Текст книги "Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч"
Автор книги: Генадзь Каханоўскі
Соавторы: Аляксандар Каханоўскі
Жанры:
История
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 6 страниц)
Апошнія гады жыцця. Што ў нашай памяці
Паўстанне 1863–1864 гадоў закранула душу амаль кожнага беларускага інтэлігента, грамадскага дзеяча. Я. Тышкевіч прамога дачынення да гэтай гістарычнай падзеі не меў, ён толькі спачуваў яе ўдзельнікам. І толькі па гэтай прычыне мог апынуцца ў ліку рэпрэсіраваных. Ва ўсякім выпадку, калі Вільня апусцела ад удзельнікаў руху: хто загінуў, каго саслалі за Ўральскі хрыбет, хто эмігрыраваў – наш грамадскі дзеяч сам пакінуў гэты культурны цэнтр і пасяліўся ў глухім мястэчку Біржы, на поўначы Жамойці.
Спачатку Я. Тышкевіч адчуваў сябе адлучаным ад сяброў, калег, ад навукі. Толькі паступова да вопытнага вучонага зноў вярталася жаданне працаваць. Ён бярэцца за даследаванне Біржаў. Праўда, яго захаплення гэтым мястэчкам хапіла толькі на адну публікацыю. Напэўна, ён адчуў далёкасць гэтага матэрыялу ад тых, якія замалада былі яму бліжэйшыя. Усё ж Я. Тышкевіч натхніў сваяка Язэпа Тышкевіча на стварэнне ў Біржах хатняй калекцыі старажытнасцей і дапамагаў яму ў вызначэнні прадметаў археалогіі {43} . Некалькі пазней прыклад Я. Тышкевіча будзе скарыстаны ў новым Тышкевічавым музеі ў Паланзе [5]5
Там цяпер працуе шырокавядомы музей бурштыну.
[Закрыть].
У Біржах Я. Тышкевіч закончыў немалую работу над кнігай-альбомам пра свой лагойскі радавод, якую падрыхтаваў да друку. Адначасова ён імкнуўся наладзіць сувязь з навуковымі цэнтрамі Варшавы і Кракава. Вучоны пастаянна сачыў за навінкамі археалагічнай літаратуры. З улікам навейшых адкрыццяў і дасягненняў эўрапейскай навукі ён спрабуе пераасэнсаваць і дапоўніць раней напісанае. У 1872 годзе выйшла яго кніга «Археалогія на Літве». Гэтая кніжка была па сутнасці творчым завяршэннем той напружанай, амаль 40-гадовай працы даследчыка. Сімвалічна тое, што Я. Тышкевіч пачынаў свой творчы шлях з археалогіі і ёю завяршыў жыццёвы кругабег.
Не толькі ў археалогіі пераасэнсоўвае свае канцэпцыі вопытны даследчык. Напрыклад, працу «Узоры хатняга сумеснага жыцця ў Літве», якая выйшла раней (1844), ён цяпер перапісвае і ў Варшаве яна выходзіць ужо ў новым варыянце. У ёй аўтар выкладае свае погляды на культуру шляхты ранейшых стагоддзяў, што жыла на тэрыторыі гістарычнай Літвы. Яўстах Тышкевіч не забыўся расказаць і пра духоўнае жыццё гэтага слоя грамадства. Ілюструе яго трапнымі беларускімі прыказкамі, прымаўкамі, а таксама змястоўнымі легендамі і паданнямі {44} . Апісаны ўзоры абрадаў, якіх прытрымлівалася шляхта. А вось у кнізе «Нашы старонкі» {45} Я. Тышкевіч нібы дзеля «аб'яднання» самых розных станаў грамадства роднай Барысаўшчыны з аднолькавай павагай піша пра жыццё селяніна, лекара, шляхціца і магната Радзівіла.
З часам сітуацыя ў краі некалькі змянілася, і Я. Тышкевіч зноў перабіраецца з Біржаў у любімую Вільню. Наладжвае новыя і падтрымлівае старыя сувязі з вучонымі Кіева, Масквы, Пецярбурга і сваімі беларускімі калегамі. І яго вопыт, яго веды спатрэбіліся. Так, Кракаўскае навуковае таварыства прапанавала яму, а таксама А.Кіркору і маладзейшаму В. Каратынскаму скласці слоўнік старажытнасцей краю. Але гэтая работа, на жаль, не была закончана.
Цяжкай стратай была для нашага героя смерць у 1868 годзе старэйшага брата Канстанціна, блізкага чалавека не толькі па крыві, але і па духу. Тыя, хто ведаў братоў бліжэй, заўважалі ў іх дзейнасці як вялікае падабенства, так і адрозненні. Калі ў старэйшага Тышкевіча спалучаліся агонь творчага парыву з развагай дапытлівага вучонага, то ў малодшага брата жыло пастаяннае, але спакойнае жаданне дзеянняў. Няспешнасць Яўстаха Тышкевіча некаторыя калегі прымалі за непаваротлівасць. Усё гэта чыстая ўмоўнасць. Як і Канстанцін, ён быў аддадзены навуцы, але што зробіш, калі навука «капрызная пані» і патрабуе шмат намаганняў, каб распазнаць яе таямніцы. Усё ж у іх жыцці і дзейнасці было шмат супольнага, блізкага, роднаснага.
Апошнія два гады жыцця Я. Тышкевіча складваліся драматычна. Многае з задуманага не здзейснілася. Слабела здароўе. Усімі прызнаны вучоны – сябра Дацкага каралеўскага таварыства аматараў паўночных старажытнасцей, Стакгольмскай Каралеўскай акадэміі выяўлегічага мастацтва і старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута, ганаровы сябра Пецярбургскай Акадэміі навук, – у апошнія гады ён адчуваў сябе забытым, ва ўсякім выпадку, ён сам так думаў.
Даўнія сябры не забываліся адведваць шчырага рупліўца навукі, нажаль, і яны старэлі, хварэлі ды адыходзілі ў нябыт. Маладзейшыя спадкаемцы памяталі пра свайго духоўнага настаўніка і імкнуліся на спатканне з ім (М. Кусцінскі, А. Ельскі, Т. Саподзька). Адведаў слабеючага дзядзьку Яўстаха пляменнік Аскар Тышкевіч, які ўжо падаваў надзеі ў археалогіі. Усіх шматвопытны вучоны арыентаваў на даследаванне беларускіх старажытнасцей.
Апошнія дні жыцця Я. Тышкевіч правёў пад апекай сястры. Пры ёй ён і памёр [6]6
Падаем упершыню тэкст асобна надрукаванага лістка з паведамленнем аб смерці вучонага: «Августа 13 дня (1873 года. – Г.К. і А.К.) скончался в г. Вильне, после продолжительной болезни, граф Евстафий Пиевич Тышкевич, камер-юнкер Двора его императорского величества. Сестра покойного с душевным прискорбием извещает родных и знакомых, что вынос тела последует 14 сего августа в 6 часов по полудни из дома Огинского, что на Большой улице, на кладбище Росса, а заупокойная литургия и погребение 16 августа в 11 ч. утра. (Печатать дозволяется. 13 августа 1873 г. Виленской полиции полковник Федоров.)»
[Закрыть].
Шмат людзей сабралася на пахаванне знакамітага чалавека, аддалі яго цела зямлі на прэстыжным месцы на Росах – на Літаратурнай горцы, поруч з яго аднадумцам Уладзіславам Сыракомлем. Спачатку былі вянкі, кветкі. Пазней на магіле клопатамі сястры Паўліны паставілі помнік з гербам «Ляліва». А неўзабаве ў друку з'явіліся некралогі, успаміны, словы памяці сяброў, калег. Усе сведчылі, што ў асобе Я. Тышкевіча навука страціла таленавітага даследчыка ў многіх галінах чалавеказнаўства, адзначалі, што грамадства страціла сапраўднага рыцара навукі.
Не ўсё ён паспеў апублікаваць, у рукапісах засталіся яго працы: «Зельнік барысаўскіх ваколіц», «Матэрыялы да нашай гісторыі», матэрыялы па археалогіі, збор гістарычных дакументаў і нават верш.
Вобраз Я. Тышкевіча застаўся на жывапісных палотнах, на гравюрах, медальёнах. Яшчэ ў 1850 годзе Рафал Слізень выканаў партрэт вучонага для медальёна. Потым над партрэтамі Я. Тышкевіча працавалі Л. Марачэўскі, А. Рагульскі, Л. Страус, Я. Дамель, У. Валькевіч і А. Пекжэт. Дарэчы, Люцыян Марачэўскі пасля смерці Я. Тышкевіча ў Пецярбургу адчаканіў медаль у яго памяць.
Я. Тышкевіч за сваё жыццё зрабіў вельмі шмат ў розных сферах народазнаўства: археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, краязнаўстве, музеязнаўстве, мастацтвазнаўстве, ахове помнікаў, бібліятэчнай справе, тапаніміцы, мемуарыстыцы, народнай медыцыне, навуказнаўстве… Прыродай дадзены талент вучонага спалучаўся з выключнай працавітасцю і мэтанакіраванасцю. І калі ў нечым ён не паспеў давесці да канца задуманае, то гэта не яго віна. У рэшце рэшт, Я. Тышкевіч жыў у той час, калі толькі займаўся світанак беларускай навукі. І сёння як запавет чытаюцца словы сумленнага вучонага, сказаныя ім яшчэ ў маладыя гады: «Абавязак кожнага адукаванага і ўлюбёнага ў свой край чалавека старацца растлумачыць усё, што падпала пад сумненне і складае матэрыял для айчыннай гісторыі. Здагадвацца, шукаць, адкрываць, а адкрытае перадаваць людзям – значыць падаваць руку дапамогі тым, хто прысвяціў жыццё сваё і здароўе навукам для дабра грамадскага».