355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лукаш Калюга » Нядоля Заблоцкіх » Текст книги (страница 1)
Нядоля Заблоцкіх
  • Текст добавлен: 22 марта 2017, 08:00

Текст книги "Нядоля Заблоцкіх"


Автор книги: Лукаш Калюга



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)

Лукаш Калюга
Нядоля Заблоцкіх
(Прыгоды і летуценні)

Аповесць

Частка I

– Такі ж нешта робім?

– Каб мы не ведалі, што мы робім, дык мо б не рабілі.

З даўнейшых «казалаў»

I

Край свету чулі пра Заблоцкага. Ведаюць, што з мылам быў заняўся гэты чалавек. Ведаюць, што не заработак, а ўтрата ў яго на гэтым тавары выйшла.

Усюды Заблоцкі вядомо.

Усюды Заблоцкага за свайго чалавека маюць.

Што край, то новую яму асядласць даюць, начай пра тое няшчасце байкі баюць. А таго не ведаюць, што наш гэта чалавек – з Баркаўцоў, і ўсе тыя прыгоды не немаведама дзе, а поблізу гэтай вёскі рабіліся. Таго не ведаюць, што славуты гандлёўшчык не валацуга які з усяго свету, што забыўся пра сваю радзіму[1]1
  Радзіма – сваяўство; так гэта слова і ў песнях ужываецца.


[Закрыть]
, але з спрадвечнага даматурскага ён роду: яго бацька не абы-як, а Юстап зваўся, ды акрамя бацькі меў яшчэ гандлёўшчык і дзядзьку Вінцэнтага, меншага бацькавага – аднаго бацькі ды не адной мацеры – брата, і свайго ўласнага меў ён меншага роднага брата Савосту. Таго не ведаюць, што ўсе яны былі такія самыя, як і гандлёўшчык, славутыя Заблоцкія. А яшчэ ж былі ў іх сваякі, суседзі… яны хоць з мылам і не зналіся, але не менш за Заблоцкіх усяго-ўсякага бачылі за свой век. Ды, урэшце, самага патрэбнага не ведаюць тыя, што Заблоцкаму бліжэйшую да сябе асядласць даюць, што пра яго няшчасце байкі баюць: як жа зваўся ён? І прыходзіцца падказаць, што зваўся – Пархім.

Самае першае – як зваўся чалавек. Дрэнь тое мыла, што ён прадаў. Прадавалі мыла да Заблоцкага, прадаюць і цяпер, пасля яго.

Другое: што ён быў за чалавек? Чаму так прыспела Заблоцкаму на мыле, а не на чым іншым сабе заработкі знайсці? Што яго ў гандлёўства пусціцца прымусіла? І гэта ведаць трэба канечне. Але адложым яго на далей. Скажам толькі:

Кожнаму Заблоцкаму прыйшлася адменная доля. Усякі з іх свой талент і сваю ганьбу меў. Толькі не карысць з гэтага была ім, а згуба. Стары Заблоцкі – Юстапаў і Вінцэнтаў бацька, а Пархімаў дзед – быў спрадвечны гаспадар. Сам ён быў чалавек старасвецкі, ды імя сабе меў старасвецкае. Зваўся дзед Заблоцкі так, як мала хто цяпер завецца – Савэрын. Ні цяслярства, ні бандарства – ані нічога, акрамя зямлі, не ўмеў рабіць ён. Ніякага начыння, акрамя сахі з цэпам, не ўмеў Савэрын трымаць у руках. Так даўно ён жыў на свеце, што тады яшчэ плугоў і не зналі людзі. А з Савэрынавых сыноў адзін Юстап трымаўся бацькавага таленту. Вінцэнты ж меншы, ад другой жонкі Савэрынаў сын, музыкам удаўся. З Савэрынавымі ж унукамі было яшчэ горш: Савоста ў пісары пайшоў, а Пархіма ў гандаль павяло. Так здаўна шчапаліся Заблоцкія на дзве палавіны. Вілаватая ім у жыцці траплялася дарога.

Пакуль жыў Савэрын, пакуль Заблоцкія ў кучы жылі ў аднэй хаце, было і хлеба даволі, і скорам ніколі не зводзіўся ў іх. Тады ў іх хаце быў стары бацька і было яшчэ без бацькі двух роўных, здаровых мужчын. Нявесткі – Юстапава Прузына і Вінцэнтава Разэля – з дзяцьмі тут не ў лік, хоць, праўда, у аднэй Прузыны толькі было два хлапчукі, а Разэлю, як Вінцэнты казаў:

– Крыў бог ад гэтага няшчасця, ад іх крыку, ляманту.

Было работнікаў у Заблоцкіх, але не было ў іх хаце такога здарэння, каб спрэчка за што ўзнялася. Савэрын, не то што даўнейшы, але саўсім старасвецкі быў чалавек: гэта яго сыны, унукі – даўнейшыя людзі. І ўсё ў Савэрына рабілася па-старасвецку. Усякі ў яго меў сваё месца і сваю работу. Гэтай работы ды Савэрынавага слова пільнаваўся кажан, і ўсё ў пару зроблена было: у пару з поля збіралі, у пару і ў меру бралі з свірна што трэба на свой абыходак. Ніводзін колас дарма не загінуў. Бывала, вяжуць у снапы на жменькі жаты, ячмень ці авёс, а потым Савэрын загадае ўзяць кашэлікі ды перайсці ячнішча, аўсянішча – каласы пазбіраць, каб, як казаў па-старасвецку той дзед Заблоцкі:

– …Божы дар дарма на полі не прападаў.

Пырніку, бывала, і на лякарства не знойдзеш на Заблоцкіх полі.

На ўсё парадак пры Савэрыне быў. Як прыйдзецца за стол садзіцца, дык галоў, як качаноў на капуснай градзе, збярэцца. Тады і нявесткі і ўнукі – усе ў лік. А як пойдуць за работаю, дык нікога лішняга і не відаць. Усякі мае свой занятак. А па Савэрынавай смерці пачалі муляць думкі пра дзяльбу ў Вінцэнтага, пачаў Юстап ціхенька з мяшэчкам у Воркаву карчму ўчашчаць – насіў ён туды тапіць сваю нядолю. І сышла тады недзе злагада ад Заблоцкіх, уцёк спакой з іх хаты. Перш-наперш кінулі Заблоцкія, усёю сваёю сям’ёю застолле заняўшы, гаварыць самі з сабою, з смешных здарэнняў разам выскаляцца.

Пачалі ад тых дат круціць светам Заблоцкія. І рассыпаліся яны, як гарох на сто дарог, – хто куды віда. Што была адна сям’я, адна хата, адны Заблоцкія – аж з тэй аднэй ды пакрысе тры хаты зрабілася, з аднэй сям’і – цэлая фамілія. Крутам-мутам… усяк Заблоцкія жыць прабавалі.

Не было на іх росту: усе да аднаго аршын з шапкаю ўдаліся на вышкі. А ўсё цягнуліся ўгору, каб над усімі вышэй быць, каб адусюль іх бачылі.

ІІ

Немаведама, што даўней было.

Засталучылі байкі праўду, калі заходзіць мова пра даўніну. І што далей ад нас, што глыбей у гады, то ўсё большы, гусцейшы ад іх туман, а з таго туману часам такія прывабныя вытыкаюцца здані, што набок тады ўсякая праўда.

Туманам даўнасці заслалася: як дзяліліся Заблоцкіх браты – Вінцэнты з Юстапам: як Юстап падгадзіў сырам, маслам, шаснасткаю белага смачнага заводнага гароху баркаўскога валаснога суддзю ды як той, судзячы, назбіраў памёршых і выдуманых душ: бацькаву, матчыну і яшчэ нейчую – немаведама чыю – часць прысудзіў Юстапу, а Вінцэнтаму ўсяго ў падзеле даў пад абрэз.

Так даўно гэта было… Такім забыццём заслалася… Ані не відаць праз яго, як сагнаў суддзя Вінцэнтнага з усім яго невялікім будынкам з вышэйшай, сушэйшай часткі Заблоцкіх сядзібы на другі бок вуліцы ў западзь, на дрыгву. Не відаць ад нас, што так далёка ўжо ад таго часу адышліся, як пакутаваў Вінцэнты ў падсуседзях, як не прыйшлося яму з падзелу сваёй хаты. Але сяк-так, у пазыкі ўлезшы, узбіўся ён на грошы. Апытаў праз людзі сабе варывеньку на хатку ды купіў яе за дванаццаць рублёў.

Не толькі на сядзібе, але і на полі накпіў з Вінцэнтага той валасны, загоджаны братам, суддзя. Не ніву, але істужку адаткнуў ён калкамі. Палажыў яе, гэта йстужку, на ўсіх Заблоцкіх нівах з правага, самага неўрадлівага, як меркаваў Юстап, боку. Да таго скупа быў валасны суддзя тую йстужку адрэзаў, што ўсяго чатыры градкі бульбы можна было выштукаваць на ёй, – за раз самую шыршую Вінцэтаву ніву пераступіць і не цяжка было.

Усё сышло людзям з памяці. Адна «Вінцэнтава йстужка» ў прыказках, у параўнаннях асталася. Пакуль быў Вінцэнты ў Баркаўцох, хварбаваў ён сваю істужку вострым плугам на гразкі чорны колер, карабаціў яе на скібы. Любіў Вінцэнты на чорным гразкім полі жоўтыя кропелькі, падобныя на жытнія, ячныя, аўсяныя і ўсякія розныя зерні, густа імі сваю йстужку ўсыпаў. Толькі як пойдуць дажджы на Вінцэнтава краплястае фарбаванне, зялёнае яно зробіцца – аж мяняецца ад сонца. Але і гэта зеляніна не любіла сонца – ліняла ад яго: з зялёнага на жоўты, спелы колер.

Толькі не праз валаснога суддзю, што адрэзаў гэту йстужку Вінцэнтаму, не праз самога Вінцэнтага, што так стараўся – як вясна, як восень – фарбаваць яе, а праз гаваркую Кацярыну, што першая дабрала Вінцэнтавай ніве такое імя, не забыліся пра яе нашы, сквапныя на трапнае слова, людзі.

Асталіся ад таей даўніны ўсяго «йстужка» пра Вінцэнтага, а пра Юстапава багацце цэлае паданне, з імі разам злучыліся дзейкі і пра дзіўнае пахаджэнне гары пасярод Баркаўцоў.

Перш упыну не было на Юстапа з яго скаргамі. Потым, пасля падзелу, пашыкавала крыху і годзе маракаваць, што чорт дабро з свірна выносіць. Годзе ў Воркавай карчме лезці да людзей са сваёю бядою. Ды і ў самую карчму менш стаў учашчаць. А тым і цікнула: чаму такая перамена? Хто час меў ды цікавы быў, давай прыглядацца.

І заўважылі баркаўскія даходныя людзі, што ўсё то сіняваты, то чырвоны агоньчыкі з неба сыплюцца за шчыт у Юстапавым таку. Надта ж іх, гэтых агоньчыкаў шмат увосень, як людзі з поля дабро ў такі пазвозяць. Як мак тады сыплюцца. З усходу стануць нашы цікавыя людзі глядзець – усе ў Юстапаў ток збягаюцца, а зойдуць з захаду, зірнуць – не відаць нічога, толькі дзе-нідзе далёка-далёка час-часом саслізнецца зорка з неба ды пакоціцца ўніз. І сказалі тады баркаўчане:

– Тут нешта небагавое. Няйначай Юстап да нейкага ведзьмака дапяў. Прадаў чорту душу, дык от ён ужо ў нейкага другога з засекаў выбірае, а яму носіць ссыпаць усякае дабро.

Кажуць, і гара на крыжавых дарогах пасярод Баркаўцоў тады стала, як сыпаліся агоньчыкі ў Юстапаў ток. Так што цяпер, адкуль ні зірні на іх, перш-наперш карчму ўбачыш, а потым ужо вішэннік унізу пад ёю, дзе-нідзе стрэхі ў ім. А даўней – не за нашым, а за даўнейшым «даўней», кажуць, у самай западзіне, вечна пасярод гразі стаяла карчма, нідзе ніякай гары і заваду не было. Лёталі тады ўсё агоньчыкі за Юстапаў шчыт: то сіні, то чырвоны. А людзі ўжо дазналіся, што як сіні агоньчык, дык дабро нясе, а як чырвоны, дык грошы. Каму час быў ды не ленаваўся, можна было злічыць, колькі раз з чым прылятаў. Можна было ведаць – чым найболей Юстап апамогся.

Усе на гэта глядзелі: от, ліха яго бяры! Усё адно нам не панясе, а Юстапу. Аднэй Тахвілі (яго швагерцы) шваграва багацце было, як у сэрца нож. Яна не толькі, што калі нясе, ведала, але ведала і як зрабіць, каб чортавым дабром ліхі чалавек не запамогся. Згледзела была раз увечары, проці карчмы стоячы, над самаю галавою ў сябе сіні агоньчык, ды так ён проста туды, дзе Юстапаў ток, і коціцца. Зайздрасць борзда Тахвілю напавуміла, што трэба зрабіць. Зрабіла яна спадніцу так, каб даступней руцэ было, ды па мяккім месцы сама сябе калі лясне разоў тройчы.

– Гола, – кажа, – маё цела. Хай жа гэтак гола ў таго будзе, каму ты нясеш.

Хоць сабе чорт і невялікая шышка, але не любіць, калі ўсякі начне з яго вяршэнства здымаць. І ў чорта злосці не купіць… Калі сыпнуў ён прыскам на зайздросную Тахвілю, дык аж траха Баркаўцы не заняліся гарэць. Добра, што Тахвіля ўправілася роўна стаць і спадніцу з рук у пару пусціла, а то б яе ссек чорт горш, як шротам, а так – усяго крыху рукі прыпёк. Яшчэ тое Тахвілі ў помачы было, што гарэлую спадніцу насіла. Хоць і залавіў чорт крыху, але толькі яно застукала, як па блясе, ды скацілася далоў. Як нёс ён асмін з дванаццаць грэчкі, дык так і сыпнуў пасярод Баркаўцоў. І не абы-якая грэчка была: буйная, ядраная. А чыстая ж! Як вока. Але на ліхое дабро не пагналіся нашы баркаўчане. І на завод ніхто жмэньку не ўкраў. Так і асталася ляжаць пасярод вёскі ў капцы, як і пасыпана была. Да таго ж нейкая праціўная, што коні пудзіліся, як блізка вязлі. Ужо вароны – нашто не пераборлівыя птушкі, а і тыя не хацелі дзяўбці. Будзе ляцець над самым капцом і ў той бок нават не зірне, пераляціць ды на сметніку дзе сядзе, там сабе чаго пашукае. Каровы тады нельга было вуліцаю гнаць: як толькі да карчмы дойдуць, паўстануць наўкола капца і равуць – бі-забі не адгоніш. А ўночы сабакі з усёй вёскі збягуцца, галовы ў гopy пазадзіраюць ды давай галасіць, зямлю драць.

