355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Вераснёвыя ночы » Текст книги (страница 1)
Вераснёвыя ночы
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:45

Текст книги "Вераснёвыя ночы"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Черный Кузьма
Вераснёвыя ночы (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Вераснёвыя ночы

I

Каля студнi з дзеравянага вядра, пазелянелага i слiзкага, капала вада на запыленую буйную крапiву i пясок. За парканам спелi яблыкi i арабiны, пад парканам раскашэльвалася мята i бабiна лета. Каля варот сакаталi куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху, i адна – надзьмутая i сярдзiтая – упарта квактала, расплывалася па пяску гарачым воллем. Абмочаны недзе шчанюк ацiраўся каля сяней i нудна вылiзваў шэрсць каля хваста. Гусак падняў галаву i глыбакадумна закрычаў. Шчанюк крыху страцiў свой нудны выгляд i забурчаў, вiльнуўшы шчуплым хвастом.

Паставiўшы каля заскарузлага карыта ражку з свiным цестам, чухаючы вуха аб голую руку вышэй локця, Агата злосна крыкнула:

– Вiляй, вiляй, падла аблезлая! Зноў недзе ўскочыў у памыi, каб ты ўжо нечага ў вiр галавою ўскочыў. Зноў усё пазагаджваеш у сенцах. Вон, каб ты выдах!

Шчанюк выцягнуўся на пяску доўгiм целам сваiм i цiхавата завыў. Квактуха заквактала мацней. З панурым папрокам Агата кiнула на яе дзеркачом.

– Квокчаш? А дзе ж ты вясною была, пошкудзь кашлатая!

Два падсвiнакi, трасучы вушамi, весела хваталi з карыта цеста. Верабей зляцеў з вiшнi на плот, пасля каменем упаў на зямлю каля самага карыта, мяркуючы, каб уварваць крыху сабе. Яго нiхто не заўважыў.

Агата выцерла рукi брудным фартухом, зняла яго з сябе i ўскiнула на плот. Рукi ў яе былi прыгожыя i прывабныя, голыя да плеч, белыя i гладкiя. Толькi пальцы на iх кароткiя i тоўстыя, непрыемныя на выгляд. Сама яна высокая i мажная, белабрысыя бровы i шэрыя вочы, зацягненыя сытаю каламутнасцю. Як iшла яна ў сенi, стан яе цяжка гойдаўся, i вочы прасiлi сну.

У халодных сенцах стаялi ночвы з памытымi гуркамi, i былi рассыпаны крупы.

– Зноў дзецi лазiлi! – сярдзiта абазвалася Агата, падмятаючы да парога буйную абдзёртую грэчку.

У адчыненых хатнiх дзвярах з'явiўся Стасюк, братнi сынок, белагаловы свавольнiк i сiрата; мацi ён ледзьве памятаў.

– Цёця Агата, я адзiн гурок вазьму.

– Ты ўжо крупы рассыпаў! Як ад цябе нiдзе не ўхаваешся. Усюды ты дападзеш.

– Гэта не я... Я вазьму гурок.

– А хто ж гэта?

– Гэта Антосеў Юрка прыходзiў. Рассыпаў крупы i два гуркi ўхвацiў i ўцёк. Я яму дам, як злаўлю дзе.

Агата сунула ў рукi яму гурок i выправадзiла з хаты. Злосная раздражненасць не пакiдала яе. Яна мучыла яе з учарашняга, калi перад вечарам брат Фэлька, скiнуўшы з воза плуг i адкасваючы порткi, запэцканыя вiльготнаю раллёю, запытаў:

– Цi праўда гэта, што Асташонак, калi браў на тым тыднi самагонку, дык управiў табе мiкалаеўскую трохрублёўку?

– Хто табе казаў?

– На полi хлопцы смяялiся. Казалi, што сам Асташонак хвалiцца ўсiм. Няхай, кажа, цяпер падае на суд. Няхай падасць, паспрабуе. I праўда, як тут падасi, каб прыйшлося, на суд, калi невядома, каго тут суд за ныркi возьме... Як бо ты глядзела! Няўжо ты не бачыш, што мiкалаеўскiя, а што савецкiя грошы...

– Вечарам. У каморцы газоўка гарэла, а я не прыглядалася. Чорт яго поўначы пазнае.

– А ўрэшце – згарыць няхай ён са сваёю трохрублёўкаю. Адно што от плёткi распускае, халера на яго.

Фэлька паставiў нанач конi, з'еў малака i пайшоў спаць на канюшыну, а яна пакуль управiлася ў хаце, шмат прайшло вячорнага часу. Стасюк спаў у хаце на ложку, высадзiўшы цыбатыя ногi з-пад кудзельнай коўдры. Агата паправiла коўдру i выйшла з хаты, поўная гаркачэчы i злосцi. Пад паветкаю, дзе ляжалi дровы i трухлявая салома з перакрытай страхi, адзывалася сонная качка. Рэшта ж усё было цiхiм. Маўчаў сад за старым парканам, i цёмныя дрэвы яго былi ў нерухомым спакоi. Трохi счакаўшы, на вулiцы ў канцы заспявалi хлопцы. Асташонкавага голасу не магла яна злавiць у песнi. Мусiць, там яго не было. Злосць на яго не пакiдала мучыць яе. Адна праседзела яна з паўгадзiны каля хаты. Па вулiцы праходзiлi хлопцы i да яе не падышлi, можа не заўважылi яе. Асташонка нiдзе не было чуваць. Пайшла назад у хату i доўга не магла заснуць.

З таго часу нядобрым усё было; i горш за ўсё тое, што раздражненне супроць яго не ад мiкалаеўскай трохрублёўкi было i не ад таго, што ён выхваляўся гэтым – гэта толькi псавала настрой, – а ад таго, што каторы ўжо час зусiм заходзiць пакiнуў.

Фэлька зноў быў на полi, Стасюк зусiм знiк недзе з двара.

Агата пасалiла гуркi i падмяла сенi. Асенняя муха моцна ўкусiла яе за нагу, каля вялiкага пальца. Яна пацерла ўкушаным месцам аб лытку другой нагi i пачала налiваць каля студнi ў цэбар ваду; непаласканая бялiзна ляжала на мокрым тапчане каля плота.

Дзень хiлiў да дрымоты. Сонна крычалi на вулiцы качкi, плюхаючы бруднай вадою каля карыта. Па той бок вулiцы ў суседнiм садзе звiсала над плотам вясёлая цяжкасць чырвоных арабiн; пад iмi плот быў аброслы зялёным i зусiм сухiм мохам i ўзлягаў на трухлявыя подпiркi панурым дзедам. Вiльготная каля студнi зямля прыемна халадзiла гарачыя ногi. Мокры шчанюк падышоў i ткнуўся галавою ў нагу, нiжэй калена. Агiдлiва адапхнуўшы яго, Агата стала паласкаць бялiзну.

У звiнючых кроплях вады, што лiлiся з яе голых рук, люстравалася незлiчоная рухавасць сонечных iскраў. I рукi яе, белыя i прыгожыя, былi празрыстымi i пахучымi. Гойдалася ў цэбры вада, льючыся праз край, i твару свайго выразна разгледзець у вадзе Агата не магла; толькi бялелi ў вадзе рукi, i гэта цешыла яе.

Сонца моцна грэла яшчэ. Халоднаю ж i прыемнаю была вада. I ўсё гэта патроху заспакойваць пачало раздражненасць i прытупляць злосць, i праходзiць пачала вастрата гэтай узбуджанасцi i ператварацца ў iншыя формы.

Яна ўспомнiла, – выязджаючы араць iржышча, Фэлька сказаў: "Скажы Стасюку, каб пазваў сваю канпаню абабраць iгрушы. Але каб не зваў шмат гэтых сваiх вiсусаў, а то як прывалiць гэтага зграя, дык усе грушы парасцягаюць. Гэта ж гэткая плойма!.." Яна i сама ведала, што трэба абiраць iгрушы; чуваць было, як яны стукалi ў садзе, раз-поразу падаючы на зямлю. Але было жаданне, папаласкаўшы бялiзну, нiчога не рабiць, i з гэтым жаданнем даводзiлася змагацца. Уночы не спалася, i цяпер з'яўлялiся адзнакi лёгкай дрымоты. Часта пазяхалася i соладка хацелася, каб вецер абвеяў гарачую голую шыю i плечы. Каленi пачыналi злёгку дрыжаць, i твар гарэў. У целе запаноўвала гарачая разамлеласць. Учынак Асташонка з трыма рублямi пачаў трацiць сваю вастрату, i зусiм згiнулi думкi пра крыўду на тое, што нельга адпомсцiцца яму, падаўшы на суд цi ўжыўшы якiя-небудзь iншыя захады. Усё гэта забывалася, i хацелася як найхутчэй, каб нават i не ўспомнiць пра гэта, як пра нешта калючае, непрыемнае. Асташонак зноў здаваўся прыгожым i прывабным. I побач з iм горш яшчэ, як раней, непрыемным паўстаў уваччу Зыгмусь Чухрэвiч, што паўтара гады ўсё дамагаецца, каб узяць яе замуж, i на гэтым тыднi прыходзiў у нядзелю, выфранчаны i далiкатны. Раней, як Фэлька быў яшчэ хлопцам, яны дружылi вельмi, з самых малых год сваiх. Пасля бурна разышлiся з-за дзяўчыны, якой абодва дамагалiся i якая, урэшце, пайшла замуж за Фэльку. А Фэльку не давялося з ёю доўга пажыць – нарадзiўшы Стасюка, яна неўзабаве памерла. Тады ўсё забылася. Зноў у iх пачалося нешта падобнае да дружбы, а пасля Зыгмусь пачаў прыглядацца на Агату. Яшчэ за некалькi дзён да Асташонкавай трохрублёўкi Фэлька гаварыў ёй:

– А можа i сапраўды табе пайсцi замуж за Зыгмуся. Ён цябе будзе кахаць i глядзець.

А яна адказала:

– Што ты мяне хочаш з хаты збыць?! Калi ты хочаш жанiцца, дык я табе ўпоперак дарогi не стаю.

Фэлька па-вiнаватаму паморгаў вачыма i мякка сказаў:

– Што ты выдумала? Хiба я не магу з табою гаварыць як з сястрою пра ўсё?

– А от i не можаш пра ўсё. Не маеш права.

– Чаго ты злуеш?

– Не ўмешвайся ў чужыя справы.

Тады зазлаваў i ён.

– Я табе як добра, а ты чорт ведае што! Колькi сваталася, нiхто даспадобы не даходзiць. Усё перабiраеш. Табе ж цi не трыццаць год ужо?

– Ну, я ж казала, што ты мяне з хаты збываеш!

I яна пайшла злосная. А вечарам яны абое зрабiлi выгляд, што нiчога не было. Так уся гэтая прыкрасць i скончылася. А тут Асташонак, малады i вясёлы, трохi жулiкаваты, заўсёды стараўся злавiць яе i на вулiцы i на полi. I поўнiў яе агнямi суму здаровай перарослай дзяўчыны. У той дзень, калi здарыўся гэты яго ўчынак з трохрублёўкаю, ён назнарок прыбег праз агароды памагаць ёй складаць атаву, заўважыўшы яе каля гумна. Жартаваў з ёю, тузаўся, пакуль яна, чуючы, што трацiць волю сваю перад iм, не прагнала яго. У той жа вечар ён i з'явiўся купляць самагонку.

Палошчучы бялiзну, яна змагалася сама з сабою. Падабалася сама сабе; глядзела ў ваду; чула разамлеласць па ўсiм целе i як усё больш i больш прытуплялiся i ападалi думкi. Губiлася ўсялякая воля i цвёрдасць.

Стукалi ў садзе вобземлю яблыкi i грушы, спелi арабiны. Цякла пахам моцная мята. Асеннiя мухi гулi каля сяней, сiнiя i вялiкiя. Стасюк на вулiцы, па той бок студнi, боўтаецца ў лужы. Вулiца была цiхаю, дрымотнаю. I без дай прычыны захацелася ёй пакрычаць на Стасюка:

– Стасюк, iдзi ў двор!

II

Зыгмусь Чухрэвiч бедаваў, што вусень пааб'ядаў вясною лiсце ў садзе, i цяпер няма садавiны. Агаце прыкра было слухаць яго павольную гаворку, бачыць, як ён стараўся быць перад ёю дасцiпным. Гальштук у яго быў вузенькi, у зялёную палоску, вельмi туга нацягнены на цвёрдай манiшцы i раней за ўсё кiдаўся ў вочы. Гарнiтур быў нiшто, але няспрытна вельмi ж сядзеў, мусiць, адтаго, што манiшка i цвёрды каўнер усё роўна як звязвалi чалавека. Гамашы былi выглянцаваныя, але запыленыя. Фэлька быў адзеты прасцей i з самага ранку нiкуды не выходзiў з хаты. Гаворачы з iмi абодвума, Агата неўзаметкi паглядала ў люстэрка, што вiсела насупроць на сцяне. Мокрыя яшчэ валасы пахлi дарагiм мылам, i здавалася, што гэта пахне блакiтненькая шпiлька, што гэтак прыгожа сцягвала белы гафтаваны каўнер сiняй блузкi. Стасюк ацiраўся каля вялiкiх i ўсё дурыўся:

– Цёця Агата, есцi.

– Ты ж еў кагадзе.

– Зноў хачу.

Зыгмусь Чухрэвiч памог ёй адчапiцца ад Стасюка.

– Няможна так часта есцi, няздорава.

– Чаму?

– Няздорава на жывот.

– Сапсуецца жывот?

Фэлька ўзяў Стасюка за руку i вывеў на двор. Вiдаць было праз вокны павёў у сад, каб абы адчапiўся ад Агаты. Зыгмусь Чухрэвiч падкруцiў вусы, дастаў з кiшэнi партабак з бярозавай чачоткi i дастаў тоненькую папяросу. Пакуль трымаў у пальцах, Агата, гледзячы, думала, што ў яго прыгожыя рукi тонкiя i белыя зверху. I, закурваючы, ён зноў пачаў бедаваць, што вусень аб'еў сад. Гаворка яго была вялая, кожнае слова як бы абдуманае. "Здаецца, памагла б яму", – думала Агата, падышоўшы да люстэрка i папраўляючы грабянi ў валасах. У хаце была прыемная хмурнасць, – неба ў той дзень было шэрым, але высокiм. Сонца неглыбока было схавана за тонкую пялёнку ветравых хмараў, вецер шастаў за вокнамi садам, сад нехаця пачынаў жаўцець. Аж у хаце, здавалася, чуваць было, як пахнуць у садзе бэры i вiнёўкi. Цыганкi чырванелi над плотам i над страхою прыгрэбкi. Нават запозненыя спасаўкi падалi яшчэ на траву i разлiвалiся ў ёй зялёным кiсялём.

– У вас добра сад захаваўся ад вусеня, а ў мяне дык каб, скажам, на завод яблыка адно.

Агата ўздыхнула.

– Чаго вы, панна Агата, уздыхаеце?

– Нiчога, так сабе.

– Мусiць, сумна чагосьцi?

Агата глядзела, як ад усмешкi пайшло ў яго па твары шэсць вельмi сталых зморшчкаў, па тры з кожнага боку, i схавалiся яны канцамi сваiмi ў вясёленька падкручаных вусах.

– На фэст, панна Агата, не збiраецеся?

– Не думала яшчэ. Можа i пайду.

– Можа разам пойдзем?

– Будзем бачыць.

– Сядайце, панна Агата.

– Дзякуй, у сваёй хаце можна пастаяць.

I тут яна падумала, цi не сказала чаго лiшняга, можа за тон гаворкi яе пакрыўдзiцца кавалер. Тады ветлiва, наколькi льга было, усмiхнулася:

– Вы таксама нейкi сумны.

– Не, чаго ж я. Сядайце.

Ён устаў з доўгага памалёванага столка i паставiў яго каля яе. Агата села. Ён сеў поплеч яе, заглядаючы ёй у вочы.

– Пра што вы думаеце?

– Вам трэба ведаць?

– Трэба.

– Нашто вам ведаць?

– Панна Агата...

– Што?

– Эх, панна Агата...

Падсунуўся блiжэй, узяў пад руку, пацалаваў яе кароткiя пальцы. Казытнуў вусамi яе цудоўную шыю.

– Панна Агата, панна Агата...

Яна выцягнула з яго рук сваю руку, адсунулася далей.

– Панна Агата!

Губы яго траслiся, вочы зелянелi нерухомымi iскрамi, твар чырванеў.

У сенцах затупаў Фэлька, увайшоў у хату. Агата пайшла ў мыцельнiк, за перагародку з цалёвак, нiбы мыць мiскi.

Зыгмусь Чухрэвiч расказваў Фэльку:

– ...Дык я i кажу яму перад усiмi – гад ты, кажу, печаны, хамула ты дурное. Хамут! Чым ты, кажу, хвалiшся? Што за тры рублi абармотам зрабiўся?! Знайшоў чым хвалiцца, выбачайце за слова, дурнiла. Я яму так i сказаў. Не сцерпеў.

– Каму гэта? – трасучыся ад незразумелай крыўды, болю i тупой цяжкасцi на душы, крыкнула з мыцельнiка Агата.

– Асташонку.

Агата кiнула мiскi, з мокрымi рукамi кiнулася на двор. Пабегла ў сад, дзе пад бэрамi сохла капа садовай атавы. Упала галавою ў сена, калоцячыся ад бурных слёз.

III

Фэлька стаяў у варотах i чэзнуў па чарнавокай Алiмпе. Вечар быў цёмны. Агата сядзела каля хаты. Асташонак хадзiў з Алiмпаю па вулiцы. Непадалёку каля нечай хаты гуляў маладзеж. Фэлька не вытрымаў i падаўся да Алiмпы i Асташонка.

Пасля дзённага дажджу пахла жвiраватае каменне, маўчалi платы i хаты.

Дзяўчаты i хлопцы заспявалi. Фэлька, Асташонак i Алiмпа недзе знiклi з вачэй. Агата пачухала левы локаць, сцiшылася каля сцяны. Дзяўчаты на вулiцы зарагаталi. Агата пазнала iх па галасах. Падумала: "Як павыросталi, яшчэ летась у парваных андараках каровы пасвiлi, а гэта ўжо з хлопцамi гуляюць". Прыкрасць нейкая находзiла на яе. З'яўляцца пачалi думкi – пайсцi ў гурт маладзяжу. Але ўспомнiла – няма там аднагодкаў ёй, усе маладзейшыя. Брат Фэлька нiколi не ўпiкаў, што сядзiць яна дома, колькi сваталася – нi за кога iсцi не хацела, усё па густу выбiрала сабе i нiяк выбраць не магла. Хiба ж ён асмелiцца ўпiкнуць яе гэтым? А ўсё ж думкi ў яго ўсялякiя могуць быць... I чаму якраз Фэлька на думку ўзбрыў, хiба самой ёй нiчога гэта не абыходзiць?.. I чаго яны рагочуць так весела, гуляюць гэтак заўзята, гэтыя цыбатыя падлеткi? Можна падумаць, што i сапраўды паненкi цiкавыя. Прыкрасць сцiснула сэрца. Прыцiснулася плячыма да сцяны i чакала.

Гарэла святло ў хатах. Iшла ноч. Маўчала восень у садах i агародах, мёдам пахла павольнае кананне кляновага лiсця. Якую ж ноч прынёс верасень!

"Спаць iсцi", – узышоў чэмер думак, але ведала, што не засне.

Далонi рук пачалi гарэць. Ноч схавала ружовасць твару, маўчанне нервовую трывогу цела.

Дзяўчаты зноў заспявалi. I паважныя крокi скiнулi з яе забыццё.

– Панна Агата?

Зыгмусь Чухрэвiч пакруцiў вусы i сеў.

– Чаго вы маўчыце, панна Агата?

Падсунуўся блiжэй, памаўчаў i ўзяў за руку. Яе маўчанне надавала яму смеласцi. Палажыў руку ёй на плячо. Падсунуўся яшчэ блiжэй, аж прыцiснуўся i абняў адной рукою.

– Чаго панна Агата так дрыжыць?

I пачаў цалаваць шыю.

– Панна Агата, панна Агата.

Ад дзiкай радасцi не памятаў ён, што робiць, – Агата не адсунулася ад яго, як заўсёды, не адабрала рукi сваёй, а нават, здалося яму, схiлiла ў яго бок галаву. I ўжо зусiм выразна пачуваў ён, што гарэла яна тысячамi агнёў. З кожнай хвiлiнай ён рабiўся смялейшым.

– Згалi вусы, – сказала яна.

– Нашто?

– I курыць пакiнь.

– Чаму?

– Нядобра чуваць дымам гэтым, перагарам.

Дзве цёмныя постацi з'явiлiся на вулiцы – Фэлька i Алiмпа. Асташонка не было з iмi. I гэта кальнула Агату, пасля ўзрадавала. Фэлька i Алiмпа падышлi i селi.

– Добры вечар, – сказала Алiмпа.

Зыгмусь астаўся сядзець, трымаючы яе руку, адно адхiлiў галаву. Гаворка мiж iмi ўсiмi доўга не клеiлася. Нарэшце Зыгмусь сказаў:

– Абабраў iгрушы, Фэлька?

Голас яго быў неспакойны, узнерваваны.

– Не ўсе. А ты?

– Таксама. У мяне мала ёсць што абiраць. Вусень, каб ён павыдыхаў, увесну быў увесь сад аб'еў.

Голас яго спакайнеў, шпарка рабiўся раўнейшым. Агата ўздыхнула, забрала ад Зыгмуся руку. Ён хацеў затрымаць, але яна была ўпартаю. Аглянуўся на Фэльку – Алiмпа сядзела каля яго нерухома. Але заўважыў ён – Фэлька гладзiць яе руку, зусiм не гледзячы ў той бок.

– Дзе ж Асташонка падзелi? – запытаў зайздросна Зыгмусь Чухрэвiч.

– Прыстаў да канпанi.

Зноў зачамярэла на сэрцы ў Агаты. "Нашто ён успамiнае пра Асташонка? Якi нячулы. А можа назнарок? Але дзе яму назнарок, каб i хацеў укалоць – не здагадаецца".

– Трэба iсцi, – сказала Алiмпа.

Устала i развiталася з Агатаю i Зыгмусем за руку. Фэлька пад руку павёў яе. Ноч маўчала, прачышчаючы неба. Высвечвалi зоры, вырысоўвалiся абрысы садоў i хат. Агата ўстала iсцi. Зыгмусь узяў яе пад руку. Пастаялi гэтак, i ён сказаў:

– Заўтра атаву забiраць буду.

Ёй хацелася зноў сесцi, але каб ён пасадзiў яе. А ён стаяў, трымаючы далiкатна яе пад руку. Тады яна злосна загаварыла:

– Заўтра атаву забiраць?

– Але.

– А груш мала ёсць у садзе?

– Зусiм мала.

– Вусень пааб'ядаў?

– Але, каб ён павыдыхаў.

Ён правёў яе да сянец. У сенцах доўга цалаваў, стала i далiкатна, аж пакуль не застукаў варотамi Фэлька. Тады пайшоў, пагаварыўшы трохi з Фэлькам на двары каля сянец. Счакаўшы, пакуль Фэлька ўкладзецца спаць у каморы, Агата яшчэ выйшла на вулiцу. Маладзеж разыходзiўся. Дзяўчаты шапталiся, i невыразны шэпт iх далёка чуваць быў у чулай цiшынi вераснёвай ночы. Чуваць быў там i вясёлы голас Асташонка. Агата моцна назнарок кашлянула i пачакала. Пэўна, чуў ён, але не падышоў. Агата села на лаўку, пачакала, пакуль там усе разышлiся. Асташонак зусiм знiк з вулiцы. Усё сцiхла. Хоць бы Зыгмусь Чухрэвiч падышоў яшчэ! Агата зачынiла вароты i пайшла спаць у адрынку на канюшыну. Доўга не магла заснуць; чухала пад пахамi, папраўляла пад галавою падушку. Цвыркалi ў канюшыне конiкi, i за шчыльнаю сцяною з смольных аполкаў часта ўздыхала цельная карова.

IV

Ралля дробна рассыпалася пад плугам i прыемна халадзiла босыя ногi. Дзiцячая ўсмешка кволага сонца цалавала зямлю. Пахла на полi бульбаю. Парэзаны плугамi бульбоўнiк выглядаў з раллi.

Рукi ў Агаты былi ў зямлi. Твар абвязаны хусткаю. Фэлька стала пажартаваў:

– Чаго ты гэтае загары баiшся, як ты дыхаць можаш, гэтак абвязаўшыся. Ад цяперашняга сонца загары не будзе.

Агата, як граблася ў зямлi, так, не паднiмаючы галавы, адказала:

– От... табе вельмi абыходзiць, цяжка мне цi лёгка дыхаць.

I падумала, што Фэльку можа нядобра чуць гэткi пануры адказ. Тады глянула на яго, усмiхнуўшыся. Але ўсмешка была схавана пад хусткаю, i Фэлька ўбачыў адно вочы. Агата зноў сказала:

– На пераноссе рабацiнне вельмi ад сонца садзiцца.

– Пераноссе ў цябе якраз на сонцы.

Фэлька запрагаў каня, развязваў вузлы на вяроўцы, абцiраў рукi аб картовае галiфэ. Саскроб вострым каменем зямлю з плуга. Ласкава сказаў да Агаты:

– Найму капальнiкаў ды за дзён тры выберам. Што мы будзем тут з табою корпацца.

Пасля, пачакаўшы:

– Пакiдай, годзе грабцiся, усё роўна гэтых двух градусаў да вечара не выбераш.

– Дык нашто ты разараў гэтулькi?

– Паляжаць да заўтра, лiха iх не возьме... Бачыў ранiцаю Зыгмуся.

– Ну то што, калi бачыў?

– Вельмi рад... Вельмi... Ён цябе будзе глядзець... Будзе цябе на руках насiць.

– Чаму гэта мяне?

– А ён хвалiўся, што ў вас ужо згода.

– Заранне ён да цябе ў швагры лезе, дурны, марцовы кавалер. А ты i ўзрадаваўся...

– Мне што, як хочаш. Я ў чужыя iнтарэсы не лезу.

– Як не! Я не бачу, як ты мяне з iм зводзiш? Ты хочаш жанiцца, дык каб я табе не замiнала?!

– Агата!..

– Ты думаеш, я не бачу, што тут каля мяне робiцца?!.

– Да душы не, сястра! Цi так, цi так – я неўзабаве жанiцца буду. Ты мне папярок дарогi не стаiш.

Пасля раззлаваўся:

– Дурная ты!

Агата змоўчала.

– Немаведама, з чаго наганяеш сама на сябе жах... Ачамярэлi мне твае гэтыя слёзы.

– Я нiколi слёз не пускаю.

– Дык так усё ныеш.

Цяпер сапраўды ў Агаты заблiшчалi на вачах слёзы. Яна сарвала з твару хустку, кiнула на драбiны. Каля воч пачырванела, твар зрабiўся непрыгожым. Стаўшы на каленi, яна дагрэбла градус. Фэлька ўссыпаў кош бульбы ў воз. Яна атрэпвала спаднiцу ад зямлi, выцiрала кулакамi вочы i пэцкала зямлёю твар. Фэлька цмокнуў на каня, рушыў з поля. Яна засталася адна, каб iсцi наводдалек. Спявалi на полi дробныя птушкi, награвалася сонцам пад нагамi жвiрыстае каменне. Чэзла трава на верасеньскiх межах. Тхнула чабаром i пiжмаю; дрымотна звiнела сухая трава цi то зелле. Спарыш i дзяцельнiк гусцiлiся ля дарог, цвiлi i вялi жоўтыя кветкi на высокiх сцяблах. Яны пападалi мiж пальцаў босых ног, пакiдалi там на нагах галоўкi свае. Агата нагiналася, каб выкiнуць iх. Тады мацней пахла верасеньская зямля.

Даўно схаваўся ў лагчыне за ўзгоркам Фэлька з возам, i яна iшла адна сярод жоўтай задумёнасцi.

"Фэлька раней прыедзе дадому, пачакае яе ссыпаць бульбу з воза, два мяшкi зверху, пэўна, скiне адзiн – здаровы, прыгожы, трохi пануры. I няўжо ён сапраўды стараецца збыць мяне з хаты! Цi не з Алiмпаю гэта зладзiў ён, а тая ж ведзьмаватая трохi, дарма што нядаўна каровы яшчэ пасвiла. А за Фэльку яна маладзейшая гадоў на дзесяць, калi не больш. А можа i не яна гэта, можа iншая. Але ж ходзяць разам вечарамi, Фэлька прападаць у яе падоўгу стаў. I Асташонак нечага там трэцца ўсё. Але дзе ён не трэцца, куды ён не ўлезе. Нiдзе спакою не дасць. Нiякай сталасцi не мае i, мабыць, нiколi чалавекам не будзе. Што за карысць, што малады i прыгожы, калi кручаны i невядома калi пасталее. Яшчэ гатоў i Фэльку напсаваць як-небудзь; i чаго Фэлька не патурыць яго, гада – ходзiць ды хвалiцца, што абармотам стаў за тры рублi. Вiсус, пошкудзь гэтая... Няхай бы Фэлька браў сабе Алiмпу, што яму, маладому, жыць так. I ў хаце ладней было б... Цябе Зыгмусь, кажа, будзе на руках насiць. Зыгмусь хоць стары чалавек, усё ў яго ў парадку, i нiкому ён прыкрасцi не зробiць, i пальцамi на яго людзi не паказваюць... I кахае мяне. I па-суседску з Фэлькам будзе жыць – усё будзе душа ў душу. Добра ўсё будзе... Бо i праўда – дарэмна я часам на Фэльку сярдую, ён па-брацку ўсё хоча, каб як найлепей. I што я нагавару яму, дык ён усё змоўчыць. Хiба ён кепскi брат? Нiчога сабе каторы ўжо год не спраўляе, а мне колькi гарнiтураў накупляў. Добры ён, добры. А я крыўджу яго часам, сама не ведаючы, за што. Ён жа сапраўды – калi мяне з хаты збываў? Здаецца ўсё мне. З Зыгмусем з малых дзён дружыць. А каб Зыгмусь быў кепскi, дык хiба ён дружыў бы з iм... А Асташонак... Што там Асташонак!..".

Аднак вострым сумам на момант сцiснулася сэрца. I зноў цiхi прастор палявой восенi агарнуў спакоем душу.

Плыў водар павольнага канання травы i кветак. Верасень чула драмаў на ржышчы, уздыхаў радасным шэптам кустоў.

V

Моцна стукалi аб зямлю яблыкi. Пахлi загарэлыя вiнёўкi i недаспелыя бэры. Каля платоў расцвiтала бабiна лета. Куры склёўвалi садовую макрыцу, у двары каля студнi плюхалiся качкi. Каля прыгрэбкi Стасюк адкусваў па дробцы ад хлебнай скарынкi i кiдаў курам. Куры хваталi ежу i з зайздрасцю дзяўблi адна адну ў галаву. Тут жа старалiся пажывiцца вераб'i. Кiдаючы крошкi, Стасюк гукаў, каму кiдае. "Гэта табе, Тадора", – заяўляў ён старой, валяватай i кашлатай курыцы. "А ты, Рыжы Яначка, не хватай, калi табе не кiдаюць", – злаваў ён на шчуплага, абскубленага ў бойцы, маладога пеўнiка. "Чаму Чарнявы Рыгор не крадзе чужога?" Але Чарнявы Рыгор у гэты час падскочыў Стасюку пад ногi, каб адабраць у Тадоры крошку. Тадора ўцякла, а якраз папаўся Рыжы Яначка. Дык Чарнявы Рыгор i дзеўбануў Рыжага Яначку ў галаву, аж у таго замакрэў ад крывi грэбень. Стасюк кiнуўся ў плач:

– Цёця Агата, чаму Чарнявы Рыгор, каб ён выдах, Рыжага Яначку чуць не забiў!

Агата паволi iшла па садзе да Стасюка, жмурачыся ад сонца i смеючыся.

– Якога гэта Рыжага Яначку? – пытаўся Фэлька, высунуўшыся з сянец з квартаю недапiтага квасу.

– Певень гэта ў яго завецца.

Фэлька паставiў квас на лаўку каля дзвярэй, падышоў да Стасюка з свежым тварам пасля святочнага дзённага сну, у новых галiфэ, босы яшчэ. Прыгарнуў Стасюка да сябе, смеючыся сказаў:

– Эх ты, сынку... Байбас ты свавольны.

Пагладзiў па галаве, пайшоў у хату адзявацца, радасны i спакойны. Агата падхапiла Стасюка на рукi, жартаўлiва панесла ў сад, цалуючы яго ў бялявыя валасы. Стасюк трапятаў нагамi, вырываўся, весела рагатаў.

– Ах ты, свавольнiк. Буслянё ты цыбатае. Малы, смешны ты, Стасюк.... свавольнiк.

Выцалавала яго ў твар, у галаву. Пасадзiла на траву, гладзячы па галаве.

– Цёця Агата, яшчэ.

– Чаго?

– На рукi.

– Бачыш ты, пястун. Цяжкi ты.

– А-ай!

Зноў песцiла яго, аж пакуль яму надакучыла. Тады пусцiла яго гуляць на вулiцу. Перасадзiла цераз нiзкi паркан i глядзела, як пабег ён на той бок вулiцы i пылiў па зямлi босымi пятамi. Доўга глядзела на яго. I пайшла па садзе, сумуючы па сваiм, няведаным, дзiцяцi. Здавалася – усе думкi былi б аб iм i апраўданы сталi б усе трывогi i буры яе нездаволеных шуканняў. Жаданнi сталi б выразнымi i даўгавечнымi.

I зноў патрэбна стала песцiць Стасюка.

– Стасюк, сюды бяжы.

– Не.

– Бяжы, сыночак... Хадзi.

Выйшла на вулiцу, узяла на рукi. Там жа ў садзе гладзiла яго па галаве, цалавала ўсяго. Трохi здзiўлены Стасюк заплюшчыў вочы, пакiнуў смяяцца. Маўчала i яна, тулячы да сябе малога. Пасля павяла ў камору, кармiла павiдлам i ўсё думала, чым бы яго, малога, узрадаваць.

Фэлька глядзеў з сянец у камору i рад быў гэткай ласкавасцi сястры да яго сына:

– Нашто ты яго распешчваеш гэтак?

– А хто ж яго, сiрату, папесцiць.

Фэлька аб нечым думаў пасля, гледзячы цераз паркан у сад. Потым увайшоў у хату, выправiў Стасюка гуляць i нясмела пачаў гаварыць. Смуглявы твар яго быў нервовым, як нiколi раней, голас – цiхiм, немагушчым нейкiм. Гаворачы, глядзеў ён на каляровую, вытканую Агатаю посцiлку, што паслана была каля стала на падлозе. У вочы ж Агаце ён нi разу не глянуў.

– ...Што ж, Стасюк, добра ты кажаш, сiрата... Памерлага з магiлы не паднiмеш... Як я яе нi кахаў, а нiчога парадзiць нiхто не можа... Як гляну на Стасюка, дык i стаiць яна ўваччу ў мяне, дагэтуль забыць не магу... Астаўся малы, небарак, сiратою.

Патроху дагаворваўся да самага важнага:

– Ты ж ведаеш... дагадваешся даўно... Алiмпа за мяне замуж iдзе.

Тады Агата крыўду цi знявагу да брата пачула ў яго ж словах:

– А чаму ёй не iсцi за цябе? Ты гаворыш гэтак, як бы яна робiць табе ласку, што iдзе за цябе.

– Не, не.

– Што ж ты... Няхай дзе лепшага знойдзе. Якi з цябе ўдавец! Ты сам не ведаеш сябе...

Радасны Фэлька разгаварыўся, але быў вельмi далiкатным з сястрою, нават сказаў, што з Алiмпаю яны павiнны ладзiць, бо Алiмпа надзвычайна ласкавая i добрая; што ўся сям'я ў iх вельмi паважная, i Алiмпа iнакшаю быць не можа...

Доўга гаварыў узбуджаны Фэлька, а яна стаяла каля акна, напроцi печы, за няшчыльнаю перагародкаю з пабеленых цалёвак i думала, што брат нечага не выказвае цi не можа выказаць. Можа i сапраўды гэта будзе лепш i для яе, i для яго – што нiбыта такi намерылася яна iсцi за Зыгмуся Чухрэвiча. I яна будзе мець дзiцё, i яе будзе кахаць i шкадаваць... Зыгмусь Чухрэвiч.

На момант нешта кальнула сэрца. Пасля ўспомнiла, як вельмi шмат сваталася да яе, вельмi шмат уздыхалi па ёй, але нiхто не падабаўся, а без кахання замуж iсцi не хацела. Так i прайшла першая дзявочая маладосць. I другая на сконе... цяпер жа яна ўсiм падабаецца, але ўсе на шмат маладзейшыя за яе хлопцы: старэйшыя ж усе пажанiлiся.

Старалася яна перамагчы ўсе вялiкiя трывогi свае i заспакоiць неспакойнае сзрца.

Неўспадзеўкi думка адна зноў кальнула яе: "Дзiцянё можна мець i не iдучы за Зыгмуся Чухрэвiча. Я ж сама сабе тут у брата гаспадар. Палавiна ўсяго – маё ж тут. Дый Фэлька – слаўны брат, наўздзiў добры i памяркоўны"...

Але ўсё сплывала пад цвёрдым поступам жыццёвых устанаўленняў. I замест бунтоўных думак прыйшоў спакой душы i сэрца.

Фэлька зваў прайсцi разам па вулiцы. Падхарошыўшыся перад люстэркам, пакiнулi яны Стасюка гуляць з дзецьмi ў зачыненым садзе i пайшлi цiхаю i люднаю па-святочнаму вулiцаю. Пайшлi да Алiмпы i з ёю, каля яе хаты, на вулiцы, селi ўтраiх.

VI

Уночы быў вецер i дождж i шмат атраслося недаспелых антонавак, вiнёвак i бэраў. А назаўтра, у нядзелю, з самага ранку расчысцiлася неба i сонца пачало прасушваць зямлю. Атрэсеныя яблыкi i грушы насыпаны былi ў сенцах каля сцен i пахлi на ўсе сенцы i хату. У хаце ад гэтага здавалася яшчэ шумней i цясней. Гасцей было цэлае застолле. Фэлька пазваў Алiмпу з бацькам i маткаю i Зыгмуся з братам i яго жонкаю. Было падобна на заручыны дзвюх пар. Гаспадарыла каля стала Агата, радасная Алiмпа, смеючыся i паглядаючы Фэльку ў вочы, расставiла талеркi i яшчэ нешта памагла Агаце. Агата села за стол пазней за ўсiх. Алiмпа сядзела каля Фэлькi. Агата каля Зыгмуся. Пiлi вiшнёўку, i Зыгмусь паважна расказваў, што гэты год у яго шмат вiшань, i дрэнна, што нiхто не здагадаўся паставiць настойкi.

– Каму гэта ў голаў, – таксама павольна дапамагаў яму брат.

– У гаспадарстве ўсё добра i ўсё патрэбна, – падтрымлiваў гаворку разбiтны Алiмпiн бацька.

I як падпiў, з радасным захапленнем загаворваў з Фэлькам, ужо, можна сказаць, зяцем сваiм, аб чорным Зыгмусёвым жарабцы. Зыгмусь, не спяшаючы, еў вяндлiну i ўважлiва прыслухоўваўся, што гавораць пра яго гаспадарку. Агата глядзела, як Фэлька глядзеў Алiмпе ў вочы, як ружовiў хмель Алiмпiн твар. Бачыла, як абое яны, падвыпiўшыя, аж млелi адно па адным i не маглi схаваць гэтага. Адварочвала Агата твар на Зыгмуся, а ён слухаў усё, што стары гаворыць пра яго жарабца i зрэдку ўстаўляў слова:

– Але, але, золата, а не конь.

Пасля, як яшчэ выпiлi, старыя i жанатыя распачалi агульную гаворку, Фэлька з Алiмпаю пачалi ўпаўголаса аб нечым гаварыць, а Зыгмусь старацца пачаў выказваць усiм свой погляд наконт коней i садавiны. Агата скоса зiрнула яму ў вочы i заўважыла пабабленую скуру ў яго каля вушэй, доўгiя шчокi i нiзкi лоб пад начэсанымi на яго змочанымi валасамi. Ён глянуў на яе, кiўнуў ёй галавою i зноў узяўся за сваё.

– Зыгмусь, – шапнула Агата.

– Што?

– Зыгмусь.

Ён усмiхнуўся, схiлiўшы ў яе бок галаву. Тады яна ўбачыла тупую санлiвасць яго вачэй i набеглыя ад усмешкi зморшчачкi каля iх. Вусы цяпер не былi падкручаны i, макраватыя, звiсалi кончыкамi валасоў на самыя зубы.

– Божа ж мой, – са смуткам уздыхнула Агата. – Зыгмусь, Зыгмуська...

Падсунулася блiжэй i раптам зноў адсунулася: той ужо зноў гаварыў павольна i стала аб тым, як жарабец яго парваў быў раз пута i паўгоняў аўса стравiў.

– Зыгмусь...

– I аўса шкада, i пакуль я злавiў яго...

– Зыгмусь...

– Не так шкоды, як невыгоды... Што?

Агата глядзела на яго абвiслыя вусы i губы. Ён падсунуўся блiжэй, бязвольна неяк усмiхнуўся, жуючы, можа нават пустым ротам. "Нашто ён пiў, ведаючы, што робiцца гэтакiм, як вып'е?!"

– Зыгмусь!

А Фэлька i Алiмпа гутарылi ўсё пацiху, прыгожыя, радасныя.

– Божачка ж мой...

I раптам устала з свайго месца Агата.

– Куды вы, панна Агата?

Цяпер яна не глянула на Зыгмуся, азiрнулася толькi, выходзячы за перагародку ў кухню. "Iсцi за яго? I каб дзiцё маё было ад яго? Радненькiя ж мае... А Божачка!"


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю