Текст книги "Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць і творчасць як жыццё (СИ)"
Автор книги: Міхась Тычына
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 4 страниц)
Алесь Адамовіч успамінае, як з калегамі – Я. Брылём, У. Калеснікам, Д. Граніным – запісвалі галасы людзей, якія перажылі хатынскія трагедыі, ленінградскую блакаду, і бясконца здзіўляліся, уражваліся пачутым: ды гэта ж – Дастаеўскі! Пад самай бясхітраснай гісторыяй – раптам новыя веды пра чалавека. І праваднікамі ў тых глыбінях, часам пякельных, былі не Дантэ, не Дастаеўскі, а Тэкля Круглова, Марыя Іванаўна Дзмітрыева... А якія прорвы агаляе сітуацыя, у якой цяпер існуе ўсё чалавецтва – гэта яшчэ адкрываць і адкрываць. Каму, як не літаратуры (поруч з навукай), тут быць «правадыром»!
У сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя А. Адамовіч старанна шукаў кінарэжысёра, які згадзіўся б паставіць кінафільм паводле яго ваеннага сцэнарыя. У 1977 годзе А. Адамовіч пачаў працу над сцэнарыем фільма «Забіце Гітлера» (экранізацыя «Хатынскай аповесці»). Элем Клімаў – аўтар фільма «Агонія». Сцэнарыст А. Адамовіч разам з ім стаў праглядваць дакументальныя стужкі пра беларускія Хатыні. У 1985 г. быў нарэшце завершаны кінафільм «Ідзі і глядзі» – пачатковая яго назва была адменена. Кінафільм атрымаў Гран-пры на Сусветным кінафестывалі ў Маскве (1985) і трыумфальна абышоў экраны замежжа. А. Адамовіч у гэты час шмат ездзіў па свеце, прымаў удзел у рабоце Генеральнай асамблеі ААН у складзе беларускай дэлегацыі, выступаў на многіх міжнародных антываенных, антыядзерных канферэнцыях, даваў шматлікія інтэрв’ю савецкім і замежным журналістам. Публіцыстыка гэтага перыяду сабрана ў яго кнігах «О современной военной прозе» (1981), «Хатынская повесть. О войне и мире» (1982), «Выберы – жыццё!» (1986), «Літаратура пра вайну і праблемы веку» (1986), «Ничего важнее: Современные проблемы военной прозы» (1987), «Дадумваць да канца» (1988).
Акурат у ноч 26 красавіка 1986 года, калі выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС, Адамовіч ляцеў на самалёце на поўдзень, дзе збіраўся правесці адпачынак і падлячыцца ў санаторыі. З першых дзён шукаў магчымасць разбурыць сцяну сакрэтнасці, апытваў ужо добра знаёмым яму метадам «магнітафоннай літаратуры» вучоных, фізікаў-атамшчыкаў, медыкаў, гаспадарнікаў Мінска і Масквы пра магчымыя вынікі катастрофы. Дамогся сустрэчы з Гарбачовым, у выніку якой з’явілася рэальная магчымасць уплываць на ход падзей. У артыкуле «Хатынь, Хірасіма, Чарнобыль...» пісьменнік напісаў: «Не ўсе і да гэтай пары ўсведамляюць, што новы стан у рода чалавечага, новы адлік часу пачаўся з 26 красавіка 1986 года. Да Чарнобыля і пасля Чарнобыля – гэта рознае светаадчуванне, гэта па-новаму небяспечныя шляхі чалавецтва ў будучыню».
Паставіўшы творчасць лепшых беларускіх празаікаў у шырокі кантэкст сусветнай літаратуры, А. Адамовіч пераканаўча прадэманстраваў вялікія мастацкія і філасофскія магчымасці нацыянальнай літаратуры і прыйшоў да лагічнага пытання пра перспектывы эстэтычнага руху.
У гады так званай «галоснасці» А. Адамовіч прыкметна актывізаваў сваю грамадска-палітычную дзейнасць. У яго мастацкіх творах «Апошняя пастараль», «Бывай, хунта», «Венера», «Нямко», «Vixi» ўзрасла доля публіцыстычнасці. У кнігах ён разважаў не толькі пра ўласную творчасць, але і пра ваенную і вясковую прозу, пра народны лёс. «Мне здаецца, – адзначае ён, – мы занадта мала патрабуем ад мастацтва, літаратуры... Пытанне, аднак, у тым, што стаіць за заклікамі нашай крытыкі. Ці таго мы ад літаратуры патрабуем, чакаем, што здольная даць толькі літаратура, толькі мастацтва, або мы жадаем, каб яны выконвалі працу, якую здатныя выконваць (нават лепш) іншыя формы ўздзеяння на грамадскую свядомасць (газетныя, публічныя жанры і да т. п.). Мастацтва – механізм найвышэйшай складанасці, і выкарыстоўваць яго трэба рацыянальна, па прызначэнні... Ці варта мікраскопам забіваць цвікі... Нішто іншае працу мастацтва над душой чалавечай не зробіць. Патрэбна мастацтва, і толькі яно». Менавіта мастацтва ўплывае на пачуцці, адчуванні, на свядомасць і падсвядомасць. Такога ўздзеяння на чалавечую істоту трэба чакаць і патрабаваць ад літаратуры, ад мастацтва...
У А. Адамовіча было шмат шырокіх задум. Сярод іх – аповесці «Чалавек у рэспіратары», «Краіна, якой не шкада», «Апавяданне пра мудрае і клапатлівае кіраўніцтва народа, якога не было», «Аповесць пра тое, як «выжылі» (у справаздачах) пасля Чарнобыля»... Нямала, як для аднаго чалавека, і шмат для пісьменніка-грамадзяніна. А што ж збылося? У небывалай у гісторыі зямлі сітуацыі, калі на карту пастаўлена жыццё чалавецтва, думка А. Адамовіча працавала, як ніколі раней, напружана і мэтанакіравана. Яго маральны імператыў гэтага часу выказаны ў словах: «Дадумваць да канца!», «Калі не мы, то хто ж?», «сыграць ролю бервяна, тарана – прабіць сцяну маўчання», «не аслабляць напору», «звяртацца да пачуццяў людзей». Публіцыстыка А. Адамовіча гэтага перыяду адлюстравана дастаткова поўна ў яго кнігах «Адваяваліся!» (1990), «Мы – шасцідзясятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992). За ўсім, што рабіў А. Адамовіч у 90-я гг. як мастак слова, публіцыст, грамадскі дзеяч, адчуваецца подых гераічнай і трагічнай беларускай гісторыі. Менавіта ў гэты час з’явілася рэальная магчымасць прадухіліць пагрозу трэцяй сусветнай вайны, ядзернага сутыкнення вялікіх дзяржаў. А. Адамовіч быў адным з прадвеснікаў новай эры ў гісторыі чалавецтва, пазначанай збліжэннем («канвергенцыяй») Захаду і Усходу, імкненнем да раззбраення, разуменнем небяспекі экалагічнай катастрофы.
Нягледзячы на самыя змрочныя прадчуванні, Алесь Адамовіч заставаўся аптымістам: што было, тое было, не вернеш назад, жыццё ён пражыў не дарэмна, здолеў нямала добрага і патрэбнага здзейсніць і ў літаратуры, і ў навуцы, і ў грамадскай сферы, а таму была надзея на ўдзячнасць і светлую памяць нашчадкаў. Запамінаюцца іранічна-філасофскія адносіны яго да самога сябе, імкненне падвесці філасофскія вынікі свайго роздуму над агульнымі для ўсіх жывых і сумленных людзей «вечнымі пытаннямі» дабра і зла, любові і нянавісці, жыцця і смерці. Аповесць «Vixi» завяршаецца на аптымістычнай ноце: «Так, жыццё пражыць – не поле перайсці. Як усё проста, але сказана назаўсёды, пра ўсіх. З Вечнасці перабегчы ў Вечнасць. А па шляху – столькі ўсяго».
Жыццё пісьменніка не завяршаецца з яго фізічным сыходам у лепшы свет, а яго мастацкія творы і яго зіхоткая публіцыстыка знаходзіць свой працяг і паглыбленне ў сучаснай рэчаіснасці. Імя і прозвішча Алеся Адамовіча згадваецца пры нагодзе і надзвычай часта. У беларусаў досыць шмат выдатных дзеячаў мінулага, адсутнасць якіх у жыцці іх нашчадкаў адчуваецца вельмі абвострана. І не толькі братоў-беларусаў.
Неўзабаве з Масквы, дзе пісьменнік жыў і тварыў у апошнія гады, дайшла вестка, што выйшаў у свет першы том Збору твораў выдатнага рускага паэта і ўсенародна вядомага барда Уладзіміра Высоцкага. Цікава і сімвалічна, што ў якасці ўступу да гэтага тома выдаўцы змясцілі слова Алеся Адамовіча пра паэта, які выканаў некалькі песень у яго кінафільмах «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой».
Алесь Адамовіч загарэўся прагай пабыць у родных мясцінах. Папрасіў стрыечнага брата Мікалая Тычыну падвезці на машыне ў яго родную Глушу, што непадалёку ад Бабруйска. На глушанскіх могілках пастаяў нейкі час каля магіл родных і блізкіх: бабулі Ефрасінні, бацькі і маці. Паказаў удаве свайго старэйшага брата Яўгена і Мікалаю, «дзе ён хацеў быць пахаваны». Заадно пагадзіўся пад’ехаць за 12 вёрст у пасёлак Завалочыцы, дзе адзінока дажывала свае дні цёця Каця (так ён называў звычайна маці Мікалая). Быў усцешаны, пакаштаваўшы пасля доўгай дарогі баршчу, згатаванага ў вясковай печы. Выйшаўшы на падворак з Мікалаем, азірнуў навокал сядзібу сваякоў, пахваліў гаспадарку «дзядзькі Аляксандра» і, глянуўшы на пабрацейніка, параіў: «Даглядайце і шануйце свой бацькоўскі агарод!»
Вярнуўшыся ў Мінск, незадоўга да ад’езду пабываў у рэдакцыі часопіса «Нёман», перамовіўся з галоўным рэдактарам Анатолем Кудраўцом, здаў у друк падрыхтаваную дакументальную аповесць «Падарожжа з Мінска ў Маскву і назад» (апублікаваную ў жніўні 1994 г.). У апошнюю паездку на цягніку ў сталіцу яго праводзілі сябры Васіль Быкаў, Валянцін Тарас, Уладзімір Бойка, Яўген Коктыш, родныя і блізкія.
26 студзеня А. Адамовіч выступаў у Вярхоўным судзе Расійскай Федэрацыі з прамовай у абарону маёмасных правоў Саюза пісьменнікаў, вярнуўся на сваё месца ў зале, спытаў у суседа, як ён выступіў, супакоіўся, а сусед у гэты момант раптам адчуў, як ён злёгку галавой нахіліўся да яго пляча, – здарыўся другі, пасля ранейшага, апошні інфаркт.
Здаецца нам, што нібыта добра ведаем, як жыў, пра што думаў Алесь Адамовіч, гэты вельмі прыкметны на нашых прасторах чалавек. Сумленна, годна, па праўдзе, пакрысе пазбаўляючыся «самаўпэўненых адносін да быцця». Ён тварыў уласнае жыццё, ведаючы, што такое смерць. Нездарма паўтараў словы акадэміка І. Паўлава, пад дыктоўку якога запісвалася ўсё, што ён адчуваў у час памірання: «Не перашкаджайце! Паўлаў працуе – Паўлаў памірае!» А. Адамовіч цудоўна разумеў, што чалавек як фізічная істота смяротны і што няма на тое нашае волі, нарадзіцца ці не нарадзіцца, памерці ці не памерці. Але дадзена нам воля выбіраць, як жыць, якім зместам напоўніць сваё жыццё, каб фармаваць, ствараць сябе кожным сваім учынкам і паводзінамі.