355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » К. Тарасов » Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 октября 2016, 22:36

Текст книги "Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)"


Автор книги: К. Тарасов


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 7 страниц)

Ён крануў каня, i кметы аховы зарысiлi за iм па вузкай прынёманскай дарозе ў Наваградак да Мiндоўга.

16

З той жонкавай аховы, якую прывезлi з Наваградка параненай, памерлi да Калядаў яшчэ тры кметы. Немалыя ахвяры каштавала Даўмонту шалёнае вяселле наваградскага валадара, i з кожным наступным пахаваннем князь адчуваў, як разлютоўваецца, як выцiскаюцца з сэрца чуласць, спачуваннi, лiтасць да сябе i лiтасць да ўсiх. Адзiны чалавек, якога ён цяпер шкадаваў, быў Вiцень. Не гэтак за страчанае вока, бо ў параўнаннi з забiтымi яму нiбы i пашчасцiла, а за ўпартасць, з якой верны кмет iмкнуўся вярнуць ранейшую зоркасць, каб трапна бiць нажом i страляць. Гадзiнамi ён дасылаў стралу за стралой у пазначаную дошку пры плоце цi шпурляў сякерку ў слуп, шалеючы, што аднятае вока скажае дакладнасць яго прыцэлу.

Цяжка яму было прыняць, разумеў Даўмонт, што акрывеў i выглядае перад усiмi за калеку. Можа, думаў Даўмонт, страта вока здавалася маладому хлапцу асаблiва крыўднай, бо быў прынiжаны гуртом наваградскiх чаляднiкаў на вачах натоўпу. I яго, бачыў Даўмонт, спапяляла жаданне выкалупаць нажом вочы тым мiндоўгавым кметам. Даўмонт яго асцярожваў: глядзi, злосць – што псiна, трэба яе на ланцугу трымаць. Цябе i пакусае, калi спушчаная. Шалёны сабака доўга не жыве. Так i шалёны кмет хутка гiне. Сам насунешся на якую дзiду. Вiцень нiбыта прыслухоўваўся, але Даўмонт адчуваў, што кмет не прымае яго парады: мара пра лютую помсту хоць неяк пагаджала яго з калецтвам. Бо кмет, а не князь, думаў Даўмонт. Нiчога не меў апроч цэлага вока, палову маёмасцi адняла ў яго наваградская замкавая ахова – як не шалець! Але ж нi за што не мае адказваць, робiць тое, што яму князь загадае. Гэта князю абставiны загадваюць, багi радзяць. Трэба быць цярплiвым i чуйным, каб iх пачуць. Кмет на князевы розум спадзяецца, а князю – толькi на самога сябе спадзявацца.

Нiкому бiты князь не даверыцца, думаў Даўмонт. Вунь, колькi ў яго стрыяў i цётак. I хоць бы хто ўпiкнуў Мiндоўга за злачынства. Усе цiха па дварах хаваюцца, з чужой бяды кпяць, смешна iм, як Даўмонт згубiў жонку, а самi дужа баяцца мiндоўгавай увагi. Жывуць, як той заяц: маўчыш – жывы, варухнешся, гукнеш другога зайца – лiс схопiць. Без сiлы нiхто не князь, а гэтак – парабак пры дужэйшым. Пакуль большая сiла ў Мiндоўга, прыдзецца ў заячай скуры жыць. Можа, стары i не надта верыць, што навокал яго адныя баязлiвыя зайцы, хутчэй, зусiм у гэта не верыць, ды яму трэба, каб па-заячаму трымалiся. Забраў жонку, разбурыў гнездзiшча, зганьбаваў дом, а ты ў iм мусiш жыць, i мусiш ад пляўкоў ацiрацца. Трываеш ганьбу – значыць, згодны трываць, у ценi мiнулага роспачна ўглядацца. Ён там з жывой Агнай, ты тут з яе ценем. Пражыты дзень не вернеш. Страчана старое жыццё, як левае вока ў Вiценя. Колькi не смуткуй – пустая вачнiца. Але ж у гэтых сценах бацька жыў. I ягоны цень тут ходзiць. I дзед тут жыў. Таксама на яго памяць ганьба наклалася. Кожную ноч пытаюць, калi нашу годнасць абаронiш. Кожную ноч патрабуюць: не смуткуй – злiся...

Адасабляючыся ад страчанага жыцця, Даўмонт загадаў сабраць усе жонкавы рэчы ў куфар i трымаць яго ў сенцах, як трымаюць чужое, не вартае аховы, што не шкада страцiць. I калi прыехаў Мiндоўгавы радца, не прыйшлося збiраць вопратку i абутак Агны ў яго на вачах, ганьбавацца нiбы злодзею, у якога гаспадар адымае накрадзенае, усё было панапiханае ў куфар, адразу яго i вынеслi на вазок. Звар`яцеў князь Мiндоўг, калi думаў такой драбязой даць джала. Што з той жаночай вопраткi Даўмонту – не яму ж яе насiць. Другая жонка свой пасаг прынясе. Ды няхай думае, што ўджалiў. Эх, княжа Мiндоўг, заграбастыя ў цябе рукi, думаў Даўмонт. Ну i балюча ж табе стане, калi мечам буду iх укарочваць...

Вось да гэтага дня, да хвiлiны помсты, усё было ясна – што цярпець, як трымацца, а далей стаяла цемра. Гэтае пачуццё абмежаванасцi раздражняла Даўмонта. Нiбыта на смерцi Мiндоўга закончвалася i ягонае жыццё. Будучыня быццам знiкла. Раней, калi не задумваўся пра будучыя гады, яны праглядалiся ў магчымую далячыню: вось народзiцца ў яго сын, потым ён сына ажэнiць, можа нават, калi не заб`юць у якiм паходзе, пабачыць унукаў, а ўжо тады стары i нямоглы пойдзе, як пайшлi ў свой час ягоныя бацька, i дзед, i прадзед, на нябёсы да дзядоў. А цяпер усе звычныя ўяўленнi раздзьмутыя ветрам: нi жонкi, нi сына ад яе, i ён не ўдавец, а стаiць абабраны з нязмытай аплявухай на шчацэ. I мусiць са старым ваўком хiтраваць. А ўсёй хiтрасцi хапае на маўклiвае чаканне зручнага выпадка. На такую вялiкую хiтрасць, прызнаваўся сабе Даўмонт, здольны любы дурань...

Аднаго дня князь адчуў, што яго клiчуць багi, i пайшоў на Перунову гару. Ярка ззяла снежнае покрыва на палях i пагорках, позiрк заманьвала далячынь, дзе сутыкалася з зямлёй блакiтнае неба. Зачараваны iскрыстай прасторай, ён раптам зразумеў тое, што не давалася зразумець: у яго наперадзе процьма часу, усё жыццё, а ў Мiндоўга – наперадзе неўзабаве гвалтоўная смерць. I Мiндоўгавых кметаў неўзабаве чакае гвалтоўная смерць. I калi забiты наваградскi князь адыйдзе да дзядоў, ён зверху будзе заўсёды зайздросцiць яму, Даўмонту, будзе дакараць сябе за ўчынены гвалт, бо Даўмонт узяў з яго за шкоду жыццё. А ягоныя кметы зверху будуць зайзросцiць Вiценю, бо ён жывы i адпомшчаны, а яны з абедзьвума сваiмi вачнiцамi аддалi за чужое вока свае жыццi. Яго князкi век там, за даляглядам, а цяпер трэба дажыць аджытае, трэба дарабiць для супакаення крывавую працу, i ён яе даробiць... I на зайздрасць тым кметам высока паставiць Вiценя. Тых сваiх парабкаў Мiндоўг не ўзвышыць. Скурка старэе, праз якi год Вiцень стане ваяводам, а зараз ён дасць Вiценю сотню. Гэта будзе лепшая ў Нальшчы сотня кметаў. Прыдзе час, i яна возьме з наваградцаў належную данiну крывёй. Там, далёка за даляглядам хаваецца ў пушчах Наваградак. Настане дзень, прыйдзе ў мiндоўгава гнездзiшча багiня смерцi Мерцва i пазначыць каму трэба загiнуць ад нальшанскiх стрэлаў, каму ад нальшанскага меча або пад нальшанскай сякерай. Крэўскаму князю не варта сумаваць. Гэта тым трэба сумаваць, бо ён – мсцiўца, яны – ахвяры. Нальшча цярплiвая, дачакаецца свята. Нальшчы багi дапамогуць, а Мiндоўгу нiхто не дапаможа. Сыйдзе снег, паклiчуць войска ў паход, там наканаванае кожнаму i здзейснiцца...

А дзень пакрысе даўжэў, наблiжаючы ўрочную гадзiну, канчатак мядзвежага сядзення па дварах, абавязковы збор войска. За апошнiя дзесяць гадоў нiводнае лета не абыйшлося без вайны. I надыходзячае не магло стаць выключэннем.

Пасля красавiцкiх дажджоў зямля абудзiлася, зарунелi палi, чорны лес, кустоўе ажылi ад зiмовай самоты, апранулiся ў пяшчотнае лiсце, i кожная жывая iстота ў лесе, полi, на балотах крычала пра сваю прысутнасць на свеце. У такi прыгожы дзень закарцела Даўмонту прамчацца па крэўскiх дарогах, па ўскрайку леса, па зялёных пагорках. Ён гукнуў асядлаць каня i выехаў з замка. На пустой вулiцы паселiшча наводдаль нейкая баба намагалася загнаць у двор парсюка. Той не хацеў пакiдаць вялiкую гразкую лужыну, i баба дарэмна тыркала яму ў бок хварасцiнай. Даўмонт, пасмiхаючыся з высiлкаў цёткi, наблiжаўся да яе. Убачыўшы князя, баба паспяшалася ачысцiць шлях ад сваёй упартай жывёлiны i вiдаць, добра ёй упякла, бо свiння завiрашчэла, кiнулася ратавацца i са страху – проста пад ногi каню. Гэтак хутка яна неслася, што князь здзiвiўся – не кожны сабака здолеў бы яе абагнаць. Напужаны конь ускiнуўся, князь выляцеў з сядла i кулем грымнуўся на зямлю. Хужэй было тое, што левы бот зачапiўся за стрэмя, i конь у галоп павалок Даўмонта па камянях i гразi ў канец паселiшча. З падлеткавых гадоў не здаралася з Даўмонтам такой няўдачы. Нарэшце, вызвалiўшы нагу, князь адчуў, што не можа на яе ступiць. Ён стаяў пасярод дарогi прамоклы, пакрыты брудам, як балотная жаба, спiну палiла агнём, i замест замiлавання, з якiм ён выехаў на прагулянку, Даўмонт кiпеў лютай злосцю на бабу i свiнню. Але тых як ветрам здула. Ускарабкаўшыся ў сядло, Даўмонт вярнуўся ў замак. Тут яго чэлядзь распранула, адмыла ад гразi i шчыра пачала спачуваць: абдзёртая палова скуры на спiне крывавiла, нага пухла на вачах.

Назаўтра да гэтай бяды дадалася большая: прыбыў ганец ад Мiндоўга нарэшце, выправа. Даўмонт ледзь не звар`яцеў ад крыўды. Чакаць урачыстай хвiлiны амаль год – i гэтак недарэчна яе сустрэць. Дружына пойдзе гiнуць за Мiндоўга, а яму рыпець зубамi на ўласнае глупства.

Не выехаўшы з дружынай, князь не адпусцiў у войска i Вiценя. Спакайней было трымаць разлютаванага кмета пры сабе. Толькi праз месяц, калi Скурка прывёў полк i паведаў падрабязнасцi дарэмнага пахода, Даўмонт зразумеў, што баба i свiння былi пастаўленыя перад iм на дарозе багамi. Яго не выпусцiлi ў паход, дзе не меў бы падступiцца да Мiндоўга. Багi ведалi, што зручнага выпадка не будзе i правалаклi па гразi для ўрока: любая свiння можа скiнуць князя ў лужыну, калi ён неабачлiвы. Дзякуй iм за клопат. Брыдка было б за дзесяць крокаў ад Мiндоўга сядзець, як ягняцi, i слухаць старэчыя байкi пра даўнiя наезды i дружбу ранейшых князёў. Калi б былi тыя любоў i дружба, дык не распытваў у гэтым паходзе занепакоены князь Трайнат ваяводу Скурку, няўжо Даўмонту так блага, што не здолеў конна сядзець? Пэўна, прымерваўся пад час выправы пераняць Мiндоўгавы меч. I полацкi Таўцiвiл разлiчваў на такую ж удачу, падступаўся да Скуркi: "Дзе Даўмонт? Цi выжыве? Можа прыбудзе?" Не могуць дачакацца ягонай помсты. А гэтакая помста патрабуе абачлiвасцi. Трэба адпомсцiць i не пакласцi дружыну. Хай гiнуць ваяры пляменнiкаў Мiндоўга, у iх дружыны буйныя. Трайнаце i Таўцiвiлу смерць старога князя патрэбная не меней. Мо, i болей, чым яму. Iм трэба каб Мiндоўг загiнуў яд ягонага меча. Тады на iх нiбыта не патрапяць пырскi сваяцкай крывi. Але Мiндоўгаву ахову няхай вынiшчаюць яны. Ён не будзе адпомшчаны, калi саслабее. Той жа Трайнат пашле сваiх кметаў забiць яго, каб далучыць Нальшчу да Наваградка. I абвесцiць, што помсцiў за любiмага дзядзьку. Тады Мiндоўг пасмяецца на нябёсах, што Даўмонт стаў ахвярай новага валадара. Адзiн адняў жонку, другi – жыццё. Не, лепш асцерагчыся.

17

На купалле Мiндоўг павёз сям'ю на летняе селiшча да Нёмана. Упершыню з леташняй восенi Агна пакiдала горад. Пасля замкавай цеснаты гэтае падарожжа верхам праз пушчу наноў адкрывала ёй свет. За дзевяць месяцаў наваградскага сядзення Агна забылася як шумiць лес, шамацiць пад конскiмi капытамi дарожны пясок, як дурманяць пахi квяцiстага лугу, якiя таямнiчыя лясная глуш i лясныя ручаi, i адчувала сябе шчаслiваю.

Апоўднi выйшлi на лясную пустку i далi коням адпачыць. На пустцы рэдка стаялi дуплiстыя дубы. Адзiн быў пазначаны маланкай – у выпаленым дупле пры карнявiшчы мог схавацца вершнiк. Рэпiк i Рукля даследавалi гэтую таямнiчую пячору. Агна сядзела ля падножжа, заварожана назiрала, як лунае над лесам сокал. Да яе падыйшлi i прыселi побач Мiндоўг i Астап. Запэцканыя сажай, падобныя на чарцей, браты ўскараскалiся на дуб i гойдалiся, трымаючыся за гнуткiя галiнкi.

– У дзяцiнстве, – сказаў гучна Мiндоўг, – калi я быў такi, як яны, таксама любiў лазiць на дубы. Ухаплюся за галiнку, i калышуся ўверх-унiз. Аднойчы гайдаўся, гайдаўся ды раптам чую – ж-ж-ж – нiбыта страла ляцiць. А ляцiць проста мне ў лоб вялiзная аса. З таго часу такiх вялiзных i не бачыў нiколi. Гэтак гакнула ў пераноссе, быццам камень хто пусцiў з рушнiцы. Пляснуўся на зямлю, i зад, i спiну адбiў. Ды яшчэ i аса ўджалiць паспела, на лобе гузак вырас з добры яблык, агнём гарыць. I хоць бы хто пашкадаваў. Як хто ўбачыць маю морду з барвовым рогам на лобе, з акаселымi шчылiнамi замест вачэй – ад смеху курчацца. А бацька кажа: "Дурны ж ты, сынок, калi маленькая аса цябе гэтак скалечыла!"

Рэпiк i Рукля пасля пачутага палiчылi за лепшае не рызыкаваць сустрэчай з асой, саскочылi i ўселiся пры дарослых, спадзеючыся на працяг падобных успамiнаў.

– Са мной яшчэ горш было, – прыгадала Агна. – Ела неяк сунiцы. Ягаду падкiну – ротам лаўлю, потым – дзве, потым – тры. I гэтак мне соладка i добра – млею ад асалоды. Раптам быццам хто з маху iголку ў язык уваткнуў – пчала заляцела, са страху ўджалiла. Прыбегла дадому, а мяне адразу давай катаваць, каб джала з языка выцягнуць. Палову выкалупалi, палова засталася. Язык распух, тырчыць вонкi, як затычка. Нi есцi, нi пiць, нi стагнаць не магу. Тыдзень за печчу галодная ды нямая хавалася, каб нiхто не бачыў i не кпiў...

Рукля i Рэпiк заходзiлiся смехам.

– Глядзiце! – Мiндоўг паказаў рукой на нерухомую чорную кропку ў небе над лесам. – Сокал. Зараз рынецца на некага.

I сапраўды, чорная кропка раптам iмклiва панеслася ўнiз, i сталi бачныя распластаныя крылы i гатовая для ўдару дзюба. Высокiя дрэвы не дазволiлi ўбачыць канец сакалiнага палявання.

Усе крыху памаўчалi, разумеючы, што сокал перамог, а нейкая жывая iстота загiнула.

– Вось такое на свеце жыццё, – задумлiва сказаў Мiндоўг.

– Усе есцi хочуць, – заключыў Астап. – Ды лепш я вам таксама раскажу сваю прыгоду. Бо са мной такое было ў дзяцiнстве, – Астап хiтравата ўсмiхнуўся, чаго нi з кiм на белым свеце не было.

– Ну ўжо! – не паверыў князь. – Немагчыма. Усё было i будзе.

– Можа, i будзе, – сказаў Астап, – наперад не ведаю, але раней не было, паклясцiся магу. Неяк расказала мне мая бабка казку пра жабку-князёўну. Назаўтра ранкам iду ўздоўж рова, бачу сядзiць на маёй сцяжынцы жаба. Думаю: вось яно, маё шчасце, мяне чакае. Жабу схапiў, да сэрца прыцiснуў, дамоў прыбег, за печку схаваўся i ў халодную пыску яе цалую. Бабка прыкмецiла, спужалася: "Унучак, ты што, ашалеў?" – "Не! – кажу. – Нявеста мая. Трэба пацалаваць, каб у дзяўчынку павярнулася". Тады бабка кажа: "А-а! Правiльна, унучак, робiш, але, можа, не сваю нарачоную схапiў. Вазьмi, унучак, торбачку, яшчэ пашукай!" Я iх, можа з дзесятак перацалаваў. Ды вось, не пашанцавала... Ну што, нiхто больш пра такую любоў пахвалiцца не можа?

– Твая праўда! – здзiўлена зазначыў Мiндоўг.

– Я магу! – пераможна аспрэчыў Рэпiк. – Са мной было. I жабу я каля вежы сустрэў. I цалаваў за печчу. I таксама князёўнай не стала...

– Ты глядзi! – расчаравана адгукнуўся Астап. – Дарэмна я паклясцiся хацеў.

А Рукля не ўтрымаўся пакпiць з брата:

– Жабiн жанiх!

– А табе затое варона на нос нагадзiла, – прыгадаў у адказ Рэпiк. Забыўся ўжо, як на гняздо зазiраўся?

Браты абмянялiся варожымi позiркамi i адвярнулiся адзiн ад аднаго ва ўзаемнай непрыязнасцi.

– Варона – святое! – сказаў Мiндоўг, каб замiрыць сыноў. – Усiм ад яе дастаецца. Што нос – у кожнай лужыне адмыеш. Як-небудзь вазьму вас у Коўна, там старадаўняе свяцiлiшча на выспе, святая дуброва – адны вароны толькi i жывуць. Хто ў тых варон каменем кiне – таму галаву сякерай зносяць. А каго якая з тых варон адзначыць, як Руклю, той шчаслiвы ходзiць, месяц не мыецца, перад усiмi выхваляецца – во, глядзiце, знак удачы займеў.

– Што ж гэта за ўдача такая, – засумняваўся Рэпiк, – месяц на галаве паскудства насiць.

– Паспрабуй, – параiў Мiндоўг, – даведаешся.

Абедам прыехалi ў Альконы. Вялiкi двор, абгароджаны высокiм парканам з дубовымi варотамi, стаяў на пагорку блiзка Нёмана. Памiж ракой i лесам шырока раскiнуўся луг. Адным краем ён упiраўся ў лясiстыя ўзгоркi, на другiм была вёска загоншчыкаў, з дзесятак хатаў. Княжы двор закрывалi ад вёскi дзве стадолы, якiя скарыстоўвала пад жытло паўсотня аховы, бо не ўтоплiвалася ў каморы пры двары.

Да вечара ўладкоўвалiся, у прыцемках павячэралi i пайшлi на купальскае вогнiшча. Маладыя кметы пускалi з горкi абмазаныя смалой, падпаленыя колы. Князь, а за iм Агна, Рэпiк, Рукля, Астап паднялiся на ўзгорак. Мiндоўг не ўтрымаўся i таксама запусцiў падпаленае кола да ракi. I апынуўся пераможцам далей за ўсiх ягонае кола пракацiлася. "Шанцуе табе, княжа, – ухвалiў Астап. Будзе табе гэтым годам шчасце!" – "Хто ж процiў? – адказаў Мiндоўг. – Абы няшчасця не было!" Агна прысела на высахлую траву, князь прылёг, тады i Астап дазволiў сабе прылегчы. Усе моўчкi глядзелi на зыркiя купальскiя зоркi. На лузе дружыннiкi i вясковыя дзяўчаты скакалi цераз агонь, нарошчваючы яго ў даўжыню. Рэпiк i Рукля з аднагодкамi з вёскi таксама скакалi цераз полымя ўпоперак вогнiшча.

– Што мяне дзiвiць, – сказаў Мiндоўг, – дык гэта зоркi на небе. Што гэта такое? Хоць бы хто знаў ды растлумачыў, што за агеньчыкi там, у вышынi. Кажуць: знiчкi нашыя там агеньчыкамi гараць. Як хто памрэ – знiчка гасне. Нешта мала верыцца. Колькi людзей на маёй памяцi i ў бiтвах загiнулi i сваёй смерцю памерлi, а зорак i на дзесятак не паменшала.

– Тысячы палеглi, – знайшоў яснае рашэнне Астап, – тысячы нарадзiлiся.

– Магчыма, – не задаволiўся князь. – Толькi як яны загараюцца, а? Вось гэта таямнiца... А што, Астап, – раптам змянiў цiкаўнасць князь, – ты папраўдзе жабу цалаваў?

– Не, пакуль не давялося. Бачыў, як Рэпiк цалуе. Ну, i прыдумаў, каб не саромеўся перад братам.

– Шкада, – сказаў князь. – Выходзiць, толькi адзiн мой сын такi дурань даверлiвы.

Агна слухала гэтую размову, глядзела, як слупамi ўзлятаюць над вогнiшчам iскры, бачыла каля агню шчаслiвых дзяцей, i адчувала горасць, што вытруцiла зародак. Быў бы ў яе сын. Яе дзiця. Пакуль Мiндоўг жывы – яна абароненая, i дзiцёнак быў бы пад абаронай. Зясцерагла Даўмонта ад прынiжэння, сябе свайго шчасця пазбавiла, а ён усё адно вымеў яе сляды... Хоць бы хто спынiў тады. Хоць бы дзяды з неба розум прасвятлiлi. Вось, Астап, мог спынiць, але слова процi не сказаў. Быццам бы адгукнуўся на просьбу, дапамог, нават i рызыкаваў, а дзiця загубiла з яго дапамогай. I дачка ў яго ёсць прыёмная, i ўласны сын гадуецца, аднак жа не адгаворваў... Ды што яго вiнавацiць – сама прасiлася. Князя ненавiдзела, па Даўмонту сумавала, а забiла дзiця. Трэба нарадзiць, вырашыла Агна. Хоць даведаюся, што гэта за боль, калi дзiця родзiш, i якая радасць, калi народзiш. А чыё яно – маё...

Князь прабыў у Альканах два днi i, пакiнуўшы ахову, вярнуўся ў Наваградак, як ён сказаў, будаваць вежу i рыхтаваць паход. Агна адчула да яго ўдзячнасць, што не застаўся i даў ёй волю пабыць сам-насам. Усю сярэдзiну лета, пакуль Мiндоўг адсутнiчаў, Агна пра яго i не ўзгадвала. Здавалася ёй, што ён наогул з'ехаў назаўжды. I рэдкiя ўспамiны пра Даўмонта не адгукалiся пачуццямi, нiбы ён быў выпадковы спадарожнiк на забытым ужо шляху. Няблiзка быў Наваградак, яшчэ далей стаяў Крэўскi замак, не хацелася ўзiрацца праз такую далячынь у iхныя дубовыя сцены, вежы, брамы, каморы i насельнiкаў. Быццам растварылiся яны ў павалоцы сонечных летнiх дзён. Марылася Агне, каб на яе забылiся. I ранкам, калi хадзiла ў лес, i ўвечары, калi стаяла на беразе, гледзячы як адбiваюцца зоркi ў Нёмане, цi калi купалася ў цёплай нёманскай затоцы, цi калi гатавала на паварнi, адчувала Агна гэтую мару. "Добра б, – казала яна сабе, застацца тут назаўсёды. Не бачыць нiкога з iх – нi другога, нi першага. Толькi б дзiця нарадзiць, каб было пра каго клапацiцца".

Рукля i Рэпiк хадзiлi з кметамi на рыбалку, кармiлiся са стаёўнiкамi з iх катла, спалi ля вогнiшча на выпасе – Агна мала iх i бачыла. Аднойчы яны ўгаварылi яе пайсцi ў пушчу, паказаць мясцiны, дзе гулялi з мацi. Каля вёскi меўся брод цераз Нёман, а за iм пачынаўся малiннiкамi лес. Гэтым бродам яны перайшлi раку, доўга iшлi сцяжынкамi ад паляны да паляны i апынулiся на беразе звiлiстай плыткай рачулкi, шчыльна зарослай парэчкамi. Вывернутая з каранямi сасна служыла мастком; трымаючыся вядомых iм знакаў, пляменнiкi вывелi Агну да iмшыстай паляны, затуленай ад сонца старымi елкамi. Пасярод паляны бiла з зямлi крынiца, ад яе адыходзiў вузкi, шырынёй з далонь, ручай.

– Вось сюды мы хадзiлi, – сказаў Рукля. – Матуля казала, што тут выток ракi, святое месца, прошча...

На зваротным шляху Рэпiк расказаў ёй, што мацi станавiлася перад крынiцай на каленi i казала, каб яны станавiлiся i прасiлi ў прошчы даравання сабе i шчасця дарагiм людзям. А для сябе ў прошчы не трэба прасiць, iншыя папросяць, тады споўнiцца, iнакш – не споўнiцца.

– I што вы прасiлi?, – спыталася Агна.

– Шчасця ёй i бацьку, – быў сумны адказ...

Пазней Агна адна прыходзiла на гэтую зацененую паляну i стаяла каля крынiцы, дзе летась малiлася Марта. Неяк, стоячы на каленях ля прошчы, яна зразумела, што пагадзiлася са сваiм лёсам. Магчыма, i Марта, думала яна, тут, у гэтым глухiм гушчары, пагадзiлася прыняць свой лёс пасля гiбелi Вiшымунта. Як думаеш – так сэрца адчувае цi вучыцца адчуваць. Праўду казала Малгажата. Думала: палон, ганьба, бедны Даўмонт – мардавалася; раздумала аб тым смуткаваць – супакоiлася сэрца. Быў Даўмонт мужам – яго думкамi жыла; пры пляменнiках пайшло жыццё – пра iх трэба клапацiцца. А цяпер самае важнае ў жыццi – свайго сына цi дачку нарадзiць. Марта гэтае шчасце зведала, трэба i ёй зведаць. Будзе сын – будзе Мiндоўг яго аберагаць. Яшчэ, можа, мацней гэтае дзiця палюбiць, чым старэйшых сваiх сыноў. Не патрэбна ёй смерць Мiндоўга. Няхай князь доўга жыве, i сыны ягоныя няхай растуць у мiры, няхай Даўмонт хутчэй знойдзе сабе добрую жонку. А ёй лёс, як i Марце, – быць жонкай вялiкага князя, быць вялiкай княгiняй, бачыць усё, як князь бачыць, нудзiцца без яго, радавацца яму, калi прыязджае, забыцца на ўсе крыўды, каб на шкоду яму нiчога не жадаць.

18

Мiндоўг прыехаў у Альканы ў сярэдзiне жнiўня. Ужо снапы стаялi на iржышчы за вёскай, гаi пачалi жаўцець да бабiнага лета, вада ў Нёмане несла апалае лiсце, i ўсе – ад дзяцей да аховы – настроiлiся на блiзкае вяртанне ў Наваградак. Рукля i Рэпiк за лета падраслi, i князь задаволена здзiвiўся, параўнаўшы леташнiя засечкi на вушаку з новымi. "Калi кожны год на далонь прыбаўляць, – пажартаваў ён, – дык хутка галовой столь праб`еце!" Сустрэча ўзрадавала i Агну: хата запоўнiлася, выраўняўся малаўцямны парадак – паланёная цётка i дзецi сястры. Цяпер за сталом сядзеў бацька яе прыёмных дзяцей, яе муж, гаспадар, ён кроiў хлеб, на лаўцы ляжаў ягоны меч, на сцяне вiселi яго шлем i панцыр; людзi, што заходзiлi ў хату, кланялiся яму, садзiлiся да стала з ягонага дазволу. I калi б увайшоў, прыкладам, князь Даўмонт, ён таксама прысеў бы да стала з дазволу гаспадара, а без дазволу стаяў бы пры парозе. Ёй спадабалася, як ён ухвалiў яе варыва i печыва, бо сказаў не ў вочы, а дзецям: "Ну, зараз разумею з чаго гэтак падраслi!" I Астап паспяшаўся жартаўлiва падтрымаць: "Калi тыдзень за такiм сталом правесцi – новую кашулю прыдзецца шыць, старая лопне!" Але ягоная пахвала здалася Агне няшчырай – ухваляў, каб дагадзiць князю, а галоўнае – расхацелася ёй бачыць саўдзельнiка па благой справе. Яму ўсё аднолькава цiкава – i добрае, i злое, з агню можа вынесцi, i ў агонь можа ўласнымi рукамi ўкiнуць. Яе тады ўвосень пашкадаваў, але князю свайму тады здрадзiў. Вядома, забiў бы яго Мiндоўг, калi б даведаўся, хто дапамог пазбавiцца апошняга, можа, у ягоным жыццi дзiцяцi. Папрасiла б тады аборку прынесцi – прынёс бы аборку, узяўшы слова, што не адкрые князю, адкуль аборка ўзялася. Чужы ён; што яму да ейнага болю; ён у князя не па любовi уцякач на службе. Знойдзе лепшую службу цi паклiчуць раптам яго разанцы адразу ад'едзе. Толькi Мiндоўгу i можна верыць...

Падаючы на стол, слухаючы аповяд Мiндоўга пра надбудову ў Наваградку каменнай вежы, ягоныя разлiкi пра тысячы камянёў i валуноў, што патрэбныя для будоўлi каменнай замкавай сцяны, пра тысячы вазоў i вознiкаў, якiя гэтыя камянi з палёў у Наваградак павязуць, Агна прыгадала даўнiя неацэненыя раней княжыя ўчынкi. Узгадалася, як Мiндоўг разам з сынамi паўтараў за Вандай i Малгажатай польскiя прыслоўi, падаючы дзецям прыклад цiкаўнасцi; як спаў на лаўцы, укрыты свiткай, а не палез у цяпло на палацi; як пяшчотна прыгадваў сваю мацi; як знарок смешна расказваў пра свае страхi, калi ўцякаў ад полаўцаў. Яна ўважлiва ўзiралася ў князя i раптам зразумела чаму Даўмонт i iншыя князi не любяць i баяцца Мiндоўга. Не за тое, што ён забiваў. I яны тут не лепшыя, i яны забiвалi без шкадавання. Iх бацькi, дзядзькi i яны самi саступiлi яму. Волi ў яго было больш. Цяпер яны яго кметаў вылiчваюць – у яго тысячы, у iх сотнi, вось, значыць, i сiла ў яго. Але калiсьцi не было ў яго наваградскiх кметаў, а была, як у iх, – ашмянская дружына ў трыста коней, ды ён стаў вялiкiм князем, а яны засталiся ўдзельнымi. Ён прымусiў iх слухаць сябе. Ён i яе прымусiў прыняць сваю волю. Але ў яе нi кметаў, нi коней, нi братоў з мечамi, яна – адна, адзiнокая жанчына, на месцы памерлай сястры. У iх конi, кметы, дзiды, дзядзькi i браты – i ўсе яны слухаюцца князя, хоць ненавiдзяць яго. У князя не забралi жонку – нi першую, якая нарадзiла Войшалка, нi Марту. Ён забiраў. Ён i са смерцю паспрачаўся – узяў замест Марты, якую забралi багi, яе, Агну, падобную на сястру i аднае з ёю крывi... Яны шэпчуцца процi яго, але баяцца выступiць збройна. Сядзяць у сваiх гарадзiшчах, церпяць, чакаюць, калi ён памрэ. А ён жывучы, ён шмат каго перажыў, i гэтых, хто чакае, на злосць iм перажыве. Ён не верыць iм, бо яны клянуць яго шэптам, а хто шэпчацца за плячыма, той i б'е ў спiну, а трэцяга вока нават у вялiкага князя няма. Яна павiнна быць для князя як трэцяе вока.

Адвячоркам Агна пайшла з князем да Нёмана. Упершыню яны прагульвалiся разам. На луг сiвымi пластамi напаўзаў туман, шэрымi ценямi рухалiся ў тумане спутаныя конi, вакол вогнiшча грудзiлася варта, ад стадолаў далятаў вясёлы смех, а дзесьцi далёка за вёскай нехта спяваў сумную песню, у адзiноце праводзячы барвовы захад. Яны спынiлiся на беразе i доўга глядзелi на адлюстраванне ў Нёмане першых зорак. Абодва адчувалi, што ў гэтую хвiлiну памiж iмi загадкава сцiраецца мяжа раз'яднанасцi; патрабавалiся нейкiя важкiя словы, каб адзначыць у памяцi гэты iх першы сямейны вечар.

– Князь, – пачала Агна, – беражы сябе. У цябе за спiнай чыйсьцi цень. Гэта нядобры цень, а Рэпiк i Рукля яшчэ дзецi. Мне часцяком бывае страшна. Я хачу ў Наваградак, там спакайней...

Мiндоўг уважлiва яе слухаў.

– Добра, – зразумеў ён недасказанае. – Буду сцерагчыся.

Але гэтае абяцанне было недастатковым адказам на абвешчаную вернасць. Агна чакала шчырасцi.

– Я з дзяцiнства жадаў улады, – сказаў Мiндоўг. – Я звыкся з уладай i, пэўна, не здолею ад яе адмовiцца, пакуль не памру. I жыццё склалася гэтак, што мой першы сын на трыццаць гадоў старэйшы за сярэдняга. Гэта азначае, што я Войшалка любiў i на яго спадзяваўся. Трыццаць гадоў у мяне быў адзiн сын, i я доўга не жанiўся пасля смерцi першае жонкi. Потым я зразумеў, што спадзяюся дарэмна: ён хутка ўспыхвае, i хутка гасне. Сухая салома. Ён – то ваяр, то манах. Быць адважным ваяром для князя мала, быць шчырым манахам – нельга.

Яны пацiху пайшлi ўздоўж ракi да краю лугу.

– Цяпер, – працягваў князь, – я спадзяюся на сына, якому да княжай справы яшчэ з гадоў сем сталець. Рукля будзе сапраўдным князем. Цi, магчыма, Рэпiк стане сапраўдным князем. Зараз ён цiхi, але ўсё мяняецца. Я таксама быў не надта шумлiвы. Але сем гадоў трэба неяк пражыць. Таму я абавязаны быць хiтры, недаверлiвы, рашучы, асцярожны, жорсткi, разумны, каб мяне не падманулi такiя ж жорсткiя, хiтрыя i рашучыя. Марта гэта разумела. Наогул, разумела ўсе дачыненнi – князёў, немцаў, вешчуноў, сваякоў, злых i слабых...

– Ты думаў, – спытала Агна, – што i мне ўсё зразумелае, як ёй?

– Не, гэтак я не думаў, – шчыра адказаў князь. – Марта была надзейная жонка. Дванаццаць гадоў мы прабылi разам. Раптам яе не стала. Такое рабiлася на сэрцы, нiбыта ў бiтве стаю голы сярод апранутых у браню. Яе няма, ты ёсць вось i ўсё, што тады бачыў. Хоць, – удакладнiў Мiндоўг, – не зводзiцца адказ да аднаго слова. Шмат усяго сыходзiцца разам. Была i такая прычына: нашто Руклю i Рэпiку браты ад нальшанскага князя? Не можа Нальшча быць асобнай зямлёй. Марта баялася вайны памiж яе i тваiмi дзецьмi ў будучынi. Няма радасцi быць жорсткiм, але яшчэ горш пакiдаць жорсткiя справы для сыноў. Я не вырашу iм давядзецца вырашаць. Улада вышэй за князя. Князь памiрае, а зямля i ўлада застаюцца. Мы ў гасцях ва ўлады. Узяў уладу – яна загадвае. Толькi дурань думае, што ўлада – гэта ён сам. Улада i табе будзе загадваць, калi мяне не будзе. Пра гэта я нiколi не забываюся. А пра тое, цi будзеш ты мне сябрам, цi адолее цябе варожасць – не думаў. А кiм станеш? – спытаў ён.

– Былi месяцы, Мiндоўг, – сказала Агна, – ненавiдзела цябе. Цяпер – не, адышло. Пра сваё жыццё думаю, i змяёй для цябе не буду. Буду, як была Марта.

Князь памаўчаў, прымаючы такое прызнанне.

– Хай так, – усмiхнуўся князь. – Ты сказала лепш, чым я мог пачуць...

19

Ваявода Сiрвiд Рушковiч чакаў прыбыцця да войска вялiкага князя – было неабходна здымацца ў паход. Для дзесяцi тысяч верхавых i тысячы цяглавых коней навокал Слуцка не хапала выпасаў, i ўжо здарылася бойка памiж полацкiмi i наваградскiмi стаёўнiкамi за пожнi. Усе дружыны сабралiся, затрымлiваўся толькi Трайнат, але ганцы дакладвалi, што жамойцкi полк вырушыў i ў хуткiм часе падыдзе. Нарэшце ад Мiндоўга прыбыў Астап з загадам iсцi да Прапошаска, там князь ачолiць войска.

У той жа дзень Астап з'явiўся ў Даўмонтавым намёце. Гэта была iх першая сустрэча пасля зiмовай паездкi разанца па Агнiну маёмасць. Па злым бляску ў вачах крэўскага князя Астап зразумеў, што Трайнат паасцярогся адкрываць мсцiўцу ўсю задуму. Цяпер Даўмонт адчуваў разгубленасць. З Астапавай просьбы неадкладна паслаць вестуна да жамойцкага князя, Даўмонт зразумеў, што замест непрыяцеля перад iм стаiць хаўруснiк. Ганец павiнен перадаць Трайнату: сустрэча праз два днi каля вусця Сулы. Таму, казаў Астап, заўтра Даўмонт мусiць зняць з паходу дружыну i паспяшаецца да Сулы. Далейшае яны абмяркуюць разам з Трайнатам.

Як ён здыме з выправы полк – Даўмонт ведаў. Ён мог проста павярнуць свой абоз i пайсцi, i хто б спынiў, хто б спытаў з яго пасля помсты? Але такi рашучы сыход затойваў небяспеку – раптам ваявода Сiрвiд пашле вестуна паведамiць свайму князю, што Даўмонт разам з дружынай знiклi. Ён вырашыў адказаць хлуснёй на хлусню вялiкага князя. Мiндоўг год таму спасылаўся на волю багоў, Даўмонт палiчыў вартым паказаць, што таксама чуе iхняю волю.

I таму ў ноч напярэдаднi паходу Даўмонт пераказаў дружыне трывожны сон. Прыснiлася яму, быццам у полi граяла над яго дружынай чарада варон i адляцела ў бок Нальшчы. Старыя кметы ацанiлi сон як злавесны: чарада варон – чорныя вестуны да iхных сем'яў, пойдуць далей – усе ў гэтым паходзе загiнуць. Настрой няпэўнасцi захапiў усiх. Тады князь абвясцiў ваяводзе Сiрвiду, што ў паход iсцi не мусiць – багi далi кравянам знак вяртацца дадому. "Сам глядзi!" толькi i адказаў, нiбы папярэджваючы благiя наступствы, незадаволены Сiрвiд, але пярэчыць процi нябеснага знаку ўстрымаўся. Усё войска знялося i пайшло да Прапошаска. Крэўскi полк рушыў зваротным шляхам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю