Текст книги "Тартак (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Пташников
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 14 страниц)
Пасля ён убачыў угары белае неба, яно было гарачае-гарачае, як учора днём, калi зганялi ў вёсцы людзей. Горача стала ўсяму – знiзу, ад зямлi. Разанула глыбака-глыбака ў плячах... Балюча зрабiлася ў грудзях i мокра... Займала дыхаць...
Здрыганулася недзе падыспадам зямля, i стала адразу цiха.
З калёс з меха пасыпалася жыта – яму на рукi.
Ён згледзеў яшчэ, што ў галавах у яго расце авёс, насеяўся на дарозе: малады, зялёны, з цёмным доўгiм зернем.
"А нам, татарам..." – падумаў ён i яшчэ быў падняў руку...
14
Конь напiнаецца ў аглобнях, усё роўна як у пастронках, калi iдзе гранкай, запрэжаны ў плуг. Завальваюцца колы ў выбiтыя ямы на дарозе, i Панку зноў здаецца, што ён дома ў гародзе ад фермы ганяе гранкi...
Выскоквае плуг, ссоўваючы ў баразну разам з зямлёй мёрзлы чорны бульбеўнiк, хоць крук ад ворчыка зачэплены аж на крайнi зазубень, i тады трэба яму, Панку, iдучы баразной, трымаць ручкi адной рукой, а другой хапаць за тугую павiваную новую пяньковую лейчыну i цягнуць на сябе што ёсць сiлы. Лейцы паўзуць на спiну – Панок быў зачапiў iх за шыю, i ён спыняе каня. Скiдае лейцы з шыi i завязвае iх на засмаржку ля белай новай бярозавай ручкi, якую сам вычасаў учора тапаром, на дрывотнi агаблiў скоблямi i прапёк у ёй, нагрэўшы ў пячуры ў чырвоным вуголлi шыла, дзiрку, каб асадзiць на пляскаты жалезны канец.
Ручка не выслiзганая, за яе добра трымаць плуг, i Панок паклаў на яе даланю, падпёршы знiзу, а пальцамi напiнае лейцы. Каню цяжка iсцi высокай гранкай: параконны плуг з шырокай палiцай лезе аж да жоўтага пяску, адкiдаючы ў мелкую ад акучнiка баразну шэрую густую раллю.
Трашчыць пад нагамi ў каня i пад дышлем у плузе калiўе мерзлага сухога бульбеўнiку – яго не паспелi зжаць, схапiў мароз; стукае адно аб адно каменне – скочваецца з гранкi на дно ў баразну; лопае ззаду ў баразне крыллем певень – клiча курэй.
Пахне зямлёй i сухiм авечым гноем, якi не згнiў за лета на гародзе пад ферму; пахне сырой глiнай i свежым хрэнам, парэзаным у зямлi вострым нарогам, – гэта ля самай мяжы ад вулiцы.
Пахне бульбай на ўвесь гарод, як у варыўнi з загарадкi...
Калi Панок на завароце пускае каня на мяжу ў лебяду i канаторжнiк i, узяўшы ў руку пугаўё ля самага канца, счышчае ад глiны i пяску палiцу ў плузе, тады адгiнаецца, каб перавясцi дух i адкашляцца, – бачыць чорную гранку з блiскучай баразной на дне. Баразна блiшчыць там, дзе iшоў палазок, – доўгая, ад вiлiцы аж да фермы, i ўся жоўтая ад паспешкi i сiбiркi. Ля самых ног на чорнай раллi ляжаць, што дробная бульба, скручаныя ў кольцы белыя чэрвi з жоўтымi галовамi – павыворвалiся глыбака з зямлi, i iх клююць куры, кудакчучы на ўвесь гарод. Куры бягуць услед за плугам, даганяюць i дзяўбуць за канец – за вузел – белую вераўчаную пугу.
Доднiцай быў мароз – ляжаў на траве iней, – i холадна ў баразне ў босыя ногi; на пырнiку на гранках i на бульбеўнiку блiшчыць на сонцы раса, усё роўна што бiтае шкло, якога панавозiлi ў гарод з гноем за многа гадоў.
Узышло сонца, паднялося над соснiкам; на чыстым небе яно аж пералiваецца, скача ўваччу, i чуваць, як пачынае грэць у спiну, усё роўна што стаiш ля чалеснiка, калi топiцца ў печы.
За ракой, на Выганчыку ля грэблi, туман – падняўся ўгару роўна з альшэўнiкам, i вiдаць, як з зямлi ад агню, дзе спалi ноччу начлежнiкi, iдзе дым. Туман вiдаць i ля лесу на загуменнi, дзе ляскочуць па дарозе калёсы.
Цiха, чуваць, як у тым канцы вёскi галяшыць певень; скрыпяць дзверы на загуменнi ў некага ў пунi; з комiнаў iдзе высака ўгару дым, слупам, што зiмой у мароз. Неба рэдкае – днём будзе горача.
Загуменнем вядуць коней – людзi запрагаюцца выбiраць бульбу...
Спаўзае ў баразну конь, лезе наверх плуг – не памагае, што падымаеш яго ўверх за ручкi: глыбака пасеялi вясной бульбу, на пяску – баялiся, што будзе сухое лета. Горача робiцца ў плечы, яны макрэюць; лiпне да лапатак кашуля. Трэба было б паклiкаць Верку вадзiць каня, але яна не спарадкавала яшчэ ў печы; пасля пабяжыць да Махоркi пазычыць мяхоў: прыйдуць з вёскi выбiрачкi, каб не стаялi. Хаця, усё роўна трэба будзе ссыпаць бульбу ў кучу – накрыецца нанач бульбеўнiкам, саломы можна будзе паднесцi, калi пакажа на мароз... Ды i нашто яе ўсю вазiць неперабiраную на двор у варыўню... Назад у яму тады зноў вазi – насiся толькi з поўнымi мяхамi цераз парогi. Такой пагодай бульбу можна адразу вазiць i сыпаць у яму.
Пахне з двара з комiна гарэлым сасновым памялом – Верка выпалiла ў печы i садзiць хлеб. Вялiкiя, белыя i цяжкiя буханкi, памечаныя пальцамi па краях, яна ссоўвае з шырокай, пасыпанай мукой лапаты на падмецены памялом дачыста под.
Выбiрачак трэба будзе садзiць у палуднi за стол; хлеб якраз спячэцца i астыне ў сенцах на шафарнi, аблiты зверху халоднай вадой.
Выбiрачкi прыйшлi загуменнем; пралезлi ў плот, сагнуўшыся i адсунуўшы ля нiзу, ля самай зямлi, жэрдку, – Наста наперадзе, другiя за ёй; паскiдалi з плячэй суконныя жакеткi i сачыкi: ведаюць наперад, што ўгрэюцца, – i сталi займаць гранкi, кiдаючы ў барозны, яшчэ здалёку, новыя белыя каранёвыя кошыкi. Наста прынясла з сабой з дому на плячы мяшкi; пайшла баразной, скiдаючы iх адзiн за адным на гранку, каб пасля далёка не насiць у руках поўныя кошыкi; дастанецца i так: гранкi даўгiя, ад фермы ад мяжы да самай вулiцы, – пастой, сагнуўшыся карчом увесь дзень, пагрэбай зямлi, што курыца...
Выйшла Верка з двума кошыкамi на руцэ – згледзела, мусiць, у акно выбiрачак, пазносiла жэрдзе ад спрагi на мяжу ў гарод, загаманiла здалёку да Насты i паставiла кошыкi ў баразну ад вулiцы – будзе гнаць гранку адтуль, чаго яшчэ iсцi гэтулькi, каб заняць ад фермы. Панок убачыў, што яна прынясла ў кошыку мяшкi, дастала, мусiць, новыя ў сенцах з шафарнi. Можа, цяпер, калi Наста прыйшла са сваiмi, яны абыдуцца, не трэба будзе iсцi пазычаць да Махоркi.
Верка вытрасла з кошыка мяшкi на мяжу, ля самага акопа. Абмежак ад вулiцы быў увесь скапаны, яго парылi партызаны з "Жалезняка", калi стаялi двое сутак у вёсцы, а ў Сушкаве былi немцы. У вёску тады немцы не прыйшлi, не пусцiлi партызаны.
Мяжа здалёку ўся чорная ад зямлi, здратаваная, налета яе ўжо не абаб'еш касой. Гарод iхнi якраз на гары, процi маста, з яго вiдаць аж далёка на грэблю, i партызаны зрабiлi ў iм дзот. На самай паспешцы ля мяжы – паспешка яшчэ не была скапана – вырылi яму глыбака, да глiны, нацягалi з-за плота з дзядзiнца чосанага Боганчыкавага бярвення – Боганчык часаў бярвенне на свiран – i склалi дзот у два накаты. Тырчыць з зямлi ў гародзе, як бугор, жоўты зверху ад пяску; пясок высах, абсыпаўся, i вiдаць здалёку новае белае бярвенне. Партызаны былi нанасiлi ў дзот саломы; салома, лежачы, адсырэла, i з дзота пахне цвiллю, што вясной з ямы, дзе ляжала не адкрываная ўсю зiму бульба.
Ля дзота Панок яшчэ не разганяў гранак: паспешка тут скапана ад вулiцы аж да палавiны гарода. Ад фермы можна будзе пасля раскiнуць хвасты, выберацца мяшкоў шэсць на насенне, а астатняе дазбiраецца за плугам, як будзе пераворвацца ўвесь гарод, – пойдзе ў маленькую загарадку, свiнням, у яму не павязуць. Калi будзе гэтак суха, як цяпер, гарод можна пабаранаваць; бульбы з-пад бараны свiннi не наядуцца, мех-паўтара будзе, затое бараной збярэцца мёрзлы бульбеўнiк – дуддзё – i пырнiк. Спалiць яго можна пасля, як высахне; на двор жа не прынясеш, каб кiнуць ля хлеўчыка пад ногi ў гразь. Пырнiк перазiмуе, а тады з гноем вясной зноў яго вязi на калёсах у гарод.
Ад фермы з гары конь iдзе гранкай, не завальвае ў баразну, i не трэба тузаць лейцамi. Палiца адкiдае далёка, аж праз гранку ў баразну, раллю з бульбай i каменнем; не збiраецца ў кучу i не падпiрае пад дышаль пырнiк з бульбеўнiкам; скрыгоча толькi па каменнi ў зямлi нарог – трэба трымацца за ручкi: можа выскачыць наверх плуг, адсядай тады назад, тапчы бульбу. Калi едзеш ад фермы – баразна роўная, што пад шнур, i чыстая: ступаеш што па ўбiтым глiняным таку, i чуваць, як спаднiзу ад сырой зямлi холадна ў ногi. Чуваць яшчэ – падае ззаду на дно ў баразну бульба i каменне i лучае па костачках; трэба было ўссунуць што на ногi, хоць басанож.
Шваргочуць выбiрачкi; доўга яшчэ будуць падымаць, сагнуўшыся ў гранках, адна да адной галовы, трасуць кошыкi, узяўшы за ручкi – падсяваюць бульбу, каб не насiць лiшнi пясок у мяшкi, i яна грукае ў сухiх каранёвых кошыках. За выбiрачкамi ззаду сохне ўвачавiдкi чорная ралля: бялее зверху, нiбы яе хто пасыпаў дробна попелам праз пальцы. На падсохлай раллi вiдаць чырвоная бульба – асталася па бульбiне – i белае дробнае каменне, якога летам не было – павыворвалася спаднiзу; капаюцца куры, грэбаюць нагамi свежы пясок, дзяўбуць белае карэнне ад пырнiку, тады збягаюцца ў адно месца i кудахчуць на ўвесь гарод – не падзеляць чарвей.
Пасля зноў гамоняць i гамоняць выбiрачкi, адагнуўшыся i носячы поўныя кошыкi высыпаць у мяшкi. Белыя высокiя мяшкi стаяць на гранках ля плота, насыпаныя аж па завязку; яны не завязаныя, i з iх здалёку вiдаць чырвоная бульба, па кулаку. Мяшкi выбiрачкi не завязваюць, iх завяжа сам Панок, калi перапражэ каня ў калёсы. Завязваць мяшкi трэба мужчынскiя рукi; кожны мех, узяўшы за рагi, даводзiцца трасцi, каб зляглася бульба i было за што зверху акруцiць завязку, бо мяхi выбiрачкi насыпаюць поўныя, хоць адсыпай; не ўсе i мяшкi з завязкамi – лазь тады з рукамi па кiшэнях, шукай аборыну цi кавалак рубца ад падала старой кужэльнай кашулi...
Бульба тырчыць у мяшках вялiкiмi гузакамi, i мяшкi аж распаўзаюцца па швах: бульба вялiкая, з прыгоршчы, сiськаватая; пад вулiцу, дзе нiжэй, яна зусiм збуяла i ляжыць у гранках як карчы – на яе не ступiць нагой: спатыкаешся, што на каменнi.
Ля вулiцы на мяжы, ля самага акопа, учапiўся ў плот ворчык, залез мiж жардзя – нi ўзад нi ўперад, i Панок, паклаўшы плуг набок, на палiцу, стаў на каленi на мяжу ля плота. Хацеў быў клiкнуць Верку – яна была блiзка ад плота ў баразне, – каб яна адцягнула за лейцы назад каня – лезе, падла, наперад, траву ля плота знайшоў, што галодны, – як раптам пачуў: недзе далёка за хатай на балоце цiха i густа ляскоча, нiбы хто пагнаў грэбляй у Кур'янаўшчыну калёсы на жалезным ходзе.
Панок адагнуўся i прыслухаўся – гудзела. Ён тады глянуў у гарод на выбiрачак: у баразне стаяла Верка з бульбай у руках i глядзела на яго. Ён хацеў быў крыкнуць, чаго гэта яна стала i стаiць; махалi ў гранках рукамi, сагнуўшыся, выбiрачкi – нiчога не чулi, гамонячы. Ён падумаў тады, што, можа, яму здалося; пасля пачуў, як зноў за хатай дробненька i дзярката хлябешча, i ўскочыў на ногi. Згледзеў адразу, як, пастаўшы, паднялi галовы выбiрачкi, пасля ўбачыў, як за хатай, над самым Выганчыкам за ракой, ляцiць, скрывiўшыся, самалёт. Вялiкi, чорны, у два крылы, што ў дзве шырокiя дошкi, ён ляцеў якраз на ферму – на гарод. Калi ён быў ужо над самай аселiцай кратаў рагатым крыллем, – Панок убачыў яшчэ два самалёты, а за iмi воддаль i яшчэ тры. Яны ляцелi над самым соснiкам за Боганчыкавым хлевам i вышэй, як гэты, што над аселiцай, – ад iх аж трашчала ўвушшу.
– Заходзяць ад лесу!.. – крыкнуў ён адразу i ўбачыў, што стаяць пасярод гарода выбiрачкi, нiхто не кратаецца... Пазадзiралi толькi вышэй галовы: аж цяпер згледзелi самалёт, што ляцеў з-за рэчкi. Самалёт мiнуў ужо хату i ляцеў над самай вулiцай – ля хваста ў яго выразна быў вiдаць жоўты крыж.
Панок хацеў быў крыкнуць выбiрачкам у гарод, каб не надта задзiралi галовы, як яго схапiў раптам кашаль. Затупаў на мяжы па пяску конь, падняўшы пыл, таптаў лейцы з пастронкамi; пасля Панок пачуў, як на двары за тынам глуха трэснула, нiбы хто стукнуў векам па пустой кадзi ля студнi; тады захлопала на вулiцы ля паркана i па гародзе ля плота – па самай паспешцы. На паспешцы падняўся з зямлi ахапкам белы дым, усё роўна як там панаставiлi новых мяшкоў з бульбай праз усю гранку; захлiпала полымя – гарэла зямля i мёрзлы бульбеўнiк.
Даг-даг-даг... – застукала над галавой, ядрана i сiпата. Фюр-р-р... Фюр-р-р... – засвiсцела ценка i працiўна, i пачало покаць ва зямлю ля плота: пок, пок... Тузануў пастронкi конь, падкiнуў плуг, але каня не пусцiў ворчык.
– Ве-ерка!.. Дзецi ў хаце!.. – закрычаў Панок; пасля хацеў крыкнуць Насце, каб не стаялi бабы, клалiся ў барозны.
Калi ён глянуў на гарод, убачыў, што бегае ля Махоркавай пунi конь i там крычаць мужчыны, тады згледзеў, як пусцiлiся з гарода мяжой па паспешцы адна за адной выбiрачкi – лезуць у плот у спрагу i бягуць загуменнем за ферму ў лазу.
Даг-даг-даг... – стукала ўжо над Боганчыкавым хлевам. Самалёты, што ляцелi над соснiкам, павярнулi ад лесу i хлебясталi цяпер над самай вёскай; з доўгiмi i шырокiмi чорнымi крыллямi, яны, здавалася, зачэпяцца на двары за асвер.
– Верка! – крыкнуў зноў Панок i ўбачыў, што яна ўжо ў спразе – бяжыць на вулiцу. – Дзяцей вынось!
Пасля ён пабег сам у спрагу... Таркануўся быў на вулiцы на пяску, мусiць, хацеў, вярнуўшыся, падбегчы яшчэ да каня – конь тузаў ля плота пастронкi, – тады пiхнуў ад сябе вароты – Верка была iх зачынiла за сабой i ўскочыў на двор.
Даг-даг-даг... – хлебястала цяпер ужо недзе ў вёсцы. На загуменнi падняўся ўгару сiвы дым i калыхнулася полымя – белае днём, што сонца Гарэла Махоркава пуня – снапы. Пасля Панок убачыў, як дым падняўся пасярод вёскi.
Ля самага акна на двары ён пачуў, як запахла дымам i есца ў вочы. Схапiў кашаль, не даючы бегчы.
Зноў загудзела над самым дваром.
Дзверы былi расчынены, i ён, учапiўшыся за вушак, крыкнуў у сенцы:
– Дзяцей!.. Дзяцей вынось... Ве-е-ерка!..
Калi Панок пачуў, як глуха застукалi па калдобах цяжкiя з мяхамi разводы i яго валiць да ляжэйкi, здагадаўся: панёс конь.
Ён ухапiўся ў дзве рукi за лейцы, але яны вышмаргнулiся з пальцаў, абдзёршы да крывi скуру; тады, нагнуўшыся ўперад, ён акруцiў лейцы каля рук: каля адной i каля другой аж у два разы. Конь напiнаў лейцы, задзёршы галаву i выставiўшы ўперад шыю – усё роўна як падносiў пад нож, i Панок пачуў, што яго цягне лейцамi ў перадок: каню пад заднiя ногi...
– Тыр-р-р... Скацiну маць!.. – закрычаў ён i закашляўся.
Конь, вывернуўшы з пяску на ўбiтае, мiнуў адразу Боганчыкавы калёсы, зачапiўся быў колам за заднюю вось, мiнаючы Махорку, i цяпер пёр угалоп у лагчыну, куды сыпалiся немцы. Седзячы высака на мяхах, Панок бачыў, як немцы, бегучы, стралялi назад – да маста.
Жых... Жых... – зверху на спiну каню i на выцягнутыя рукi яму, Панку, сыпалiся сасновыя лапкi, дробныя, што пасечаныя тапаром, нiбы хто церабiў уверсе соснiк.
Ззаду ля маста стагнала ўсё на свеце; здавалася, недзе кiпiць вар у вялiкiм гаршку...
– Махо-орка!.. – клiкнуў быў Панок i аглянуўся назад, але нiкога не згледзеў: нi Махоркi, нi Боганчыка. Дарога была пустая, як хто вымеў. Конь браў рэдкiм соснiкам пад гару: трашчала пад коламi сучча, па вачах бiлi калючыя сасновыя лапкi, свiсталi над галавой кулi, як хто махаў ценкай пугай: пiць... пiць...
Тах-тах-тах... – хлебястала недзе зусiм блiзка ў соснiку ля маста.
Панок быў раптам пачуў, што сунецца з мяхоў некуды назад, як у яму. Ён яшчэ больш учапiўся за лейцы i глянуў пад сябе: пад iм быў пусты мяшок.
"Развязаўся..." – падумаў Панок, пасля згледзеў, што мяшок усё роўна як парэзаны касой – доўга, на дзве пядзi, ля самай завязкi. Завязка, было вiдаць, зацiснута на засмаржку.
"Куляй разанула..." – надумаў ён. Пасля падумаў, што куля зачапiла мех ля самага сцягна i што ён, Панок, не пачуў, як высыпалася ў дзiрку жыта...
Уперадзе на гары быў вiдаць расцяроб; доўгi, чысты i жоўты ад пяску, ён вёў соснiкам унiз, у iмшару.
Панок адвалiўся назад, у яму на возе, дзе ляжаў цяпер пад iм пусты мяшок, ухапiўся дзвюма рукамi за левую лейчыну, каб завярнуць каня ў расцяроб. Конь не слухаў: скакаў галопам, падкiдаючы высака ўгару дугу i сыплючы калючым пяском i сухiм мохам у вочы... Тады Панок упёрся нагамi ў драбiнку ў разводах – у перадок – i, цягнучы за лейцы, адвалiўся на калёсы аж на спiну.
Адзервянелi ногi, забалелi рукi ў лакцях, смылела, як пасыпаная прыскам, здзёртая лейцамi скура ля костачак...
Конь спачатку таркануўся на месцы, спатыкнуўшыся на пярэднiя ногi, тады, падцяты лейцамi, рвануў убок, да расцяробу...
Падцялежылiся разводы, крута, стоячы на адным месцы; вывiхнулiся з-пад панараду цялежкi, блiснуўшы белымi шынамi, затрашчалi, ломячыся, аглобнi...
Панок пачуў, як яго раптам падкiнула ўгару, ударыўшы ў бок ляжэйкай; пасля ён усё роўна як паляцеў у яму разам з мяхамi i разводамi. Калi ён угледзеў на зямлi перад сабой цялежкi – новую жоўтую дубовую вось i блiскучыя, вышараваныя аб пясок шыны на колах, – падумаў, што саскочыў падгэрац i сагнуўся недзе шворан, што конь, акруцiўшыся, зноў выбег на дарогу... Панок, падцягнуўшы пад сябе на пяску ногi, ускочыў з зямлi, каб не дацца каню; пацягне назад да маста, пад самыя стрэлы... Пачуў, як яго ўдарыла ззаду ў лапатку, моцна, што конь нагой... Разанула па шыi, як нажом, высака, ля самай галавы. За каўнер аднекуль цурчом пацякла гарачая вада, што вар... Падпёр над грудзi кашаль...
Цiў... цiў... – запiшчала над галавой. У каня пад нагамi ля цялежак падняўся пылок – у сухiм белым сiўцы i дробным верасе. Стралялi з балота... Немцы...
Заржаў конь, кораценька i глуха, як стогнучы, усё роўна што хацеў пiць i ўгледзеў вядро...
Пасля Панок пачуў, што яго моцна тузанула за рукi; закруцiлася ў галаве, павярнулiся дагары зямля i новыя цялежкi з дубовай жоўтай воссю i блiскучымi шынамi...
Ён чуў яшчэ, што сунецца i сунецца некуды па зямлi, мусiць, зноў расцяробам па iмшары, бо пахла аднекуль кiслым белым мохам i журавiнамi... Тады здалося, што ён увалiўся ў мох мiж куп'я... Мох высокi, роўна з соснiкам... Адпусцiў кашаль, i мякка-мякка ўсяму...
Мiгнулася ўваччу Верка з малымi на руках; бегла з хаты, выносячы дзяцей у аселiцу, у альшэўнiк да ракi. Над дваром, над самым асверам, махаў крыллем чорны, як збiты з дошак, самалёт з жоўтым крыжам ля хваста...
Панок быў пачуў яшчэ, як пасля запахла сухiм пяском – пылам, – i падумаў, што конь цягне яго дарогай – дамоў, у вёску...
15
Януку, калi ён, апёршыся галавой на рукi, глядзеў з калёс назад на дарогу, дзе iшлi немцы, здавалася, што ён дома – у Дальве ля школы. Прывалiўся, падышоўшы да варотцаў, да частаколу, а немцы iдуць i iдуць дарогай з лагчыны ад могiлак – з Сушкава...
У школу яны былi пераехалi адразу пасля пажару – усёй сям'ёй: ён, Янук, сын Пiлiп з яго, Януковай, нявесткай i малым Колечкам; пераехалi без нiчога, у чым стаялi.
Школа была за грэбляй, далекавата ад Дальвы, на гары ля могiлак пад Сушкавам. Драўляная – бярвенне, шырокае i чэсанае, што плашкi, парабiлася ўжо сiвое; накрытая чырвонай бляхай – бляха была вiдаць здалёку: блiшчала на сонцы; з вялiкiмi вокнамi – знiзу аж уверх на ўсю сцяну; на высокiм – па пояс – падмурку з шэрага абсечанага гладкага камення, школа даходзiла да самай дарогi, шырокай, убiтай калясьмi, парослай вечна сiвым ад пылу падарожнiкам i старым высокiм, па костачкi, дзядзеўнiкам.
Школу абгарадзiлi дробным i роўным, з-пад пiлы, частаколам, шырока заняўшы паўдзядзiнца на самай гары. У куце на двары, дзе рос палын, белы i высокi, па самыя пахi, стаяў хлеў, накрыты гонтай, – у iм складалi ў вёрсты на зiму дровы. За хлевам у палыне i канаторжнiку былi ямы, дзе сушкоўцы хавалi бульбу, – там жаўцеўся стары пясок, перакапаны рыдлёўкамi i стаптаны нагамi на попел.
Блiзка ад вулiцы процi першага ганка стаяла студня са стрэшкай, зробленай з новых, жоўтых, пагабляваных сасновых цалёвак. Сасновымi цалёўкамi быў абабiты i зруб, яго кожны раз аблiвалi расплёханай вадой спераду, дзе стаўлялi вядро, i ад таго цалёўкi былi цвёрдыя i выслiзганыя, як шкло.
Дзецi ў школу не хадзiлi, i двор парос густой белай дзяцельнiцай з дзядзеўнiкам, хоць касi; распусцiлiся ля самага ганка белыя раманы, шырокiя, з даланю; за студняй ля частаколу на мяжы набух цёмна-жоўтымi пупышкамi, як ад мёду, высокi i зялёны, малады дзiвасiл.
Голыя, без травы, на двары былi толькi дзве сцежкi; сiвыя ад пяску, убiтыя босымi нагамi, што сырая глiна на таку, яны блiшчалi цераз увесь двор ад школы да хлева, куды ўсю вясну бегалi дзецi, i да студнi, адкуль насiлi ваду.
На двары было пуста i горача; пуста было i на грэблi, i ў Кур'янаўшчыне. Пад самым Сушкавам, за дарогай, далёка над садам вiсела маленькае сонца, бралася на паўдня. Хацелася ў Дальву: дамоў. Пайсцi, сесцi на двары на калодку пад парканам i глядзець здалёку на месца, дзе стаяла да пажару хата. Хата была з трысценем, а зусiм мала заняла двара – адну чорную латочыну. На такой латочыне, здавалася, цяпер не зрубiш вялiкай хаты. Хацелася яшчэ пайсцi, узяўшы ў школе рыдлёўку, i капаць пажарышча перасыпаць з месца на месца пясок i попел са шклом у тым куце, дзе стаяў куфар...
У Дальве было вiдаць белае пачэсанае бярвенне – ляжала ў некага на гародзе ў спаленым канцы вёскi: яго навазiлi адразу пасля пажару.
Янук пайшоў бы ў вёску, каб не згледзеў, як у лагчыне ля Сушкава падняўся пыл. Калi Янук павярнуўся i глянуў на дарогу, немцы ўжо iшлi дзядзiнцам – па траве. Пярэднiя ехалi на веласiпедах; сядзелi на iх што на плоце, ажаргаўшы жэрдзе; заднiя iшлi пехатой – кучкамi.
Янук доўга стаяў на двары, тады ўзяў падышоў да самых варотцаў i апёрся грудзьмi на частакол. Немцы на яго не глядзелi – нiводзiн не павярнуў галавы. Iшлi запыленыя, як з млыну; Янук згледзеў, што ў тых, якiя ехалi, ажаргаўшы высокiя чорныя веласiпеды, за плячыма былi вiнтоўкi, пазатыканыя белымi, скручанымi ў трубачку анучкамi.
Янук бачыў немцаў першы раз: у Дальве яны яшчэ нi разу не былi, хоць гаварылi, што яны ўжо занялi Краснае. Яму здалося, што ўсюды стала яшчэ горш цiха i ён зусiм нiчога не чуе. Ён стаяў i глядзеў, як яны труць нагамi траву на дзядзiнцы, iдучы, i кураць. Кураць усе да аднаго, нават тыя, што едуць на веласiпедах. Дастаюць папяросы з маленькiх белых блiскучых пачкаў, кiдаючы парожнiя пачкi пад ногi, прыкурваюць, дымяць, усё роўна што пара iдзе ў iх з рота на марозе ў кожнага; здаецца, глытаюць i дым i пыл з-пад ног, пасля плююць у пясок i шпурляюць далёка ад сябе запалкi – аж на двор да школы.
Запахла з дарогi пылам – стаптанай нагамi сухой травой i дымам ад папярос. Дым пахнуў густа i мякка, i ад яго аж круцiла ў носе...
Янук тады адшчапiў кручок у варотцах i выйшаў на дзядзiнец. Стаяў спачатку ў канаторжнiку ля самага частаколу, прыцiснуўшыся, i глядзеў, як да варот паварочваюцца галовы ў пiлотках – немцы пачалi глядзець на яго. Яму здалося, што яны пайшлi блiжэй, ля самага частаколу, i тады баяўся, каб не стапталi ногi.
Ён убачыў цяпер, што немцы ўсе ў жоўтых дзягах: i падпяразаны шырокiмi жоўтымi дзягамi, i плечы ў iх пераматаны, што ў коней, жоўтымi набераткамi, i вiнтоўкi ў iх кароткiя i жоўтыя... Самi толькi сiвыя ад пылу i ўсе дробныя i маладыя, маладзей за мужчын у вёсцы. Яны ўсё iшлi i iшлi без аддухi, пасля зноў ехалi на веласiпедах i курылi, кiдаючы акуркi яму аж пад ногi.
Янук тады выйшаў на сцежку процi варот. Згледзеў адразу, што немцы абыходзяць яго. Ён тады стаў стукаць пальцам сабе ў грудзi, пасля выцягнуў руку:
– Т-тваю маць...
Немцы абыходзiлi яго, азiраючыся i скалячы зубы: нешта гаварылi...
– Тваю м-маць... – запыкаў ён зноў вуснамi, здалося, аж сам пачуў, i паказваў пальцам на папяросы.
Немцы сталi яшчэ больш выскаляцца – што сабакi – i стукалi яго рукамi па плячы...
– Т-тваю маць... – пыкаў i пыкаў ён вуснамi.
Пасля ён убачыў, як да варот пад'ехалi два немцы на веласiпедах. Першы, маладзенькi i чорненькi, увесь у блiскучых гузiках спераду на грудзях, саскочыў з веласiпеда i скоранька паставiў яго ля частаколу – Янук падумаў адразу, што немец будзе нечага заходзiцца ў школу. Другi немец, такi ж малады, у галiфэ i блiскучых ботах – гузiкаў на грудзях у яго было менш, толькi саставiў нагу на зямлю: апёрся, трымаючыся рукамi за руль, што за рогi.
Пасля першы, што саскочыў з веласiпеда, падбег да яго, Янука, i паказаў рукой на галаву – у немца краталiся скiвiцы, вiдаць, загаварыў. Тады зноў паказаў на галаву – адной i другой рукой.
Янук падумаў, што немец хоча, каб ён здзеў з галавы шлём, – у яго быў надзеты шлём з задзёртымi i зашпiленымi збоку на гузiкi вушамi, з пупам наверсе i з цвёрдым брылём. Новы яшчэ шлём, Пiлiп прынёс яго летась зiмой з фiнскай вайны.
Янук хацеў здзець шлём – немцы не любяць, калi з iмi стаiш у шапцы, нават задзёр рукi, як пачуў, што шлём у яго раптам схапiлi з галавы рванулi, тузануўшы за валасы. Пасля немец, сцiснуўшы ў жменi шлём, што мыш тырчаў толькi адзiн пуп: уперад, – панёс яго да варотцаў, усё роўна як нёс куды на двор. Падышоўшы да варотцаў, ён паклаў яго зверху на частаколiну пупам, выхапiў аднекуль, Янук не згледзеў адкуль, белы шырокi кiнжал i секануў з-за вуха. Пуп адскочыў далёка на двор на траву, у канаторжнiк, што галава ў курчацi з калодкi ў трэскi на дрывотнi... Шлём упаў з варотцаў у дзядзеўнiк ля Януковай босай нагi. Зверху, з растапыранай дзiркi, выехала белая вата.
Галава ў Янука сашмыкнулася з рук: ссунулiся, мусiць, з калень локцi, самлеўшы, i ён кiўнуўся на возе, як спрасоння. Калi ён выпрастаўся, убачыў, што былi ўжо за мастом у лагчыне i што наперадзе пагналi коней – адна Танiна рабая кабыла стаiць на месцы ў самым пяску. Пасля ён убачыў, як бег нечага назад, кiнуўшы каня, Махорка, i падумаў, што ён, Янук, ехаў, гледзячы ўвесь час у зямлю, i не ведае цяпер, што робiцца наперадзе. Махорка нешта крычаў, але не яму, бо не глядзеў на яго, – махаў усё рукамi некаму ззаду: мусiць, Насце. Махоркаў конь стаяў уперадзе пасярод дарогi, пад гарой – гроб пад сябе ўсiмi чатырма нагамi пясок, што коўзаўся непадкаваны на лёдзе.
Тады Янук пачуў, як недзе далёка, што пад зямлёй, загрукаў гром – гром Янук чуў кожны раз – i ўбачыў уперадзе ў лагчыне поўны соснiк немцаў – аж кiшыць: бягуць ад маста некуды ў балота, мiнаючы абоз. Янук хацеў быў саскочыць з калёс напярэймы Махорку, але пачуў, што не слухае зусiм спiна ў самым крыжы i абвялi рукi – матаюцца, што цэп ля цапiльна. Стала цяжка дыхаць, гнула ў крук, што пад сырой вязкай сена на балоце; зрабiлася цёпла ў паяснiцы, пасля яе сцяло як жалезным абручом... Запякло ў крыжы, нiбы ён, Янук, лёг дома на голай печы на спiну.
Калi Махорка мiнуў яго, Януковы, калёсы, Янук убачыў, як наперадзе коцiцца з-пад гары, што бурда, ад сваiх калёс Iван Боганчык, кiнуўшы жарабка. Коцiцца ўнiз дарогай пад самыя ногi Танiнай кабыле, увесь у пяску, сiвы, не пазнаць. Вiдаць толькi яго чорная валасатая галава i чорная барада – не ўкачаў у пясок, падымаў ад зямлi.
Янук павярнуў галаву, каб убачыць, дзе цяпер Махорка, – Махоркi ён не згледзеў; пасля зiрнуў зноў уперад на дарогу – Боганчыка нiдзе не было. Не было вiдаць i яго жарабка з возам – коўзаўся толькi па пяску на дарозе на адным месцы Махоркаў конь i стаяла рабая Танiна кабыла, не сышла з месца. Янук убачыў яшчэ, што яго конь падышоў да самых Танiных калёс i варочае ў бакi галавой. На калёсах уперадзе не было вiдаць Танi: яе, мусiць, схапiла далоў Наста – мiгнулася была ўваччу, падбягаючы да воза... Тады ён падумаў, што ззаду ля маста страляюць, бо там грукае, як гром, i адтуль бягуць соснiкам немцы; падумаў яшчэ, што страляюць i немцы з балота па дарозе, бо хмылiцца конь, гледзячы туды i хаваючы вушы пад грыву.
Янук зноў павярнуў галаву, каб убачыць, дзе Махорка, – той падбяжыць, паможа злезцi з мяхоў, бо могуць забiць немцы, калi страляюць сюды з балота...
Запахла аднекуль дымам – сухiмi сасновымi лапкамi. Закруцiлася, аж зазвiнела ў галаве, што зiмой на печы ад чаду; пад грудзi падвярнула блага. Ён зусiм не чуў ног...
Калi ён яшчэ раз аглянуўся да маста, згледзеў недалёка ад дарогi ў лагчыне ў траве Алёшу – мiгнуўся ў вачах...
– Ёска... Ёска... Тваю маць... – замычаў ён, выцягнуўшы ўперад шыю...
Яму здалося раптам, што ён пачуў сябе, як i тады, даўней, калi яшчэ не спаў на сырой зямлi на прызбе... Ён глянуў быў на свае рукi... Яны, мусiць, аднялiся, раз не служаць. Калi тое было, як ён заснуў на прызбе, а рукi аднялiся аж цяпер. Яны былi што чужыя – цяжкiя, доўгiя, i ляжалi, здавалася, не на возе, а недзе далёка на зямлi.
Яму было здалося, што ён яшчэ раз убачыў Алёшу ў лагчыне. Падумаў тады, што Колечка яго недзе далёка, на Палiку. На Палiку i сын Пiлiп з яго, Януковай, нявесткай...
Пасля яму моцна стукнула ў галаву. Здалося, секанулi кiнжалам зверху па цеменi – адсеклi пуп у шлёме...
Стала холадна-холадна ўсяму...
Яму здалося яшчэ, што ён iдзе дамоў у Дальву з Карчаватак ззаду за санямi: вазiлi цэлы дзень з балота сена, усёй вёскай.
Падводы расцягнулiся наперадзе па сушкоўскiм баку – скрыпяць толькi па снезе гружоныя санi. Ён усё чуе, нiбыта i не засынаў на халоднай прызбе, i пазнае, як скрыпяць развалы – ценка i лёгка: яны кароткiя, на iх i пад парубень надта добра не ўскiнеш, няма дзе акруцiцца; кладучы воз, стаiш, як на пнi... Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкiя, з шырокiмi новымi палазамi, акутымi яшчэ ўвосень у калгаснай кузнi тоўстай iржавай шынай, яны, звальваючыся з тору ў цалiк, лезуць да зямлi i аж равуць па цвёрдай убiтай дарозе, сунучы перад сабой камкi снегу... Трашчаць, як рассохшыся, кары з казой; трашчаць бабы, туга надзетыя на капылы, калi нахiнаецца набок воз; трашчаць намарзнi, сцiснутыя з двух бакоў – знiзу i зверху – вязамi; трашчаць аглобнi з намёрзлымi пяньковымi акрутнямi, калi ўпiраюцца ў палазы i выгiнаюцца на павароце; трашчаць вяроўкi пад вазамi – доўга былi распушчаны, на ўсе драбiны; трашчаць, намёрзшы, з сырамцу гужы ў хамуце: туга былi сцягнуты дугi; трашчыць у старым, у абхват, альшэўнiку ля ракi мароз, лопаецца ўвачавiдкi кара; трашчыць, здаецца, уся зямля, намёрзлая аж на тым свеце...
За вазамi не вiдаць коней; iдзе толькi ад iх пара, густая i белая, што дым ад саломы, i сцелецца па зямлi – па снезе. Пара iдзе i з ракi, у тым месцы, дзе крынiца; iдзе i ля берагоў з-пад лёду. Рака прамёрзла ў дно з самай восенi, калi бралi нагалец маразы, i цяпер ад сонца на ёй цьмяна блiшчыць здалёку лёд, шэры i халодны, што камень.
Вялiкае, у два разы большае, як летам, чырвонае, што кроў на снезе, сонца доўга стаiць ля самай зямлi – над лесам за Дальвай, пасля расплываецца, заходзячы, у сiнiм i рэдкiм, як раскалочаным, тулягу.
Усё адразу схапiлася iнеем: сталi халодныя вейкi, не даюць мiргаць вачыма; каўнер у кажусе зрабiўся сiвы, усё роўна што з белай аўчыны; пабялела сена на дарозе, што панацярушвалася з вазоў, – ляжала паблэчанае i прыбiтае да зямлi конскiмi, падкаванымi на гакi капытамi. Iней лёг i зверху на снег – падлятае з зямлi з-пад ног; ад яго збялеў стары голы альшэўнiк за ракой, зрабiўся роўны i гонкi, хоць глядзi. Далёка за мастом вiдаць уся вёска, белая, што выфарбаваная. Дым iдзе з комiнаў высока, аж у самае неба; каб глянуць на яго, трэба задзiраць уверх галаву. I дым белы, што снег.








