Текст книги "Тартак (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Пташников
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 14 страниц)
Мацi кашляе: "праганяе перхаўку", дыхае з сябе, што хворая, але не стане, каб адсапнуцца. Махае i махае рукамi, падымаючы рыдлёўку. На спiне ў яе ўжо змокла ад поту белая нажутка, пацямнела; на галаву ў валасы насыпалася пяску. Алёша зiрнуў тады на складзеныя сасновыя круглякi ля тыну, дзе ляжала матчына белая ў кропачкi хустка. I на кругляках i на хустцы было поўна жоўтага пяску – панасыпала мацi. Пясок насыпаўся i высака на сцяну на павучынне.
– Не плюй на рукi... Мазалi ўскочаць... – мацi была адагнулася i глянула на яго. Яна цяпер была ўся ў глiне: i нос i шчокi. Алёша пачуў, што ў яго ўжо гараць агнём далонi.
"Ад ручкi, – падумаў ён. – Каструбаватая, як палена".
Калi цяпер грукала на Плавах, здавалася – недзе зусiм блiзка, ля рэчкi. Дрыжала зямля. Мацi ўзялася рукамi за бераг, як усё роўна баялася, каб не абрыўся. З кучы пяску, зверху, кацiлася каменне i покала ў яму пад ногi.
– Не бойся, сын. Далё-ёка... Вылезь наверх i адгарнi з берага пясок на сярэдзiну. У зямлi яно вунь як чуваць, ты скажы... Што за плотам усё адно бухаюць.
На двор нехта прыйшоў да студнi па ваду: бразгала вядро на кручку, тады заскрыпеў асвер.
– Выскач, сын, прычынi дзверы. I не вылазь на двор укачаны ў глiну... мацi нават не адагнулася ад рыдлёўкi. Нажутка ў яе была ўжо ўся мокрая аж да паяснiцы.
Саскочыўшы зноў на дно ў яму, Алёша пачуў, што холадна ў ногi. Пад глiнай пайшоў жвiр, руды i дробны, усё роўна як пасечаны, i калолася ў ступнi.
Алёша ўжо ўвесь хаваўся ў зямлi – галава была роўна з памостам, i было цесна ў яме. У мацi лiўся з iлба цурчом пот; яна памiнутне тоўхалася ў плечы доўгай ручкай ад рыдлёўкi. Не слухала цяпер зусiм, як грукала на Плавах.
Пасля яна раптам злякнулася, выпусцiла з рук рыдлёўку i прыхiнулася плячыма да беражнiцы ў яме...
Захлебястала за вулiцай на ферме, стукала доўга, не сцiхаючы, пасля загуло, цяжка, з перахлiпамi.
– Бадай ты агнём пайшло... – мацi выцерла даланёй пот на лбе i на шыi i зноў сагнулася: даставала рыдлёўку.
На ферме за вулiцай гудзеў трактар. Трактар не заводзiўся тры днi. Новы яшчэ быў зусiм, нават колы блiшчалi, а як прыгналi яго з Кур'янаўшчыны ў соснiк за фермай – i не завядуць. А яго, як толькi сказалi, што пачалася вайна, сабралiся гнаць у сельсавет. А як пагонiш, калi ён не заводзiцца. Сёння завялi – мужчыны ўсю ноч ля яго не спалi: бразгала на ферме жалеза.
Трактар гналi з фермы ў вулiцу – хлебястала ўсё блiжэй i блiжэй, i пачала дрыжаць у яме беражнiца.
– Аж вушы пазакладала... – мацi зноў адагнулася ад рыдлёўкi.
Трактар раптам пацiшэў, пасля заглох, недзе блiзка, ля плота, мусiць, за вулiцай.
Стала адразу цiха, i было чуваць, як на варотах бразгае кручок i па двары дугаюць, не сцiхаючы, нагамi. Пасля заскрыпеў асвер.
– Выскач, сын, паглядзi... – загадала мацi. – Усё роўна цесна. Замiнаеш толькi...
Алёша, стоячы на працiўнi высака на пяску, падумаў, што ў мацi шырокiя ступнi, i калi яна топчацца на месцы, убiвае вiльготны пясок i глiну, што плешча пранiкам. На нагах у яе абцерлася сухая глiна, i Алёша ўбачыў, як у мацi пачырванелi лыткi i на iх надулiся сiнiя жылы – вузламi. Пасля згледзеў, што i рукi ў яе чырвоныя, усё роўна як яна выняла iх зiмой ля студнi з вады i на iх гэтаксама набухлi сiнiя жылы, бугаркамi. Ён нiколi яшчэ не бачыў, каб у мацi былi такiя рукi – як пухлiна на iх.
Ён падумаў, што жылы могуць лопнуць i ў мацi з рук пацячэ кроў, i спалохаўся.
Як яны тады занясуць у хлеў з хаты куфар? Удваiх з бацькам не дасi рады. Куфар цяжкi, не падняць, хоць мацi i павынiмала з яго ўсё, нават прыскрынак апаражнiла. Не станеш жа клiкаць людзей. Мацi не хоча, каб хто надта вiдзеў, дзе будзе закапаны куфар.
– Не стой. Як прырос усё роўна. Двор разнясуць. Паглядзi, можа, бацька каго прывёў... – мацi зноў выцiрала шыю дзвюма рукамi.
Алёша яшчэ з хлева згледзеў ваенных, траiх; яны тапталiся ля студнi, разносячы па двары ботамi пясок. Боты ў iх былi сiвыя ад пылу аж да калень. На плячах у аднаго была доўгая вiнтоўка – блiскала на сонцы, калi ён нагiнаўся над зрубам. Ваенныя бралi вядро адзiн у аднаго з рук i пiлi, змахваючы пасля рукамi з грудзей ваду.
Алёша падышоў да гародчыка i прыпёрся плячыма да частаколу. Ваенныя на яго нават не азiрнулiся, як усё роўна яго не было на двары.
Пасля да студнi прыбег з вулiцы яшчэ адзiн ваенны, высокi, у пакамечанай i задранай ззаду гiмнасцёрцы. На плечы ў яго набралася пылу. Нахiлiўшы адной рукой вядро – вядро стаяла на зрубе, ён налiў вады спачатку ў шырокую, чорную з вечкам талерку – талерка ўсярэдзiне была белая, як мiска, – закрыў вечка i тады сам крукам сагнуўся над вядром: зруб быў нiзкi. Адагнуўшыся, ён зноў пабег на вулiцу, абагнаўшы ля хаты траiх, што перш прыйшлi да студнi. З двара былi добра вiдаць з-за тыну яго шырокiя плечы ў пыле i чорная галава – кiвалася з боку на бок: ваенны быў без пiлоткi. Алёша ўбачыў, што на вулiцы поўна пылу; пыл падымаўся вышэй тыну i поўз на гарод пад раку. За хатай моцна i глуха грукала – без сцiханага... Здавалася, дрыжыць двор...
Алёша пабег ля хаты да варот.
Яму спачатку здалося, што калышацца ўся вулiца – ад плота да плота... Пасля ён падумаў, што яна ўся зялёная...
Iшлi ваенныя, заняўшы вулiцу ад iхняга аж да Панковага хлева. Ад варот цераз гароды пад рэчку было вiдаць, як яны спускалiся з грэблi да маста.
У вёсцы раптам стала цiха: не скрыпелi вароты, не ляскалi на ферме калёсы, не гаварылi на двары ў Панка. За туляг над Плавамi заехала сонца; над хатай i над хлевам стала сiва, як ад дыму. Здавалася, усё застыла, што ноччу. Толькi калыхалася ад плота да плота вулiца i грукала зямля: грук-грук, грук-грук... Над вулiцай падымаўся ўгару пыл, высака, роўна з тофелем, што рос у Панка ў гародчыку.
Ваенныя iшлi цяпер каля самых варот: з мокрымi ад поту плячамi, з зялёнымi мяшкамi на плячах i са скручанымi ў трубы сiвымi суконнымi шынялямi; з вiнтоўкамi i маленькiмi зграбнымi рыдлёвачкамi пры боку; з зялёнымi каскамi i з зялёнымi кацялкамi.
Падышла мацi з рыдлёўкай у руках, аперлася на ручку i глядзела на вулiцу праз адчыненыя вароты. Мокрая ўся, ва ўкачанай у пясок нажутцы, з нагамi ў глiне: як вылезла з ямы, так i прыйшла. Пасля страсанула ў руцэ хустку – схапiла з сабой, вылазячы з ямы: не паказвацца ж на вочы чужым людзям з голай галавой – i, прыхiнуўшы да тыну рыдлёўку, завязала хустку на галаву. Пачакаўшы, пачала выцiраць вочы.
"Плача..." – падумаў ён i аглянуўся. Мацi плакала; глядзела ў зямлю, сабе пад ногi, i выцiралася ражком хусткi.
– Адступаюць... На Бегамля... – сказала яна цiха, сама сабе, i сашчапiла на жываце рукi.
Ваенныя iшлi i iшлi, валiлi валам: паказвалiся з-за Панковага хлева, падыходзiлi да iхнiх расчыненых насцеж шырокiх варот, мiналi тын, падымалiся на гару ля фермы, ля даўнейшых моглiц, доўга калыхалiся на дзядзiнцы пад соснамi i хавалiся ў соснiку ля бульбяных ям. Над дарогай ля лесу, як i ў вёсцы, падняўся пыл i цягнуўся на поле за ямы.
Калi ваенныя пераставалi iсцi, ля Панковага хлева рабiлася пуста зганяла пыл, i было вiдаць, як на двары ў Панка стаяў ля варот сам Панок з Веркай i на плот лезлi дзецi.
Зноў выходзiлi ваенныя з-за Панковага хлева i iшлi, падымаючы пыл i грукаючы нагамi. Было вiдаць зноў, як яны спускалiся з грэблi да маста – з гары ад школы...
Алёша хацеў выбегчы на вулiцу на лаўку, але на яго адразу глянула мацi – перавяла ўсяго вачыма... Раптам ацiхла, не грукала на вулiцы... Не калыхалiся ад плота да плота ваенныя. "Сталi..." – здагадаўся ён i ўбачыў, што яны ўсюды пасталi i стаяць: i на грэблi ля маста, i ля Панковага хлева, i аж ля лесу, ля ям...
Алёша падумаў, што ваенныя будуць прасiць малака i пабягуць зараз на двор. Але яны не беглi i не прасiлi ў мацi малака. Стаялi ля варот, пазадзiралi ўверх галовы, недзе туды, за вёску, на Панкоў тофель.
Тады Алёша пачуў, як угары, над Панковым тофелем, загудзела, моцна i густа, аж затросся, здалося, на вулiцы пыл. Пасля ад тофеля адлучылiся адразу тры самалёты. Яны iшлi нiзка над вёскай – Алёша згледзеў, што ў iх было счэсана ззаду наперад крылле, – iшлi на сонца, туды, дзе грымела ўсю ранiцу. Пачакаўшы, з-за тофеля вылецелi яшчэ тры самалёты. Самалёты ляцелi i над грэбляй i над загуменнем.
Прыхiнулася да тыну мацi, падхапiла яго, Алёшу, i прыцiснула да сябе, да калень. Алёша чуў, як трасуцца ў яе ногi, i бачыў з-за тыну, што вулiца ўсё роўна краталася: ваенныя вадзiлi галовамi за самалётамi, за тымi, што ляцелi з загумення.
Пасля самалёты сталi заварочвацца над самай фермай...
Алёша згледзеў праз тын, як закалыхалася зялёная вулiца – далёка, аж да Панковага хлева; пачуў, як на могiлках нечым суха ўдарыла па зямлi, як мацi зноў схапiла яго i прыцiснула да сябе – недзе пад паху...
Не было чым дыхаць. Ад мацi запахла цёплай нажуткай i зямлёй. Алёшу схапiў кашаль...
Ён пачуў, што ляжыць нiц на мяхах, падвярнуў пад сябе галаву, i яму не дае дыхаць. Ён падняў галаву – уваччу закалыхалася высокая зялёная трава ля дарогi; паднiзам цiха загрукалi ў калдобiнах калёсы. З цёплага меха, у тым месцы, дзе ляжала галава i выбiлася ямка, запахла ўпараным ячменем, што стоўчанай груцай, i сырой травой – зайцавым гарохам i пырнiкам. Зайцаў гарох вострымi стручкама паўпiваўся ў шчаку, i яна цяпер балела, як паколатая.
Пасля Алёшу раптам стала холадна; заляскалi зубы. Ён тады сеў, падкорчыўшы пад сябе ногi...
Здалося, што яны едуць назад: конь, махаючы хвастом, iдзе назад, i Янук, седзячы на калёсах, падпёршы рукамi галаву, глядзiць назад, туды, адкуль яны ехалi... Тады Алёша пакруцiўся на возе. Лейцы даўна выехалi з-пад яго i зачапiлiся за ляжэйку. А можа, Наста прывязала iх, падышоўшы?.. Ён хацеў крыкнуць Насце, чаму яны едуць назад, але яе нiдзе не ўбачыў.
Пасля ён згледзеў, што мужчыны ўсе сядзелi на вазах. Падводы былi блiзка адна ля адной, як i ўчора вечарам, калi выязджалi з вёскi. Пярэднi цяпер ехаў Махорка: абмiнуў, мусiць, ноччу Боганчыкавага жарабка на сваiм Сiбiраку.
Развiднелася. Усюды было аж бела. Густы, стары, з павалам ельнiк, праз якi яны ехалi, здаваўся сiвым, як ад iнею; таўстыя, у абхват, елкi з камля былi шэрыя, што асiны.
Ля самай дарогi тырчалi высокiя яловыя пнi, упоравень з возам, старыя, тоўстыя; за iх чаплялiся, абдзiраючы восямi, калёсы. Ля пнёў была вiдаць сiвая зямля, кiдаўся ў вочы белы балотны сiпак i блiшчала вада – чыстая, здавалася, цвёрдая, што лёд; стаяла жоўтая, як салома, высокая, у рост чалавека, мятлiца – кустамi. Над мятлiцай вiсеў туман, белы, як снег.
У калдобах трашчала старое сучча; колы коўзалiся па iм, i калёсы кiдала з боку на бок.
Трасла дрыжыка, як трасца, Алёша соўгаўся на мяхах i не мог сагрэцца. Стала холадна ў рукi – у пальцы: яны пакрэплi i пачырванелi, як буракi. Ён хацеў саскочыць з калёс i пайсцi збоку, узяўшыся за ляжэйку, як Панок, але на траве была раса, што iней. Каб узяў толькi ды сеў конна на каня, з яго дык пара iдзе... Але не дадуць мужчыны – накрычаць.
Хутчэй бы паказалася сонца – адубееш.
Лес кончыўся адразу – выехалi на лог, усё роўна як з пунi на двор. Стала яшчэ больш вiдна i холадна; далёка ўперадзе над лесам, за ракой, зрабiлася белае-белае неба, аж сiняе, i ля самай зямлi лягла густая чырвоная паласа, доўгая, што выцягнулася. На яе не было як глядзець – рэзала ў вачах.
На разводы на мяхi ўзлез Панок; згорбiўся i закашляўся. Варушылася на возе, лежачы, Таня, круцiў у руках лейцы Янук, што вузел усё роўна развязваў. З-за Панковага каня былi вiдаць Боганчыкавы плечы; Боганчык сядзеў у самым перадку i глядзеў на жарабка.
– Не аставацца... Паганяйце... Здалёку ўсё вiдаць... Як на даланi... закамандаваў спераду Махорка, цiха i хрыпата.
Алёша схапiў за лейцы, але коней не пагналi – нi Боганчык, нi Панок. Тады Алёша азiрнуўся i ўбачыў, што Наста толькi цяпер выехала з лесу: змарыўся i астаецца Буланчык. Наста паганяе яго, iдучы ля аглабнi, лейцамi...
Далёка ззаду пачуўся стрэл; па лесе пайшло рэха – зашумела; пачакаўшы, пачалi страляць густа, са звонам, усё роўна што сыпалi з кошыка бульбу ў парожнiя калёсы.
– Не аставацца!.. Не трэба было даваць Буланчыку пiць. Напiўся, вiдаць, у Брадку з лужыны... Намэнчышся цяпер... – Махорка саскочыў з калёс з лейцамi ў руках, аглядаўся памiнутне назад.
Буланчык iшоў навыцяжку; было чуваць, як Наста сцёбае яго мокрымi лейцамi, калi ён даставаў траву.
Збоку, недзе ля Панковых калёс, азваўся ўзагнаны дзяркач. Зашыкала воддаль дзiкая качка, мусiць, на малых – вяла недзе iх у лес у Брадок, там, дзе, не сцiхаючы, краталася нiцая лаза. За нiцай лазой пад лесам у трысцi стаяў бацян i глядзеў на людзей i на падводы – выцягнуты, натапыраны, гатовы адразу ўзляцець з зямлi.
Ля дарогi на сушэйшым пайшлi белая мятлiца i крапiва, высокая, па самыя ляжэйкi, чаплялася i мачыла расой мяхi. На крапiве ляжала дробнае птушынае пер'е, намокла, папрылiпала да лiсця.
Пад лесам i воддаль ад дарогi вiсеў туман, падняўшыся ад зямлi. Турчэлi недзе далёка жабы; гудзеў дзiкi голуб, ззаду, на Брадку, у тым баку, дзе нядаўна стралялi. Каркалi вароны, рэдка i цiха, – у тумане iх не было вiдаць. Аднекуль дыхнула працiўным гарам ад торфу – хоць захлынiся. Яго, мусiць, прынясло з туманам – недзе недалёка гарэў лес. Пасля запахла травой, сухой, цёплай i свежай, як хлебам-перапечкай.
Неба на ўсходзе стала жоўтае; высака ўгары зрабiлася белае, як удзень. Уперадзе над самай дарогай зачырванеўся лес, i ў тым месцы на небе выскачылi хмаркi – у ружовыя i жоўтыя палосы. Далёка за елкамi паказаўся чырвоны бераг сонца, цьмяны, як уначы веташок: на яго можна было глядзець, не жмурачы вачэй. Здавалася, яно свецiць праз туман, як праз аснаваную жоўтую пражу. Пража мiтусiцца, калышучыся, усё роўна як хто яе, зблэчаную, папраўляе рукамi.
Пасля сонца адразу выбегла на чыстае. Шырокае, сплюснутае, яно адскочыла ад зямлi i, жаўцеючы, стала дрыжаць i пералiвацца, што жалеза агнём, калi яго дастануць у кузнi з горна з-пад гарачага вуголля. Знiклi чырвоныя хмаркi, як згарэлi ўсё роўна. Елкi зрабiлiся вострыя, што iголкi.
Уперадзе на дарозе нiчога не было вiдаць ад сонца. Над логам папоўз угару туман; цяпер ён быў як разасланы збольшага на стале суравы абрус, што накрываў хлеб, вялiкiя круглыя буханкi. Пад iм ля дарогi загарэлiся чырвоныя дудкi ад старога шчаўя – здавалася, i травы iнакшай на лагу не было, адно шчаўе.
Ззаду над самым лесам вiсеў месяц. Яны ўжо ад'ехалi логам далёка, i месяц быў добра вiдаць: белы, што глiнка, пацямнеў толькi збоку, сцiраўся.
Уперадзе цераз дарогу – над Боганчыкавымi калясьмi – пераляцела дзiкая качка – памалу, чуць несла цяжкае валлё, выставiўшы ўперад, як падплятанку, дзюбу i ледзь кратаючы крыллем. Здавалася, сарвецца на зямлю.
У нiцай лазе крычаў i крычаў дзяркач. Недзе ў самым кутку над логам зноў глуха каркалi вароны, што ўвосень дома на загуменнi.
Сонца паменшала, пабялела; зверху над iм ляглi, выцягнуўшыся, чорныя тулягi. На лагу было яшчэ больш холадна. Крэплi рукi – не бралi лейцаў – i шчыпала за вушы, як у мароз. З рота iшла пара i вiсела над калясьмi, што кудзеля. Туман падымаўся высока, уровень з лесам, i рудзеў – палосамi.
Тарахцелi калёсы, i скрыпелi драбiны; чыркалi дразды на лагу ў альшэўнiку, i шыпелi сiваваронкi ля дзвюх старых дуплаватых асiн – мусiць, ля гнёздаў.
Моклi, дастаючы да травы, спушчаныя з ляжэйкi ногi; на iх налiпала халоднае насенне ад мятлiцы, дробнае, што аўсюк.
Ззаду калёсы дагнаў Буланчык; выцягнуў шыю i даставаў з-пад меха зайцаў гарох, адвесiўшы губу i бразгаючы цуглямi. З-пад грывы, чорнай i мяккай, што воўна, глядзелi ў бакi вялiкiя i круглыя блiскучыя вочы. Збоку ля калёс па траве, узяўшыся рукой за ляжэйку, iшла Наста; другой рукой яна трымала паднятую вышай калень спаднiцу. З-пад спаднiцы ў яе была вiдаць белая палатняная кашуля – мокрая з самага нiзу ад расы i з дробным насеннем ад мятлiцы. Шчокi ў Насты былi чырвоныя, заружавелiся, што ля печы; яна выцiрала рогам белай хусткi лоб: мусiць, угрэлася, паганяючы Буланчыка.
Алёшу было здалося, што пацяплела на возе. Запахла з дарогi з-пад ног у каня сухiм сенам.
Канчаўся лог. Уперадзе блiзка быў лес – здалёку былi вiдаць чырвоныя, што ад агню, сосны.
Далёка, у канцы логу, з правага боку, была рака; там густа расла лаза усё роўна як зграблi ў вал сухое сена i яно ляжала цяпер ворахам. Над ракой нахiлiлiся старыя вольхi; з-за iх вытыркалiся востранькiя елкi; вiдаць быў i белы дробны бярэзнiк – за ракой. Там было балота.
Пасушэла; дыхнула аднекуль з зямлi духам, што з хаты; запахла сырым пяском, усё роўна як з ям ля вёскi.
Захацелася есцi – блiноў з бульбы, якiя мацi пякла кожную ранiцу, устаўшы такой парой.
Павузела дарога, пачаўся малады, густы сасновы лес. Ён, мусiць, iшоў гарой аж за Пунiшча, адступаючы ад яго, як баючыся; пасля паварочваў пад Дальву i цямнеў здалёку, чорны, што ноч. Там пачынаўся Палiк. З Дальвы да Палiка далёка... З Дальвы туды рэдка хадзiлi.
Ля самай дарогi рос верас, высокi, стары i руды; чапляўся дудкамi за атосы – яны аж звiнелi.
У каляiнах быў пясок, сухi, жоўты i глыбокi; у яго хавалiся колы, i конь iшоў навыцяжку. Ехалi памалу.
На самай гары, справа, дзе недалёка ўнiзе была рака, рос невысокi сасняк; над iм паказалася сонца i пачало калоцца ў вочы. З неба з'ехалi хмары: днём зноў стане пячы сонца, як учора.
Мужчыны пазлазiлi з вазоў i iшлi ля Боганчыкавых калёс. Пярэднi iшоў Махорка. З мяхоў злез i Янук, узяўся за ляжэйку i трымаў у руцэ лейцы. Ззаду зноў не было чуваць Насты – асталася.
З-пад калёс падымаўся пыл, мяккi, як з-пад падсiтка, i лез у горла. Было чуваць, як цiха кашляе Панок: зацiскаў, мусiць, рот.
Збоку за ракой недзе далёка загудзела, цяжка, з натугай, усё роўна як пад гару iшлi леспрамгасаўскiя машыны з гружонымi прычэпамi.
Алёша пачуў, як яго кiнула ў стужу. Стукалi зубы, i траслося ўсярэдзiне. Так у яго траслося ўсярэдзiне, калi зганялi ўчора ўсiх да Махоркi на вулiцу.
Наперадзе ля Боганчыкавых калёс iшлi мужчыны, цiха, як баючыся. Панок усё азiраўся назад.
Пасля Алёшу здалося, што ён убачыў уперадзе над соснiкам пыл, белы i рэдкi, як згледзець вокам.
Ён хацеў быў саскочыць з мяхоў i падбегчы сказаць мужчынам. Але пылу над соснiкам больш не было, i Алёша падумаў, што яму здалося.
Сонца бiла ў вочы, i ад яго было ўсё жоўтае: i мяхi на калёсах, i пясок у каня пад нагамi, i мох на зямлi ў соснiку... Недзе над самай галавой застукаў дзяцел – мусiць, у гнiлую сухастоiну – моцна, што страляў усё роўна. Над дарогай запырхалi сiнiцы.
Пасля зноў за соснiкам загудзелi машыны. Алёша згледзеў, як сталi былi мужчыны, гаварылi, мусiць, тады зноў пайшлi кучкай – хутчэй, як спяшалiся куды.
Спускалiся з гары: конь пайшоў смялей, зусiм не напiнаючыся.
Зноў уперадзе над соснiкам закурэўся белы пыл, iшоў з зямлi, што дым. Недзе там забразгала, што клямка дома ў сенцах знадворку, калi хто чужы iшоў у хату...
Сцiх над галавой дзяцел – зляцеў.
– Мужчыны!.. Немцы!.. – закрычала раптам Наста на ўвесь голас, дзярката i сiпла, як на марозе. Яна была цяпер з возам ззаду на самай гары...
Алёшу здалося, што закрычала мацi.
Ён саскочыў з мяхоў на дарогу ў пясок.
12
Алёша згледзеў спачатку кароценькi аўтамат, якi быў настаўлены якраз яму ў грудзi, блiзка, рукой можна дастаць. Чорная фарба на аўтамаце кiнулася ў вочы – была вышаравана, i блiшчала белае жалеза, якраз там, дзе яго ашчарэпiла вялiкая, чырвоная, з тоўстымi пальцамi рука. Пасля аўтамат павярнуўся рулькай убок i ткнуў яму, Алёшу, пад паху ў скабы...
Алёша толькi цяпер убачыў немца. Немец быў высокi, увесь у сiвым сукне, што пацук. I на галаве ў яго ляжала шырокая, расцягнутая сiвая пiлотка з сукна, ссунутая нiзка, на самы лоб.
– Вэр, вэр!.. – пачуў Алёша, як крыкнуў на яго немец, i згледзеў, што той стаiць з разяўленым ротам i кiвае галавой – паказвае iсцi ўперад. Зноў яго таўханулi пад паху, моцна, як усё роўна хацелi прасадзiць. Калi Алёша павярнуўся, убачыў, як павярнулiся збоку блiскучыя боты i асталiся ззаду.
Тады Алёша згледзеў, што ўсе мужчыны, нават Янук Тваюмаць, стаяць наперадзе на дарозе, недалёка ад Боганчыкавага жарабка, адзiн ля аднаго, падняўшы ўгару рукi, i глядзяць назад, на падводы. З аднаго i з другога боку ля iх блiзка стаялi немцы з аўтаматамi ў руках: па двое. Алёша падумаў, што i яго гоняць да мужчын, не загадалi толькi падняць рукi.
Ён хацеў азiрнуцца, каб паглядзець, дзе Наста, але ззаду зноў закрычаў немец: "Вэр! Вэр!" – i Алёша ўбачыў толькi яго блiскучыя боты.
Пасля Алёша згледзеў, як да доўгiх Панковых развод падскочылi два немцы, тоўстыя, у пiлотках, i пачалi торкаць аўтаматамi ў мяхi. З калёс на дарогу пасыпалася жыта. Тады немцы сталi мацаць мяхi рукамi, кожны мех, i паказваць нешта адзiн аднаму пальцамi.
Немцы былi i ля Танiных калёс – стаялi, сагнуўшыся ў крук над мяхамi, на якiх ляжала, не ўставаўшы, Таня. Ля Танiных калёс была Наста, прыбегла, кiнуўшы аднаго Буланчыка. Наста ўсё махала i махала рукамi – паказвала ўперад на дарогу – мусiць, на мужчын – i гаманiла, моцна, каб усе чулi. Алёша ўспомнiў, што яна i ў вёсцы, у Махоркi ля тыну, калi падыходзiла да немцаў, гаварыла моцна, на ўсю вулiцу.
Немцы былi i на самай гары, абступiлi Буланчыка...
Больш Алёша не бачыў нi Насты, нi Танi на калёсах. Яго падагналi да мужчын i паставiлi збоку ля Янука. Янук стаяў, высака задзёршы рукi, вышэй за ўсiх, – закасалiся рукавы, i ў яго былi вiдаць белыя локцi. Янук быў без кепкi: недзе, мусiць, згубiў цi пакiнуў на возе; мокрыя сiвыя валасы на галаве скруцiлiся ў каслаўкi i папрылiпалi да вушэй. Палатняная рубашка выехала з-пад паяснiцы i даставала падалом да калень. Янук павярнуўся i глядзеў на Алёшу нейкiмi балючымi вачыма, як шкадаваў усё роўна. Мужчыны, падняўшы рукi, стаялi цiха – нiхто не кратаўся. Алёша ўбачыў, як збялеў Панок; у яго памiнутне падскаквалi ўгары плечы – яму цяжка было стаяць, задзёршы рукi: кашляў.
Немец, якi прыгнаў Алёшу, крыкнуў тым, што стаялi ля мужчын, моцна i дзярката: "Вэр! Вэр!.." – i тыя суса кiнулiся да Боганчыка i Махоркi i сталi мацаць далонямi па грудзях, па жываце, па штанах у паяснiцы. Перамацалi пасля ўсяго Панка – ён стаяў i без аддухi кашляў; тады – Янука, чапляючыся рукамi за падол яго доўгай палатнянай рубашкi. Алёшу не кранулi...
Пасля немец у шырокай разношанай пiлотцы, што гнаў Алёшу, падскочыў да Махоркi – Махорка стаяў пярэднi, – паказаў аўтаматам на дарогу i крыкнуў зноў моцна i дзярката: "Вэр-вэр!.." Немец паказаў быў яшчэ Махорку падняць вышэй рукi: той быў апусцiў iх да самых плеч.
Мужчыны павярнулiся i пайшлi па пяску – па дарозе з гары, – Алёша чуць спраўляўся з iмi.
Ззаду зноў загаманiла Наста: мусiць, нешта гаварыла немцам. Пасля крычала. Яе ўжо не было вiдаць з дарогi.
Алёшу стала ўсяму горача; пясок пад нагамi зрабiўся гарачы-гарачы...
Збоку ля мужчын, якраз ля Боганчыка i ля Махоркi, iшлi два немцы з аўтаматамi перад сабой i круцiлi па баках галовамi; за Алёшам ззаду, чуць не наступаючы на пяты, ступаў немец у сiвым пiнжаку i сiвой разношанай пiлотцы, той, што гнаў яго да мужчын. Алёша глядзеў на дарогу пад ногi i бачыў яго блiскучыя боты. Калi немец забягаў Алёшу наперад, у яго быў вiдаць разрэзаны ззаду сiвы суконны пiнжак i высака, аж пад пахай, чорны пiсталет. Было чуваць, як грукаюць па карэннi цяжкiя боты, што калодкi, i шуршыць, перасыпаючыся, пясок на дарозе пад нагамi ў мужчын.
Боганчык увесь згорбiўся, угнуў шыю. Рукi ў яго былi задзёрты ўгару, адна вышэй, другая нiжэй, i ён часта згiнаў галаву, даставаў шчакой да пляча: выцiраўся. Мокрыя аж да калень калошы ў яго папрылiпалi да лытак; на калошы набралася пяску, i яны былi здалёку што яловая карына. Боганчык ступаў дробна i часта, маленькiмi крокамi, зусiм не падымаючы ног ад зямлi.
Алёша раптам падумаў, што iх вядуць страляць. Адвядуць з дарогi i пастраляюць...
Махорка iшоў пасярод дарогi, па самым пяску, – Алёша, iдучы ззаду, лучаў нагамi ў яго сляды – i то апускаў нiжэй, то падымаў угару рукi. Шырокiя плечы ў яго хадзiлi хадуном – Махорка часта дыхаў, як змарыўшыся. Аб'ехалi штаны, i на паяснiцы была вiдаць белая палатняная кашуля сабралася ў фалды. Махорка не варочаў галавой, як Боганчык, глядзеў перад сабой: блiзка iшоў немец, наставiўшы аўтамат яму пад паху.
Панок увесь час кашляў; у яго аж пасiнела шыя; немец, што iшоў збоку ў Махоркi, дагнаў быў Панка i парнуў яго два разы аўтаматам у спiну: не любiў, вiдаць, кашлю. Панок закашляўся яшчэ горш: яго пачало тузаць. Немец тады закрычаў. Панок не мог iсцi – захлынаўся: пыл з-пад ног лез яму ў горла. Ён хацеў саступiць на сцежку, але на яго наставiў аўтамат немец. Тады Панок пачаў харкаць на дарогу – немец адскочыў ад яго i зноў закрычаў: "Вэр! Вэр!.."
Адзiн Янук iшоў смела, ступаючы шырака, як па вулiцы. Алёша падумаў, што Янук вышэйшы за ўсiх, што ў яго не дрыжаць нi рукi, нi плечы. Янук толькi гудзеў сабе пад нос, не сцiхаючы, як асва ў акне, заляцеўшы ў хату. На яго азiралiся пярэднiя немцы, але не чапалi.
Калi быў зноў закашляўся Панок i, стаўшы, схапiў сябе рукамi за грудзi, яго, падскочыўшы, пачаў яшчэ больш тоўхаць у плечы аўтаматам немец, што калоў усё роўна. Сталi былi на хвiлiну ўсе мужчыны, i Алёша ўбачыў, як, адвярнуўшыся, кiўнуў яму галавой Махорка. Алёша згледзеў быў яго вочы: вялiкiя i чырвоныя, што ўсё роўна набеглi кроўю, яны зiрнулi аднекуль глыбака спадылба.
Алёша падумаў, што Махорка клiча падысцi. Хоча, каб ён, Алёша, быў у яго на воку... Пасля, калi мужчыны зноў iшлi па пяску i перастаў кашляць Панок, Алёша зноў згледзеў, як яму кiўнуў галавой Махорка. Кiўнуў не азiраючыся.
"Паказвае, каб уцякаў, – падумаў Алёша. – Бо iх вядуць страляць, Махорка ведае..."
Алёшу раптам захацелася падбегчы да Махоркi i спытацца, што ён хацеў сказаць. Пасля захацелася ўчарэпiцца Махорку рукамi за штаны, як ён, Алёша, чапляўся за штаны бацьку, калi бацька гнаў яго ад сябе ў Карчаватках, згледзеўшы немцаў...
На дарозе ад мужчын пахла жытам i потам, як пахлi ўсё роўна кожны раз бацькавы штаны i рубашка на пяколку на печы, калi ён, Алёша, клаў iх нанач сушыць... Так пахла ад бацькi, жытам i потам, калi яны стаялi ўпобачкi ўчора ў вёсцы на вулiцы ля Махоркавай хаты...
Дарога сышла ў лагчыну; сюды, мусiць, нагнала дажджом з гары пяску, бо было не ступiць: ногi ўязджалi ў зямлю па каленi.
Зноў запахла аднекуль дымам i сырым пяском...
Пасля Алёшу здалося, што пясок пасыпаўся на яго зверху, як дождж... Правалiлiся некуды ногi, глыбака, да паяснiцы... Зрабiлася блага, стала цяжка дыхаць, зазвiнела ў галаве...
Недзе крычала Наста – па лесе iшлi водгаласкi...
Спёрла ўсё ўсярэдзiне i стаяла пад грудзьмi.
Ён не хацеў iсцi – аж самi рукi выцягнулiся ўперад i спружылiся. Пасля ён спружыўся ўвесь: i ногi, i шыя...
"Адвядуць" у лагчыне з дарогi i заб'юць..."
– Вэр! Вэр!.. – закрычаў ззаду немец, i Алёша пачуў, як яму сунулi ў плечы нечым вострым, аж засмылела адразу скура – мусiць, садралi. Пасля ён згледзеў, што ўпёрся нагамi ў зямлю i стаiць пасярод дарогi ў пяску. Зноў сталi, мужчыны, адвярнуўся Махорка i кiўнуў галавой.
– Не бойся, дурны... – сказаў пасля i зноў кiўнуў галавой: клiкаў да сябе.
– Ёска... Ёска... Тваю маць... – замычэў Янук.
Алёша тады скочыў з месца i падбег да Махоркi, прыцiснуўшыся яму да нагi. Немец у шырокай разношанай пiлотцы падышоў за Алёшам да Махоркi i сунуў цяпер Махорку аўтаматам у плечы: "Вэр!.." – i зноў паказаў iсцi наперад. Яго, Алёшу, не зачапiў.
Пад нагамi стала менш пяску; ён быў змешаны з сухой жоўтай сасновай iглiцай i калоў знiзу ў ступнi. Лучалiся трава i верас – высокi, сухi, ён дзёр дуддзём ногi ля костачак. З-за соснiку, з-за гары, бiла ў вочы сонца; рэзалася пад павечкамi, як ад асця; горка было ў роце, высахла; хацелася пiць.
Над соснiкам, адкуль свяцiла сонца, зноў падняўся пыл; сiвы i густы, ён стаяў угары, спаўзаючы на дарогу. Забразгала недзе жалеза. Уперадзе як загаварылi. Ззаду заржаў конь, Боганчыкаў жарабок, – Алёша пазнаў.
У лагчыне, пад самай горкай, сiвой ад моху, як ад пылу, тор ад калёс павярнуў управа: выводзiў на шырокую, раз'езджаную, жоўтую ад пяску дарогу, якая пачыналася ля шашы ў Пушчанцы i iшла ў самае Краснае.
Гэта была старая дарога цераз Тартак. Ёй здаўна ездзiлi ў Краснае, калi не было яшчэ шашы. Шашу выбрукавалi перад вайной, i па старой дарозе хадзiлi толькi леспрамгасаўскiя прычэпы – вазiлi дрэва. На дарозе былi яшчэ знаць павыбiваныя машынамi ямы; глыбокiя, па калена, яны параслi падарожнiкам i мятлiцай i засыпалiся сасновым шыллём. У ямах раслi казлякi, старыя, што рэшаты, счарнелыя зверху ад пылу, – па iх было слiзка ступаць.
Алёша iшоў якраз каляiнай.
На шырокай дарозе iх павярнулi i павялi да шашы – назад. Алёша згледзеў, як пераглянулiся былi мужчыны – Махорка з Панком; тады на iх глядзеў – скоса, з-пад рукi Боганчык.
"Чаму яны нiчога не гавораць? – падумаў Алёша. – Адвядуць усiх i пастраляюць..."
Яму захацелася бегчы. Скочыць у соснiк i – бегчы. Рукi толькi трэба выставiць уперад, не забыцца, каб схаваць вочы, не высадзiць...
Ён успомнiў, што яму хацелася бегчы, калi ўчора зганялi ўсiх да Махоркi на вулiцу. Пераскочыць на вулiцы ля Панка цераз тын i пабегчы мяжой на загуменне да пунi. Але ля пунi на загуменнi хадзiлi ўласаўцы...
"Як доўга гоняць... I чаму маўчаць мужчыны?"
Калi яны выйшлi з соснiку на пасеку, Алёша зноў убачыў немцаў. Яны стаялi i сядзелi на зямлi, згрудзiўшыся i заняўшы ўсю дарогу i пасеку, мусiць, iшлi былi з шашы на Тартак. Насустрач. Над дарогай – над немцамi падымаўся пыл; яна зрабiлася шэрая ад канавы да канавы. Алёша азiрнуўся – ён iшоў цяпер спераду з Махоркам – i ззаду на дарозе былi немцы. Рассыпаўшыся, выходзiлi з лесу.
– Вэр! Вэр!.. – немец у разношанай пiлотцы забег наперад i паказаў, каб яны сталi. Выпусцiўшы з рук аўтамат – аўтамат калыхаўся ў яго спераду на жываце, – ён замахаў рукамi i пабег насустрач немцам, што былi на пасецы на дарозе.
Немцы на дарозе сталi адразу ўставаць; пярэднiя схлынулi з яе набок да канавы, як са страху.
Тады на дарозе паказалася чорная – аж блiшчала – легкавая машына; доўга кiвалася па калдобах, тарканулася была на месцы ля немца ў разношанай пiлотцы – было вiдаць, як выпрастаўся немец, – блiснула дзверцамi i памалу ехала насустрач. За ёю бег, махаючы рукамi i аўтаматам спераду на жываце, немец у разношанай пiлотцы. Алёша пачуў, як затупалi збоку ля iх двое немцаў, якiя былi сцiхлi, чакаючы машыны.
Легкавая машына была як усё роўна "эмка", што прыязджала да вайны ў вёску пасля пажару i стаяла ля Махоркi на вулiцы ўвесь дзень. Такая ж чорная i пакатая...
Пад'ехаўшы, яна стала наперадзе, далекавата ад мужчын, i зноў блiснула дзверцамi. Яе дагнаў немец у разношанай пiлотцы, выпрастаўся, пасля схапiўся рукамi за дзверцы i трымаў.








