Текст книги "Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч"
Автор книги: Генадзь Каханоўскі
Соавторы: Аляксандар Каханоўскі
Жанры:
История
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц)
Далучэнне да навукі
Навуковая дзейнасць Я. Тышкевіча пачалася з захапленняў старажытнай гісторыяй. З аднаго боку, у бацькавай калекцыі ён бачыў рэдкія знаходкі, прывезеныя з іншых краін. Там ёсць, а чаму такіх не можа быць у нас пад Лагойскам, Менскам, Заслаўем, Барысавам, Вілейкай? Усё гэта падштурхоўвала брацца за даследаванне мясцовых помнікаў, якіх тады было безліч. Але амаль ніхто не вёў тут раскопак, нават незнарок нельга было разбураць курганы. Гэта лічылася святакрадствам. На такога чалавека слаліся праклёны, і ніхто не адважваўся ўзяць на сябе грэх «разбуральніка». На гэта адважыўся Я. Тышкевіч.
Першыя раскапаныя ў 1837 годзе маладым даследчыкам курганы ў ваколіцах Лагойска сталі пачаткам яго навуковых доследаў. Прыступіўшы да разгадкі таямніцы «капцоў», створаных рукамі чалавека ў старажытныя часы, пад высокімі насыпамі якіх ён хаваў сваіх суродзічаў, Я. Тышкевіч паспяшаўся са сцвярджэннем, што тут, у Барысаўскім павеце, жыў даволі багаты люд, паколькі ім былі выяўлены, на яго думку, рэдкія знаходкі. Але за такія высновы мы не павінны дакараць энтузіяста, бо ён ішоў да пазнання ісціны сваім шляхам, шляхам супастаўлення з аднатыпнымі знаходкамі на іншых тэрыторыях.
Шмат увагі і часу Я. Тышкевіч аддаваў археалогіі, нават тады, калі яго скоўвала і абцяжарвала казённая служба – яму кожны раз належала звяртацца да свайго начальства па дазвол заняцца любімай справай. У пачатку сваёй археалагічнай дзейнасці даследчык канцэнтраваў увагу на помніках толькі ў ваколіцах свайго ўладання. Пра гэта ён пісаў: «Пачаў капаць курганы ў 1837 годзе ў Лагойскім графстве, якія дагэтуль, хоць бы нават выпадкова, не былі разбураныя. Яны лічыліся па народнай традыцыі недатыкальнымі. Мусіў сялянам шчодра плаціць, каб узяліся капаць, і сам разам з імі капаў, каб хоць крыху ўзяць на сябе грэх». {7} Тышкевічавы памочнікі, перш чым узяць у рукі рыдлёўку, станавіліся на калені, маліліся за памерлых і толькі тады распачыналі раскопкі. Нават у працэсе работы, калі ўжо ўпалі векавыя хваіны, узнятая была слой за слоем зямляі і перад вачыма адкрыліся астанкі спаленага чалавека, а сам малады даследчык браў у рукі абрадавыя слязніцы [2]2
Слязніца (слязнік) – посуд, які ставілі памерламу ў магілу і ў які быццам бы збіраліся слёзы родных, што плачуць па нябожчыку.
[Закрыть], разглядаў пацеркі і іншыя ўпрыгожванні, сяляне зноў станавіліся на калені і «творили молитвы за упокой усопших».
Усе матэрыялы раскопак Я. Тышкевіч нёс і вёз у свой хатні музей, і яны станавіліся часткай немалога ўжо збору іхняй сям'і.
Калі Я. Тышкевічу споўнілася 23 гады, у друку з'явілася яго першае навуковае паведамленне пра раскопкі курганоў {8} . На гэтай апісальнай працы яшчэ ляжыць налёт некампетэнтнасці, нават крыху наіўнасці. Але першаму заўсёды цяжка, і без памылак і сумненняў ніхто не даходзіў да вяршыні навуковай дасканаласці. Тады ж, убачыўшы дарагія ўпрыгажэнні ў кургане, Я. Тышкевіч зрабіў выснову пра загадкавае племя на Лагойшчыне, якое даўно вымерла. Ён лічыў, што гэты «знатны род» ці не з Венецыяй быў звязаны, бо адкуль жа магло ў іх усё гэта брацца? Пазней археолаг будзе мець большы вопыт і амаль дакладна адкажа, якімі шляхамі і што сюды прыбывала, а што выраблялася на месцы.
Зараз з кожнай новай экспедыцыяй ён пранікаў у таямніцы маладой галіны ведаў, якой тады была археалогія не толькі ў Беларусі, але і ў эўрапейскім маштабе. Даследчык паступова стаў рабіць параўнанні з аналагічнымі знаходкамі ў суседніх землях, аналізаваць. Ён пільна сачыў за ўсімі навуковымі працамі, ды і сам не адставаў ад сучаснікаў у папулярызацыі археалогіі. Свае публікацыі падпісаў не толькі ўласным прозвішчам, але і псеўданімамі і крыптанімамі: «Meszkaniec lasów»; «Eust. hr. T.»; «E. T…cz»; «ch. T…». Пісаў ён пераважна па-польску, менш па-расейску, а па-беларуску – у асноўным пра фальклор. На жаль, Тышкевічам, як і многім беларусам, даводзілася пісаць па-польску. Такая была рэальнасць, можна сказаць, горкая іронія лёсу, вынік «адукацыйнай» палітыкі А. Чартарыйскага. Паступова да гэтай палітыкі паланізацыі «прывучылі» амаль усю беларускую інтэлігенцыю. Зрэшты, браты Тышкевічы называлі сябе «ліцьвінамі», маючы на ўвазе гістарычную прыналежнасць насельнікаў Беларусі да Вялікага Княства Літоўскага.
Менавіта дзякуючы пранікненню ў таямніцы старажытнай культуры беларусаў, як матэрыяльнай, так і духоўнай, Я. Тышкевіч пачаў рабіць параўнанні з адпаведнай культурай іх суседзяў. Гаворачы пра некаторыя супадзенні абрадаў, прывёў прыклад пакланення насельнікаў Летувы, латышоў і бліжэйшых славян аднаму і таму ж богу Перуну (Перкуну), а таксама вужакам, волатам-дрэвам. У тых і другіх пры пахаванні чалавека ставілі яму посуд і клалі поруч некаторыя прылады працы і быту. Тут і там яшчэ доўга трымаўся такі пахавальны абрад, як трупаспаленне. Ва ўжытку насельнікаў-суседзяў бытаваў і аналагічны інвентар працы. Вучоны бачыў падабенства, але ж ён не мог не заўважыць і пэўнай розніцы. Гэта былі самастойныя этнасы. Вядома ж, да такой высновы прыходзяць даследчыкі не адразу. Для гэтага спатрэбілася раскапаць цэлыя групы курганоў, прайсці пешшу сотні вёрстаў, каб скласці карту помнікаў археалогіі, напрыклад, цэлых рэгіёнаў Беларусі, каб потым мець малюнак засялення краю. Пры знаёмстве з паветам археолаг ставіў перад сабой задачу стварыць малюнак яго мясцовай этнаграфіі, тапанімікі, фальклору, лінгвістыкі, каб зрабіць параўнанні з аналагічнымі матэрыяламі народаў суседніх тэрыторый. Такім вось чынам нараджаўся зусім новы для таго часу параўнальна-тыпалагічны метад. Аб'ектамі для яго апрабацыі сталі, напрыклад, жаночыя пахаванні, дзе можна было назіраць пэўную суму прыкмет, характэрных для акрэсленай і іншых дастаткова вялікіх тэрыторый Беларусі.
У пахавальным інвентары археолаг вычленіў самае адметнае – формы і аздобы скроневых кольцаў. Якраз на такія ўласцівасці Я. Тышкевіч звярнуў увагу пры раскопках старажытных пахаванняў крывічанак. Імкнуўся потым акрэсліць арэал іх распаўсюджання, каб зрабіць вывады пра культуру даўніх насельнікаў.
Захоплены ідэяй вывучэння пахавальнага інвентару, Я. Тышкевіч амаль бесперапынна праводзіць экспедыцыі па Меншчыне, адпраўляецца на Заходнюю Дзвіну, Нёман, знаёміцца з адпаведнымі матэрыяламі на Палессі і Пасожжы. Але найбольшае месца ў яго навуковых даследаваннях займала Барысаўшчына і асабліва Лагойшчына. Яму тут дапамагалі бацька і брат Канстанцін.
Кожная праведзеная экспедыцыя, кожны вывучаны помнік давалі Я. Тышкевічу матэрыял не толькі для навуковай публікацыі, але і для лагойскага музея. Калекцыя разрасталася, ёй, па задуме братоў-археолагаў, належала вылучыцца і стварыць ілюстрацыйны «фон» жыцця і быту далёкіх продкаў. І хоць «афіцыйнае» адкрыццё хатняга музея, як звычайна, не праводзіцца, але па пісьмах Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў можна меркаваць, што іхняя экспазіцыя для наведвання гасцямі Лагойска ўжо была гатова к 1842 году. Займаў музей дзве ці тры залы палаца. Акрамя археалагічных знаходак тут былі калекцыі манет, гербаў, мастацкія палотны і інш. Як і ў многіх музеях, на пярэдні план у экспазіцыі выстаўляліся самыя «прэстыжныя» экспанаты, самыя пампезныя: зброя рыцара, інкунабулы, творы мастацтва, рэчы замежнага паходжання. Былі тут і прадметы, якія дарылі Тышкевічам госці. У розны час у Лагойску пабывалі Адам Плятар, Іосіф Крашэўскі, Павел Шпілеўскі, Канстанцін Тызенгаўз, Іосіф Жаба, Міхаіл Балінскі, Плацыд Янкоўскі і некаторыя іншыя.
У цэнтры ўвагі наведвальнікаў музея знаходзілася сямейная хроніка графаў Тышкевічаў. Стары Піус быў адным з галоўных «экскурсаводаў». Апрануты ў сурдут з байкі зялёнага колеру, у чырвоную камізэльку з кашміру, ён бойка вёў рэй на званых вечарах.
Акрамя Лагойска, роду Тышкевічаў належаў Астрашыцкі Гарадок. У мясцовым палацы таксама былі каштоўныя калекцыі, праўда, тут большая ўвага аддавалася мастацкай галерэі ды бібліятэцы, дзе захоўвалася нямала рарытэтаў. Да Лагойскага графства належаў Красны Бор, у ваколіцах якога Я. Тышкевіч адкрыў і раскапаў цэлае паселішча. Выяўленыя былі ўнікальныя па мастацкім выкананні прадметы з эмаллю, што самі па сабе склалі цэлую калекцыю. Дарэчы, зараз яны знаходзяцца ў Дзяржаўным археалагічным музеі ў Варшаве. У сталіцу Польшчы яны трапілі 25 кастрычніка 1919 года на пастаянна дзейную выстаўку «Захэнты», а затым іх перадалі ў Дзяржаўны народны музей {9} . Наведванне Краснага Бора для Яўстаха Тышкевіча было прыемным яшчэ і таму, што тут нейкі час жыў вядомы кампазітар і піяніст, педагог Фларыян Міладоўскі (1819–1889), музыкант рэдкага дару, які ствараў санаты, песні, мазуркі, паланезы, накцюрны. У Краснаборскім двары меўся камерны, ці, дакладней, хатні тэатр. На канцэрты не раз прыязджалі самі Тышкевічы і іншыя званыя госці.
Я. Тышкевіч шмат працаваў над разгадкай таямніц помнікаў старажытнасці краю і меў вялікую патрэбу ў кантактах з вучонымі Эўропы. Беларускі археолаг імкнуўся пазнаёміцца з метадамі даследаванняў замежных калег, яму хацелася праверыць сябе – ці тым шляхам ён ідзе. І ён наважыўся адправіцца ў паездку па краінах Паўночнай Эўропы. Я. Тышкевіч проста мроіў аб сустрэчы са спецыялістамі, чый навуковы вопыт быў значна большы ў параўнанні з ягоным. Да таго ж думкі беларускага мецэната займала ідэя стварэння паўнацэннага публічнага музея. І ён паехаў туды, дзе нараджаліся новыя навуковыя тэорыі, дзе ўжо працавалі музеі. Тышкевіч едзе ў краіны Скандынавіі. Там, як яму здаецца, старажытная культура бліжэйшая да культуры яго роднай «Русі Літоўскай».
У 1843 годзе Я. Тышкевіч накіроўваецца ў Швецыю праз Рэвель і Пецярбург. Пабываў ён у Хельсінкі, а потым у Стакгольме. Праграма знаходжання за мяжой у яго аказалася вельмі насычанай: працаваў у архівах і бібліятэках, шукаў даўнія крыніцы пісьменнасці, якія б давалі асвятленне старажытнай гісторыі роднага краю, знаёміўся ў музеях з прадметамі археалагічных знаходак. У Стакгольме яму трапіліся рукапісы па гісторыі сярэднявечнай Польшчы і Беларусі. Удалося выявіць творы графікі сваіх зем: лякоў, імёны якіх былі невядомыя. Ён склаў своеасаблівы рэестр знаходак. Малады следапыт навукі не раз сустракаўся з кампетэнтнымі спецыялістамі. Усё ж найбольшае ўражанне на яго зрабілі музеі, дзе цікавіўся ён сістэматызацыяй падачы матэрыялаў у экспазіцыі.
Асабліва пашанцавала Я. Тышкевічу на сустрэчы ў сталіцы Даніі. Спачатку беларускі краязнавец пабываў у музеі мастака А. Торвальдсена, пазнаёміўся з яго творамі. Ён вёў зацікаўленыя гутаркі з дацкімі археолагамі, у прыватнасці з П. Бецкам, які праводзіў даследаванні ў рэчышчы знакамітай «тэорыі трох эпох» Х. Томсена. Больш таго, Я. Тышкевіч пазнаёміўся з прынцыпамі пабудовы экспазіцыі нацыянальнага музея старажытнасцей, зрабіў замалёўкі розных геральдычных знакаў, склаў спісы дакументальных знаходак, а ў музейнай бібліятэцы занатаваў важныя звесткі з рэдкіх кніг розных часоў. Я. Тышкевіч выявіў невядомыя дагэтуль падрабязнасці пра ваенны паход караля Карла XII па Беларусі, дзе фігуравалі знаёмыя геаграфічныя назвы: Горадня, Пінск, Клецак, Нясвіж, Слуцак, Наваградак, Менск, Смілавічы, Крэва, Смаргонь, Суботнікі, Трабы, Гальшаны, Маладэчна, Радашковічы, Ігумен, Бялынічы, Галоўчын, Магілеў, Лясная. Гэта быў выдатны матэрыял для даследчыка гісторыі вайны. Вынікам той паездкі за мяжу стала своеасаблівая «справаздачная» кніга «Лісты пра Швецыю» {10} .
Клопаты аб спадчыне
Паездка па эўрапейскіх краінах вельмі шмат дала Я. Тышкевічу. Ён яшчэ больш захапіўся ідэяй адкрыцця агульнадаступнага музея ў Беларусі – своеасаблівага цэнтра археалагічнай і гістарычнай навукі. Перш за ўсё ён вырашае: у якім горадзе быць такому музею – Вільні ці Менску? Правінцыйны Лагойск ды і іншыя гарады Беларусі тут не канкурэнты.
Пакуль што браты Тышкевічы рупяцца перад саноўным начальствам Пецярбурга за музей у Менску ці Вільні і чакаюць ад яго вырашальнага слова. А каб зрабіць уражанне на Пецярбург і паказаць, што музей ствараецца не на пустым месцы, Яўстах спяшаецца арганізаваць краязнаўчую выстаўку, якую меркаваў адчыніць у доме віленскага сваяка Рафала Тышкевіча. Сюды прасцей запрасіць мясцовую інтэлігенцыю, ды і мецэнатаў тут лягчэй схіліць да дабрачыннай дзейнасці.
Першы крок удаўся. Я. Тышкевіч арандуе «палацык» і ў 1845 годзе перавозіць сюды частку сваёй калекцыі, якая стала пачаткам прыватнага музея. Дакладней, гэта яшчэ і не музей, а невялікая выстаўка, якая стала ў руках энтузіяста сродкам папулярызацыі высакароднай справы. Сапраўды, да гэтага «агменю» культуры і асветы пацягнуліся знаёмыя, сябры, абменьваліся думкамі пра стварэнне навуковага таварыства, выказваліся за адраджэнне ў Вільні ўніверсітэта, зачыненага ў сувязі з вядомымі падзеямі 1830–1831 гадоў. Сябры-аднадумцы не толькі на словах падтрымлівалі калегу, але і ўносілі свой уклад у папаўненне яго антыкварнай калекцыі. Траплялі сюды і экспанаты са скасаваных кляштараў {11} . З усіх гэтых паступленняў паступова фармаваўся музейны фонд. Сам жа Я. Тышкевіч не чакаў гатовых ахвяраванняў і з надыходам вясны выязджаў на археалагічныя раскопкі ў розныя месцы, пераважна Цэнтральнай Беларусі, каб будучы музей стаў сапраўдным асяродкам навукі і культуры.
Трэба прызнаць, што ў Вільні яшчэ музея не было. І тышкевічаўская выстаўка не магла яго замяніць. Ды і адкуль у вучонага магла быць упэўненасць, што ўрадавыя колы дазволяць адкрыць музей якраз у гэтым горадзе. Улічваючы такую няпэўнасць і нават раздвоенасць, знаходкі са сваіх экспедыцый археолаг адпраўляў у дом бацькі – у Лагойск.
Вядома, што ў 1848 годзе маладога графа выбралі куратарам Менскай гімназіі, той самай гімназіі, дзе некалі вучыўся і ён сам, дзе вучыліся браты Бенядзікт і Ўладыслаў Дыбоўскія, вядомыя вучоныя, а таксама кампазітар Станіслаў Манюшка, астраном Міхаіл Грушневіч, антраполаг Феафіл Худзінскі, гісторык Тадэвуш Корзун і іншыя [3]3
Ужо ў наш час на будынку былой гімназіі з'явілася мемарыяльная дошка з пералікам імён знакамітых выпускнікоў, у тым ліку і Я. Тышкевіча.
[Закрыть].
Ды і цяпер у Менску жылі і працавалі цікавыя інтэлігентныя людзі – Ваньковічы, Кабылінскія, Кастравіцкія, аматары-калекцыянеры Люцыян Неслухоўскі і Міхаіл Гаўсман, а таксама тэатрал В. Дунін-Марцінкевіч. Словам, тут квітнела і набірала сілу новае і перспектыўнае на далейшы рост культурнае асяроддзе.
У 1845 годзе, калі Я. Тышкевіч дэманстраваў свае калекцыі ў «палацыку» сваяка Р. Тышкевіча, менскі губернатар А. В. Сямёнаў уключыў дасведчанага лагайчаніна ў склад часовай археаграфічнай камісіі па зборы і публікацыі даўніх актаў і прывілеяў, якія захоўваліся ў розных архівах і кляштарах Цэнтральнай Беларусі і мелі пэўнае навукова-гістарычнае значэнне. У гэтую рабочую групу ўвайшлі людзі, якія не мелі ніякага вопыту ў археаграфіі, далёкія ад навукі, а таму самым спрактыкаваным чалавекам сярод іх аказаўся Я. Тышкевіч.
На першым жа пасяджэнні камісіі, у якой бралі ўдзел Геласій – рэктар Менскай духоўнай семінарыі, Жукоўскі – былы рэктар Архангельскай гімназіі, а таксама чыноўнікі Маладзееў, Гласко, Масальскі, Я. Тышкевіч правёў сярод іх своеасаблівы археаграфічны «лікбез». Пры такой сітуацыі Я. Тышкевіч стаў «як бы галоўным рэдактарам выдання» {12} .
Аднак было б несправядліва выключаць з гэтага «гурту» імя менскага губернатара А. В. Сямёнава, які разумеў каштоўнасць выдання, сам любіў корпацца ў архіве, дзе не раз трапляліся яму цікавыя знаходкі. Пры яго садзейнічанні ажыццяўляўся аналагічны выпуск грамат і актаў у Вільні, калі ён там займаў пасаду губернатара.
Што гэта быў за чалавек, які ішоў на супрацоўніцтва з маладым вучоным Тышкевічам?
Аляксей Васільевіч Сямёнаў вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Калі пачалася вайна 1812 года, стаў апалчэнцам. Так ён звязаў свой лёс з ваеннай службай, але не цураўся і грамадскіх праблем. У маладыя гады востра рэагаваў на сацыяльныя праблемы Расеі і нават хінуўся да дзекабрыстаў. Ішоў час, і Сямёнаў апынуўся ў Беларусі. Відавочна, яго перавялі сюды ў сувязі з царскай акцыяй, скіраванай на расправу з паўстанцамі 1830–1831 гадоў. Тут ён паступова набіраў «апінію» ў вярхоўных улад – у кастрычніку 1840 года стаў цывільным віленскім губернатарам. Горад зрабіў на яго вялікае ўражанне сваёй старажытнай культурай. Губернатару захацелася спазнаць таямніцы гісторыі краю. Ён чытаў рэдкія кнігі, архіўныя манускрыпты і прыйшоў да высновы пра неабходнасць выдання зборнікаў дакументаў. Пад яго эгідай выйшаў у свет двухтомны «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Вільні, Коўна, Трок» (1843). Далучыліся да гэтай справы ўраджэнец Радашковіч выдавец Антон Марціноўскі і памочнік трыбунальнага архіварыуса В. Нарбут. Гэта А. В. Сямёнаў знайшоў у бібліятэцы Віленскай каталіцкай духоўнай акадэміі верш Яна Пашкевіча «Полска квитнет лациною» (1621 год) {13} , які зараз шырока вядомы нашаму літаратуразнаўству. Шмат добрых спраў А. В. Сямёнаў зрабіў і ў Менску пад час свайго новага губернатарства (1844–1850). Ён арганізаваў выданне «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў Менскай губерні» (1848), паспрыяў адкрыццю ў Менску публічнай бібліятэкі, рэформе гарадскога тэатра. Зразумела, што ўсяго гэтага не мог не заўважыць Я. Тышкевіч. Ён вучыўся ў свайго мэтра арганізацыі справы, што яму асабліва прыдалося пры стварэнні Віленскага музея старажытнасцей.
Цікава, што мірскі археаграфічны зборнік па назве і па фармаце быў аналагічным віленскаму. Вось толькі тышкевічаўскі фаліянт саступаў папярэдняму каштоўнасцю саміх дакументаў, змешчаных у ім. Гэта і не дзіва, бо Менск да самай рэвалюцыі ніколі не выконваў вядучай ролі ў культурным жыцці Беларусі, а значыць, тут захоўваліся дакументы тэрытарыяльна не далей Менскай губерні. Нікім не засведчана, каб тут хто-небудзь мэтанакіравана вёў збор рукапісаў. У гэтай справе прыарытэт належаў Вільні.
Шырокая натура Яўстаха Тышкевіча імкнулася да многага: ён вёў археалагічныя раскопкі, запісваў фальклор, збіраў экспанаты для будучага музея, у тым ліку гістарычныя дакументы, старажытныя рукапісы, даследаваў этнаграфію, спрыяў ажыўленню культуры і асветы краю. Спагадлівы да чужога гора, Я. Тышкевіч заступаецца за выпускніка Харкаўскага ўніверсітэта Эмілія Паўлікоўскага, потым за невядомага нам Фелікса Магнушэўскага {14} , магчыма, пляменніка знакамітага аднафамільца – ксяндза, настаўніка Паўлюка Багрыма. Да сярэдзіны XIX стагоддзя Я. Тышкевіч сфармаваўся ў даволі вядомага дзеяча навукі і культуры. Асаблівае значэнне ён надаваў праблеме адкрыцця музея. Шмат дапамагаў яму яго старэйшы брат Канстанцін.
Як часта тады бывала ў беларускіх сем'ях, называючы сябе «ліцьвінамі», браты Тышкевічы разумелі пад гэтым сваю прыналежнасць да цэнтральнай і заходняй часткі Беларусі, якая фігуравала ў іх як «Літва» або «Руская Літва», і толькі Магілеўшчыну і ўсходнюю Віцебшчыну ды большую частку Смаленшчыны яны называлі Беларуссю, а жыхароў – беларусамі. Зразумела, яны, як і іх сучаснік У. Сыракомля, таксама «ліцьвін», не ведалі той мовы, якую мы ў канцы XX стагоддзя чуем у сучаснай Летуве. Ніколі нашы папярэднікі не чулі і назву Вільнюс, бо гэта для іх гучала б вельмі ненатуральна. Для той пары натуральнымі былі Вільня або Вільна. Братам Тышкевічам гэты горад бачыўся цэнтрам блізкага і роднага ім старажытнага крывіцкага племя, фактычна Беларусі. Напэўна, так гэта разумелі і ў Пецярбургу. Бо пасля звароту ў 1852 годзе братоў Тышкевічаў у паўночную сталіцу, як і меркавалася, імператарская адміністрацыя вызначыла нарэшце месца адкрыцця музея старажытнасцей – Вільню.
Між тым, не чакаючы афіцыйнага дазволу, Я. Тышкевіч раз-пораз едзе ў гэты горад, у свой арандаваны двухпавярховы «палацык». Сюды ён прывозіць некаторыя свае калекцыі з Лагойска, асабліва дарагую падборку прадметаў антыкварыяту і іншыя каштоўнасці з розных месцаў Беларусі, імкнучыся тым самым звярнуць увагу віленчукоў на падрыхтоўчы працэс па стварэнні музея. Знаходзячыся сярод дарагіх яму рэліквій, вучоны-энтузіяст часам забываў папалуднаваць ці павячэраць.
Яго сучасніца пісьменніца і мастачка Габрыэля Пузына (1815–1869) пісала, што Я. Тышкевіч «вёз з сабой усе памяткі даўніны як сваіх дарагіх крэўных, як Энэй сваіх багоў» {15} . Паводле яе слоў, археолаг ехаў у Вільню без упэўненасці, што ўлады калі-небудзь дадуць месца для яго скарбаў пад дахам універсітэцкага будынка, на які ён разлічваў. Завіхаўся чалавек, сам раскладваў свае археалагічныя знаходкі, па некалькі разоў іх перастаўляючы з месца на месца, каб кожны экспанат заняў адпаведную «ячэйку» паводле знакамітай «тэорыі трох эпох». Асцярожна браў у рукі посуд, старажытныя бярдышы, разглядаў медалі, пячаткі, сыгнеты, чытаў дакументы на пергаментах… Усё апісваў, рэгістраваў, нумараваў… Па словах той жа Г. Пузыны, у чорным фраку на фоне сваіх рэліквій ён нагадваў «індыйскага бажка», якога Гётэ «выбраў бы для свайго Фаўста».
У лісце да названай Г. Пузыны Я. Тышкевіч дзяліўся сваімі светлымі намерамі, каб гэтыя зборы пашыраліся і перараслі ў музей, вось бы толькі ніхто не перашкодзіў і дапамаглі б сябры-віленчукі, а што будзе залежаць ад яго, то ён гатоў на ўсё, каб толькі для ўсіх была агульная карысць.