355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхась Тычына » Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць і творчасць як жыццё (СИ) » Текст книги (страница 2)
Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць і творчасць як жыццё (СИ)
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 09:30

Текст книги "Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць і творчасць як жыццё (СИ)"


Автор книги: Міхась Тычына



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)

Спрыяльная грамадская атмасфера, якая склалася ў сярэдзіне 50—60-х гадоў у краіне, у значнай ступені паскарала гэтыя працэсы творчага ўзмужнення, надавала творчаму пошуку крылы, і пакаленне Адамовіча ахвотна і паспяхова выкарыстоўвала гэтую акалічнасць. Сам час, калі павялічыўся попыт на жыццёвую праўду, уздымаў тагачасных паэтаў і празаікаў на вышыню, з якой добра бачылася мастацкая значнасць пройдзенага жыццёвага шляху, адбываўся стыхійны адбор галоўнага і другараднага і адначасова свядомае творчае асэнсаванне мінулага. «Пісьменніку, – рабіў вывад Адамовіч, – мала звычайнай памяці назіральніка, яму патрэбна яшчэ і вялікая «памяць сэрца», а яе не бывае ў таго, хто толькі «вывучае жыццё», але не жыве адным жыццём з народам».

Час «адлігі» ў краіне адпавядаў маладосці «шасцідзясятнікаў», сярод якіх вылучаліся Максім Танк, Янка Брыль, Пімен Панчанка, Іван Шамякін. Алесь Адамовіч у параўнанні з імі наогул выглядаў маладым, яму ў тыя гады было нават не трыццаць. Ён любіў падарожнічаць: разам з паэтам і перакладчыкам

Н. Кіслікам прайшоў па Волзе «ад вытокаў і да вусця», па шляхах свайго папярэдніка М. Горкага. Летам 1956-га, у 1959 і 1960 гг. удзельнічаў у паездках «вакол Еўропы» і «па Дунаі» – першых пасля «культу асобы» калектыўных вандроўках беларускіх пісьменнікаў за мяжу, пра што шмат згадак у іх успамінах. Так выявіла сябе агульная для таго перыяду тэндэнцыя да «адкрыцця рэчаіснасці» ва ўсёй яе жыццёвай шматстайнасці, да пашырэння інфармацыйнага поля, а ў самога Адамовіча яшчэ і імкненне максімальна выкарыстаць час, адпушчаны лёсам для таго, каб «даследаваць і выпрабаваць мудрасцю ўсё, што робіцца пад небам» (Адамовіч любіў Кнігу Эклезіяста, з якой узятыя гэтыя словы). Яго жыццё, па сутнасці, прайшло ў бясконцых паездках, падарожжах, экскурсіях па прасторах былога Савецкага Саюза, а пазней і па ўсіх кантынентах.

У 1958 г. з друку выйшла першая кніга А. Адамовіча, літаратуразнаўчае даследаванне «Шлях да майстэрства», у аснову якога легла вывучэнне працэсу станаўлення мастацкага стылю Кузьмы Чорнага. У 1959 г. пабачыў свет зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Культура творчасці». У 1961 г. была надрукавана навуковая манаграфія «Беларускі раман», на аснове якой аўтар праз год абараніў доктарскую дысертацыю (абарона адбывалася ў Кіеве, у Інстытуце літаратуры імя Т. Р. Шаўчэнкі АН УССР, – у Мінску «ўплывовыя» літаратары «гразіліся» не дапусціць абароны. Так пачалося «выцясненне» А. Адамовіча за межы Беларусі). Гэтыя кнігі мелі шмат зычлівых водгукаў у друку і занялі сваё месца ў гісторыі змагання беларускіх літаратуразнаўцаў з вульгарна-сацыялагічнымі стэрэатыпамі і дагматычным мысленнем (навуковая манаграфія «Становление жанра: Белорусский роман» была перакладзена на рускую мову і надрукавана ў Маскве ў 1964 г.).

Сам А. Адамовіч у шэрагу навукова-тэарэтычных артыкулаў шматразова падкрэсліваў выключнае значэнне беларускага творчага руху, які выяўляў сябе ў вучобе пісьменніка ў класікаў, у неабходнасці вялікага пачуцця грамадскага абавязку перад народам, у ролі літаратурнай крытыкі і акадэмічнай навукі ў развіцці эстэтычнага густу, адчуванні хараства літаратурнага твора, вымярэнні мастацкай глыбіні, ідэйна-мастацкіх вартасцей літаратуры, у багацці творчых індывідуальнасцей.

У 1961 г. доктар філалагічных навук А. Адамовіч нечакана для многіх замест працы ў літаратуры стаў слухачом Вышэйшых сцэнарных курсаў у Маскве. Адначасова ён ставіў разам з кінарэжысёрам В. Туравым двухсерыйны фільм паводле раманаў «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Аўтар і выканаўца песень – У. Высоцкі. Выкладаў два гады беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.

У 1966 г. апублікаваў аповесць «Вікторыя» (у часопісным варыянце «Асія», на рускай і беларускай мовах, перакладчык на беларускую – М. Стральцоў), дзе зрабіў спробу выйсці за межы аўтабіяграфізму і стварыць вобраз інтэлектуала«шасцідзясятніка», які змагаецца з неасталіністамі за сцвярджэнне дэмакратычных ідэалаў у грамадстве.

У гэты ж час ён адмовіўся падпісаць ліст з асуджэннем А. Сіняўскага і Ю. Даніэля, маскоўскіх літаратараў-дысідэнтаў, якіх судзілі за «антысавецкую дзейнасць». У выніку быў вымушаны пакінуць Маскву і вярнуцца ў Мінск, дзе меў «пастаянную прапіску». З дапамогай народнага пісьменніка А. Макаёнка з цяжкасцю ўладкаваўся на працу ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР старшым навуковым супрацоўнікам.

Прымаў актыўны ўдзел у працы «рэфарматарскага» V з’езда Саюза пісьменнікаў БССР, дзе адбылося драматычнае сутыкненне «шасцідзясятнікаў» з «неасталіністамі», якое завяршылася пераабраннем старшыні і сакратарыяту тагачаснага праўлення Саюза пісьменнікаў.

У 1968 г. па сцэнарыі А. Адамовіча кінарэжысёр І. Калоўскі паставіў дакументальны фільм «Хатынь, 4 кіламетры», з якога пачаўся новы этап у падыходзе пісьменніка да ваеннай тэмы: на змену «гераізацыі» прыйшла «трагедыйнасць» у паказе мінулага.

Паводле яго ўласнага вызначэння, «вярнуўся смак да паўнаважкага слова, але не ранейшага, лішне кампанейскага, акружанага шумным, жывапісным і неабавязковым натоўпам сяброў-слоў, а да слова-ўчынку, слова-дзеяння». Менавіта такой мовай пісалася аповесць «Апошні адпачынак», апублікаваная ў часопісе «Дружба народаў» (1969). Яна сведчыла пра тое, што празаік знаходзіўся ў творчым пошуку. Гэтым тлумачыцца яго зварот да сучаснай тэмы, да праблем асабістага жыцця персанажаў і адначасова агульначалавечых калізій ХХ ст., сярод якіх асаблівае месца займае пагроза смяротнай хваробы – раку.

У перапісцы А. Адамовіча з В. Быкавым у 60-я гады – лісты штораз прыходзілі ад аднаго да другога з розных мясцін: кожны з іх звычайна знаходзіўся там, дзе іх спасцігала чарговая справа, – Мінск, Гродна, Масква, Ленінград, Ялта, Кактэбель... Часцей за ўсё перапіска нагадвала паштовыя тэлеграмы, дзе пераважаў гумар. Куды радзей дасылаліся досыць шматслоўныя і надзвычай глыбокія і сур’ёзныя тэксты і развагі, калі ўзнікала нечаканая праблема ў гутарцы пра тэрмінова прачытаныя новыя творы, якія вымагалі то ў аднаго, то ў другога пільную патрэбу выказацца, у асобных дадатках згадваліся найбольш яркія імёны і літаратурна-творчыя праблемы. Часцей за ўсё ёмістыя гутаркі адбываліся ў час сяброўскага наведвання адзін аднаго, у пераважнай большасці гэта былі сямейныя пасядзелкі, якія вымагалі часу...

Як, напрыклад, сустрэчы-гутаркі Алеся Адамовіча з Васілём Быкавым, якія запісваліся на магнітафон. Адбылося тры сустрэчы: першая ў кватэры Быкавых, другая і трэцяя – у Адамовічаў. Алесь Адамовіч – аўтар-склад альнік двух альбомаў-даведнікаў «Сказ пра Івана Мележа» (1984) і «Васіль Быкаў» (1986). У размовах з Мележам пераважалі выказванні вядомых і блізкіх яму пісьменнікаў Васіля Віткі, Веры Палтаран, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Алены Васілевіч, Ніла Гілевіча, сямейнікаў, блізкіх... У сустрэчах і гутарках з Васілём Быкавым ён звычайна задаваў кароткія пытанні, часам удакладаненні, на якія суразмоўца грунтоўна адказваў...

Вось асобныя ўрыўкі з пісьма В. Быкава ад 29.9.1968 года (напісаныя на рускай мове, як і папярэднія, – у аўтарскім перакладзе на беларускую): «Цяпер пра твае зусім неабгрунтаваныя стогны адносна самога сябе. Чаго табе не стае – гэтага я не разумею і не згаджаюся з табой зусім. Ты, як ніхто іншы з мне вядомых, моцны менавіта рэчыўнасцю, псіхалагічнай выразнасцю, дакладнасцю, глыбінёй характарыстык. Я дасюль помню многія твае сцэны, эпізоды, розныя дробязі, дэталі, якіх і ў рамане, і ў аповесцях цьма і якія мяне проста ўражвалі пры чытанні. Акрамя таго, колькі там думак – кароткіх, сціслых, значных для нашага часу! Іншая справа, што ў аповесцях ты бярэш некалькі камерных, інтымных тэм (як і ў «Вікторыі»), але і за гэтай інтымнасцю хаваецца вялікая грамадская праблематычнасць. Зноў жа нават і там ты, калі ўжо прарываешся ў мінулае, дык гэта прарыў на мяжы шэдэўра (у той жа «Вікторыі»). Саша, я табе не дагаджаю, яй богу, няма ў гэтым патрэбы, але я хачу, каб ты цалкам выкінуў з галавы ўсякае дурное самаедства і ведаў, што талент твой сапраўдны, вялікі і ў той жа час тонкі, а галоўнае, дужа разумны, чаго ў нас, у Беларусі, не хапае многім (м. б., за выключэннем Брыля). І ўсё, табой апісанае, цудоўнае: і раманы, і аповесці, і калі нечага ў іх не ацанілі па вартасці, то ў гэтым тваёй віны няма, а пракляцце нашага халопскага часу. Мабыць, ты пайшоў наперад і далей, і яшчэ не надышоў твой час. А потым ты ж ведаеш, што папулярнасць, шумны поспех – зусім не паказчык вартасці пісьменніка. Шамякін, вядома, папулярней за цябе, ды і Брыля, але хіба гэта што-небудзь азначае? Мне асабіста хочацца, каб ты пісаў больш (у гэтай сувязі я не магу адобрыць тваёй сувязі-валакіты з кіно /здымкі фільма з В. Туравым/ <...>). Не ведаю як хто, я ж проста адчуваю ў сучаснай нашай літаратуры тваю даўгаватую адсутнасць, таму, мусіць, што тваё месца няма каму заняць, акрамя цябе. Упэўнены, што напісанае табой будзе гэтак жа выдатна, як і ранейшае. І няхай цябе не бянтэжаць розныя развагі, у тым ліку і пэўныя адносіны да тваіх рэчаў «Нового мира». Я думаю, што прычынай таму выключна тэматыка тваіх рэчаў (аповесцей), якая, м. б., не зусім кладзецца на душу ў многім кансерватыўнага і суб’ектыўнага А. Тв. Тое ж атрымалася і з бондараўскімі «Родственниками» і нават з бакланаўскім «Июнем 41». Па-мойму, усякаму відавочна, што пазіцыя «Н. М.» у гэтым пытанні – яго крайнасць і агранічанасць. А потым, ці варта шкадаваць па «Н. М.», які вольна ці нявольна, але ўмее нявечыць і ламаць творы, якія ў ім друкуюцца, не горш, калі не лепш за многія другія часопісы. Як гэта яны зрабілі з маёй аповесцю, у сэнсе якой не могуць разабрацца цяпер нават выдатныя пісьменнікі-франтавікі, як, напрыклад, А. Астаф’еў. Але што ж, хто застрахаваны ад няўдачы? Што ж датычыца мяне, то я імкнуся, калі пішу, толькі данесці ў магчымай для мяне эстэтычнай ступені маю думку, ідэю, зусім не клапоцячыся пра тое, як гэта будзе расцэнена. Адзінае, чаго мне хочацца, – гэта быць надрукаваным, без чаго, як вядома, літаратурны факт не можа лічыцца як той, што адбыўся. Але і гэта з кожным годам становіцца ўсё больш цяжкой справай. Мабыць, прыйдзе (калі ўжо не прыйшоў) час пісаць у стол, працаваць на заўтра. А там будзе відаць. Але ж мы беларусы, а значыць, баягузы і лянівыя, да таго ж самалюбныя – нам падавай канчатковы вынік. У гэтым, каюся, грэшны і я. У стале пуста. Дык вось, Саша, я яшчэ раз хачу прасіць цябе: не смей і думаць нават, што табе чаго-небудзь не хапае – у цябе даволі ўсяго. Ты – сумленны глыбокі мысляр, ты – выдатны мастак. МАСТАК, ты чуеш гэта? Хіба гэтага мала для аднаго чалавека ў наш бяздумны меркантыльны век? І ўсім гэтым пазначаны ўсе твае творы – павер, з боку гэта выдатна бачна. Няхай яны, м. б., не ў традыцыях беларускай прозы, ну і што ж? Затое цалкам у традыцыях сучаснай сусветнай прозы, і цалкам на еўрапейскім узроўні. І не лічы, калі ласка, што ў цябе горш, чым у Друцэ (я ведаю, ты яго вельмі высока цэніш, ён заслугоўвае гэтага, але для мяне зусім ясна, што ты ў такім выпадку заслугоўваеш яшчэ большага). Проста вы розныя, у вас розны матэрыял, і згадзіся, што працаваць на традыцыйным для літаратуры матэрыяле сялянскай вёскі непараўнальна лягчэй, чым, напрыклад, на матэрыяле сучаснай моладзі. Таму там суцэльныя поспехі ў плыні многіх дзесяцігоддзяў на ўсім гэтым фронце: ад Лупсякова да

Мележа – паўсюль удачы ў паказе і выяўленні мужыка-недацёпы і кулака-заграбальніка. Але дзе інтэлектуальны раман, які даўно ўжо квітнее на Захадзе? Яго няма ў нас, і пачынаеш яго некаторым чынам ты. Вядома, гэта цяжка, але, відно, што неабходна. У гэтым заўтра ўсякай літаратуры, у т. л. і беларускай. Сартр казаў, я сам чуў, што экзістэнцыялізм – тое самае значнае, што ўзбройвае літаратуру будучыні. Табе ён бліжэй, чым каму б тое ні было ў нас. Прабач, калі ласка, за такія непатрэбныя, м. б., для цябе павучанні, проста мяне закранула адна твая фраза ў пісьме, і я вырашыў таму выказацца. І яшчэ хачу дадаць да гэтага, што я даўно і вельмі паверыў у цябе і таму не пацярплю, калі хто-небудзь, хаця б і ты сам, будзеш раскалыхваць ва мне гэтую веру».

Паралельна з працай над мастацкімі творамі А. Адамовіч актыўна даследаваў актуальныя праблемы беларускай літаратурнай навукі. Тут ён выходзіў, разам з іншымі калегамі па цэху, да новага, больш глыбокага разумення прыроды мастацкай творчасці, сцвярджаў, у прыватнасці, вялікія магчымасці параўнальнагістарычнага і тыпалагічнага метадаў. Навукова-даследчыя кнігі Алеся Адамовіча мелі шмат зычлівых водгукаў у друку і занялі сваё месца ў гісторыі змагання беларускіх літаратуразнаўцаў з вульгарна-сацыялагічнымі стэрэатыпамі і дагматычным мысленнем.

У выніку ў часопісе «Полымя» з’явілася серыя літаратуразнаўчых артыкулаў А. Адамовіча пад агульнай назвай «Шырыня пісьменніцкага свету», якія пазней выйшлі ў свет асобным выданнем пад назвай «Маштабнасць прозы: Урокі творчасці Кузьмы Чорнага» (1972). Публікацыя выклікала негатыўную рэакцыю з боку «артадаксальнага марксіста» А. Карлюка, які ацаніў спробу даследчыка паставіць творчасць Чорнага ў кантэкст сусветнай літаратуры, супаставіць яе з ідэйнымі пошукамі Ф. Дастаеўскага, А. Камю, Ж.-П. Сартра як саступку «ідэалагічнаму праціўніку». Аўтар публікацыі нават не палічыў патрэбным дачакацца, калі будзе надрукаваны заключны раздзел серыі артыкулаў А. Адамовіча пад назвай «Праблема: Кузьма Чорны і Дастаеўскі», дзе вырашалася менавіта праблема экзістэнцыялізму, які прафесар А. Карлюк залічыў да «субъективно-идеалистической философии», у якой «на все лады варьируется одна и та же тема: «личность и ситуация». Отношение критика А. Адамовича к этой философии и выражающей ее идее литературе вызывает по меньшей мере удивление».

«Удивление» А. Адамовіча, які аператыўна напісаў «Адказ прафесару К.», выклікала, што філосафу і ў галаву не прыходзіла, што, «каб мець маральнае права ўмяшацца ў канкрэтную навуку, абавязаны ўсур’ёз углыбіцца ў яе факты, праблемы, унутраныя законы, павінен валодаць не толькі «баявітасцю», «кусучасцю», але і канкрэтнымі ведамі. Зусім у духу таго часу сабе яны пакідалі права прыдумваць любыя абвінавачванні, паколькі даказваць, прыводзіць факты і г. д. – гэта ўжо прывілея (калі яму пажадана) таго, на кім спыніўся строгі позірк такога «філосафа». Дзякуй богу, за апошнія гады з’явіліся ў нас і сапраўдныя філосафы-знаўцы і канкрэтных навук, якія ўсведамляюць, што з універсальнай адмычкай у навуцы няма чаго рабіць, што такая патрэбна больш каля касы». Артыкулы А. Адамовіча прафесар К. пускае па графе: «Когда утрачивается классовое чутье...» Да якой дадаецца асобна: «По поводу статьи А. Адамовича в журнале «Полымя». Інакш кажучы: «Остановимся только на принципиальных философских положениях, выдвинутых А. Адамовичем».

Алесь Адамовіч не ўпершыню пісаў свае артыкулы са свядомай устаноўкай на дыскусійнасць тых ці іншых палажэнняў і вывадаў. Што датычыцца серыі артыкулаў, прысвечаных не толькі творчасці Кузьмы Чорнага, але і развагам пра чалавека асобна і чалавецтва наогул: «Мы занадта прывыклі бачыць сваю літаратуру ў адной толькі якасці, з якой яна з’явілася на свет: як яна апавядае свету, што такое беларус, беларускі край, беларуская гісторыя і г. д. А між тым, сталая літаратура (якой ужо даўно стала літаратура беларуская), апавядаючы свету, чалавецтву пра свой народ, край, адначасова адкрывае людзям праўду аб самім чалавецтве, аб планеце людзей... Права гаварыць ад імя чалавецтва і звяртацца да ўсёй планеты народ наш заплаціў дарагой цаной. І літаратура наша проста абавязана гэтым правам карыстацца, гаварыць сваё слова не толькі пра свой край, але ўсур’ёз – і аб самім чалавецтве, аб планеце людзей».

Алесь Адамовіч працягнуў размову ў артыкуле «Ці трэба баяцца «чужых» класікаў?» І наогул ці шмат у нас, беларусаў, адмоўных рэцэнзій, «рэзка крытычных»? Ёсць, але не шмат, а дакладней – зусім мала. Ці азначае гэта, што ўсё, што друкуецца, вартае пахвалы? «Кепскія творы, шэрыя і неталенавітыя, калі яны адолелі перашкоды часопісныя, выдавецкія, усё ж падвяргаюцца нашай крытыцы. Але я назваў бы яе «крытыкай замоўчвання». Проста не заўважаем, не называем, нібыта і не існуюць гэтыя аўтары, гэтыя творы. Вядома, яе можна і нават варта раскрытыкаваць – такую крытыку. Мы ігнаруем шэрую, неталенавітую літаратуру, а ёй гэта, магчыма, і патрэбна. Гэтага толькі і хочацца. Каб яе не заўважалі, каб ігнаравалі. Яна не ганарыстая». Але надыходзіць час, і аўтар, якога задавальняе такое становішча, пачынае выяўляць нецярпенне, становіцца зусім крыўдлівым. Ні аўтара, ні крытыка. Аўтар надрукаваў каля дзясятка апавяданняў, нават не адну аповесць, а крытыцы ўсё роўна, ці ёсць пісьменнік, ці няма яго ў літаратуры. Ужо пасаду атрымаў у часопісе, больш таго, вырашае лёс іншых аўтараў... А цярплівасці не стае! Тады аўтар сам піша вялікі артыкул... пра добры раман і добрага аўтара, а заадно і пра становішча ў сучаснай беларускай літаратуры... і пра крытыку... Назва артыкула: «Крокі да вялікай кнігі»! Чаму не напісаць? Старанна піша – пераказвае змест рамана, ягоны сюжэт: «...сцэна за сцэнай, вобраз за вобразам, падрабязна, апісальна, без якіх-небудзь адкрыццяў, сур’ёзных думак – малацікавых для тых, хто чытаў...» Назва аўтара?.. Бог з ім!

Больш цікава чытаць абзацы пра крытыку ў артыкуле. «Пішу так і, здаецца, чую знаёмы голас крытыка: стоп, стоп! Як гэта так, што пісьменнік мае толькі свой жыццёвы матэрыял, свае філасофскія і эстэтычныя погляды, «улівае» ў сваю памяць народную памяць, і яго творы растуць, як каласы на сваёй нацыянальнай глебе? А ўплывы? А Заля? А Дастаеўскі? Талстой? Шолахаў? Некаторыя крытыкі схіляюцца да такога падыходу ў ацэнцы з’яў літаратуры, у прагнозе яе далейшых шляхоў: «Чорны пайшоў» ад Дастаеўскага і Заля, «Палеская хроніка» – сястра «Ціхага Дона»...» І выснова А. Адамовіча «Невясёлых гульняў»: «Бадай што, толькі ў раздражнёнай свядомасці аўтара артыкула такія крытыкі з такімі поглядамі і існуюць... Тым, хто «пакрыўдзіўся» б за Дастаеўскага (як N. за Чорнага і літаратуру беларускую) можна было б нагадаць словы самога Дастаеўскага: «Вось ён ставіць мне ў віну, што я эксплуатую вялікія ідэі сусветных геніяў. Чым гэта кепска? Чым кепска спачуванне да вялікага мінулага чалавецтва? Не, шаноўныя мае, сапраўдны пісьменнік – не карова, якая перажоўвае травяную жвачку штодзённасці, а тыгр, які паядае і карову, і тое, што яна праглынула».

Ці не выдумка нашых крытыкаў і літаратуразнаўцаў гэта праблема? Дык патрэбныя ці не патрэбныя нам і нашым класікам «чужыя» класікі? – спытаў сам сябе і сваіх чытачоў А. Адамовіч. Павінныя ці не павінныя, мае ці не мае права беларуская крытыка «падсвечваць» беларускую літаратуру, калі вывучае яе, на ўсю шырыню, усур’ёз, іншымі літаратурамі, разглядаць беларускія творы ў «сілавым полі» іншых літаратур, сусветнай літаратуры? Класікі арыентаваліся не на «правінцыяльнае зазнайства», а «на смелы выхад на скрыжаванні вялікіх літаратур», дзе яны паглыбляюцца «ў сваё, нацыянальнае, узброіўшыся вялікай, і не толькі нацыянальна-беларускай, культурай чалавеказнаўства».

Кузьма Чорны – стваральнік беларускага эпічнага рамана – распрацоўваў, паводле заключэння А. Адамовіча, – план «пабудаваць, стварыць закончаны свет беларускага жыцця-быцця. Гістарычнага, сацыяльнага, псіхалагічнага, інтэлектуальнага. Па гарызанталі – гісторыя і быт беларускага народа, па вертыкалі – філасофія чалавечага існавання на зямлі. Беларускае і агульначалавечае ў арганічным, у мастацкім адзінстве, сінтэзе. І ён шмат, незвычайна многа паспеў, змог за сваё нядоўгае жыццё. Пасля яго апавяданняў і п’ес, аповесцей і раманаў зрабілася неяк прасторней у літаратуры беларускай, лягчэй стала дыхаць і літаратуры, і мове нашай паветрам гісторыі. І сучаснасці паветрам. Кубатура лёгкіх нашых як быццам стала большай, адразу павялічылася. Як пасля Купалы і Коласа павялічылася. Пасля Гарэцкага. А зусім нядаўна – пасля «Палескай хронікі» Мележа...» І яшчэ наўздагон – Адамовічава: «Ён, як ніхто другі ў нас, свядома і мэтанакіравана ішоў, выходзіў ад «свайго» абавязкова да «ўсеагульнага», ад лёсу беларуса да лёсу чалавека і чалавецтва. Таму што, як казаў, пісаў Кузьма Чорны, беларус-селянін (той жа цімкавец) – гэта чалавек, у якім кожны, «хто мае вочы, убачыць і знойдзе і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага...» Не заўважаць гэтага – значыць прыніжаць Чорнага да правінцыйнага ўзроўню, а любы правінцыялізм яму заўсёды быў чужы, абражаў у ім пачуццё нацыянальнага гонару».

Алесь Адамовіч, адштурхоўваючыся ад адкрыцця сапраўднага, рэальнага, захопленага чытаннем сусветнай літаратуры Кузьмы Чорнага, значна пашыраў прастору часу, а разам з ім беларускія, і рускія, і ўкраінскія, і малдаўскія, і каўказскія, і сярэднеазіяцкія «шасцідзясятнікі»: «Дык якую ж «таямніцу» нашы класікі нам пакінулі? Якія гістарычныя мэты, задачы, імі пачатыя, працягваць нам? Ва ўмовах канца ХХ стагоддзя. Калі над усім лунаюць аграмадныя надзеі, але і пагрозы, небяспека найвелізарнейшая. І надзеі тыя, і пагрозы – агульныя для ўсяго чалавецтва. А таму і для нашай літаратуры яны свае, а не нечыя. Як свае яны Быкаву, напрыклад, сусветныя праблемы вайны, міру, сапраўднай чалавечнасці».

Новы падыход А. Адамовіча да паказу рэчаіснасці, калі ўспаміны пра мінулае, думкі пра сучаснасць і спроба прагнозаў на будучыню зліваюцца ў адно жывое цэлае мастацкага твора, выявіла творчая задума «Хатынскай аповесці» (1970), апублікаванай у часопісах «Дружба народов» (з якім А. Адамовіч супрацоўнічаў да канца сваіх дзён, была таксама прапанова ад часопіса «Новый мир» і ад яго галоўнага рэдактара Аляксандра Твардоўскага) і «Маладосць» (на беларускую мову пераклалі М. Стральцоў і М. Тычына; апошні – другую частку аповесці). З аднаго боку, празаік імкнецца як мага дакладней перадаць эмацыянальны напал гістарычных падзей, на многіх старонках твора ўступаючы ў адкрытае спаборніцтва з самімі дакументамі, з успамінамі відавочцаў, а з другога боку – спроба філасофска-мастацкага асэнсавання падзей ХХ ст. «Хатынская аповесць» мела добрую прэсу. А. Адамовіч стаў Лаўрэатам прэміі Міністэрства абароны СССР

(1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976).

Узлёты чалавечага духу цікавілі не толькі Адамовіча-мастака, але і Адамовіча-даследчыка роднай літаратуры. Ён раптоўна для самога сябе адкрыў менавіта з гэтага боку Кузьму Чорнага, пра якога ўжо не раз пісаў раней (кніга «Маштабнасць прозы»). Паставіўшы творчасць лепшых беларускіх празаікаў Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Віктара Казько ў шырокі кантэкст сусветнай літаратуры, Адамовіч пераканаўча прадэманстраваў вялікія мастацкія і філасофскія магчымасці нацыянальнай літаратуры і прыйшоў да лагічных пытанняў пра перспектывы эстэтычнага руху: «А што там, далей?», «Ці адэкватная рэакцыя?», «Як быць геніяльным?», «Калі не мы, дык хто ж?» Так называліся публіцыстычна-эўрыстычныя, філасофска-эстэтычныя артыкулы пісьменніка, які шукаў адказ на адвечнае пытанне: «Што рабіць?»

І адказ яго быў, на першы погляд, парадаксальны: «Ну дык рабіце звышлітаратуру!» Слова пра «звышлітаратуру» – са спрэчкі з сябрам-пісьменнікам. Не можа, нібыта, літаратура, тым больш рэалістычная літаратура, пісаць пра тое, чаго не было. А гэтага, паводле ўспамінаў А. Адамовіча пра размову-спрэчку з «сябрам-пісьменнікам», а менавіта – трэцяй сусветнай вайны – сапраўды і, дзякуй богу, не было: «Так, але ж ужо былі Хірасіма, Нагасакі... І што значыць: літаратура не можа? Ну дык рабіце звышлітаратуру! Але рабіце, рабіце!»

Гэты тэзіс выклікаў у многіх літаратараў неразуменне і рэзкае непрыняцце. Найбольш глыбокія даследчыкі, уважлівыя да зместу, а не формы выказвання, такія, як бліскучы рускі крытык Ігар Дзядкоў, паспрабавалі належным чынам ацаніць Адамовічаву думку: «Звышлітаратура, да якой заклікаў Адамовіч, мабыць, утопія, але гэтым пісьменнікам добра зразумета, што без новага мыслення і новай пачуццёвасці чалавек, магчыма, і вытрывае, але не пераможа. Магчыма, звышлітаратура – гэта браць ношу як мага цяжэйшую?.. »

Мастацкае апавяданне ў «Хатынскай аповесці» раз-пораз перапыняецца ўстаўкамі з дакументальных запісаў у кнізе «Я з вогненай вёскі...», зробленых Алесем Адамовічам і яго сябрамі па пяры, па змаганні ў гады вайны Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам. Чытач мог лёгка пераканацца ў тым, што вобразнае слова годна вытрымлівае канкурэнцыю з гістарычным дакументам, а мастацкая літаратура і ў новых акалічнасцях не страціла сваёй пераканаўчасці. На аповесць А. Адамовіча адгукнуўся В. Быкаў: «Толькі што прачытаў тваю “Хатынскую аповесць” і цалкам яшчэ ў яе палоне, пад яе ўладным, салодкім і цяжкім уражаннем. Аповесць выдатная, я проста не ведаю, з чым яе можна паставіць побач. У нас, прынамсі, пра партызанаў так не пісалі – ты першы. Хаця і папярэдняя твая кніга цалкам добрая, але гэта – нешта асаблівае. Гэты герой твой і яго адысея, карова ў ночы, статак пабітых кароў, спаленне людзей, палонныя карнікі, гэты твой бой па кругу – нешта апакаліпсічнае, не менш. Мноства цудоўных дэталей, дакладна перададзеных станаў. А якія вобразы!

Цудоўная ва ўсіх адносінах аповесць.

Як на мой густ, дык я б падрэзаў сцэны сённяшняга, але, я разумею, яны патрэбны для асэнсавання, для публіцыстыкі. І публіцыстыка гэтая высокага гатунку – разумна, чэсна, тонка.

І яшчэ назва. Назва ў цябе наогул не зіхціць ні навізной, ні густам – тут таксама. Само слова «Хатынь» занадта ўжо захапанае, няновае, нешта ў ім ад афіцыйнай тэрміналогіі. А ў цябе ж такая свежая, новая, шматфарбная рэч... Я б назваў інакш. Не ведаю як, але інакш.

І яшчэ – шкада, што яна ў «Дружбе народов», а, скажам, не ў «Новом мире», які б яна ўпрыгожыла, несумненна. Але што ў «Маладосці» – добра. Няхай! Пераклад добры, цалкам беларуская рэч. Ніхто не ўсумніцца. Спадзяюся, што паруску яна гучыць яшчэ лепш. Хаця і па-беларуску прыгожа. Тыя, хто цябе папракалі ў адступніцтве ад нацыянальнага, цяпер будуць задаволеныя.

Я вельмі рады, што ты напісаў гэтую рэч, асабліва пасля дзвюх тваіх апошніх аповесцей, якія не ўсім падабаліся. Думаю, што гэтая спадабаецца ўсім. Ды і не можа яна не спадабацца – хіба што якому-небудзь ідыёту.

Словам, я вельмі рады за цябе, віншую, крыху па-добраму зайздрошчу. Цяпер, сябра, калі ты яшчэ пачнеш хоць крыху піць, то сапраўды табе не будзе цаны, як сказаў К. (Навум Кіслік. – М. Т.)».

На працягу 1970—1973 гг. А. Адамовіч разам з Я. Брылём і У. Калеснікам аб’ехалі, абкалясілі з магнітафонам і фотаапаратам усю Беларусь, пабывалі ў сотнях спаленых вёсак, апыталі і запісалі больш за трыста сведкаў ваеннай трагедыі, апавяданні якіх леглі ў аснову дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі... »

(1975) . Раздзелы з кнігі друкаваліся ў многіх газетах і часопісах («Маладосць», «Октябрь» і інш.). Перакладзеная на многія замежныя мовы, кніга стала літаратурным бестселерам. Паказальным быў пачатак рэцэнзіі рускага літаратуразнаўцы М. Кузняцова, які пісаў у газеце «Комсомольская правда»: «Страшней за гэту кнігу я не ведаю...» Сустракаліся ў іншых водгуках і такія словы: «Гэта кніга не магла не з’явіцца...» Аднак адзін з яе аўтараў А. Адамовіч на фактах даводзіў, што гэта далёка не так і што сам ён, як і яго сябры па пяры Я. Брыль і У. Калеснік, не адразу прыйшлі да пераканання ў неабходнасці менавіта такой калектыўнай кнігі-памяці.

«Я з вогненай вёскі...» падвяла рысу пад цэлым этапам літаратурнага развіцця і абудзіла ў грамадстве імкненне ведаць усю праўду пра вайну і пра чалавека на вайне, якой бы жахлівай яна ні была. Выдатнымі пісьменнікамі рухала думка пра тое, што няўмольны час вельмі хутка «вымывае» з народнай памяці страшныя веды пра вайну, якой яна была для беларусаў і якой яе не ведаў цывілізаваны свет. Проста паміралі апошнія сведкі гэтай трагедыі, якія цудам выратаваліся ад немінучай пагібелі, нібыта дзеля таго, каб расказаць праўду нашчадкам і народам свету.

Навуковая праца А. Адамовіча «Здалёк і зблізку. Беларуская проза на літаратурнай планеце» (1976), асноўная частка якой выканана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, так і пачыналася з галоўнай ідэі: «Гэта было бадай то заўсёды – тая ці іншая ступень узаемнай сувязі літаратурнага развіцця любой краіны, народа са знешнім светам».

У артыкуле «Талстоўскі крок» А. Адамовіч шырока разгортвае сваю задуму, пра тое сведчаць імёны беларускіх класікаў у наступных раздзелах: «Аднак свет людзей не заўсёды ўсведамляў сябе як чалавецтва, сваю гісторыю – як частку ўсеагульнай, сваю будучыню – звязанай з будучыняй другіх народаў і краін, – адным словам, наша планета вельмі адрозніваецца ад той, якой яе ўяўлялі старажытныя. Само паняцце «сусветная літаратура» ўзнікла параўнальна нядаўна (недзе ў XVIII стагоддзі), але ж і рэалізм літаратуры існаваў задоўга да таго, як ён быў яскрава ўсвядомлены і тэарэтычна асэнсаваны і названы. Паняцце «сусветная літаратура» ўзнікла ў выніку таго, што людзі пасля тысячагоддзяў існавання адасобленых цывілізацый і культур пачалі канкрэтней усведамляць, што яны – чалавецтва, пачалі збірацца ў чалавецтва».

Класікі беларускай літаратуры Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, Чорны, Мележ, Брыль, Быкаў, закладваючы асновы новай беларускай паэзіі, драматургіі, а потым і прозы, беларускага рамана, – пісаў А. Адамовіч, – «з самага пачатку адчувалі, улічвалі і «фон», і «кантэкст» літаратур суседніх і сусветнай літаратуры ў цэлым». Літаратурныя крытыкі і літаратуразнаўцы сваю беларускую, нацыянальную ўсё больш адчуваюць і бачаць у кантэксце такіх з’яў, як «усесаюзная літаратура», «славянскія літаратуры», «сусветная літаратура». А. Адамовіч рабіў выснову: «Падарожнічае Беларусь – яе партызанская слава, яе трактары, кібернетыка, яе мастацтва... А суправаджае яе «ўласны карэспандэнт» – беларуская літаратура. Адтуль, з-за мяжы, і Беларусь беларускаму пісьменніку бачыцца трохі іначай. Не толькі вачыма беларуса, але і трохі – балгарына, ці серба, ці француза, ці англічаніна... Узнікае, замацоўваецца новае «самапачуццё», светаадчуванне – у самой літаратуры беларускай, паяўляецца ў беларускіх творах, у поглядзе на самую Беларусь тое, што называюць «стэрэаскапічным» бачаннем». На нашых вачах межы «сусветнай літаратуры» бачыліся ў Еўропе. Але ўжо слова «сусветная» ахоплівае абавязкова і Азію, і Афрыку, і Лацінскую Амерыку, і Аўстралію... Ранейшыя межы паняцця «сусветная літаратура» пашыраюцца.

Алесь Адамовіч мае на ўвазе не толькі працэс сучаснага актыўнага збліжэння нацыянальных культур, але і тое, што паняцце «чалавецтва» матэрыялізуецца ў новых умовах, калі «сваё і чужое, нацыянальнае і сусветнае на літаратурнай планеце паўстае па-новаму не толькі ў параўнанні са старажытным светам, але і з нядаўнім, літаральна ўчарашнім днём», наогул «у наяўнасці небывалае ў ранейшыя часы збліжэнне: вось якой абжытай становіцца і літаратурная планета! Гэта з аднаго боку – збліжэнне. З другога боку – адштурхоўванне, палярызацыя, ідэалагічная, эстэтычная, гэта немінуча ва ўмовах сучаснага спаборніцтва сацыяльных сістэм, ва ўмовах несціханай ідэалагічнай барацьбы». Сусветная літаратура так і развіваецца: адразу ў двух напрамках. Адзін – «калі паяўляюцца і адразу набываюць сусветную значнасць новыя творы». Другі – «вяртаючыся ў мінулае, такія каштоўнасці адкрываюць у запасніках, ці нарэшце «рукі даходзяць», ці ўзнікае запозненая, але вострая і ўсеагульная цікавасць да таго, што створана даўно... У цэлым 50—60-я гады былі для беларускай прозы ў сэнсе яе выхаду за межы Беларусі вельмі плённыя».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю