Текст книги "Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі"
Автор книги: Геннадий Саганович
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)
Венскі кангрэс
Улетку 1515 года засядаў Венскі кангрэс, у якім бралі ўдзел імператар Максімільян, Жыгімонт і ягоны брат вугорскі кароль Уладыслаў. Манархі паразумеліся. Імператар рэзка змяніў сваё стаўленне да Жыгімонта. Іх прымірэнне мелася быць змацаванае шлюбам Жыгімонта з унучкай імператара італійскай прынцэсай Бонай. Максімільян канчаткова адмовіўся ад усіх тэрытарыяльных прэтэнзій, паабяцаў дапамагчы ў замірэнні з Масквою ды падкрэсліў сваю асаблівую прыязнасць да Кароны і Княства, сказаўшы, што цяпер ён «з Жыгімонтам гатовы пайсці і ў рай, і ў пекла». (Імператар трымаў сваё слова ды сапраўды адстойваў інтарэсы Вялікага Княства ў эўрапейскай палітыцы. Прыкладам, у 1518 годзе, калі заадно з Маскоўшчынай пачаў дзейнічаць нямецкі Ордэн, ён пераконваў містра Альбрэхта: «Цэласнасць Літвы неабходная для дабра ўсёй Эўропы: магутнасць Масковіі небяспечная».)
Тым часам вайна працягвалася, хоць і не з такой актыўнасцю ды размахам. Ужо ў студзені 1515 года пскоўскі намеснік А. Сабураў правёў 3-тысячную раць углыбкі Беларусі, падышоў да Рослаўля быццам бы здавацца. Калі ж абаронцы супакоіліся, ён напаў на горад, захапіў і спустошыў яго, пасля чаго з вялікім палонам і дабром уцёк да Пскова. Праз колькі месяцаў ізноў ад Пскова маскоўцы рушылі на паўночную Беларусь, былі спаленыя Друя і Браслаў, мноства людзей забрана ў палон. У сваю чаргу па Северскай зямлі ўдарылі з Кіеўшчыны Астап Дашкевіч з кіеўскім ваяводам Андрэем Няміровічам і крымскім царэвічам Махмет-Гірэем (за ўдалыя дзеянні супраць маскоўскіх і крымскіх войскаў Дашкевіч быў празваны Ромулам і меў вялікую павагу дняпроўскіх казакаў).
У тым жа годзе з Вялікіх Лукаў маскоўскія ваяводы рабілі набегі на Полацак, а з усходу Б. Гарбаты, Д. Шчэня і В. Гадуноў хадзілі на Амсціслаў і Віцебск. Войскі Жыгімонта, адказваючы, уварваліся пад Вялікія Лукі: «Пасады Лук Вялікіх папалілі, а сустрэчы ім не было, вялікага князя ваяводы не паспелі».
З таго, што ў Крыме месца памерлага Менглі-Гірэя заняў варожа настроены да Масквы Махмет-Гірэй, спакою, як выявілася, не пабольшала. Дыпламаты Васіля ІІІ імкнуліся як найхутчэй зноў зрабіць Арду хаўруснікам. Татарскі хан Ахмат з Ачакава ўжо тады пісаў вялікаму князю маскоўскаму: «…вазьмі для мяне Кіеў, а я дапамагу табе заваяваць Вільню, Трокі і ўсю Літву». З 1515 года наезды крымскіх татараў зрабіліся штогадовыя. Улетку 1516 года рэйд 40-тысячнай конніцы Алп-Арслана нават сарваў наступальную акцыю Вялікага Княства Літоўскага супраць Маскоўскай дзяржавы. Тады пацярпела Палессе. Быў цалкам спалены Петрыкаў.
Пасля Венскага кангрэса сваю варожасць да Вільні і Кракава адкрыта выявіў нямецкі Ордэн. Ордэнскі пасол Д. Шонбэрг пабыў у Маскве ў 1515 і 1517 гадах, вынікам чаго сталася ваенная дамова дзвюх дзяржаваў супраць Кароны і Княства. Васіль ІІІ падахвочваў містра ўдарыць па Жыгімонце з захаду, а для ўтрымання найманай пяхоты абяцаў яму вялікія грошы. Затое імператар Максімільян па-ранейшаму намагаўся спыніць вайну. Напрыканцы 1516 года ён накіраваў у Вільню і Маскву пасольства барона Жыгімонта Гэрбэрштайна, якое, апроч таго што прывезла прынцэсу Бону, мела за мэту схіліць Васіля ІІІ да міру з вялікім князем літоўскім. Барон Гэрбэрштайн угаворваў маскоўскага ўладара «супакоіць Хрысціянства і ўласную зямлю, бо дзяржавы квітнеюць мірам, вайной – вымагаюцца», перасцерагаў ад небяспекі ўсім хрысціянам з боку туркаў. Аднак маскоўскі двор толькі выслухоўваў венскага пасла, а на справе мацаваў саюз з асманскай Портай. Так і не дамогшыся нічога ад Васіля ІІІ, Гэрбэрштайн мусіў пакінуць Маскву. «Мы ад'язджаем. Неба пакарае вінаватага ў праліванні крыві», – казалі віленскія паслы, што былі разам з ім, на развітанне.
Пад восень 1517 года наступальную аперацыю пачаў К. Астрожскі. Ягонае войска (айчыннае рушанне, колькі тысяч нанятых палякаў, чэхаў і мараваў) з Полацка пайшло на Пскоўшчыну, разбіваючы па дарозе маскоўскія залогі. Разам з Канстанцінам Іванавічам былі выпрабаваныя ў бітвах паплечнікі – Ю. Радзівіл і Я. Свярчоўскі. І ўсё ж не абышлося без непаразумення. Калі аблажылі Апочку, Свярчоўскі, не зважаючы на абарончыя магчымасці цвердзі (палякі ўвогуле пагардліва называлі Апочку «свіным хлявом»), дачасна і без згоды Астрожскага кінуў людзей на штурм умацаванняў. Войска панесла значныя і, галоўнае, зусім неапраўданыя страты. Пасля гэтага асобныя аддзелы адлучаліся ад Апочкі і хадзілі далей да Пскова – на Варонач, Красны Гарадок, Велле. Але неўзабаве на дапамогу апоцкаму гарнізону прыйшлі раці І.Ляцкага ды Ф. Абаленскага з Вялікіх Лукаў. А калі да Апочкі сталі рухацца і вялікія сілы маскоўскага войска на чале з А. Растоўскім, князь Астрожскі палічыў за лепшае не рызыкаваць. Зняўшы аблогу, ягоныя войскі накіраваліся да сваіх межаў.
А на лета 1518 года Васіль ІІІ падрыхтаваў удар у адказ. З Вялікіх Лукаў ягоныя ваяводы рушылі на Полацак, з Белай – на Віцебск, а са Смаленска і Старадуба – на Падняпроўе. У маскоўскіх летапісах было запісана, што на гэты раз іх войска дайшло да Слуцка, Менска, Новагародка. Вялікія сілы непрыяцеля скавалі Полацак. Як шчыра адзначыў аўтар пскоўскага летапісу, «і Палачане шмат з нашымі біліся…» Затым прыспела падмога і «пабеглі да Дзвіны Масквічы, і не змаглі яны пераправіцца ўсе, і патапілі іх шмат у Дзвіне, і адышлі ад Полацка, нічога не атрымаўшы».
Астрожскі тым летам абараняў паўднёвыя межы краіны. Разам з А. Дашкевічам ён двойчы разграміў на Валыні крымскіх наезнікаў.
Паступова сапраўды небяспечным зрабіўся ваенны хаўрус Масквы і Караляўца [24]24
Каралявец – беларуская форма назову горада Кёнігсберга (польск. Krolewiec), сучаснага Калінінграда.
[Закрыть], падпісаны яшчэ ў 1517 годзе. Цяпер да яго далучаўся новы альянт. Ужо вясной 1519 года перад Васілём ІІІ стаяў крымскі пасол з ярлыком ад хана. У выпадку адначасовага ўдару ўсіх трох хаўруснікаў для Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага маглі настаць надта цяжкія часы. На шчасце, яны дзейнічалі паасобна.
У ліпені на Кіеўшчыну і Валынь уварвалася 40-тысячная арда. Гетман Канстанцін Астрожскі выступіў супраць татараў з корпусам на 7 тысяч коннікаў, частку якога складалі палякі. Ён пераняў татараў на зваротным шляху, калі тыя ўжо вярталіся са здабычай. 2 жніўня дайшло да бітвы пад Сокалам, у зусім невыгодным для Астрожскага месцы. Усяму нашкодзілі маладыя польскія шляхцічы, якія прагнулі перамогі. Самаўпэўненыя, яны рваліся ў бітву і не хацелі нават змяніць пазіцыю, застаючыся на нізкім беразе Буга. Не паслухаўшыся загадаў К. Астрожскага, малады Ф. Гербурт павёў свае харугвы на татараў, чым змусіў да ўдзелу ў бітве і гетмана найвышэйшага. Усё скончылася поўнай перамогай наезнікаў. Тры князі, шмат ротмістраў і безліч вершнікаў Астрожскага засталіся на месцы сечы, а сам ён ледзь уратаваўся з пашматанымі рэшткамі конніцы. Той, чыё імя наводзіла жах на ардынцаў, цяпер уцякаў ад іх. І браў на сябе, славутага ваяра, усю няславу гэтага разгрому. Вядроша, Апочка, Сокал… Трэцяя параза ў жыцці, і трэці раз – не па ягонай віне…
А праз колькі тыдняў на Беларусь прыйшлі маскоўскія раці. Рухаліся яны зноў трыма групоўкамі – з Вялікіх Лукаў, Смаленска і Старадуба, агулам блізу 40 тысяч. Усе кіраваліся ў бок Менска, каб потым – на Вільню. «И воеводы наши, – адзначалася ў маскоўскім летапісе, – воевали по Вилну, Логоеск, Менеск, Айну, Красное Село, Молодечну, Марково, Лебедево, Крев, Ошмону, Медники, Мяделу, Куренской камень, Березвичи, Жесно, Курец, Волоеск, Радошковичи, Борисово…» Асабліва значныя баі былі пад Крэвам, дзе сабралася войска А. Гаштаўта і М. Радзівіла. Ад Крэва яно адышло за Лоск, а ваяводы Васіля ІІІ пасля гэтага з'явіліся каля Полацка і Віцебска.
Аніякіх гарадоў яны здабыць не змаглі, затое панішчылі воласці, шмат жыхароў пазабівалі ці паланілі і праз месяц вярнуліся ў сваю зямлю. Гарады-цытадэлі самотна стаялі сярод выпаленага, пакрытага попелам краю. А ў лютым 1520 года пад Віцебск і Полацак прыходзіў з войскам ваявода В. Гадуноў – паліў недапаленыя пасады. Праз год з поўдня ўварвалася шматтысячная крымская арда, ад якой найбольш пацярпелі землі паўднёвай Беларусі. Быў абрабаваны і моцна спалены Тураў.
І ўсё ж вайна набліжалася да канца. Тэўтонскі ордэн, на які Васіль ІІІ вельмі спадзяваўся і нават двойчы пасылаў містру Альбрэхту вялізныя сумы грошай на войска, моцна цярпеў ад палякаў. Жыгімонт загнаў тэўтонцаў аж да Караляўца і прымусіў падпісаць у 1521 годзе мірнае пагадненне. Яшчэ ў 1520 годзе такое пагадненне з Жыгімонтам склаў Махмет-Гірэй. Вось тады і Васіль ІІІ стаў хіліцца да прымірэння.
У 1522 годзе віленскае пасольства на чале з полацкім ваяводам Пётрам Кішкам падпісала ў Маскве дамову аб 5-гадовым замірэнні. Смаленск быў пакінуты Маскве, шматлікія палонныя заставаліся ў Вялікім Княстве Літоўскім…
«Жыцця свайго не шкадаваў»
Трывожны мір
Спустошаная дзесяцігадовай вайной краіна паволі ўздымалася з руінаў. Вярталіся да паселішчаў ацалелыя жыхары, аднаўлялі гаспадарку. Адбудоўваліся спаленыя гарады, ажывалі пасады, рынкавыя пляцы.
Дзяржава пакрысе ачуньвала і звыкалася з новай мяжой на ўсходзе. Мінулая вайна была занадта доўгая і цяжкая. Гэтакай Княства яшчэ не перажывала. Як не адчувала яно яшчэ і такой трывогі за свае ўсходнія межы. Адыход Смаленска да Маскоўшчыны выклікаў не толькі горкія шкадаванні, ён сімвалічна азначаў і адыход старых часоў. Па тых падзеях няцяжка было зразумець, што няўмольна змяняліся суадносіны сілаў Масквы і Вільні. Што яны ўжо змяніліся. І нават час раўнавагі, гэтак трагічна засведчаны на Вядрошы, быў страчаны разам са Смаленскам.
Гэта і непакоіла дзяржаўных людзей у Вільні. Пры беднасці земскага скарбу, абмежаванасці выканаўчай улады гаспадара ды свавольствах магнатаў цяжка было добра наладзіць абарону краіны. Сам Жыгімонт скрушна выказваўся: «Звязаныя недарэчнымі законамі, нічога ня можам зрабіць дзеля карысці і годнасці нашага гаспадарства».
Інспірацыі Боны
Паводле задумы каралевы Боны, манархам Вялікага Княства Літоўскага меўся стаць ейны сын Жыгімонт Аўгуст. І ў 1522 годзе вальны сойм у Вільні прызначыў яго намінальным пераемнікам бацькі на пасадзе вялікага князя літоўскага (у 1529 годзе Жыгімонта Аўгуста ўзвядуць на вялікае княжанне «вольным абраннем»). Ужо гэтым замацоўвалася дзяржаўная асобнасць Княства. А праз чатыры гады віленскія паслы, упаўнаважаныя ад паноў-рады, прасілі караля ў Варшаве вывесці Вялікае Княства Літоўскае ў становішча каралеўства! Мажнаўладцы казалі, што, «калі Вялікае Княства будзе мець сваю карону, тады няможна будзе далучыць яго да Кароны Польскай… Тады панам палякам нельга будзе дамагацца, каб гэтую нашу дзяржаву прынізіць і далучыць да іх, але будзе роўнае братэрства і згода заадно супраць кожнага непрыяцеля». Карона, даводзілі яны, аберагала б Княства ад шкоды патаемных маскоўска-рымскіх зносінаў, гарантавала б дзяржаве пэўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, урэшце, умацавала б пазіцыі Ягайлавічаў ды прынесла б шмат іншых перавагаў краіне. Гэтыя захады інспіраваліся таксама Бонаю. Толькі пасіўнасць Жыгімонта Старога звяла іх намарна.
Канстанцін Астрожскі ўваходзіў у кола блізкіх да Боны асобаў. Яшчэ ў 1518 годзе, калі паны-рада накіравалі яго з пасольствам у Карону разбіраць справу Я. Зарэмбы (той абвінаваціў Княства ў сепаратызме, у развале палітычнага і вайсковага хаўрусу з Польшчай), Астрожскі затрымаўся там надаўжэй і вітаў у Маравіцы Бону, якая ехала ў Карону, затым прысутнічаў пры яе ўездзе ў Кракаў, браў удзел у шлюбных ды каранацыйных урачыстасцях.
Сам Жыгімонт настолькі сімпатызаваў гэтаму незвычайнаму чалавеку, што, жадаючы аддзячыць гетману за гераізм і адданасць, быў гатовы пайсці нават на вынятак з правілаў. Яшчэ 25 сакавіка 1522 года ён падпісаў у Горадні на вальным сойме грамату, якою надаваў князю Астрожскаму годнасць троцкага ваяводы. Парушаючы прывілей Ягайлы, насуперак дзевятаму артыкулу акта Гарадзельскай вуніі, які надзяляў правам займаць найвышэйшыя ўрадавыя пасады толькі каталікоў. Кароль і вялікі князь адзначыў, што дагэтуль ваяводства Троцкае ён не мог даць аніводнаму схізматыку (праваслаўнаму), але цяпер саступае яго князю Канстанціну Астрожскаму. На якой падставе? Жыгімонт тлумачыў: за «такія верныя яго заслугі супраць непрыяцеляў нашых, Масквы і татараў», а таксама «па просьбах і довадах паноў-радных». Стаўшы троцкім ваяводам, шасцідзесяцідвухгадовы князь вызваляўся ад пасадаў старасты луцкага і маршалка валынскага, але застаўся старастам брацлаўскім і вінніцкім.
Гэтак па волі Жыгімонта Канстанцін Іванавіч займаў цяпер месца на пярэдняй лаве ў сенаце, уваходзячы ў эліту свецкіх «дастойнікаў». І ніхто з паноў-рады не пратэставаў супраць парушэння ранейшых парадкаў. Наадварот, Астрожскі меў сімпатыі ў найбуйнейшых магнатаў і палітыкаў. Паміж Гаштаўтамі і Радзівіламі, якія варагавалі, ён займаў нейтральную пазіцыю. Спрабуючы прымірыць супернікаў ды спыніць іх канфрантацыю, якая перарастала ў сапраўдную грамадзянскую вайну, аслабляла дзяржаву, гетман умеў захоўваць найлепшыя дачыненні з Альбрэхтам Гаштаўтам і сябраваць з сынамі Мікалая Радзівіла.
Не без захадаў уплывовага ваяводы троцкага ў тым жа 1522 годзе Тураўская і Пінская дыяцэзіі атрымалі ад Жыгімонта прывілей (гэтакі ж даваўся ў 1511 годзе з Берасця) аб незалежнасці царкоўнага судаводства для праваслаўных вернікаў. Гэтаксама ўласнымі стараннямі Астрожскага ён з моманту смерці мітрапаліта Язэпа ІІ Солтана (1511 год) па прызначэнні Жыгімонта быў апекуном земляў усёй Кіеўскай мітраполіі да абрання новага мітрапаліта. Новы ж мітрапаліт у 1528 годзе папрасіў на выпадак ягонай смерці пакінуць Астрожскага апекуном земляў мітраполіі і надалей. Ягоны аўтарытэт ды актыўнасць фактычна вызначылі юрыдычнае становішча грэцкай царквы ў Княстве таго часу.
А 17 жніўня 1522 года князь Астрожскі быў ізноў узнагароджаны Жыгімонтам: атрымаў дазвол «воскам чарлёным усякія лісты свае пячатаваць» – права, якім карысталіся найбліжэйшыя да манарха асобы. У гаспадарскай грамаце так адзначаліся ваенныя заслугі і мужнасць гетмана: «Бачачы высокія заслугі ў славутых бітвах вяльможнага князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага, ваяводы Троцкага, гетмана нашага найвышшага, старасты Брацлаўскага і Вінніцкага, ня толькі за нас, але і за панаванне слаўнае памяці Бацькі нашага Казіміра і за брата нашага Аляксандра, каралёў іх міласці, што яго міласць ня толькі накладаў сваіх вялікіх да службы іх міласці налажыці не шкадаваў (што ж звык чыніці ніколі не перастаючы і да цяперашняга часу, і за наша панаванне), але ў такіх службах горла свайго страціці не літаваў, і раны ў бітвах вялікія і пакуты цяжкія ад непрыяцеля ахвотна прыймаў» {21} .
За які месяц да таго заўдавелы гетман (першая жонка Тацяна Гальшанская памерла ў ліпені 1522 года, пакінуўшы Астрожскаму адзінага сына Іллю) заручыўся з дачкою слуцкае княгіні Анастасі. У лісце аб заручынах ён пісаў Анастасі, што «ў яе міласці дом уступіць, і яе міласці кроўным і вечным прыяцелем стане, і яе міласці княгіні Слуцкай Анастасі… дачку князёўну Аляксандру сабе ў жонкі возьме, а яе міласці князёўны Аляксандры мужам будзе…» Шлюб яны бралі ў 1523 годзе. Аляксандра, дачка вядомага слуцкага князя Сымона Алелькавіча, нарадзіла Канстанціну Астрожскаму яшчэ сына Кастуся (Васіля) і дачку Зосю (дзяўчынка памерла дзіцём) ды заставалася з ім да апошніх дзён гетмана.
Звадкі мажнаўладцаў
Практычна з моманту элекцыі [25]25
Элекцыя (ад лац. electio)– абранне, выбары.
[Закрыть]Жыгімонта Аўгуста пачалі хутка псавацца дачыненні паміж Астрожскім і Альбрэхтам Гаштаўтам – канцлерам і ваяводам віленскім. Той у 40-х гадах XVІ стагоддзя быў першым сярод мажнаўладцаў, узначальваў апазіцыю каралеве Боне і трымаўся арыентацыі на збліжэнне Княства з Аўстрыяй і Прусіяй. К. Астрожскага ж знаёмілі з планамі Боны, і хоць ён выступаў супраць парушэння пётркаўска-мельніцкіх актаў 1501 года ды абрання нялетняга каралевіча вялікім князем, бачачы ў гэтым паслабленне абароназдольнасці краіны ў цяжкія часы, але застаўся на баку каралевы. Цяпер вакол яго гуртаваліся старыя і новыя незычліўцы Гаштаўтаў – Юры і Ян Радзівілы, Рыгор Осцікавіч, Юры Алелькавіч, Іван Сапега ды іншыя.
Барацьба груповак набывала такі размах, што паралізоўвала дзейнасць дзяржаўнага апарату. Жыгімонт неаднойчы заклікаў абодва бакі супакоіцца, затым нават прызначыў ім грашовую кару на 30 000 коп літоўскіх грошай, але не мог суняць супраціўнікаў. Стары Гаштаўт ужо не змяняў свайго стаўлення да гетмана. Кароль мусіў раіцца з К. Астрожскім, як нейтралізаваць яго дзеянні, а Гаштаўт тым часам даслаў Боне ліст, у якім абвінавачваў князя Канстанціна ў дзяржаўнай здрадзе (?!). І надалей, нават у 1529 годзе, даводзіў, што Астрожскі – «чалавек новы, подлай кандыцыі, русін, сын мізэрнага княскага роду», а значыць, не месца яму ў сенаце.
Сярод пяці наймагутнейшых
А тым часам Астрожскі ўваходзіў у пяцёрку наймагутнейшых феадалаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1528 годзе ён выставіў са сваіх земляў 426 выдатна ўзброеных вершнікаў. З сенатараў яго пераўзыходзіў толькі сам Гаштаўт, які меў, дарэчы, не нашмат болей – 466 коней. Значыць, колькасць сялянскіх душ гетмана сягала блізу 41 тысячы! Ягоныя зямельныя ўладанні былі раскіданыя па тэрыторыі ўсяе дзяржавы. Нямала іх знаходзілася і ў Беларусі: Смалявічы і Тарасаў у Менскім павеце, Балажэвічы, Капцэвічы і Шастовічы ў Мазырскім, Анохаў у Новагародскім, возера Свіцязь з вакольнымі вёскамі, Дзятлаў, двор у Менску, урэшце, Тураў, адпісаны ў 1514 годзе жонцы, ды іншыя. Для ўласных маёнткаў князь дамагаўся асобных прывілеяў, для сваіх гарадоў – лакацыі [26]26
Лакацыя – прывілей, які дазваляў мець самакіраванне і невялікаму гарадку.
[Закрыть]. У 1524 годзе магдэбургскае права атрымаў ягоны Астрог.
З уласных сродкаў Канстанцін Астрожскі фундаваў у Беларусі храмы, даваў ім зямлю з сенажацямі ды агародамі. Так паўставалі новыя ці замест драўляных узводзіліся мураваныя бажніцы ў Вільні, Новагародку, Смалявічах, Тураве. Пра закладанне смалявіцкай царквы Святога Мікалая пісалася ў ягоным фундушы за 27 сакавіка 1507 года: «Я… Канстанцін, князь Астрожскі, пан Віленскі, гетман найвышшы з добрае волі маёй зажываючы ў тым, паводле правоў, свабодаў і вольнасцяў шляхоцкіх нашых Вялікага Княства Літоўскага пісаных, на гонар і хвалу Спадару Богу ўсемагутнаму збудаваў царкву ў іменню маім Смалявіцкім, у павеце Менскім…» {22}
Не выключана, што ў 1522 годзе князь Астрожскі спрыяў адкрыццю друкарні Францішка Скарыны ў Вільні, а пасля матэрыяльна падтрымаў і выданне кніг.
Ізноў справы ратныя
Аднак усё гэта Астрожскі мусіў рабіць толькі паміж справамі ратнымі. Ненадоўга пакідалі яны састарэлага гетмана ў спакоі.
У 1524 годзе крымскі хан пры ўдзеле турэцкай конніцы двойчы нападаў на Вялікае Княства і Карону, рабуючы Падолле, Валынь. К. Астрожскі разам з М.Фірлеем спрабаваў перакрыць ім шлях, але меў для таго занадта малыя сілы. І наезнікі спустошылі зямлю да Буга. Тады ж стала ведама, што ля межаў Кароны канцэнтруецца турэцкае войска. Астрожскага запрасілі ў Польшчу, каб ён пакіраваў там падрыхтоўкай конніцы да магчымых ваенных дзеянняў супраць туркаў. На поўдзень звярнула ўсю сваю ўвагу і Княства.
А тым часам ўзнавіліся памежныя канфлікты на ўсходзе. Велікалуцкі намеснік наехаў на Ўсвяцкую воласць і намагаўся прыўлашчыць яе, збіраючы там падаткі. Старадубскі намеснік нападаў на воласці Крычава, Рэчыцы, Чачэрска. Узімку 1525 года тут дайшло да сапраўднай вайны. Рабуючы, маскоўскія раці праходзілі да Мазыра, з'яўляліся за Дняпром. У рэчыцкія воласці яшчэ не раз урываліся яны і наступнымі гадамі. І ўсё гэта пры існаванні мірнага пагаднення! Жыгімонт скардзіўся на сістэматычнае парушэнне мяжы з боку Масквы, а Васіль ІІІ у адказе сцвярджаў, што вінаватых ён карае смерцю. Але гэта, нават калі і было праўдаю, не мяняла сутнасці справы. Увесну 1526 года ў Маскву з пасламі ад Жыгімонта зноў паехаў Гэрбэрштайн. Упартае нежаданне Васіля ІІІ вяртаць Смаленск Вялікаму Княству Літоўскаму зрывала перамовы. Усё, чаго дамаглося пасольства, дык гэта шасцігадовага замірэння на ранейшых умовах.
Бітва на Альшаніцы – апошняя перамога
Узімку 1526/27 года на Валынь уварвалася вялізная арда крымскіх татараў. Астрожскі надзвычай хутка змабілізаваў войска і паспеў дагнаць іх ужо каля Пінска, дзе і разбіў наезнікаў. Рэшткі татарскіх загонаў пайшлі на поўдзень. А ў студзені 1527 года ён рушыў з конніцай ад Астрога напярэймы ардзе, якая ўжо вярталася з вялікай здабычай. Перуном наляцелі яго харугвы на лагер татараў каля нешырокай Альшаніцы, паміж Каневам і Кіевам. Паспрабаваўшы напачатку адбівацца, наезнікі (а іх на Альшаніцы было за 20 тысяч!) не вытрымалі ціску і пачалі ўцякаць. Мала іх ацалела тады і дайшло да бяспечнага Дзікага поля, бо ўцекачоў даганялі і секлі яшчэ вершнікі князя Ю. Слуцкага ды А. Дашкевіча. А 700 татараў было ўзята ў палон.
Гэта была адна з вялікіх перамог Астрожскага, у якой удалося ідэальна выкарыстаць ягоную ж тактыку. Стары змагар з татарамі і маскоўскім войскам, ён валодаў сапраўдным майстэрствам барацьбы з імі. Што да антытатарскіх акцый, дык Ж. Гэрбэрштайн апавядаў пра іх вось як.
Князь Астрожскі не выступаў насустрач татарскім загонам, калі яны ўрываліся ў краіну. Не, ён пачынаў асочваць ворага, як той, ужо абцяжараны здабычай, вяртаўся назад. Далёка ад'ехаўшы, рабаўнікі ўрэшце знаходзілі сабе бяспечнае месца для адпачынку, спыняліся там нанач і пачыналі рэзаць жывёлу ды баляваць. Астрожскі ж звычайна ведаў гэтае месца праз сваіх выведнікаў. Ён загадваў вершнікам нарыхтаваць харч на наступную ноч (каб больш не раскладваць вогнішчаў) і асцярожна наблізіцца цёмначы да татарскага лагера. А з першым праменнем сонца ягоная конніца віхрам налятала на сонных татараў ды ўчыняла ім поўны разгром {23} .
Так было і пры Альшаніцы, дзе пераможцы вызвалілі з татарскага палону дзесяткі тысяч жыхароў Княства. Пасля гэтага Крым пачаў звяртацца ў Вільню па дапамогу ў міжусобным змаганні, чаго не было з часоў Вітаўта. А Кастусь Астрожскі другі раз, як рымскі консул, трыумфальна ўязджаў у сталіцу, ды цяпер ужо ў Кракаў, дзе яго віталі кароль і каралева.
1526 год быў асаблівы для князя Канстанціна і тым, што жонка Аляксандра нарадзіла яму сына. А вось прыгожая перамога стала апошняй для старога ваяра. З таго часу ён больш не вадзіў у бітвы сваіх харугваў. Затое актыўна дапамагаў багатым досведам. Улетку 1527 года быў у Кракаве на ваеннай нарадзе, дзе абмяркоўвалі праблемы абароны ад татараў і туркаў, налета сустракаўся ў Вільні з паслом Ф. Франгепанам па тых сама пытаннях, а ў 1529 годзе ў ліку камісараў Княства праводзіў перамовы з Польшчай аб вызначэнні дзяржаўнай мяжы.
І так – да астатняга дня свайго…