355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Геннадий Саганович » Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі » Текст книги (страница 1)
Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 18:14

Текст книги "Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі"


Автор книги: Геннадий Саганович


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)

Генадзь Сагановіч
Айчыну сваю баронячы
Канстанцін Астрожскі

Да чытача

Хто прыгадае, калі на Беларусі адзначалі хоць якую гадавіну бітвы пад Воршай? Эўрапейскія народы шануюць памяць не толькі аб перамогах, але і аб нацыянальных трагедыях. Палякі, прыкладам, памятаюць і Грунвальд, і Легніцу, французы – і Марыньяну, і Павію, шведы – і Нарву, і Палтаву, чэхі – і Віткаву Гару, і Белую… У кожнага ёсць свой гонар і свой боль, свая слава і свая ж няслава. А што мы, беларусы?

Пра дзень 8 верасня 1514 года – дзень абароны суверэнітэту краіны – ведаюць, баюся, адзінкі. І адзначаць яго пачалі, здаецца, толькі ў 1990 годзе дый то вузкім колам, калі менская ды аршанская моладзь паставіла ў дзень слаўнае перамогі вялікі шасціканцовы крыж на месцы пабаявішча. А яшчэ менш вядомы шырокай грамадскасці творца той велікапышнай перамогі – князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі.

Гляньма ў энцыклапедыі, падручнікі, папулярныя кніжкі. У БелСЭ сцісла апавядаецца пра род Астрожскіх наагул, і Канстанцін Іванавіч узгадваецца там між іншых {1} . Як «военачальнік», гетман, кашталян віленскі, ваявода троцкі, радца Рады Вялікага Княства Літоўскага, які «ўзначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татараў» і перамог больш як у 60 бітвах… Большага чытач у беларускай гістарычнай літаратуры, бадай, не знойдзе.

Дзіўна, але яшчэ менш напісана пра яго ў сучасных украінскіх энцыклапедыях, прыкладам «Украинской Советской Энциклопедии» ды «Радяньскої енціклопедії історії України». Куды большая ўвага звернута на сына пераможцы Аршанскае бітвы – Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага. Воляй гісторыі бацьку і сына блыталі здаўна, а пасля і наагул гаварылі амаль выключна пра кіеўскага ваяводу, вядомага культурнага дзеяча Канстанціна Канстанцінавіча. Нават ягоны партрэт нярэдка ўважалі за бацькаў.

Яшчэ ў 1897 годзе ў Смаленску выйшла асобнае даследванне пра гетмана К. Астрожскага. Гісторык А. Ярушэвіч пісаў, што славутага князя несправядліва забываюць, ды, узнаўляючы далёкія падзеі, ці не ўпершыню стварыў вобраз гэтага незвычайнага чалавека {2} . Пазней у Вільні невялікую працу пра К. Астрожскага выдаў польскі даследнік В. Харкевіч {3} . У Кіеве і Петраградзе друкаваліся асобныя выданні пра род князёў Астрожскіх {4} . Толькі ў беларускай літаратуры яшчэ не было нічога, прысвечанага вялікаму абаронцу Айчыны.

Дык, можа, ён чужы Беларусі? Якраз жа не! У беларускую гісторыю славуты князь трывала ўвайшоў і паходжаннем, і справамі, і ўсім сваім жыццём. Такія постаці, як Кастусь Астрожскі, складаюць гонар кожнага народа. І яны мусяць вяртацца ў памяць нацыі – нават пасля стагоддзяў забыцця.

Нацыя жыве, пакуль у ейнай свядомасці жывуць яе героі. Без іх яна памірае.


Нашчадак ваярскага роду

Ад турава-пінскіх князёў. Слаўныя продкі

Паводле старажытных царкоўных кніг Кіева, род Астрожскіх выводзіцца з князёў тураўскіх. Як ведама, турава-пінскія князі пайшлі ад Святаполка Ізяславіча – праўнука Ўладзіміра. Унукам жа Святаполка быў князь Юры Яраславіч, а ўнукам апошняга – пінскі князь Уладзімір, якога і можна лічыць пачынальнікам роду Астрожскіх. Яго сын Юры (Георгі) быў ужо добра вядомы летапісцам. Нездарма гэтак прачула пісалася пра смерць пінскага князя ў Валынскім летапісе: «В лето 6800 (1292) преставися Пинский князь Юрьи, сын Володимиров, кроткий, смиренный, правдивый; и плакася по нем княгиня его, и сынове его, и все люди плакахуся по нем плачем великим».

Унук апошняга пінскага князя – Даніла (ці Юры?) Дзімітравіч {5} з 1386 года ўжо валодаў Астрогам, невялікім валынскім горадам на рацэ Віліі, прытоцы Гарыні (цяпер гэта раённы горад Ровенскай вобласці на Ўкраіне). Славу яму прынесла змаганне супраць польскага караля Казіміра за падпарадкаванне Валыні ды Галіччыны. Разам з пярэмышльскім старастам Дашкам яны ўзнялі паўстанне ў Галіцкай зямлі, выбілі адтуль польскія залогі [1]1
  Залога – вайсковы аддзел, прызначаны для ўтрымлівання горада, замка ці іншага месца; гарнізон.


[Закрыть]
ды рушылі на Кракаўскую, Сандамірскую і Люблінскую землі.

З чатырох Данілавых сыноў двое загінулі ў 1399 годзе на Ворскле, трэці пайшоў у манахі, а на бацькоўскай зямлі ў Астрозе застаўся толькі чацверты – Хведар. Ягоныя правы на валоданне гэтым горадам і паветам пры ўмове адданае службы каралю былі пацверджаны прывілеем Ягайлы ў 1390 годзе і Ядзвігі ў 1393 годзе. Ваяр па духу, Хведар і выявіў сябе перадусім у справах вайсковых ды палітычных: быў з валынцамі пад Грунвальдам, хадзіў у 1422 годзе з Жыгімонтам Карыбутавічам на дапамогу чэхам у іх барацьбе з нямецкім імператарам, затым ізноў памагаў гусітам ды шукаў з чэхамі шчыльных кантактаў. Не баючыся гневу Вітаўта, Хведар Данілавіч уступаўся за князя праваслаўных Свідрыгайлу, які трапіў у няміласць да манарха, а ў 1420 годзе нават вызваліў яго з вязніцы Крамянецкага замка ды запатрабаваў ад Вітаўта даць Свідрыгайлу зямлі. Гэта не сапсавала добрых дачыненняў з вялікім князем. У 1427 годзе Вітаўт таксама даў Хведару Данілавічу прывілей на ранейшыя ўладанні ды асабіста наведаў яго ў Астрозе.

Калі ж вялікі князь Вітаўт памёр і ў дзяржаве дайшло да нутраной вайны, Хведар Астрожскі па-ранейшаму аддана падтрымліваў Свідрыгайлу і ў 1432 годзе на яго даручэнне ачысціў ад палякаў усё Падолле, завалодаў Валынню. Нават кінуты Свідрыгайлам у вязніцу як ненадзейны, Астрожскі ўцёк з няволі і зноў стаў на бок Свідрыгайлы. На схіле веку бунтоўны князь пайшоў у Пячорскі манастыр. Там зацяты змагар супраць польскіх уплываў старанна служыў Богу, пакуль у 1435 годзе не скончыў свае дні. Сыны ягоныя Андрэй і Дашко памерлі зусім маладыя і бяздзетныя. Астрог застаўся трэцяму сыну – Васілю, званаму Прыгожым.

Як і ягоны дзед ды бацька, князь Васіль Хведаравіч браў чынны ўдзел у палітычным жыцці дзяржавы. У сваім часе з'яўляўся намеснікам тураўскім, быў у групоўцы князёў і баяраў, што выступалі за адасабленне Вялікага Княства Літоўскага [2]2
  Вялікае Княства Літоўскае – моцная феадальная дзяржава з поліэтнічным насельніцтвам, у склад якой у часы К. Астрожскага ўваходзілі акрамя Беларусі Жамойць, большая частка Ўкраіны і некаторыя іншыя землі. Першапачатковай сталіцай быў Навагародак, а з 1323 года – Вільня. Дзяржаўнаю мовай у Княстве была старабеларуская. У пісьмовых дакументах сярэднявечча часцей ужываліся кароткія формы назову гаспадарства – Вялікае Княства або Літва, а ягоных жыхароў называлі ліцьвінамі.


[Закрыть]
ад Польшчы, у 1430-х гадах таксама цвёрда стаў на бок Свідрыгайлы, змагаўся супраць Жыгімонта Кейстутавіча, за што трапіў у няволю і адседзеў да самай смерці Жыгімонта. У 1446 годзе ён жа настойваў, каб новы вялікі князь Казімір Ягайлавіч не прымаў польскай кароны, а калі той усё ж стаў і каралём польскім, Астрожскі запатрабаваў аддзяліць ад Польшчы Валынь і Падолле… Па смерці Васіля Хведаравіча засталіся двое сыноў і дзве дачкі, з якіх Астрогам валодаў маладзейшы, Іван.

Князь Іван Астрожскі пераняў ад продкаў іх найлепшыя якасці: быў слаўны ратнымі справамі, вызначаўся цвёрдасцю, адданасцю старой веры, патрыятызмам. Найбольш вядомай сталася яго перамога над крымскімі татарамі ў 1454 годзе пад Церабоўляй, калі з татарскай няволі было ўратавана 9 тысяч чалавек. Праўдападобна, у гонар тае падзеі жонка Івана Астрожскага княгіня Настася Глінская збудавала манастыр у Калодзежным, але яго неўзабаве спалілі татары.


У стольнай Вільні

Ад Глінскай у князя Івана Астрожскага было пяць дачок і два сыны – Міхаіл і Канстанцін. Пра дзяцінства Кастуся, народжанага ў 1460 годзе, вядома няшмат. У няпоўныя сем гадоў Кастусь страціў бацькоў, і выхаваннем князевіча мусілі займацца баяры ды ягоны старэйшы брат. У 1486 годзе абодва браты трапілі ў Вільню, да двара вялікага князя Казіміра. Канстанцін стаўся бакалаўрам троцкага ваяводы Марціна Гаштаўта – аднаго з найбольш уплывовых людзей дзяржавы. Праз два гады маладыя Астрожскія апынуліся ў сябе ў Астрозе, дзе нейкі час займаліся фінансамі, гаспадаркай, а з 1489 года – ізноў былі ў Вільні, суправаджалі Казіміра Ягайлавіча ў часе пераездаў.

Пакінутае ў спадчыну багацце, шырокія сваяцкія сувязі і, безумоўна ж, асабістыя здольнасці братоў Астрожскіх спрыялі іх хуткаму ўзвышэнню на дзяржаўнай службе. Яны мелі сваяцтва з першымі людзьмі Княства – Гаштаўтамі, Радзівіламі, Сапегамі, Гальшанскімі, Глінскімі, Сангушкамі ды шмат якімі іншымі магутнымі родамі. Асабліва добрыя дачыненні былі ў Канстанціна Астрожскага з маршалкам Валынскае зямлі Пётрам Белым, які стаў пасля і гетманам найвышэйшым [3]3
  Гетман (ад ням. Hauptman)– галоўны начальнік над войскам. У Вялікім Княстве Літоўскім быў гетман найвышэйшы, у Польскім Каралеўстве – гетман вялікі.


[Закрыть]
.


Пачатак службы. Трывожныя прадчуванні

Сапраўдная вайсковая служба Канстанціна Іванавіча пачалася пры Казіміру Ягайлавічу ўдзелам у барацьбе з татарскімі наездамі. Малады Астрожскі адразу вылучыўся з шэрагу іншых князевічаў. Казіміраў сын Ян Альбрэхт, які кіраваў некалькімі антытатарскімі акцыямі, добрым словам узгадваў Канстанціна Іванавіча ды дзякаваў яму за падмогу. Найлепшым чынам паказаў сябе Астрожскі і ў 1491 годзе, калі конніца Вялікага Княства, ачоленая Сымонам Гальшанскім, дагнала татараў пад Ізяславам і разбіла іх там дазвання. Старэйшыя, гартаваныя на пабаявішчы князі адзначалі ягоныя здольнасці, прадказвалі яму вайсковую славу. І ўсё больш гаварылася пра вайну: краіна дажывала часы адноснага спакою.


Конадні вялікіх перамен

Рэлігійны разлад

Усё XV стагоддзе Вялікае Княства Літоўскае цярпела ад нутраных рэлігійных разладаў. Пачатак ім паклала вунія [4]4
  Вунія (ад лац. unio – адзіноства)– форма аб'яднання дзяржаваў або цэркваў. Тут маецца на ўвазе Крэўская вунія 1385 года – пагадненне Вялікага Княства і Кароны Польскай аб палітычным хаўрусе з адным манархам на чале.


[Закрыть]
з Польшчай ды звязаныя з ёю прывілеі 1387 і 1413 гадоў, якія далі каталікам (а імі былі і беларусы, і летувісы [5]5
  Аўтар лічыць магчымым дапасаванне сучаснага саманазову жыхароў Рэспублікі Летува да іх старадаўніх продкаў у Вялікім Княстве Літоўскім (гэтак сама, дарэчы, як і наймення «беларусы» – да нашых продкаў). Зразумела, ужыванне гэтага этноніма («летувісы») для таго часу досыць умоўнае, бо ён значна пазнейшага паходжання і не з'яўляецца гістарычным найменнем.


[Закрыть]
) асабістыя, маёмасныя і палітычныя перавагі над праваслаўнымі. Удар, нанесены гэтым па ранейшай згодзе, няўхільна расколваў грамадства. Антаганізм лацінскага (каталіцкага) і грэцкага (праваслаўнага) пачаткаў ракавай пухлінаю распаўзаўся па ўсёй вялікай краіне.

Праваслаўе заставалася яшчэ колькасна большым, але саступала каталіцтву ў актыўнасці ды культурнасці. Яно толькі бараніла нутраную чысціню свайго жыцця, спрабавала захаваць лад старых традыцый. Каталіцтва ж набірала сілаў ды як рэлігія прывілеяваная рабілася ўзорам для пераймання вышэйшымі станамі.

Лінія міжканфесійнага [6]6
  Канфесія (ад лац. confessio – вызнанне)– тое, што і веравызнанне, царква. Тут маюцца на ўвазе праваслаўная і каталіцкая канфесіі.


[Закрыть]
змагання пралягала праз двор вялікага князя, пазіцыя якога і задавала ёй напругу ды шмат чаго вызначала. Калі пры Вітаўце праваслаўныя князі мусілі стрымліваць свой пратэст (як бы ні абурала іх ваяўнічасць каталікоў), дык адразу па ягонай смерці, аб'яднаўшыся, яны абралі вялікім князем Свідрыгайлу Альгердавіча – сапраўднага ненавісніка ўсяго каталіцкага і польскага. Дайшло да вайны з Польшчаю, і праз два гады каталікі з падмогі палякаў зрабілі вялікім князем заўзятага паланафіла Жыгімонта Кейстутавіча, а Свідрыгайла ўзначаліў збройнае змаганне апазіцыі. І хоць Жыгімонт, шукаючы прыхільнасці праваслаўных, у 1432 годзе з Ягайлам, а ў 1434 самастойна выдаў прывілей аб наданні праваслаўным князям і баярам тых сама правоў, што мелі каталікі, але ўсё адно праз сваю прапольскую палітыку ён стаў ахвяраю змовы і быў забіты.

Новы манарх Казімір Ягайлавіч паставіўся да праваслаўных больш лаяльна. Спакойны і справядлівы гаспадар, разумны палітык, ён цвяроза ацэньваў становішча ў краіне ды імкнуўся не парушаць правоў і звычаяў бальшыні сваіх падданых. Але прызначэнне кіеўскім мітрапалітам у 1458 годзе Рыгора Балгарына ды пачатая ў выніку прапаганда царкоўнае вуніі зноў сапсавалі дачыненні паміж каталікамі і праваслаўнымі. Нашкодзіла згодзе рознаканфесійнага насельніцтва і забарона Казімірам Ягайлавічам у 1481 годзе будаваць ды рамантаваць праваслаўныя храмы ў Вільні і Віцебску. Гэтак праз дэкансалідацыю грамадства слабела Вялікае Княства знутры, а тым часам і яго вонкавае становішча пачало няўхільна пагаршацца.


Непаразуменні з Польшчай

У гады панавання вялікага князя Казіміра змяніліся ўзаемадачыненні Княства з Польшчаю. Вунія фактычна была разарваная самым абраннем яго на віленскі пасад. Дзве дзяржавы лучыла цяпер толькі асоба супольнага манарха. Перамовы пра ўзнаўленне вуніі паказалі, што палякі хочуць поўнай інкарпарацыі [7]7
  Інкарпарацыя (ад лац. incorporatio – уключэнне)– такое аб'яднанне дзяржаваў, калі адна паглынае другую і робіць яе сваёй складовай часткай.


[Закрыть]
Княства, а паслы апошняга згаджаюцца толькі на абарончы хаўрус – з гарантаваным захаваннем палітычнай індывідуальнасці кожнае краіны. Якое ж тут магло быць паразуменне? У дадатак Княства настойліва запатрабавала ад Польшчы вярнуць яму страчаныя яшчэ да Казіміра Ягайлавіча землі Падолля ды Валыні. Вільня нават пагражала Кракаву зброяй! Напруга нарастала і кожнае часіны магла павярнуцца вайною. Дайшло да таго, што варшаўскі намеснік І.Падося прыехаў у 1493 годзе ў Маскву з прапановаю дынастычнага шлюбу і ваеннага хаўрусу супраць дзяцей Казіміра Ягайлавіча!..


Варожасць Ордэна

Трывожна было і на мяжы з Ордэнам. Той здаўна выяўляў адкрытую варожасць да Вялікага Княства, а вось з Ноўгарадам Вялікім склаў 10-гадовае мірнае пагадненне.


Напады крымскіх татараў

З поўдня пачынаючы ад 1474 года на землі Княства пачалі наязджаць аб'яднаныя пад уладаю Гірэяў крымскія татары. З 1473 да 1482 года яны штогод пустошылі Падолле, Валынь, урываліся і на беларускае Палессе. Найбольш знішчальным быў паход 1482 года, калі з намовы маскоўскага вялікага князя Івана ІІІ арда Менглі-Гірэя наляцела на Падняпроўе, захапіла Кіеў і спаліла яго разам з замкам. Татары пабурылі і абрабавалі хрысціянскія бажніцы. Асабліва пацярпеў Пячорскі манастыр, у якім наезнікі [8]8
  Наезнікі – удзельнікі наезду.


[Закрыть]
пазабівалі манашак, выграблі начынне, скарбы… А залатыя рэчы з Сафійскага сабору Менглі-Гірэй падараваў ініцыятару паходу – Івану ІІІ.


Адкуль галоўная небяспека?

Аднак найвялікшую трывогу выклікалі падзеі на ўсходніх межах Княства, дзе ўсё больш адкрытую варожасць дэманстравала Маскоўская дзяржава. Вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ (1462–1505) падпарадкаваў Разань і Пскоў, затым падбіў Ноўгарад Вялікі і ў 1485 годзе нарэшце перамог апошняга канкурэнта Масквы – княства Цверскае. Маладая цэнтралізаваная дзяржава ўсутыч падышла да ўсходніх межаў Вялікага Княства. Парадніўшыся праз шлюб з Палеалогамі – уладарамі магутнае калісь Візантыйскае імперыі, Іван ІІІ прыняў за дзяржаўны герб арла візантыйскіх цэзараў і назваў сябе «государем всея Руси». Новы тытул сам па сабе пастуляваў кірунак далейшай экспансіі. Зрэшты, ідэю «адзінай Русі» маглі падказаць яму (прынамсі, пераканаць, што гэта рэальна) і шматлікія перабежнікі з Вялікага Княства Літоўскага.

Адным з першых у 1481 годзе на бок Масквы перабег, ратуючыся ад кары, удзельнік нядаўняга замаху на Казіміра Ягайлавіча князь Хведар Бельскі. У 1483 годзе здрадзіў князь Іван Варатынскі, у 1487 – Іван Бяляўскі, у 1489 – Зміцер Варатынскі, праз колькі гадоў – Хведар Адоеўскі… Прыняўшы падданства маскоўскага ўладара, здраднікі захоўвалі за сабою зямельныя надзелы ў Вялікім Княстве Літоўскім і практычна ўлучалі іх у склад Маскоўскай дзяржавы. Яны заўзята помсцілі сваёй былой Айчыне, робячы бесперапынныя набегі на яе ўскрай.

Гэтак без абвяшчэння адкрытай вайны ў апошнім дзесяцігоддзі панавання Казіміра Ягайлавіча на ўсходніх межах Княства пачаліся сапраўдныя ваенныя дзеянні. У 1486 годзе людзі Івана ІІІ напалі на Мцэнск і Любуцк, спалілі іх, а жыхароў забралі ў палон. Затым яны хадзілі на Вязьму. У 1489 годзе зноў спустошылі Мцэнск і Любуцк, зрабілі рэйд на Тарапец, праз лета – на Віцебшчыну. У 1491 годзе наезды паўтарыліся. Яшчэ праз год адбыўся напад на Браншчыну. Што да Вяземшчыны, дык яна цярпела ледзь не штогод.


Масква пачынае «збіраць» землі

Іван ІІІ узяўся «збіраць» пад сваёй уладай усе ўсходнеславянскія землі. Тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны называліся «дединою и отчиною» вялікіх князёў маскоўскіх. Ужо ў 1489 годзе Казімір Ягайлавіч пачуў адкрыты папрок Івана ІІІ: «Нашы гарады і воласці, і землі і воды кароль за сабою трымае…»

Маскоўскі манарх пільна сачыў за падзеямі ў Княстве ды рыхтаваўся да рашучых дзеянняў. Ён знайшоў падыход да хана крымскіх татараў і, зрабіўшы ў 1474 годзе з ім мірнае пагадненне, называючы Менглі-Гірэя «братом и другом», накіроўваў пустошыць землі суседзяў. Пасля знакамітага стаяння на Ўгры (1480 год) знікла нават фармальная залежнасць Масквы ад Залатой Арды. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім рабілася няўхільнаю ды штогоду бліжэйшаю.


Смерць Казіміра Ягайлавіча і вайна

Яна грымнула адразу, як толькі Іван ІІІ даведаўся пра смерць Казіміра Ягайлавіча. (Вялікі князь і кароль Казімір Ягайлавіч памёр 7 ліпеня 1492 года ў Горадні, па дарозе да Вільні.) Маскоўскі пасол, высланы яшчэ ў траўні 1492 года, пачуў пра гэта ў дарозе і шпарка паімчаўся назад, нават не заязджаючы да новага манарха Вялікага Княства – Аляксандра. І па якім часе – яшчэ ўлетку – з-за маскоўскай мяжы на захад вырушылі тры вялікія арміі. Яны занялі Мцэнск, Любуцк, Масальск, Сярпейск, Вяземшчыну. Іх падтрымала новая хваля князёў-перабежнікаў. Смаленскі ваявода Юры Глябовіч вярнуў быў колькі гарадоў, але ў 1493 годзе маскоўскія войскі прасунуліся яшчэ далей ды захапілі Вязьму, а князя Міхала Вяземскага, які змагаўся да апошняга, забралі ў палон, дзе той і памёр. Кіеўшчыну ж і Чарнігаўшчыну пустошыў прыяцель Івана ІІІ – валадар крымскае Арды.

Вялікі князь Аляксандар аніяк не чакаў разрыву «вечнага міру» з Масквою і не хацеў гэтае вайны. Ён накіроўваў да Івана ІІІ паслоў са скаргамі і прапановамі – адно каб спыніць экспансію. У 1494 годзе паслы Вільні Пётра Белы і Станіслаў Гаштаўт не толькі абмяркоўвалі ўмовы мірнага пагаднення з Масквой, але і ўрачыста папрасілі рукі Іванавай дачкі Алены для Аляксандра. Такі шлюб, думалася, зменіць узаемадачыненні дзяржаваў да лепшага, стрымае агрэсію Івана ІІІ.

Пасля заручынаў адразу было падпісанае замірэнне. Вялікае Княства Літоўскае мусіла саступіць Маскве вялізныя тэрыторыі. Хоць Мцэнск, Сярпейск і Бранск вярталіся, да Івана ІІІ адыходзіла Вязьма, і ягоныя ўладанні цяпер вострым клінам уразаліся ўглыбкі Княства.

Аднак у Вільні радаваліся й такому міру. Шэраг удзельнікаў вайны і перамоў атрымалі ўзнагароды. Сярод іх быў і Канстанцін Астрожскі з братам, узнагароджаны Аляксандрам за асабістую ваенную чыннасць. Для Астрожскага – вопытнага змагара з татарамі – баі з маскоўскімі войскамі тады былі першыя.

У студзені 1495 года княгіня Алена пакінула Маскву ды з вялікаю світаю князёў выехала да Вільні. Па дарозе іх урачыста віталі гарматнымі стрэламі ў Смаленску, Віцебску, Полацку, а ў мястэчку Маркаў (цяпер вёска ў Маладэчанскім раёне) нявесту сустракалі 60 давераных асобаў Аляксандра на чале са Станіславам Кішкам, Канстанцінам Астрожскім і Васілём Глінскім. Яны падалі Алене шыкоўны, абцягнуты аксамітам вазок, у які было ўпрэжана 8 белых коней з пазалочанай збруяй…

На жаль, дынастычны шлюб не прынёс жаданага спакою. Іван ІІІ хоць і не вёў цяпер супраць зяця адкрытае вайны, затое актывізаваў Менглі-Гірэя. Наезды татараў на Вялікае Княства Літоўскае сталі зноў штогадовыя: 1494, 1495, 1496, 1497, 1498… Яны дзейнічалі вялікімі сіламі і ў 1494 годзе, напрыклад, разбілі пад Вішняўцом высланыя супраць іх войскі Кароны [9]9
  Карона – кароткая форма афіцыйнага назову Карона Каралеўства Польскага; гэтак з сярэдзіны ХІV стагоддзя звалася польская дзяржава.


[Закрыть]
і Княства. Да барацьбы з небяспечным ворагам неўзабаве актыўна далучыўся і князь К. Астрожскі. А ў 1496 годзе татараў прыйшло яшчэ болей. Імкліва пранесліся яны аж да Луцка, спалілі Жыдзічынскі манастыр і маглі беспакарана вяртацца: нешматлікія аддзелы К. Астрожскага, С. Гальшанскага і В. Храптовіча самі схаваліся ў мурох замка горада Роўна. Ворагі спрабавалі выбіць іх з замка ці змардаваць аблогаю. І каб выйсці жывымі з Роўна, князі мусілі аддаць татарам вялізны выкуп.


Князь Астрожскі – гетман

Затое налета К. Астрожскі квітам паквітаўся з татарамі. Ажно тройчы наляталі тыя на землі Ўкраіны і Беларусі. І ўсе тры разы князь Канстанцін пераможна разганяў іхныя загоны [10]10
  Загон – аддзел конніцы, галоўным чынам татарскай; тактычная адзінка для дзеянняў на чужой тэрыторыі.


[Закрыть]
– пад Мазыром, каля Палоннага на рацэ Ўша і пад Ачакавам, дзе супольная экспедыцыя Аляксандра граміла войскі Махмет-Гірэя, а князь Астрожскі нават захапіў на які час у палон самога хана.

Пасля гэтага стары гетман Вялікага Княства Пётра Белы, адчуваючы хуткую смерць, раіў Аляксандру Казіміравічу аддаць гетманства менавіта Канстанціну Астрожскаму. «Князь Астрожскі, Канстанцін, можа замяніць мяне для Айчыны, маючы рэдкія вартасці», – сказаў ён гаспадару. І ў верасні 1497 года К. Астрожскі атрымаў чын галоўнага начальніка над войскамі дзяржавы – гетмана найвышэйшага, а праз год – пасаду намесніка брацлаўскага, звенігародскага і вінніцкага. Ніхто яшчэ не атрымліваў гэтакага чыну і дзяржаўнай пасады ва ўзросце 37 гадоў!


Трагедыя на Вядрошы

Абвастрэнне канфрантацыі

Шлюб вялікага князя Аляксандра з Іванавай дачкою мала паўплываў на ўзаемадачыненні дзвюх дзяржаваў. На ўсходзе Княства было не да спакою. Ужо адразу пасля падпісання мірнае дамовы Мцэнская воласць пацярпела ад рабаўніцкага нападу маскоўскіх служылых людзей. У 1496 годзе такі ж наезд быў зроблены на Тарапецкую воласць. Праз тры гады клубы шэрага дыму віліся над усёй Тарапецкай зямлёй і гэтак далей.

Вялікі князь Аляксандар усё ж не спадзяваўся, што ягоны «брат і цесць» гэтак хутка распачне новую вайну. Таму і замкаў памежных як след не рыхтаваў, і войска належнага не набіраў.

Затое Іван ІІІ увесь 1499 год актыўна займаўся дыпламатычнай падрыхтоўкай вайны. Вяліся перамовы з Даніяй, хадзілі паслы ў «італійскія гарады», вяртаючыся адтуль з мноствам гарматнікаў, майстроў фартыфікацыі…

Неўзабаве дайшло і да адкрытага абвастрэння канфрантацыі з Вялікім Княствам Літоўскім. На пачатку 1500 года Аляксандру здрадзіў Сымон Бельскі (брат і спадчыннік Хведара Бельскага, удзельніка вядомага замаху на караля і вялікага князя Казіміра) ды ў красавіку прыйшоў у Маскву. Іван ІІІ афіцыйна паведаміў Аляксандру, што прыняў да сябе на службу князя Бельскага. Затым на бок Масквы перакінуліся Мцэнск і Сярпейск. Стала ведама, што і князі Старадуба ды Ноўгарада-Северскага пасля таемных перамоваў з Іванам ІІІ хіляцца да здрады. Маўляў, ратуючы праўдзівую веру. На самой жа справе не веру ратавалі перабежнікі, а свае «жываты», бо ведалі ўжо ад маскоўскіх шпегаў, што вось-вось грымне новая вайна…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю