355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лукаш Калюга » Нядоля Заблоцкіх » Текст книги (страница 3)
Нядоля Заблоцкіх
  • Текст добавлен: 22 марта 2017, 08:00

Текст книги "Нядоля Заблоцкіх"


Автор книги: Лукаш Калюга



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)

Каму вайна, каму далёкі Амур, а Савосту гулі. Занаравіліся тады былі нешта людзі – не пайшлі ў двор да графа на работу. Hі за якія грошы не хацелі на скарбовым полі класці сваю працу. Дзейкалі, што недзе – не то па лясох, не то па вёсках ходзяць нейкія сацыялістыя. Цікава і боязна людзям было. А малому Савосту ўсё гэта не ў галаве, а як крыху пабольшаў – не ў памяць. Не ў людскія гаворкі ўслухацца, углядацца ў заваруху, а на печы грэцца ён малы любіў. Такое запячкоўскае ў Юстапа ўдалося дзіця. Любіў Савоста ў доўгі зімовы вечар прыскіліўшыся з печы з-за коміну на агонь пазіраць. Цікава яму было, як ад лямпы ідуць вострыя пасмы аж у самае вока. Ды яшчэ, як днее ці вечарэе і няма ў хаце агню, гэтаксама прыскіліўшыся, любіў ён на вазоны ў вокнах пазіраць. Цікава было, як там з лісцяў насатыя ды гарбатыя людзі складаюцца. Сам сабе, адзін знаходзіў забаўку Заблоцкіх малы.

А ўлетку, як ударожыўся на сяло хадзіць, як увазнаў «коні», не то што каб у старэчыя гаворкі, у шэпты пра забастоўкі ды пра сацыялістых услухоўвацца, але і есці кінуў Савоста дадому хадзіць. Прыбяжыць, як выгаладаецца, аддзярэ скарынку ад хлеба – у руку схапіў ды кулём ляціць на вуліцу, на сяло. Няшчасная тады булка хлеба была ў Юстапавых на стале – з абодвух бакоў абадраная.

На другое лета ўжо завялік быў Савоста на «коні». Ужо адгуляў у іх. Рэзаў ён цяпер у «пікара» з ранку да вечара. «Пікар» быў на выгане, свінні пасучы, «пікар» не змяняўся і дадому прыгнаўшы. Гульня не змянялася, а лета на восень змянілася хутка – і не агледзеўся Савоста, калі гэта здарылася. Ды не толькі ён, але і бацькі не агледзеліся, калі надышлі пакровы. Гэта ж свята людзям, у каго малыя ёсць, пра школу рупясць давала.

– Трэба і нам свайго малога выправіць. Як ты думаеш, старая? – папытаўся Юстап у Прузыны, на пакровы снедаць за стол сеўшы. Ён, як не быў п’яны, заўсёды пытаўся ў жонкі парады: як лепей зрабіць. Як сам хоча, так, бывала, зробіць Юстап, але папытае:

– Што ты на гэта скажаш? Як параіш?

– Як сам знаеш. Па мне – выпраўляй сабе, – дала Прузына свой спрадвечны адказ.

Юстапа некалі дарэктары вучылі. Рускія і польскія вялікія літары ён знаў. Так і гэтак, калі дзе надта пільна прыйдзецца, распісацца мог. Некалі, як Юстапа вучылі, дарэктар, як пастух, па чарзе з хаты ў хату, хто гадзіў яго свае дзеці вучыць, пераходзіў. Тыдзень за дзіця дарэктара карміць трэба было. Тыдзень у таго чалавека ў хаце збіралася школа. А тады далей школа і дарэктар ішлі па чарзе. Цяпер жа многа начай было. Паставілі цеслі проці паповага дому школу. Туды штораніцы беглі дзеці з Баркаўцоў і з блізкіх вёсак. Не па хатах ад’ядаць за малых хадзіў настаўнік, а быў яму ў школе зроблены асобны комар, і там ён сабе на казённай пэнсіі быў.

– Ну, Савоста? Як ты на гэта? Пойдзеш вучыцца? – зрабіў прыклёп, папытаўся Юстап у малога.

– Чорт яго! Хто ж тады нам каровы адпасе?! Ды вунь і авечая чарга блізка. Пакуль адбудзеш сваю рату за пятнаццацера штук, дык і ў школу хадзіць будзе не пара.

Добрыя, моцныя прычыны былі ў Савосты, каб у школу не хадзіць. А самую большую, самую мацнейшую прычыну такі ўтаіў малы Юстапчык. Не прызнаўся, што – па праўдзе сказаўшы – ён ужо чытаць-пісаць і ўмеў крыху. Цэлыя тры літары на памяць вывучыў свінні пасучы і так добра ўмеў з іх слова злажыць, што і настаўніку б не было чаго ў Савосты паправіць. А пісаць гэта слова быў так шчыра ўзяўся, што як папаў сцізорык, ніводнай прысады цэлай не асталося. На кожным клёне, на кожным ясені Савосты пісьменнасць была знаць. Толькі не пахваліўся ён бацьку гэтым сваім умельствам. Пабаяўся, каб Юстап не адлупіў папругай за такую навуку.

– Чорт яго пойдзе! – толькі Савоста сказаў.

Але заўтра, на другі дзень па пакровах, як узяліся маці за скарач, бацька за папругу – бачыць Савоста, што большага, лепшага проваду чакаць яму боязно. Абуўся ў патапцы ды паціснуў ціхенька за дзверы.

Школа стаяла на выгане, пры рэчцы. Рабілася гэта, каб настаўнік надта з мужыкамі не братаўся, каб менш яны яму на вочы находзілі, каб надта не загаварыўся з імі, а больш, каб дармовыя дадаткі да «Нивы» чытаў ды на рэчку, на хараство прыроды ўглядаўся. Напроці школы і папоўскі дом быў – акно ў акно. Гэта ізноў з розумам зроблена было: каб часцей пападзянкі ў настаўніка на воку былі, каб – як прачытае адзін дармовы дадатак ды пакуль за другі возьмецца – было яму сякое-такое разгарненне. Трэба ж вымеркаваць так, каб не саўсім здзічэў чалавек у адзіноце, над дармовымі дадаткамі крукам гнучыся.

Як зімою, дык перш вуліцаю, а потым гасцінцам дарога ў школу. А ўвосень, пакуль няма снегу, па загароддзі ў школу многа прасцей і бліжэй.

Выбачайце, таварыш чытач. Можа, вам і нязручна цягацца за маімі абрыджонымі героямі ўслед. Куды яны толькі не звалакуцца?! От як цяпер Савосце: у такую гразкую мясціну ён нас завёў! На загароддзі на заручычах – як у нас завуць, – кудою ён у школу пайшоў, нязвыкламу чалавеку надта ж дрэнна: росна, гразка, абы ступіў – зараз жа рыжая вада з рудою набягае ў твой след. Дрэнна вам, таварыш чытач, ісці за маімі героямі следам – сам гэта ведаю, але нічога іншага парадзіць не магу, – дрэнна, калі вы, часамі, у чаравіках. Сапсуяце дарэшты свой абутак. Не залюбіць ваш хром баркаўскіх заручычаў – гэта добра ведаю – назаўтра ж паколецца, патрэскаецца і на сметнік папросіцца ён у вас. Не толькі хрому, але і панчохам будзе дыхту. Я пэўны, што цераз халяўкі набераце вады поўныя чаравікі.

Выбачайце мне, таварыш чытач! Ну што я зраблю?! Ну чым я тут папраўлю?! Зямлі ж у заколадку не зложыш, каб гразкія, мокрыя мясціны схаваць, каб толькі пасуху хадзіць. Не памыкайцеся пра меліярацыю распачынаць гаворку! Я гэта ведаю. Але вы, мусіць, забыліся, як далёка адышліся мы. Забыліся, што яшчэ перад вайною ходзім мы па гэтых заручычах. Дзе тады, скажыце, тая меліярацыя была?!

А ведаеце, праз каго псуецца ваш хром? Хто тут вінен, калі самакрытычна да гэтага пытання шчыльна – лоб у лоб, як цеслі кажуць – падысці? Mae героі. Цераз лад яны ўпартыя ўдаліся. Не павядзеш іх па навозах, дзе лепшая, сушэйшая дарога, калі яны ведаюць, што тудою далей, кружней.

Ды ўрэшце, гэта як хто хадзіць умее. Вы папсавалі сабе хром, а Савоста ў патапцах – такіх лапцях з сукачоў – перайшоў, як чэрці яго перанеслі: ані ног не папрамочваў. Бо ён дарогу ведае, ведае, дзе ступіць, каб на кладку, што зверху мохам зарасла, трапіць. Ані не знаць кладак на заручычах нам з вамі, а Савоста ведае, дзе каторая ляжыць.

Толькі выйшаў з западзі на ўзгорак Савоста, ажно там пад Заблоцкіх бярозаю стаіць Язукоў Клемка з лемантаром. Прыйшло на Клемку безгалоўе – ненавідная восень. Выганяе бацька з хаты. Нешта ж надумаўся Язук Філончык. З сына чалавека зрабіць захацеў. Ды дзе там з Клемкі чалавек будзе, калі ён, малым быўшы, зашыў сабе розум. Бывала, абы вырваўся гузік, не меў ён моды даць мацеры ўшыць, а сам возьме нітку, сам завалачэ ў іголку і на сабе, нічога ў зубы не ўзяўшы, верне гузік на яго даўнейшае месца. Ушые ды яшчэ і памацуе: ці моцна сядзіць.

Абы прыйшлі пакровы.

– Пайшоў у школу, – чуе Клемка назаўтра ранічкаю.

Далася добра Філончыку школа ў знакі. Кажан год чакаў яго там злосны баркаўскі настаўнік Зубрыцкі, трымаў напагатове лінейку ў руцэ. Не было над яго лепшага майстра лапы даваць.

Штогоду зношвалася ў Зубрыцкага на гэтай рабоце моцная дубовая лінейка. Штовосені перад пакровамі рабіў яму сталяр новае гэта начынне.

Толькі адчыніць, бывала, Клемка Філончык у клас дзверы.

– Ну што, бальшун? – пытае Зубрыцкі, не дасць ён і разгледзецца яму. – Ізноў у першазімцы?

Баяўся Клемка надта ў рукі холаду. Пакуль па пакровах назаўтра пяройдзе ў школу, паробяцца яны ў яго, як карчы. Добра, што Зубрыцкі не толькі настаўнік, але і доктар крыху быў. Умеў ён даць раду мярзлявым рукам. Яшчэ не змоліцца Клемка адказаць, куды ён: у першазімцы ці ў першае гэты год сесці думае, а ўжо настаўнік вітацца ў яго просіць:

– Дай сюды правую!

Толькі неяк не па-людску вітаецца Зубрыцкі. Бярэ Клемкаву руку за самыя пальцы, моцна – каб не вырваў – трымае. Пераверне далонню ўверх, як мага больш выпучыць яе. Тады возьме лінейку з стала. Памаленьку, не спяшаючыся, урэжа Філончыку пару лапаў. Зачырванеецца, гарыць рука, а Зубрыцкаму гэтага мала.

– Левую дай!

І ў тую ўкіне гэтулькі сама лап, каб ў крыўдзе не асталася.

Такую ўжо быў моду паняў баркаўскі настаўнік: перш зрабіць рукі як пампушкі, а тады дасць лемантар у іх патрымаць.

– Ну, чытай! Ма… А як далей?

– Мы-а, ма… – добра пачне Клемка, але да канца гэтай мудрасці ўсё роўна не чытаецца: не знясе гэтага яго зашыты розум.

– Мама мыла раму, – падкажа Зубрыцкі, як збрыдае яму ад Клемкі гэтага хітрага адказу чакаючы. – А што, надаўбень?! Я такі не памыліўся, наперад даўшы гасцінца. От ты цяпер і зарабіў яго.

Паглядзіць настаўнік на Клемкавы рукі: як вараныя ракі яны ў яго.

– У першазімцы.

Кажан год быў Філончыкаў першы дзень у школе падобен на леташні такі самы дзень: тая гаворка, тое чытанне, тыя самыя чатыры лапы. І кажны год садзіўся Клемка на тую самую лаўку – на самую апошнюю, што стаяла ў самым кутку пры сцяне. Яна самая высшая была ў школе. І было на ёй ад Зубрыцкага многа зацішней.

Гэтага ж году меўся быць цуд. Ужо, калі шыў што Клемка на сабе, дык браў істужку ці палатна кусок у зубы. Трымаў яго так аж датуль, пакуль не ўся ў яго работа была. Сцярогся, каб хаця як незнарок ізноў розуму не зашыць. Пасталеў, паразумнеў Клемка, восем год у школу пахадзіўшы, і наважыў ён гэту восень з першазімцаў у першае перайсці.

Ды і пара была, тым часам: ці дасцё веры?! Васемнаццаты год ад першай прачыстай пайшоў хлопцу. Цяпер з гэтага дзіва.

А даўней гэта не першыня была. Па дванаццаць, па чатырнаццаць год некаторыя цягаліся ў пачатковую школу. Усё скончыць яе не маглі ніяк.

Дык от: стаіць Клемка Філончык – сам у сабе хлапец – на заручычах пад Заблоцкіх бярозаю і на ўсё поле спявае. (От бачыце, таварыш чытач, мы загаварыліся пра сёе, пра тое: пра чаравікі, пра немагчымую закладку на зямлі, пра патаемныя кладкі ў гэтым гразкім месцы і пра іншую дробязь, і не чулі Клемкі за паўганей ад яго стоячы. І гэтак ён моцна і даўно тут чытаў! Можна ж было вам многа раней яго пачуць).

– Мы-а, ма, мы-а: мама. Мы-ы, мы-лы-а, ла: мыла. Ры-а, ра, мы-у-му: раму. Мама мыла раму, – такі паўздужаў сяк-так. Аж палягчэла Клемку, як пачуў, што на волі цяпер яго розум, не зашыты ўжо ён у яго. Весялей зірнуў на свет Філончык. Але ненадоўга вясёлы быў яго пагляд. Убачыў Клемка малога Юстапчыка на заручычах.

– І ты ў школу? – пытае ў яго Савоста проста, па-сяброўску.

От тут і па ўсёй Філончыкавай радасці было. Ізноў найшла хмара над яго яснымі, віднымі вачыма.

– У школу, – неяк не падумаўшы сарвалася ў яго слова з языка. Напусціўся Клемка ды, як роўнаму, Савосту адказаў. І сам ён гэтаму быў не рад.

– І я ж у школу йду!

– Смаркач! Пайдзі шчэ свінні папасі. Які цябе дурань прыме?

– Той самы, што і цябе прымае.

Быў Клемка дужаваты хлопец. Ужо ціхенька ад бацькі на вячоркі хадзіў. І росту не вобмаль было ў яго. А Савоста Юстапчык проці яго саўсім дзіця. Не выпадае Філончыку з ім разам у школу йсці. І папрабаваў Клемка перш крыху шырэй распусціць свае доўгія галы. Але няма рады – Заблоцкіх малы бягом услед бяжыць. Тады Клемка нага за нагу папрабаваў ісці. Ідзе з ім пораўне і Савоста, як там і што ў школе, распытуецца. Тады стаў Філончык. І Заблоччык стаіць, не йдзе.

– Адыдзі, жаба, a то як плюну зараз – згарыш!

О! Гэта памагло!

Савоста, як меншы, паперадзе, пабег, а Клемка – многа за яго сталейшы – адзін, сам сабе, памаленьку ззаду за ім пасунуўся.

Не саўсім так, як летась, пачаўся сяголетні Клемкаў першы дзень у школе. Тымі самымі словамі яго Зубрыцкі стрэў, толькі выткнулася ў клас з-за дзвярэй добра знаёмая настаўніку шапка, тымі самымі чатырма лапамі – у адну руку дзве і ў другую дзве – ён з ім прывітаўся. Ды не тое, што летась, на першы дзень было ў Клемкі чытанне. І далей перайначылася крыху настаўнікава мова:

– Памыліўся ж я, наперад табе даўшы гасцінца. Не зарабіў ты яго ў мяне сягоння, – сказаў справядлівы Зубрыцкі. – Але: дармо! Некалі змяркуемся. Некалі тое за тое адыдзе, – памеркаваўся ён. – Некалі яго заробіш. Быць жа не можа, каб ты на гэтым нават тыдні ў мяне лапы не зарабіў!

І не такая крыўда Клемку была, як пасадзіў яго Зубрыцкі ў першае, а Савосту прыняў у першазімны. Але меў потым крыху ён на малога закалец: не раз перападала Юстапчыку кухталёў, як нарвецца ён калі пад злосць.

Не святы быў Савоста Юстапчык; не мінала, але частавата нават, нарывалася на яго настаўніка дубовая лінейка – то за дур, то за няздадзеную лекцыю, то за задачы. Свянціў Зубрыцкі і яго рукі. Аднаго разу быў такіх гарачых лап яму ў абедзве жмені палажыў настаўнік, што аж рукі ў рот хапіў з непрывычкі, як бы і не разагрэліся, а саўсім зледзянелі яны. Так быў таго разу даўся яму Зубрыцкі ў знакі, што не было сну на Савосту ўсю ноч пасля таго: дадумляўся ўсё Юстапчык – дзе б яму лепшую, не такую балючую навуку знайсці.

Дадумляўся і дадумаўся. Не ў школу, а на рэчку назаўтра ж ён пайшоў з кніжкамі. Тут было многа мудрэй, як у школе. У кніжцы столькі, у першазімцах седзячы, і за тыдзень не пройдзеш, колькі тут за адзін раз па лёдзе праедзеш. Хоць лапці драліся ад гэтай новай навукі, але затое рукі цэлыя былі.

Разам з дзецьмі Савоста з дому ішоў, разам з імі і вяртаўся са школы. Але такі неяк дайшлося бацьку пра сынаву навуку. Калі выдаў Юстап яму дома баль! А ў школу як прыйшоў, там Зубрыцкі яшчэ паправіў…

І ад тых дат пачаў ладзіць Клемка Язучок з Савостам Юстапчыкам, як пачуў сваё вяршэнства над ім.

VІІ

Была восень. Быў вецер. Рос ясень над адзінокаю школаю. Восень гразкая. Вецер – дзікі, сярдзіты. Ясень – высокі, гучысты. Восень дрэва паабскубала. Вецер далёка іх лісты ад школы адмёў, растрос па выгане, па чыстым полі, нагнаў у высокае ад жняяркі скарбовае іржышча. І стаяў адзін-адным ясень над школаю, голымі цыбінкамі сварыўся з абрыджонымі дажджамі, што праз частае маруднае сіта ліліся яму на абскубеную галаву. Нэндза яго заядала ад такой пацярухі. І прасіў сабе ясень весялейшых, жвавейшых летніх навальніц, прасіў звонкага грому, шытых бліскавіцаю цяжкіх, цёплых хмар. Але ўсё гэта на дварэ, усё за акном. А ў акне, калі мы з вамі, таварыш чытач, станем пад ясенем ды знадворку зірнем у школу, там – лямпа, настаўнік, кніжка… Сам дзяціны страх Зубрыцкі – пажылы ўжо хлапец – памалу гартаў кнігу. З балонкі на балонку перабіраўся. Лямпа ў яго была – восьмы нумар, а кніга – дармовы дадатак да «Нивы». Цярушыліся з таго дадатку на Зубрыцкага словы, як праз перша ўспамінанае, маруднае частае сіта на ясень дождж. Спацыравалі настаўнікавы вочы па дробных радкох, а было ў яго крозах нешта лепшае, весялейшае, чаго й заваду няма ў дармовых дадатках.

Верныя каханкі, здрадлівыя жонкі, смешныя ашуканыя мужыкі, упартыя бацькі, сквапныя на багацце і гонар… Усе яны ў кнігах мелі на сваім вяку гора, роспач і радасць, а на 315-й якой балонцы ці жаніліся, ці, пакаяўшыся, ціха і прыгожа паміралі, ці пачыналі жыць з усім светам у злагадзе, сабе і сваім блізкім на радасць і ўцеху. Усе яны, гэтыя кніжныя людзі, таго вечара з сваіх пярэстых, даўно чытаных балонак сышліся былі ў настаўнікаў цесны пакой. Утаміліся на шпацыры Зубрыцкага вочы. І рад быў ён, перагарнуўшы, што ўбачыў новы раздзел.

– А я сам? – папытаў Зубрыцкі ў самога Зубрыцкага, спыніўшыся перад новым раздзелам. – Я сам на якой цяпер балонцы, у якім раздзеле жыву?

Палажыў у сярэдзіну кніжкі палец, каб не закінуць, дзе чытаў; ды захінуў Зубрыцкі свой дармовы дадатак. І калі мы з вамі, таварыш чытач, не будзем трымацца ясеня, як сляпы плота, ды калі падыдзем бліжэй пад акно, прыгнёмся ды знізу паглядзім, што за дадатак у настаўніка ў руках, дык на вокладцы круцялі заўважым, а крышку пад верх у чорных чатырохкантовых асадках, калі добра прыгледзімся, можна разабраць: «Куприн. Сочинения». Зубрыцкі не завешуе фіранкамі сваіх акон і, крыху каля іх забавіўшыся, можна ўсё чыста, што ў школе робіцца, даследзіць.

Так, трымаючы кніжку, разгледзеўся, раздумаўся настаўнік над сваім адзінокім жыццём. І заўважыў Зубрыцкі, што жыве толькі ў нуднай, нецікавай прадмове. Дзе быў, што рабіў і адкуль паходзіць, толькі пісалася і пакуль што пішацца ў настаўнікавым жыцці. Усяго адно вясёлае, гумарыстычнае месца, вытрымка – хто яго ведае з якога раздзела – ёсць у гэтай прадмове: яго ўлюбёныя лапы.

Але такі верыў настаўнік. Верыў і спадзяваўся, што такі будзе некалі і ў яго жыцці першы раздзел. Усёю сваёю тэўсцю будзе ляжаць новы, дагэтуль нязнаны раман за тым раздзелам. Нічога меншага не хоча мець Зубрыцкі – ніякага дармовага дадатку.

Схілецеся за вушак, таварыш чытач! Бачыце: Зубрыцкі зірнуў у акно.

Якраз напроці блішчэлі вокны папоўскага дома. «Нива» казала, што адтуль павінен у настаўнікаў пачынацца першы раздзел: з нуднага рассасульвання з папом, з нясмелага заглядвання пападзянак. Далей-болей пажыўшы-пачытаўшы, зложыцца якраз праўдзівая аповесць настаўнікавага жыцця. Так казала «Нива», і «нивина» праўда была. Але нешта не блішчэлі так у настаўніка вочы, як блішчэлі ў паповым доме вокны, калі ён глядзеў на іх. Нешта не відаць было ў тым поглядзе надзеі, што адтуль пачнецца настаўнікаў першы раздзел. Не так, як у дармовых дадатках, павінен пачацца ён: не з далёкай сенажаці, не з пазалеташняга дажджу, не з трацяголетняй мяцеліцы. Не, настаўнікаў пачатак будзе просты і звычайны.

«Настаўнік Баркаўское пачатковае народнае школы»…

Застане ён Зубрыцкага з раніцы, апоўдні ці ўвечары, a то і ў самую ноч – усё роўна, хоць калі; зловіць неўспадзеўкі ў школе, дыктоўку даючы, дому за полудзень сеўшы, а то і ў дарозе дзе. А далей і пойдзе балонка за балонкаю.

Надоўга быў Зубрыцкі на адным месцы дармовага дадатку перад новым раздзелам застыў. Аж тут грукнулі ў сенячках дзверы. Прахапіўся настаўнік. Сеў раўней. Пусціў большы ў лямпе агонь. Падрыхтаваўся стрэць вялікія падзеі.

– Ці не першы раздзел?!

От з гэтага месца так і пачнецца: «Настаўнік Баркаўское пачатковае народнае школы позна ўвечары (хоць цяпер і не позна: гадзіны не будзе, як агонь запаліў ды за дадатак узяўся – але ў рамане, калі ўвечары, дык трэба, каб і позна было) пры лямпе № 8 чытаў дармовы дадатак да „Нивы“, як адчыніліся дзверы і…»

Пачнецца першы раздзел проста і трафарэтна, але потым, можа, адбудуцца падзеі, вартыя таго, каб здзівіць свет. Просты і трафарэтны пачатак, каб большыя былі неўспадзеўкі. Не так, як «Нива» ўгадвае, пачнецца, і не так, як у «Ниве», разгорнуцца падзеі. «Нива» будзе ўспамянёна толькі, як просты і малавыдатны эпізод, як дробны матыў у вялікай рэчы.

Таварыш чытач! Відаць, збрыдла вам па падваконню стоячы. Мне хоць работа ёсць – от гэта, што перад сабою бачыце. А вы што будзеце дарма мерзнуць на восеньскім халодным ветры?! Аднак – вам час – пайдзеце… памажэце (не скажу каму, трэ было вам самім глядзець, як ён сюдою ішоў паўз нас)… памажэце яму ў сенцах клямку знайсці. Нешта доўга ён там забавіўся. Трэба, каб хутчэй у хату ішоў, a то Зубрыцкаму аднаму няма чаго там рабіць. Ужо як мае быць, пачаў у думках свой першы раздзел, падрыхтаваўся і цяпер сядзіць, на дзверы пазірае, вялікіх чакае падзей.

Не заўважыў, не ведаю, як яно там было – памагалі вы ці яму самому трапіла клямка пад руку. Толькі добра гэта бачыў, што адчыніліся тугія дзверы проста ў настаўнікаў пакой і Юстап, баркоўскі багатыр Заблоцкі, з торбачкаю за плячыма яшчэ з-за парогу:

– Добры вечар, паночку! – настаўніку дае.

Аднак Юстап нагадзіўся. Каб не забыцца, раскажам адно здарэнне, што гэтымі днямі было яму.

Гэта ж пашанцавала старшаму Заблоцкаму ў бульбяніку на соннага зайца найсці. Дармо, што той і сплючы пазіраў – не ўгледзеў, як Юстап яго за вушы згроб. Як ужо ўцякаць не пара было, хутка тады заяц прачнуўся. Само шчасце багатыру ў рукі прыйшло. Толькі не ведаў ён, што гэтаму шчасцю рабіць: печанае, смажанае ці абгатаванае есці яго? З панскаю ядою ніякага толку не можа зрабіць нават баркоўскі багатыр. І давай тады Юстап блізкіх паноў перабіраць, каб прадаць занесці. Пачаў іх лічыць знізу. Самага першага адлічыў пастуха. Адлічыў і добра над гэтым «панам» падумаў: пан ён ці не? І выйшла ў Юстапа, што не толькі пан, але і над сваім рагатым войскам ён палкоўнік. Толькі як ты гэтаму пану прадасі, калі на зайца яго пэнсія малая: па капейцы збярэ з гаспадароў ад кожнага свайго салдата ды чакае восені, калі будуць ссыпшчыку ссыпаць, як адпасецца. Дзе такі пан зайца купіць?! Давай лічыць далей. Другі за пастухом па ліку настаўнік прыпадаў. На гэтым пану Юстап і спыніўся.

– Хлопец ходзіць. Трэ была б занесці… Як ты думаеш, старая?

– Па мне: занясі сабе. Усё роўна тымі грашыма не запаможашся, – сказала багатырка Прузына. – Колькі там за яго будзе?!

Дык от якое здарэнне было Юстапу Заблоцкаму. Расказана яно ў гэтым месцы, толькі каб не забыцца. Адложым яго надалей: можа, калі і згодзіцца. Цяпер паглядзім, што ў настаўнікавым пакоі дзеецца.

Дык от:

– Добры вечар, – не ўслед адказаў настаўнік. Першы раз ён бачыць Юстапа ў сваім адзінокім пакоі. Падумалася Зубрыцкаму, што з далёкай дарогі гэты чалавек. Нешта цяжкое, пэўне, нясе ён у сваім мяшэчку за плячыма. Утаміўся, прыстаў. І падумалася яму на школу, што карчма – сюды пераначаваць зайшоў. Хто ён: тутэйшы, блізкі ці далёкі, – прышлы – не ведаў Зубрыцкі. І рад быў настаўнік, што першы раздзел пачынаецца з загалоўка «Герой і таемны незнаёмы».

Зірнуў Зубрыцкі ў акно. Няма бляску ад паповых акон. Пагас агонь у іх. Дагэтуль яшчэ крадком тулялася ў Зубрыцкага надзея: хто яго ведае, а ну, можа, «Нива» спраўдзіць. Можа, і адтуль пачнецца праўдзівая аповесць настаўнікавага жыцця. Гэта як пападзецца. А цяпер пагас агонь і пагасла настаўнікава патаемная баязлівасць. І рад быў гэтаму Зубрыцкі. Каб не незнаёмы чалавек у хаце, выставіў бы ён «Ниве» хвігу і ўсім яе дармовым дадаткам.

– Трасцу! Не табе мяне ўзяць у свае героі. Іншае, лепшае пачынаецца от, – каб сам сабе, каб нікога болей у хаце не было, – сказаў бы так Зубрыцкі: нас з вамі, таварыш чытач, ён пасаромеўся б.

І праўда: іншае, лепшае пачалося… далей з няспрытнай гаворкі было відаць, што спрадвечны баркаўчанін гэтага вечара прыйшоў даведацца настаўніка і сказаць, што яго сын ужо чацвёрты год як ходзіць у школу да Зубрыцкага. Так незнаёмы ў самым пачатку раскрыў сваю таямніцу. Але яшчэ не ўсё вядома было Зубрыцкаму. Яшчэ была загадана яму загадка ў форме торбачкі, што Юстап Заблоцкі, па Зубрыцкага просьбе сеўшы на табарэцік, палажыў збоку каля сваіх ног. Не ведаў добра настаўнік, ці яму толькі так здавалася, ці і праўда нейкая адгадка варушылася там. Нечага таемнага і неспадзяванага чакаў ён ад гэтай рэчы. Але далей сяк-так расказаў Юстап сваё здарэнне з зайцам ды й саўсім сапсаваў сваёю паспешнаю моваю цікавасць гэтае мясціны. А тады дастае зайца, як дармовы дадатак да свае блытанае гаворкі.

– Вазьмеце, – кажа на настаўніка. – Можа, у вас згодзіцца на што, a то мы здумаць не маглі, якую яму даць раду. Можа, ён у вас лепшы сабе знойдзе прытон.

– Колькі ж вам за яго?

– Ат! Яшчэ што здумаеце?! Што я гадаваў яго, ці што? От ешце на здароўе.

Собіла ж Юстапу ж на такі благі час ды з такім смачным мясам і з такою добраю моваю якраз трапіць. Гола ў Зубрыцкага ў кішэні было. Дабёр быў яму дарэмны заяц. Вялікая запамога. Але шкода страты. Шкода Зубрыцкаму, што Юстап блізкі, знаёмы пасля гэтага вечара, звычайны вясковы чалавек.

Так і не пачаўся ў Зубрыцкага першы раздзел.

Крыху скрыва пазіраў ён на Юстапа, што той падашукаў, што не спраўдзіў такой упартай надзеі. Але не сяк-так было выправіць чалавека з хаты, што яму зрабіў ласку.

(Па-даўнейшаму Зубрыцкі думаў – ласка, а па-нашаму – проста хабар ад кулака. Таварыш чытач, я думаю, што не памыліўся ў гэтым вызначэнні).

Даўно трымаў Юстап «аставайцеся здаровы» на языку, але ўсё неяк не адважваўся так хутка пасля «дабрывечара» іх казаць. Так адзін на аднаго чакаючы, адзін аднаму ўважаючы, нехаця разгаварыліся яны.

«Вучэнне – відната, а невучэнне – цемрадзь», – неяк гэтак пісалася ў аднэй чытанцы з самага пачатку. От пра гэту віднату і зайшла была гаворка ў баркаўскага настаўніка Зубрыцкага ды з баркаўскім багатыром Заблоцкім. Як яна, тая гаворка, у іх ішла, доўга ўспамінаць.

Варта толькі сказаць, што аж да Савоставага почырку дайшла.

Толькі першую зіму пахадзіў у школу Юстапчык, а ўжо перад вербніцаю пахваліў яго Зубрыцкі ў класе перад усімі дзецьмі.

– З гэтага малога людзі будуць.

Таго ж самага дня выклікаў настаўнік Клемку Філончыка з першага. Не лапу даваць збіраўся яму, a так ціхенька пастаяць сказаў. І выклікаў першазімца Савосту Заблоччыка, каб пачытаў.

Дараваў Зубрыцкі Юстапчыку рачную навуку ды пахваліў яго за чытанне, а Клемку Язучка высарамаціў з астатніх слоў.

– От глядзі – надаўбень ты!..

Добра Савосту ў памяць той дзень. Заляпіў яму Філончык, дадому ідучы, ледзяка ў плечы, што аж дух заняло. Усю дарогу, да самай хаты з песнямі йшоў ён.

Паўтарыў цяпер Зубрыцкі Юстапу Заблоцкаму тое сваё слова пра яго сына.

– Вам хлопца, канечне, трэба, як акзамент здасць, у гарадское да Хлюпску ці ў сэмінарыю да Несвіжу аддаць. Ён за свае рукі, за галаву чалавекам будзе. A то што яму тут з вамі ў гэтым гнаі капацца?!

– Гэта шчэ будзем бачыць. У яго ўсё шчэ наперадзе. – Такая была гаворка ў настаўніка з багатыром.

Гладка і добра быў збыты заяц з няўмелых рук.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю