412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Пошукi будучынi » Текст книги (страница 5)
Пошукi будучынi
  • Текст добавлен: 22 сентября 2016, 10:52

Текст книги "Пошукi будучынi"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 12 страниц)

– Слухай, Ракуцька, – сказаў ён. -Ты паспеў ужо з чужога лесу i на чужой зямлi новую хату паставiць? Ну нiчога, не ты адзiн так, калi была рэвалюцыя. Але давай так, каб мы з табою больш не спатыкалiся. Аддай тое, што ты ў мяне забраў, i ты мяне больш тут не ўбачыш.

– Што я ў вас, пане, такое забраў?

– Золата! Ты абчысцiў мае кiшэнi, пакуль я ляжаў хворы!

– Бойцеся Бога! Я вам сваё аддаваў, што меў!

– З каменнямi крыжык, пярсцёнкi, iмянны гадзiннiк i яшчэ два гадзiннiкi, якiя былi пры мне!

– Бойцеся Бога! Бойцеся Бога!

Разгневаны Палiводскi замахнуўся, каб даць у твар Ракуцьку. Не менш разгневаны Ракуцька стаў на ўвесь рост перад Палiводскiм i прагаварыў, як абухам стукаў у бервяно:

– Я, пане, выратаваў вас i вярнуў вам жыццё, а вы замест падзякi стралялi ў мяне, а цяпер робiце мяне злодзеем. Гэта ж вы самi ў мяне худую кабылу ўкралi. Дык хто з нас злодзей?

Палiводскi адумаўся i сказаў:

– Я прашу ў цябе толькi маё золата.

– Я яго i ў вочы не бачыў!

– Лжэш! Лжэш!

Палiводскi выйшаў. Слуга падвёў яму каня, i ён махнуў ходу i знiк. Аднак жа Ракуцька паспеў заўважыць, што, перад тым як прыняць ад слугi каня, Палiводскi нi то пастаяў у кароткай задуме, нi то нават можа i памалiўся. Ракуцька падумаў: "А можа я яго чым пакрыўдзiў". Калi ён выказаў гэтую думку жонцы, яна, даволi такi энергiчная жанчына, адказала яму, што гэтага Палiводскага варта было б кiем змясiць на калатушу, але найлепш быць цiхiм, бо ён мае сiлу, а наконт крыўды, дык яго нi крыўдаю, нi праўдаю, нават жалезным шворнам не проймеш. Такiм парадкам Ракуцька стаў спакоен душой. Але ненадоўга. У тым жа самым годзе, пад сярэдзiну восенi, ён атрымаў позву ў гмiну. Ён так i ведаў чаго: ён жа жыве на чужой зямлi i з чужога дрэва хату паставiў! Ён жа не мог пайсцi супроць дзяржаўнага закона i першымi замаразкамi выбраўся ў тую самую старую жончыну хату. А новаю яго сялiбай заўладаў маёнтак. Жонка яго чакала трэцяга дзiцяцi, ён жа стаў, як сугней, угнуў галаву i ўсё маўчаў, маўчаў. Колькi год працы загiнула марна! А разам пайшлi ў нябыт i надзеi. Нi ў якую будучыню сваiм дзецям ён ужо не верыў. Лягчэй памерцi, чым астацца навек без надзеi i веры! Сымон Ракуцька пачаў змагацца з бязвер'ем i безнадзейнасцю. Ён пачаў шукаць, каб на чым пэўным спынiцца думкаю. У гэты якраз час i нагадзiлася яму злая прыгода. Жонцы прыйшоў час раджаць. Дзiця радзiлася нежывым, i жанчына асталася на некалькi месяцаў ляжаць у хваробе. Ён высах каля яе i каля дзяцей. Пасля пайшоў па свеце шукаць спосабу, каб жыць. Ён абышоў, можа, з паўдзяржавы i нiчога не знайшоў, але затое наслухаўся ад людзей усялякiх чутак аб жыццi па той бок гранiцы. Больш як паўгода ён думаў, i меркаваў у думках. I нiчога iншага вымеркаваць не мог. Так ужо iм апанавала цвёрдая думка. "Гэта ж не жарты! Там зямлi бяры! Там жывi сабе!" I нарэшце настаў момант. Перш за ўсё ён, як перад каменнай сцяной, стаў перад неабходнасцю вырашыць вялiкую задачу: ён жа не адзiн! З гэтага часу i найшло на яго вялiкае ўтрапенне. Раней ён быў спакойны i цягавiты. Цяпер, праўда, трапяткiм ён не стаў, але спакой свой, як рысу натуры, страцiў. Ён выбраў цёмную ноч, нi зор, нi месяца. Ён назаўсёды пакiнуў тую гнiлую хату, якая дала яму прытулак у цяжкiя часы яго маладосцi. Апошнi раз ён зiрнуў на сваю новую сялiбу, у якой думаў гадаваць дзяцей i якой цяпер заўладаў нехта чужы. Малы Тамаш iшоў подбегам, трымаючыся за бацькаву руку. Яна, спадарожнiца яго жыцця, несла на руках малую Лiзавету. За дзве ночы яны дайшлi да гранiцы. Больш тыдня яны чакалi ў лесе навальнiчнай ночы. Перад самым змрокам, выбiраючы зручнейшае месца, каб з яго рушыць у гэтую страшную дарогу, усе яны ўбачылi чалавечыя ногi. Ракуцька пабялеў i прыгледзеўся. Ужо тхнула адтуль трупным духам. Мярцвяк ляжаў увесь пад накiдам моху. Самога яго не вiдно было. Малады ён цi стары? I хто ён? Можа шпiён, якi iшоў туды i быў падстрэлен чужой цi сваёй куляй? А цi стаў ён шпiёнам ад гадаўскай прыроды свае, цi няшчасце яго павяло па гэтай дарозе, цi стопудовае зло, якому патрэбны гранiцы i шпiёны, прыкавала яго навек да гэтага месца? Цi можа гэта проста няшчасны чалавек тутэйшай зямлi, каля цiхай хаты якога лягла тая гранiца i, як пякельная жудасць, заўсёды была перад яго бяззлобнымi вачыма? Ракуцька анямеў ад жаху, што такi лёс можа спасцiгнуць i яго з усiмi тымi, хто дораг i люб яго сэрцу. Аднак жа хутка i ноч настала. Такое ночы ён толькi i чакаў. Пярун ляскаў кожны момант. Лiло, як з бяздоннага мора. Змучаны Тамаш трымаўся за бацьку i iшоў, як святы на пакуту. Пасля двухгадзiнных блуканняў яны пачулi, што недзе тут поблiзу страляюць. I гэтаму канца няма. Душа яго апала. Яна шапнула яму:

– Назад. У сваю гнiлую хату! Лепш там памерцi з голаду, чым тут валяцца непахаванаму.

Пошапкам яны дайшлi да згоды. Яна з дзецьмi пойдзе назад першая, а ён следам, каб было незаўважней, бо маланка штохвiлiну i натоўп вялiкi. Ён стаў пад дрэвам тварам ад таго боку, у якi iшоў i сям'ю вёў. За кожнай маланкай ён акiдаў вачыма мясцовасць. Iх няма. Але нарэшце – радасць, радасць! На самай той дарозе, якою проста дойдзеш да той старой хаты, стаялi яны. Яна, любая, родная, разважлiвая, працавiтая, верная яго сяброўка, Тамаш, босы, малы, падкасаны. I маленькая Лiзавета ў яе на руках, маленькая, кiрпаценькая, птушанё... Гэта яны, якiх ён вёў у будучыню. Што яны стаялi на патрэбнай дарозе, ён ведаў з таго, што над iмi гойдала веццем знаёмае яму сагнутае дрэва. Яшчэ адна маланка, i ён убачыў, як яны iшлi далей дарогай. Яны ўжо далёка ад страшнага месца. Зараз i ён рушыць за iмi. Зноў маланка i крык пагранiчнiка ў зялёнай шапцы. Ён стаяў на другiм баку. Падкасаныя худыя Тамашовы ногi назаўсёды асталiся ўваччу яго. А першыя Лiзавецiны ўсмешкi! Смутак навалiўся на яго душу. Якая чакае i iх i яго будучыня? Дзе iм суджана знайсцi яе? Але трэба iсцi, пагранiчнiк грозiць, што будзе страляць. Па каленi ў вадзе i ўвесь мокры, ён замаршыраваў перад пагранiчнiкам. Сцяна, глухая i бязлiтасная, як вечнасць, замкнулася памiж iмi. Бывай, верная сяброўка! Бывайце, дзецi! А можа, адбудзецца цуд? Можа, мiне вас лёс без будучынi? Але лепш нi аб чым не думаць, бо навала смутку забiвае душу.

Сымон Ракуцька быў пад арыштам доўга. Пакуль у яго руках апынулася даведка, што ён мае права жыць усюды, толькi не ў пагранiчных з Польшчай раёнах, ён больш за год усё даводзiў як мог, што ён не шпiён, а проста чалавек з той зямлi, па якой прайшла гранiца. А тым часам вялiкi ўпарадкавальнiк усялякiх хiбаў i непарадкаў – час – абтрос i абгладзiў усё, што было не на сваiм месцы, i шмат што забылася, шмат прытупiлася, а сам чалавек знайшоў сабе месца, i лягчэй яму стала. Але час не меў сiлы перад тупым смуткам па малым Тамашу, па першых Лiзавецiных усмешках i па ёй, вернай сяброўцы. Гэты смутак, здавалася, апанаваў чалавека назаўсёды. Яму не было адхлання, i ад яго не было ратунку.

Сымону Ракуцьку спачатку здавалася, што варта яму толькi зноў звiць сабе гняздо, як ён скiне з душы цяжар свой. Тым часам ужо i хата ў яго была новая, зноў новая, вокнамi на дарогу, i цiха i спакойна ўсё тут было, i зямлi было на чатыры душы, i не трэба стала з жахам заглядваць у заўтрае, а спакой у душу не варочаўся. "А Тамаш, а Лiзавета!" Сымон Ракуцька наладзiў сваё жыццё так, як жадала яго натура. Яго цiхманую працавiтасць льга было ставiць паўсвету ў прыклад, калi лiчыць яе за дабрачыннасць. I дзiўна было. Ён адзiн, а ўпраўляўся з полем i з домам. I яшчэ кожны дзень меў часiну сядзець на калодзе i босы пасярод свайго двара. Цi то прывычка, цi то ашчаджанне абутку, але ён цяплом нiколi абуты не хадзiў. Ён яшчэ людзям i колы рабiў, i драбiны з панарадамi майстраваў. Жыў сам-насам. У той меры, у якой iшоў час, смутак яго ператвараўся ў вялiкую мару. Гэтая мара заўладала iм, ён ёю жыў i служыў ёй. А пачалi нарэшце прыходзiць моманты, калi i вера, i надзея, хоць здалёк, паказвалi яму свае ясныя твары. Гэты новы час у яго жыццi пачаўся з таго, калi яму прыйшла ў галаву такая думка: яна тады з дзецьмi вярнулася ў тую старую хату. Хто ведае, можа, i цяпер яны жывуць там? А кажуць жа людзi, што поштай можна з Польшчы сюды пiсаць, а адсюль у Польшчу. Як страсянула яго гэтая думка! Ён не меў нi сну, нi спакою, пакуль не паслаў пiсьма на адрас той старой хаты. Ён дакладна выпiсаў i цяперашнi свой адрас. Паведамiў аб той мясцiне, у якой цяпер жыў. Яно ж магло быць i так, што i адтуль сюды прыйдзе пiсьмо. Цяпер яго жыццё стала чаканнем перш за ўсё пiсьма, пасля – нейкага невядомага лёсу. "Адтуль прыйдзе вестка. Яны жывыя i здаровыя, i можа нават не галодныя. А хiба хто можа сказаць цвёрда, што на свеце можа быць, а чаго можа не быць? Нават такое магло здарыцца, што граф Палiводскi прасiў ласкi сярод дарогi ў абарванага хлопца. А можа лёс прывядзе iх сюды. Але што такое лёс? Ён сам дойдзе да думкi, што зрабiць. Ён будзе думаць, ён будзе раiцца з людзьмi, ён будзе слухаць па свеце. Слухаць па свеце!" Самае далёкае, дзе ён бываў – гэта яго поле. Але практыка з самага маленства i iнстынкт падказвалi яму, што яшчэ многае наперадзе, што яшчэ многа дзе прыйдзецца быць, многае нанава рабiць, многае бачыць i чуць i за многае нечаканае брацца. Мара, чаканне, надзея, упартасць думкi i фантазii! Гэтым ён цяпер i жыў. Колькi яму аднаму трэба было? Ён задавольваўся самай простай ядой. Улетку ён палуднаваў халодным квасам з зялёнай цыбуляй. Старанна вырабленае поле радзiла ў яго лепш, як у каго тут. У яго пачалi заводзiцца грошы. "Божа мой, вось быў бы спосаб Тамашу!" Нават не маючы намеру купляць што, ён пачаў хадзiць у кааперацыю i прыглядацца да тавараў. Аднойчы ён купiў з сiняга сукна ватоўку, хлопцу гадоў на пятнаццаць. "Калi ж небудзь Тамаш будзе такi, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка. А толькi невядома, у якiя годы з Тамашом суджана спаткацца бацьку. Такiм парадкам за доўгi час у Тамаша стала многа ўсялякай адзежы на ўсялякiя ўзросты: i на дзесяць год, i на дванаццаць, i на пятнаццаць, i на васемнаццаць, i на дваццаць. Усё купляў бацька. Вiселi на вешале ў клецi парамi боты, нагавiцы, вопраткi. Былi плаццi для Лiзаветы i хустачкi, чаравiкi i панчохi... Часамi ж на яго находзiла прасвятленне. Ён як бы адпiхаў ад сябе гэты пусты занятак i ўпадаў у думку, што рабiць, сапраўднае, вялiкае, выразнае i сапраўды патрэбнае, каб убачыць дзяцей. Нарэшце прыйшоў канец яго цiхай цярплiвасцi. Нават сядня на калодзе сярод двара пакiнула яму быць прыемнай. Ён нейк пацягнуўся да людзей i як бы затрапятаўся. Яго ўжо бачылi ў навакольных мястэчках на кiрмашах, каля цэркваў i касцёлаў на фэстах, у сельсавеце ён бываў часта i без прычыны. Ён пытаўся i раiўся. У тую старую хату ён цяпер слаў пiсьмы бадай што цераз дзень.

Усiм пачало здавацца, што ён рабiўся больш гаваркiм, i панурасць сыходзiла з яго. Аднак жа нiхто не ведаў, што ён сябе пачуваў так, быццам кожны дзень пiў атруту. I дзiўная рэч. Хоць час iшоў, нават ужо год за годам, з яго вачэй не сыходзiлi босыя Тамашовы ногi, калi ён, у тую навальнiчную ноч, асветлены маланкай, стаяў на дарозе пад сагнутым дрэвам. Яго ўяўленне рысавала яму Тамаша толькi малога i Лiзавету толькi ў мацi на руках. Па-сапраўднаму ён нiколi не задумаўся аб тым, што годы iдуць. Сам ён пачаў сталець так шпарка, што часамi ўжо льга было ў iм заўважыць першыя рысы далёкай яшчэ старасцi. Гэта была празмерная на яго гады сталасць. Апошняя бачаная iм усмешка малой Лiзаветы! Маланка, i свет уздрыгануўся ад грому. Тамаш стаiць мокры, вада. Босыя ногi яго! Постаць худзенькага хлопчыка! Ён жа вёў свайго Тамаша ў будучыню! На добрае, на шчаслiвае! Нехта злы i чорствы, нехта той, што i яму самому праз увесь век не дае спакою, загарадзiў малому Тамашу дарогу ў будучыню. Не туманныя прывiды, а выразна ява: гром i маланка, навальнiца разрывае зямлю i, здаецца, крышыць на ёй усё. I ўсё ахоплена страшным сваiм утрапеннем. Пад громам i агнём, пасярод дарогi, постаць худзенькага хлопчыка.

Аднойчы ён, як i часта цяпер, цёрся сярод людзей у местачковай кааперацыi. Там прадавалiся люстэркi. Адно вiсела на сцяне. Сымон Ракуцька глянуў у люстэрка i сумеўся: ён такi даўно не бачыў сябе i не ведаў, што каля вушэй у яго спрэс сiвыя валасы. "Божа мой, дык я ж ужо не малады! Няўжо гэта прайшло гэтулькi год?! А колькi? Мусiць, многа?! Як жа гэта я нiколi не лiчыў гадоў?" Увесь той дзень ён правёў у одуме i суме. Каму расказаць? З чаго пачаць, каб не iшло далей жыццё так, як яму не хацелася? Ён хацеў не толькi есцi хлеб, але каб разам з iм елi яго i Тамаш, i Лiзавета. Каб не мучыць самога сябе, ён больш ужо нiколi не глядзеўся ў люстэрка.

IV

У тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятым годзе Сымон Ракуцька даехаў па чыгунцы да горада Слуцка i выйшаў адтуль пешкам у дарогу на захад па старой Варшаўска-Маскоўскай шашы. Была глыбокая восень. Толькi што мiнулася пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полi. Не кранутая яшчэ марозам трава была зялёная, i, калi сонца высвечвала з-за высокiх хмар, адзiнокi падарожны, як здзiўленае дзiця, прыглядаўся да яснай зелянiны, i твар яго свяцiўся, як i шырокi свет у той момант. Ён усё iшоў i iшоў шпарка. За адзiн дзень ён дайшоў да Пiлiпавiч, дзе тырчэлi каля шашы яшчэ некаторыя адзнакi былой гранiцы. Да гэтага месца ён iшоў яшчэ, як бы раздумваючы i сам сабе не верачы. Тут жа ён увесь змянiўся. Каб чалавек, якi добра ведаў яго дагэтуль, бачыў яго ў гэты момант, калi ён, мiнуўшы Пiлiпавiчы, спынiўся на палявой дарозе, кожны заўважыў бы як адразу Сымон Ракуцька [скiнуў] пячаць таго шматгодняга чакання, якое ўжо часамi ператваралася ў свядомасцi, як бы нейкай асуджанасцi навек. Магло б здавацца, што ён зараз скажа: "Яно было. А вы хiба хочаце, каб нiколi нiякай прыкрасцi не было? Затое цяпер!" Уся яго пастава i выраз твару былi ў часе гэтага падарожжа рухавымi вельмi. На станцыi Гарадзеi ён сеў у поезд i праз паўдня выйшаў з вагона на нейкiм занадта ўжо цiхiм паўстанку. Доўгi рад старых i высокiх дрэў – лiп, дубоў, бяроз, явараў i вязаў – iшоў ад паўстанка проста ў чыстае поле i там канчаўся. Лiсцё пад дрэвамi ляжала яшчэ жоўтае, i, здавалася, чалавечая нага яшчэ не ступала на яго. Сымон Ракуцька мiнуў дрэвы i пасля нядоўгiх пошукаў знайшоў у полi вялiкi камень. На абымшэлай яго паверхнi аставалiся сляды таго, што тут начавалi птушкi. I гэта як бы ўзрадавала гэтага чалавека. З усмешкай ён абгледзеў камень i стаў кiравацца ад яго да вузкай i доўгай грады лесу. Добра ўтаптаная сцяжынка вiлася памiж i навокал кустоў шыпшыны i паўз удзiрванелыя межы. Пасля яна выбiлася ў той дубняк. Якая была восень! Ахоплены радасным узбуджэннем, чалавек як бы думаў, што другой такой восенi нiколi не было i не будзе. Рудымi жалудамi была засыпана спрэс уся зямля. Крушыннiк густа стаяў над сваiм уласным лiсцём, ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кiнулася ў куст, драбнюткае лiсце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва, чэзлая кветка на высокiм сцябле звесiла жоўтую галаву. "Божа, як яна так захавалася аж дагэтуль!?" А неба! Сонца ў той дзень не было, але на небе адлюстроўвалася яго блiзасць. Недзе тут блiзка iдзе цiхае асенняе сонца! Хiба на свеце няма дзеля чаго берагчы знойдзеную радасць i шукаць i дамагацца яе вечна!? Якое неба над нашай зямлёй бывае ўвосень!

Сымон Ракуцька ўжо даўно мiнуў дубняк, а сцежка ўсё iшла i вяла яго далей, праз поле, праз некалькi хвойных лясоў i купiстых паплавоў. Доўга, вельмi доўга iшоў Сымон Ракуцька, дзiвячыся, як жа гэта праз гэтулькi год тая самая сцежка вядзе яго, як быццам бы тут усё застыла на вечную нерухомасць. Ён прайшоў сцежкай да самага змяркання. Начаваў у людзей i вельмi многа расказваў пра сябе, так што, пакуль у хаце патушылi агонь i паснулi, ужо ўсе ведалi яго гiсторыю. Назаўтра ён сабраўся далей у дарогу яшчэ зацемна. Нават яшчэ зоры свяцiлi. Тут ужо недалёка, толькi зоры сыдуць з неба, як ён будзе на месцы. Зноў тая самая сцежка! Тут яна пайшла зялёнай азiмiнай. Свежая рунь дрыжала пад ветрам, i ў нiзiнах стаяла чыстая, як сляза, вада. Сонца пачало ўзыходзiць чыста, i вышыня неба пабольшала. Усё заззяла, i прасторы сталi неабдымнымi. Тут, у гэтай яснай шырынi, ужо зусiм блiзка! Вельмi хутка ён дойдзе. Ужо не было ў яго нi смутку, нi радасцi. Хваляванне ўсёй яго iстоты i нават нецярплiвасць. Цяпер, калi ўжо так блiзка перад iм была яго мэта, ён чамусьцi як бы зноў апанураў з постацi. Яго заўсёды такiм рабiла шпаркая хада. Ён улёг у хаду i ўжо не заўважаў гэтае адзiнае на ўсе часы восенi. Але чаму сцежка такая доўгая? Тут ужо ёй канец павiнен быць. Яшчэ два дрэвы над палявым каменем, i там тады пачыналася выезджаная сялянскiмi калясьмi дарога. I ўсё. Чубок лесу будзе з-пад каменя i дрэў перад вачыма.

Вялiкае шчасце раптам страсянула яго душу: там, дзе канчалася сцежка i пачыналася дарога, ён убачыў тыя самыя i такiя самыя дрэвы. Адно што з карэння пайшлi ў iх парасткi i самi ўжо станавiлiся дрэвамi. I камень той самы i такi самы. I нават... Як бы лёс паслаў яму гэты малюнак на тое, каб душа яго ў гэты рашучы момант пазнала да канца ўвесь жах думкi, што мiнулае не варочаецца i ўвесь атрутны слодыч успамiн. Божа лiтасцiвы! На гэтым жа каменi, у раннi вечар, калi яшчэ толькi захад змываў з сябе колеры, ён згаварыўся з ёю стаць яму вернай сяброўкай. Яна сядзела тады на каменi, паклаўшы на прыпол згорнутыя рукi, а ён стаяў перад ею. Здань! Прывiд! У такой самай паставе, i так жа паклаўшы на прыпол згорнутыя рукi, на каменi сядзела жанчына. Дзяўчына, яна нядаўна яшчэ выйшла з падросткаў. На прыполе ў яе ляжаў хлеб, i яна ела яго. Але чаму яна так здаецца знаёмай яму? Як быццам бы ён яе ўжо бачыў дзе, або ведаў даўно, або знаў, што яна якраз тут будзе сядзець? I чаму яна так нагадвае яе, каго ён доўгiя годы не бачыў? Чаму – ён не мог бы сказаць, але вельмi нясмела ён глядзеў на яе i баяўся, што перарвуць гэтае яго шчасце. Ён не вытрымаў i пачаў гаварыць з ёю:

– Вы падарожная, што клунак каля вашых ног ляжыць?

– Падарожная.

– А здалёку?

– Здалёку. Цягнiком ехала. А гэта iду. Мне тут трэба дапiльнаваць брата.

– А дзе ж твой брат?

– Мой брат у польскiм войску быў, а што з iм цяпер – невядома. Калi ён, можа, у палоне на савецкай старане – то на гэта ўся надзея. Бо з гэтага палону радавых салдатаў пускаюць, i яны многiя папрыязджалi i папрыходзiлi ўжо. Вось i я яго сюды чакаць прыехала.

– Як жа гэта сюды чакаць?

– Тут стаiць наша хата, у якой мы выраслi. З гэтае хаты ён i ў войска пайшоў, яшчэ гады за два да вайны, а можа, i больш. Хата наша такая старая, што ў ёй ужо апошнiм годам жыць нельга было. Аставалася толькi я з маткай. Мы пакiнулi гэтую хату i пераехалi туды, далёка, адкуль я цяпер сюды прыехала. Там я i матка знайшлi працу ў панскiм маёнтку. Мы напiсалi брату, што ўжо не жывём тут. Пiсьмо тое яшчэ, напэўна, не дайшло да яго, як пачалася вайна з немцамi. Цяпер ён можа сюды прыехаць i не ведацьме, дзе мы i дзе знайсцi нас. Калi ж яго яшчэ няма дзе-небудзь тут, то я ў суседзяў пакiну яму наш адрас.

Яна змоўкла i паглядзела на яго, быццам думала, цi варта было гэтаму незнаёмаму даверыць сваю душу.

– А калi вам прыйдзецца тут начаваць, дык дзе, калi ваша хата такая дрэнная?

– У суседа. Мы з iм добра жылi.

Яна, гэтая адкрытая душа, шпарка пайшла, а ён назiркам, як баючыся, рушыў за ёю зводдалеку. Чуб хвойнага лесу быў перад iмi. Унь дзве хаты. Адна ледзьве лiпiць яшчэ, i страха на ёй упала. Ужо без вокан яна. Побач яе здаровая, вялiкая хата з смольнага кругляка. У яе адразу i пайшла дзяўчына. Ён жа, калоцячыся разам са сваiм сэрцам, спынiўся перад старой хатай i зводдалеку бачыў, што ў ёй сцены патрухлелi i пагнiлi, i стаяць мокрыя i цвiлыя. Ён бачыў праз аконную дзiру нават тыя цвiкi, якiя калiсьцi ўбiваў у сцены. А гэтая, новая, здаровая, з кругляка хата, куды пайшла дзяўчына! Ён жа ведае хто гэта, толькi сам сабе баiцца прызнацца. Гэта яго хата! Гэта ён яе ставiў. I гэта з яе яго выгналi. А гэтая старая! Унь тое месца, дзе ляжаў Палiводскi. Там тады стаяў ложак. З гэтай хаты ён i сястру яшчэ замуж аддаваў. I адзiн жыў у ёй. Ён стаяў i душыўся мiнулым, якое адарвалася ад яго з часткаю душы i нават вялiкi доктар – час – не загаiў гэтую рану ў душы. Ён ужо ведаў, як назваць тое, што лягло на яго жыццё. Але ён маўчаў i стаяў. "Дык яны тут жылi аж пакуль ужо нельга было! Цi даходзiлi сюды яго пiсьмы? Тады, калi ён жыў у новых прасторных сценах, гэтая трухлiна гатова была ўпасцi на iх. Можа ён вельмi мала стараўся, каб выратаваць iх адгэтуль! А цi не вiнават ён перад худзенькiм хлопчыкам Тамашом i перад маткаю сваiх дзяцей, i перад Лiзаветаю?!" Голас пратэсту перад самiм сабою ўзняў ён у сабе: "Не! Я iшоў у гром i невядомасць!" "Але ж я жыў гэтулькi год у мiлай мне працы, i жыццё гэтае само па сабе льга назваць шчасцем, каб не смутак мой. А цi хоць раз падумаў я, каб iсцi сюды да iх i ратаваць iх?" Раптам у яго пахаладзела ў вушах: "Чаму ж я не запытаў у гэтай дзяўчыны – а цi хоць адно пiсьмо прыйшло было да iх ад iх бацькi?" "Але я яшчэ ўбачу яе, да вечара я дапiльную яе тут, а заўтра зранку пайду гаварыць з ёю". Адразу цяпер ён не мог iсцi ў сваю, новую, некалi пастаўленую iм хату, ён баяўся свайго смутку. Да вечара ён праседзеў пад iгрушаю на лаўцы, у двары старой хаты, i пiльнаваў яе. Але яна з новай хаты не выходзiла. Як пачало змяркацца, ён увайшоў у старую хату i лёг на голы тапчан. Парыў ветру ўвагнаў у хату на яго праз аконную дзiру вiхор жоўтага лiсця з iгрушы. Ён накрыў галаву торбаю ад хлеба, стараючыся заснуць. Цiшынi не было! Нешта шастала па сценах i патрэсквала ў столi. А пасля яму здалося, што нешта шарганулася аб яго. Ён падняўся i стаў з шчаслiвай думкай: "Не канешне мучыць сябе ляжбой, можна стаяць i сядзець". Свяцiў месяц. Ноч была глыбокая. Праз дзiркi i шчылiны ў сценах лiлося ў гэтую гнiлую пустэльню месячнае святло, а па сценах нешта невядомае ўсё шастала. "Каб хоць хутчэй дзень". З нейкай надзеяй ён выйшаў на двор i зноў сеў на лаўку пад iгрушаю. За ноч з яе апала ўжо апошняе лiсцё. Месяц быў якраз у яе чорным голлi. А да дня яшчэ было вельмi далёка. Ён цясней зашпiлiўся ў сваёй суконнай жакетцы i лёг на лаўку. Холад не даў яму спаць. З поля цягло роўным шумам. Узняўся вецер. Месяц стаяў нiзка. Сымон Ракуцька спаць не хацеў. Седзячы на лаўцы, прычакаў ён дня i больш у старую хату не заходзiў. Як адважыўшыся на вялiкi подзвiг, ён закiнуў сваю торбу за плечы i пайшоў у суседнюю хату. Там яна была адна, сядзела за сталом i пiсала. Як прыгавораны да кары, ён стаў у парозе i сказаў:

– Добры дзень у хату. – Ён нават i не чуў, што яна адказала яму. Ён не мог адарваць вачэй ад акеннай шуфляды. Калi ён устаўляў яе, быў такi самы хмурны дзень позняй восенi.

– Гэта я з вамi ўчора гаварыў на дарозе, калi вы сядзелi на каменi.

– Я пазнала вас.

– Ну што, няма брата?

– Няма. Я пакiну яму тут гэтае пiсьмо. Чакаць яго – мне няма як.

– Што вы яму пiшаце?

– Вам хочацца ведаць?

Нават i без здзiўлення яна глядзела на яго, i вочы яе былi такiя добрыя, i здавалася, яна абяцае праз iх шчырасць усяму свету.

– Пачытайце мне, што вы яму напiсалi.

Яна нават не здзiвiлася: што гэта за дзiва такое з гэтым чалавекам.

– Калi вам хочацца, я прачытаю. Але я дапiшу раней.

Ён сеў на лаву i чакаў, пакуль яна скончыць пiсаць. Сочачы за кожным яе рухам, ён час ад часу падаваў голас:

– А цi ведаеце вы, што гэта ваш бацька ставiў гэтую хату?

Не адрываючыся ад пiсьма, яна адказала: – Ведаю. Мацi мне расказвала ўсё.

– Дык вы пра свайго бацьку ведаеце?

– А як жа! Але нашто вам усё гэта? Хто вы такi?

– Як нашто! Бо вашага бацьку я ведаў так, як ён сам сябе ведаў.

– Мой бацька быў слаўны чалавек, з душой i сэрцам. У яго былi залатыя рукi i разумная галава. I добрае сэрца.

– А дзе ваш бацька цяпер?

– Мы заўсёды ведалi, дзе ён.

– Як жа вы ведалi?

– Ужо вельмi даўно ад яго прыйшло было пiсьмо з яго адрасам.

Ён адчуваў, як сэрца распiрае яму грудзi, але ён не мог так пайсцi адразу. Ён хацеў усё высветлiць.

– А пра графа Палiводскага вы што-небудзь чулi?

– Мой бацька выратаваў яго ад смерцi... Я яго сама бачыла.

– Палiводскага? Як? Калi?

– Незадоўга да вайны. Ён сам быў у нас, калi жылi ў старой хаце.

– Ён вам якое-небудзь зло зрабiў?

– Гэты стары гад два днi i адну ноч не выходзiў ад нас i мучыў нас дамаганнямi, каб мы аддалi яму нейкае золата, якое нiбыта наш бацька ўзяў у яго, калi паднiмаў раненага на дарозе. Ён прасiў, пасля крычаў, пасля рамянём пасадзiў маме крывавы знак цераз твар. Пасля сунуў мне ў рукi свой адрас, калi мы адумаемся i захочам аддаць яму яго дабро. Ён служыў на нямецкай гранiцы. Нарэшце ён казаў, каб аддалi хоць палову, а палова нам... Але мне трэба пiсьмо дапiсаць. – Яна пiсала, а ён стаў на ўвесь рост у парозе i душыўся смуткам, гледзячы на яе. Гэта яна. Нязнаны iм чалавек. Без яго яна вырасла. Ён нi разу не меў шчасця трымаць яе на руках i гаварыць з ёю малою i падоўгу глядзець на яе дзiцячую ўсмешку. Нехта злы i бязлiтасны ўкраў у яго яе маленства.

– Вы казалi, каб я пачытала вам. Я ўжо напiсала. "Дарагi братка Тамаш. Мы табе пiсалi, што прымушаны былi выехаць з роднага кутка, але пачалася вайна, i пiсьмо наша магло да цябе не дайсцi. Дык шукай нас у мястэчку Сталеццi на Навагрудчыне. А таксама напамiнаю табе, калi ты згубiў адрас, што ў Гомельскай вобласцi, за Бабруйскам, жыве наш бацька. Гранiцы ўжо больш няма..." Ногi ў Сымона Ракуцькi падгiналiся. Ён сеў на лаву. Яна яшчэ ўгнулася над пiсьмом, штосьцi ў iм дапiсваючы. Ён цiхом падняўся i знiк з хаты. Не прыпыняючыся нiдзе, ён дайшоў да таго самага паўстанка i сеў у поезд. На другiя суткi ён ужо iшоў пешкам цяперашнiмi сваiмi месцамi. Ён радаваўся, што з кожным крокам падыходзiць да гэтай, ужо трэцяй на яго веку хаты. Можа цяпер тут ён знойдзе спакой душы. Было вельмi рана. I цёплае стаяла надвор'е. Было ясна. На хвiлiну магло здацца, што гэта ўлетку пасля дажджу. Ён iшоў сцежкаю паўз дарогу, краем сухога тарфянiку, па той бок якога суглiнiсты ўзгорак трымаў на сабе край неба. Пыльныя кусты шыпшыны, быльнiку i пiжмы бачыў ён, i думка яго спынiлася на тым, што ў карэннях пiжмы, пад тым кустом, жывуць мурашкi. Там яшчэ ўлетку чабор цвiў, i над iм кусцiлася жоўтае зелле святога Яна. Куп'iсты тарфянiк быў увесь мокры, на шчыльна збiтай у мяккi дыван нiзкарослай траве на iм блiшчэлi пад сонцам кроплi чыстай вады, як раса ўлетку. Вятрак махаў крыллямi дзесьцi за балотам, над рачулкай стаялi голыя вербы, адна была рудога колеру, другая жоўтага, трэцяя сiняватага, чацвёртая чырванаватага. I гэтая каляровасць дрэў дапаўняла вялiкае багацце i мноства ўсяго, што было ў чалавека перад вачыма. Дрэвы стаялi скрозь, iх было многа. Многа лётала i сядзела ўсюды гатовых спаткаць зiму птушак, многа было колераў i фарбаў, многа было i прастору, i неба, i вады, i ласкавай цiшынi. Брама яго дома была зачынена. Брамка збоку крыху прыадчынена. Ён увайшоў у двор. Усё было на месцы i ў парадку. Ён прайшоў праз увесь двор i агарод, i сад i назад вярнуўся. Густая сям'я дрэў, iм пасаджаных, расла ў кутку агарода пад загараддзю з жэрдак. Там былi бяроза, лiпа, клён, каштан, вяз i таполя. Улетку i ў раннюю восень тут заўсёды шумеў вецер у лiсцi, i па ўдзiрванелай пад дрэвамi зямлi густа i высока расла трава i красавала мятлiца. Там была i лаўка, дзе ён, бывала, праз колькi год, аддаваўся сваiм думкам. Ён зiрнуў у гэтае месца, дзе якой-небудзь ураўнаважанай душы век льга было б мець шчасце ад цiхай адзiноты, i сумеўся. Ён аж уздрыгануўся: з яго, i, можа, ужо доўгi час, не сыходзiў чалавечы позiрк. Там на лаўцы сядзела жанчына. Постаць яе была нерухомая, i вочы не сыходзiлi з яго. Хоць яна i не была ўжо такая, як калiсьцi, хоць гэта была ўжо старая жанчына, але ён з першага ж позiрку пазнаў яе. I дыхаць яму стала цяжка. Гэта яна! Такая! Без яго такая стала! Як бы страцiла яна ранейшы рух сваiх вачэй. I ён з'iначыўся без яе. Ужо i старасць не вельмi далёка стаiць за плячыма. I ў яе таксама. Нехта злы i бязлiтасны ўкраў у яго яе маладосць, i яе самую ўкраў. I яго маладосць украў. А ўсё ж жыццё яго з ёю разам было б падобна на маладосць. Злы ён i жорсткi, гэты страшны злодзей. I нiякая кара нiдзе i нiколi не спасцiгне яго. Гэта ён бесперапынна вiсеў над яго душою, як стопудовы камень! Пракляцце яму, гэтаму страшнаму злодзею! I прэч ад чалавека гэтую калоду пасярод двара, i гэтую лаўку пад дрэвамi, якiя шумам сваiм так заўсёды ўцiхамiрвалi душу! Сказаць дзецям... (але дзе ж тыя дзецi, iх жа ўкраў вялiкi злодзей), сказаць усiм i самому сабе: нi моманту спакою! Усе на пошукi вялiкага злодзея! Знайсцi яго i выяснiць дакладна, хто ж ён такi?! I зняць з яго галаву i паказаць усяму свету: глядзiце, i ганаровае месца мне! Я абезгаловiў страшнага злодзея! Я больш не вечны выгнанец з свайго месца. Я на сваiм месцы, i страшны злодзей больш не будзе мяне абкрадаць! "Што ж перш за ўсё сказаць ёй такое, чым узрадаваць яе? Ага, я пакажу ёй усё, што я запасiў дзецям. Я чакаў iх, я думаў пра iх! Вiсяць жа поўныя вешалы ботаў i сукенак, вопратак простых i ўбёраў святочных!"

У тую восень доўга трымалася мяккае надвор'е. Сёмага лiстапада зранку нападаў мокры снег, а к вечару таго ж дня яго ўжо не было анiзвання нiдзе. Вада сцякла ў нiзкiя месцы i стаяла там, i ў ёй адлюстравалася хмарыстае неба. Хмары вiселi нiзка, а на другi дзень памiж iх высвечвала сонца, i на ўзлессi мокрая лаза здавалася гатовай распусцiць першае лiсцейка. Усё блiшчэла, i здавалася, што гэта свецiцца вада ў лагчынах.

Той дарогай, што iшла памiж тарфянiку i роўна пастаўленых у адну лiнiю хат, вельмi шпарка iшоў чалавек. Гэта была хада таго, хто прывык да таго, каб доўгi час бачыць перад сабою тое, з чым трэба хутчэй расквiтацца, каб пасля гэтага мець што лепшае. Чалавек гэты трымаў галаву высока i як бы нiчога не заўважаў навокал сябе, перад сабой жа бачыў як бы толькi тое, да чаго хацеў хутчэй дайсцi, але здавалася, што i гэты пункт больш жыў у яго думках i свядомасцi, чым стаяў выразна ў вачах. Ён так iшоў, што здавалася, ён упэўнен у тым, што нiшто не стане на яго дарозе. Аднак жа, можа быць, тут найбольш было ад знадворнага выгляду чалавека. У гэтым выпадку можа i не да месца прымаўка, што твар ёсць люстра душы. Бо часамi рашучая пастава i хада чалавека на момант былi такiя, што як быццам бы ён хацеў вярнуцца. Аднак жа ён усё iшоў i нават паддаваў ходу. Пачалiся хаты паўз дарогу. Ён паклiкаў да сябе нейкага малога, што натрапiўся яму на вочы:

– Дзе хата Сымона Ракуцькi?

– А унь, дзе тых дрэў многа.

Чалавек глянуў на тыя дрэвы i хацеў усмiхнуцца, але выйшла, што ён як бы здзiвiўся. Верхняя губа яго з нiзка выстрыжанымi чарнявымi вусамi ўздрыганулася.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю