355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Орасио Кирога » Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 октября 2016, 05:54

Текст книги "Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке)"


Автор книги: Орасио Кирога



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)

I праўда: параход быў яшчэ далёка, але раптам спынiўся. Людзi, якiя плылi на iм, убачылi ў бiнокль, што рака нечым перагароджаная, i паслалi наперад лодку паглядзець, што там такое перашкаджае iм плыць. Тады кайманы ўсталi i, падплыўшы да плацiны, пачалi назiраць за людзьмi праз бярвенне, пасмейваючыся ад задавальнення, што iм удалося ўчынiць параходу такi добры жарт.

Лодка падплыла, людзi разгледзелi збудаваную кайманамi моцную плацiну i вярнулiся назад да парахода. Потым лодка зноў вярнулася да плацiны, i людзi, якiя былi ў ёй, крыкнулi:

– Гэй, кайманы!

– Што вам? – адказалi кайманы, высунуўшы галовы памiж бярвення ў плацiне.

– Нам гэта перашкаджае! – крыкнулi людзi.

– Ведаем!

– Мы не можам праплыць!

– А нам гэта i трэба!

– Прыбярыце плацiну!

– Не прыбяром!

Людзi ў лодцы пра нешта параiлiся мiж сабою i потым зноў крыкнулi:

– Кайманы!

– Што вам? – адказалi тыя.

– Не прыбераце?

– Не!

– Ну, тады да заўтра!

– А дакуль хочаце!

I лодка вярнулася да парахода, а вельмi задаволеныя кайманы запляскалi хвастамi па вадзе. Нiякi параход цяпер тут не пройдзе, i ў рацэ заўсёды-заўсёды будзе рыба.

На другi дзень параход вярнуўся зноў, але калi кайманы зiрнулi на яго, яны аж знямелi ад здзiўлення: гэты параход быў нейкi iншы. Ён быў мышынага колеру i куды большы за ранейшы. Што гэта за новы параход? Ён хоча праплыць? Не, не праплыве. Нi гэты, нi той, нiякi iншы!

– Не пройдзе, не пройдзе! – закрычалi кайманы i кiнулiся да плацiны кожны на сваё месца каля бярвення.

Новы параход, як i ранейшы, спынiўся воддаль i таксама спусцiў лодку, якая падплыла да плацiны.

У лодцы сядзелi афiцэр i восем матросаў.

Афiцэр крыкнуў:

– Гэй, кайманы!

– Што? – адказалi тыя.

– Не прыбераце плацiну?

– Не!

– Не?

– Не!

– Добра, – сказаў афiцэр. – Тады мы разбурым яе гарматамi.

– Бурыце! – адказалi кайманы.

I лодка вярнулася да судна.

А той карабель мышынага колеру быў ваенны параход, браняносец з вялiкiмi страшнымi гарматамi. I мудры стары кайман, якi аднойчы плаваў да самага мора, раптам успомнiў пра гэта i ледзь паспеў крыкнуць iншым кайманам:

– Хавайцеся пад ваду! Жвавей! Гэта ваенны параход! Хавайцеся добра!

Кайманы адразу знiклi пад вадою i паплылi да берага. Там яны i засталiся, высунуўшы з вады толькi насы ды вочы. У тую ж хвiлiну з карабля вылецела вялiкае белае воблака дыму i магутны артылерыйскi снарад трапiў у самую плацiну, акурат усярэдзiну. Два цi тры бервяны разляцелiся ў трэскi, але тут жа ўпаў другi снарад, а потым яшчэ i яшчэ, i кожны нiшчыў ушчэнт кавалак плацiны, пакуль ад яе нiчога не засталося. Нi бервяна, нi трэскi, нi кары. Усё было разбурана гарматамi браняносца. I кайманы, якiя сядзелi ў вадзе, высунуўшы на паверхню толькi насы ды вочы, моўчкi глядзелi, як паўз iх, гудучы на ўсю моц, праплывае ваенны карабель.

Потым кайманы вылезлi на бераг i сказалi:

– Мы зробiм другую плацiну, яшчэ большую, чым была.

I тым жа вечарам i тою ж ноччу зрабiлi новую плацiну з аграмадных ствалоў. Пасля гэтага, стомленыя, яны палеглi спаць i спалi да наступнага дня, пакуль ваенны карабель не прыплыў зноў i спушчаная з яго лодка не наблiзiлася да плацiны.

– Гэй, кайманы! – крыкнуў iм афiцэр.

– Што трэба? – адказалi кайманы.

– Прыбярыце гэтую новую плацiну!

– Не прыбяром!

– Мы разбурым яе снарадамi, як i тую!

– Разбурайце, калi зможаце!

Яны адказвалi так ганарыста, таму што былi ўпэўненыя, што iх новую плацiну не змогуць разбiць нават усе гарматы свету разам.

Але праз хвiлiну карабель схаваўся ў дыме, i якраз на сярэдзiне плацiны пачуўся страшны выбух. Гэты раз стралялi разрыўнымi. Снарад з грукатам разарваўся на бярвеннях, узняў iх у паветра i разнёс вялiзныя ствалы на дробныя трэскi. Другi снарад разарваўся побач з першым, разламаўшы яшчэ адзiн кавалак плацiны. I так яны бiлi i бiлi, пакуль ад плацiны нiчога-нiчагуткi не засталося. Тады ваенны карабель праплыў паўз кайманаў, i людзi смяялiся з iх.

– Што ж, – сказалi кайманы, вылазячы з вады. – Цяпер мы ўсе памром, бо карабель будзе ўвесь час плаваць сюды i туды i рыбы ўжо нiколi не вернуцца.

I яны замаркоцiлiся, таму што маленькiя кайманчыкi прасiлi есцi.

Тады стары кайман сказаў:

– У нас яшчэ ёсць надзея на выратаванне. Хадземце да Сома. Мы з iм разам плавалi ў вандроўку да мора, i ў яго ёсць тарпеда. Ён некалi бачыў бой памiж двума параходамi i прыцягнуў неразарваную тарпеду сюды. Давайце папросiм у яго гэтую тарпеду, i хоць ён на нас, кайманаў, злуе, але ў яго добрае сэрца i ён не захоча, каб мы ўсе памерлi.

А ўсё ў тым, што некалi даўно, шмат гадоў назад, кайманы з'елi Сомава пляменнiка, i з таго часу ён не хацеў з iмi размаўляць. I ўсё ж, нягледзячы на гэта, яны адразу выправiлiся да Сома, якi жыў у вялiкай пячоры ў беразе ракi Параны i заўсёды спаў побач са сваёю тарпедай. Самы бываюць даўжынёй аж на два метры, i гаспадар тарпеды якраз быў такi.

– Гэй, Сом! – крыкнулi яму кайманы ад увахода ў пячору, бо не адважвалiся ўвайсцi, памятаючы пра гiсторыю з ягоным пляменнiкам.

– Хто там мяне гукае? – спытаў Сом.

– Гэта мы, кайманы!

– Не маю i не хачу мець з вамi нiякае справы, – сярдзiта адказаў Сом.

Тады стары кайман усунуўся трошкi ў пячору i сказаў:

– Сом, гэта я. Я твой сябар – той, што вандраваў з табою да мора.

Пачуўшы знаёмы голас, Сом вылез з пячоры.

– Ага, а я цябе не пазнаў, – ужо лагодней прамовiў ён да свайго старога сябра. – Што ў цябе?

– Мы прыйшлi папрасiць у цябе тарпеду. Тут па нашай рацэ ходзiць ваенны карабель, якi палохае рыб. Гэта браняносец. Мы зрабiлi плацiну, але ён яе знiшчыў. Тады мы паставiлi другую, дык ён i гэтую разбурыў. Рыбы ўсе да адной уцяклi, i цяпер мы памром з голаду. Дай нам тарпеду, i мы знiшчым гэты карабель.

Пачуўшы гэта, Сом надоўга задумаўся i потым сказаў:

– Добра, я дам вам тарпеду, хоць я не забыў, што вы зрабiлi з сынам майго брата. А ў вас хто ўмее тарпеду ўзрываць?

Усе маўчалi, бо нiхто не ўмеў.

– Добра, – з гонарам сказаў Сом, – я сам яе ўзарву. Я гэта рабiць умею.

Зараз жа пачалi перавозку. Усе кайманы прывязалiся адзiн да аднаго: хвост першага прывязалi за шыю другога, хвост пярэдняга – за шыю задняга. Так утварыўся цэлы ланцуг з кайманаў амаль на паўвярсты. Волат Сом штурхнуў тарпеду да плынi i падлез пад яе, каб трымаць на спiне i каб тарпеда плыла. А таму, што лiянаў, якiмi адзiн да аднаго папрывязвалiся кайманы, не хапiла, Сом учапiўся зубамi ў хвост апошняму кайману, i гэтак яны паплылi. Сом падтрымлiваў тарпеду, а кайманы цягнулi яго, бегучы па беразе. Яны то падымалiся на высокi бераг, то апускалiся, то скакалi цераз каменне, але не спынялiся i подбегам валаклi тарпеду, за якой, як за караблём, што iдзе на вялiкай хуткасцi, разыходзiлiся хвалi. А назаўтра рана-ранiцай яны ўсе выйшлi на месца, дзе збудавалi сваю апошнюю плацiну, i адразу пачалi будаваць новую, куды мацнейшую за папярэднiя. Па парадзе Сома яны паставiлi бярвёны ўшчыльную, адно да аднаго. Гэта была сапраўды выдатная плацiна.

Ледзь яны ўбiлi апошняе бервяно, як на рацэ зноў з'явiўся ваенны карабель i лодка з афiцэрам i васьмю матросамi зноў падплыла да плацiны. Кайманы пералезлi цераз бярвенне i высунулi галовы з другога боку.

– Гэй, кайманы! – крыкнуў афiцэр.

– Што? – адказалi кайманы.

– Зноў плацiна?

– Але, зноў!

– Прыбярыце гэтую плацiну!

– Нi за што!

– Не прыбераце?

– Не!

– Добра, тады слухайце, – сказаў афiцэр. – Мы разаб'ем гэтую плацiну, а каб вам болей не захацелася зрабiць новую, мы з гармат разаб'ем i вас. Нiкога не пакiнем жывым – нi вялiкага, нi малога, нi тоўстага, нi худога, нi маладога, нi старога – такога, як той лядашчы кайман, якога я бачу вунь там i ў якога ў роце толькi два зубы.

Стары i мудры кайман, пачуўшы, што афiцэр гаворыць пра яго, насмiхаючыся, адказаў:

– Гэта праўда, што ў мяне мала зубоў, ды й тыя паламаныя. Але цi ведаеце вы, што будуць есцi заўтра гэтыя зубы?

I ён разявiў свой гiганцкi рот.

– Ну, што будуць есцi, што? – спыталi матросы.

– Вось гэтага афiцэрчыка, – сказаў кайман i хуценька злез з бервяна.

Тым часам Сом прыладзiў тарпеду пасярод плацiны i загадаў чатыром кайманам, каб тыя асцярожна ўзялi яе i прытапiлi ў вадзе, пакуль ён не дасць знак. Так i зрабiлi. Астатнiя кайманы адразу схавалiся каля берага, высунуўшы з вады толькi насы ды вочы. А Сом затаiўся каля тарпеды.

Раптам карабель ахутаўся дымам i выпусцiў па плацiне першы снарад. Снарад разарваўся якраз у цэнтры плацiны i разнёс на тысячу кавалачкаў дзесяць цi дванаццаць бярвёнаў.

Але Сом быў напагатове, i як толькi ў плацiне з'явiлася дзiрка, ён крыкнуў кайманам, што трымалi тарпеду пад вадой:

– Пускайце тарпеду, хутчэй пускайце!

Кайманы адпусцiлi тарпеду, i яна ўсплыла.

Хутчэй чым вы прачытаеце гэтыя словы, Сом акуратна паставiў тарпеду ў цэнтры пралому, потым зажмурыў вока, прыцэлiўся i, запусцiўшы механiзм, накiраваў тарпеду на карабель.

I ў самы час! Бо якраз у гэтую хвiлiну браняносец выпусцiў другi снарад. Ён з грукатам разарваўся i разнёс на трэскi яшчэ адзiн кавалак плацiны.

Але тарпеда была ўжо зусiм блiзка да карабля. Людзi, якiя стаялi на iм, заўважылi яе. Яны ўбачылi след, якi пакiдае на вадзе тарпеда.

Усе спалохана закрычалi i паспрабавалi павярнуць браняносец, каб тарпеда не зачапiла яго.

Але было позна: тарпеда ўжо даплыла. Яна ўдарыла гiганцкi карабель якраз пасярэдзiне i разарвалася.

Немагчыма сабе ўявiць страшны грукат, з якiм узарвалася тарпеда. Яна выбухнула так, што разарвала карабель на пятнаццаць тысяч кавалкаў: у паветра паляцелi комiны, машыны, гарматы, лодкi – усё! Iх параскiдала вельмi далёка.

Кайманы пераможна крыкнулi i як ашалелыя кiнулiся да плацiны. Адтуль яны ўбачылi, як праз прабiты снарадам пралом плывуць падхопленыя рачною плынню мёртвыя, параненыя i жывыя людзi.

Кайманы залезлi на бярвенне з абодвух бакоў пралому, i калi праз яго праносiла людзей, смяялiся i кпiлi з iх.

Есцi людзей кайманы не захацелi, хоць, можа быць, людзi таго i заслугоўвалi. Толькi калi мiма праплываў адзiн з залатымi галунамi на мундзiры, стары кайман кiнуўся ў ваду i – "хруп!" – у два глыткi праглынуў яго.

– Каго гэта ён? – спытаўся адзiн малады недасведчаны кайманчык.

– Афiцэра, – адказаў Сом. – Мой стары сябар паабяцаў жа яму, што з'есць. Вось i з'еў.

Рэшткi плацiны кайманы разабралi: цяпер яна была iм непатрэбная, бо нiякi параход ужо не адважыцца там праплыць. Сом, якi ўпадабаў афiцэравы рэмень i аксельбанты, папрасiў, каб яму аддалi iх у падарунак. Але дзеля гэтага яму давялося выцягваць iх з рота ў старога каймана, бо яны заселi ў таго ў зубах. Потым Сом падперазаўся рэменем, зацягнуўшы яго пад плаўнiкамi, а на канцы сваiх доўгiх вусоў павесiў аксельбанты i пас ад шаблi. Скура ў Сома вельмi прыгожая, а цёмныя плямы на ёй падобныя да плям у змяi. I Сом цэлую гадзiну плаваў сюды-туды, красуючыся перад кайманамi, а тыя глядзелi на яго, разявiўшы ад здзiўлення раты.

Потым кайманы правялi яго да самай яго пячоры i, доўга-доўга падзякаваўшы, вярнулiся на сваё звычайнае месца. Рыбы таксама вярнулiся, i кайманы жылi i дагэтуль жывуць там вельмi шчаслiвыя. Урэшце яны нават прызвычаiлiся да таго, што па рацэ часам праплываюць параходы i караблi, якiя вязуць апельсiны.

Але пра ваенныя караблi яны нават чуць нiчога не хочуць.

НЕВIДУШЧАЯ ЛАНЬ

Жыла сабе аднойчы лань, i было ў яе двое дзетак-двайнятак, што ў аленяў бывае рэдка. Але неўзабаве адно яе дзiцё задраў дзiкi кот, i засталася ў яе толькi адна дачушка. Усе ланi ў лесе вельмi яе любiлi i заўсёды ёй казыталi бакi.

Шторанiцы, як толькi ўзыходзiла сонца, мацi прымушала дачку паўтараць аленеву малiтву. Гучала яна так:

Раней чым з'есцi лiсточак, добра яго панюхай, бо лiсточкi бываюць атрутныя.

Раней чым падысцi да ракi напiцца, цiхенька пастой i добра агледзь месца, каб упэўнiцца, што побач няма кайманаў.

Кожныя паўгадзiны высока-высокенька задзiрай галаву i нюхай паветра, каб пачуць пах ягуара.

Калi пасвiшся, спачатку заўсёды паглядзi на траву – цi няма ў ёй гадзюк.

Гэтая малiтва была ў маленькiх аленяў, як "Ойча наш" у людзей. I калi лань добра яе засвоiла, мацi дазволiла ёй хадзiць адной.

I вось адным адвячоркам, калi лань бегала па лесе ды ласавалася далiкатнымi лiсточкамi, яна раптам убачыла проста перад сабою дупло вялiкага трухлявага дрэва, з якога звiсала шмат нейкiх склееных мiж сабою шарыкаў. Шарыкi былi цёмныя – такога колеру, як класная дошка.

Што б гэта магло быць? Ланi было трошкi боязна. Але яна была добрай гарэзаю, i бадануўшы шарыкi галавой, адразу маланкай адскочыла прэч.

Азiрнуўшыся, яна ўбачыла, што шарыкi трэснулi i з iх выцякаюць цягучыя кроплi. Апроч таго аднекуль выпаўзла шмат нейкiх белых мошак з тонкiмi талiямi, якiя забегалi па шарыках.

Лань падышла блiжэй. Але мошкi яе не кусалi. Тады яна асцярожна-асцярожненька лiзнула адну кропельку кончыкам языка i ад задавальнення ажно прыжмурыла вочы: гэта былi кропелькi мёду, i мёд быў вельмi смачны, бо шарыкi цёмнага колеру былi пчалiнымi вуллямi. Але пчолы не кусалiся, таму што ў iх не было джалаў. Ёсць такiя пчолы.

За пару хвiлiн маладзенькая лань высмактала ўвесь мёд i, вельмi задаволеная, пайшла расказваць пра гэта маме. Але мама яе паўшчувала.

– Будзь вельмi асцярожная з пчалiнымi гнёздамi, дачушка, – сказала яна. Мёд вельмi смачны, але шукаць яго вельмi небяспечна. Абыходзь пчалiныя гнёзды, калi iх убачыш.

Лань задаволена крыкнула:

– Мама, але ж яны не кусаюцца! Аваднi i мухi кусаюцца, а пчолы не.

– Ты памыляешся, дачушка, – сказала мацi. – Сёння табе пашанцавала, i толькi. Але ёсць вельмi паганыя пчолы i восы. Сцеражыся iх, дачушка, а то прынясеш мне вялiкае гора.

– Вядома, мама! Вядома! – адказала лань.

Але першае, што зрабiла наступнаю ранiцай, – дык гэта пайшла па сцяжынках, зробленых у лесе людзьмi, якiя шукаюць пчалiныя гнёзды.

Доўга яна хадзiла цi не, але ўрэшце адно гняздо знайшла. Гэтае гняздо належала цёмным пчолам з жоўтаю палоскай на талii, i яны поўзалi па гняздзе. Вулей таксама выглядаў iначай, але лань падумала, што калi ўжо гэтыя пчолы большыя, дык i мёд у iх павiнен быць смачнейшы.

Яна ўспомнiла была матчыну перасцярогу, але падумала, што мацi, вiдаць, перабольшвала, як заўсёды перабольшваюць маткi ў ланяў. I яна моцна баданула гняздо галавой.

Лепей бы яна нiколi гэтага не рабiла! Тут жа з гнязда вылецелi сотнi, тысячы восаў, якiя кiнулiся на яе i пачалi кусаць. Яны пакусалi яе ўсю – i галаву, i жывот, i хвост. I што сама горшае, яны кусалi яе ў самыя вочы. Болей за дзесяць восаў уджалiлi яе ў вочы!

Ашалеўшы ад болю, лань з лямантам кiнулася прэч. Яна бегла i бегла, пакуль раптам не была вымушаная спынiцца. Яна нiчога не бачыла! Яна аслепла, зусiм аслепла!

Вочы ў яе страшна распухлi, i яна не бачыла зусiм нiчога. Яна сцiшылася i, дрыжучы ад болю i страху, заплакала ў вялiкае роспачы.

– Мама!.. Мама!..

А яе мама ўжо шукала яе паўсюль, бо заўважыла, што дачкi доўга няма. Калi ж яна ўрэшце яе знайшла, яна таксама прыйшла ў адчай, зразумеўшы, што яе дачка аслепла. Яна паклала яе галаву сабе на шыю i крок за крокам павяла дадому, а ўсе лясныя жыхары, якiя сустракалiся iм па дарозе, падыходзiлi i глядзелi, якiя ў гаротнай ланi распухлыя вочы.

Мацi не ведала што рабiць. Якiя прыкладаць лекi? Яна добра памятала, што ў паселiшчы за лесам жыве чалавек, у якога лекi ёсць. Але той чалавек быў паляўнiчы, i часам ён паляваў на аленяў. Праўда, казалi, што чалавек ён добры.

I хоць мацi баялася весцi дачку да чалавека, якi палюе на аленяў, ды выйсця ў яе не было. I тады яна вырашыла спачатку схадзiць да мурашкаеда i папрасiць у яго рэкамендацыйны лiст, бо мурашкаед быў таму чалавеку блiзкiм сябрам.

I вось яна добра схавала сваю маленькую дачку i трушком пабегла праз лес. Па дарозе яна ледзь не патрапiла ў кiпцюры ягуару i, калi дабралася да логава свайго сябра, дык да таго стамiлася, што не магла ўжо ступiць нi кроку.

Як мы ўжо казалi, гэты яе сябар быў мурашкаед. Але ён быў з дробнай пароды: гэтыя жывёлы – жоўтага колеру, а на жоўтую шкурку ў iх нiбыта надзета нешта накшталт чорнай майкi на дзвюх шлейках, перакiнутых паверх плеч. I яшчэ ў iх хвост як зачапка, бо яны заўсёды жывуць на дрэвах i вiсяць на хвасце.

Адкуль жа ўзялася такая шчырая дружба памiж мурашкаедам i паляўнiчым? У лесе пра гэта нiхто не ведаў, але мы калi-небудзь даведаемся пра прычыну.

I вось няшчасная мацi дабралася нарэшце да мурашкаедава логвiшча.

"Стук-стук!" – пастукалася яна, цяжка дыхаючы.

– Хто там? – спытаўся мурашкаед.

– Гэта я, лань!

– Ага! Ну i што ж лань хоча?

– Я прыйшла папрасiць у цябе рэкамендацыйны лiст, каб схадзiць да паляўнiчага. Мая маленькая лань, мая дачка, аслепла.

– Як! Твая маленькая лань?! – ускрыкнуў мурашкаед. – Яна добрая жывёлiна. I калi ўжо з ёй здарылася такое, дык я дам ёй усё, што яна хоча. Але нiякiх лiстоў не трэба. Пакажыце паляўнiчаму вось гэта, i ён дапаможа.

I мурашкаед кончыкам хваста падаў ёй сухую, зусiм ссушаную галаву гадзюкi, з якой яшчэ тырчалi атрутныя зубы.

– Пакажыце яму гэта, – паўтарыў паядальнiк мурашак, – i болей нiчога не трэба.

– Дзякую табе, мурашкаед! – сказала задаволеная лань. – Ты таксама добрая жывёлiна.

I яна хутчэй пабегла назад, бо было ўжо позна i пачынала брацца на дзень. Дабегшы да сховiшча, яна забрала дачку, i яны разам пайшлi ў пасёлак. Маленькая лань увесь час жалiлася ад болю. Але ўрэшце яны дайшлi. У пасёлку iм давялося iсцi вельмi цiхенька i прыцiскацца да сцен, каб iх не пачулi сабакi. I вось яны апынулiся ля дзвярэй паляўнiчага.

"Стук-стук!" – пастукалiся яны.

– Хто там? – пачуўся з хаты голас чалавека.

– Гэта мы, ланi!.. Мы прынеслi галаву гадзюкi!

Мацi паспяшалася сказаць гэта, каб чалавек ведаў, што яны мурашкаедавы сяброўкi.

– Вунь як! – сказаў чалавек, адчыняючы дзверы. – А што здарылася?

– Мы прыйшлi папрасiць, каб вы палячылi маю дачку – вось гэтую маленькую лань, бо яна аслепла.

I яна расказала паляўнiчаму ўсю гiсторыю з пчоламi.

– Гм!.. – сказаў паляўнiчы. – Давайце пабачым, што з гэтай паненкаю.

Ён вярнуўся ў хату, вынес адтуль высокае крэсла i пасадзiў у яго маленькую лань, каб, не згiнаючыся, добра паглядзець яе вочы. Ён аглядаў вочы, блiзенька падносячы вялiкае круглае шкло, а мама свяцiла лiхтарыкам, якi вiсеў у яе на шыi.

– Нiчога страшнага, – урэшце сказаў паляўнiчы, дапамагаючы ланi злезцi. Але трэба будзе пацярпець. Кожную ноч прыкладайце на вочы вось гэтую мазь i трымайце вашую дачку дваццаць дзён у цемры. А потым адзеньце ёй гэтыя жоўтыя акуляры, i яна вылечыцца.

– Шчыра дзякуем вам, паляўнiчы! – вельмi задаволена адказала мацi. Колькi я вам вiнаватая?

– Нiколькi, – усмiхаючыся адказаў паляўнiчы. – Але, iдучы назад, сцеражыцеся сабак, бо ў суседнiм квартале жыве чалавек, у якога сабакi, навучаныя браць след аленяў.

Ланi вельмi былi напалоханыя. Яны iшлi назад, ледзь дакранаючыся да зямлi, i кожную хвiлiну спынялiся. Але сабакi ўсё роўна iх вынюхалi i пагналiся за iмi. Ланi кiнулiся ўцякаць па шырокай лясной сцяжынцы, i маленькая лань, якая бегла паперадзе, увесь час жаласна бляяла ад страху. Але нарэшце, прагнаўшы iх па лесе амаль паўмiлi, сабакi адсталi.

Мацi лячыла дачушку так, як патлумачыў ёй паляўнiчы. Толькi яна адна ведала, якiх намаганняў ёй каштавала дваццаць бясконцых дзён трымаць дачку ў дупле вялiкага дрэва. Усярэдзiне там было так цёмна, што зусiм нiчога было не вiдаць. Але аднойчы ранiцай мацi нарэшце адсунула галавою вецце, якое затуляла дупло i не давала ў яго трапiць святлу. Маленькая лань выбегла i закрычала:

– Бачу, мама! Я ўсё бачу!

А лань, убачыўшы, што яе дачка здаровая, паклала галаву на галiну i заплакала ад радасцi.

Маленькая лань цалкам вылечылася. Але хоць яна вылечылася i была здаровая ды ўсiм задаволеная, быў у яе адзiн сакрэт, якi яе засмучаў. А сакрэт быў у тым, што яна вельмi хацела аддзячыць чалавеку, якi быў з ёю такi добры; яна хацела аддзячыць ды не ведала як.

I вось аднойчы ёй здалося, што яна прыдумала спосаб. Яна пачала хадзiць па берагах балот i затокаў, каб назбiраць чаплiных пёраў i занесцi iх паляўнiчаму. А паляўнiчы часам таксама ўспамiнаў невiдушчую лань, якую ён вылечыў.

Аднойчы дажджлiвым вечарам чалавек чытаў у сваiм пакоi. Ён быў вельмi задаволены, бо толькi што паправiў саламяную страху, i цяпер яна больш не цякла. Ён чытаў, калi раптам пачуў, як нехта стукаецца. Адчынiўшы дзверы, ён убачыў маленькую лань, якая трымала клуначак – прамоклы наскрозь скрутак з пёрамi чаплi.

Паляўнiчы засмяяўся, а лань, засаромеўшыся, пабегла прэч. Яна была засмучаная, думаючы, што паляўнiчы смяяўся таму, што яе падарунак быў вельмi бедны. Тады яна назбiрала вялiкiх, сухiх i чыстых пёраў i праз тыдзень прыйшла да паляўнiчага зноў. Але гэты раз чалавек ужо не смяяўся: пасля мiнулага разу, калi ён засмяяўся ад расчуленасцi, ён убачыў, што маленькая лань не разумее смеху. I цяпер ён падараваў ёй у адказ бамбукавую трубку, поўную мёду, якi лань выпiла з вялiкiм задавальненнем.

З таго часу лань i паляўнiчы вельмi пасябравалi. Лань заўсёды старалася прынесцi чалавеку чаплiных пёраў, якiя каштуюць вялiкiх грошай, i яны, гутарачы, бавiлi разам цэлыя гадзiны. Чалавек заўсёды ставiў на стол горшчык з мёдам i падсоўваў сваёй сяброўцы высокае крэсла. А часам ён частаваў яе цыгарамi, якiя ланi ахвотна ядуць i гэта нiяк iм не шкодзiць. Так яны i бавiлi час, седзячы каля печы, якую паляўнiчы палiў дрывамi, ды пазiраючы на полымя, а за сцяною лiў дождж i вецер скаланаў саламяную страху хаты.

Баючыся сабак, лань звычайна прыходзiла да чалавека тымi начамi, калi была навальнiца. I таму кожны раз, калi з надыходам ночы пачынаўся дождж, паляўнiчы загадзя ставiў на стол горшчык з мёдам i сцялiў сурвэтку, а сам браў кнiгу ды, сёрбаючы каву, чакаў, калi ў дзвярах пачуецца такi знаёмы стук ягонай сяброўкi ланi.

ГIСТОРЫЯ ПРА ДВАIХ ДЗЕТАК КААЦI I ДВАIХ ДЗЯЦЕЙ ЧАЛАВЕКА

У аднаго каацi было трое дзетак. Жылi яны ў лесе, елi фрукты, карэнне i птушыныя яйкi. А калi сядзелi на дрэве i раптам чулi моцны шум, дык iмклiва саскоквалi на зямлю i ўцякалi, задраўшы хвасты.

I вось аднаго разу, калi каацяняты крыху падраслi, мацi паклiкала iх залезцi да сябе на апельсiнавае дрэва i сказала iм так:

– Каацяняткi, вы ўжо дастаткова падраслi, каб самiм шукаць сабе ежу. I вы павiнны навучыцца гэтаму, бо калi зробiцеся зусiм дарослыя, дык пачняце жыць паасобку, як усе каацi. Большанькi з вас ласы да макрыц i слiмакоў, i ён знойдзе iх у спарахнелых дрэвах, бо там шмат гэтых казурак. Сярэднi – вялiкi аматар фруктаў, i ён зможа знайсцi iх на гэтым цi на другiх дрэвах: апельсiны будуць ажно да снежня. А меншы, якi ласуецца толькi птушынымi яйкамi, можа хадзiць дзе хоча, бо паўсюль ёсць птушыныя гнёзды. Але баранi яго Бог хадзiць шукаць гнёзды ў поле, бо гэта небяспечна.

I асаблiва, дзеткi мае, вы павiнны баяцца сабак. Аднойчы я з iмi бiлася i ведаю, што кажу, – з таго часу ў мяне паламаны зуб. За сабакамi заўсёды iдуць людзi, у якiх ёсць магутны гром, якi забiвае. Як толькi пачуеце гэты гром, дык як мага хутчэй саскоквайце на зямлю з любога высокага дрэва. Iначай вас могуць застрэлiць.

Так навучала iх мацi. Потым яны ўсе злезлi з дрэва i разышлiся, круцячы галавою то справа налева, то злева направа, быццам шукаючы нечага згубленага, бо так ходзяць каацi.

Большы, якому захацелася паесцi слiмакоў, шукаў iх у гнiлым ламаччы i пад прэлай травой. I знайшоў iх столькi, што хутка наеўся i задрамаў. Сярэднi, якi болей за ўсё на свеце любiў фрукты, наеўся колькi хацеў апельсiнаў, бо сярод лесу расло шмат апельсiнавых дрэваў – гэта звычайная рэч у Парагваi i Мiсьёнэс. I нiхто з людзей не патурбаваў яго. А меншы, якi без памяцi любiў птушыныя яйкi, папахадзiў цэлы дзень i знайшоў усяго толькi два гняздзечкi: адно туканава з трыма яйкамi i адно туркаўкi, у якiм яек было толькi два. Усяго разам – пяць маленечкiх яечак: надта мала, каб добра пад'есцi. I таму, калi настаў вечар, маленькi каацi быў такi самы галодны, як i ранiцай. I зажурыўшыся, ён сеў непадалёк ад ускрайку лесу. Адсюль ён убачыў за дрэвамi поле i ўспомнiў параду мацi.

"Чаму гэта мама забаранiла шукаць гнёзды ў полi?" – падумаў ён. I так разважаючы, ён раптам пачуў вельмi далёка спеў нейкай птушкi.

– Якая гучная песня! – сказаў каацi ў захапленнi. – I якiя, напэўна, вялiкiя яйкi павiнны быць у такой птушкi!

Спеў пачуўся зноў. I тады каацi кiнуўся бегчы праз лес. Ён бег напрасткi, не разбiраючы дарогi, бо спеў ляцеў аднекуль проста наперадзе. Сонца ўжо садзiлася, а ён усё бег, задраўшы ўгору хвост. Нарэшце ён выскачыў на ўзлесак i паглядзеў у поле. Удалечынi стаяў чалавечы дом, i побач ён убачыў чалавека ў ботах, якi вёў на повадзе каня. I яшчэ ён убачыў вялiкую птушку, якая спявала. Тады каацi пляснуў сябе па лбе i сказаў:

– Ну, якi я недарэка! Я цяпер успомнiў, што гэта за птушка. Гэта ж певень! Аднойчы мама паказвала мне яго, калi мы сядзелi на дрэве. Пеўнi вельмi хораша спяваюць, i ў iх шмат курэй, якiя нясуць яйкi. Вось бы паесцi гэтых курыных яек!

Усiм вядома – нiшто так не падабаецца гэтым лясным звяркам, як курыныя яйкi. I хоць на адну хвiлiнку маленькаму каацi ўспомнiлася парада, якую дала яму мацi, але жаданне перамагло. Ён сеў на ўзлеску i пачаў чакаць, калi добра сцямнее, каб пралезцi ў куратнiк.

Нарэшце апусцiлася ноч. Тады ён на дыбачках, крок за крокам, пачаў падкрадацца да хаты. Падышоўшы, ён асцярожна прыслухаўся: вакол нiчагуткi было не чуваць. Маленькi каацi вельмi ўзрадаваўся, што зараз зможа з'есцi сто, тысячу – не, дзве тысячы курыных яек! Ён ступiў у куратнiк i першае, што ўбачыў каля дзвярэй, было яйка, якое ляжала адно на зямлi. Спачатку ён вырашыў пакiнуць яго на пасля, на закуску, бо яйка было ладнае. Але ў яго пацякла слiна, i ён, не ўтрымаўшыся, схапiў яйка зубамi.

Ледзь толькi ён гэта зрабiў, як ТРЭСЬ! – страшны ўдар абрынуўся яму ў твар, i ён адчуў невыцерпны боль.

– Мама, мама! – закрычаў ён, не ведаючы што рабiць ад болю.

Але ён быў як прыкуты да месца! I ў тую ж хвiлiну пачуўся хрыпаты сабачы брэх.

Тым часам, калi каацi сядзеў на ўзлеску i чакаў, пакуль добра сцямнее, каб пралезцi ў куратнiк, гаспадар дома забаўляўся на саломе са сваiмi дзецьмi, белагаловымi хлопчыкам i дзяўчынкай пяцi i шасцi гадоў. Яны смяялiся, бегалi, падалi, смеючыся ўставалi i зноў падалi. I бацька таксама падаў, на вялiкую радасць дзяцей. Урэшце яны перасталi дурэць, бо была ўжо ноч, i гаспадар сказаў:

– Пайду пастаўлю пастку на ласку, бо яна часта да нас залазiць i душыць куранят ды крадзе яйкi.

Ён пайшоў i паставiў пастку. А потым яны павячэралi i палеглi спаць. Але дзецi спаць не хацелi, яны скакалi з ложка на ложак i блыталiся ў начных кашулях. А бацька чытаў у сталовым пакоi i не перашкаджаў iм. Але раптам дзецi перасталi скакаць i крыкнулi:

– Тата! У пастку трапiла ласка! Сабака брэша! Мы хочам пабачыць, татачка!

Бацька дазволiў, але з умоваю, што яны абуюць сандалi, бо вакол было шмат гадзюк i цёмначы дзецям забаранялася хадзiць босымi.

Яны пайшлi. I што ж яны ўбачылi? Яны ўбачылi, што бацька нахiлiўся i, стрымлiваючы адной рукою сабаку, другою рукой выцягнуў за хвост i падняў каацi. Каацi быў яшчэ зусiм маленькi i ўвесь час пранiзлiва, як цвыркун, вiшчаў.

– Тата, не забiвай яго! – папрасiлi дзецi. – Ён зусiм маленечкi! Аддай яго нам.

– Добра, бярыце, – адказаў бацька. – Але добра даглядайце за iм, i сама галоўнае – не забывайцеся, што каацi, як i вы, п'юць ваду.

Ён казаў гэта таму, што раней у дзяцей быў лясны кот, якому яны ўвесь час цягалi мяса з халадзiльнiка, а вады не давалi, i ён здох.

I вось цяпер каацi запусцiлi ў тую самую клетку, у якой раней жыў лясны кот i якая стаяла каля куратнiка. А самi зноў пайшлi спаць.

Мiнула поўнач, i вакол апала глыбокая цiшыня. Але маленькi каацi, якi вельмi пацярпеў ад зубоў пасткi, не мог заснуць. I раптам ён убачыў у месяцавым святле тры невялiкiя ценi, якiя асцярожна падкрадалiся да яго. Сэрца ў няшчаснага каацiка затрымцела, бо ён пазнаў маму i сваiх двух братоў, якiя яго шукалi.

– Мама, мама! – паклiкаў палоннiк вельмi цiхенька, каб не нарабiць шуму. Я тут! Вызвалiце мяне! Я не хачу тут заставацца, ма... ма...

I ён несуцешна заплакаў.

Нягледзячы на ўсё, што здарылася, каацi былi задаволеныя, бо яны такi знайшлi адно аднаго i лашчылiся цяпер пысамi.

Яны адразу паспрабавалi вызвалiць палоннiка. Дзеля гэтага яны спачатку вырашылi былi перагрызцi драцяную сетку, i ўсе чацвёра накiнулiся на яе зубамi. Але ў iх нiчога не выйшла. I тады маме прыйшла ў галаву адна добрая думка. I яна сказала:

– Давайце пашукаем чалавекаў рыштунак! У людзей ёсць такiя прылады, каб перакусваць жалеза. Яны завуцца напiльнiкi. У iх тры бакi, як скура ў грымучай змяi, i iмi водзяць сюды-туды. Хадземце пашукаем!

Яны пайшлi ў чалавекаву майстэрню i вярнулiся адтуль з напiльнiкам. Разумеючы, што аднаму сiлы не хопiць, яны ўзялiся за напiльнiк утраiх, i праца пачалася. Яны так захапiлiся, што нават не заўважылi, што ўся клетка ўжо дрыжыць, трасецца i страшна грымiць. Яны нарабiлi такога грукату, што сабака нарэшце прачнуўся i хрыпла забрахаў. Але каацi вырашылi не чакаць, пакуль iх папросяць растлумачыць прычыну такога скандалу, i, кiнуўшы напiльнiк, уцяклi ў лес.

На другi дзень дзецi раненька пайшлi паглядзець на свайго новага госця, якi маркотна сядзеў у невялiчкай клетцы.

– Як мы яго назавём? – спытала дзяўчынка ў брацiка.

– Я ўжо прыдумаў! – адказаў хлопчык. – Мы назавём яго Семнаццаць!

Чаму Семнаццаць? Нiколi не было яшчэ лясной жывёлiны з такiм дзiўным iмем. Але хлопчык вучыўся лiчыць, i яго, напэўна, нечым прывабiў гэты лiк.

Як бы там нi было, а маленькага каацi назвалi Семнаццаць. Яму прынеслi хлеба, вiнаграду, шакаладу, мяса, крэветак i яек – вельмi смачных курыных яек. I яшчэ iм удалося вельмi хутка вылечыць яго – так, што ўжо праз дзень ён перастаў чухаць сабе галаву. Пяшчота дзяцей была такою вялiкай i шчырай, што, калi зноў наступiла ноч, каацi ўжо амаль змiрыўся са сваiм палонам. Ён толькi i думаў пра тыя ласункi, якiя еў цэлы дзень, i ўспамiнаў пра бялявых дзяцей чалавека, якiя былi такiя вясёлыя i добрыя.

Дзве ночы запар сабака спаў так блiзка да клеткi, што, на вялiкi жаль, сям'я палоннiка не магла да яго падысцi. Калi ж на трэцюю ноч яны зноў падкралiся, спадзеючыся знайсцi напiльнiк i выпусцiць на волю маленькага каацi, ён сказаў:

– Мама, я ўжо не хачу сыходзiць адсюль. Мне даюць яйкi, i ўсе са мной вельмi добрыя. Сёння мне сказалi, што, калi я добра буду сябе паводзiць, мяне хутка выпусцяць. Яны такiя ж, як мы. Яны таксама маленькiя дзецi, i мы разам гуляем.

Дзiкiя каацi вельмi засмуцiлiся, але ўрэшце, змiрыўшыся, паабяцалi каацiку прыходзiць да яго кожную ноч.

I праўда, кожную ноч, нават калi лiў дождж, мама i брацiкi прыходзiлi да маленькага каацi i бавiлi разам з iм трошкi часу. Каацiк прасоўваў iм праз драцяную сетку хлеб, i дзiкiя каацi сядзелi i елi хлеб перад клеткаю.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю