355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лукаш Калюга » Нядоля Заблоцкіх » Текст книги (страница 2)
Нядоля Заблоцкіх
  • Текст добавлен: 22 марта 2017, 08:00

Текст книги "Нядоля Заблоцкіх"


Автор книги: Лукаш Калюга



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц)

ІV

Вы чуеце: нешта трумкае ў яго хаце. Гэта Вінцэнты струны нацягвае, робіць з імі лад. Добрая прымета: у чалавека час ёсць – разгледзецца, распытацца будзе калі.

Не спяшаймася ў хату. Заўнімемся крыху на Вінцэнтавым гразкім дварэ. Пастаім тут ды на меншага, бяднейшага Заблоцкага пакоі паглядзім. Дрэнь, па праўдзе сказаўшы, яго пакоі: не толькі пакояў, але хаты не варты яны – з зямлі шчыт рукамі дастанеш. Некалі гэта Вінцэнтава будыніна не хата, а варывенька звалася. Складаў у ёй той чалавек ад каго Вінцэнты яе адкупіў, па крысе буракоў, бручкі, рэдзькі, капусных качаноў на высадкі, ставіў у ёй кадзь сечанай капусты і кадзь галовак сабе на зіму, цэбар пасоленых агурок гэтаксама меў сваё месца. А перавёз сабе Вінцэнты тую варывеньку, і лепшы яна ў яго знайшла толк: два акны, як далонню закрыць, прарэзаў новы гаспадар, каб крыху блішчала ў хаце, каб ведаць, калі развіднее і калі змяркаецца на дварэ. Наняў муляра, зрабіў печ і пачаў ад тых дат у варывеньцы жыць Вінцэнты Заблоцкі, пачаў хатаю сваю будку зваць.

Нагінайцеся, нагінайцеся, таварыш чытач! Не надта хаджаламу чалавеку ссадзіць сабе лабэціну ў Вінцэнтавых нізкіх дзвярах. У тры-чатыры пагібелі згінайцеся тут, бо з паклонам:

– Дзіндобры! – Вінцэнту Заблоцкаму і Разэлі Заблоцкай трэба даць.

І ў хату зайшоўшы, не рассядайцеся надта, не раскідайце на бакі шырока, не выцягуйце наперад далёка сваіх цыбатых – калі яны ў вас такія – ног, бо цесна будзе. Вы ж не захочаце, можа, у столь галавою ўпёршыся стаяць, прастарнейшае сабе ў гэтай цеснай хаце выбраўшы месца, бо, калі крыху завысокі, і тут нагнуцца давядзецца.

Можа б, крыху і лепей, прастарней у Вінцэнтага было, каб не печ. Вялікая з яе замінка ў гэтай шчыгульнай, у абляжку збудованай хаце. Але няма на гэта ніякае рады – не можа без печы абысціся гаспадарскі чалавек.

Меншы Юстапаў брат, гаспадар гэтай хаты, па праўдзе сказаўшы, і не Вінцэнты зваўся, а Вінцэсь. Не малому яму далі такое імя, а даросламу. З Вінцэся на Вінцэнтага перахрысцілі, што не абы-які чалавек быў ён у нас, што за сваё гранне і ў Баркаўцох і за Баркаўцамі далёка на свеце славен быў. Дзе толькі людзі чулі што пра нашы Баркаўцы, там і Вінцэнтага зналі. Здалёк ездзілі па яго, каб на вяселлі ці на іншай якой вясёлай бяседзе пайграў. Не было над Вінцэся ні здатнейшага музыкі, ні лепшага чалавека. І дзіва тут няма, што далікатнейшае яму здумалі людзі імя.

За вяселлямі ды за ігрышчамі не было калі Вінцэнтаму ні сваёй слімазарнай гаспадаркі глядзець, ні вольна дыхнуць у сваёй хаце. Адно яму ў руку было, што ў пост не толькі на скорам, але і на людскую весялосць пост быў. А даўней шмат пастоў людзі зналі і вялікіх шэсць тыдняў пасцілі ды дробных пастоў усякіх розных яшчэ была чортава гібель: пятроўка, іспасаўка, піліпаўка ды штотыдня серада з пятніцаю. Толькі і жыў у пасты Вінцэнты – ніхто да яго тады не сляпіўся.

Надта ж мяккі Вінцэнты на далікатнае слова. Не можа ён нічога чалавеку наперакор сказаць. Гатоў кінуць сенажаць някошаную, сена нягрэбенае, кінуць жыта нязвезенае, а ўкруціць цымбалы ў абрус, сесці чалавеку на воз, калі здалёк той па яго прыехаў, ды й махнуць з Баркаўцоў. Толькі яго тут і бачылі! Адно пыл закурыць.

Гіне Вінцэнты.

Гіне праз свой дур.

Не любіў ён рыбы ні лавіць, ні есці. Не любіў, але мусіў.

– Хто яго ведае, недзе як звалокся, дык от ужо другі дзень як дома няма, – маніла Вінцэсіха прыезджаму чалавеку, што распытваўся ў яе:

– Дзе ж ваш чалавек! Можа б, ён паехаў пайграць нам.

А Вінцэнты гэтым часам, каб ад абрыджонага чалавека адкасніцца, браў дзве вуды ды, туляючыся, па загароддзі ўцякаў на рэчку.

Закіне Заблоцкі сваё рыбацкае начынне ў ваду. Падапрэ плячыма старую збуцвелую алешыну, сядзе конна на яе карэннях, што павымывала ў паводку вада. Сядзіць і думае цяжкія думы пра свой марны лёс. І ні разу ён на паплавок не зірне: схаваўся той ці наверсе на вадзе ляжыць. Каб завялася ў баркаўской рацэ дурная рыба, каб дарэшты высахлі яе невялікія мазгі, каб наважыла яна сябе са свету збаёдаць, дык от – як мела вешацца – магла б зачапіцца на Вінцэнтаў зазубень[2]2
  Зазубень – кручок.


[Закрыть]
, тут сабе смерці пашукаць. Цяжкі быў бы канец таей рыбе. Давялося б ёй згнісці на Вінцэнтавым зазубні, пакуль бы той агледзеўся, што нешта злавілася ў яго. Толькі не вядзецца дурной рыбы ў нашай рацэ. І не ловіцца нічога ў нашага музыкі. Ды дзе там будзе брацца што на яго зазубень, калі Вінцэнты часта не толькі пра рыбу, але і пра чарвяка забываўся. Нічога не зачапіўшы – без ніякай прынады закідаў ён у ваду рыбіну смерць.

Не ўлову, а пераказу чакаў ухвалёны музыка. Чакаў, калі прыйдуць з дому весткі, што паехаў далей сабе патрэбнага чалавека старацца той музыкаў страх. Не лавіць, а каб самога не ўлавілі, рупіла яму. Гэтага баючыся, гатоў быў Вінцэнты праседзець на альховых каранёх суткі-двое…

Гэтак аднаго разу нешта Вінцэнты на гумне рабіў. Бачыць ён, што нейкі чалавек у варотах прывязвае сівога каня. Да гумна плячыма адвярнуўшыся стаяў той чалавек. Не пазнаў яго Вінцэнты: знаёмы, ці блізкі, ці далёкі там быў. Не было калі Заблоцкаму разглядацца, пазнаваць – барзджэй на перадточча ўцёк, за калашнёю схаваўся, пачакаў, пакуль той у хату зойдзе. Не было ў прыезджага чалавека вачэй у патыліцы, а сядзелі яны ў яго, як і ва ўсіх добрых людзей, у лбе, і не згледзеў ён на гумне Вінцэнта Заблоцкага.

