Текст книги "Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі"
Автор книги: Геннадий Саганович
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)
Бунт Глінскага
Князь Міхал Глінскі даводзіўся дзядзькам Канстанціну Іванавічу. Паводле слоў самога Менглі-Гірэя, гэта быў «першы малойца» на ўсё Вялікае Княства. Свае юначыя гады ён правёў у Нямеччыне, на вайсковай службе ў саксонскага герцага, дзе шмат чаму навучыўся і здабыў немалую славу. Вярнуўшыся на радзіму, карыстаўся асаблівай павагай і даверам вялікага князя Аляксандра ды займаў пры ім важныя дзяржаўныя пасады. Аднак трэба ж было такому здарыцца, што праз Глінскага трапіў у няміласць да манарха троцкі ваявода Ян Забярэзінскі і ў выніку нават страціў ваяводства! З таго часу Забярэзінскі ледзь стрымліваў нянавісць да маладога князя і дзе мог ціха шкодзіў яму. Калі ж не стала Аляксандра, ён абвінаваціў Глінскага ў дзяржаўнай здрадзе, а будучаму манарху Жыгімонту перадаў вестку, што герой бітвы пад Клецкам збіраецца сам заняць велікакняскі пасад. Абражаны Глінскі прасіў Жыгімонта разгледзець гэтую справу на судзе, зняць з яго абвінавачанні, а Забярэзінскага пакараць за паклёп, але той усё адкладваў судовы разбор. Тады самалюбівы князь узняў бунт помсты.
Здарылася гэта лютымі маразамі на самым пачатку 1508 года. Сабраўшы з родных і блізкіх войска ў 700 коннікаў, бунтоўны князь вырушыў са свайго Турава на расправу з Я. Забярэзінскім {10} . Таго знайшлі ўжо 2 лютага ў маёнтку пад Горадняй і адсеклі яму галаву. Затым паспрабавалі ісці на Коўню, каб схапіць там важнага закладніка – Шах-Ахмета, аднак давялося вярнуцца. Міхал Глінскі пачаў рассылаць з Турава лісты па краіне з прапановай далучыцца да яго. Сюды ж, у ягоную рэзідэнцыю, неўзабаве прыехаў пасланец Масквы дзяк Г. Маклакоў. Глінскаму прапанавалі прыняць падданства Васіля ІІІ. Масква гарантавала, што аддасць у поўнае валоданне бунтаўніку ўсе гарады і воласці, якія мае і якія яшчэ здабудзе сілай. І Глінскі пайшоў на ўсё… Іронія лёсу: славуты герой Клецкае бітвы стаўся здраднікам Айчыны.
Хутка ягоныя людзі забралі Мазыр (яго здаў Глінскаму мазырскі намеснік), пайшлі на Слуцак ды сутыкнуліся там з рашучай абаронай. У Міхала Глінскага сталі з'яўляцца ня толькі маскоўскія людзі, але і паслы крымскія, малдаўскія. Планаваліся вялікія ваенныя дзеянні. Трэба было толькі дачакацца маскоўскага войска.
І ваяводы заспяшаліся. Ужо ў красавіку 1508 года на Смаленск павялі палкі Я. Захар'ін з Масквы і Д. Шчэня з Вялікіх Лукаў. Асобныя групоўкі ішлі на Полацак і Слуцак. А да Глінскага пад Бабруйск прывялі свае палкі князь В. Шамяціч і А. Мажайскі. На пачатку траўня яны разам пайшлі на Менск. Аблажыўшы горад, іх войска занялося рабаваннем і пусташэннем ваколіцаў Менска, хадзіла адтуль ажно да Слоніма.
Толькі тады дайшло да мабілізацыі сілаў на абарону краіны. Гетман Астрожскі першы сабраў вершнікаў і рушыў на свайго бунтоўнага дзядзьку. Ужо ў траўні ён заняў Тураў, гняздо паўстанцаў. У Лідзе збіралася шляхоцкае рушанне. Сюды праз Берасце ўжо спяшаўся з Кароны і Жыгімонт з 3-4-тысячным войскам палякаў. Калі сілы аб'ядналіся, кароль і вялікі князь прызначыў галоўным начальнікам над імі Канстанціна Астрожскага.
К. Астрожскі атрымаў прызначэнне 5 чэрвеня, а 20-га ўжо ўвайшоў у Менск: Глінскі з маскоўскімі памагатымі адступаў на ўсход. Па слядах непрыяцеля гетман павёў войска на Барысаў, дзе хаваўся ўцякач. Тады Глінскі перайшоў да Воршы, пад якой стаялі маскоўскія ваяводы. Цяпер іх злучаныя сілы налічвалі да 50 тысяч; разам яны спрабавалі як мага хутчэй захапіць стратэгічна размешчаную Воршу.
Хоць Глінскі гарэў жаданнем вялікае бітвы і ўгаворваў не ўхіляцца ад яе маскоўскіх ваяводаў, тыя не падзялялі аптымістычных планаў князя. Для іх тактыкі было натуральным не рызыкаваць войскам у адкрытай палявой бітве, а весці вайну пад мурамі, здабываць замкі і пустошыць воласці. І калі 13 ліпеня да Воршы стала набліжацца 16-тысячнае злучэнне Вялікага Княства і Кароны, яны паспешліва пераправіліся на левы бераг Дняпра і размясціліся ў лесе. На правым беразе ў баявым парадку паасобна спыніліся войскі К. Астрожскага, які кіраваў сіламі Княства, і М.Фірлея, які вёў палякаў. У цэнтры была пастаўленая пяхота, па флангах – конніца. Атакаваць ворага збіраліся досвіткам. Аднак уначы маскоўскія ваяводы зняліся і хутка павялі свае палкі ў бок Дуброўны і далей на паўднёвы ўсход.
Назаўтра Жыгімонт вырашыў не даганяць непрыяцеля, а ісці з усёй сілай на Смаленск, накіраваўшы толькі маленькі аддзел для засцярогі па правым беразе Дняпра. З Смаленска К. Астрожскі разам з М.Фірлеем рушылі на Севершчыну – вяртаць адабраныя землі. Але асаблівага поспеху гэтая выправа ня мела, бо гетманы не ладзілі між сабою і неўзабаве вярнулі войска назад у Смаленск.
Тым не меней краіна была абароненая. Васіль ІІІ згаджаўся на канструктыўную размову з пасламі ад Княства. Ужо 8 кастрычніка 1508 года з'явілася новае мірнае пагадненне паміж Масквой і Вільняй.
Тым часам Глінскі, які ўсё яшчэ заставаўся ў Мазыры, наклікаў на краіну крымскіх наезнікаў. Татарская конніца наляцела нечакана і дайшла да Палесся. Гаспадарачы на левым беразе Прыпяці, татары, відаць, мелі непасрэдныя кантакты з князем-здраднікам.
Жыгімонт накіраваў на Палессе К. Астрожскага. Узяўшы некалькі тысяч конніцы, той выйшаў з Смаленска, зрабіў вялікі марш і каля Слуцка адразу ж разбіў галоўныя сілы крымскіх наезнікаў, а пасля за некалькі дзён даканаў іх у драбнейшых сутычках. Гетман рухаўся на Мазыр і быў ужо за нейкіх сем вёрстаў ад горада, калі Міхал Глінскі, ня ведаючы пра небяспеку, ад'язджаў са сваякамі ў Маскоўшчыну…
Так нядаўні маскоўскі вязень за некалькі месяцаў барацьбы стаўся галоўным героем той вайны. Вялікі князь яшчэ 6 верасня ў Смаленску адзначыў яго вайсковыя заслугі асобнай граматай, у якой за «адданую і праўдзівую і знакамітую накладную службу», за тое, што ён жыцця свайго не шкадаваў у змаганні з кожным непрыяцелем, падараваў гетману вёску Паворка на Валыні. Астрожскі атрымаў тады і вотчыну здрадніка – Тураў з акругай – ды іншыя землі.
Перамога, што ратавала Княства
Астрожскі сярод паноў-рады. Справы свецкія і царкоўныя
Нарэшце князь Канстанцін мог адпачыць ад войнаў, заняцца ўласнымі справамі. Адладзіў гаспадарку ў сваіх уладаннях, падправіў муры ў Астрогу ды іншых замках. У 1509 годзе ажаніўся з Тацянай Гальшанскай – дачкой новагародскага ваяводы князя Сымона Гальшанскага і сястрой віленскага кашталяна князя Аляксандра Гальшанскага. А брат Таццяны стаў віленскім біскупам. Род, з якім праз шлюб парадніўся Астрожскі, быў адным з найбуйнейшых у Княстве, але тады ўжо аджываў свае зорныя часы. Князь Аляксандар Гальшанскі праз два гады памёр, і гетман найвышэйшы стаўся яшчэ і кашталянам віленскім, заняўшы шваграву пасаду.
Цяпер праваслаўны князь трывала ўваходзіў у кола ўрадавай эліты Вялікага Княства Літоўскага. Да яго віленскімі панамі, як, зрэшты, і гетманамі, былі магнаты каталіцкага веравызнання. Астрожскі ж не проста ўвайшоў у гаспадарскую раду, якая ажыццяўляла кіраванне дзяржавай, ён займаў першую лаву паноў-рады [15]15
Паны-рада – найвышэйшы орган дзяржаўнай улады Вялікага Княства Літоўскага.
[Закрыть]. І меў вялікі ўплыў на караля і вялікага князя Жыгімонта. Яшчэ ў 1508 годзе, пад час перамоваў з Масквою, ён угаварыў манарха надзяліць зямлёй тых беларускіх князёў, што страцілі яе па вайне, а таксама адстаяў права ўдзельнікаў рокашу [16]16
Рокаш – збройны супраціў дзяржаўнай уладзе.
[Закрыть]вярнуцца з Масквы дадому – у раўнавагу да права сваякоў і прыхільнікаў М. Глінскага спакойна выязджаць да Масквы. Сярод 200 чалавек, што пераехалі на службу да Канстанціна Іванавіча з Маскоўшчыны, быў і вядомы Астап Дашкевіч, кіеўскі баярын і крычаўскі намеснік, славуты змагар з татарамі, які ад 1501 да 1508 года служыў Маскве. Больш таго, у 1511 годзе Астрожскі змог – у абыход старой Казіміравай забароны рамантаваць і будаваць каменныя праваслаўныя храмы – атрымаць дазвол на адбудову Прачысценскай саборнай царквы ў Вільні. А для праваслаўнага насельніцтва Вялікага Княства гэтая святыня была другой па велічы пасля кіеўскага Пячорскага манастыра. Менавіта ў ёй пахавалі і княгіню Алену Іванаўну ў студзені 1513 года.
Вільня ў тым часе, як і ўся дзяржава, была яшчэ местам пераважна традыцыйнай, старабеларускай культуры. Калі ў 1498 годзе ўрачыста закладаліся першыя камяні мураванай сцяны, над сталіцай разносіўся гул званоў 14 праваслаўных храмаў і толькі 7 каталіцкіх {11} . Гэтаксама ў 1517 годзе імператарскі пасол Ж. Гэрбэрштайн, пабачыўшы Вільню, адзначыў, што «храмаў рускіх там значна больш, чым Рымскага веравызнання». Пры Жыгімонце Казіміравічу грэцкая (праваслаўная) царква ўжо вальней адчувала сябе ў Княстве. Нездарма амаль праз стагоддзе нехта Іван Мялешка скажа пра гэтага манарха: «Салодкая памяць яго, бо Немцаў як сабак не любіў і Ляхаў з іх хітрыкамі вельмі не любіў, але нашу Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў…» Ужо ў 1507 ці 1508 годзе нейкі Хведзька Янушкевіч заклаў у Вільні храм Нараджэння Багародзіцы. Затым у Тураве ўфундаваў царкву Канстанцін Астрожскі. Мітрапаліт Язэп Солтан у 1509 годзе правёў у сталіцы сабор праваслаўнай царквы, а ў 1511 атрымаў ад Жыгімонта грамату, якая гарантавала незалежнасць грэцкага духавенства ад свецкай улады ў кіраванні і судаводстве. Усё гэта рабілася дзякуючы актыўнасці і патрыятызму ўплывовага Канстанціна Іванавіча, якога яшчэ мітрапаліт Макар называў «наймагутнейшым апекуном і дабрадзеем» грэцкае царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Ды нядоўга давялося К. Астрожскаму цешыцца спакоем, займацца свецкімі і царкоўнымі справамі. Усё гэта рабілася другасным перад патрэбамі абароны краіны.
Уварванні татараў
Першымі мір парушылі татары. Яшчэ ў 1509 годзе яны ўварваліся на Галіччыну, і К. Астрожскі мусіў разам з каронным гетманам М. Камянецкім праводзіць акцыі супраць наезнікаў. А ў 1510 годзе татары з'явіліся зноў, ды з яшчэ большай сілай. Гэтым разам яны наляцелі на землі Беларусі. Асобныя загоны сягалі ажно ваколіцаў Вільні. Іх лятучая конніца пустошыла землі Княства і на наступнае лета. Выганялі татараў самастойна, пабіўшы каля Кіева, Оўруча, Брацлава…
Асабліва трывожны быў 1512 год. Наладзіўшы зноў сяброўскія дачыненні з вялікім князем маскоўскім, Менглі-Гірэй не без інспірацыі апошняга (а Масква рыхтавала вайну за Смаленск) выслаў на Валынь 25-тысячную арду на чале з трыма мурзамі [17]17
Мурза (ад перс. мірза)– тытул князя ў Крымскім ханстве ды іншых татарскіх дзяржавах, якія ўтварыліся па распадзе Залатой Арды.
[Закрыть].
Вялікі князь быў тады ў Кракаве, рыхтаваўся да шлюбу. Пачуўшы пра ўварванне татараў, ён накіраваў на іх кароннага гетмана М. Камянецкага з сваімі надворнымі харугвамі, войска падольскіх старастаў і, натуральна ж, гетмана найвышэйшага літоўскага з наяўнымі сіламі Княства. Роля галоўнага начальніка адводзілася К. Астрожскаму. Зважаючы на вялікую небяспеку, вальны сойм, які засядаў у Берасці, вырашыў надзяліць Канстанціна Іванавіча надзвычайнай уладай. У спецыяльнай «Ваеннай уставе» Жыгімонт, выпраўляючы Астрожскага на абарону Вялікага Княства Літоўскага, даў яму правы дыктатара: пакуль войска знаходзіцца ў полі, усе (князі, ваяводы, старасты, шляхта, зямяне ды іншыя) павінны слухацца гетмана, а за непаслушэнства Астрожскі вольны кожнага караць «горлам і вязеннем» {12} .
Перамога пад Вішняўцом
Злучыўшы змабілізаваныя войскі (а разам выйшла блізу 5 тысяч конніцы), Канстанцін Астрожскі павёў іх на татарскі лагер, выяўлены недалёка ад Вішняўца. Татары ведалі пра небяспеку і рыхтаваліся напасці першымі. Бітва адбылася 28 красавіка. Як толькі Астрожскі паставіў войска ў баявым парадку – на левым крыле пакінуў палякаў з іх гетманам, а на правым, бліжэй да татарскага лагера, размясціў сваіх, – татары наляцелі на яго з пранізлівым гіканнем і крыкам. Рассейваючыся ды адступаючы, яны спрабавалі завабіць рыцарскую конніцу ў поле, навязаць ёй сваю тактыку, пры якой менавіта іх флангавыя і тылавыя атакі звычайна вызначалі зыход бою.
Вершнікі Астрожскага мужна вытрымалі гэты націск, не ўцягваючыся ў бітву надта шырокім фронтам. Татары мусілі весці цяжкую барацьбу з іхнымі шчыльнымі шэрагамі. Тым часам польская конніца ўсё яшчэ не ўступала ў бой, і гетман Астрожскі звярнуўся да М. Камянецкага, каб і палякі атакавалі. Удар польскіх харугваў у фланг і франтальная атака войска Вялікага Княства, праведзеныя адначасова, скончыліся поўным разгромам 25-тысячнай татарскай арды. У захопленым лагеры пераможцы ўбачылі 16 тысяч вязняў, 10 тысяч коней, нарабаваныя багацці. А на полі бітвы і ў Гарыні, праз якую ўцякалі рэшткі разбітых загонаў, засталося каля 5 тысяч трупаў наезнікаў. Пасля гэтага тры гады крымскія татары не чапалі Вялікага Княства Літоўскага.
Таемны ліст Васіля ІІІ. Тры смаленскія кампаніі
Прыкладна тады ж была перахопленая перапіска маскоўскага манарха Васіля ІІІ з нямецкім Ордэнам, з якой стала вядома, што тыя даўно рыхтуюцца да вайны з Княствам. Выкрыты Васіль ІІІ увосень 1512 года накіраваў да Жыгімонта свайго пасла з «разметными грамотами», у якіх і абвяшчаў вайну. Мэтаю агрэсіі было авалодаць Смаленскам. Ужо 14 кастрычніка з усходу на Смаленск рушылі палкі І.Рэпніна-Абаленскага ды І.Чэлядніна, а з Вялікіх Лукаў павялі войска В. Адоеўскі з С. Курбскім. Яны мусілі толькі спаліць пасады Смаленска і, злучыўшыся, ісці на Воршу, Друцак. А 19 лістапада з Масквы на захад выйшлі галоўныя сілы на чале з Васілём ІІІ ды ваяводамі Д. Шчэнем, А. Растоўскім, І.Варатынскім ды іншымі. Шэсць тыдняў яны трымалі горад у аблозе, абстрэльвалі яго з гарматаў, штурмавалі, а раць І.Рэпніна тым часам пустошыла землі ажно да Менска і Віцебска. Так і не ўварваўшыся ў Смаленск, але страціўшы нямала жывой сілы (толькі за адзін штурм у студзені 1513 года загінула блізу 2 тысяч маскоўскіх ратнікаў), Васіль ІІІ адвёў свае войскі назад.
Але налета пачалася новая кампанія. Хаўруснік Масквы Максімільян І прыслаў для паходу «аддзел пяхоты, гарматы і некалькі італьянцаў, дасведчаных у аблозе замкаў», а М. Глінскі наняў у Сілезіі і Чэхіі райтараў. Ужо ў чэрвені на Смаленск рушылі войскі з Вялікіх Лукаў і Дарагабужа. Хоць смаленскі намеснік і разбіў раць І.Рэпніна, ваяводы зноў моцна заціснулі горад аблогай. А ў верасні сюды падышоў з дадатковымі сіламі і сам Васіль ІІІ ды полк В. Шуйскага, які вярнуўся з спусташальнага рэйду па Полаччыне. Разам пад Смаленскам зграмадзілася каля 80 тысяч войска, якое мела да дзвюх тысяч пішчаляў. Абстрэл і штурмы шкодзілі фартэцы, аднак абаронцы цёмначы аднаўлялі разбураныя ўмацаванні ды мужна адбіваліся. Пад Воршай жа Канстанцін Астрожскі з невялікай вайсковай сілай разбіў дапаможны корпус маскоўскіх ратнікаў, які рухаўся на Смаленск. І ў лістападзе Васіль ІІІ мусіў чарговы раз зняць безвыніковую аблогу, адклікаўшы таксама палкі М. Глінскага з-пад Віцебска і Полацка, якія захапілі «палону безліч, а горада не ўзялі ніводнага». А ўжо ў лютым 1514 года ў Маскве было прынятае рашэнне пра трэці смаленскі паход.
Адчуваючы, што ўсё толькі пачынаецца, гетман Астрожскі напісаў у лісце за 8 красавіка 1514 года: «Зразумела, што няма на гэтым свеце анічога больш пэўнага, чымся смерць; калі са мною з дапушчэння Спадара Бога здарыцца якая прыгода на службах гаспадарскіх альбо давядзецца сысці з гэтага свету, запісваю жонцы маёй княгіні Тацяне Сымонаўне вена 1000 коп грошай літоўскай манеты, на замку маім Тураве, і на ўсіх дварах, і на ўсіх сёлах… Будзе жонка мая княгіня Тацяна па маёй смерці на ўдовіным стальцы сядзець, дзеці нашыя ня могуць яе з таго маёнтку Турава рушыць да ейнай смерці…» {13}
Узімку да вялікага князя маскоўскага прыехаў спецыяльны пасол ад Святой Рымскай імперыі [18]18
«Святая Рымская імперыя нямецкай нацыі» – буйная эўрапейская дзяржава, у якую ўваходзілі землі сучаснай Нямеччыны, Аўстрыі, часткі Італіі, Францыі, Польшчы. Кіравалі ёй з XV стагоддзя імператары з дынастыі Габсбургаў. Сталіцай была Вена.
[Закрыть]. Стараннямі імператара Максімільяна ды Васіля ІІІ была ўтвораная ваенная кааліцыя эўрапейскіх дзяржаваў супраць Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Апрача Маскоўшчыны ды імперыі яе мелі скласці Данія, Брандэнбург, Саксонія, Валахія і Тэўтонскі ордэн. У Маскве хаўруснікі абмеркавалі нават праект падзелу Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага: пасля перамогі Максімільян прызнаваў права Масквы на беларускія ды ўкраінскія землі, а Васіль ІІІ – права імперыі на польскую тэрыторыю {14} .
Належна падрыхтаваныя войскі выйшлі на Смаленск пад лета. З Дарагабужа іх вялі вопытныя Д. Шчэня і М. Глінскі, а з Вялікіх Лукаў – І.Марозаў і В. Шуйскі. Апошніх Васіль ІІІ накіроўваў пасля пад Воршу, на Друцкія палі, каб блакаваць магчымую дапамогу Смаленску, а сам у ліпені 1514 года прывёў туды галоўныя сілы. Ізноў сабралася 80-тысячнае войска. Пачаўся няспынны абстрэл горада з 300 гарматаў. «…Ад гарматнага і пішчальнага груку і людскога крычання і ляманту, таксама і ад гарадскіх людзей супраціўнага бою гармат і пішчаляў зямля дрыжэла, і адзін другога не бачыў, не чуў, і ўвесь горад у полымі і куродыме ледзь не ўздымаўся», – адзначаў аўтар аднаго з маскоўскіх летапісаў.
Абаронцы папрасілі спыніць абстрэл і згадзіліся на перамовы. З маскоўскага боку іх вёў М. Глінскі, які хацеў любым коштам угаварыць смалянаў капітуляваць, бо Васіль ІІІ абяцаў аддаць гэты горад яму. І Глінскі зрабіў сваю справу. 31 ліпеня Смаленск на льготных умовах капітуляваў. Намеснік Юры Салагуб загадаў адчыніць галоўную браму… Яму і ягоным блізкім дазволілі выйсці з горада, а з залогі – каго паланілі і завезлі ў Маскву (камандныя чыны), каго за добрую плату ўзялі служыць сабе. Пэўна, іх меў на ўвазе імператарскі пасол, калі пісаў, што праз колькі гадоў бачыў у Маскве тысячы паўтары пяхоты з «ліцьвіноў і ўсялякай набрыдзі» {15} . А ўсіх жыхароў горада прывялі да прысягі на вернасць маскоўскаму ўладару.
Пасля капітуляцыі Смаленска маскоўскія ваяводы імкліва рухаліся ўглыбкі Беларусі. Васіль ІІІ спяшаўся скарыстаць грандыёзны поспех і захапіць як мага болей тэрыторыі да таго часу, як супраціўнік апамятаецца ды арганізуе абарону. Сапраўды, за Смаленскам здаліся Амсціслаў, Крычаў, Дуброўна…
Войска Вялікага Княства было ўжо на маршы. Жыгімонт сабраў ці не ўсіх, каго мог: блізу 15 тысяч конніцы паспалітага рушання, 14 тысяч найманых коннікаў з Польшчы ды 3 тысячы такой жа пяхоты. Да гэтага корпуса далучыліся таксама паасобныя ахвочыя паны з Вяліка– і Малапольшчы. У Менску быў праведзены генеральны агляд сілаў, і войска шпарка рушыла на Барысаў. Далей можна было сутыкнуцца з ворагам, таму сенатары ўгаварылі Жыгімонта застацца ў Барысаве. Гаспадар пакінуў пры сабе толькі 4 тысячы вершнікаў, астатніх павёў наперад Астрожскі.
Ужо 28 жніўня яго перадавыя роты некалькі разоў сутыкаліся з маскоўскімі аддзеламі. На Бярэзіне і Бабры яны лёгка пабілі супраціўніка і набралі «языкоў». Ваявода Іван Чэляднін вырашыў не распыляцца і знішчыць усе войскі Княства ў генеральнай бітве. Ён адышоў на ўсход у пошуках зручнага месца і сабраў свае палкі за Дняпром на беразе Крапіўны, што паміж Воршаю і Дуброўнаю. Тут зграмадзілася ўся сіла маскоўскага войска – каля 80 тысяч памеснай конніцы на чале з галоўнымі ваяводамі І.Чэлядніным і М. Булгакавым-Голіцам. Пастаўленыя ў традыцыйным баявым парадку, яны ўтваралі фронт шырынёю некалькі вёрстаў.
На берагах Дняпра і Крапіўны
Гетман Астрожскі падышоў да Дняпра ўначы з 7 на 8 верасня і адразу пачаў перапраўляць войскі цераз раку. Для гэтага былі змайстраваныя пантонныя масты са звязаных, добра заканапачаных бочак. У іншых месцах скарысталі змацаваныя ланцугамі і вяроўкамі бёрны, накідалі гаці. Частка конніцы змагла перайсці Дняпро па бродзе ў вузкім месцы, недалёка ад Воршы.
Калі на левы бераг Дняпра пераправілася каля паловы войскаў К. Астрожскага, ваяводу І.Чэлядніну паведамілі пра гэта і прапанавалі скарыстаць момант: ударыць па гэтай частцы і знішчыць яе. Але той самаўпэўнена адказаў: «Калі мы разаб'ём гэтую частку войска, дык застанецца яшчэ другая, з якой, відаць, змогуць злучыцца іншыя войскі, так што нам будзе яшчэ пагражаць вялікая небяспека. Пачакаем, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што, несумнеўна, мы без асаблівых намаганняў зможам ці разбіць гэтае войска, ці атачыць яго ды гнаць, як быдла, да самай Масквы. Урэшце нам не застанецца анічога другога, як заняць усю Літву».
На досвітку 8 верасня ўся конніца, пяхота і артылерыя Астрожскага былі ўжо перад маскоўскімі палкамі. Гетман паспеў расставіць іх у патрэбным баявым парадку: на правым фланзе – харугвы конніцы Вялікага Княства пад камандаю князя Ю. Радзівіла, на левым – найманая польская конніца на чале з В. Сампалінскім і Я. Свярчоўскім, а паміж імі – роты пяхотнікаў з ручніцамі. Уся конніца размеркавалася на дзве лініі. Пад прыкрыццё пяхоты была пастаўленая частка гарматаў, астатнія пакінутыя ў засадзе, бліжэй да правага крыла.
Грымнулі бубны, затрубілі баявыя сурмы, і маскоўская конніца першай кінулася ў атаку. Войскі Астрожскага без цяжкасцяў адбілі яе. У бехцеры, без шышака, гетман гарцаваў наперадзе сваіх вершнікаў на даўганогім дрыкганце [19]19
Дрыкгант (у старой беларускай мове «кг» вымаўлялася як «g» лацінскае)– жарабец.
[Закрыть], насіўся, аддаючы кароткія загады, паміж харугвамі. Быццам выпрабоўваючы ворага, ён кінуў на маскоўскія палкі польскую кавалерыю з левага крыла. Чэляднін стрымаў іх націск ды зноў ударыў сваёй конніцай. Гэтак да самага поўдня супраціўнікі асцярожна абменьваліся франтальнымі атакамі, не ўводзячы ў бой галоўныя сілы. Затым маскоўскія ваяводы паспрабавалі паслаць полк у тыл Астрожскаму і адначасова націснуць на фланг, аднак Канстанцін Іванавіч разгадаў гэты небяспечны ход і абедзве атакі ворага сышлі намарна. Тады бітва дасягнула апагею.
Ускінуўшы булаву, гетман рашуча павёў у атаку ўсю конніцу Вялікага Княства. Хвіліны – і яна злёту цяжка ўрэзалася ў густыя шыхты маскоўскіх ратнікаў. Пачалася лютая сеча. Астрожскі ізноў быў наперадзе, заклікаючы да мужнасці сваіх вершнікаў. Раптам – замяшанне ў яго харугвах, незразумелыя крыкі… Націск адразу аслабнуў, а яшчэ праз які момант сам гетман… вяртаў войска назад. Рэха панесла радасны, пераможны крык тысяч маскоўскіх коннікаў – «Літва ўцякае!» Вялізнымі сіламі памкнуліся яны за харугвамі Астрожскага.
Калі пагоня на ўсёй хуткасці падляцела да лесу, гетман ускінуў булаву, за ім палкоўнікі ўзнялі свае буздыганы [20]20
Буздыган – шастапёр, ударная дрэўкавая зброя, якая сімвалізавала вайсковую ўладу – чын ротмістра і палкоўніка.
[Закрыть], і «ўцекачы» як па камандзе крута павярнулі ў бакі, а маскоўская конніца апынулася – о жах! – перад чорнымі пашчамі гарматаў… Трапныя залпы ва ўпор касілі ашаломленых ратнікаў, і тыя панічна кінуліся ўцякаць. Цяпер ужо харугвы Астрожскага, развярнуўшыся, спяшаліся наўздагон рассеянаму ворагу. Гэта быў поўны разгром усёй маскоўскай арміі.
Пераслед яе даведзеных да жаху рэшткаў – а іх гналі на працягу 5 міляў – стаўся падобны да бойні, якую спыніла ноч ды густыя пушчы, што ратавалі ўцекачоў ад імклівых вершнікаў Астрожскага. Але й там шмат хто знайшоў свой канец, загінуўшы ў балоце, заблукаўшы ў бяскрайнім лесе. Іншыя патанулі ў Дняпры ды Крапіўне, калі ў паніцы спрабавалі пераправіцца. Трупамі маскоўскіх ратнікаў былі ўсцяж засланыя палі паміж Воршай і Дуброўнай. Летапісцы лічылі, што пад Воршаю іх загінула ад 30 да 40 тысяч. Шмат хто трапіў у палон, у тым ліку ўсе вышэйшыя камандзіры: Булгакаў-Голіца, Чэляднін, якога дагналі, 8 іншых ваяводаў – разам 48 военачальнікаў, а таксама 1500 дваранаў.
Васіль ІІІ уцёк са Смаленска, калі пачуў пра такі вынік генеральнай бітвы, умацаваўшы перад тым смаленскі гарнізон ды павесіўшы на валах тых, хто быў гатовы здаць горад Астрожскаму (смаленскія князі, паны і ўладыка паспелі паведаміць гетману, што хочуць вярнуць Смаленск у Вялікае Княства Літоўскае). А Дарагабуж па дарозе на Маскву наагул загадаў спаліць – каб не скарыстаў непрыяцель.
Раніцай 9 верасня гетман Астрожскі правёў агляд палонных. 380 сама радавітых накіраваў да Жыгімонта ў Барысаў, менш заможных разаслаў па замках [21]21
Вялікі князь маскоўскі даў зразумець, што для яго «той, хто трапіў у палон, – не жыве», ды быццам забыўся пра сваіх падданых. Паводле перапісу палонных 1525 і 1538 гадоў, «вязні вялікае бітвы» ўсё яшчэ сядзелі ў Берасці, Горадні, Драгічыне, Камянцы, Мсцібогаве, Новагародку, Слоніме, Коўні, Троках, Вільні і г.д. Трымалі іх у неблагіх умовах. Прыкладам, у Берасці на 15 вязняў кожны тыдзень апрача ўсяго давалі «па два бараны, і па два боханы на чалавека хлеба, і па 10 галаважэнь солі, і па бочцы піва».
[Закрыть]. Затым з 6-тысячным корпусам ды часткаю лёгкай артылерыі (усё браць не выпадала, бо восеньскія дажджы ўжо папсавалі дарогі) рушыў на Смаленск. Але дзеля прамаруджвання, недастатковай колькасці войска і асабліва гарматаў вярнуць горад адразу не ўдалося. Аблога ж зацягнулася і была малаэфектыўная. Таму, калі наблізіліся зімовыя халады, К. Астрожскі вырашыў вяртацца, так і не авалодаўшы стратэгічнай фартэцыяй. Ужо 3 снежня 1514 года ён трыумфальна ўязджаў у сталіцу праз Вострую Браму, як рымскі консул пасля вялікай перамогі, на чале сваіх пераможных харугваў, з багатаю здабычай і шматлікім палонам.
Значэнне велікапышнай перамогі, здабытай на Крапіўне, наўрад можна было ацаніць адразу. У крытычны момант быў абаронены суверэнітэт дзяржавы, больш-менш стабілізавана становішча на ўсходзе краіны. На які час пацішэлі і крымскія наезнікі. А маральна стомленыя ад няўдач ваяры Княства нарэшце акрыліліся.
К. Астрожскі дамогся рэваншу за паразу на Вядрошы, звёў даўнія рахункі з Масквою. Ці здагадваўся гетман, што ягоная перамога стане адной з сама значных ваенных падзеяў у гісторыі шматвяковага супрацьстаяння Масквы і Вільні? Што яе будуць памятаць пакаленні. Што ў 1561 годзе, напярэдадні Полацкай вайны, Жыгімонт Аўгуст напіша Івану Жахліваму: «Калі хочаш бітвы, дык ідзі са сваім войскам да Воршы, дзе Канстанцін Астрожскі даў вам сябе ведаць» {16} . І ў 1564 годзе, калі ўдалося без асаблівых намаганняў адагнаць маскоўскія войскі ад Дуброўны, летапісец адзначыць, што «такой вялікай здабычы і пры вялікай бітве Аршанскай ня ўзята» {17} .
У той далёкай мінуўшчыне была складзеная песня, прысвечаная бітве пад Воршай {18} . Народны твор услаўляў князя Астрожскага і горад, пад якім ён здабыў вялікую перамогу:
Ой у нядзельку параненька
Узышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Селецкім таборам,
А ў таборы трубы йграюць,
Да ваяцкае нарады зазываюць,
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршу здабываці:
А ці з поля, а ці з лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
Ані з поля, ані з лесу,
Толькі з рэчкі невялічкі.
А ў нядзелю параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы
Каля рэчкі на прыгорцы.
Гучаць разам з самапалаў,
З сяміпалых ад запалаў.
Б'юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці,
А як з Воршы ўцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як наша слава тутака прапала.
Бадай высыхала да сканчэння свету,
Што нашай славанькі ўжо нету».
Слава Воршы ўжо ня горша.
Слаўся, пан Астроскі!
Тагачасны летапіс захаваў для нас словы ўзнёслай хвалы гетману і яго слаўнаму войску. Князь Канстанцін Іванавіч, які разграміў страшную непрыяцельскую сілу, «цэрквы Божыя хрысціянскія і шмат мужоў і жонак іхных ад гвалту абараніў», мужнасцю параўноўваўся з вялікім царом індыйскім Порам, армянскім царом Тыгранісам, македонскім Антыохам, а воі ягоныя – «вялікія выдатныя віцязі літоўскія сталі падобныя сваёй мужнасцю храбрым македанянам».
Летапісец прыгадаў словы прарока Ісаі: «За памнажэнне зла людзей і многія іх няпраўды праліецца кроў іх, як вада вялікая, харобрыя і гордыя ад мечаў загінуць, адзін ратны праўдзівы погоніць непраўдзівых 100, а ад ста загіне 1000 і плоць іх будзе на ежу жывёлам і птушкам, і косці іх на пазор усякай жывёле». Ды адзначыў, што на Крапіўне гэтае прароцтва і спраўдзілася: «Цяпер тым прароцтвам узнагародзіў Бог князя Канстанціна Іванавіча, найвышшага гетмана літоўскага, што яго справаю і яго смелага сэрца і рукі сягненнем людзі маскоўскага ворага пабілі і тых забітых плоці звяры і птушкі ядуць, па зямлі косці валочачы, а ўтопленых водамі рыбы клююць» {19} .
Падкрэсліўшы, што за здабытую перамогу Астрожскі варты таго, каб валодаць Ерусалімам, летапісец сканчаў аптымістычнымі зычэннямі: «Вялікаслаўнаму гаспадару каралю Жыгімонту Казіміравічу будзе гонар і слава на векі, перамогшаму недруга свайго вялікага князя Васіля маскоўскага, а гетману яго, выдатнаму князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, дай Божа здароўе і шчасце наперад лепшае, як цяпер; пабіў сілу вялікую маскоўскую, каб так пабіваў моцную раць татарскую, праліваючы кроў іх бусурманскую».
Праз некалькі гадоў пасля славутае бітвы была створаная вядомая карціна, на якой мастак маляўніча перадаў момант перад пачаткам бою. На палатне паказаны войскі Канстанціна Астрожскага ў часе завяршэння пераправы, а ўдалечыні – маскоўскія палкі. У цэнтры карціны змешчаны, праўдападобна, сам гетман найвышэйшы. На дзідах вершнікаў можна заўважыць трохкутныя штандары белага колеру з адной чырвонай палосай удоўж і другой, каля самага дрэўка, упоперак – гэта ці не сама раннія выявы сцяжкоў з беларускімі нацыянальнымі колерамі. Цяпер карціна захоўваецца ў Музеі Нарадовым у Варшаве {20} .
Тая акалічнасць, што пераможцам быў князь грэцкае веры, дазволіла ўмацаваць свае пазіцыі ўсяму праваслаўнаму насельніцтву краіны. Скарыстаў з гэтага перадусім сам К. Астрожскі. Яшчэ на Крапіўне перад бітвай ён прасіў, звяртаючыся ў малітве да Божае Маці, дараваць яму перамогу і абяцаў за гэта збудаваць два праваслаўныя храмы. І 30 лістапада 1514 года, калі гетман найвышэйшы быў яшчэ ў дарозе да Вільні, Жыгімонт выдаў асобную грамату на яго імя, у якой пісаў: «…Паколькі мы навучаныя Святым Законам і Евангеллем даваць абяцанні Богу і выконваць іх…мы ласкава дазволілі пабудаваць цэрквы: Святой Тройцы – на ўзгорку, праз які ідуць да брамы, што па дарозе ў Меднікі, дзе была старая царква з манастыром пад гэтакім жа назовам Святой Тройцы, пабудаваная з дрэва, і Святога Мікалая, якога называюць Вялікім, пасярод места нашага Вільні, – пабудаваць абедзве з каменю». Асабліва значным было аднаўленне Траецкага храма і манастыра – адной з тых святыняў, якія мелі найбольшую пашану праваслаўных вернікаў краіны. Нездарма апякун гэтага манастыра адначасова быў і віленскім намеснікам мітрапаліта [22]22
Па хадайніцтве князя К.І.Астрожскага ў 1524 годзе Траецкі манастыр быў перададзены ў кіраванне архімандрыту Лаўрышаўскаму.
[Закрыть]. Мусіць, у тым жа часе стараннямі князя Астрожскага перабудаваная і Пакроўская царква ў Вільні.
Што да міжнароднага значэння перамогі на Крапіўне, дык і яно мела тады асаблівую важнасць для краіны. Эўропа моцна ўразілася, калі пачула пра поўны разгром вялізнага войска маскавітаў. Жыгімонт пісаў пра перамогу рымскаму папу Леву Х і містру [23]23
Містр (ад лац. magister – начальнік, настаўнік)– так нашы продкі называлі ўладароў нямецкіх ордэнаў.
[Закрыть]Ордэна Альбрэхту. Першаму з іх, а таксама вугорскаму каралю ён нават паслаў у падарунак частку вяльможных вязняў, якіх, праўда, пераняў імператар і вярнуў Маскве. Сам рымскі папа святкаваў тады перамогу Жыгімонтавага гетмана над маскавітамі. А папскі легат Пізон адклаў запланаванае падарожжа ў Маскоўшчыну. Максімільян жа адмовіўся падпісваць ваенны дагавор 1514 года з Масквой і наагул не пажадаў браць на сябе аніякіх ваенных абавязкаў. Так разваліўся небяспечны альянс супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, мэты якога ставілі пад пагрозу самое існаванне гэтых дзяржаваў.