баіцца, то ад дзіка можа нават на дрэва залезе. Каб потым усе ўзгадвалі, ды смяяліся. Думаў сапраўдным секачом стаць, з ікламі-кінжаламі, а стаў падсвінкам. I ніякіх іклаў. Хто такога баяцца будзе? Нават сабакі могуць справіцца, калі тры-чатыры збярэцца. Зусім не цікава быцьу скуры дзіка-падлетка. Уразіла толькі тое, што столькі пахаў адразу адчуваць пачаў! I слых. Такі слых, што пачуў, як у Навінах Казюня з Харужычыхай сварыцца. Куры Харужыкавы ў Казюнін агарод залезлі, ці што...
Пашвэндаўся па пасадцы на Францішкоўскай гары ды і назад, да каменя. I тут зразумеў, якую памылку зрабіў... Камень вялізны, круты, і залезці наверх, каб у сляды святога Францішка стаць капыты не дазваляюць. Слізгаюць.
I з аднаго боку, і з другога спрабаваў. Скакаў – і з месца, і з разгону. Марна. Толькі пабіўся. Эх! Каб у якога горнага барана ці казла ператварыўся. Але Ігнаську толькі мясцовыя звяры-птушкі цікавяць. Ды і асцярожнасць не перашкодзіць – убачыць хто-небудзь таго ж дзіка – ну, дзік і дзік, невялікае дзіва. А калі б якога тэка ўбачылі ці тура, от было б балбатні! Маглі б якую аблаву арганізаваць. Ды злавіць, барані Бог, ды ў клетку...
...Змарыўся ўшчэнт, бакі аб камень пааббіваў, адышоўся ўбок, у траву залёг. Плакаць захацелася. Не так, як тады ў аўтобусе, тады нешта незразумелае з ім зрабілася, а ад бяссілля. I ад разумения, што сам вінаваты – так хацелася Толіка напалохаць, што іншыхдумаку галаву не прыйшло. Напрыклад – як ён будзе ў чалавечы выгляд вяртацца.
– Ч-ж-ж-р-р-к! Ч-ж-ж-р-р-к! – Курапатка-пеўнік сям'ю збірае. Павылазілі на сьцежку дзеці. Вялікія ўжо. Амаль бацькоў дагналі. Ігнаськава шчаціна бурая, не бачаць у пажухлай ад спёкі траве Ігнаську. Устаў. Малыя адразу ф-р-р-р, на крыло, і адляцелі крыху ўбок, а пеўнік адбег і прыглядаецца.