Текст книги "Вераснёвыя ночы"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
Чула тлум за сталом i скрозь усё голас Зыгмуся:
– Агата... панна Агата?
"Якi ж у яго голас!"
Сцiснула губы, глядзела бязмоўна ў акно. Хiлiўся сонечны дзень да захаду сонца, перад вокнамi сад адкiдаў доўгiя ценi. За сталом усё гаварылi. I зноў чуўся Зыгмусеў голас:
– Панна Агата!
"Чаго ён хоча ад мяне?"
– Панна Агата, я iду шукаць вас.
Чула, як шмаргануўся па падлозе ножкамi зэдлiк, затупалi Зыгмусевы гамашы.
"Гэта ж ён будзе мець права, а так, калi захоча хадзiць за мной..."
Язык у яго трохi блытаўся:
– Панначка Агата!
I так кружылася ў галаве, а гэта моцна стукнула ў мазгах. Усё заварушылася перад вачыма. Яблынавыя ценi i сонечныя лапiны на зямлi заскакалi i пераблыталiся. Закалацiлася сэрца i заныла душа выбухамi вострага суму. Ужо на гэты бок перагародкi стукалi Зыгмусевы гамашы. Тады яна кiнулася ў сенцы, выбегла на двор. Зачынiла за сабою дзверы. I пабегла на прыгуменне. "Куды ж мне?!" На прыгуменнi Стасюк кiдаў палкамi на вераб'ёў.
– Куды ты, цёця?
Думка ў яе з'явiлася раптам:
– Да Асташонка. Iдзi скажы ў хаце, што я да Асташонка пайшла.
– I я з табою пайду, цёця.
– Бяжы ў хату, скажы ўсiм, што я пабегла да Асташонка. Скоранька бяжы.
Агародамi пайшла спакайней. Калацiлася трывожна сэрца, кружылася ў галаве, сплывала патроху ценжар, што гняла душу. Не думаючы, два разы азiрнулася на свой сад. Верхавiнне груш было ясным i зялёным. Заходзiла сонца.
VII
Раставала ноч, як Асташонак прывёў Агату дадому. Яны яшчэ пасядзелi на вулiцы, перакiдаючыся рэдкiмi словамi. Фэлька не спаў – з вулiцы праз акно без фiранкi вiдаць было, як тупаў па хаце, з расшпiленым каўняром белай сарочкi, у камiзэльцы.
– Фэлька, – гукнуў Асташонак.
– Цiха ты.
Фэлька выйшаў на вулiцу, няцвёрда ступаючы разбутымi нагамi, хмельны яшчэ.
– Асташонак, ты?
– Ну як?
– Што?
– Усё.
– Цiха вы, абодва!
Агата ўстала, думаючы калюча ўшкнуць чым-небудзь Фэльку. Маўчалi ўсе трое. Фэлька, трохi збянтэжаны, сказаў:
– Зыгмусь пакрыўдзiўся.
– Зыгмусь Чухрэвiч пакрыўдзiўся! – сказала моцна Агата. – Ты iдзi, загадала Асташонку.
Асташонак пайшоў, развiтаўшыся i з ёю, i з Фэлькам за руку.
"Зараз пачнецца самае важнае, – з сумам падумала Агата. – I няхай сабе пачынаецца што хоча". Пачала шукаць у думках слова, каб укалоць Фэльку.
Але Фэлька падышоў да яе блiжэй, паглядзеў моўчкi ёй у твар i сказаў:
– Ты не крыўдзiся на мяне.
– За што?
– Ты ж думаеш, што я сiлком цябе ўгаварваў iсцi за Чухрэвiча. А яно не гэтак. Не iдзi ты за яго, калi гэтак не падабаецца ён табе... Хто гэта мог падумаць... Нядобра адно, што пакрыўдзiўся ён, такi ж мы з iм дружылi.
– Адкрыўдзiцца, калi табе гэтак хочацца.
– Я памiруся, толькi ты не ўмешвайся больш у гэтую справу.
– Я нiколi не хацела ўмешвацца.
Слёзы душылi яе, i яна пачала плакаць, сеўшы i прыпершыся плячыма да сцяны. Фэлька сеў каля яе. Палажыў руку на плячо, хмельны i расчулены, пацалаваў сястру. Яна плакала цiха. Пачынала свiтаць. Выплакала свае слёзы, рабiлася ёй лягчэй.
– Кiнь ты, не плач. Усё скончылася. Хiба нам кепска жыць на свеце?
– Бяры ты хутчэй сваю Алiмпу.
– Чаму ты гаворыш?
– Хачу табе дабра.
Зноў брат пашкадаваў яе, пагладзiў па галаве. Яна ўстала. Стала на паўзмрочнай вулiцы – прыгожая, здаровая, моцная. Высыхалi на вачах апошнiя слёзы, хараство жаночай усмешкi расцвiтала на твары. Фэлька стаў поплеч з ёю:
– Заснуць з гадзiну трэба яшчэ.
– Iдзi.
– А ты?
– Зараз iду.
Засталася на вулiцы адна.
Яснела неба, вiднела на зямлi. I шкада стала ёй, што адправiла яна так хутка дадому паслухмянага перад ёю Асташонка.
Паволi пайшла ў двор, поўная жаночага хараства. Ледзь прыкметна ўсмiхнулася – як на ўсходзе заружавеў гэты першы прамень маладога сонца.
Ападалi i пахлi ў садзе грушы. Усход рассцiлаў бялiць ружовыя палотны.
1928
Каментары
Друкуецца па зборнiку "Вераснёвыя ночы" /Менск, БДВ, 1929/. Упершыню апублiкавана ў часопiсе "Узвышша", 1928, № 4. Датуецца снежнем 1927 i жнiўнем 1928 года.