От Вінцэнты, не заходзячы ў хату, нічога нікому не кажучы, каля пограба расстараўся сабе кашаля ды махнуў па загароддзі ў графшчыну ў грыбы. Аднак у яго там ляснік быў знаёмы: калі дзе і стрэнецца, не будзе білета пытацца, не здзярэ жакеткі, не адбярэ кашаля, што не мае Вінцэнты ад графа карталюшкі, дзе б адзначана было, што за грыбы, за ягады рубель заплочан у двор гэтага года; не будзе з Вінцэнтам ляснік сваёй службы глядзець, а дружбу ён успомніць: стане ды лагодна, як добры чалавек, пагаворыць; пойдзе, куды ішоў, пагаварыўшы.

Як пайшоў тады ў графшчыну Вінцэнты, дык там, у грыбох, і траха японскае вайны не прахадзіў. Так прыпазніўся ў лесе. Грыбы збіраць – не рыбу лавіць. Любіў наш музыка гэту работу. Да самага змроку па́даў ён па гушчарох, абыходзіў аднаму яму вядомыя грыбныя мясціны, дзе баравікі, як рэшатам накрыць, і каралю сваіх шапак зняць не хочуць: смела і горда трымаюць іх, з густога моху наверх на віднейшае месца павылазіўшы. З аднымі толькі баравікамі нізкімі паклонамі вітаўся Вінцэнты. З моху, з спрадвечнай глушы памагаў ён ім, крамачом, крыху знізу падважыўшы, вылезці, убачыць большы, дальшы свет. Даваў ім Вінцэнты лепшае: адборнае, не чарвівае, маладое таварыства ў сваім кашалі, памаленьку, як добрых паноў шануючы, саджаў іх туды. Усякімі варыстымі грыбамі: суравежкамі, зялёнкамі, лісіцамі, апенькамі не паганіў ён свайго кашаля і баравіковага таварыства. Не браў і казлякоў, махавікоў, бабак, падасінавікаў. Будзе ісці і, калі трапіў яму такі грыб пад нагу, не абміне, растопча.

Да самага змроку забавіўся ў лесе музыка. Шараю гадзінаю выйшаў ён у шчыры бор з маладняку. І не шум баравы яму ў гэтым бары па японскай вайне. Знаёмымі сцежкамі папацёмку пасунуўся ён дадому.

На ўпартага чалавека нарваўся гэтага дня Вінцэнты Заблоцкі. Не ўцёк-такі ад яго просьбы. На сваё гумно прыйшоўшы, бачыць ён: адчынена адна фортка варот у таку. Ідзе ён бліжэй і чуе: нешта ці нехта па-конску хрумкае там, у будынку. Калі ж Вінцэнты, гаспадаром быўшы, абедзве форткі адчыніў, лепш тады і больш пачуў і ўбачыў ён тут. Стаіць у яго таку тая самая, што перша, як адыходзіў у лес у грыбы, бачыў каля сваіх варот, сівая кабыла. Да чужой, здэцца, крыху знаёмай каламажкі прывязана яна, цягае папоўніцы зялёную, толькі што скошаную канюшынную атаву з перадка. Уцякаў Вінцэнты, ажно – на гумне жончын і нечы другі, крыху знаёмы, голас, – сам ён у рукі прыйшоў.

Ды ці мала ў музыкі крыху знаёмых каламажак? Прыгледзеліся яны Вінцэнтаму. Ды ці мала ў музыкі крыху знаёмых галасоў?! Прыслухаліся яны Заблоцкаму.

– Ну й толькі бяды. І паеду, і пайграю… – сам сябе цешыць ён. – Што гэта мне, цяжка?

Ажно, як зайшла Разэля з незнаёмым чалавекам у ток, бачыць Вінцэнты, што і туляцца, уцякаць яму няма ад каго. Той незнаёмы і надта знаёмым зрабіўся. Быў ён не хто чужы: Разэлін брат, Вінцэнтаў швагер Алесь з Копанаўшчыны. Прасіў ён Заблоцкага, каб швагерцы вяселле пайграў, а Разэлю прасіў за свацянку на сястрыно вяселле прыехаць. Прасіў перш Алесь Разэлі, каб яго просьбу пераказала Вінцэнтаму. А потым Разэля Алеся папрасіла яе Вінцэнтага заўтра рана на вакзал падвезці.

– Няма як яму, Алеська, на вяселлі быць. Сягоння казалі: у войска ісці трэба.

Падрадзіўся Алесь зрабіць сястры гэту ласку. Астаўся ён начаваць у Заблоцкіх, каб заўтра рана, з певунамі разам, устаць ды, пакуль развіднее, на вакзале быць. Даўней рэдка калі ездзілі на машыне нашы баркаўчане, – пары не зналі. А наш чалавек надта ж баіцца, каб хаця на тэрмін не спазніцца.

Гэта ж таго дня, як сышоў Вінцэнты ў лес у грыбы, быў надвечар сход у Баркаўцох. Ужо даўно недзе далёка, недзе на свеце было некаму горача ад вайны, як ад добрай, цяжкой работы. А ў Баркаўцох і мала знаку ад таей далёкай калатні. Даняло людзям толькі, як у воласці загад прыйшоў, што адзін год – той, з якога Вінцэнты – бралі ў войска японцаў біць. Прачытаў на сходзе валасны старшыня той загад. Так ён тады яго начытаўся, што аж галава круціцца пачала і ў вачах кругі пасталі. Адны вялікія літары, і то добра падумаўшы, разбіраў даўнейшы баркаўскі валасны старшыня, а такія, як у тым загадзе, у яго ўсе былі падобны адна на адну. Дрэнныя, не памятушчыя меў ён вочы, няскладны, клышаногі язык, але затое прабеглы быў пісар у старшыні. Як толькі большае начальства скончыла чытаць, тады меншае – пісар – чытаную, але не разабраную мову падхваціла: пераказала яно нанава ўвесь загад, сказала па імені, каму з баркаўчан ісці трэба і што заўтра ўсім «памянёным» трэба рана на вакзале быць. Потым яшчэ нагаварыў пісар шмат чаго ад сябе. Самае ж галоўнае – пра шапкі.

Канечне, тады рускаму цару, – як пісар казаў, – хацелася японцаў шапкамі закідаць, a то яму тады перад другімі царамі будзе не гонар. Гэта слова добра залавілі баркаўчане, а далей пісаравай мовы яны добра не разабралі – надта ж хуценька гаварыў: ці тыя шапкі будуць казённыя ў войску даваць, ці свае з дому браць трэба – не ведалі.

Вячэраючы, расказала Разэля Вінцэнтаму, што чула на сходзе. А калі яна дзе на якім цераз лад хітрым слове ўвапрэцца, там брат ёй мала чаго лепей паможа.

– Можа, гэтак? – папытае.

Паглядзеў з-за стала Вінцэнты на сваю шапку, што ў парозе вісела на круку. Сам Заблоцкі – мужык, a шапку шляхечую насіў. Малая яна была ў яго. Верху чуць завад. Дзе ты гэтакімі шапкамі японцаў закідаеш?!

На аднаго японца іх трэба незлічоны лік, а дзе тых шапак на цэлае войска набярэшся?!

От каб такія шапкі патрэбны былі, што імі можна б было ад японскае кулі сябе засталучыць! Такой бы шапкі сабе наш чалавек і ў войску б выстараўся і з дому б узяў, каб меў. А то – японцаў закідаць?! Некаму надта галава баліць, што цару не гонар будзе?! Што нашаму чалавеку цар – сват, брат ці за адным сталом гарэлку піў з кім у Воркавай карчме?

V

Невялікая сям’я ў Вінцэнта Заблоцкага. Назаўтра, як прыйшлося развітацца, дык і няма з кім. Адна Разэля. От ужо чацвёрты год па вяселлі пайшоў, чацвёрты год, як Разэля з Ткачышкі на Заблоцкую перабіжмавалася, з Конапаўшчыны асталася сюды, у Баркаўцы. Не было ў іх хаце ні разу смерці за гэтыя гады і ані сям’я не пабольшала. На адны грыбы ды на сваё абрыджонае гранне быў майстар Вінцэнты.

– Аставайся здарова ды не журыся надта, – сказаў ён Разэлі на ад’ездзе.

Селі яны ўдвох з Алесем на воз ды паехалі.

Адна Разэля доўга стаяла ў варотах, уцірала ражком хусткі вільготныя вочы.

А быў якраз ветах. Пад раніцу была відная ноч. Ехалі яны і маўчалі. Вінцэнты пазіраў у адзін бок, Алесь у другі. Першы, унурыўшы ўніз галаву, заўважаў, іншай, лепшай работы не маючы, як вобмацкам пад граззю шукае сабе кола цвярдой дарогі – расхінае гразь на бакі, каб другому, хто потым па гэтым месцы будзе ехаць, спрытней было. Другі на бакі глядзеў, дзе што ў каго пасеяна было: дзе якое ржышча, дзе якая – мяльчэйшая, глыбейшая – ралля.

– Што гэта ў вас за чалавек ёсць, што яго поле аблогам ляжыць? – пытае Алесь, Вінцэнтаву ніву ўбачыўшы. – Хто ён – кравец, шавец ці стэльмах які?

– Ды гэта не хто далёкі – сусед мой. Не шавец, не кравец ён, а закройшчык: кроіць хлеб на лусты, калі ёсць на стале. Праз паганы свой талент ды праз дурную натуру ўрабіць зямлю не паўздужае. У арэнду яе выпусціў. І добры гаспадарок яму ў пасэсары трапіў. Дзірванок. Можа, чулі калі такое прозвішча?

Шмат баек мае Вінцэнты пра свайго пасэсара. Любіць іх час-часом людзям у вясёлай бяседзе расказаць. Згадзіліся яны яму і цяпер, у ранняй дарозе. Хваліць Дзірванка, аж падсмакуе.

– Ого! Што за гаспадарок – Дзірванок! Нізенькі ён такі, шэранькі, як верас, што на дзірванох расце. А працавіты, старанны чалавек. Ніколі не хоча, каб маё перайшло, а мне кожан раз свайго перапусціць.

– Змыліўся Вінцэнты ды чужога, суседава Дзірванка сабе прысвоіў. Ён мне і авечкі на сваёй арэндзе папасе, і хвоек на будыніну загадуе. Згніе хата, дык я з яго дачы дарам бярвення вазьму. А што дровы секчы, дык хоць сягоння едзь. Казаў: «Ні білета, ні платы – нічога не трэба. І аб’езчыка не будзеш чакаць, пакуль адбіць змоліцца. Без ніякага адбою вязі, і ніхто табе слова не скажа».

На баркаўскім чвыраватым полі Дзірван лёгка ў арэнду бярэ. Гадоў на два запусці ніву, дык ён чабаром, верасам яе засее, хвоек панатыкае, а дзе-нідзе і маладзенькіх бярозак к сёмусе на май панасаджае. Гадоў за колькі свой лес загадуе.

Не ў аднаго Вінцэнта хвойнік на нівах, не адзін ён знаецца з Дзірваном. Шмат абложных ніў траплялася ім па дарозе. Але такі Вінцэнтава адмянілася ад усіх. Дзе толькі ёсць яго нівы, адразу кожную пазнаеш. На іх пасэсар такія хвоі пагадаваў, што з гора і на хату дабры, а ў Вінцэнтавых суседзяў усяго на калатоўку.

– …не журыся надта, – казаў Вінцэнты сваёй Вінцэсісе, Разэлі Заблоцкай. Тады, у варотах стоячы, як уцерла яна ражком хусткі вочы, дык ад тых дат ніколі болей росныя не былі яны ў яе. Нешта не відаць было на Разэлі, каб яна не то што надта, але і хоць крыху журылася.

Адна была паехала на сястрыно вяселле. Не было ёй болей з кім ехаць. Там, за свацянку ў бяседзе пасядзеўшы, нагледзелася яна на маладзёж, на старых, даходных людзей. Наглядзеў жа і Разэлю на тым вяселлі адзін пажылы шляхцюк з блізкага засценка, з Ігнатоў. Неяк жа загнала яго сюды ў вёску, у мужыкі?! Хоць з Копанаўшчыны ў Ігнаты і тры вярсты не будзе, але засцянковыя з вясковымі не надта зналіся, і мусіла Разэля, даўнейшая копанаўская дзяўчына, у таго шляхцюка, як першы раз ён загаварыў да яе, папытаць:

– Адкуль самі, пане?

– З Ігнатоў.

– А хто ж вы?

– Пан Ігнась.

Далей разгаварыўшыся, болей разазнаўшыся, яшчэ Разэлі цікава было:

– Як жа ж ваша, пане, прозвішча будзе?

– Пан Стусінскі.

Не толькі імя, прозвішча і асядласць, але і яшчэ шмат чаго ведала Разэля, з шляхціцам пагаварыўшы. Як у сватох усё роўна, пахваліўся ён, Ігнась Стусінскі, што пяцёх парабкоў, тры наймічкі і сваёй сям’і два чалавекі: старога бацьку і малога, год пад дванаццаць, сына мае ён, што пазалетась, крыху раней гэтай пары, пахаваў ён жонку, што не шанцуе яму з жонкамі; надта ж не даўгавечныя траплялі шляхцянкі: адна і году не выбыла, другая крыху крапілася, ды й тая от далася.

– А папрабавалі б вы, пане Ігнась, з простага стану сабе жонкі пашукаць?!

За гэта Разэліна слова надта ж ахвотна хапіўся Стусінскі.

– Тут, проша бачыць…

Далей дазналася Вінцэсіха, што былі ў Ігнася найміты, але не было з іх ды над імі старшага, не было павяронага чалавека, не было каму даследзіць, дзе хто ступіў, як што зрабіў, паглядзець, каб не падседзеў каторы гаспадарскага дабра.

– От, як вы казалі, з простага стану… – у далёкае пачаў залазіць Ігнась Стусінскі.

– О, не! Дзе вы бачылі!.. – пра людскія языкі нешта ўспамянула Разэля.

– Дык можна як бы адвод даць… Можна згадзіцца: колькі рублёў на год. А як што калі наўзвыш, дык гэта – гасцінец.

Вінцэнты і ў сваты прыехаўшы гэтулькі не пратрымаў сам-насам Разэлі, у сенцы ўдваіх выйшаўшы, колькі цяпер шляхціц тут, на сястрыном вяселлі, у сенцах з ёю забавіўся.

Добра Разэлі гулялася гэты раз. Вясёлая па вяселлі прыехала яна дадому ў Баркаўцы. Новыя парадкі тут пачала ўстанаўляць. Пайшла да свайго дзевера, да Юстапа Заблоцкага, ды й кажа:

– Бярэце, што вам трэба… Рабеце, як вам будзе лепш…

На гадоў сем старэйшы Юстап за свайго брата Вінцэнтага. І ніяк на яго па гэтай старасці не можа Вінцэсіха «ты» сказаць. Гэтак было, як разам яны ў аднэй хаце жылі. Не змяніліся і потым, падзяліўшыся. Толькі не любіла Разэля большага Заблоцкага лішня павелічаць, і мала калі яна гаварыла з ім, але цяпер пагаварыць нехаця давялося.

Зямлю і ўвесь чыста будынак прыпаручыла дзеверу Разэля Заблоцкая, а сама сабрала ўсё патрабнейшае: што ў куфар злажыла, а што ў клункі пазвязвала. І ўсё паглядала ў канец вёскі, цераз плот на вуліцу перагнуўшыся… Усё некага чакала адтуль.

І не марнае Разэліна чаканне было. Неяк неўзабаве прыехаў на пары коней у вялікіх багатырскіх карах Ігнась Стусінскі. Паклікала Разэля Юстапа з большым сынам, з Пархімам. Паставілі ўчацвярых цяжкі, пад самае века напакаваны, куфар на воз. А клункі, вандзэлкі ўжо яны і ўдваіх – Разэля са Стусінскім – злажылі на кары. Пустую хату насцеж кінулі яны – паленаваліся зачыніць. Сеў Стусінскі ў перадку коні кіраваць, села ззаду на тых карах Разэля. Смеючыся, паехала яна на засценак.

Там, на засценку, Разэля не то за малодшую пані, не то за старэйшую наймічку асталася. Не было ніякага над ёю прымусу.

У новых вастраносых, на скрыпох, чаравіках пахаджвала ў Стусінскіх каля дому. А збрыдае прыгледзіцца ёй каля дому ходзячы, пойдзе на поле па межах паспацыраваць, паглядзець на шырокія пакупшчыцкія[3]3
  Пакупшчыкі – багатыры, што адкуплялі ў паноў поле, як тыя прапіваліся ці у карты прагульваліся.


[Закрыть]
, паўпанскія нівы.

Не мужычаму раўня шляхечы, паўпанскі хлеб. Добры, смачны, на сіта сеяны ён. Спадабаўся гэты хлеб Разэлі Вінцэсісе, і не знала яна ў ядзе меры, а гэта не дзе дзелася – сыцець пачала Заблоцкая. Што далей жыла яна на засценку, то ўсё меней бачыла, стоячы, свае дзябёлыя ногі. Нарэшце і саўсім яны недзе прапалі, схаваліся з яе вачэй. Не скупы быў Ігнась Стусінскі. Не толькі сыць, але і шыршыя, прастарнейшыя справіў Разэлі строі. І з выгляду і з адзежы пасля гэтых падарункаў чыстая пані з Заблоцкай была. Цуралася яна ўжо знаёмых людзей, ні мужыком, ні мужычкам не находзіла на вочы. Калі ж не ўсцеражэцца ды дзе стрэнецца з кім, дык ніякага далікацтва не зналі баркаўчанскія лапцявозы, – як Разэля на засценку навучылася іх зваць, – так і распачынаюць пра Вінцэнтага абрыджоную мову.

– Налажыў недзе галавою, бедны, на японскай вайне, – казала Разэля, спадзеючыся на такое здарэнне, радуючыся яму.

Не вёўся бусел на Заблоцкіх грунце[4]4
  Грунт – надзел зямлі.


[Закрыть]
. І не было ніякага прыросту ў Вінцэнтавай хаце. А ў Стусінскіх на засценку было гэта шчасце: высока з бярозы за адрынаю бусел на хату пазіраў. Мала бусла, дык яшчэ сава яму ў помачы была. Падлятала яна сюды на засценак, садзілася ў Стусінскіх на вішні ці на клёне перад хатаю ды й распачынала свае жаласныя песні дзікім голасам пець.

Баркаўскія брахлівыя людзі пра гэта як у звон білі б, каб пачулі савіныя песні на чыім грунце, але і гжэчныя засцянковыя шляхта хоць цішэй, далікатней, але, пагаварвалі, што:

– Гэта, вашэці, не так…

– Дзе бачылі, панства?! Гэта на нешта варожыць.

І праўда: неяк з панядзелка на аўторак, пад дзень:

– Куга-а!.. – у Стусінскіх у хаце аказалася.

– А што! А мы не казалі?! – смялей, мацней загаварыла тады гжэчная шляхта.

Ажно тут і па вайне было. Не сабраў рускі цар шапак, колькі яму трэба было. Паглядзеў на японцаў – шмат падлаў сабралася. Нічога ім не зробіш. Не памаглі краўцы шапачнікам і не нашылі тыя шапак, колькі на вайну трэба было.

– Бярэце, – кажа тады рускі цар на японцаў, – што вам трэба, сядзеце там на сваіх выспах сціхатою. Смела закідайце сабе ў мора свае вуды. Я і слова не скажу. Калі дзе й мой шчупак на ваш зазубень возьмецца – толькі таго! Ці я гадаваў яго?! Гэта от, каб час выпадаў… Але няма калі мне з вамі капацца. Унь ужо дома ў мяне самаго папораваць пачалі.

Везлі Вінцэнтага на Амур-раку. Мелася быць з ім такое здарэнне. Але заспяшыліся з мірам. З паўдарогі вярнулі Вінцэнтага назад. Так і не давялося яму на Амуры пабыць, паглядзець далёкай незнаёмай ракі. Не здарылася з ім гэтага здарэння.

Не толькі не меў Вінцэнты здарэння ў дарозе, але і сама дарога мала ў памяці яму: праз Сібір ехаў і – ці дасцё веры? – Сібіры не бачыў ён. Зімою гэта было. Вокны ў вагонах тады парабіліся, як медзвядзі, на корх, калі не лепей, панамярзала лёду на іх. Дык Вінцэнты ад першай станцыі, дзе загналі іх у цялятнікі, як лёг спаць – толькі пад’есці ўставаў са свайго кутка. Мала было нашаму Заблоцкаму гэтага шчасця, сну – у Баркаўцох: за вяселлямі ды за йгрышчамі ніяк не мог ён сагнаць з яго ахвоту. А ў цялятніку добра было гэтаю работаю заняцца. Тузала сабе на станцыях, пакалыхвала ў дарозе – як дзіця ў калысцы, толькі радасна праз сон расхінаў Вінцэнты ў шчаслівую ўсмешку свае лепяшыстыя таўстыя губы. І не чуў ён нават, калі зрабілася замарачэнне мазгоў яго дарозе, калі закруцілася ды пайшла яна тым самым следам назад. Так і не спраўдзілася Разэліна надзея. Уратаваўся сном Вінцэнты ад усякіх благіх здарэнняў: не чуў і не бачыў нічога ў дарозе.

– Ну, тэ-э!.. Уставай! – капянуў яго ўзводны, як Маскву міналі. І пачуў Вінцэнты ізноў над сабою вайсковую дысцыпліну. Борзда прахапіўся, на ногі стаў.

– Га? Што? – добра шчэ не раскурстаўшыся, збіўшыся з тропу, па-вясковаму пытаўся ваяка Заблоцкі.

Пратрымалі яго яшчэ крыху ў кашарах недзе ў Расіі ды пусцілі дадому.

Прынёс Вінцэнты з тае праспанай вайны шынель, цяжкую салдацкую зімовую шапку і новыя, моцныя боты. Не з пустымі рукамі вярнулася тады і Разэля з засценка. Прынесла яна ў лубку сына, на нагах вастраносыя чаравікі на скрыпох і далікатнае з засценку прынесла сабе імя – Рузя. Тры рэчы прынёс кажан сем’янін дадому.

Потым, як сын крыху падкачаўся ды пачаў распытвацца, што тады было, як яго не было, і як ён у Заблоцкіх завёўся, усякі па-свойму тлумачыў малому яго паходжанне. Адны ў гэтым мацеры давалі большую заслугу, казалі, Разэля, агарод полючы, у градзе пад капусным лістом яго знайшла. Другія бацькавай трымаліся рукі, што ён тут большы прычынец: казалі, бог Вінцэнтаму, як ён жыта рассяваў, гатовага хлопца ў сяўню з неба скінуў. А пра бусла, пра засценак ніхто і слова не сказаў малому. Не любілі ў Вінцэнтавай хаце гэтакай гаворкі.

З дваіма віталіся, першы раз адчыніўшы ў гэту хату нізкія дзверы. З траіма цяпер развітвацца давялося: з Вінцэсем, з Вінцэсіхаю ды з малым Юлікам-самасейкам.

– Бывайце здаровы, жывеце вясёлыя! Пабылі б болей. Не ганьбуем вашай нізкай, цеснай хаты. Але няма часу. І так доўга забавіліся…

За гэтыя гады, што мы з вамі ганьдзюрылі, падгадаваў меншага свайго сына Юстап Заблоцкі. Ужо гэты год мае ён выправіць яго ў школу. Дык от зойдзем да іх паглядзець: ці не здарыцца там, часам, якога здарэння.

Калі дзе гадоў колькі забавімся, няма чаго гэтага шкадаваць. Не далей ад дому, а бліжэй пад дом, пад свой час, усё бяромся мы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю