Текст книги "Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)"
Автор книги: К. Тарасов
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 7 страниц)
Тарасов К
Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)
Кастусь Тарасаў
Апошняе каханне князя Мiндоўга
Дачцэ Ганне
1
Напярэдаднi купалля ў лясах паблiзу ад мазавецкае мяжы прыпынiлiся на кароткi начлег перад наездам пятнаццаць тысяч коннай лiтвы i русi. Каб вецер не прынёс мазурам выратавальны для iх знак, абозныя на загад вялiкага князя забаранiлi кметам раскладаць вогнiшчы. Адзiны на войска агонь цеплiўся ля намёту Мiндоўга; каля гэтага вогнiшча радзiлiся ўдзельныя князi, якiя прывялi свае палкi i дружыны. Вялiкi князь даводзiў iм задуму наезду. Мiндоўг казаў, што яны мусяць адпомсцiць мазурам за iхны ўдзел у леташнiм сумесным з крыжакамi паходзе на прусаў i жамойць. Палкi мусяць пранесцiся смерчам праз мазурскiя вёскi i мястэчкi ў бок Плоцка i недзе ля Вiслы сустрэць войска князя Земавiта, калi той паспее яго сабраць...
Князёў ля агню, у крывавым полымi якога грэлася боства вайны, было разам з Мiндоўгам семнаццаць, усе яны, апроч вялiкага князя, былi паголеныя, як патрабаваў таго iхны малады ўзрост; сiвы, барадаты Мiндоўг выглядаў сярод iх дзедам, якi склiкаў моладзь для навучання поспеху i ўдачы на ўласным досведзе. Аднагодкi i старыя паплечнiкi князя даўно пайшлi з жыцця, у крузе з iм, шасцiдзесяцiпяцiгадовым, сядзелi iхныя сыны. За выняткам трох яцвягаў, усе даводзiлiся вялiкаму князю сваякамi, хоць i яцвяжскiя князi, пры жаданнi акрэслiць з iм роднасць, былi сваякамi па жонцы. Жамойцкi князь Трайнат быў сястрынiч, полацкi князь Таўцiвiл i вiцебскi князь Ердзiвiл – братанiчы, гальшанскi князь Гердзень – стрыечны братанiч, крэўскi князь Даўмонт, самы малады з князёў у гэтым паходзе, таксама пляменнiк, але траюрадны. Мiндоўг вылiчыў, што Даўмонту толькi крыху перайшло за дваццаць. Дзяволтаўскiя князi Люмбель, Лугайла i Гаторп сядзелi на такiх дробных удзелах, што сваяцтва патрабавала ўзгадкаў пра дзядоў трэцяга калена. Са сваякоў не было на гэтай вайсковай радзе толькi зяця, Шварна Данiлавiча, але ён вёў свой холмскi полк на мазаўшанаў па Бугу ад Берасця.
Вялiкi князь паведамляў цяпер тое, што раней трымалася ў таямнiцы: адначасна з iмi пойдуць на мазураў з поўначы прускiя дружыны Геркуса Мантуса. Iхная першая мэта – Цэханаў. Лiтва, жамойць i яцвягi рухаюцца на Вiзну i па Нарэву – на Пултуск. На сутоку Нарэва з Бугам яны сустрэнуцца з валынскай руссю Шварна, i напрыканцы паходу спаляць галоўнае гнездзiшча мазураў – Плоцк. А тады пойдуць дамоў з палонам i лупамi...
Мажлiва, нагадаў Мiндоўг пра лёс, нехта з iх не вернецца. Таму i трымаецца лiтва старадаўняга звычая паважнай размовы перад наездам, што хтосьцi назаўжды застанецца ў чужой зямлi, а хто – зараз невядома. Нехта адзiн цi некалькi з семнаццацi бачыць, слухае ўсiх i сам гаворыць з усiмi апошнi раз. Магчыма, гэта будзе ён, вялiкi князь Мiндоўг, цi малады Даўмонт, цi мужны Трайнат, цi зяць вялiкага князя Шварн, цi яцвяжскi ўладар Скамонд. Невядомасць лёсу вызначана для чалавека багамi. Пасля iхнага прысуду багiня смерцi ставiць на азначанае сэрца пячатку апошняга дня. Нiхто не гiне раней цi пазней часу, акрэсленага багiняй. Сёння яна значыць тэўтонскiх прыхвасняў – мазураў, i наезд засведчыць, каго з iх яна мецiла магiльным знакам...
Паляну, на якой стаяў намёт, гарэў агонь i радзiлiся князi, аточвала варта, а навокал днявала пяцiтысячнае наваградскае апалчэнне – самае вялiкае ў агульным войску i адданае Мiндоўгу. За плячамi князя сядзелi два верныя яму баярыны: наваградскi ваявода Сiрвiд Рушковiч i разанскi выгнанец Астап палявы ваявода ў паходах, найблiжэйшы князеў радца ў мiрны час. На гэтай сустрэчы абодва назiралi, каб нiхто з маладых князёў раптам не выцягнуў з похваў меч. I сам Мiндоўг, i абодва ваяводы ведалi, што з шаснаццацi князёў сама меней трое ненавiдзелi яго i пры зручным выпадку не марудзiлi б забiць, астатнiя прынялi б такi ўчынак без абурэння, а можа i ўхвалiлi. Але зручнага выпадку заўжды насцярожаны Мiндоўг не дапускаў. Наезд таiў небяспеку i для княжатаў. Вялiкi князь меў неаспрэчныя магчымасцi паставiць усялякi ўдзельны полк пад знiшчальны ўдар мазураў. Дзеля ўзаемнай бяспекi ў выправе Мiндоўгу i малым князям трэба было затойваць нянавiсць i непрыязнасць у сэрцы на будучыню. Але розум не заўжды адужвае пачуццi...
Вялiкi князь нагадаў маладым паплечнiкам, што вадзiў сваю лiтоўскую дружыну на мазураў яшчэ паўвека таму. Пэўна яму было тады менш гадоў, чым зараз Даўмонту. Iхныя бацькi таксама былi маладыя, i вось гэтаксама ўсе збiралiся ля вогнiшча паслухаць старэйшых князёў. Добрыя тады ладзiлi наезды, суцiшылi мазурскi запал, ад адных толькi словаў "Лiтва йдзе!", "Яцвягi йдуць!" праймала мазураў жахам. А потым Конрад, бацька iхнага цяперашняга князя Земавiта, бяссiльны абаранiцца сваiмi кметамi, запрасiў у памагатыя крыжакоў, падараваў iм землi, выдзелiў крэпасцi, i зноў пайшоў на яцвягаў. Летась разам з немцамi мазавецкiя палкi ўпершыню прыйшлi вынiшчаць жамойць, прусаў, дайнову. Ды моцна памылiўся князь Земавiт, братаючыся з белымi апанчамi: крыўда без помсты не жыве. Таму i пазначае мазураў у гэты час Мерцва. Мазоўша дапамагала крыжакам нiшчыць нашыя вёскi, цяпер ёй давядзецца паплакаць крывавымi слязьмi i заплацiць сваiм дабром...
Напамiнак пра лупы ажывiў непраглядныя твары князёў, якiя не маглi забыцца на нядаўняе сяброўства вялiкага князя з тымi самымi крыжакамi. Немцы падаравалi Земавiту яцвяжскiя Судавы, а хто гэта быў дараваў немцам Жамойць? Цi гэта не Мiндоўгава пячатка вiсiць на дарчай грамаце? Лепш не згадваць пра мiнулыя гады i сканалых князёў – тыя крыжакам такiх дарункаў не рабiлi. Яны, iхныя сыны, зараз самi iдуць у наезд, а найпершая мэта наезду – лупы. Што здабудуць – тым узмацняцца. Багатыя лупы – удача князёў, залог адданасцi палкоў, дзеля iх i рызыкуюць жыццём простыя кметы. Цяпер князi ўзважвалi i запамiналi, што жадае ўзяць сабе, што пакiнуць iм iхны важар. А Мiндоўг, бачачы ў вачах князёў хуткую змену злоснай нязгоды цi крыўды на ўхваленне, думаў, што зашмат у гэтай княжацкай зграi галодных ратоў. Няўжо ўсе жывымi прыйдуць з гэтай вайны, гадаў ён? Хоць бы трацiну з iх пабiлi мазуры, баронячы свае двары. Гэтыя саслабеюць, тыя знядужаюць – меншы клопат на ягоную галаву...
Задуманае пакаранне Мазоўшы патрабавала, апроч знiшчэння войска i руйнавання паселiшчаў, забраць конскiя табуны. Князi абумовiлi, што гнаць табуны будуць стаёўнiкi з iхных абозаў, а пасля паходу коней падзеляць адпаведна сiле прыведзеных палкоў, але чвэртку коней возьме Мiндоўгавы канюшы Сiпайла ў табун вялiкага князя. Абознiкi таксама вывозяць збожжа i сена. Рыцарскiя даспехi i зброя, узятыя ў бiтвах, застануцца пры тых, хто ўзяў; зброя, захопленая ў местах, пойдзе палкам, што бралi гарады, але чвэртка трапiць у збраёўню вялiкага князя. Таксама i Мiндоўг падзелiцца лупамi, якiя возьмуць яго лiтва i наваградская русь. Быдла, калi хто мае патрэбу, пагонiць сам, пры сваiх абозах.
Дамовiўшыся, што палон i абозы з лупамi для дзяльбы трэба зцягваць да Ваўкавыска, князi раз'ехалiся ў свае палкi i дружыны. Тут кметы ўжо разбiралi з вазоў браню i дзiды, мацавалi да сёдлаў паходныя торбы з запасамi харчу i пустыя мяхi пад здабычу. Хто вастрыў меч, хто правiў лук, а ўсё падрыхтаваўшы, клаўся спаць, каб досвiткам бадзёра сядзець на канi.
2
Ранкам пятнаццаць тысячаў наезду перайшлi на рысях мазавецкую мяжу. Трапяталi ў паветры чырвоныя сцяжкi сотнiкаў, калыхалiся пастаўленыя пяткай на стрэмя дзiды, i трывалыя лiтоўскiя конi паскаралi хаду пад рэзкiя выгукi кметаў – "Хо!", "Хо!". Неўзабаве пачалi сустракацца на шляхах войска мазурскiя паселiшчы, i аддзелы, што йшлi наперадзе, спяшалiся вычышчаць двары ад мужыкоў, гвалцiць дзевак i збiраць убогiя лупы – вопратку, посцiлкi, зерне, кажухi. Наступныя дружыны рухалiся далей, разыходзiлiся развiлкамi да такiх жа асуджаных на разбурэнне вёсак.
Удзень ваяры Трайната ўзялi Вiзна, дзе захоўвалася данiна навакольнага жыхарства плоцкiм касцёлам. Не марнуючы часу, кметы спустошылi засекi i клецi, разрабавалi каплiцу, вывелi коней, перабiлi бальшыню мужыкоў i, пакiнуўшы за плячамi зруйнаваны замак, скiравалiся на Пултуск.
Ды ўсiх не заб'еш. У нейкую шчылiну праслiзгвае ўдачлiвы мазур i нясецца галопам ад месца бойнi да блiжэйшага жылля з крыкам "Ратуйся! Лiтва! Наезд!", а адтуль разлятаюцца вестуны да суседзяў. Сярод такiх удачлiвых апынуўся вiзнаўскi кашталян Якуб. За два днi ён дабраўся да Плоцка, i князь Земавiт даведаўся, што прыйшлi наваградская русь i лiтва, а iншыя ўцекачы паведамiлi пра прускую навалу i пра русiнскiя палкi князя Шварна Данiлавiча. Рабуюць, рэжуць, гвалцяць, паляць, пасля iх – нi коней, нi кузнi, нi збожжа, нi стажка жывёле.
Земавiт пачаў збiраць войска, аднак хутка з'ехацца ўладары не маглi трэба было затоiць ў лясах сем'i, быдла, схаваць зерне i нажытак. Пацiху падыходзiлi дружыны з Завiслення, а ў абыход лiтоўскiх палкоў падкрадвалiся дробныя рыцарскiя аддзелы. Толькi праз два тыднi Земавiт здолеў вывесцi пад сваiм сцягам войска ў пяць тысяч коней, з якiм i пайшоў насустрач Мiндоўгу. Земавiтава жонка, княгiня Гертруда, засталася ў Плоцку, прыняўшы на сябе ўмацаванне замка i горада перад магчымай аблогай, калi бiтва раптам будзе прайграная i князю давядзецца хавацца за сценамi, пакуль не прыйдуць посiлкi з Малапольшчы. Рыцарскага аддзела Земавiт жонцы не пакiнуў, i абаронцамi Плоцка засталiся мяшканцы i навакольныя веснякi, што шчыльна панабiлiся ў горад. Чамусьцi iм верылася, што за плоцкiмi гароднямi пад крылом княгiнi прасцей уратавацца ад лiтоўскага лiха, чым дзе-небудзь у пушчанскiх гушчарах, на недаступных выспах сярод дрыгвы. Разлiкi, што на абарону польскiх хрысцiянаў ад паганскага нашэсця зараз жа вырушыць Ордэн, не спраўдзiлiся – немцы цi не былi падрыхтаваныя, цi не жадалi ваяваць Мiндоўга сiламi ордэнскiх братоў. Можа, яны i цешылiся з бедства мазурскiх земляў.
Заступiўшы шлях Мiндоўгу пяццю тысячамi войска паблiзу Варшавы, Земавiт меркаваў перамагчы: ягоныя рыцары былi апранутыя ў добрую браню, палова рыцарскiх лучнiкаў мела дальнабойныя кушы, за iх плячамi засталiся сем'i, яны паклялiся перад богам не адыходзiць. Князь зразумеў, што пераможаны, калi лава жамойтаў з баявым клiчам "Локiс! Прэнкi!" навалiлася на левае крыло, шалёныя яцвягi i полацкая русь Таўцiвiла i Ердзiвiла пачалi адцiскаць правае, а з тылу палкi Гердзеня i Даўмонта замкнулi атачэнне i з клiчам "Нальшча! Сокал! Бi!" выцiснулi мазурскую сярэдзiну пад стрэлы i мечы наваградцаў i лiтвы. Праз гадзiну мазавецкае войска трацiнай палегла на поле сечы, а бальшыня, бачачы двайную перавагу лiтоўскага ваярства, скарылася i пакiдала зброю. У палон трапiлi i князь Земавiт, i ягоны васемнаццацiгадовы сын Конрад. З лiтоўскiх князёў пацярпеў у бiтве толькi Мiндоўгаў пляменнiк, князь Ердзiвiл. Яго, працятага мазурскай дзiдай, паклалi на калёсы i павезлi ў абоз.
Палонных падзялiлi: знакамiтых i важных рыцараў, Земавiта i Конрада, узяў Мiндоўг, астатнiх, хто абяцаў выкупiцца, паразбiралi князi, а шараговы палон адразу атрымаў працу – капаць роў для забiтых. Яны i пачалi капаць абломкамi мечаў, назiраючы, як на залiтым крывёю полi, на дыване з лiтоўскiх i мазавецкiх мерцвякоў, распачалася жорсткая бойка сярод пераможцаў за каштоўную здабычу – шчыты, панцыры, шлемы, зброю. Нарэшце, брудная лаянка i мардабойства русi, лiтвы ды яцвягаў раззлавалi Мiндоўга, ён крыкнуў, што загадае павесiць усiх, каму свярбяць рукi. Ведаючы вернасць князя свайму слову, кметы хуценька рассеялiся, а мерцвякоў спрытна аблупiла наваградская дружына.
Вялiкi князь разумеў, што другое войска Мазоўша ўжо сабраць не здолее; заставалася папалiць галоўныя асяродкi мазураў i прымусiць Земавiта да падпiсання мiрнай дамовы. Захоча жыцця сабе i сыну – замацуе пячаткай любыя ўмовы. Апошняе Мiндоўг вырашыў выканаць пасля захопу Плоцка, адкуль меркаваў прывезцi Земавiтаву жонку i ягонага другога сына. Ваяводу Рушковiча з лiтвой i нальшанцаў князь выправiў на Вышаград, палку Шварна Данiлавiча загадаў iсцi на Чэрвiньск; сам жа Мiндоўг, даручыўшы Астапу ахову свайго палону, узяў маладога Конрада закладнiкам i павёў лiтоўскую русь i яцвягаў да Плоцка.
Атачаць горад, страшыць княгiню Гертруду забойствам яе сына перад замкавай брамай Мiндоўгу не давялося. Княгiня, ратуючы жыццё малодшага сына, палiчыла за лепшае не злаваць лiтву абаронай замкавых сценаў. Пакiнуўшы горад, яна разам з княжычам Баляславам паiмчала ў Кракаў прасiць дапамогi. Уцёкi княгiнi Гертруды пазбавiлi плоцкiх абаронцаў ачольнай волi, i горад скорана расчынiў вароты. Цiхмянасць мяшканцаў не ўратавала iх ад лютасцi пераможцаў. Яцвягi Скамонда прагнулi помсты: мазуры мусiлi зведаць на сабе тое, што зведалi яцвягi ад мазавецкiх наездаў на iхныя лясныя гарадзiшчы. Яцвягам было што прыгадаць на вулiцах Плоцка: смерць сваiх сямiдзесяцi князёў, згвалчаных выданнiц i маладзiц, народжаных iмi вырадкаў, якiх прыходзiлася кiдаць у багну, вогнiшчы замест вёсак, безлiч сваякоў, забраных мазавецкiмi ўладарамi для цяжкай працы ў сваiх гаспадарках...
Плоцкае жыхарства сустракала заваёўнiкаў стоячы на каленях, але гэтая пакорнасць абуджала ў яцвягаў замест лiтасцi лютасць: "Во хiтрыя морды! Стаяць авечкамi! Пахавалi скарб i дзевак!" I ваярства, што ўвесь паход марыла аблупiць мазавецкую сталiцу i спагнаць даўгi за зведаныя здзекi, кiнулася па дварах здзяйсняць свае намеры. Ксёндз касцёла Панны Марыi, якi спрабаваў святым крыжам спынiць уварванне паганцаў у асвячоныя сцены, быў узняты кметамi на дзiды i пад рогат таварышаў паляцеў, нiбы падбiтая варона, ў кучу гною. I гэты касцёл, i астатнiя тры былi дашчэнту абадраныя. Мужчын, што ратавалiся ў храмах, падзялiлi на дужых i нямоглых: першых пагналi ў абоз на працу, нямоглых i старых пазбiвалi да паўсмерцi. Маладых мазуранак адразу ж згвалцiлi; а якая з дзевак надта пужалася i прасiла злiтавацца, тую ганьбiлi мноствам, прымаўляючы дзеля большай знявагi: "Глядзi, як гэтая полька просiцца! Яшчэ хоча!" Маткам, што малiлi аб лiтасцi да iхных дачок, адказам былi кпiны: "Гэта што, не мiласць? Вашыя мужыкi нас забiвалi, а мы кожнай дзеўцы дзiця стараемся падараваць!" Па ўсiх падпамосцях, склепах, паддашках i гарышчах пераможцы прайшлiся, як мятлой. Урэшце абрабаваны, зняважаны горад запалаў; наваградцы i яцвягi доўга цiкавалi як адлюстроўваюцца ў Вiсле магутныя агнi. Адзiнае, аб чым шкадаваў Мiндоўг, былi ўцёкi княгiнi Гертруды уся мазавецкая сямейка магла цеснiцца ў ягоным кулаку i падпiсала б самыя ганебныя ўмовы мiру. Але i выратаванне Гертруды, суцяшаўся князь, абяцала карысць – дорага будзе каштаваць княгiнi выкуп з палону сына i мужа.
У гэтыя ж днi жамойць Трайната спусташала Ўяздаў, князь Даўмонт i Сiрвiд палiлi Вышаград, затое Шварн Данiлавiч не ўтрымаўся ад шкоды Мiндоўгу, ад дзiкунства, якое кiдала на вялiкага князя цень непрыстойнасцi i памяншала выкуп за ягоны палон – Шварн забiў Земавiта. А ранкам, ацвярозеўшы, хутка павёў сваiх русiнаў на Чэрвiньск, каб не каяцца перад цесцем. Мiндоўг зрываў злосць на Астапе – чаму недагледзеў? "Як упiльнуеш, – апраўдваўся разанец. Каму ж гэта ў галаву прыдзе палоннага князя мечам секчы!" – "Каму! раз'юшыўся Мiндоўг. – Зяцю майму! З чаго звар'яцеў?" – "П'яны быў, – тлумачыў Астап. – Сказаў Земавiту: "Што, мазурскi недабiтак, трапiў у сiло?" А той у адказ: "Не ў тваё, недавярак!" – I ўсё. Як пачуў пра недавярка – iмгненна здзiчэў!" Мiндоўг злосна ўздыхаў: "Ну, зяцёк! Ну, i дапамог!" – "Лёс, вiдаць, такi быў Земавiту, – вырашыў спаслацца на незямныя сiлы Астап. – Лёс нiхто не аспрэчыць!" – "Што пляцеш! – уз'юшыўся Мiндоўг. – Якi лёс? Гэта, што, лёс Шварн з вiном у галаве замест глузду? Забiў, а што карысцi? Земавiту было выкуплiвацца, прысягаць, што з немцамi парве. Усё пусцiў дымам. Дурань напiўся, мы ўдачу згубiлi!" Другой непрыемнасцю стала смерць Ердзiвiла ў абозе. З гэтай весткi князь крыху засмуцiўся i прамовiў Астапу: "Шкада! Я, калi ён быў малы, яго на руках трымаў, на канi вучыў сядзець. Не склалася ў яго са мной прыяцельства. Я на смерць яго пасылаў, ён на мяне вайной хадзiў. Нядоўга ён у Вiцебску пакняжыў. Вось гэта, Астап, сапраўды, лёс!" I забыўся на братанiча, разважаючы над вынiкамi недарэчнай гiбелi Земавiта. Увечары ён абвясцiў аб заканчэннi паходу.
Палкi заспяшалiся да Ваўкавыска, дзе iх чакалi абозы з лупамi i палон. Тут, атрымаўшы належныя долi табуна, жалеза i палонных, усе спехам развiталiся да наступнага наезду i шпарка павезлi набытак у свае двары.
Праз некалькi дзён вялiкi князь уязджаў у наваградскi замак. Перад брамай яго сустракалi княгiня Марта i два сыны. Кожнаму з сыноў Мiндоўг падараваў нажы, узятыя ў пасечаных iм асабiста польскiх рыцараў, а жонка атрымала ў падарунак срэбранае люстэрка з разрабаванай скарбнiцы плоцкага касцёла Панны Марыi. Даўшы жыхарсту паглядзець на мазавецкага княжыча, багатых мазураў i мазуранак, варта замкнула палон у замкавыя каморы. Яшчэ гадзiну чэлядзь зносiла ў клецi княжацкую долю здабычы. Мiндоўг у гэты час парыўся ў лазнi, здымаў з сябе стомленасць ад паходу. Увечары за святочным сталом ён апавядаў жонцы i дзецям пра ўдачы наезду, пра карысць, якую атрымае Наваградак ад разгрому мазураў, пра п'янае шаленства Шварна, помсту яцвягаў за бацьку Марты, выкуп, якi дашле за сына княгiня Гертруда, пра мазурскiя азёры i прыгажосць Вiслы каля горада Плоцка. Потым дзяцей адправiлi спаць, Мiндоўг застаўся з жонкай i пачаў лашчыць яе, i прызнаваўся, як моцна сумаваў па ёй у паходзе, а зараз шчаслiвы i кахае яе.
3
Ноч апускалася на Наваградак, i густы змрок ахутваў заслонай сну замак на ўзгорку, мураваную вежу, вадзяны роў, святыя дубы на паляне за ровам, царкву Барыса i Глеба, гарадскiя двары, глушыў зыкi, i ў гэты таямнiчы час прайшла скрозь замкавую сцяну i нячутна пракрочыла па двары суровая пасланка багоў смерць. Конi, адчуўшы яе, спужана заржалi, але яна не спынiлася каля iх, i тыя, супакоеныя, сцiхлi ля сваiх ясляў. Смерць увайшла ў княжы дом, дзе гарэла свечка, а на шырокiм ложы ляжаў князь Мiндоўг, чакаючы жонку, а Марта, стоячы ля сцяны насупроць мужа, глядзелася ў срэбнае люстэрка i расчэсвала косы.
На iмгненне ў пакоi дыхнула холадам, замiгцеў агеньчык свечкi i варухнулiся ценi. Княгiня Марта здзiўлена зiрнула на дзверы, i раптам здрыганулася, упусцiла грабеньчык, адчайна ўскрыкнула "Рэпiк!", i на вачах ашаломленага князя павалiлася на падлогу.
Марту паклалi на ложа, намаганнi склiканых знахарак нiчога не змянiлi, на твары княгiнi ўжо праступiлi знакi тагасветнасцi, i ўрэшце бабка, здольная чытаць такiя знакi, сказала Мiндоўгу, што ягоная жонка памрэ да свiтання.
На скронi Марты ўздрыгвала блакiтная жылка – адзiная прыкмета жыцця. Мiндоўг прытулiўся спiнай да сцяны, паклаў рукi на каленi i аддаўся смутку.
Горасць блiзкай разлукi з жонкай перанесла яго на дванаццаць гадоў назад, у зiмовы дзень, калi ён прыехаў да Вiшымунта Булевiча. Лютыя маразы трымалiся ў тую зiму, груганнё наскрозь прамерзла ў сваiх гнездзiшчах, снег зацвярдзеў, як маснiцы, ноччу i ўдзень рэзала вушы адчайнае выццё згаладалых ваўкоў. Вось у такi дзень яны скакалi да Булевiча, i лёс узнагародзiў яго Мартай. Толькi ўвайшла яна ў пакой, дзе яны грэлiся з дарогi, толькi ветлiвая ўсмешка асвятлiла ейны твар, толькi пачуў яе iмя – Веда, i ў iмгненне адчуў, што перад – ягоная жанчына, што з ёю ён будзе шчаслiвы. Праз месяц ён наехаў на Булевiчаў, забiў у баi Вiшымунта, забiў ягоных братоў Ердзiвiла i Спрудзейку, i забраў Марту да сябе, у Наваградак. I яна нарадзiла яму двух сыноў.
Згадаўшы пра дзяцей, Мiндоўг сказаў каморнiку прывесцi Рэпiка i Руклю.
Так склалася, што Марта была Вiшымунтавай жонкай. Дый калi б ягонаю жонкай была гарбатая i крывая старая, цi калi б наогул не меў жонкi, Вiшымунт усё роўна быў на гэтым свеце непатрэбны. Булевiчы былi асуджаныя на смерць у той дзень, калi наваградцы запрасiлi яго, Мiндоўга, баявым князем. У тым далёкiм ужо 1246 годзе Вiшымунта, пэўна, толькi пачалi лiчыць дарослым хлопцам i ўпершыню ўзялi ў наезд. Ён нiчога не ведаў пра Марту, яна – пра яго, а ён, Мiндоўг, ужо ведаў, што Булевiчаў прыйдзецца знiшчыць. Булевiчы княжылi ў Дайнове, а землi Дайновы былi патрэбныя яму. Межавыя камянi, якiя паставiў iхны дзед цi прадзед, апынулiся перашкодаю на яго, Мiндоўга, шляху. Згiнулi Булевiчы, яго сiла памножылася, i Веда перайшла ў ягоны дом.
Дзесяць гадоў ён адчуваў яе плячо, верыў ёй, радаваўся яе пахвалам, слухаў ейнае дыханне, яно супакойвала яго, яе любоў сцвярджала праўду ягоных учынкаў. Яна была яцвяжка i не баялася смерцi. Але памерцi, як ад удару нажом, за два крокi ад ложа, у трыццаць гадоў! Вось на яе скронях б'ецца жылка, але гэта ўжо не жыццё i не сон. Смерць абакрала яго, забiрае жанчыну, без якой ён будзе пакутаваць. На свеце шмат жанчын – прыгожых, лагодных, клапатлiвых, гатовых кахаць. Але надта мала такiх, каго багi надзялiлi душою княгiнi. Яго першая жонка, прызначаная яму бацькам, была дачкой цверскага князя. Яна пражыла з iм дваццаць гадоў, нарадзiла яму сына Войшалка i дачку, але нiколi не пачувала сябе шчаслiвай. I ён сябе з ёю таксама. Яе памяць была скiраваная на Цвер, да бацькоў, да нейкай цверскай царквы, дзе ў дзiцячыя гады яна самазабыўна i шчаслiва малiлася, а жанчына, якая не можа адхiлiцца ад мiнулага, не мае быць шчаслiвая, адчуваць радасць i радаваць блiзкiх. Ён быў ёй родны, але не стаў каханым. Можа, i родны не быў, а быў муж... Потым жонка захварэла i памерла, i чатыры гады ён жыў без княгiнi, а жанчыны, якiх ён запрашаў на ложак, не ўмелi закрануць душу. Пакiдаючы ўранку ягоны пакой, яны не заставалiся ў памяцi...
Прывялi сыноў. Рэпiк i Рукля падышлi да мацi. На iхных тварах Мiндоўг прачытаў, што iм страшна, – але мацi была жывая, яна спала. Спасцiгнуць, што адбываецца, якая страта iх чакае, зараз яны не маглi: Рэпiку дзевяць гадоў, Руклю – дзесяць. Праз месяц яны пачнуць сумаваць па мацi, а ноччу будуць снiць яе i плакаць.
Ды хто не бядуе, той не жыве...
Яна марыла ўбачыць сваiх унукаў, а ўжо не можа разняць павекi, каб паглядзець апошнi раз на Рэпiка, падобнага на яе, паглядзець на Руклю, падобнага на бацьку. У Рэпiка залацiстыя валасы, блакiтныя, вясёлыя, крыху хiтраватыя вочы. Рукля такi, якiм быў ён, Мiндоўг, паўвека назад – рухi ў яго iмклiвыя, у зялёных вачах, калi яго прымушаюць, шугае дзёрзкасць, ён любiць бiцца з аднагодкамi, старанна вучыцца царкоўнаму i лацiнскаму пiсьму, бо прагне пахвалы.
Мiндоўг паказаў сынам на лаўку, тыя селi i, на прыклад бацькi, застылi, аддаючыся змрочнай невядомасцi.
Для Марты ён быў не толькi князь i муж – ён быў удачай яе лёсу. I яна для яго была ўдачай лёсу – гэтая жанчына з яркiмi сiнiмi вачыма, залацiстай касой, не льняной, як ва ўсiх, а залацiстай, як паветра ў сонечны дзень. Марта здолела адхiлiцца ад мiнулага i таму сама стала шчаслiвая, i ён адчуваў сябе з ёю шчаслiвым. Яна ўгадвала ягоныя думкi, ён ведаў пра што думае яна. Не гаворачы ўголас анi слова, яны чулi адно аднаго. Вусны Марты зараз шчыльна сцiснутыя, яна не можа сказаць свой запавет, але ён ведае – яна шкадуе Рэпiка i Руклю, шкадуе сябе, асуджаную пакiнуць гэты свет, замак, гэтае ложа, шкадуе яго, свайго мужа, якога аточыць пустэча, горасць страты адзiнага сябра.
Было шмат ворагаў, што прагнулi ягонай смерцi. Яны злучалiся, прыводзiлi свае войскi, ён бiўся з iмi, уцякаў ад iх, вытрымлiваў аблогi ў лiтоўскiх цвердзях, яму здраджвалi, супроць яго малiлi сваiх багоў валыняне i немцы, татары i жамойты, а Марта заўсёды заставалася з iм, падтрымлiвала яго ў тым, процi чаго падымалiся злосныя тугадумныя малыя князi. Такая жонка блiжэй за роднага брата, раднейшая за бацьку. Бацька – мiнулае жыццё. Як уваходзiць чалавек у дарослыя гады, так i забываецца бацька, застаецца ў сваёй прошласцi i тваiм дзяцiнстве. У маленстве бачыш яго дужага i любiш яго, i марыш стаць гэткiм жа дужым, а потым бачыш яго сiвога, саслабелага i думаеш: час ужо бацьку адпачываць. I слова старэйшага брата таксама робiцца не ўказ, калi з'яўляецца ў цябе твая дружына. З бацькам, Даўгердам, а пазней са старэйшым братам Даўспрункам ён хадзiў у набегi на валынь i мазураў. Тады ён любiў Даўспрунка. Тады i брат любiў яго, як моцны сваяк любiць слабейшага. Але прыходзiць дзень, калi словы "старэйшы", "малодшы" страчваюць сэнс – што аднаму брату з таго, што другi брат раней з'явiўся на белы свет? Няважкая падстава для паслухмянасцi. Перад пачуццём, што ўлада павiнна быць тваёй, нiчога гэтая рознiца ў гадах не азначае i нiчым не абавязвае. Толькi мацi пра гэта нiколi не забываецца, памятаючы, каго першага, каго астатняга нарадзiла i ўзгадавала. Няма ў старэйшых братоў заслугi ў тым, што iх на год раней зачалi. Ён, Мiндоўг, быў малодшы, але атрымаў больш розуму, сiлы i волi. Багi так пажадалi! Каб ён нiкога не слухаў – нi старэйшых братоў, нi старэйшых князёў, а слухаў выключна сябе. Тых старэйшых князёў даўно няма на свеце, але яны напладзiлi безлiч нашчадкаў, дружыну дробных князёў, якiя адзiн аднаму зайздросцяць, адзiн аднаго не любяць, i ўсе разам ненавiдзяць яго. Гэтае княжае пустазелле ён прарэдзiў, частку яшчэ звядзе, а недабiтыя рэшткi заўжды схiльныя да пакоры. I Марта згаджалася, што вялiкаму князю iнакш нельга. Бо iнакш не атрымаць Руклю па бацьку наваградскi сталец.
Ён зiрнуў на дзяцей, яны засыналi. "Пакладзi iх, – сказаў князь каморнiку, – i ўсе iдзiце, хачу пабыць адзiн". Сыноў павялi, бабы i чэлядзь выйшлi. Князь застаўся з жонкай.
Зараз у яе апошняя пакута: развiтваючыся з жывымi, яна непакоiцца, як Рукля i Рэпiк, малыя дзецi, застануцца без яе? Хто паклапоцiцца пра iх, хто пашкадуе, хто суцешыць? Канюшыя? Бабкi? Ваявода Сiрвiд? Гаротна ёй, што яны застануцца сiротамi, бо не можа iхны бацька замянiць iм мацi, як бы нi намагаўся. Ён, князь Мiндоўг, вымушаны ад'язджаць, ачольваць войска, ставiць сябе пад магчымы ўдар меча, сякеры, яго можа наскрозь працяць болт з нямецкага куша. Нiхто не ведае, калi i дзе прызначана сустрэцца са смерцю. Хто мог падумаць, што Марце наканавана сёння ўначы? Цi магла яна сама днём думаць, што ноччу будзе памiраць. Прыцемкамi, калi ўзыходзiў маладзiк, i пазней, калi запалiлi свечку, калi яна ўзяла грабеньчык i распусцiла касу, яна не дапускала думкi, што ўсмiхаецца мужу i бачыць яго астатнi раз. Крык болю – i нiчога апрача ўспамiнаў. Ён ужо ўспамiнае, i гэтак будзе кожную ноч. Ён ляжа, дакранецца рукой пасцелi, i там, дзе заўсёды спала яна, – нiкога, халодная прасцiна. Старая кашчавая Мерцва не ведае лiтасцi, для яе ўсе ворагi. Яна помсцiць усiм, хто нараджае жывое. Ён быў шчаслiвы з Мартай, а Марта была шчаслiвая з iм. Старую Мерцву прыслалi забраць у iх радасць.
Раптам Марта адкрыла вочы. Мiндоўг нахiлiўся да яе, прачытаў у вачах нейкую просьбу, жаль, страх. Ён шаптаў: "Што, Марта, што?" але шчыльна сцiснутыя, абяскроўленыя губы жонкi не растульвалiся. Гладзячы яе рукi, ён пачуў горасны развiтальны ўздых i адчуў сябе адзiнокiм, асiрацелым, i заплакаў, што скончылася iхнае шчасце на гэтым свеце.
Князь выйшаў на двор. Высока над зямлёй мiгцелi вераснёўскiя зоркi. Прыжмураным вокам звера здаўся князю серп месяца. У гэтую цемру i холад адышла зараз Марта, пакiнуўшы Наваградак, замак, дзяцей i свайго мужа. Мiндоўг падышоў да карыта каля канавязi, нахiлiўся i апусцiў галаву ў ваду. Яна была халодная, i ў ёй растварылiся ягоныя слёзы. Мiндоўг абцёрся рукавом кашулi i сказаў цiха ўсiм, хто быў блiзка: "Памерла княгiня. Няма ў мяне жонкi".
У дом заспяшалiся рабiць сваю справу бабкi, пачалi сядлаць коней ганцы да сваякоў нябожчыцы i суседнiх князёў з весткай пра бяду, якая напаткала вялiкага князя i ягоных сыноў.
4
Старэйшы князеў сын Войшалк, у манастве – Раман, малiўся ў манастырскай бажнiцы, калi за парканам аб'явiўся бацькаў вястун. Пачуўшы пра смерць мачахi, Войшалк адгукнуўся звычнымi словамi: "Прымi, Божа, на спачын яе душу!" У тым, як гучалi гэтыя словы, чулася ягоная абыякавасць да бацькавай сям'i. Войшалк адпусцiў ганца, да перапыненай малiтвы не вярнуўся, а пайшоў у келлю, дзе аддаўся развагам цi варта iсцi за дваццаць вёрст у Наваградак на пахаванне? Нiчога з гэтай жанчынай яго не звязвала. Агульным у iх быў князь Мiндоўг ейны другi муж, ягоны бацька. Яна лiчылася ягонай мачахай, ён – ейным пасынкам, што заўжды дзiвiла яго недарэчнасцю, бо мачаха была маладзейшая за пасынка гадоў на дзесяць.
Хутчэй, паводле ўзросту ён мог быць для яе старэйшым братам цi мужам. Але яна нарадзiла яго зводных братоў, якiя падыходзiлi яму ў дзецi. I хрысцiлася яна ад немцаў разам з мужам, калi князь Мiндоўг прымаў каралеўскую карону. А ў грэцкую веру не ахрысцiлася, хоць i стаiць блiзка замка старадаўняя з каменя адноўленая царква святых Барыса i Глеба. Мужава воля: загадаў – ахрысцiлася. Але хоць i не праваслаўнай веры, ды ўсё ж хрысцiянка, i Госпад не вырачацца яе: усё ж мацней за князя яна ў Iсуса Хрыста ўверавала i год таму ўпрошвала мужа не расхрышчвацца i не руйнаваць драўляную лацiнскую бажнiцу ў Наваградку. Так тая i засталася стаяць пры дарозе пустая, без сагнанага святара, напамiнкам пра хрышч наваградскай лiтвы, некаторыя, што паспелi ўвераваць, туды ходзяць, на крыж лацiнскi самi моляцца. Не радавалася Марта адыходу князя ў старадаўнюю цемру. Зноў павыпаўзалi з розных шчылiнаў паганскiя старызны сядзяць на камянях, пеўням галовы скручваюць, у курыных вантробах знакi пра лёс чалавечы шукаюць. Груган якi са страху каркне – для iх вестка ад багоў, так растлумачаць, што ўсю ноч даверлiвы прасцяк дрыжыць. Магчыма, гэтая Марта разумнейшая за свайго мужа была, цягнула яго да Бога, ды не здолела – надта ўпарты князь Мiндоўг. Цяпер Госпад яе на вечны спачын прымае. Нялёгка ёй было пражыць дзесяць гадоў з другiм сваiм мужам, якi першага забiў, а яе, удаву забiтага, прыняў пад свой дах. Божа, уздыхнуў Войшалк, даруй iм усiм, хто блукае ў цемры, падкажы iм шлях да Твайго святла. I мы малой сваёй сiлай будзем Тваё слова несцi да тых, хто здольны зразумець. Ды няшмат здольных, бальшыня – авечкi бязглуздыя, iдуць туды, куды пастух гонiць. А пастух для iх – князь Мiндоўг, сам Хрыста выракся, каб сумленне за грахi не грызла. Дык нашто iсцi ад спакойнай малiтвы, чыстага свайго скiта, ад брацii ў бацькавы паганскi замак? Пахаваюць Марту i без яго.
Так вырашаўшы, Войшалк пакiнуў келлю дзеля гаспадарчай справы. Манастыр быў малады, пазалетась закладзены iм i архiмандрытам Елiсеем блiзка Нёмана, каб i лесам сюды хадзiлi i па вадзе маглi прыплыць. Усё ў манастыры рукамi брацii зроблена, а брацii разам з iм, iгуменам, усяго пяцёра. Памiж малiтвай, беднай трапезай ды кароткiм сном iнакi ўвесь час у працы. Хто працаваць не любiць, таго i Бог не можа палюбiць. Войшалк узяў сякеру i пайшоў за агароджу высякаць кустоўе, каб шырылася навокал манастыра чыстае поле. На стук сякеры прыцягнулiся астатнiя iнакi, i да прыцемкаў чысцiлi лес. Сабраўшы ў кучу галлё, запалiла брацiя агонь, i доўга ў маўчаннi ўсе вакол вогнiшча стаялi, кожны пра сваё смуткуючы. Ужо дагараў касцёр, калi Войшалк падумаў, што i жонку сваю нябожчыцу князь Мiндоўг, саступаючы просьбам куразабойцаў, можа адправiць на неба з дымам, як патрабуе дзедаўская вера. А Марта, няхай i лацiнскай веры, усё ж была хрысцiянка. I палон, якi князь прывёў з мазурскага наезду, таксама могуць часткаю спалiць на агнi дзеля захавання старажытнага звычаю. А палонныя, хоць i мазуры, але ж хрышчоныя.