Текст книги "Вялiкае сэрца"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
– Чаго ж вы стаiце, местачкоўцы? Ратуйце свае галовы!
– Чуем! – пачуў Пархвен голас ужо дзесьцi з агародаў. Ён скоса азiрнуўся i бачыў, як людзi па адным мiльгацелi ўжо за мястэчкам. Натоўпу даўно ўжо не было на вулiцы. ("А я крычу!") Як яго ўводзiлi ў двор каменданцкага дома, ён убачыў, як тая ўжо знаёмая яму жабрачка iдзе агародамi з торбамi i з кiем. Змрокам таго дня ён стаяў пасярод вялiкага пакоя ў тым доме, дзе жыў камендант. Твар яго быў у крывi, адзежа вiсела на iм шматкамi, у вуха яго была ўстаўлена з паперы труба, i ў яе немец крычаў:
– Не ты забiў! Гавары, нашто бярэш на сябе вiну?!
Крык за сценамi можа сотнi галасоў перарваў немца. Людзi ўварвалiся ў дом i ў гэты пакой. Следчы гiтлеравец спалатнеў, закалацiўся i падняў рукi ўгару. За мястэчкам стральба чутна была да самай ранiцы.
Месяц у тую ноч змеркнуў позна, ужо ружавела неба на ўсходзе.
Стараючыся не рабiць многа шуму ў гэты раннi час, iмшыстай сцежкай памiж балотам i лесам iшло многа людзей, расцягнуўшыся доўгiм ланцугом. Адным з самых заднiх iшоў Пархвен. Твар яго ўжо быў абмыты ад крывi, i толькi на тую парваную адзежу была ўжо накiнута суконная жакетка. Яны мiнулi балотнае азярцо i выйшлi да чыгуначнага насыпу. Многа ўзброеных людзей было на траве пад дрэвамi. Тыя, што прыйшлi, спынiлiся ля гэтых, i Пархвен заўважыў сярод iх тую жабрачку, а пасля i трох сваiх галаскоўцаў. Раптам ён убачыў Марылю, i вялiкiм выбухам радасць стукнула ў яго грудзях. Праз дзён некалькi Пархвен i ўсе, з якiмi ён iшоў цяпер, былi ў адным з блiзкiх адсюль лясоў. Камандзiр партызанскага атрада пытаў у яго:
– Гэта ты i ёсць з тых самых Галаскоў, з якiх Пархвен выратаваў цэлае мястэчка ад расстрэлу?
– З тых самых, – адказаў Пархвен.
– Там яшчэ быў такi Пархвен, што з п'яным пеўнем бiўся, – пачуўся голас.
– Там яшчэ ёсць такi Пархвен, што нямецкi поезд пад адкос спусцiў нядаўна, – сказаў Пархвен.
– Яшчэ i цяпер на тым месцы вецер абсвiствае добрую сотню раструшчаных гiтлераўцаў, – абазваўся ўсё той жа голас. – От бо чалавек, гэты Пархвен! У Галасках, мусiць, некалькi Пархвенаў ёсць!
1944
Каментары
Друкуецца па аўтографе. Упершыню апублiкавана на расейскай мове ў часопiсе "Красноармеец", 1944, № 13-14. Дата напiсання пад тэкстам адсутнiчае.