355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Геннадий Саганович » Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі » Текст книги (страница 2)
Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 18:14

Текст книги "Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі"


Автор книги: Геннадий Саганович


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц)

Пачатак новай вайны

У сталіцы яшчэ паспеў з'явіцца ганец з Вільні, які паведаміў пра хваробу княгіні Алены. Потым Аляксандар накіраваў да Івана ІІІ пасла з пратэстам, што той бярэ на службу падданых Вялікага Княства Літоўскага. Іван ІІІ адхіліў пратэст. З Масквы да Вільні выехаў упаўнаважаны, які мусіў афіцыйна абвясціць скасаванне мірнага пагаднення. Але яшчэ раней на захад «воровским обычаем» рушылі маскоўскія войскі.

Ужо распачаўшы вайну, маскоўскі ўладар дыпламатычна апраўдваўся, наракаючы, што Аляксандар Казіміравіч жонку сваю, ягоную (Іванаву) дачку Алену, ды беларускіх праваслаўных князёў гвалтам цягне, каб перайшлі да рымскае веры. Мяккі Ягайлавіч, які патрабаваў «права іх хрысціянскага анічым не ўціскаць» (нават калі каталік пераходзіў у праваслаўе), абвінавачваўся ў жорсткім пераследзе праваслаўнай веры: «Колко велел поставляти божниц Римского закону в руских городах, в Полоцку и в иных местах, да жон от мужов и детей от отцов с животы отнимаючи, силою окрещают в Римский закон» [11]11
  Узапраўды грэцкая царква на той час не была такой безабароннай і не цярпела такога ўціску. Прыкладам, Казімір Ягайлавіч фундаваў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага тры каталіцкія храмы і ажно сем (!) праваслаўных.


[Закрыть]
. Выходзіла, быццам здзек з праваслаўных і выклікаў пераход на бок Масквы Сымона Бельскага ды іншых падданых Аляксандра. Маўляў, Бельскі, «не жадаючы быці адступнікам грэцкага закону і не жадаючы сваёй галавы страціць, да нас паехаў служыць і са сваёй вотчынай. Дык якая ж яго ў тым здрада?»

Аляксандар адказваў, што ў Вялікім Княстве Літоўскім шмат людзей грэцкае веры, ды лепшых, чым здраднік Бельскі, і сілаю іх аніколі ні ён, ні продкі ягоныя Ягайлавічы да каталіцтва не вялі. І вялікую княгіню Алену, вядома ж, зусім не прымушаюць мяняць веру. «…І здзіўляемся мы таму, што ты… ліхім тым людзям, каторыя ж запамятавалі гонар і душы свае і нагароду нашую, здрадзіўшы нас, гаспадара свайго, да цябе паўцякалі, больш, чымся нам, верыш…» – абурана пісаў ён маскоўскаму ўладару.

Што да распачатае вайны, дык вялікі князь Аляксандар нагадваў, як шмат разоў накіроўваў ён у Маскву сваіх паслоў, каб урэгуляваць канфлікты дыпламатычна, аднак Іван ІІІ выявіў «вялікую непрыязь» да Вялікага Княства Літоўскага. Людзі ягоныя пачалі чыніць «вялікія крыўды ў землях і ў водах, і ў тацьбах, і ў разбоях, і ў рабунках, і ў іншых многіх рэчах». Пераконваючы маскоўскага манарха не праліваць больш хрысціянскае крыві, Аляксандар адзначаў, што ён ані ў чым не мае віны перад Іванам ІІІ і ўся віна за кроў ляжа на таго, хто парушыў мірную дамову, хто здрадзіў сваёй клятве на крыжы.

Тым часам галоўнае маскоўскае войска пад кіраўніцтвам ваяводы Якава Захар'іна і казанскага царэвіча Махмет-Аміна ўжо займала Севершчыну, забірала Бранск, Ноўгарад-Северскі, Старадуб… Другое войска, на чале якога быў Юры Захар'ін-Кошкін, выйшла з Вязьмы і ў чэрвені здабыло Дарагабуж. Трохі пазней з Вялікіх Лукаў на Тарапец рушыла трэцяе войска…


Наезд Менглі-Гірэя

Татары, якія й раней ані году не давалі спакою паўднёвым землям Вялікага Княства, цяпер насядалі яшчэ актыўней. Менглі-Гірэй тады пісаў Івану ІІІ: «Ты можаш дастаць сабе Кіеў і гарадок Чаркаск, я з радасцю перасялюся на бераг Дняпра, нашы людзі будуць твае, а твае – нашы»; на што маскоўскі ўладар адказваў: «Старанна малю Бога аб вяртанні нам старадаўняй вотчыны, Кіева, і думка аб блізкім суседстве з табою, маім братам, вельмі для мяне прыемная» {6} .


Імклівы марш Астрожскага

У 1500 годзе татары пайшлі шырокім фронтам – напалі на Валынь, Малапольшчу, Берасцейскую зямлю: «У Літоўскай зямлі ваявалі Берасце і пасад спалілі, а з горада выкуп узялі, ды ваявалі Камянец-Літоўскі…» Тактыка ахопу вялікай тэрыторыі павінна была скаваць войска Княства і перашкодзіць хуткаму падыходу дапамогі з Польшчы. Галоўную ролю ў арганізацыі абароны краіны браў на сябе гетман найвышэйшы – Канстанцін Астрожскі. Паспешліва мабілізаваўшы ўсіх, каго было можна, ён сабраў 3500 вершнікаў {7} і ўжо ў траўні 1500 года выправіўся з Вільні на ўсход – «сцерагчы межы».

Маскоўскія ваяводы даведаліся пра рух корпуса Астрожскага, калі той ужо пакінуў Менск і кіраваўся на Смаленск. Яны папрасілі сабе падмогі. Іван ІІІ кінуў пад Дарагабуж войскі ад Старадуба і Цверы, а галоўным кіраўніком усяго злучэння прызначыў аднаго з найлепшых сваіх ваяводаў Данілу Шчэню.

Пераадолеўшы каля 350 вёрстаў, Астрожскі ўвайшоў у Смаленск ужо апошнімі днямі чэрвеня. Большыя сілы на чале з самім Аляксандрам, якія рухаліся следам, тады толькі падыходзілі да Менска. Нельга было губляць часу. Умацаваўшы корпус смаленцамі на чале з намеснікам Станіславам Кішкам, Астрожскі праз тыдзень пакінуў горад і накіраваўся проста на групоўку ваяводы Кошкіна, якая стаяла каля Вядрошы – невялікай рачулкі, што ўпадала ў Селню, прытоку Трасны, за колькі міляў на захад ад Дарагабужа. Ахоўваць Смаленск засталася зусім невялікая залога – гэтак верылася, што большай сілы і не спатрэбіцца, бо вораг будзе разбіты ці хоць стрыманы.


Чатыры супраць сарака

Злоўлены пад Ельняю «язык» паведаміў, што да Кошкіна паспелі падысці падмацаванні і цяпер злучаныя маскоўскія сілы маглі сягаць 40 тысяч. У Астрожскага ж налічвалася каля чатырох з паловай тысяч вершнікаў… Далей па дарозе весткі пра такую колькасць непрыяцельскага войска пацвердзіліся. Весці 4 на 40 тысяч – ці ж не самагубства? Але пасля нядоўгай нарады гетман цвёрда намерыўся: «Мала ці многа маскоўцаў будзе, ды толькі ўзяўшы Бога ў падмогу біцца з імі, а не біўшыся з імі назад не вяртацца» {8} .


Страшная параза

Каб з'явіцца перад ворагам нечакана і навязаць яму сваю тактыку бітвы, харугвы збочылі з дарогі ды пайшлі праз густы лес і балота. 14 ліпеня першыя з іх наблізіліся да Вядрошы. Маскоўскія палкі яшчэ стаялі на правым беразе, на шырокім Міцькавым полі, што каля вёскі Лапачына. «Было масквы 40000 конных, апроч пешых, а літвы чатыры з паловай тысячы». Угледзеўшы блізка ад сябе непрыяцеля, маскоўцы ажывіліся ды пачалі шукаць зручнага месца для пераправы. Іхны перадавы полк паспеў перайсці на левы бераг і распачаць там бой да падыходу асноўных сілаў Астрожскага. Конніца гетмана проста з паходных калонаў размяркоўвалася ў баявым парадку ды ўлучалася ў бітву. Без цяжкасцяў разбіўшы перадавы полк, яна сама пераправілася на правы бераг Вядрошы ды заатакавала галоўныя сілы ваяводы Шчэні {9} .

Пачалася сеча, якая доўжылася амаль цэлы дзень. «І сышліся абодва палкі ў бітве, і біліся да шасці гадзін абодва палкі…» Маскоўскія ваяводы сціскалі стомленае доўгім маршам, зусім малалікае войска Астрожскага ды накідалі яму сваю тактыку бою. Нарэшце ўдар іх засаднага палка, які абышоў пабаявішча лесам ды каршуном наляцеў збоку, канчаткова вырашыў зыход няроўнага міжбою. Рэшткі гетманавых людзей кінуліся ўцякаць, аднак мала хто ўратаваўся. Пераможцы разбурылі мост праз раку Трасну ў тыле зможаных ды бязлітасна секлі іх, тапталі, тапілі – «з-за трупаў конь не скакаў…»

Гэтак загінулі амаль усе, хто прыйшоў з Астрожскім да Вядрошы, – найлепшыя ваяры Вялікага Княства! Уцячы адтуль здолелі адно колькі сотняў з чатырма ротмістрамі ды Станіславам Кішкам. Новагародскі намеснік Іван Храптовіч, маршалак Рыгор Осцікавіч, Мікалай Глябовіч і шмат хто іншы трапілі ў палон. Сярод захопленых у няволю быў і паранены гетман Канстанцін Астрожскі.

Вестка пра страшную трагедыю на Вядрошы дайшла да Аляксандра, калі той з войскам ужо мінаў Барысаў. Вялікі князь быў ашаломлены, аднак не страціў рашучасці і паспяшаўся ўмацоўваць абарону Воршы ды Смаленска. Пасля рушыў да Полацка, бо і з поўначы дзяржаве пагражалі маскоўскія войскі – пскоўскія палкі князя А. Абаленскага.

Для ваяводаў Івана ІІІ перамога пад Дарагабужам далася гэтак дорага, што яны адразу пасля бітвы зноў папрасілі падмацавання. Прыйшлі два свежыя палкі. Тады ж з Масквы ў Крым да Гірэя паімчаліся ганцы з просьбаю Івана ІІІ яшчэ раз ударыць па Вялікім Княстве. Аднак час быў згублены. Эфект ад грандыёзнай перамогі не быў скарыстаны напоўніцу. Цяпер ваяводы мусілі мець справу з новымі сіламі, прыведзенымі Аляксандрам, з умацаванымі і гатовымі да адпору залогамі гарадоў. Пасля Вядрошы яны захапілі бадай толькі Пуціўль і Белае ды заняліся пусташэннем воласцяў. У сталіцы ж Маскоўскай дзяржавы трыумфавалі – «бысть тогды радость велия на Москве».

А Вялікае Княства Літоўскае аблятала змрочная навіна пра лёс корпуса Астрожскага. Ад 1435 года не вяло яно вялікіх войнаў, не практыкавалася ў бітвах і менш за ўсё чакала вось такога выніку канфрантацыі з Масквою. Фактычна Маскоўшчына ў 1500 годзе ўпершыню здабыла значную перамогу над Вялікім Княствам. Першую вялікую перамогу ў адкрытай палявой бітве, якіх раней маскоўскія ваяводы пазбягалі.


Апеляцыі вялікага князя Аляксандра

Разгублены Аляксандар у шматлікіх пасольскіх лістах спрабаваў апеляваць да хрысціянскае маралі і заклікаў свайго цесця апамятацца. Нагадваў, што той без аніякае прычыны парушыў «дакончанне і крыжовае цалаванне», што, «пра годнасць сваю забыўшыся і запісы парушыўшы», Іван ІІІ павёў на Вялікае Княства Літоўскае свае шматлікія войскі і «паганства многае», што ваяводы маскоўскія тут «шкоды вялікія ўчынілі, замкі знакамітыя паздабывалі, воласці папалілі і людзей пабралі… да Масквы завялі».

Хаўрусніку Маскоўшчыны Менглі-Гірэю Аляксандар пісаў пра падступнасць Івана ІІІ, спрабуючы нейтралізаваць паўднёвага суседа: «…калі ён нам, зяцю свайму, слова свайго, дамовы і прысягі не стрымаў, хіба ён будзе табе доўга стрымліваць? А што братам сваім родным парабіў таксама праз прысягу, і якою смерцю іх памарыў, і іншым суседзям сваім тое чыніць».

У граматах да заволжскага хана Шах-Ахмета і да сваіх братоў – караля польскага Яна Альбрэхта і караля вугорскага Ўладыслава – Аляксандар прасіў дапамогі ў вайне супраць «такога падступнага і непамятнага непрыяцеля», дакляраваў рашучасць «землі свае бараніці і за крыўды свае яму мсціці», аднак на справе быў схільны любым шляхам залагодзіць канфлікт, каб хутчэй пазбавіцца жахлівае вайны. Нават па гэтых граматах да манархаў заўважалася слабасць вялікага князя Аляксандра: просячы дапамогі ў вайне, ён адначасова прасіў паспрыяць яму ў замірэнні. Ён жадаў міру, міру з Іванам ІІІ, які захапіў усю Севершчыну, частку Смаленшчыны ды іншыя ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага!..

Трагедыя на Вядрошы сталася тым заломам, які пазначыў пачатак новых часоў у супрацьстаянні дзвюх найбуйнейшых дзяржаваў Усходняй Эўропы – часоў маскоўскай ініцыятывы.


Кайданы маскоўскай няволі

Зняволены гетман у Волагдзе

Узрадаваныя ваяводы добра разумелі, што за незвычайны вязень трапіўся ім пад Дарагабужам. У залітых волавам кайданах прывезлі Астрожскага ў Маскву, да Івана ІІІ, і трымалі там пад асабліва пільным наглядам. Маскоўскі двор не збіраўся ні на якіх умовах вяртаць яго Княству – ні праз абмен, ні праз выкуп. Ад гетмана дамагаліся аднаго: каб перайшоў на службу да Івана ІІІ.

Апошні раз закутага ў кайданы Канстанціна Астрожскага бачылі ў Маскве на пачатку 1501 года паслы братоў Аляксандра – караля польскага Яна Альбрэхта і караля вугорскага Ўладыслава, а таксама Станіслаў Нарбут, які быў у складзе пасольства ад Вялікага Княства Літоўскага. Гэта ён тады адважна гаварыў Івану ІІІ: «Ты пачаў лютую вайну і пусціў агонь у нашу зямлю, узяў у палон гетмана і паноў, высланых адзіна для абароны мяжы… Спыні праліваць кроў. Вялікія паслы літоўскія гатовы ехаць да цябе для мірных перамоваў».

Тое, што ў 1501 годзе Княства ўзнавіла вунію з Польшчай і наладзіла дыпламатычны хаўрус з нямецкім Ордэнам ды заволжскай Ардой, схіліла Івана ІІІ да пачатку перамоваў, хоць раней ён пра іх і слухаць не жадаў. Ягоныя ваяводы паспелі яшчэ ў 1502 годзе здабыць Воршу, выпалілі прадмесці Віцебска, ваколіцы Полацка і Амсціслава, забралі ў палон колькі тысяч жыхароў Беларусі – але вайна ўжо канчалася.

Каштоўны нявольнік Астрожскі быў адведзены як найдалей – у Волагду, а рэшту палонных з бітвы пад Дарагабужам размеркавалі па іншых замках. У дзікім, нялюдным краі пацягнуліся змрочныя дні няволі закутага ў жалеза гетмана. І не гэтак ад цяжару жыцця вязня, не ад здзекаў маскоўскай варты пакутаваў Астрожскі. Мройныя згадкі таго няшчаснага дня, абліччы забітых паручнікаў, ротмістраў, безліч пасечаных вершнікаў, якіх прывёў на смерць ён, найвышэйшы гетман, – вось што зноў і зноў уваскрасала ў памяці, мільгацела ўваччу, да болю сціскала сэрца…


Замірэнне і страты

На Вядрошы здарылася трагічна непапраўнае. Вязень валагодскага астрога цяпер глыбока ўсведамляў тую непапраўнасць. Скупыя весткі з далёкай Айчыны, што зрэдку даходзілі і да Волагды, маглі толькі пацвердзіць яго трывожныя прадчуванні. Так, для Вялікага Княства Літоўскага тая вайна была цалкам прайграная. Пагадненне аб шасцігадовым замірэнні, падпісанае 25 сакавіка 1503 года, азначала страту Княствам вялізных тэрыторый. Па праве мацнейшага Іван ІІІ абвясціў: «Тыя гарады і воласці рускія, каторыя забралі, наша вотчына…» Да Маскоўскай дзяржавы адышлі Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Любеч, Гомель, Старадуб, Мцэнск, Рыльск і г.д. – разам 19 гарадоў і 70 воласцяў, шмат вёсак і гарадзішчаў. Як адзначаў А. Гваньіні, «за адзін ваенны паход і за адзін год Масквіцін захапіў усё тое, што шмат гадоў і з вялікімі цяжкасцямі здабываў вялікі князь літоўскі Вітаўт».

Што да самога К. Астрожскага, дык Масква і пасля замірэння 1503 года не збіралася яго выдаваць. У Вільні гетманам найвышэйшым прызначылі ўжо трэцяга пасля яго князя – Станіслава Кішку. Раней, адразу пасля Вядрошы, гэтую пасаду атрымаў Сымон Гальшанскі, а ў 1501–1502 гадах яе меў Станіслаў Кязгайла.


Бітва пад Клецкам

На аслабленую вайною ды стратаю такіх тэрыторый дзяржаву зноў актыўней пачалі нападаць крымскія татары. Іван ІІІ патрабаваў ад Менглі-Гірэя пустошыць не толькі землі Ўкраіны, але і хадзіць «да Слуцка, і да Турава, і да Пінска, і да Менска». У 1503 годзе татары двойчы рабілі наезды на Беларусь, а трэці паход скіравалі на Падолле. У 1505 годзе 5 тысяч татарскіх коннікаў дайшлі да цэнтральнай Беларусі, паставілі кош [12]12
  Кош – татарскі вайсковы абоз пад час наезду, які з'яўляўся базай для дзеяння паасобных загонаў.


[Закрыть]
пад Менскам і беспакарана гаспадарылі па ўсім наваколлі…

Вялікае Княства Літоўскае ня мела належна арганізаванай рэгулярнай вайсковай сілы, якой баяліся б татары. Апошніх хіба больш за ўсё непакоіла з'яўленне ў Княстве хана разбітай Залатой Арды – Шах-Ахмета, патэнцыйнага канкурэнта Менглі-Гірэя.

Пасля таго як у лістападзе 1505 года памёр Іван ІІІ і яго замяніў старэйшы з сыноў Васіль ІІІ, былыя сяброўскія дачыненні Масквы з Крымам сапсаваліся, і Менглі-Гірэй паслаў у Вільню ганцоў, якія прапаноўвалі Аляксандру за смерць або выдачу хана антымаскоўскі хаўрус! Аляксандар пагадзіўся толькі з тым, што заволжскі хан Шах-Ахмет мусіць сядзець у няволі. Задаволены пасол паімчаўся ў Крым. Аднак ягоная затрымка выклікала новы наезд татараў.

Менглі-Гірэй накіраваў на Княства двух маладзейшых сыноў з ардою да 12–13 тысяч. Пераправіўшыся каля Лоева цераз Дняпро, тыя дайшлі да Слуцка, пасля да Клецка і адтуль рухаліся ў бок Новагародка ды Ліды. Магло дайсці да трагедыі, бо якраз тым часам у Ліду прыехаў з жонкаю, дваром і скарбам хворы кароль і вялікі князь Аляксандар. Даведаўшыся пра з'яўленне татараў гэтак блізка, той загадаў тэрмінова адвезці яго назад у Вільню. А збіраць войска і выбіваць татараў даручыў гетману найвышэйшаму Станіславу Кішку ды маршалку дворнаму Міхалу Глінскаму.

Кішка з Глінскім хутка сабралі 6 тысяч паспалітага рушання [13]13
  Паспалітае рушанне – шляхоцкае войска, якое склікалася пад час ваеннай небяспекі для дзяржавы паводле пастановы вялікага князя, паноў-рады, вальнага сойма.


[Закрыть]
і пайшлі на Клецак, дзе знаходзіўся галоўны кош татараў. Па дарозе захварэў гетман, і каманду над войскам пры поўнай згодзе старэйшых чыноў пераняў Міхал Глінскі.

Уранку 5 жніўня 1506 года конніца Глінскага падышла да Клецка і спынілася перад ракою Лань, на другім беразе якой стаялі ўжо падрыхтаваныя да бітвы татары. Збудаваўшы пад абстрэлам дзве гаці, той пераправіў свае войскі цераз раку ды імкліва заатакаваў татараў дзвюма калонамі. Ворагі не вытрымалі націску і кінуліся ўцякаць. Далёка яшчэ вершнікі Глінскага гналі пашматаныя рэшткі іх загонаў. Там, пад Клецкам, яны вызвалілі 40 тысяч жыхароў Беларусі, якіх татары вялі ў няволю.

Радасную вестку пра поўны разгром крымскіх наезнікаў яшчэ паспелі перадаць Аляксандру, які ўжо ляжаў на Божай пасцелі. Для Вялікага Княства Літоўскага гэта была, бадай, першая перамога такога масштабу над татарамі за колькі трывожных дзесяцігоддзяў. Пасля яе палітыка Крыма да паўночнага суседа пачала мяняцца. З зацятага ворага Княства Менглі-Гірэй неўзабаве нават зрабіўся часова ягоным хаўруснікам.


Ультыматум Аляксандра і чарговая вайна

Аднак ізноў нарастала напруга на ўсходзе. Сам Аляксандар яшчэ на пачатку 1506 года ўльтыматыўна прапанаваў новаму маскоўскаму манарху «вечны мір» пры абавязковым вяртанні Княству тэрыторый, страчаных тры гады назад. Той, безумоўна ж, адмовіўся. Тады ў Вільні сабраўся вальны сойм з тым, каб ухваліць збройную акцыю па вяртанні земляў, перадусім – Севершчыны. Пачалася падрыхтоўка да вайны. Разам з Вялікім Княствам Літоўскім антымаскоўскі хаўрус складалі Інфлянты і Крым. Да паходу на Севершчыну сабралася 14 тысяч паспалітага рушання на чале з С.Кішкам. Але Васіль ІІІ апярэдзіў хаўруснікаў ды сам ударыў па Княстве. Два шматтысячныя злучэнні – адно з Вялікіх Лукаў, другое з Дарагабужа – уварваліся на Беларусь і ўзяліся пустошыць землі аж да Бярэзіны. Так пачалася чарговая, трэцяя па ліку, вайна.

Новы кароль і вялікі князь Жыгімонт даведаўся пра гэта ў Кракаве. Ён загадаў Станіславу Глябовічу цвёрда абараняць Полацак, Альбрэхту Гаштаўту – Смаленск, а гетману Станіславу Кішку весці рушанне пад Менск. Калі ж сам манарх 18 траўня 1507 года з'явіўся ў Вільні для пачатку ваенных дзеянняў, маскоўскія войскі ўжо пакінулі межы Вялікага Княства Літоўскага.

Пад канец лета Кішка перайшоў з конніцай да Друцка. Яго паасобныя харугвы пачалі ваяваць маскоўскае памежжа, захапілі 4 невялікія гарады, але хутка вярнуліся. Гэтаксама татары, пасланыя ханам на Севершчыну, неўзабаве павярнулі ды паспяшаліся дамоў, бо Крыму пагражалі нагайцы.

Пад восень 1507 года на Амсціслаў, Магілеў і Воршу напалі ваяводы Я. Захар'ін і В. Холмскі, але сустрэлі там рашучы адпор залогаў. Калі ж да Падняпроўя пайшлі харугвы паспалітага рушання, непрыяцель хутка адступіў у межы сваёй дзяржавы. І ўсё ж становішча на ўсходніх межах было занадта трывожнае, каб распачынаць запланаваны паход на Севершчыну…


Астрожскі на маскоўскай службе

Усе гэтыя гады Канстанцін Астрожскі прагна лавіў кожную вестку пра Айчыну і пакутліва перажываў сваю нявольніцкую бяздзейнасць. Па смерці ж Івана ІІІ, калі яму чарговы раз прапанавалі адумацца і згадзіцца на прапанову вялікага князя маскоўскага, К. Астрожскі… не адмовіўся. Узрадаваны Васіль ІІІ загадаў як найхутчэй везці гетмана ў Маскву.

Ад зможанага вязня патрабавалі аднаго: падпісаць пісьмовую прысягу на вернасць Васілю ІІІ. А давалі яму за тое волю ў Маскоўшчыне, годнасць баярына, зямельныя ўладанні і галоўнае, дзеля чаго яго так доўга трымалі, – высокі вайсковы чын. Ён мусіў камандаваць асобнымі памежнымі сіламі, абараняць краіну ад татарскіх наездаў. Тэкст прысягі вымагаў рабскай пакоры і адданасці. «…Буду абавязаны служыць яму (Васілю ІІІ) і дзецям яго да смерці… Аніякага зла яму ці дзецям ягоным чыніць і нават думаць пра тое ня мушу… Калі ж супраць таго ўсяго ў нечым адступлюся… пакараць мяне вольны смерцю залежна ад маёй віны… і ня будзе мне літасці Божай ні ў гэты век, ні ў будучы», – чытаў Астрожскі. І паставіў 18 кастрычніка 1506 года свой подпіс пад гэтымі радкамі. А маскоўскі мітрапаліт пацвердзіў яго.

Праз колькі месяцаў паспяховай дзейнасці супраць татараў новы ваявода ўжо карыстаўся даверам у маскоўскага двара і мог самастойна адлучацца па справах.

Ці не гэтага чакаў ён усе шэсць змрочных гадоў?


Вяртанне абаронцы

У жніўні 1507 года Астрожскі выехаў на Севершчыну, каб нібыта пракантраляваць там пільнасць маскоўскіх залогаў. Адтуль, з татарскага памежжа, і пачаўся яго апошні кідок да волі. Далёка абыходзячы гарады, мінаючы людныя дарогі, ён безаглядна ўцякаў з краіны, якая драпежна абрынулася ды ўжо колькі гадоў паліла і нішчыла яго Айчыну. Ён уцякаў з краіны, якой не цярпеў, з якой мусіў і даўно прагнуў змагацца…

Пераапранутыя ў сялян, Астрожскі з ардынарцам супакоіліся, толькі ўбачыўшы старожу Вялікага Княства Літоўскага – вершнікаў у бліскучых шышаках, з адмысловымі тарчамі [14]14
  Тарча – лёгкі шчыт конніка пераважна трохкутнай формы.


[Закрыть]
, даўгімі дзідамі і лёгкімі кордамі. А 25 верасня яны былі ўжо ў роднай Вільні…

«Любоў да Айчыны і нянавісць да Расеі прымусілі яго асароміць сябе ганебнай справай: ашукаць манарха, мітрапаліта, парушыць клятву, статут годнасці і сумлення…» – сурова напіша М. М. Карамзін. Аднак Айчына, любоў да яе – хіба ж гэта не найвышэйшы статут годнасці ды сумлення?

Вяртанне Канстанціна Астрожскага стала значнай для Княства падзеяй. Жыгімонт адразу вярнуў яму Брацлаўскае стараства. У дадатак князь атрымаў пасады старасты луцкага і маршалка валынскага. Ды ці не сама важным было вяртанне чына гетмана найвышэйшага, які ўжо праз месяц Жыгімонт забраў у Станіслава Кішкі і перадаў яму. Трэба было бараніць краіну. Другі таленавіты ваяр Міхал Глінскі не браў ніякага ўдзелу ў ваенных падзеях таго году. Наадварот, якраз праз яго дзяржава неўзабаве зноў апынулася ў небяспецы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю