Текст книги "Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць і творчасць як жыццё (СИ)"
Автор книги: Міхась Тычына
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 4 страниц)
З «Анкетай» А. Адамовіч звярнуўся да пісьменнікаў. Брыль, Быкаў, Лобан, Мележ далі свае адказы, якія шмат у чым супадалі. На пытанне «Якія два-тры пісьменнікі сусветнай літаратуры ідуць з Вамі праз усё творчае жыццё? Чаму?» – адказалі: Янка Брыль: «Талстой і Чэхаў. Глыбіня агульначалавечага зместу і мастацкая дасканаласць. А таксама – што вельмі важна – іх чалавечы воблік»; Іван Мележ: «У розныя перыяды жыцця мне спадарожнічалі розныя і многія пісьменнікі. Я паграшыў бы супраць праўды, калі б выбраў двух-трох... Люблю Бальзака і Купалу, Ражэ Мартэн дзю Г ара і Кузьму Чорнага, Скота Фіцджэральда і Івана Буніна, і Міхайлу Кацюбінскага. Нязменна – Льва Талстога, Міхаіла Шолахава (асабліва «Ціхі Дон»), Аляксандра Фадзеева (асабліва «Разгром»). Схіляюся перад магутным талентам Дастаеўскага. Ганаруся, што карэньчыкі яго – у нашым Палессі»; Васіль Быкаў: «Два-тры – гэта мала. Нават самых лепшых двух-трох недастаткова. Кожны з вялікіх добры па-свойму. У Талстога мяне прыцягвае ўсеабдымнасць і глыбіня жыцця, а таксама чалавечнасць; у Дастаеўскага – яго цікавасць да праклятых бакоў жыцця і да чалавека як біялагічнай істоты; у Чэхава – яго ціхая, сціплая чалавечнасць; у Чорнага – глыбіня і дакладнасць у жывапісанні беларускага мужыка. Хемінгуэй для мяне дарагі перш за ўсё сваёй непрадузятасцю да вайны, якую ён называў вялікім бардаком, і нейкай даверліва-сяброўскай стрыманасцю. Акрамя таго, ёсць сучасныя...»; Мікола Лобан: «Назаву двух: Льва Талстога – найвышэйшае майстэрства ў спалучэнні з вялікай мудрасцю – і Кузьму Чорнага, вялікага майстра паказу душы беларускага селяніна».
Сярод многіх Леў Талстой, яго аўтарытэт, як бачым, прызнаецца і ставіцца асабліва высока беларускімі празаікамі. Робіць свае глыбока прадуманыя высновы і Алесь Адамовіч не толькі як беларускі празік, які пісаў беларускія апавяданні, аповесці, раманы ў большасці сваёй на рускай мове, перакладзеныя на беларускую мову і надрукаваныя амаль адначасова перакладчыкамі ў аўтарскім варыянце, але і як беларускі літаратуразнаўца і літаратурны крытык. «Вартыя высокага прызнання творы, – падводзіў канчатковы вывад А. Адамовіч, – час «суміруе» ў сусветную класіку. Але іншы раз адбываецца большае: «множанне», «узвядзенне ў ступень». Сусветная літаратура не проста павялічылася на Талстога. Яна была «памножана» на Талстога, «узведзена» да Талстога. Эстэтычная «столь» чалавецтва адразу стала іншай...»
Уплыў сусветнай класікі на беларускую прозу сведчыць пра нацыянальную і эстэтычную яе сталасць, яе творчыя магчымасці, моц яе літаратурных традыцый, яе мастацкія кантакты з блізкімі суседнімі і творча сталымі літаратурамі. Сучасная беларуская літаратура, у чым перакананы А. Адамовіч, надзвычай напружаная ў сваіх творчых пошуках: «гэта можна ўявіць як спружыну, адзін канец якой замацаваны недзе «на» фальклоры, «на» народна-паэтычнай традыцыі, а другі імкне за сучаснасцю, за праблемамі, надзеямі і трывогамі сучаснага свету, чалавека. Гэта расцяжэнне не магло б прадаўжацца бясконца, нейкі «канец» абавязкова сарваўся б (і зрываецца ў творчасці менш таленавітых і менш глыбокіх аўтараў), калі б сама глеба народнага жыцця заставался нерухомай, а не ўзнімалася насустрач сучаснасці».
Магчымасці беларускай кампаратывістыкі былі яшчэ раз пацверджаны А. Адамовічам у рамане-даследаванні «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1975), прысвечаным творчасці М. Гарэцкага. Жыццё і творчасць класіка была ўпершыню прадстаўлена тут у поўным сваім аб’ёме. Узаемасувязі і ўзаемадзеянні літаратур цікавілі вучонага пастолькі, паколькі садзейнічалі раскрыццю самага галоўнага – эстэтычнай і нацыянальнай сутнасці беларускай літаратуры, якая жыве і развіваецца не ў моры суб’ектыўных выпадковасцей, а ў напружанай атмасферы агульначалавечых дачыненняў, пошукаў, знаходак і страт. Менавіта ў непасрэднай суаднесенасці са з’явамі сусветнай літаратуры літаратура нацыянальная набывала асаблівы сэнс, станавілася сапраўды жыццёвай і неабходнай. На гэтым ярка асветленым экране сусветнага літаратурнага працэсу наглядна выступалі шматлікія раней не заўважаныя мастацкія каштоўнасці беларускай літаратуры як літаратуры, якая расце, сталее, ідучы па шляху паскоранага творчага развіцця.
Даследаванні Адамовіча-літаратуразнаўцы 70-х гадоў – «Маштабнасць прозы» (1972), «Горизонты белорусской прозы» (Масква, 1974), «Здалёк і зблізку. Беларуская проза на літаратурнай планеце» (1976), «Кузьма Чорный. Уроки творчества» (Масква, 1977), «Лев Толстой и белорусская литература: Война и человек» (1978), «Літаратура, мы і час» (1979) – гэта кнігі-роздумы, кнігі-змаганне, аўтар якіх, выступаючы ў ролі і тэарэтыка, і практыка, знаходзіўся ў самым асяродку грамадскіх і літаратурных дыскусій, характэрных для 70-х гг. Ён – мастак, вучоны, крытык, шукальнік ісціны, і яму сапраўды трэба было ведаць, куды ісці ў сваім пошуку далей (так, «А што там, далей?», называўся адзін з артыкулаў-«прагнозаў» Адамовіча).
Яшчэ ў 60-я гады Алесь Адамовіч актыўна распрацоўваў ідэю пра драматызацыю жанру беларускага рамана і пра тое, што толькі такі раман здольны перадаць сапраўдны маштаб падзей ХХ ст. У 70-я гады ён усё больш настойліва, з уласцівай яму страсцю і паслядоўнасцю, даводзіў калегам-літаратарам неабходнасць мастацка-філасофскага асэнсавання эпохі, пранікнення ў глыбінную сутнасць гісторыі, якая здзяйсняецца на нашых вачах. Як звычайна, сам жа ініцыятар новых падыходаў да паказу жыцця першым і распачынаў ажыццяўляць уласныя праекты.
У нетрах «Хатынскай аповесці» і «Я з вогненнай вёскі...» ужо прысутнічала, нараджалася задума рамана «Карнікі. Радасць нажа, або Жыццеапісанні гіпербарэяў» (1980). «Пасля ўсяго намі пачутага, запісанага, сабранага ў кнізе «Я з вогненнай вёскі... – адзначаў Адамовіч, – нібыта лёгка напісаць яшчэ адну аповесць, раман напісаць. Пра гэта, пра вайну. Толькі навошта? Пасля такіх расказаў, такой праўды! Не хутка адважышся. Аднак тое ж самае, што закрывае шлях, таксама і адкрывае яго – толькі зусім у іншым напрамку... Патрэба зразумець такая ж моцная, як і патрэба даведацца».
Галоўным у новым творы празаіка было пытанне, якое ён неаднаразова чуў у тым ці іншым варыянце ад сваіх апавядальнікаў-відавочцаў хатынскіх трагедый, а менавіта: «Як маглі яны і хто яны, людзі, якія ўсё гэта рабілі?» Раман, як амаль усе мастацкія творы Адамовіча, нараджаўся доўга і цяжка, пра што сведчаць даты напісання: 1970—1980, 1987—1988 гг. У пачатку аўтарскае тлумачэнне: «Гіпербарэі, гіпербарэйцы – у старажытнагрэчаскай міфалогіі – жыхары Крайняй Поўначы (куды не далятае халодны вецер Барэй, на мяжы нашага свету са светам антыподаў), а паводле ўяўлення некаторых антычных аўтараў – гэта народ, які жыў у сярэдзіне першага тысячагоддзя да н. э. на Усходзе, у Азіі».
Раман «Карнікі» пабудаваны на дакументальным матэрыяле, а прозвішчы яго «герояў» (шараговага выканаўцы злачынных загадаў Тупігі, былых афіцэраў савецкай арміі Сурава і Мураўёва, штурмбанфюрэра Дзірлевангера) фігуравалі ў пратаколах суда над нацысцкімі злачынцамі. Сюжэт пабудаваны на аснове «кругоў»-раздзелаў, у кожным з якіх свой галоўны герой, і кожны з гэтых персанажаў раскрывае ў адкрытых і падрабязных «унутраных маналогах», падобных больш на «плынь свядомасці», сябе, сваю патаемную біяграфію, уласныя намеры і планы. Адны і тыя ж падзеі могуць пры гэтым асэнсоўвацца па-рознаму ў залежнасці ад пункту гледжання таго ці іншага антыгероя, якімі яны ўсе сябе ўрэшце дэманструюць, ад Тупігі і да Гітлера.
У тэкст часта ўводзяцца самі дакументы як доказ таго, што ўсё, пра што апавядаецца ў творы, не спараджэнне аўтарскай фантазіі, а самая праўдзівая рэальнасць нашага часу, калі паўсветам камандавалі людзі з крымінальным мінулым, паталагічнымі дэфармацыямі ў псіхіцы. Адсюль – шчодрае цытаванне вядомых выступленняў фашысцкіх верхаводаў, рассакрэчаных матэрыялаў, загадаў, выпісак, даведак і г. д. Пры гэтым двукоссі здымаюцца, бо ў цэнтры ўвагі аўтара ўнутраны маналог персанажаў як самы моцны спосаб выкрыцця, што дазваляе натуральна спалучыць дакументалізм з псіхалагізмам і філасафічнасцю.
Аднак гістарычны факт і дакумент цікавіць празаіка таму, што ў ім яму бачыцца глыбокі філасофскі сэнс падзей. Ён даследуе, як даследуе вучоны-псіхолаг, не толькі працэс унутранага жыцця персанажа, але і матывацыю яго ўчынкаў, якія не паддаюцца разуменню нармальнага чалавека. Мадэрнісцкі прыём паказу «плыні свядомасці» дакладна адпавядае аўтарскай задуме: разгортваючы перад чытачом хаатычную карціну пачуццяў і думак героя, супастаўляючы менталітэт герояў, якія знаходзяцца на розных прыступках сацыяльнай лесвіцы, празаік спрабуе праз псіхалогію людзей раскрыць філасофію эпохі.
Гісторыя таталітарных, некрафільскіх рэжымаў ХХ ст., на думку раманіста, – гэта гісторыя забойстваў, падступства, генацыду і этнацыду, якая, на жаль, мае тэндэнцыю да паўтарэння, калі пра яе не сказана праўда. Хто гэтыя людзі, ініцыятары масавых злачынстваў? Звышлюдзі, якімі яны сябе ахвотна ўяўляюць? Таямнічыя, з глыбінь пячорнага веку, гіпербарэі (так гучала першапачатковая назва твора)? А можа, проста карнікі, як называе іх народ? Людзі, якія прысвоілі сабе функцыю самога Бога караць і мілаваць, судзіць і даваць па заслугах. Гэтыя беспадстаўныя прэтэнзіі карнікаў – ад радавога Тупігі і афіцэра Мураўёва да фюрэра Гітлера – самавыкрываюцца ў маналогах антыгерояў.
Карнікамі, сцвярджае аўтар, не нараджаюцца, а становяцца. І тады самыя малыя дэфармацыі ў псіхіцы і дэфекты выхавання трансфармуюцца ў паталогію. Улада, тым больш улада, нічым не абмежаваная, ператварае такога чалавека ў выканаўцу задум самога д’ябла, у нелюдзя. Погляд на прыроду ўладара, якім ён паўстаў у сярэдзіне ХХ ст., у рамане «Карнікі» вельмі глыбокі і вобразна пераканальны.
Ужо былі апублікаваны чатыры часткі аповесці, калі ўзнікла неабходнасць у пятай, заключнай частцы, якая мае назву «Дублёр». Раздзел пра Сталіна ляжаў з 1979 года, схаваны да лепшых часоў, папрокі чытачоў гучалі для яго як галасы аднадумцаў. У завершаным творы з’явіліся даты: 1970—1980, 1987—1988. Прыблізна тое самае адбываецца і са спробай празаіка растлумачыць унутраныя матывы паводзін «другога дыктатара», унутраны маналог якога прадстаўлены ў апошнім раздзеле аповесці пад шматзначнай назвай «Дублёр»: калі гэта ўвасабленне ўзаемазалежнасці кіраўніка з яго папярэднікамі і паплечнікамі па ўладзе, то што тады такое трагедыя мільёнаў? Што такое наогул у наш час трагедыя як род літаратуры? Падзагаловак пятай часткі аповесці «Сны з адкрытымі вачамі». Менавіта згадкі пра сон (сны) з расплюшчанымі вачыма, ажно на працягу апошніх 15 гадоў, пра якія і ён сам, кіраўнік вялікай дзяржавы, «таварыш Сталін», не кажучы ўжо пра ягоных падначаленых, не адразу здагадаўся. «Памыляецеся, дарагія мае, моцна памыляецеся, калі думаеце, што, калі сплю, – гэта ваш час. Сон – вось мая тайная паліцыя, мой Фушэ. Не падмане і не прадасць. Трэба, дык і пра самога «пракурора» Лаўрэнція ўсё даведаюся. Сноў столькі, сны такія, і думак ад іх столькі, што мог бы працу напісаць, як па мовазнаўстве. І памагатыя, зануды-акадэмікі, мне тут непатрэбныя. У сне чалавек не схлусіць самому сабе. Другім – так, а сабе – толькі праўду: як падумаў, што адчувае – так яно і ёсць, можаш напісаць і ў справу падшыць», – у апошнім сваім сне мроіў пра сваё жыццё Сталін.
Алесь Адамовіч уважліва пераглядвае гісторыю краіны Саветаў за больш як 30 гадоў кіравання Сталіна, у вуснах якога згадваюцца многія вядомыя імёны і прозвішчы, падзеі і перамогі, памылкі і страты: «Чаго, чаго так выюць сабакі, на каго кідаюцца там, каля агароджы? Ды не, усё добра, усё як трэба, як я хачу, перамог таварыш Сталін. Таварыш Сталін заўсёды перамагае, падабаецца вам гэта або не. Тыя кунцаўскія дні, ночы не паўторацца ніколі. Забыць, і каб ніхто не смеў знаць-помніць! Нікога не павінна быць, хто б помніў. Не да таго будзе. Усіх праз чысцілішча, усіх! Я вас асаджу з белага каня! Вы не першыя, і да вас былі “пераможцы”».
Раман «Карнікі» А. Адамовіча не толькі ставіць важнае пытанне, што такое чалавек, які парушае Боскую запаведзь «Не забі!», і дае свае пасільныя адказы, але і выклікае шмат новых пытанняў, на якія чалавецтва пакуль што не можа адказаць і перад якімі яно становіцца ў тупік. Магчыма, адсюль Адамовіч ішоў да свайго славутага закліку: «Дык рабіце звышлітаратуру!» Калі мець на ўвазе не проста публіцыстыку з уласцівымі ёй сродкамі ўздзеяння на чытача, але менавіта мастацкую літаратуру, якая выкарыстоўвае найноўшыя вобразныя тэхналогіі, створаныя ў кінамастацтве, у сучаснай музыцы, заснаванай на дысгармоніі і г. д.
Над пытаннямі жанру і стылю пісьменнік шмат разважаў у літаратуразнаўчых кнігах першай паловы 80-х гадоў, такіх, як «Пра сучасную ваенную прозу» (1981), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Тэорыя літаратуры з дапамогай А. Адамовіча імкнулася не адставаць у сваім развіцці ад мастацкай практыкі, якая ў творчасці самога пісьменніка апошняга яго дзесяцігоддзя здзейсніла рашучы рывок наперад і выйшла на новы віток эстэтычнага руху. Вучоны нагадваў пра гэты перыяд класікі: «Талстоўскі крок», «Неабходнасць Талстога», «Думку вырашыць», «Дадумваць да канца», «Выбух на вяршыні літаратуры», «Як быць геніяльным», «Калі не мы, дык хто?» і інш.
Дакументальная «Блакадная кніга» (1982), матэрыялы для якой А. Адамовіч збіраў разам з рускім празаікам Д. Граніным на працягу некалькіх гадоў, была не толькі працягам калектыўнай кнігі «Я з вогненнай вёскі...», але і выяўленнем далейшага пошуку беларускім пісьменнікам новых шляхоў у літаратуры. У «Запісной кніжцы. 1975» А. Адамовіча некалькі радкоў: «Вось я на Піскароўскім. Усё пад снегам, маўчыць і крычыць. Забуртаваныя мільёны трупаў, забуртаваны горад. Бурты гэтыя яшчэ могуць загаварыць, сказаць патрэбнае людзям, свету – і пра тое, як вайна можа забуртаваць цэлыя краіны і ўсё чалавецтва. Не, нехта павінен гэта зрабіць. Не возьмуцца яны, буду рабіць адзін – два гады, пяць гадоў».
У інтэрв’ю беларускаму альманаху «Братэрства» Алесь Адамовіч адказваў на пытанне: «З чаго пайшла, пачыналася “Блакадная кніга”?»: «Атрымалася неяк само сабой... Былі нейкія нябачныя, але моцныя токі – ад Хатыней да блакадных ленінградскіх трагедый... І не нешта, а менавіта тое, што вайна была на ўсіх адна – Айчынная: што ў Беларусі, што ў Ленінградзе. Акрамя таго, унутраны гул ад доўгай працы над кнігай «Я з вогненнай вёскі...» ўсё яшчэ працягваўся і, магчыма, таксама падштурхоўваў, патрабаваў нейкага працягу...» У памяці пісьменніка было ўсяго некалькі блакадных гісторый, пачутых ад Галіны Максімаўны Гарэцкай, дачкі беларускага класіка Максіма Гарэцкага (у пачатку 70-х гадоў А. Адамовіч часта наведваў яе ў Ленінградзе, каб мець матэрыялы жыцця і творчасці пісьменніка, пра якога ён пісаў вялікую працу «Браму скарбаў сваіх адчыняю...»). Жыццёвыя выпадкі, якія пазней выглядалі як заканамернасці, наладжвалі сувязь з «Блакаднай кнігай».
Алесь Адамовіч асобна вылучыў гісторыі ленінградскай блакады, пачутыя з вуснаў Галіны Максімаўны Гарэцкай:
«Жанчына-маці, каб уратаваць астатніх дзяцей ад блізкай смерці, не заяўляе да канца месяца пра памерлае дзіцятка (хлебныя карткі!), хавае замерзлы трупік у шафу».
«Пункт прыёму дзяцей-сірот, якіх збіралі ў жудасна ціхіх дамах «побытавыя атрады»: прынеслі хлопчыка, санітарка, добрая душа, цалуе галоднае заплаканае дзіця. Аглянулася: усе дзеці выстраіліся ў радочак, каб і іх пацалавала...»
У кнізе «Я з вогненнай вёскі..» у цэнтры ўвагі – лёс вёскі, у «Блакаднай кнізе» – гэта ўжо лёс горада ў тую ж татальную вайну. Дакументальная «Блакадная кніга» была не толькі працягам кнігі «Я з вогненнай вёскі...», але і выяўленнем узбагачэння жанру «магнітафоннай літаратуры». Трагічны лёс беларускай вёскі ў гады вайны, як у люстэрку, адбіваўся ў такім жа трагічным лёсе вялікага горада Ленінграда, асуджанага на галоднае выміранне. Ствараўся, па сутнасці, незнаёмы літаратуры жанр, які А. Адамовіч называў кнігай-араторыяй, сімфоніяй, хорам (як у антычных трагедыях). «У новага жанру, – пісаў ён, – тая перавага, што яму дадзена здабываць глыбінныя пласты, залежы псіхалогіі, праўды народнага жыцця адкрытым спосабам. Само жыццё сучаснае, якое геалагічна зрушылася, выбухнула небывалымі катаклізмамі, калі верхнія пласты сарваныя і агаліліся нетры, падрыхтавала і нарадзіла гэты спосаб, гэты жанр літаратуры». У «Блакаднай кнізе» шмат спроб звычайных людзей спасцігнуць з дапамогай інтэлекту сэнс падзей вайны, адносіцца да ўласнага існавання разумна, востра крытычна ацэньваючы сябе і іншых, разважаючы над тым, што было, што ёсць і што можа быць.
Чым больш А. Адамовіч і Д. Гранін слухалі гараджан, вывучалі дакументы, чыталі дзённікі, тым больш адкрывалася адна з галоўных апораў таго самага «духу леніградцаў». У «Блакаднай кнізе» апублікаваны зімні дзённічак маленькай Тані Савічавай: «Бабушка умерла 25 янв...», «Дядя Алёша 10 мая...», «Мама 13 мая в 7.30 утра...», «Умерли все. Осталась одна Таня». У другой частцы кнігі асаблівае месца займалі «падзённікі» блакадніка Г. Князева і дзённік падлетка Юры Рабінкіна. Адкуль браліся сілы, адкуль узнікала стойкасць, дзе знаходзілі месца вытокі душэўнай моцы? «Перад намі, – пісалі А. Адамовіч і Д. Гранін, – сталі адкрывацца не менш пакутлівыя праблемы і маральнага парадку. Іншыя меркі ўзнікалі для паняцця дабраты, подзвігу, жорсткасці, любові. Найвялікшаму выпрабаванню падвяргаліся адносіны мужа і жонкі, маці і дзяцей, блізкіх, родных, саслужыўцаў. У апавяданнях людзей паўставалі тыя складаныя маральныя задачы, якія даводзілася вырашаць кожнаму чалавеку. Мы ўбачылі незвычайныя прыклады моцы духу, прыклады высакародства, хараства, выканання абавязку, але і – нечуваных пакутаў, мучэнняў, пазбаўленняў, смерцяў... Не заўсёды было ясна – ці прыйшоў час для гэтых апавяданняў такой жорсткай бязлітаснасці? А з другога боку – ці не сышло, ці не запушчаны час і магчымасць расказаць пра гэта так, як гэта было ў жыцці і наяве, так, як гэта помняць толькі самі ленінградцы?..»
У апавяданнях, ва ўспамінах блакаднікаў, якія А. Адамовіч і Д. Гранін запісвалі і пераносілі ў будучую кнігу, захоўвалася шмат дакладных фактаў, становішчаў, дэталяў. У іх нагадвала пра сябе штодзённае жыццё: памяць (асабліва жаночая – удакладняюць аўтары кнігі) учэпіста фіксіравала неверагодную рэальнасць тых дзён і начэй «блакады». Вывучэнне А. Адамовічам і Д. Граніным калектыўнай памяці, запіс «вусных гісторый» адкрываюць шлях для літаратуры, якая намагаецца ўвабраць у сябе ўсё багацце народнага вопыту, набытага на працягу самай страшнай вайны за ўсю гісторыю, спрабуе вобразна асэнсаваць тое, што адбывалася. Так ствараўся новы, невядомы раней жанр літаратуры – мастацкі дакумент, кніга-араторыя, сімфонія, хор (гэтыя і іншыя падобныя па сэнсу назвы жанру згадваліся крытыкай).
У перавыданні «Блакаднай кнігі» А. Адамовіча і Д. Граніна, упершыню апублікаванай у Беларусі на рускай мове выдавецтвам «Мастацкая літаратура» (2015), у прадмове Наталлі Адамовіч прыводзяцца радкі з запісной кніжкі А. Адамовіча ад 12.2.1975 г., калі была завершана праца над кнігай «Я з вогненнай вёскі...» і ўзніклі «нябачныя, але моцныя токі – ад Хатыняў да блакадных ленінградскіх трагедый – і што токі гэтыя, імпульсы, якраз і накіроўвалі думкі і намеры аднаго з аўтараў кнігі пра Хатыні – накіроўвалі на Ленінград».
У гады «перабудовы» і «галоснасці» А. Адамовіч прыкметна актывізаваў сваю грамадскую дзейнасць, у яго мастацкай творчасці павялічылася доля публіцыстычнасці. У пісьме чытача, змешчаным у якасці эпіграфа да артыкула «Час жывы» (у рускім варыянце «Время живое») і апублікаваным у кнізе літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі А. Адамовіча «Выбери жизнь» (1986), прагучала пытанне: «Пасля таго, што напісалі, ці думаеце Вы (або не?), куды ісці далей?»
На першае пытанне: «Тое лепшае, што зроблена савецкай «ваеннай» літаратурай, не толькі наш час, але і будучыня наўрад ці паставіць пад сумненне. Наша вайна, Вялікая Айчынная, была справядлівейшым у гісторыі актам народнай праўды, гуманістычнай неабходнасці, патрыятычным і інтэрнацыянальным доўгам перад усім чалавецтвам, – гэта з выключнай паўнатой і сілай і выявіла савецкая літаратура».
На другое пытанне чытача «куды ісці далей?» А. Адамовіч адказаў так: «Ужо не трэба быць «чулым да свайго часу», каб усведамляць: рабіць трэба нешта большае, чым рабілася, прадпрымалася людзьмі, таму што пагроза ўсім і ўсяму ўсё згушчаецца. І ад літаратуры, і ад сябе ў літаратуры патрабаваць і можна, і варта большага, чым раней, учора».
У артыкуле «Час жывы» А. Адамовіч паспрабаваў глянуць на наш час вачыма жыхароў... чацвёртага тысячагоддзя: «І яны, зазірнуўшы ў старыя, нашага часу, кнігі, здзівяцца: чаму так невыразна пісалі пра галоўнае, пра космас, а другараднае (вайну) адлюстроўвалі ў сапраўдных і нават вялікіх творах? Можа, і не зразумеюць, што праблемы вайны і міру на зыходзе другога тысячагоддзя – гэта і было галоўнае, самае галоўнае. Каб гэта зразумець, ім давядзецца паднатужыцца і адчуць, якая пагроза, рэальная, фізічная пагроза іх будучаму суіснаванню, абазначылася якраз у 70—80-я гады, у канцы другога тысячагоддзя. (У 90-я гады і далей зазіраць, гадаючы, што і як будзе, больш складана, чым за тысячу гадоў наперад, і таму не будзем.)». А. Адамовіч, у адрозненні ад нас, «звычайных», «сучасных» жыхароў канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў, ахвотна зазіраў у далёкую будучыню, якую адчуюць і ацэняць нашы нашчадкі. «А чаму б і не, – з адамовічаўскай усмешкай міжволі ўспрымаем і мы: – у запасе ў чалавецтва, як сцвярджаюць вучоныя, 800 мільёнаў гадоў жыцця, наш біялагічны патэнцыял!»
Менавіта адгэтуль, ад дадзенага нашым пакаленням часу, узнікаюць сучасныя навукова-даследчыя і літаратурна-гуманітарныя клопаты і пытанні. А. Адамовіч уздымае перад вучонымі і пісьменнікамі праблему: «Ці здольная літаратура неяк дзейнасна ўплываць (станоўча, вядома) на крытычны стан свету... Калі гэта так, – а хочацца верыць, што гэта менавіта так, – тады як трэба пісаць, каб наша супрацьдзеянне спаўзанню міру да вайны было максімальна эфектыўным? І як мы не павінны пісаць – гэта таксама немалаважная праблема. На гэта вельмі своечасова ў тэлефільме «Формула гуманізму» завастрыў увагу Васіль Быкаў. Калі пісаць не тое і не так, як патрабуе час наш, які ўсё менш пакідае людзям права на памылкі, на эгаізм, на трусасць, карыслівасць, калі ілгаць у галоўным (а што сёння больш галоўнае за праблемы вайны, міру?), тады не выключана, што мы і наша літаратура будзем не каменем пад спаўзаннем кола, а хутчэй тым алеем, які дурнаватая булгакаўская Анечка разліла пад ногі Берліёзу... Адным словам, зазірнуць бы нам у заўтрашні дзень нашай «ваеннай» (а дакладней, «антываеннай») літаратуры».
Алесь Адамовіч якраз і зазірае ў гэты заўтрашні дзень «антываеннай» літаратуры. Напрыклад, ён заўважае выхад кнігі ў Лондане «Трэцяя сусветная вайна. Гісторыя будучыні» (1978). У аўтарскім спісе – генералы, маршалы, віцэ-адміралы. Сюжэт – сцэнарый «абмежаванай» атамнай вайны. Першы ўдар па Бірмінгему прыпісваецца праціўніку. Ён, вядома, атрымлівае адпаведны ўдар. Дзве падлодкі – амерыканская і англійская – нясуць у сабе міжкантынентальныя балістычныя ракеты стратэгічнага прызначэння, кожная выпускае па дзве ракеты, нацэленыя... на горад Мінск (!). Эфект быў катастрафічным... Вынікі каласальныя... Алесь Адамовіч хутка рэагуе на гэтую вестку, якая, тым не менш, распаўсюдзілася па свеце: «З якім ледзь прыхаваным задавальненнем гэтыя атамныя ідыёты, якія вырашылі паказытаць сабе і іншым нервы, але і супакоіць запалоханых іх бяздумнымі планамі суайчыннікаў, жывапісуючы пачатак усеагульнага ракетна-ядзернага пабоішча, планетарнага самазабойства!»
Дзякаваць Богу! Літаратура, мастацтва, гуманітарныя дысцыпліны распрацавалі разам з народнай творчасцю, перадавой грамадскай свядомасцю – «той кісларод гуманізму, якім мы і сёння дыхаем». Але і літаратура, і мастацтва, нагадвае А. Адамовіч, «хіба не ўнеслі сваю лепту ў тое, каб пад зласлівай фізіяноміяй, пад ваяўнічай каскай Марса заззяў, засвяціўся арэол прыгожага, ваяўнічага, прывабнага. І гэты гістарычны грэх давядзецца выкупляць літаратуры нашага, атамнага часу!.. Дзеля гэтага літаратура павінна адступіцца ад даўняй сваёй звычкі паэтызаваць, кажучы словамі І. Гердэра, «гераічную кроў Каіна»... У кожнага, вядома, свой адказ. У мяне – такі: пісаць вайну вайной, з усёй бязлітаснасцю. Так, не шкадуючы ні сябе, ні іншых, ні на ёту не адступаючы ад жорсткай памяці вайны самога народа пра вайну. У памяці народнай, у памяці тых, хто выпіў усю чашу выпрабаванняў, – сапраўдная мера праўды, маральная мера... Жыццё ёсць жыццё, але трэба ўмець прабіцца да душы, да памяці народнай, каб зачарпнуць саму праўду».
У артыкуле «Overkill. Ці адэкватная рэакцыя?» (англ. Qverkill – шматразовае забойства, звышзабойства) Алесь Адамовіч у самым пачатку спасылаецца на выказванне Дж. Шэла, аўтара кнігі «Лёс зямлі»: «Мы сядзім за сталом, спакойна п’ем каву і чытаем газету, а ў наступнае імгненне можам апынуцца ўнутры вогненнага шара з тэмпературай у дзясяткі тысяч градусаў. Мы ідзём на працу па звыклай нам вуліцы, а праз секунду можам апынуцца на спустошанай раўніне пад пацямнелым небам, шукаючы абгарэлыя парэшткі нашых дзяцей».
Алесь Адамовіч у падтрымку прачытанага згадвае свае адчуванні былога партызана пасля вайны: «Пасля вайны доўга, вельмі доўга жыла ў свядомасці пастаянная прыкідка: вось адсюль зручна – з кулямёта! Або вось так з аўтамата пацягнуць... У каго? Ды ні ў каго. На «другім канцы» нікога і не бачыш, пэўнага, але ўсё роўна спрацоўвае колішняя пастаянная «гатоўнасць» упасці раней, чым па табе пройдзе піла кулямётнай чаргі і тах-тах-тах!.. Увайшло, унедрылася калісьці, на працягу года было «рэфлексам на выжыванне», а потым – цэлыя дзесяцігоддзі – гульня памяці, фантазіі або яшчэ чаго, я не ведаю. І раптам знікла – выцясненне. Мінулае – будучыняй, тое, што сышло, – тым, што чакаецца».
Звяртаючы ўвагу на завяршэнне мінулага стагоддзя і тысячагоддзя і ацэньваючы пачатак цяперашняга стагоддзя і тысячагоддзя, лёгка зняверыцца ў надзеі на чалавечую мараль і ўсеагульную справядлівасць. А. Адамовіч заспеў толькі завяршэнне 1990-х і не дачакаўся двухтысячагоддзя, аднак ён адзін з першых пісьменнікаў і літаратаразнаўцаў звярнуў увагу на тое, што «менавіта сёння катэгорыі маральныя, духоўныя, як ніколі, набываюць палітычную вагу, моц, – калі шырокія масы людзей уключаюцца ў барацьбу супраць агіднай бесчалавечнасці, бяздум’я тых, хто хацеў бы і далей багацець, замацоўваць сваю ўладу праз памнажэнне сродкаў усеагульнай пагібелі. Колішнія летуценнікі аб «вечным міры», якія сучаснікам здаваліся наіўнымі фантазёрамі, утапістамі, сёння па-другому чытаюцца, паўстаюць перад намі... Але сёння менавіта іх уяўленне – духоўна-маральнае, агульначалавечае – важнае, як ніколі, у барацьбе за самае сутнаснае».
Пра асаблівую адказнасць літаратуры пра вайну за стан свету і чалавецтва, пра неабходнасць адносін літаратуры да праблемы вайны і міру, паглыбленне гуманістычнага пачатку і павышэння выхаваўчага ўздзеяння мастацкіх твораў даволі бурна разважалі ўдзельнікі рэспубліканскай навуковай канферэнцыі «Літаратура пра вайну і праблемы веку», праведзенай Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР сумесна з Саюзам пісьменнікаў БССР у красавіку 1983 г. Беларускія і рускія пісьменнікі, літаратуразнаўцы, крытыкі адказвалі на пытанні, якой павінна быць філасофія, этыка і эстэтыка ваеннай літаратуры, якія ўрокі «ваеннай» класікі прымальныя ў новым часе, якой бачыцца беларуская «ваенная» літаратура сярод іншых нацыянальных літаратур, як бы яны паставіліся да пачатку атамнай вайны, да якой заставалася некалькі гадзін...
Алесь Адамовіч, калі яшчэ гучала рэха спрэчак удзельнікаў канферэнцыі, пасля ўсяго сказанага ім у дакладзе «Заглядваючы ў дзень будучы» і заключнага выступлення, распачаў гутарку з мастаком-графікам Уладзімірам Бойкам, таленавітым афарміцелем, інтэрпрэтатарам «ваеннай» літаратуры, аўтарам будучай прадмовы да жыццяпісу пісьменніка. Размова, паводле слоў самога А. Адамовіча, ішла пра хвалюючае пытанне: «Што кожны з нас можа ў цяперашняй сітуацыі? Так, усё зрушылася да самага краю, спаўзае, слізгае, што мы, менавіта мы, што можам зрабіць, тыя ж пісьменнікі, мастакі? Калі ўсур’ёз сувымяраць тое, што адбываецца, мы, удзельнікі, з магчымай «вагой» нашых прафесій? Ці не мае рацыю тут рускі пісьменнік Уладзімір Салаухін, які ў беларускім публіцыстычным тэлефільме «Формула гуманізму» заявіў палемічна, але цалкам прадумана: нас ніхто не пытае і не спытае! Пачыналі вайну Ірак з Іранам – хто пытаў у пісьменнікаў? Або на Блізкім Усходзе. Што тут значыць меркаванне пісьменнікаў, мастакоў? Словы іх на вагах міжнароднай палітыкі не шмат цягнуць. А таму давайце, маўляў, займацца справай, дзе мы нешта можам, значым – на вечнай ніве маральнага ўзнаўлення чалавека. Бо гэтулькі п’яніц, бездухоўнасці – як з гэтым ісці ў будучыню?! Па-свойму гэта пераканаўча... На тое ж п’янства, на тую ж бездухоўнасць і г. д., і г. д., як рэагаваць. А таму (як бы нам гэтага ні хацелася) літаратура не ў стане вылучыць, вычленіць «меншае зло» з агульнага (тэрмаядзернай пагрозы) і змагацца з гэтым больш ці менш паспяхова. Будзе, ёсць у такой спробе, такім падыходзе адпачатковая фальшывасць, трусасць, якая пазбавіць пісьменніцкае слова, пазіцыю мастака маральнай грунтоўнасці. Не, не поруч усё гэта існуе, а ўсё ўнутры самага вялікага зла – тэрмаядзернай пагрозы самому роду чалавечаму!»
У дакладзе «Зазіраючы ў дзень будучы», прачытаным на вышэйзгаданай канферэнцыі, А. Адамовічам выказана думка пра сапраўднае месца літаратуры ў новых умовах. У часы дагістарычныя і ў эпохі цывілізацый, якія змянялі адна другую, чалавеку дапамагаў яго дзівосны розум. «І вось ён, homo sapiens, чалавек разумны, а разам з ім і ўсё, што ён стварыў (або, наадварот, абяскровіў), апынуўся на краі бяздоння. Як гэта здарылася, у яго ж увесь час быў «ліхтар», які разгараўся, свяціў усё ярчэй, – розум, дык чаму, як жа ён, чалавек, выбег на самы край? Што можа даць яму рэальны шанец на выжыванне? Усё тая ж умелая рука і хуткі розум, сучасная наша тэхнічная дасціпнасць і вучонасць? Пры ўсёй тэхнічнай моцы, якая нас нібыта абараняе ад рэальных цяжкасцей існавання, мы, людзі, выяўляецца, як ніколі, безабаронныя перад сілай выпадковасцей. Яны заўсёды віселі і вісяць над чалавекам. Але каб над усім родам чалавечым?!. Чалавек умелы і чалавек разумны – яны свой адрэзак шляху прайшлі. Далей ісці – калі нам гэта дадзена, калі зможам, утрымаемся на ўскрайку – чалавеку не толькі разумнаму, але і гуманнаму. Толькі такі і магчымы ў будучыні».