Чыстае згубенне было баркаўчанам, пакуль не ўсхадзіліся вятры. Ну і шалёныя ж былі яны! З хаты выйсці нельга было – чалавека валялі. Дзень пры дні з аўторка да пятніцы дзьмулі. Яшчэ людзям як людзям – от набытак за той час намучыўся. Тры дні ў хляве галодны стаяў – нельга было ні ў поле на пасту выгнаць, ні з току харчы прынесці яму ў хлеў. Замялі тыя вятры чортава насенне пяском – чвырам з дарог, чорнаю тарпавінаю з агародаў. За тыя кручаныя дні так спрытна юцуха перамяшала ўсё, што зрабілася зямля такая, як бы і спрадвеку яна на гэтым месцы ляжала. І ад тых дат стала ў Баркаўдох гара проці карчмы на крыжавых дарогах над усе нашы невялічкія ўзгоркі. Суха з таго часу зрабілася ў самым патрэбным месцы, дзе чужыя падарожныя людзі заўнімаюцца, як ідуць у карчму пагрэцца. Часам пад вечар, як з кірмашу едуць, бывае, вялікі завоз хурманак збіраецца тут. Гэта месца на месца тады робіцца падобна. Таму і далі нашы людзі яму прыкладку– «Траецкаю гарою» завуць, на Менск глядзя. А тая грэчка і цяпер на гэтай гары знаць. Дзіва што нешта муляе ў ногі, як босы тудэю йдзеш?! – гэта ж тое чортава насенне. Бывае, што дажджы зверху пясочак прамыюць, дык яно і відаць. Нагнешся, паглядзіш – здаецца, і няма яго нідзе, a ступі, дык і чуваць, што нешта востранькае, маленькае колецца, як грэчка ўсё роўна.

І не адлучыць тут ніяк праўды ад казкі.

От лепей выберам калі вальнейшы час ды адыдземся назад у даўнейшае гадоў на трыццаць, самі таго дзіва паглядзім. Толькі выбірайма так, каб і ў нас вольны час быў, каб выхадны дзень прыпадаў, ды каб і ў людзей была вольная часіна: так выбірайма, каб наш выхадны дзень, а іх даўнейшае свята ці які прысвятак у адзін дзень сышліся. Гэта ж тое ведайце, мы на той бок вайны, у старую бытнасць адыходзімся. Людское свята ці прысвятак нам трэба, каб не хадзіць за патрэбнымі людзьмі па полі дый ля дому па ўсякіх заканурках, каб іх не шукаць, замінаць працавітым у рабоце, пытаючы ды шукаючы сабе добрай прыгоды, цікавага слова. Без прыгод працуюць людзі, а здараюцца прыгоды пры рабоце ўсяго ў гультая.

Дабірайма не толькі свята з выхадным днём, але яшчэ і сам дзень каб быў ясны, пагодны. Хмурны дзень, дождж, пацяруха людзей сном спакушае, цяжарам успадае на іх павекі, што позна плюшчыцца і рана расплюшчвацца звыклі. Дабірайма так, каб людзі на прызбах пад лагоднае летняе сонейка ў гурце сабраўшыся былі. Тады і пачуць і ўбачыць можна будзе шмат чаго.

Дык от калі пачуваецеся моцнымі ў нагах, калі не палохае такая далёкая дарога: трыццаць гадоў – не трыццаць вёрст вам! – дык тады давайце пачнём свой абход.

ІІІ

Кажны Заблоцкі, як Юстап, так і Вінцэнты, не толькі сваю долю, але і сваю хату меў. Пра іхныя долі далей яшчэ шмат будзе мовы, а хаты ў абодвух нядэшлыя былі – чуць у духу.

Гразкая вуліца ў Баркаўцох – толькі ўчора прайшоў дождж. Усяго з аднаго вышэйшага, сушэйшага боку на вуліцы дзе-нідзе памошчаны кладкі: дзе за гоні, дзе за двое ляжаць адна ад аднэй. Невялікая з іх дапамога, але часам у самым патрэбным месцы, у самай глыбшай гразі надарыцца каторая і, што чалавек з халявы б вычэрпаў, толькі па костачкі пасаджае ў гразь боты. Абутаму гэтакі ратунак нішто сабе, а босаму і саўсім добра.

Дык от мы сталі проці Заблоцкіх і не ведаем, што тут рабіць. Сталі перад Юстапавымі варотамі і пазіраем на Вінцэнтаў двор. Ён бяднейшы, да яго да першага трэ было б зайсці. Але як перайсці гразкую баркаўскую вуліцу на другі, ніжэйшы, гразчэйшы бок?

І што ж мы зробім? Маючы на Вінцэнтага за яго беднасць лепшую ўвагу, зойдзем перш да большага, шчаслівейшага яго брата, да баркаўскага багатыра Юстапа Заблоцкага. Хай за гэта будзе вінен той даўнейшы баркаўскі валасны суддзя, што пасяліў Вінцэнтага ў такім невыгодным месцы.

«…здаўна шчапаліся Заблоцкія на дзве палавінкі…»

Двух сыноў меў Юстап. Пакінем надалей Пархіма, большага Юстапчыка. Што ты пра яго скажаш, калі ён ніколі дома не стыкаецца. Ужо год пад васемнаццаць бралася хлопцу. Увазнаў дзявочы хвартух, дык – абы вольная часіна – ён на сяло, абы вечар – ён на вячоркі. Толькі тады Пархім дома, як работа ёсць. А што ты скажаш пра чалавека, занятага працаю?! Калі ён не гультай, калі спрыцен да работы, дык без жадных прыгодаў гарыць яна ў яго ў руках. От як ужо ўпыніць яе, або як надарыцца свята!.. Ёсць тады што сказаць пра чалавека: і праўды стае, і прылгаць можна, бо чаго не выкусіць, чаго не прытворыць вольны ад работы чалавек.

Пакінем надалей Пархіма… Мала таго, што ніколі яго няма дома.

Як толькі свята, і ў Баркаўцох Пархіма цяжка злавіць – як звалачэцца дзе ў дзесятае сяло, дык з раніцы да вечара будзе там круціць галаву.

Меншы Юстапаў сын Савоста многа спакайнейшы, можна сказаць, удаўся хлопец. Тады, як сыпаліся агоньчыкі за Юстапаў шчыт, як завялася гара пасярэдзіне вёскі ды шмат усякіх іншых датваралася штук, Савоста пільнаваўся дому. Не выжвараў ён лішняе з адзежаю. Толькі ў пялёнкі адзяваўся, і добра, хораша яму было. Калі яшчэ маці, Прузына Юстапіха, умітуські спаўе – вунь якая рызыка была малому Заблоччыку. Бо не абы-які той пояс быў: зялёнымі завушніцамі па белым полі вытканы ён.

Пра Савосту ў такіх гадох, на добры лад, і казаць няма чаго: ніякіх здарэнняў не было ў яго, без жадных прыгодаў ляжаў у калысцы. (А любіў Заблоччык здарэнні, не адкінуў бы ён і прыгодаў). Надта ж цікава было малому носам памацаць зямлі, дазнацца, ці цвёрдая яна. (А даўней жа ў хатах падлогі нават і ў такіх багатыроў, як Юстап Заблоцкі, не было). Усё з калыскі Савоста парываўся, каб галавою ўніз цераз край перавесіцца. Hі хадзіць, ні поўзаць не ўмеў яшчэ, а ўжо прабаваў, каб як лятаць паспрабаваць, каб перш-наперш гэту хітрасць рабіць налажыцца. Мелася ў яго быць калі-небудзь такое здарэнне, але не праз каго чужога, праз сваю мацеру, ліхадзейку Прузыну, не здарылася яно. Быў ёй дурны страх, што ссадзіць нос малое.

– А-а, люлі!.. – бывала, цягне яна над калыскаю сваім нядэшлым голасам. – Люлі, люлі-люліша! Каток дзеткі калыша… – Калі ж ні Прузына, ні каток – ніводнае з іх не дасць плаксіваму дзіцяці рады, тады яна яму забаўку падсуне: сваёю абвіслаю торбаю плаксівы рот закаркуе. Калі ж і гэта не помач – «воваю» пастрашыць, дакляруе старцу аддаць за непаслушэнства. Скажа:

– Ціха, Савостачка!.. Ціха, дзіцятка!.. Спі…

Не было і ў тым ніякага здарэння, што калі надыдзе Ян, дык перад Янам увечары купалле ўсякі раз бывае. Пра гэта нават з песні людзі ведаюць, што «сягоння купалле, заўтра Ян». Год у год так бывае.

І песні на купалле не здараюцца, а павінны быць. На купалле не толькі з песень, але і многа з чаго няма ніякага здарэння. Калі назаўтра, на Яна, пойдзе каторы чалавек поля паглядзець ды ўбачыць у пшаніцы лагво. Не будзе ён дадумляцца, што тут рабілася, як гэта здарылася. Трэба ж дзяўчатам у пшаніцы пакупацца ў купальскую вясёлую ноч. Трэба ж змыць з сябе чарнату, загару свае працы, прыдабыць сабе харашэйшай, бялейшай пшанічнай красы. І не будзе на іх маракаваць змыслы чалавек.

Але пакуль варагі, пакуль купацца ў пшаніцу ціхенька ад хлопцаў уцячы, мелі моду дзяўчаты збірацца на Андруковай прызбе, па-суседству з Заблоцкім.

 
Да сядзела купалле на плоце.
Да яго галоўка ў злоце.
 

Хоць і любіў прыгоды Заблоцкіх малы, хоць і спадзяваўся на неспадзяванае здарэнне, але баяўся ён гэтай песні. Заплюшчыць вочы, каб тае «вовы» не бачыць, што сядзіць на плоце проці Заблоцкіх акна, і ў хату пазірае. Мелася, на дзяціны Савостаў розум, тут здарэнне быць. От зараз, здавалася малому, здарыцца яно. Зараз «вова» з доўгаю белаю торбаю адчыніць дзверы ў хату, старэчага скажа «пахвалёнага». Дармо, што ў «вовы» галоўка ў злоце, страшная яна, як і гэты доўгі плаксівы голас у песні.

Марная Савостава надзея была: здарэння не здарылася. Уцяклі з вуліцы дзяўчаты сабе пшаніцы шукаць. І немаведама дзе дзелася «вова» з-пад Заблоцкіх акна. Не здарэнне, а чыстая бяда была Заблоцкім з гэтаю пеўчаю прызбаю. Каб гэта было здарэнне, каб урэдкаю: у два, у дзесяць год, дый то як пападзецца толькі можна было тут песню сустрэць, тады б адчыніла Прузына акно, на ўзлакотках узаперлася б на падаконнік ды людской весялосці паслухала. Неяк бы ўняньчыла малога, неяк гаварыла б, што нічога тут страшнага няма. Тады і малы прыгледзеўся, прыслухаўся б, сказаў бы:

– Мама, от цаца…

A то прыслухаліся Заблоцкім дзявочыя песні. І не залюбіў малы купалля, а яго маці «курч» ненавідзела. Бывала, як пачуе ўвечары з вуліцы: «Акончыў курс свае навукі…» – усякі раз не датрывае Прузына:

– Ізноў гэты ненавідны «курч» зяваюць. Ад’еў ён мне вантробы!

Няма на Прузыну сну праз гэты ненавідны «курч».

– Пайдзі ты, бацька, – скажа яна на Юстапа, да багатыра Заблоцкага, – праштыр іх там з вуліцы: яшчэ дзіця пабудзяць.

І гэта не здарэнне – не раз так было, – што ўстане з ложка Юстап. Ва ўсім белым, ускінуўшы на плечы доўгі кажух, выйдзе ён на двор. Стане ў варотах ад вуліцы.

– Каб вы на жывот зявалі! Каб вам пазачыняла, пазакладала!

Аднаго «курчу» Прузына цярпець не магла, а Юстап і ўсіх песень не надта ўважаў. Толькі як калі ўвечары з карчмы дадому вяртаўся, любіў з песняю ў сваю хату дзверы адчыняць.

 
Рада баба, рада баба,
Што дзед утапіўся…
Ліха яму, ліха яму —
За корч ухапіўся!..
 

Самая вясёлая песня, якую любіў ён.

Не за Юстапаваю бытнасцю, а ў яшчэ даўнейшыя, даўней надта ж шанцавала п'яным на розныя дзіўныя прыгоды. Няма цяпер ім гэтае выгады. Прыстане ідучы каторы: як ужо добра ўлукаткі пойдзе яго дарога. Самлеюць хаджалыя ногі. Абсунецца чалавек на зямлю.

– І ляжы. Чорт цябе бяры! – скажуць на яго людзі, гэта гора ўбачыўшы, даўнейшым словам.

Цяпер на ўзві-вецер ідзе людское слова. А даўней і праўда было, браў чорт п’яных, меў на іх ласку – к сабе ў госці заклікаў. Утоміцца каторы ідучы, дык чорт такога добрага стаеннага каня дасць, што толькі глядзець. А не можаш сам сесці на яго, залішне гарэлкі перадаў, цяжка з сабою падымаць яе – чорт ласку зробіць: падсадзіць. Цалюткую ноч на тым стаенным кані будзе па сваіх маёнтках, па балоце, па куп’і вадзіць. А пад раніцу разгледзіцца, вочы пратрэ чалавек. Сядзіць ён на яловым карчы ці так на якой ламачыне. Плюне, працверазіўшыся, ды пойдзе памаленьку дадому.

– От, – скажа, дадому прыйшоўшы, – са мною прыгода была.

Ого, даўней! Было тады чым п’янаму пахваліцца. Але чакайце, можа, яшчэ што і ў Заблоцкіх будзе. Вы чуеце! Вунь Прузына.

– Ужо сыскаўся, п’яніца, – з свайго запеку сварыцца на Юстапа.

– Тут, сучка! На-цю-на!..

– А што? От зараз… – Вы не глядзеце, што Юстап на ложак кладзецца, як бы ўжо ён знябыўся. Гэта так… Тут нейкая хітрасць.

– Савоста! Савоста!.. – кліча бацька к сабе сына.

Савосту ўжо быў шосты год пайшоў. Ужо і ногі, і язык добрыя ён справіў сабе. Толькі нешта не слухае сын Юстапа.

– Савостачка!.. сынок!.. падыдзі ж, каб ты па свеце не хадзіў!

Не пусціць у паблуд Юстапіха свайго малога.

– От, каб табе язык не служыў! – аказалася яна з запечка. – Гэтак дзіця выклінаць?! Дзе ж: адап’е розум – каб ён смалы напіўся! – ды плявузгае немаведама што.

– Савоста!.. Савоста!.. – не перасціхае п’яны багатыр Заблоцкі.

– Чаго, тата? – падыдзе малы.

Ну, зараз нешта будзе! Зараз павінна здарыцца нейкае здарэнне.

– Падыдзі ў гэнай здыхлы папытайся: можа, ёй падаць трэба чаго. Можа, смалу, дзёгаць, можа, газу піць будзе…

Адыдзецца малы, памаўчыць, пачакае крыху, a потым:

– Мама!

– Чаго ж ты, сынок?

– Можа, вам дзёгцю, можа, газы хочацца? Можа, смалы падаць?

– Ах ты, лайдачына!.. Пайдзі ў гэнага п’яніцы папытай, – пакажа на ложак.

А таго п’яніцы, як і ў хаце няма – спіць. Надта ж падкі ён да сну. І праз гэта без жадных здарэнняў зжывае свой век.

Няма чаго нам больш бавіцца ў гэтай хаце. Ведаем ужо Савостава маленства, Юстапава п’янства і Прузынінага непрыяцеля: ненавідны «курч» – і даволі з нас.

– Аставайцеся здаровы, – скажам Юстапу Заблоцкаму, Прузыне Заблоцкай і іх сыну Савосту Заблоччыку. (Не было Пархіма дома, не віталіся з ім і развітацца з намі не прыйшоў ён). Трохі вуліца падсохла: каторы ўжо год, як той успамінаны дождж прайшоў. Перайдзём цяпер на другі бок да Вінцэнтага Заблоцкага.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю