Текст книги "Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке)"
Автор книги: Орасио Кирога
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 4 страниц)
Кирого Герасио
Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке)
Гарасьо Кiрога
КАЗКI ТРАПIЧНАГА ЛЕСУ
ГIГАНЦКАЯ ЧАРАПАХА
Жыў у Буэнас-Айрэсе адзiн чалавек, i быў ён шчаслiвы, бо меў здароўе i быў працавiты. Але аднойчы ён захварэў, i лекары сказалi яму, што, толькi з'ехаўшы з горада, ён зможа паправiцца. Ехаць яму не хацелася, бо ў яго былi маленькiя браты, якiх ён кармiў, а хвароба дзень пры днi ўсё мацнела.
I вось аднойчы ягоны сябар, дырэктар Заапарку, сказаў яму:
– Вы мой сябар, вы добры працавiты чалавек. Таму я хачу, каб вы паехалi, пажылi ў лесе i, пажыўшы на свежым паветры, паправiлiся. А паколькi вы ўмееце трапна страляць, дык папалюйце на лясных звяроў i прывязiце мне шкуры, а я вам заплачу наперад грошы, каб вашыя брацiкi не галадавалi.
Хворы пагадзiўся i паехаў далёка ў лес, куды далей за Мiсьёнэс. Было там вельмi спякотна, i гэта прынесла яму карысць.
Жыў ён у лесе адзiн i сам сабе варыў страву. Еў птушак i звяроў, на якiх паляваў са стрэльбай. А яшчэ еў фрукты. Спаў ён пад дрэвамi, а калi прыходзiла непагадзь, рабiў за пяць хвiлiн будан з пальмавага лiсця ды сядзеў там задаволены, сярод лесу, якi аж шалеў ад дажджу i ветру.
Са шкур ён зрабiў сабе клунак i насiў яго, перакiнуўшы цераз плячо. А яшчэ ён налавiў шмат ядавiтых змей, якiх захоўваў у вялiкiм арэху, бо ёсць там такiя вялiкiя арэхi – як бляшанка пад газу.
Да чалавека зноў вярнуўся здаровы колер твару, добры апетыт, i быў ён дужы. I вось аднаго разу, калi яму вельмi хацелася есцi, бо ўжо два днi ён не мог нiчога ўпаляваць, убачыў ён на беразе вялiкай затокi магутнага ягуара, якi збiраўся з'есцi чарапаху i, перавярнуўшы яе бокам, спрабаваў засунуць пад панцыр лапу i кiпцюрамi выцягнуць мяса. Заўважыўшы чалавека, ягуар страшна зароў i хацеў быў на яго скочыць. Але трапны паляўнiчы пацэлiў яму якраз мiж вачэй i прабiў галаву. Потым ён злупiў з ягуара шкуру – такую вялiзную, што яна адна магла б паслужыць дываном на цэлы пакой.
"А цяпер, – падумаў чалавек, – пачастуюся я чарапахай. У яе такое смачнае мяса!"
Але, падышоўшы да чарапахi, ён убачыў, што яна параненая, i галава ў яе амаль адарваная ад шыi i вiсiць усяго на двух-трох пасмачках.
Забыўшыся на голад, чалавек пашкадаваў няшчасную чарапаху. Ён зацягнуў яе вяроўкаю да свайго будана i перавязаў ёй анучкамi галаву. А каб зрабiць анучкi, яму давялося разадраць сваю кашулю, бо была ў яго толькi адна кашуля i нiякiх iншых ануч. Чарапаха была аграмадная, велiчынёю з крэсла i важыла як дарослы мужчына. Таму, пакуль чалавек прыцягнуў яе, ён вельмi стамiўся.
Чарапаха зашылася ў куточак i нерухома ляжала там цэлымi днямi. А чалавек штодзень лячыў яе i пяшчотна пляскаў па спiне.
I вось нарэшце чарапаха паправiлася. Але тут захварэў чалавек. У яго была гарачка, i яму ламала ўсё цела.
А потым ён зусiм ужо не мог устаць. Гарачка ўвесь час мацнела, а горла аж гарэла ад смагi. Чалавек зразумеў, што цяжка захварэў, i, хоць быў адзiн, прамовiў уголас, бо пачынаў ужо трызнiць:
– Я памру, – сказаў чалавек. – Я адзiн i ўжо не магу ўстаць, i няма нiкога, хто падаў бы мне вады. Я памру ад смагi i голаду.
Неўзабаве гарачка яшчэ болей памацнела, i ён страцiў прытомнасць. Але чарапаха чула яго i зразумела, што сказаў паляўнiчы. Тады яна падумала:
"Тым разам чалавек пашкадаваў мяне i не з'еў, хоць быў галодны. Ён вылечыў мяне, а цяпер я яго буду лячыць".
Яна пайшла да затокi, знайшла панцыр маленькай чарапашкi, добра пашаравала яго пяском i попелам, набрала ў яго вады i напаiла чалавека, якi ляжаў на коўдры i памiраў ад смагi. Потым яна назбiрала смачных карэньчыкаў, сакавiтых зёлак i прынесла iх чалавеку, каб той паеў. I чалавек еў, не ведаючы, хто яго кормiць. Ён увесь час трызнiў з гарачкi i нiкога не пазнаваў.
Шторанiцы чарапаха абыходзiла лес, шукаючы пажыўных карэньчыкаў, i кармiла iмi чалавека. Яна вельмi шкадавала, што не можа залезцi на дрэвы i прынесцi яму пладоў.
А паляўнiчы еў i не ведаў, хто дае яму ежу. Але аднойчы ён апрытомнеў. Ён пачаў азiрацца i ўбачыў, што зусiм адзiн, бо нiкога ў лесе, апроч яго ды чарапахi, не было. Тады ён iзноў прамовiў уголас:
– Я адзiн-адзiнюткi ў лесе! Лiхаманка вернецца зноў, i я памру, бо толькi ў Буэнас-Айрэсе ёсць лекi, якiя дазволяць мне ачуняць. Але я не змагу дайсцi да Буэнас-Айрэса i сканаю тут у самоце.
Як ён i казаў, лiхаманка пад вечар вярнулася, ды яшчэ мацнейшая, чым раней. I ён зноў страцiў прытомнасць.
Але чарапаха пачула яго i гэты раз i зноў падумала:
"Калi ён застанецца ў лесе, дык памрэ, бо тут няма лекаў. Я павiнна занесцi яго ў Буэнас-Айрэс".
Сказаўшы гэтак, яна зрэзала тонкiя i моцныя, як вяроўкi, лiяны, асцярожненька ўсклала чалавека сабе на спiну i, каб не ўпаў, моцна прывязала яго лiянамi. Ёй давялося праявiць добрую кемнасць, каб прыладзiць стрэльбу, шкуры i арэх са змеямi ды не патрывожыць пры гэтым паляўнiчага. Але ўрэшце ўсё атрымалася, як яна хацела, i яна рушыла ў дарогу.
Нагрузiўшыся, чарапаха йшла ды йшла ўдзень i ўначы. Яна мiнала лясы, палi, пераплывала рэкi шырынёю на цэлую мiлю, прабiралася праз балоты, у якiх ледзь не танула, трымаючы на сабе чалавека, якi ўжо амаль памiраў.
Праз кожныя восем цi дзесяць гадзiн хады яна спынялася, развязвала лiяны i асцярожна клала чалавека на зямлю, выбiраючы сушэйшае месца. Потым шукала ваду i мяккiя карэньчыкi i давала iх хвораму. I сама яна таксама ела, хоць была такая стомленая, што лепей бы ёй было паспаць.
Часам ёй даводзiлася iсцi па самым санцапёку. Стаяла лета, а паляўнiчы быў у такой гарачцы, што ўвесь час трызнiў i памiраў ад смагi. Тады ён пачынаў крычаць: "Вады! Вады!" – i чарапаха давала яму напiцца.
Так яна iшла – дзень за днём, тыдзень за тыднем.
Кожны дзень яны былi ўсё блiжэй да Буэнас-Айрэса, але з кожным днём чарапаха слабела, з кожным днём у яе менела сiлы, хоць яна не скардзiлася. Часам яна падала зусiм знямоглая, але тады чалавек, на хвiлiну апрытомнеўшы, уголас казаў:
– Я памiраю, мне ўсё горай i горай, але толькi ў Буэнас-Айрэсе я мог бы ачуняць. А тут я памру, адзiн у гэтым лесе.
Яму здавалася, што ён усё яшчэ ў будане, бо ён жа нiчога не ведаў. Тады чарапаха ўставала i йшла далей.
Але настаў дзень, калi гаротная чарапаха зусiм ужо не магла iсцi. Яна патрацiла ўсе свае сiлы i больш не магла. Каб хутчэй дайсцi, яна цэлы тыдзень не ела, i сiлы ў яе нi на што не засталося.
Калi прыйшла ноч, яна ўбачыла на даляглядзе далёкае святло, нейкае ззянне, што асвятляла неба, але яна не ведала, што гэта такое. Яна зусiм знемаглася i заплюшчыла вочы, каб памерцi разам з паляўнiчым, маркотна думаючы, што не здолела ўратаваць чалавека, якi быў такi добры з ёю.
Але ж яна была ўжо ў Буэнас-Айрэсе, хоць не ведала гэтага. Тое святло, што яна бачыла ў небе, было ззянне горада, i яна сабралася памерцi, калi была ў самым канцы свайго гераiчнага падарожжа.
На шчасце, у гэтую хвiлiну двух паўмёртвых падарожнiкаў убачыла гарадское мышаня, якога клiкалi Пэрэс.
– Вось дык чарапаха! – здзiвiлася мышаня. – Нiколi я не бачыла такой вялiзнай чарапахi. А што гэта ты нясеш на спiне? Дровы?
– Не, – маркотна адказала чарапаха. – Гэта чалавек.
– I куды ж ты нясеш гэтага чалавека? – спытала цiкаўнае мышаня.
– Я iду... iду... Я хацела дайсцi да Буэнас-Айрэса, – адказала бедная чарапаха такiм цiхiм голасам, што яе было амаль не чуваць. – Але я нiколi туды не дайду, i мы памром тут...
– Эх, дурнiца ты, дурнiца! – засмяялася мышаня. – Нiколi не бачыла я такой дурной чарапахi! Ды ты ўжо ў Буэнас-Айрэсе! Тое святло, што ты бачыш, гэта i ёсць Буэнас-Айрэс.
Пры гэтых словах чарапаха адчула новыя сiлы, бо яна зразумела, што ў яе ёсць яшчэ час уратаваць паляўнiчага. I яна зноў рушыла ў дарогу.
На досвiтку дырэктар Заапарку ўбачыў запэцканую i вельмi худую чарапаху, на спiне ў якой ляжаў перавязаны лiянамi чалавек. Ён памiраў. Пазнаўшы ў гэтым чалавеку свайго сябра, дырэктар сам пабег па лекi, i з iх дапамогаю паляўнiчы адразу ж ачуняў.
Калi паляўнiчы даведаўся, як яго ўратавала чарапаха i як яна зрабiла падарожжа аж у трыста мiль, каб толькi ён мог выпiць лекаў, ён вырашыў нiколi з ёю не разлучацца. Але ж ён не мог трымаць яе ў сваёй маленькай хаце, i тады яго сябар прапанаваў аддаць яе ў заапарк, дзе абяцаў даглядаць за ёю як за сваёй дачкой.
Так i зрабiлi. Цяпер чарапаха, шчаслiвая i задаволеная, поўзае па ўсiм садзе, i гэта тая сама вялiзная чарапаха, якую мы штодня можам бачыць, калi яна скубе траўку ля клетак з малпамi.
Кожны вечар паляўнiчы прыходзiць да яе, а яна па хадзе здаля пазнае свайго сябра. Яны бавяць разам пару гадзiн, i ёй заўсёды хочацца, каб ён, раней чым пайсцi, пяшчотна папляскаў яе рукою па спiне.
ПАНЧОХI ДЛЯ ФЛАМIНГАЎ
Неяк раз змеi ладзiлi вялiкi баль. Былi запрошаныя рапухi ды жабы, фламiнгi, кайманы ды рыбы. Але ж рыбы не ходзяць, то й танчыць яны не маглi. Яны толькi павылазiлi на пясок ды пляскалi хвастамi, бо той баль адбываўся каля ракi.
Кайманы, каб лепей сябе ўпрыгожыць, надзелi на шыю каралi з бананаў i палiлi парагвайскiя цыгары. Жабы абляпiлiся рыбiнаю лускою i ступалi паважна, перакульваючыся з адной нагi на другую, нiбыта плылi. I кожны раз, калi яны з паважным выглядам праходзiлi па беразе, рыбы крычалi iм што-небудзь кплiвае.
Рапухi надушылiся парфумаю i хадзiлi на заднiх лапах. Апроч таго на кожнай вiсеў, гайдаючыся, як лiхтарык, маленечкi светлячок.
Але сама прыгожыя былi змеi. Усе яны былi апранутыя ў балетныя гарнiтуры пад колер скуры: на чырвоных змеях былi спаднiчкi з чырвонага цюлю, на зялёных – з зялёнага, на жоўтых – з жоўтага, а на куфiях – з шэрага ў палоску, i палоскi былi колеру цаглянага пылу i попелу, бо такi колер у куфiй.
А ўжо сама адметнымi былi каралавыя гадзюкi, апранутыя ў доўгiя спаднiчкi з чырвонага, белага i чорнага газу. Яны танчылi, выгiнаючыся серпанцiнам. I калi змеi пачыналi танчыць i кружылiся на кончыку хваста, усе госцi гучна пляскалi iм у далонi.
I толькi фламiнгi, у якiх тады былi белыя ногi, а дзюбы, як i цяпер, вельмi тоўстыя i крывыя, – толькi фламiнгi былi невясёлыя, бо ў iх было мала розуму i яны не змаглi прыдумаць, як апрануцца. Яны зайздросцiлi кожнаму гарнiтуру i асаблiва гарнiтурам, што былi ў каралавых гадзюк. Калi якая-небудзь змяя, какетлiва прыўздымаючы пышную газавую спаднiчку, праходзiла перад iмi, фламiнгi аж млелi ад зайздрасцi.
Тады адзiн фламiнга сказаў:
– Я ведаю, што трэба зрабiць. Трэба надзець чырвоныя, белыя i чорныя панчохi, i каралавыя змеi закахаюцца ў нас.
I гуртам узляцеўшы, усе фламiнгi пераляцелi раку i пастукалiся ў вясковую краму.
"Стук-стук!" – заляпалi яны нагамi.
– Хто там? – спытаў крамнiк.
– Гэта мы, фламiнгi. Цi не маеце вы чырвоных, белых i чорных панчошак?
– Не, такiх у мяне няма, – адказаў крамнiк. – Вы што, зусiм здурнелi? Такiх панчох вы нiдзе не знойдзеце.
Тады фламiнгi паляцелi ў другую краму.
– Стук-стук! Цi няма ў вас чырвоных, белых i чорных панчошак?
Крамнiк адказаў:
– Як вы кажаце? Чырвоных, белых i чорных? Такiх панчох нiдзе няма. Вы здурнелi. Хто вы такiя?
– Мы фламiнгi, – адказалi яны.
I мужчына сказаў:
– Пэўна, вы звар'яцелi.
Паляцелi яны яшчэ ў адну краму.
– Стук-стук! Цi няма ў вас чырвоных, белых i чорных панчошак?
Крамнiк закрычаў:
– Якiх-якiх? Чырвоных, белых i чорных? Толькi такiм дзюбатым птушкам, як вы, можа прыйсцi ў галаву прасiць такiя панчохi. Прэч адсюль!
I чалавек шпурнуў у iх венiкам.
Гэтак фламiнгi абляцелi ўсе крамы, i адусюль iх праганялi як шаленцаў.
Тады нейкi браняносец, якi йшоў да рэчкi папiць вады, захацеў пасмяяцца з фламiнгаў i, паважна павiтаўшыся, сказаў iм:
– Вечар добры, спадары фламiнгi! Я ведаю, што вы шукаеце. Такiх панчох вы не знойдзеце нi ў якой краме. Пэўна, яны ёсць у Буэнас-Айрэсе, але адтуль iх давядзецца выпiсваць поштаю. А вось у маёй кумы савы такiя панчохi ёсць. Папрасiце ў яе, i яна дасць вам чырвоныя, белыя i чорныя панчохi.
Фламiнгi падзякавалi, паляцелi да савiнага дупла i сказалi:
– Вечар добры, сава. Мы прыляцелi папрасiць у цябе чырвоныя, белыя i чорныя панчохi. Сёння ў змеяў вялiкi баль, i калi мы надзенем такiя панчохi, усе каралавыя гадзюкi ў нас закахаюцца.
– З вялiкiм задавальненнем! – адказала сава. – Пачакайце трошачкi, я не забаўлюся.
I махнуўшы крыламi, яна пакiнула фламiнгаў адных i праз хвiлiну ўжо вярнулася назад – з панчохамi. Але гэта былi не панчохi, а вельмi прыгожыя i зусiм свежыя шкуры каралавых гадзюк, якiх сава толькi што ўпалявала.
– Вось вам панчохi, – сказала сава. – Але майце на ўвазе вось што: танчыце ўсю ноч, танчыце, не спыняючыся нi на iмгненне, танчыце на баку, на дзюбе, на галаве, як хочаце, але не спыняйцеся нi на хвiлiну, каб вам не давялося замест таго, каб танчыць, – плакаць.
Але ж фламiнгi былi такiя дурныя, што й не ўцямiлi, якая вялiкая небяспека хавалася ў гэтых словах. Адурэўшы з радасцi, яны надзелi шкуры каралавых гадзюк як панчохi, засунуўшы ў iх лапы, як у трубкi, i вельмi задаволеныя, паляцелi на баль.
Калi госцi ўбачылi фламiнгаў у такiх прыгожанькiх панчохах, яны ўсе iм пазайздросцiлi. Змеi захацелi цяпер танчыць толькi з iмi, а таму, што фламiнгi нi на хвiлiну не пераставалi перабiраць нагамi, змеi не маглi добра разгледзець, з чаго тыя прыгожыя панчохi зробленыя.
Але ўрэшце змеi пачалi сёе-тое падазраваць. Калi фламiнгi танчачы праходзiлi побач, змеi аж да зямлi нагiналiся, каб лепей разгледзець.
Асаблiва непакоiлiся каралавыя гадзюкi. Яны не адводзiлi вачэй ад панчохаў i таксама нагiналiся, стараючыся лiзнуць фламiнгам у лапы языком, бо язык у змеяў – усё роўна што рука ў чалавека. Але фламiнгi танчылi й танчылi, не спыняючыся, хоць ужо вельмi стамiлiся i больш не маглi.
Каралавыя гадзюкi, заўважыўшы гэта, адразу папрасiлi ў рапух лiхтарыкi светлячкоў – i пачалi чакаць, калi фламiнгi пападаюць ад стомы.
I праўда, праз хвiлiну адзiн фламiнга настолькi знямогся, што спатыкнуўся аб кайманавую цыгару, захiстаўся i ўпаў на бок. Тут жа каралавыя гадзюкi падбеглi са сваiмi лiхтарыкамi i ярка асвяцiлi фламiнгу ногi. Убачыўшы, якiя на iм панчохi, яны так зашыпелi, што гэтае шыпенне можна было пачуць аж на другiм беразе Параны.
– Гэта не панчохi! – закрычалi гадзюкi. – Мы ведаем, што гэта! Нас падманулi! Фламiнгi пазабiвалi нашых сясцёр i замест панчох надзелi iх скуры! Iхнiя панчохi – гэта каралавыя гадзюкi!
Пачуўшы, што iх выкрылi, фламiнгi перапалохалiся. Яны хацелi паляцець i ўцячы, але так натамiлiся, што не маглi падняць нi крыла, нi нагi. А каралавыя гадзюкi накiнулiся на iх, абвiлi за ногi i зубамi падралi панчохi. У шаленстве яны падралi панчохi на шматкi i кусалi фламiнгаў за ногi, каб тыя памерлi.
Звар'яцеўшы ад болю, фламiнгi скакалi з месца на месца, але каралавыя гадзюкi не адпускалi iх ног. Урэшце, убачыўшы, што ад панчох не засталося ўжо нi кавалачка, стомленыя гадзюкi адпусцiлi фламiнгаў i пачалi папраўляць свае бальныя гарнiтуры.
Гадзюкi былi ўпэўненыя, што фламiнгi памруць, таму што прынамсi палова каралавых гадзюк, якiя кусалi, былi ядавiтыя.
Але фламiнгi не памерлi. Ратуючыся ад страшнага болю, яны пабеглi i кiнулiся ў ваду. Яны крычалi ад болю, i iхнiя ногi, якiя раней былi белыя, зрабiлiся цяпер чырвоныя ад гадзючай атруты. Мiналi днi за днямi, але пякучы агонь у крывава-чырвоных атручаных нагах у фламiнгаў не сунiмаўся.
Было гэта вельмi-вельмi даўно. Але й дагэтуль фламiнгi стаяць цэлымi днямi ў вадзе, стараючыся сцiшыць агонь, што пячэ iм ногi.
Часам яны выходзяць на бераг i ступаюць колькi крокаў па зямлi, каб пабачыць – як яно. Але боль ад атруты адразу вяртаецца, i яны бягуць назад у ваду. Часам iм пячэ так моцна, што яны падбiраюць нагу i стаяць гэтак цэлымi гадзiнамi, не могучы яе выпрастаць.
Вось так у фламiнгаў былi раней белыя ногi, а цяпер сталi чырвоныя. Усе рыбы ведаюць гэтую гiсторыю i смяюцца з неразумных птушак. Але фламiнгi, студзячы ў вадзе свае ногi, не выпускаюць выпадку, каб адпомсцiць насмешнiцам, i глытаюць кожную рыбку, якая падплыве надта блiзка, каб з iх пасмяяцца.
АБСКУБЕНЫ ПАПУГАЙ
Жыла ў лесе чарада папугаяў. На досвiтку яны ляталi на поле паласавацца маладымi кiяхамi кукурузы, а надвячоркам дзяўблi апельсiны. Сваiмi крыкамi яны ўтваралi страшэнны гвалт, але заўсёды на сама высокiм дрэве ў iх сядзеў папугай-вартаўнiк, якi пiльнаваў, цi не крадзецца хто-небудзь.
Папугаi – такiя самыя шкоднiкi, што й саранча, бо калi яны дзяўбуць кiяхi, яны раздзiраюць iх, а потым, у дождж, кiяхi гнiюць. А таму што смажаныя папугаi вельмi смачныя, пеоны (так называюць сялян у Лацiнскай Амерыцы) палююць на iх.
I вось аднойчы адзiн чалавек стрэлiў ды збiў вартавога папугая, якi, нават паранены, доўга яшчэ не даваў сябе ўзяць. Потым пеон занёс яго гаспадаровым дзецям, а дзецi вылечылi яго, бо ў папугая было перабiтае толькi адно крыло. Вельмi хутка папугай ачуняў i зрабiўся зусiм свойскi. Назвалi яго Пэдрыта. Ён навучыўся падаваць лапу, i яму вельмi падабалася сядзець у людзей на плячы i дзюбаю казытаць iм за вухам.
Жыў ён вольна i амаль цэлы дзень бавiў на апельсiнавых дрэвах ды эўкалiптах у садзе. А яшчэ яму падабалася смяяцца з курэй. Калi ж надвячоркам, а чацвёртай цi пятай гадзiне, дома пiлi чай, папугай таксама заходзiў у сталовую i, дапамагаючы сабе дзюбай i лапамi, узлазiў па абрусе на стол паесцi размочанага ў малацэ хлеба. А болей за ўсё ён любiў чай з малаком.
Пэдрыту вельмi падабалiся дзецi, i яны расказвалi яму столькi рознага, што ўрэшце папугай навучыўся гаварыць. Ён казаў: "Добры дзень, папугайчык!", "Смачная каша!..", "Каша для Пэдрыты!". Казаў ён i яшчэ сёе-тое, ды лепей пра гэта не згадваць, бо папугаi, як i дзецi, вельмi лёгка запамiнаюць паганыя словы.
Калi пачынаўся дождж, Пэдрыта натапырваў пёры i цiхенька нешта сам сабе баяў. Калi ж ладзiлася пагода, ён лётаў ды крычаў на ўсё горла.
Як бачым, гэта быў зусiм шчаслiвы папугай. I апроч таго, што ён быў вольны, як гэтага хочуць усе птушкi, ён, як заможныя людзi, таксама а пятай гадзiне пiў чай.
I вось, пры ўсiм гэтым шчасцi, здарылася так, што адным дажджлiвым надвячоркам пасля пяцi дзён безупыннай залевы ўрэшце выглянула сонца i Пэдрыта залётаў паўсюль ды загарлапанiў:
– Якi цудоўны дзянёк, папугайчык!.. Смачная каша!.. Лапу, Пэдрыта!
I паляцеў ён далёка-далёка, аж пакуль не ўбачыў пад сабой унiзе раку Парану, якая была падобная на шырокую белую стужку. А ён ляцеў i ляцеў, пакуль нарэшце не сеў адпачыць на дрэва.
I раптам ён убачыў праз галiнкi, што на зямлi блiшчаць два зялёныя агеньчыкi, быццам два вялiзныя светлякi.
"Што гэта? – падумаў папугай. – "Смачная каша!", "Што гэта будзе?", "Дзень добры, Пэдрыта!.."
Папугай заўсёды гаварыў так, як гавораць усе папугаi, – бязладна блытаючы словы, i часам яго цяжка было зразумець. Апроч таго ён быў вельмi цiкаўны i, пераскокваючы з галiнкi на галiнку, пачаў падсоўвацца ўсё блiжэй i блiжэй. I раптам убачыў, што тыя два агеньчыкi – гэта вочы вялiкага ягуара, якi ўвесь напружыўся i пiльна глядзiць на яго.
Але Пэдрыта быў такi задаволены пагодным днём, што зусiм не спалохаўся.
– Дзень добры, ягуар! – сказаў ён. – "Лапу, Пэдрыта!"
А ягуар адказаў яму страшным хрыпатым голасам:
– Дзе-нь-доб-ры!
– Дзень добры, ягуар! – паўтарыў папугай. – "Смачная каша!.. смачная каша!.. смачная каша!.."
Ён паўтарыў столькi разоў "смачная каша", таму што было ўжо чатыры гадзiны i яму вельмi хацелася папiць чаю з малаком. Папугай забыў, што лясныя звяры не п'юць чаю з малаком, i таму запрасiў пачаставацца i ягуара.
– Смачны чай з малаком! – сказаў ён. – "Дзень добры, Пэдрыта!" Цi не хочаш папiць са мной чаю, сябра ягуар?
Але ягуар раз'юшыўся – яму здалося, што папугай здзекуецца з яго. Ён быў галодны i захацеў з'есцi гаваркую птушку. Ягуар адказаў:
– Доб-ра! Па-ды-дзi тро-хi, я не чу-ю!
Ягуар быў не глухi, ён хацеў, каб Пэдрыта падышоў блiжэй i яго можна было схапiць адным махам. А папугай думаў толькi пра тое, як будзе прыемна прыйсцi дадому i пiць чай з малаком з такiм цудоўным сябрам. Ён пераляцеў на другую галiнку, блiжэй да зямлi.
– Дома смачная каша! – зноў крыкнуў ён на ўсё горла.
– Блi-жэй! Не чу-ю! – прахрыпеў у адказ ягуар.
Папугай зляцеў яшчэ трошкi нiжэй i сказаў:
– Смачны чай з малаком!
– Яш-чэ блi-жэй! – паўтарыў ягуар.
Няшчасны папугай падсунуўся зусiм блiзка, i ў гэтую хвiлiну ягуар так высока скочыў, што мог бы пераляцець цэлы дом. Ён зачапiў Пэдрыту кончыкамi кiпцюроў, i хоць забiць яго яму не ўдалося, але ён выдраў у папугая ўсё пер'е на спiне i ўвесь хвост. На хвасце ў небаракi не засталося нiводнага пёрка.
– Вось табе! – рыкнуў ягуар. – Iдзi цяпер, пi сам свой чай з малаком.
Папугай закрычаў ад болю i жаху i паляцеў, але добра ляцець не мог, бо ў яго ж не было хваста, якi ў птушак служыць стырном. Ён ляцеў, куляючыся з боку на бок, i ўсе птушкi, якiя сустракалiся яму па дарозе, спалохана кiдалiся ўпрочкi, убачыўшы такую дзiўную iстоту.
Урэшце ён усё ж дабраўся дадому i адразу паляцеў на кухню паглядзецца ў кухарчына люстэрка. Небарака Пэдрыта! Ён быў сама дзiўная й сама брыдкая птушка на свеце – увесь абскубены, бясхвосты, сiнi ад холаду. Як ён пакажацца ў сталовай у такiм выглядзе? I тады ён вырашыў схавацца ў дупле, што было ў ствале вялiкага эўкалiпта. Дупло было велiчынёю з цэлую пячору. Ён залез у яго i лёг на дне, дрыжучы ад холаду й сораму.
Тым часам усе ўжо сабралiся ў сталовай i вельмi дзiвiлiся, што папугая няма.
– Дзе ж гэта Пэдрыта? – казалi яны i клiкалi. – Пэдрыта! Смачная каша! Пэдрыта! Пэдрыта! Чай з малаком!
Але Пэдрыта й дзюбы не высоўваў са сваёй пячоры, ён ляжаў цiха, моўчкi i нiчога не адказваў. Яго шукалi паўсюль i нiдзе не маглi знайсцi. I тады ўсе падумалi, што Пэдрыта загiнуў. I дзецi заплакалi.
Кожны дзень, надвячоркам, калi наставаў час пiць чай, яны ўспамiналi папугая i прыгадвалi, як яму падабаўся хлеб, размочаны ў чаi з малаком. Бедны Пэдрыта! Яны ўжо нiколi яго не ўбачаць, бо ён нежывы.
Але Пэдрыта не памёр, ён сядзеў у сваёй пячоры, нiкому не паказваючыся, бо яму было вельмi сорамна, што яго абскублi як нейкае мышанё. Ён вылазiў толькi ўначы, каб пад'есцi, i тут жа вяртаўся назад. А на досвiтку асцярожна вылазiў зноў i ляцеў паглядзецца ў кухарчынае люстэрка. Але пер'е расло марудна, i гэта кожны раз вельмi яго засмучала.
I вось нарэшце настаў дзень цi вечар, калi ўся сям'я, сабраўшыся за сталом, пiла чай, i раптам усе ўбачылi Пэдрыту. Нiбыта нiчога i не здарылася, той, спакойна перавальваючыся з нагi на нагу, увайшоў у пакой.
– Пэдрыта, папугайчык! – закрычалi яму. – Што з табою здарылася, Пэдрыта?! I якiя блiскучыя ў цябе пёры!
Нiхто не ведаў, што пёры ў Пэдрыты – новыя. А Пэдрыта напусцiў на сябе вельмi сур'ёзны выгляд i не адказваў нi слова. Ён еў намочаны ў чаi з малаком хлеб i ўвесь час маўчаў.
Тым большае было здзiўленне ў гаспадара дома, калi ранкам наступнага дня папугай падляцеў i, безупынна балбочучы, сеў яму на плячо. За дзве хвiлiны ён расказаў гаспадару ўсё, што з iм адбылося: i як ён лятаў у Парагвай, i як сустрэўся з ягуарам, i ўсё астатняе. I ледзь не кожную фразу ён канчаў, напяваючы:
– Нi пёрка ў хвасце ў Пэдрыты! Нi пёрка! Нi пёрка!
А потым ён прапанаваў гаспадару пайсцi ўдвух папаляваць на ягуара.
Гаспадар дома якраз збiраўся ў той час купляць ягуаравую шкуру, якую хацеў павесiць над камiнам. Таму ён вельмi ўзрадаваўся, што зможа займець яе задарма. Ён зайшоў у хату, узяў стрэльбу i разам з Пэдрытам выправiўся ў Парагвай. Яны дамовiлiся, што Пэдрыта, убачыўшы ягуара, адцягне яго ўвагу сваёй балбатнёй, а чалавек тым часам зможа асцярожна падкрасцiся да яго са стрэльбай.
Так яны i зрабiлi. Папугай сеў на галiну на высокiм дрэве i пачаў балбатаць ды балбатаць, паглядаючы па баках, цi не вiдаць дзе ягуара. I вось пачуўся нарэшце трэск разламанага вецця, i пад самым дрэвам папугай раптам убачыў два ўтаропленыя на яго зялёныя агеньчыкi: гэта былi ягуаравы вочы.
Тут папугай закрычаў яшчэ гучней:
– Цудоўны дзянёк!.. Смачная каша!.. Смачны чай з малаком!.. Хочаш чаю?
Ягуар быў страшна раз'юшаны, убачыўшы, што перад iм той самы абскубены папугай, якога ён лiчыў нежывым i якi раптам зноў узяўся аднекуль з такiмi прыгожымi новымi пёрамi. I ён пакляўся, што гэты раз папугай ужо не ўцячэ! Яго вочы заiскрылiся гнеўнымi маланкамi, i ён адказаў хрыплым голасам:
– Па-ды-дзi блi-жэй! Не чу-ю!
Папугай зляцеў нiжэй i зноў закрычаў:
– Смачна, хлеб з малаком! Ён тут пад дрэвам!
Пачуўшы гэтыя словы, ягуар страшна рыкнуў i ўскочыў на лапы.
– З кiм ты га-во-рыш? – прахрыпеў ён. – Ка-му ты ска-заў, што я тут пад дрэ-вам?
– Нiкому, нiкому! – засакатаў папугай. – Дзень добры, Пэдрыта! Лапу, папугайчык!
Не змаўкаючы нi на хвiлiну, ён пераскокваў з галiны на галiну i падсоўваўся ўсё блiжэй да ягуара. А тое, што ён тут пад дрэвам, папугай крыкнуў, каб папярэдзiць чалавека, якi, прыгнуўшыся, цiшком падкрадаўся са стрэльбаю на плячы.
Але ўрэшце папугай ужо не мог болей наблiжацца да ягуара, iначай ён трапiў бы яму ў самую пашчу. I тады ён крыкнуў:
– Смачная каша!.. Увага!
– Яш-чэ блi-жэй! – зароў ягуар i выгнуўся для скачка.
– Смачна, чай з малаком!.. Асцярожна, ён зараз скочыць!
I ягуар сапраўды скочыў. Ён скочыў вельмi высока, але папугай стралой узляцеў у паветра i не даў сябе зачапiць. А ў гэтае самае iмгненне чалавек абапёрся руляю стрэльбы аб дрэва, каб ямчэй было цэлiць, нацiснуў на курок, i дзевяць шрацiнак велiчынёю з гарошыну кожная маланкаю ўпiлiся ў ягуарава сэрца. Ягуар зароў так, што ажно скаланулiся горы, i потым упаў нежывы.
А папугай – як ён крычаў ад радасцi! Ён быў страшна задаволены, што адпомсцiў – дый як адпомсцiў! – ненавiснаму зверу, якi выдраў у яго пер'е.
I чалавек таксама застаўся задаволены, бо забiць ягуара цяжкая справа, дый апроч таго ў яго цяпер была шкура, якую ён мог павесiць над камiнам у сталовай.
Калi яны вярнулiся дадому, усе нарэшце змаглi даведацца, чаму Пэдрыта так доўга хаваўся ў дупле. I ўсе павiншавалi яго з мужным учынкам.
З той пары яны зажылi вельмi шчаслiва. Але папугай не забываў той гiсторыi з ягуарам, i кожны дзень, надвячоркам, прыляцеўшы ў сталовую папiць чаю, ён падыходзiў да ягуаравай шкуры, што вiсела над камiнам, i запрашаў яе да стала.
– Смачная каша! – казаў ён. – Хочаш чаю з малаком?.. Каша для ягуара!..
I ўсе ажно заходзiлiся ад смеху. I Пэдрыта разам з усiмi.
ВАЙНА КАЙМАНАЎ
У адной вельмi вялiкай рацэ, у адным вельмi пустэльным краi, куды нiколi не пранiкаў чалавек, жыло шмат кайманаў. Было iх болей за сто, а мо нават i тысячу. Яны елi рыб, часам падпiльноўвалi жывёл, якiя прыходзiлi да ракi напiцца, але болей iм усё ж падабалiся рыбы. Пасля абеду яны спалi на пясчаным беразе, а ў месяцавыя ночы часам забаўлялiся, бегаючы па вадзе.
Жылi яны спакойна й шчаслiва. Але аднойчы надвячоркам, калi ўсе ўжо спалi на беразе, адзiн кайман нечакана прачнуўся i прыўзняў галаву – яму падалося, што ён пачуў шум. Ён прыслухаўся i напраўду пачуў глыбокi i глухi гук. Тады ён клiкнуў каймана, якi спаў побач.
– Прачнiся! – сказаў ён. – Iдзе небяспека.
– Што такое? – занепакоена спытаўся сусед.
– Не ведаю, – адказаў кайман, якi прачнуўся першы. – Я чую нейкi незразумелы шум.
Другi кайман таксама пачуў шум, i яны зараз жа пабудзiлi астатнiх. Усе перапалохалiся, забегалi, задраўшы хвасты.
Iх неспакой быў недарэмны, бо шум усё мацнеў i мацнеў. I неўзабаве яны ўбачылi ўдалечынi нешта падобнае да воблачка дыму. Адтуль даносiўся гук, быццам нехта вельмi далёка пляскаў па вадзе: "плясь-плясь!"
Кайманы пераглянулiся: што гэта можа быць?
Тады адзiн стары i мудры кайман, – найстарэйшы i наймудрэйшы з усiх, у якога ў роце засталося толькi два цэлыя зубы i якi аднойчы хадзiў у вандроўку аж да самага мора, – раптам сказаў:
– Я ведаю, што гэта! Гэта кiт! Яны вельмi вялiкiя i выпускаюць белую ваду праз нос. А потым вада ападае ў iх ззаду.
Пачуўшы гэта, маленькiя кайманчыкi так перапалохалiся, што ўзнялi страшны лямант i пахавалi галовы ў ваду. Яны крычалi:
– Гэта кiт! Сюды плыве кiт!
Але стары кайман наставiў хвост на блiжэйшага кайманчыка i крыкнуў:
– Не бойцеся! Я ведаю кiта! Ён сам нас баiцца! Яшчэ як баiцца!
Гэтыя словы супакоiлi маленькiх кайманаў. Але неўзабаве яны зноў перапалохалiся, бо шэры дым раптам змянiўся на чорны i плясканне пачулася зусiм блiзка. Перапалоханыя кайманы нырнулi ў раку i высунулi з вады толькi вочы i кончыкi носа. I тут яны ўбачылi, як паўз iх, гучна пляскаючы па вадзе, праплывае нейкая дзiўная, ахутаная дымам аграмадзiна. Гэта быў колавы параход, якi ўпершыню з'явiўся на iхняй рацэ.
Параход праплыў i знiк удалечынi. Кайманы адразу павылазiлi на бераг i былi вельмi незадаволеныя старым кайманам: ён жа iм схлусiў, сказаўшы, што гэта кiт.
– Гэта не кiт! – закрычалi яны старому ў самае вуха, бо кайман быў трошкi глухi. – Але што ж гэта такое?
Тады стары кайман патлумачыў iм, што гэта быў параход, напоўнены агнём, i што ўсе кайманы загiнуць, калi гэты параход пачне плаваць тут увесь час.
Але кайманы толькi пасмяялiся, падумаўшы, што стары, напэўна, здурнеў. З чаго гэта iм памiраць, калi тут пачне хадзiць параход? У старога каймана, вiдаць, проста клёпкi ў галаве не хапае!
Нарэшце, адчуўшы голад, кайманы пачалi лавiць рыб.
Але нiякай рыбы ў рацэ не было: яны не спаймалi нiводнай! Усе рыбы паўцякалi, спалохаўшыся шумнага парахода, i iх зусiм не засталося.
– А што я казаў? – прамовiў стары кайман. – Вось жа, нам цяпер няма чаго есцi. Рыбы паўцякалi. Але пачакаем да заўтрага. Можа, параход болей не вернецца, i рыбы прыплывуць, перастаўшы баяцца.
Але назаўтра яны зноў пачулi шум у вадзе, i параход, нарабiўшы грукату, зноў напускаў столькi дыму, што аж неба ўсё пацямнела.
– Вось дык так, – сказалi кайманы. – Параход прайшоў учора, прайшоў сёння i пройдзе заўтра. I не будзе цяпер нi рыб, нi жывёл, якiя прыходзiлi напiцца вады. Мы памром з голаду! А давайце зробiм плацiну!
– Так, плацiну! Плацiну! – закрычалi ўсе i што было моцы паплылi да берага. – Давайце зробiм плацiну!
I яны зараз жа ўзялiся за працу. Спачатку ўсе рушылi ў лес i павалiлi там ажно дзесяць тысяч дрэваў, а можа, i болей. Пры гэтым яны выбiралi асаблiва такому i кебрач, бо ў гэтых дрэваў вельмi цвёрдая драўнiна. Потым распiлавалi iх – нечым накшталт пiлы, якая расце ў кайманаў па верху хваста, – зацягнулi бярвенне ў ваду i метр за метрам паўбiвалi яго па ўсёй шырынi ракi. Цяпер нiякi параход, нi малы, нi вялiкi, не змог бы праплыць. Кайманы былi ўпэўненыя, што нiхто ўжо болей не напалохае рыб. I тады, вельмi стамiўшыся, яны паляглi на пляжы i заснулi.
А на другi дзень, калi яны яшчэ спалi, здалёк зноў даляцеў шум парахода: "плясь-плясь". Кайманы ўсе, вядома, яго пачулi, але нiводзiн не ўстаў i нават не расплюшчыў вачэй. Што iм да парахода? Няхай сабе шумiць колькi хоча, усё роўна яму не прайсцi.