Текст книги "Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць і творчасць як жыццё (СИ)"
Автор книги: Міхась Тычына
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 4 страниц)
Міхась ТЫЧЫНА
АЛЕСЬ АДАМОВІЧ: ЖЫЦЦЁ ЯК ТВОРЧАСЦЬ І ТВОРЧАСЦЬ ЯК ЖЫЦЦЁ
Калі ХХ стагоддзе завяршылася, многае стала на сваё месца. Аднак цікавасць да постацей першага плана, такіх, як Алесь Адамовіч, не знікае ў новым часе. Па сутнасці, пісьменнік апярэджваў эпоху і бачыў, якой будзе Беларусь неўзабаве. Адна з жыццёвых мараў аб будучыні глыбока нагадвала пра сябе ў неспатольнай празе сустрэць доўгачаканае завяршэнне ХХ стагоддзя і зазірнуць у пачатак ХХІ стагоддзя. Чытачы яго пакалення, пакалення ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інакш ужо і не могуць. Гэта іх жыццё і іх час. Іншая справа – сучасная моладзь, настроеная на крытычнае ўспрыняцце нядаўняга мінулага.
Нягледзячы на агульналітаратурную значнасць пісьменніка Алеся Адамовіча, прыкметнае месца, якое ён займаў пры жыцці, на працягу паўвека будучы на слыху ў сучаснікаў-шасцідзясятнікаў, спрэчка наконт іх спадчыны, жыццёвага і творчага лёсу, месца ў літаратурна-мастацкім працэсе, працягваецца. Мастацкія працы Адамовіча, не зважаючы на досыць вядомыя перашкоды і супрацьдзеянне, друкаваліся амаль адразу пасля іх стварэння. Для яго як празаіка, крытыка, літаратуразнаўцы, кінадраматурга, публіцыста, грамадскага дзеяча было надзвычай важным надрукавацца ў час. Пісанне «ў стол» у спадзяванні на вечнасць пісьменніцкай працы – не ўваходзіла ў разлікі Алеся Адамовіча. Нездарма адна з яго апошніх кніг артыкулаў мела гучную назву «Мы – шасцідзясятнікі», а яе першая глава заклікала «Не перакладваць на плечы патомкаў» думкі і словы пра прыярытэт агульначалавечага над класавым як пункт адліку ўсіх каштоўнасцей, асабліва ў пытаннях вайны і міру.
Алесь Адамовіч, у адрозненні ад большасці нашага пакалення «сямідзясятнікаў», якое, па сутнасці, паступова расплылося ў магутнай хвалі папярэднікаў, з юнацкіх гадоў ведаў, дзе яго апошняе прыстанішча. Ад самога яго (аўтабіяграфічныя творы «Заглядваючы ў сябе», «Дадумваючы дарэшты. Аўтабіяграфія-85», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Vixi» і інш.) вядома ўсё, ці амаль усё, пра бацькоў. Міхаіл Іосіфавіч, бацька Алеся, таленавіты хірург, галоўурач Глушанскай бальніцы, што на Бабруйшчыне, быў вядомы на цэлую акругу – ад Бабруйска да Старых Дарог. «Радыус аўтарытэту сельскага ўрача, – па словах Алеся Адамовіча, – заслужана ахопліваў не толькі пасёлак, але і ўсё ваколле». З студзеня 1940 года знаходзіўся на ваеннай службе. З першых дзён вайны ён – на фронце, быў тэрапеўтам 13-й арміі (камандуючы – М. Пухаў), даслужыўся да падпалкоўніка медыцынскай службы.
Жыў і памёр Міхаіл Іосіфавіч «у дарозе»: выехаў на саўгасным грузавіку да парадзіхі, а ён сапсаваўся, пайшоў пешшу праз начную завіруху ў сваім цяжкім («цесцевым») кажусе, успацеў, прадзьмула, прастудзіўся. Вярнуўся дадому з высокай тэмпературай, страціў мову, анямелі рукі і ногі. Інсульт. Вясковыя і глушанскія цёткі падыходзілі да труны і цалавалі ногі нябожчыку. Уражаны гэтым мясцовы чын, партыйны сакратар, за жалобным сталом сказаў: «Нам ногі цалаваць не будуць». Не важна, як жыў, важна, як памёр. Але і тое, як жыў, – таксама важна. Алеся Адамовіча, уражлівага 22-гадовага студэнта-філолага, нядаўняга падпольшчыка і партызана, які нямала пабачыў ужо на сваім вяку смерцяў, бацькаў скон моцна падкасіў – пасля гэтага паўгода ляжаў у бальніцы.
Галоўная Падзея ў жыцці бацькі – так, з вялікай літары Алесь Адамовіч пісаў пра смерць, бачачы ў гэтым нешта большае, чым звычайная, шараговая з’ява, працэс анігіляцыі фізічнага цела. Ён быў знаёмы з ідэяй, якую найбольш выразна і ўражліва выказаў у свой час рускі паэт Арсеній Таркоўскі, яго былы сусед па інтэрнаце ў Падмаскоўі, дзе пасля пераезду з Мінска ў Маскву нейкі час жыў Алесь Міхайлавіч. Вось гэтыя словы: «На свете смерти нет. / Бессмертны все. Бессмертно всё. Не надо / бояться смерти ни в семнадцать лет, / ни в семьдесят...»
Сказанае паэтам адпавядае высновам вядомых фізікаў. У прыватнасці, акадэміка А. Сахарава, які падзяліўся сваімі думкамі пра смерць у дыялогу з А. Адамовічам і У. Сінельнікавым: закон захавання энергіі дзейнічае ў жывой і нежывой прыродзе. А. Адамовіч верыў у асобу. Энергія, энергетычнае поле сапраўды не знікае, яго прысутнасць у свеце адчуваецца досыць доўга. А вось асоба знікае, фізічнае цела, носьбіт гэтай энергіі як пэўная цэласнасць і адзінства раствараецца ў Сусвеце. Пастаянным клопатам А. Адамовіча як пісьменніка-гуманіста была якраз асоба, чалавек як непаўторная, унікальная з’ява.
Усё гэта дзіўна, бо мільёны і мільёны смерцяў, якія прынесла ХХ стагоддзе некрафільскіх рэжымаў, як бы самі па сабе перакрываюць усякую гаворку пра каштоўнасць жыцця асобнага чалавека. Аднак жа мільёны смерцяў – статыстыка, а смерць аднаго – трагедыя. Тым большая, чым бліжэй гэты чалавек. Як востра перажываў А. Адамовіч адыход у іншасвет бацькі. Калі цяжка і пакутна памірала маці, Ганна Мітрафанаўна, Алеся Міхайлавіча выратаваў толькі шчаслівы выпадак: язва яго страўніка крываточыла якраз тады, калі ён прыйшоў у Лечкамісію наведаць хворую матулю. Смерць увесь час блукала непадалёк, разпораз нагадваючы пра сябе: memento mori! І ў вайну, што натуральна, і ў мірны час, што ўспрымаецца як Божы знак. У творах А. Адамовіча тут і там натыкаешся на згадкі пра гэты самы таямнічы момант чалавечай існасці. Часта ў трэцяй асобе, са спасылкамі на братоў па пяры, давяраючы іх вопыту і аўтарытэту.
У працы пра Якуба Коласа «Паэтычнае вярхоўе беларускай прозы» думкі пра смерць Міхала ўраўнаважваюцца пантэістычнай філасофіяй, такой блізкай менталітэту беларускага селяніна, у вачах якога смерць займае сваё належнае месца ў вечным кругавароце прыроды. Зрэшты, гэта ўяўленне з пэўнымі карэктывамі перайшло і ў хрысціянства, дзе апосталам Паўлам сказана, што зерне павінна памерці, каб затым адрадзіцца, уваскрэснуць у коласе. Якуб Колас да такіх рэчаў не быў абыякавым, пра што сведчыць яго паэма «Новая зямля», глыбока прачытаная А. Адамовічам.
У кнізе «Маштабнасць прозы», прысвечанай жыццю і творчасці Кузьмы Чорнага, сустракаем асобна вылучанае, філасофскае пытанне, заяўленае як праблема: што такое жыццё, калі побач смерць? У класіка адказ наступны: жыццё – гэта вечны рух наперад («Ты вечна ідзі. Бо калі спынішся, то пойдзеш назад і назад»).
У рамане-эсэ «Браму скарбаў сваіх адчыняю», прысвечаным М. Гарэцкаму, гэта ўжо праблема і філасофская, і гістарычная: смерць Марынкі, 17-гадовай сястрычкі братоў М. і Г. Гарэцкіх, пагібель цэлага сялянскага роду, знішчэнне беларускай вёскі, паглынанне сялянскай Атлантыды акіянскай бязмежнасцю Вечнасці. Малое і вялікае ў гэтым свеце звязана адно з адным самымі цеснымі, нават жорсткімі сувязямі: мацярык жыцця змяншаецца з кожнай смерцю – чалавека, нацыі, чалавецтва...
Ва ўласных мастацкіх рэчах А. Адамовіча таксама шмат смерцяў: гераічных, трагічных, выпадковых, гвалтоўных, заўчасных, адзіночных, масавых. У кнізе «Я з вогненнай вёскі...», запісанай калектывам аўтараў – А. Адамовічам, Я. Брылём, У. Калеснікам пад дыктоўку самога народа, перад намі мартыралог беларускіх вёсак, а ў рамане «Карнікі» – гэта ўжо самі носьбіты смерці, яе верныя паслугачы, галоўныя некрафілы ХХ стагоддзя – ад шарагоўца Тупігі і да фюрэра. У пазней напісанай аўтарам пятай частцы рамана перападае дастаткова і Яго Вялікасці «Дублёру».
У гнеўнай публіцыстыцы апошніх гадоў, у антыўтопіі «Апошняя пастараль» апісваецца магчымая пагібель усяго жывога на Зямлі, «тэарэтычная смерць чалавека як віду», пасля чаго Сусвет, які столькі часу адмоўчваецца на нашы марныя просьбы адгукнуцца, змоўкне назаўсёды.
Сам А. Адамовіч свядома, пры поўнай цвярозасці ў развазе, выбраў свабоду «перастаць быць», прыняў непадлеглае абмеркаванню рашэнне «сысці ў небыццё». І як заключны акорд глыбокіх і журботных разваг пра смерць успрымаецца аповесць-тэстамент «Vixi» (Закончаныя главы незавершаная кнігі) з ягонай думкай, перанятай у старажытных: не так важна, як жыў, важна, як памёр. Скон як кропка ў «Кнізе жыцця». Працяг жыцця «ў запаветнай ліры» – гэта ўжо другая частка кнігі.
Пасля смерці А. Адамовіча была апублікавана кніга «...Имя сей звезде Чернобыль» (2006), у якую ўкладальніца, дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, уключыла раздзелы «З запісных кніжак» (1981—1992), пісьмы (В. Быкаву, І. Дзядкову, М. Гарбачову, Я. Веліхаву, Стэнлі Крамеру і інш. – май 1986—1990), артыкулы, выступленні (чэрвень 1986 – 1992), сцэнарый «...Имя сей звезде Чернобыль» і інш. У выступленні А. Адамовіча на VIII з’ездзе пісьменнікаў СССР (1986) прагучала цытата з Евангелля. Іаан Багаслоў патлумачыў значэнне слова «чарнобыль» – «палын»: «10. Трэці анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, палаючы, нібы светач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. 11. Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі». У зале прысутных ахапіў шок.
Прырода сама па сабе не мае аксіялагічнай вартасці, каштоўнасці там і толькі там, дзе ёсць свабода выбару, дзе мы прымаем адказнае рашэнне. Можна, як гавораць палякі, «жыць, жэбы жыць». А можна жыць так, як жыве звычайны лісток на дрэве: убіраць у сябе вуглекіслату, а аддаваць кісларод. Алесь Адамовіч не баяўся дыхаць атрутнай атмасферай эпохі, пранізанай выпарэннямі смерці, бо ведаў, што без кіслароду духоўнасці, які генерыруе літаратура як мастацтва слова, немагчымае існаванне сучаснага чалавецтва. Як сказаў Восіп Мандэльштам: «Паэзію паважаюць толькі ў нас – у нас за яе саджаюць у турму, судзяць, забіваюць!»
Тым часам ад Адамовіча да прабацькі Адама ці не дзясяткі пакаленняў: толькі ад Аўраама да Ісуса Хрыста, як сведчыць евангеліст Мацвей, налічваецца роўна сорак «каленаў» (Аўраам спарадзіў Ісаака; Ісаак спарадзіў Іакава; Іакаў...). Сам Алесь Адамовіч любіў згадваць гэты пералік, вонкава як бы бессэнсоўны, звязаны хутчэй лірычнай інтанацыяй, чым рэальным сюжэтам. Паняцце «сялянскі род», «літаратурная сям’я» вельмі цікавіла Адамовіча; так ён выказваў патаемную мару пра тое, каб узнавіць уласнае радаводнае дрэва, хоць да праблем «крыві і глебы» адносіўся насцярожана, ведаючы, як лёгка яны могуць засланіць нешта больш важнае, вырашальнае ў чалавечых дачыненнях, – духоўнае сваяцтва.
Пра сваю маці Ганну Мітрафанаўну расказаў столькі і гэтак, што пасля яго можна толькі паўтарацца. Пасля публікацыі рамана «Вайна пад стрэхамі» ён прызнаваўся: «Калі мне што і ўдалося ў рамане, дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём». Успаміны Ганны Мітрафанаўны «І так было кожны дзень» (часопіс «Нёман», № 10, 1999 г.) цалкам пацвярджаюць дакладнасць яе слоў. Запіскі, успаміны Ганны Мітрафанаўны Адамовіч пісаліся для Музея Вялікай Айчыннай вайны. Перад аўтарам стаяла простая мэта – расказаць, па магчымасці, падрабязней пра часы падполля і партызанскага змагання, пра людзей, з якімі выпала разам ваяваць. Перанесці на паперу тое, пра што неаднойчы апавядалася і ўспаміналася.
У тым, што задума здзейснілася, несумненная роля самога А. Адамовіча: не так лёгка неспакушанаму ў літаратурнай творчасці чалавеку ўзяцца за пяро і апісаць перажытае ў гады вайны. Менавіта ён цудоўна разумеў агульную значнасць асабіста перажытага вопыту, пераконваў у яго надзвычайнай каштоўнасці. На жаль, паняцце «магнітафонная літаратура», пазней выкарыстанае самім А. Адамовічам, тады яшчэ не існавала! Тым даражэй і больш зразумелым было напісанае нявопытнай рукой. Памяць у маці Алеся Міхайлавіча была выключнай.
«Выявілася, – адзначаў Адамовіч пазней, – што я нават уласную маці пасапраўднаму не ведаў. Любіў – і толькі. А як чалавека пабачыў і зразумеў, калі пачалося жахлівае жыццё». І менавіта вобраз маці мацней за ўсё ўражвае ў яго рамане, таму што ў гады вайны не было нічога больш страшнага, чым твар маці, на вачах у якой забівалі яе дзяцей, або дзеці якой ваявалі, а значыць – таксама забівалі. Гэта адчуванне яскрава выяўлена ў эпіграфе да рамана, у словах, якія набылі агульную вядомасць: «У вайны не жаночае аблічча. Але нішто на гэтай вайне не запаміналася больш, мацней, страшней і прыгажэй, чым абліччы нашых маці».
Асабісты вопыт падлетка-партызана Алеся Адамовіча ўзбагачаецца за кошт «сямейнай» памяці, калі надзвычай уражлівыя падрабязнасці, прозвішчы, даты, месцы баёў, падзеі ўспаміналіся і ўдакладняліся разам з маці Ганнай Мітрафанаўнай яе старшым сынам Жэнем (Яўгенам Міхайлавічам), братам Антонам – Антонам Мітрафанавічам Тычынам, сёстрамі – Соф’яй Мітрафанаўнай Шуст і Зінаідай Мітрафанаўнай Жарыкавай. Акрамя ўсяго, яшчэ былі «атрадныя» ўспаміны, калі на традыцыйных партызанскіх сустрэчах збіраліся разам сябры па змаганні з фашызмам (імёны многіх з іх згадваюцца ў запісках Г. Адамовіч) і сумесна ўзнаўлялі з розных пунктаў погляду аб’ектыўныя малюнкі здзейсненага. Менавіта гэта і выклікае асаблівую зацікаўленасць да ўспамінаў і гісторый.
Спачатку многае здавалася незразумелым, і падзеі разгортваліся не так, як уяўлялася да вайны. Аднак агульная бяда прымусіла глядзець праўдзе ў вочы, паскорыўшы тым самым працэс фармавання асобы. У рабочым пасёлку Глуша, як амаль паўсюль, было сваё падполле, свая «вайна пад стрэхамі», у форме якой выяўлялася народнае супраціўленне акупантам. Бацька Алеся ў гэты час знаходзіўся на фронце, а маці неяк натуральна і проста ўключылася ў змаганне з ворагам, пачаўшы з малога – з дапамогі бежанцам, палонным харчаваннем, медыкаментамі (яна загадвала мясцовай аптэкай). З верасня 1941 года медыкаменты прывозіла з Бабруйска і забяспечвала імі партызан, разам са сваімі дзецьмі выконвала заданні і даручэнні. Відавочна, што высока цаніла арганізатараў падпольнага руху, але было бачна, што хутка спасцігала хады і хітрыкі падазроных асоб, умела ставіць іх на месца. Яе сяброўкі не хавалі свайго ўнутранага захаплення яе неверагоднымі паводзінамі і артыстычнымі жэстамі. Яна выдатна разумела, што такое рызыка ва ўмовах акупацыі і чым усё можа нечакана скончыцца. Яе сыны былі проста ў захапленні ад маці, але не забываліся і пра яе строгасць. Ужо ў пачатку 1942 года Алесь, а яшчэ больш брат Жэня, ведалі, што аптэка працуе на партызан і што «партызанка» была побач, у сям’і. Хаця сам Алесь па маладосці марыў пра «сапраўдных» партызан. Хацелася да герояў.
Зімой 1943 г. сям’я Адамовічаў «пайшла ў лес» («Сыны ідуць у бой»): заставацца навідавоку ў нямецкай камендатуры было ўжо немагчыма. 16-гадовы падлетак, ідучы ў партызаны, замест бохана хлеба, пакладзенага ў торбу маці, узяў з сабою сіненькі томік Пушкіна, так пазначыўшы свае прыярытэты. Вершы класіка зачытваў у час адпачынку партызанам, якія з задавальненнем яго слухалі, крыху пазней ён заўважаў, як з кожным чытаннем меншала лістоў у томіку: з паперай у партызанаў былі праблемы. Спачатку быў у гаспадарчым узводзе, а пазней удзельнічаў у баях у Бабруйскім і Акцябрскім раёнах, у паходах «на жалезку» і іншых ваенных аперацыях, бачыў смерць у твар. Ён, не хаваючыся, зайздросціў свайму старэйшаму брату Яўгену, яго вытрымцы, адвазе...
Усё вышэйсказанае знайшло сваё адлюстраванне не толькі ва ўспамінах калег і сяброў, але і ў пісьменніцкіх задумах Алеся Адамовіча. «Вядома, – пісаў ён у аўтабіяграфіі, – рэальныя партызаны аказаліся зусім не такімі, якімі мне тады ўяўляліся. Горшымі? Не. Лепшымі? Не. Аказаліся жывымі людзьмі, а жывых адным словам не вызначыш. Калі да таго я адкрываў для сябе іншых людзей, дык тут, у партызанах, адкрыў самога сябе, бо страх смерці прасвечвае чалавека да дна – глядзі, які ты, і, калі можаш, старайся рабіцца трохі лепшым».
У канцы 1943 і пачатку 1944 гг. разам з часткай партызанскага атрада Алесь перайшоў лінію фронту і па камандзіроўцы Цэнтральнага штаба партызанскага руху быў накіраваны ў Ленінагорск на Алтаі, дзе ў эвакуацыі жыла з сям’ёй малодшая сястра маці. Вучыўся ў мясцовым горна-металургічным тэхнікуме і адначасова працаваў.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў Алесь Адамовіч вярнуўся ў родную Глушу, здаў экстэрнам экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1950 г., паступіў у аспірантуру, якую завяршыў у 1953 годзе.
У 1948 годзе напісаў першыя радкі рамана «Сыны ідуць у бой». Мусіць, менавіта тады адчуў і абдумаў фрагменты «ўнутранага маналогу» не толькі свайго, але найперш маці, яе боязі за свайго малодшанькага, – так нарадзіўся план яго рамана «Вайна пад стрэхамі», дзе галоўнай гераіняй стала маці – Ганна Міхайлаўна Корзун. У чытача, знаёмага з творчасцю і жыццём пісьменніка, ёсць магчымасць параўнаць дакументальныя ўспаміны і глыбока насычаны аўтарскі, мастацкі тэкст, зрабіць свае прадуманыя высновы. У кожнага спосабу ўзнаўлення перажытай Адамовічам і яго родам жыццёвай рэальнасці і непазбежнасці ёсць свае перавагі і, несумненна, свае недахопы, якія з’яўляюцца абавязковым працягам жыццёвых пераваг.
У 1950 годзе Алесь Адамовіч выступіў у друку як літаратурны крытык. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Менавіта да гэтага часу адносяцца і першыя спробы пяра: даўняе школьнае захапленне вершамі ўжо здавалася маладому пісьменніку несур’ёзным, і ён без асаблівага шкадавання ўспамінаў пра страчаны ў вайну сшытак з уласнымі вершамі. Працаваў над кандыдацкай дысертацыяй па творчасці Кузьмы Чорнага і адначасова крадком пісаў раман пра партызанскую вайну. Прычым пачынаў «з канца», пра што сведчаць даты пад раманам «Вайна пад стрэхамі» (1955—1959) і «Сыны ідуць у бой» (1950, 1960—1963).
Пасля абароны ў 1954 годзе кандыдацкай дысертацыі «Язык романа “Третье поколение” и индивидуальный литературно-художественный стиль Кузьмы Чорного» – напісаў яе за тры летнія месяцы 1953-га, бо ўсе тры гады вучобы ў аспірантуры працаваў над раманам, – стаў выкладчыкам беларускай літаратуры на філалагічным факультэце БДУ, дзе працаваў два гады, а потым перайшоў на працу навуковым супрацоўнікам у Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, дзе працаваў (з перапынкам) тры дзесяцігоддзі (з 1976 года па 1983 – загадчыкам сектара ўзаемасувязей літаратур). Пісаў пра тое, што здавалася актуальным для беларускай літаратуры: станаўленне жанраў беларускай літаратуры; Кузьма Чорны і Фёдар Дастаеўскі; творчасць Максіма Горкага і крытычныя традыцыі; ваенная і вясковая проза на літаратурнай планеце і г.д. Апублікаваныя працы заўсёды выклікалі шырокі грамадскі рэзананс, амаль усе былі перакладзеныя на рускую мову і надрукаваныя ў Маскве.
Вясной 1954 года ў Алеся Адамовіча нарадзілася дачка Наталля. Жонка Вера Сямёнаўна (Мядзведзева), філолаг, бібліятэкар, выкладчык, да апошніх дзён старанна працавала над рукапісамі Алеся Міхайлавіча, пасля сыходу пісьменніка «ў лепшы свет» друкавала на машынцы яго «Дзённікі» розных гадоў (1945—1993, публікацыя В. Адамовіч і Н. Адамовіч-Шувагінай). Апошнія дзённікавыя запісы – частка 1993 года і студзень 1994 – засталіся ў хатнім архіве ў Маскве...
У пасляслоўі «Дороги Алеся Адамовича» да публікацыі ў часопісе «Нёман» яго галоўны рэдактар пісьменнік Анатоль Кудравец пазнаёміў чытачоў са зместам «Запісных кніжак» Адамовіча і з літаратурным партрэтам іх аўтара апошніх гадоў. «Хто быў знаёмы з ім блізка, – пісаў А. Кудравец, – той добра ведаў, які гэта быў маторны чалавек. Ні хвіліны без справы, калі не справа – то ідэі хутчэй заўсёды нечаканай, няхай нерэальнай, але заўсёды выбуховай. Спачатку загараўся сам, а потым і ўсе, хто знаходзіўся побач, і вось ужо выбухнула полымя, ляцяць іскры, вось-вось запалае калі не пажар, то добры касцёр... Азірнуліся: а дзе ж Адамовіч? А Адамовіча ўжо тут няма, ён паімчаўся кудысьці ў пошуках новай ідэі... Партызаншчына была яго натурай, яго стыхіяй. Партызаншчына не ў сэнсе неаб’езджанай вольніцы, а ў сэнсе свабодалюбства і суцэльнай гатоўнасці змагацца за яе... І хапала яе не толькі на яго самога, але і на ўсіх, хто трапляў у прастору яго духоўнага і канкрэтна дзелавога поля. Забягаў у рэдакцыю вырашыць пытанне аб рукапісе сваёй аповесці або рамана, каб праз некалькі хвілін бегчы ў іншае месца, па нейкіх не менш неадкладных, не менш важных клопатах. Дакладней, усе клопаты для яго былі аднолькава важныя – ці то гэта лёс уласнага рукапісу ці чыйсьці яшчэ – былога партызана або пачаткоўца-пісьменніка, ці то выступленне на нейкай навуковай канферэнцыі або дэпутацкім запытанні... »
Што датычыцца «дэпутацкага запыту», А. Кудравец адзначыў асобна: «Гэта Адамовіч «раскруціў» беларускі Чарнобыль, распаведаўшы савецкай і сусветнай грамадскасці пра засакрэчаныя факты радыяцыйнай трагедыі Беларусі, на зямлі якой асела дзве трэці ўсіх смертаносных асадкаў, выкінутых выбухам на Чарнобыльскай АЭС, – пяцьдзясят, шэсцьдзясят, восемдзесят Хірасім?.. Дзве трэці радыёнуклідаў, чацвёртая частка забруджанай тэрыторыі – Гомельшчына, Магілёўшчына, Брэстчына, Міншчына... Плюс кожны пяты «мечаны» – з дзесяці мільёнаў жыхароў Беларусі... Калі б не Адамовіч, магчыма, і сёння мы не ведалі б усёй жахлівай праўды пра ўчарашнія, сённяшнія і заўтрашнія наступствы для здароўя мільёнаў людзей так званага «мірнага атама».
І яшчэ: «Адамовіч спяшаўся жыць, а жыццё яго было – праца. Ён прадчуваў, што не так шмат часу адпушчана яму, а пасля цяжкага інфаркту, які зваліў яго ў Маскве, гэта прадчуванне набыло лёгка прагназаваную незайздросную перспектыву. Але партызан заставаўся партызанам, змяняць у сабе ён нічога не жадаў. Хаця гэта было і не ў яго сіле. Вось такі, пасляінфарктны, Адамовіч і з’явіўся ў часопісе ў пачатку 1994 года».
У аўтабіяграфіі «Заглядваючы ў сябе...» А. Адамовіч пра гэты час пісаў так: «Вельмі хацелася расказаць пра перажытае, бачанае ў час вайны. І чым больш чытаў аб вайне, тым больш верыў, што «маё» яшчэ не расказана... Вельмі ўдзячны лёсу, што не асмеліўся тады напісаць і паспрабаваць надрукаваць нешта закончанае. Сапсаваў бы, мабыць, матэрыял. Перачытваючы тыя запісы, бачу, што «зносіла» мяне моцнымі вятрамі таго часу: не-не ды і пачынаў пісаць не так, «як яно было», а так, «як павінна было быць». І іменна таму, што не адчуваў магчымасці расказаць аб тым, «што ведаю лепш за ўсіх на свеце», і так, «як я хачу» (словы
А. Твардоўскага, якія любіў, «за дакладнасць». – М. Т.), не захапляла мяне цалкам гэта пісанне. Усё неяк прыхапкам...»
З аднаго боку, вострае адчуванне грамадскай патрэбы ў тым, каб расказаць, «як усё было», а з другога – яснае разуменне немагчымасці ажыццявіць задуманае, і не толькі таму, што творчы вопыт яшчэ малаваты, але і таму, што агульны ідэйна-мастацкі ўзровень тагачаснай літаратуры быў невысокі. «Кожны, хто піша, ведае той галоўны штуршок у жыцці, які зрабіў яго літаратарам... Для мяне і многіх маіх аднагодкаў – Айчынная вайна і Дваццаты з’езд. Два штуршкі – два «эпіцэнтры». Без другога і аб вайне расказвалі б мы па-другому. Ці наогул не расказвалі б... Так, мы перажылі ў 1956 г. інтэлектуальную буру, але карэнні нашы ўжо акрэплі, умацаваліся ў час вайны, калі на ўсё жыццё адчуў, што, нягледзячы ні на што, ёсць на свеце рэчы, каштоўнасці, у імя якіх можна ахвяраваць усім».
Алесь Адамовіч з яго тэмпераментам байца і апантанасцю новай ідэяй, імкненнем рабіць усё з поўнай самааддачай, кінуўся ў пачатку 50-х гадоў у крытыку, справядліва лічачы, што вельмі многае, калі не ўсё, вырашаецца ў тэарэтычнай барацьбе з устарэлымі поглядамі на жыццё і літаратуру. Расчышчаючы шлях для іншых і разам з іншымі, пісьменнікамі-«шасцідзясятнікамі», ён тым самым расчышчаў яго і для самога сябе як мастака слова, празаіка, раманіста. «...я кінуўся ў крытыку, увесь, з усімі думкамі і эмоцыямі. І літаратурная крытыка, магу засведчыць, здольна стаць тваёй страсцю, але пакуль ты верыш, што гэта не «бура ў шклянцы вады», а сапраўды грамадская справа. Чым больш я вучыў і павучаў як крытык іншых, тым больш палохаў мяне ўласны твор. Пісаў ужо больш сістэмна і не аб лясных партызанах, а пра тое, як людзі робяца партызанамі, як складана паварочваецца да іх усё, што ўчора здавалася вельмі простым... (Аб партызанах вырашыў напісаць потым)».
Аб’ектам увагі Адамовіча-крытыка былі праблемы раманнага жанру, творчага стылю, мастацкай індывідуальнасці, культуры творчасці, досыць новыя і нязвыклыя ў літаратурнай навуцы пасляваеннага перыяду. З першых публікацый ён ваяваў з вульгарна-сацыялагічнымі шаблонамі, эстэтычнай глухатой крытыкі. Нажыў на крытычным полі нямала ворагаў: на змену «сталінскім кадрам» ішлі маладыя, такія ж абаронцы літаратурнага правінцыялізму, якія для дасягнення «перамогі» не шкадавалі нічога і нікога. Малады крытык з першых сваіх публікацый, сярод якіх вылучаліся артыкулы «Стыль і творчы напрамак», «Вучоба пісьменніка і яго індывідуальнасць», «Грамадскае значэнне літаратуры», «Аб эстэтычнай глухаце ў крытыцы», «Багацце творчых індывідуальнасцей», выявіў шырыню кругагляду, чуласць да праўды, непрыманне вульгарна-сацыялагічных шаблонаў, тонкае адчуванне творчай своеасаблівасці пісьменніка, яго індывідуальнага стылю, уменне ўважліва чытаць мастацкія тэксты і страсць змагара за высокі грамадзянскі і эстэтычны ўзровень беларускай літаратуры. Жыццё можа падарыць пісьменніку сапраўды яркую і значную знаходку толькі ў тым выпадку, калі ён сам ідзе насустрач фактам, калі ён падыходзіць да жыцця з вялікай думкай. Для таго каб заўважыць жыццёвы факт і ўбачыць у ім вялікія эстэтычныя магчымасці, каб перадаць на пісьме гэта сваё першае непасрэднае і шчырае ўражанне, патрэбна не толькі ўчэпістая да падрабязнасцей памяць, але і пэўная светапоглядная сталасць, якая прыходзіць з узростам і вопытам.
Пазней, праз чвэрць ХХ стагоддзя, Алесь Адамовіч вырашыў сабраць свае даўнія і новыя літаратурныя артыкулы ў зборнік «Літаратура, мы і час» (1979) і схамянуўся, бо рука пацягнулася, каб нешта выправіць, палепшыць. Міжволі ўспомніў свой артыкул «Новыя рысы “параўнальнай крытыкі”», у якім дакараў іншых крытыкаў за тое, што запознена перачытвалі свае даўнія і грозныя «опусы», двацацігадовай ці саракагадовай даўнасці, дзе гаварылася пра літаратурныя пагрэшнасці тагачаснымі ахвотнікамі павучаць нашых класікаў Коласа, Чорнага, Гарэцкага, моцна рызыкуючы, яны, спахапіўшыся, павыразалі свае рэцэнзіі і артыкулы са старых падшывак «ЛіМа», «Полымя рэвалюцыі»...
Алесь Адамовіч вырашыў пакінуць усё такім, як было напісана ў свой час, а час гэты – другая палова 50-х і 70-х гг., які, як сведчыць практыка, не мінуў бясследна і застаўся ў гісторыі: «Супярэчлівы ён быў: часта новае віно налівалі ў старыя мяхі. Але гэта таксама былі адзнакі часу, і не будзем іх сціраць». І далей старазапаветнае: «Судзі, але і самога судзіць будуць». І сучаснае: «Час, ён над усімі суддзя. Вышэйшы... Для многіх крытыкаў было сапраўды адкрыццём, што калі ты пішаш пра другіх, тым самым ты і аб сабе пішаш. І нішто не прападае бясследна ў гісторыі – ні добрае, ні дрэннае. У гісторыі крытыкі таксама».
У навукова-тэарэтычным артыкуле «Стыль і творчы напрамак» («ЛіМ», 1955, 21 мая) А. Адамовіч звяртае ўвагу тагачасных празаікаў на недастатковую запатрабаванасць такіх літаратурных паняццяў, як «стыль», «майстэрства», «тэмбр»: «Не стае многім філасофска-эстэтычнага пранікнення ў з’явы літаратуры, абагульнення, сінтэзу. Характарыстыка стылю мастака слова звычайна зводзіцца да канстатацыі і пераліку асобных мастацкіх сродкаў і прыёмаў... Гаварыць аб майстэрстве і не гаварыць аб стылі – на першы погляд гэта здаецца нават немагчымым. Быццам майстэрства не заўсёды індывідуальнае, своеасаблівае. А між тым, працы, дзе гаворыцца аб майстэрстве без усялякай спробы раскрыць яго непаўторнасць, своеасаблівасць, сустракаюцца ў нас нярэдка».
На матэрыяле творчасці класікаў беларускай прозы Я. Коласа, З. Бядулі, К. Чорнага аўтар артыкула выразна дэманструе неабходнасць вывучэння менавіта іх стылю – і гэта не толькі асобная праблема нацыянальнага літаратуразнаўства, але і задача агульнага павышэння прафесійнага ўзроўню літаратуразнаўчага аналізу. За ўзор А. Адамовіч бярэ лекцыі па рускай літаратуры М. Горкага, у якіх «кожная літаратурная з’ява стаіць у сістэме іншых гісторыка-літаратурных фактаў, як звяно ў ланцугу, і характарыстыка, ацэнка кожнай з гэтых з’яў вынікае з самога месца яе ў адзінай гісторыка-літаратурнай сістэме». У выніку М. Горкі «выдатна выявіў непаўторнасць мастацкай індывідуальнасці, мастацкага мыслення кожнага значнага пісьменніка, творчасць іх атрымала сваю філасофска-эстэтычную характарыстыку і ацэнку».
У артыкуле «Вывучаць літаратурную спадчыну», прысвечаным выхаду ў свет Збору твораў К. Чорнага ў 6 тамах («ЛіМ», 1955, 15 кастрычніка), А. Адамовіч адзначае галоўнае дасягненне гэтай літаратурнай падзеі: «Упершыню, па сутнасці, наш чытач можа атрымаць уяўленне аб багатай і шматжанравай спадчыне выдатнага беларускага празаіка... Адна страсная думка аб чалавеку працы, рукамі якога створана ўсё самае каштоўнае на зямлі, праходзіць праз усе гэтыя творы. Творчасць К. Чорнага гуманістычная ў поўным сэнсе гэтага слова. Яна прасякнута любоўю да чалавека, увагай да яго духоўнага свету. Праз усё жыццё пісьменнік пранёс душэўную цеплыню, якую абуджалі ў ім людзі. Самі творы сведчаць аб выключнай «памяці сэрца» гэтага пісьменніка».
У артыкуле справядліва тлумачыцца, што наўрад ці многае можна зразумець у творчасці Кузьмы Чорнага 20-х гадоў, калі прывязваць яго імя да імён некалькіх удзельнікаў «Узвышша», забываючы пра трагічны лёс многіх удзельнікаў гэтага аб’яднання, пра што і сам А. Адамовіч не ўсё ведаў у 50-я гады. Прынамсі, гэта адчуваецца пазней у манаграфіі «Шлях да майстэрства. Станаўленне мастацкага стылю К. Чорнага» (1958), і ў больш позняй навуковай працы «Маштабнасць прозы. Урокі творчасці К. Чорнага» (1972). Вось яго словы самаапраўдання і ўдакладнення зменаў: «Дык які ён, К. Чорны 20-х гадоў, калі глядзець на яго з вышыні 50-гадовага вопыту беларускай савецкай прозы? Трохі багацейшы, чым нам здавалася. Настолькі багацейшы, што 30—40-я гады нават не ўвабралі ўсяго таго бурнага патоку, імя якому – Кузьма Чорны 20-х гадоў, і паток гэты падземнай ракой прама выйшаў у 60-я гады, вельмі ўзняўшы ўзровень сучаснай маладой прозы». Менавіта ў кнізе «Маштабнасць прозы» А. Адамовіч, вяртаючыся да ранейшых артыкулаў і дысертацыйных раздзелаў, шмат у чым па-новаму пераглядае змест рамана Кузьмы Чорнага «Сястра», які пасля публікацыі 1927 г. не друкаваўся ажно да Збору твораў празаіка ў 8 тамах (1972—1975).
Жыццё само па сабе звяртае ўвагу цікаўнага чалавека на нечаканую знаходку, тым больш, калі размова закранае таленавітага шукальніка новых адкрыццяў. А. Адамовіч лічыў, што «жыццё можа падарыць пісьменніку сапраўды яркую і значную знаходку толькі ў тым выпадку, калі ён сам ідзе насустрач фактам, калі ён падыходзіць да жыцця з вялікай думкай». Каб заўважыць жыццёвы факт і ўбачыць у ім вялікія эстэтычныя магчымасці і для таго, каб перадаць на пісьме гэта сваё першае непасрэднае і шчырае ўражанне, патрэбна не толькі ўчэпістая да падрабязнасцей памяць, але і пэўная светапоглядная сталасць, якая прыходзіць з узростам і вопытам.