355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Генадзь Каханоўскі » Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч » Текст книги (страница 1)
Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч
  • Текст добавлен: 15 сентября 2016, 01:27

Текст книги "Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч"


Автор книги: Генадзь Каханоўскі


Соавторы: Аляксандар Каханоўскі
сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)

Генадзь Каханоўскі, Аляксандар Каханоўскі
Руплівец нашай старасветчыны
Яўстах Тышкевіч

Як заклінанне, як малітва

Беларускія гісторыкі, этнографы, філолагі, фалькларысты даўно ўжо карыстаюцца пажоўклымі ад часу кнігамі-рарытэтамі і як даследчыкі судакранаюцца з рукапіснай спадчынай славутых вучоных Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў. Гэта яны, не зважаючы на свой высокі графскі тытул, бралі ў рукі рыдлёўкі і вялі раскопкі старажытных курганоў. Гэта яны здымалі з сябе сурдуты і апраналіся ў простае сялянскае адзенне, заходзілі ў хаты вясковай беднаты паслухаць шчырую гутарку пра побыт, даведацца пра абрады і забабоны ды запісаць народныя песні. У душы прысягнуўшы служыць свайму народу, браты Тышкевічы ніколі на адступалі ад сваіх перакананняў, шчыра працавалі на карысць роднага краю.

Праца, праца, праца… Яўстах і Кастусь замалада ўзяліся за пачэсную справу і, бадай, на адным энтузіязме заклалі трывалы падмурак навуковай археалогіі, а таксама этнаграфіі, фалькларыстыкі і краязнаўства. Яны першыя ўвялі ў навуковы ўжытак раней зусім невядомыя матэрыялы, праявіўшы пры гэтым уласцівы ім тэмперамент даследчыкаў, сказалі сваё слова ў розных галінах ведаў, якія цяпер аб'ядноўваюцца ў адзін цыкл грамадскіх навук. Гіпотэзы вучоных, іх меркаванні, высновы, проста здагадкі, а таксама прыведзеныя аргументы і факты – крыніца для нашчадкаў, каму дорага нацыянальная спадчына.

На вялікі жаль, многія апісаныя і даследаваныя Тышкевічамі помнікі зніклі з панарамы нашай зямлі, найперш у выніку пазнейшых акцый вандалізму, а таму іх аўтарытэтныя сведчанні сёння з'яўляюцца, можа, адзінай крыніцай, каб узнавіць праўдзівы вобраз знішчанага аб'екта. З упэўненасцю можна сцвярджаць, што зробленае гэтымі сумленнымі вучонымі – нацыянальны скарб Беларусі, яе навуковай думкі мінулага стагоддзя.

Блізкае знаёмства з навуковай і культурна-асветніцкай дзейнасцю братоў Тышкевічаў пераконвае нас у тым, што яны сцвярджалі ў грамадстве важную думку пра нацыянальную самабытнасць і гістарычную непаўторнасць Беларусі. Ужо нават па гэтай прычыне іх нельга без агаворак адносіць да дзеячаў польскай навукі, як пераконвалі яшчэ не так даўно некаторыя даследчыкі. Якраз Яўстах і Канстанцін Тышкевічы неўсвядомлена рыхтавалі глебу для засеву нацыянальнага зерня будучай плеядай беларускай інтэлігенцыі.

Браты Тышкевічы паказалі прыклад рэдкай еднасці і суладнасці, не толькі сямейнай, але і духоўнай і, само сабою зразумела, навуковай і творчай. Ні адзін з іх не перакладваў цяжар сваіх клопатаў на другога. Папалам яны дзялілі і перажыванні няўдач. Дожны з гэтых вучоных меў сваё кола сяброў і знаёмых. Працавалі даследчыкі супольна і паасобку, мелі свае калекцыі і нават бібліятэкі. Гэта быў шчаслівы выпадак разумнага суперніцтва дзеля агульнага прагрэсу.

Кожны з братоў Тышкевічаў меў свае асобныя публікацыі, кнігі, кожны з іх трымаўся сваіх канцэпцый, але некаторыя даследчыкі часам штучна аб'ядноўваюць створанае імі ў адно цэлае і тады цяжка разабраць, каму належыць тая ці іншая гіпотэза. Справядлівасць патрабуе, каб, не супрацьпастаўляючы аднаго брата другому, аддаць даніну павагі кожнаму з іх. У гэтай працы чытач пазнаёміцца з малодшым – Яўстахам Тышкевічам.


Род Тышкевічаў

Радзіма братоў Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў – Лагойск, адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1078 годзе. Амаль палова лагойскай гісторыі непарыўна звязана з тышкевічаўскім родам. Іх рэзідэнцыя спрадвеку знаходзілася ля маляўнічай Гайны, на месцы былога замка, у пасаджаным імі ж ландшафтным парку. Тут у 1814–1819 гадах бацька вучоных П. Тышкевіч узвёў у класіцыстычным стылі двухпавярховы палац (разбураны ў Вялікую Айчынную вайну, засталіся руіны). У паўночнай частцы парка знаходзіўся круглы партэр, а бліжэй да палаца квітнеў сад. На поўдзень ад сядзібы выразна бачыліся рэшткі старажытных умацаванняў, якія паказвалі гасцям гаспадары. На беразе ракі стаяла рамантычная альтанка, з якой адкрывалася навакольная панарама. Курціны ў парку былі аформленыя дубам, елкай, ясенем, белай таполяй. Тут жа знаходзілася гарадзішча, на якім калісьці стаяў дзядзінец старажытнага Лагойска. Сёння ўсе гэта выглядае сіратліва, як здзічэлы сад на закінутым хутары.

У сям'і Тышкевічаў прынята было з павагай адносіцца да кожнага помніка на зямлі, што адпавядае і другой іх традыцыі – ушаноўваць кожнага з продкаў свайго вялікага роду. З пакалення ў пакаленне вялася сямейная хроніка. Сам Я. Тышкевіч стварыў у канцы жыцця альбом «Магілы сямейства Тышкевічаў» і выдаў яго асобнай кнігай у 1873 годзе ў Вільні. Самым першым з дакументальна ўстаноўленых прашчураў быў Цішка, або Тышка, ці, больш дакладней, Цімафей Тышка, які жыў у канцы XV стагоддзя. Другой вядомай асобай пасля Цімафея быў яго праўнук Тодар Тышкевіч, якому выпала хадзіць у падскарбіях Вялікага Княства Літоўскага, потым стаць ваяводам у Наваградку, а яшчэ яго ўключалі ў склад пасольства ў Маскву. Памёр ён у 1616 годзе.

Заснавальнікам жа лагойскай лініі роду з'яўляецца Васіль Тышкевіч (Цішкевіч), што з ласкі вялікага князя Жыгімонта II Старога ў 1516 годзе атрымаў тытул графа і стаў ваяводам смаленскім, пазней – старастам менскім і пінскім. Пад канец жыцця лёс закінуў яго ў Супрасль, дзе ён і памёр у 1571 годзе. Сын Васіля Астафей пасяліўся ў Лагойску і з 1528 года становіцца ўладальнікам гэтага горада і маёнтка. Адсюль і пайшла дынастыя Тышкевічаў. У яго разгалінаваным родзе можна знайсці людзей самага рознага занятку: дзяржаўныя і ваенныя дзеячы, святары, суддзі, літаратары і інш.

У адносінах да рэлігіі Тышкевічы заставаліся даволі талерантнымі. Іх прыналежнасць да той ці іншай канфесіі часта дыктавалася найперш палітычнай сітуацыяй у краіне, а не ўласнымі глыбокімі перакананнямі. Тут трывалай сямейнай традыцыі не існавала. Спачатку яны вызнавалі праваслаўе, а адзін з шаснаццаці сыноў Юрыя Тышкевіча – Аляксандар – у 1609 годзе прыняў каталіцызм. Прыкладна ў гэты ж час Януш Тышкевіч (1570–1643) актыўна падтрымліваў Берасцейскую царкоўную вунію, і ў яго знайшлося нямала паслядоўнікаў. Былі ў гэтым родзе яшчэ і лютэране. Цяжка сёння вызначыць, якой царкве Тышкевічы аддавалі перавагу.

Рэдка якая палітычная, ваенная ці рэлігійная акцыя заставалася па-за ўвагай Тышкевічаў. Адзін з іх – Януш – яшчэ ў XVII стагоддзі вызначыўся ў баталіях з туркамі пад Хоцінам, быў паранены, але поля бою не пакінуў. Удзельнік вайны 1812 года Тадэвуш Тышкевіч меў чын генерала. Тышкевічы ўплывалі на ход вядомай Таргавіцкай канфедэрацыі (1792), як выявілася, выгаднай расейскаму царызму, а таксама засядалі на сейме ў Горадні, удзельнічалі ў іншых палітычных акцыях.

Роду Тышкевічаў у розны час на тэрыторыі Беларусі належалі Валожын, Маладэчна, Доры, Косіна, Астрашыцкі Гарадок… У некаторых уладаннях захоўваліся музейныя калекцыі (Астрашыцкі Гарадок, Вялае, Красны Двор, Ізабеліна). Шмат адораных людзей даў беларускай зямлі род Тышкевічаў: сярод іх былі эканамісты, архітэктары, мемуарысты, інжынеры, музыкі… Самы ж прыкметны след у духоўным жыцці беларускага народа пакінула лагойская лінія Тышкевічаў, а найперш браты Яўстах і Кастусь.

Рэкордам даўгавечнасці ў гэтым родзе вызначыўся Піус Тышкевіч (1756–1858), бацька вучоных. Атрымаўшы добрае хатняе выхаванне і скончыўшы менскую школу, ён прысвяціў сябе гаспадарчай дзейнасці, умацаванню эканамічнай рэнтабельнасці свайго графства. Поруч з клопатамі эканамічнага парадку П. Тышкевіч шмат рабіў дзеля адраджэння і памнажэння культурнай спадчыны ў родавым Лагойску. Гаспадар графства працягваў пісаць сямейную хроніку, істотна папоўніў хатнюю мастацкую галерэю, а таксама і без таго немалую бібліятэку. Спраўна вёўся архіў графства. Адораны музычна, ён арганізоўваў своеасаблівыя камерныя канцэрты. Бацька вучоных гожа іграў на скрыпцы і нават мог даць сольны канцэрт на папулярнай тады нямецкай файцы.

На гэтым захапленні графа не канчаліся. Будучы аматарам мастацтва, Піус Тышкевіч часта браў у рукі разец і падоўгу карпеў над драўлянай балванкай, пакуль яго спрактыкаваныя рукі не наносілі апошнюю рыску. Гэта мог быць нейкі бажок або мядзведзік ці козачка, словам, цацка дзецям для пацехі. Акрамя таго, граф умеў адмыслова інкруставаць столік, зрабіць прыгожую рамку для карціны з хатняй галерэі.

П. Тышкевіч вёў сямейны дзённік. Дарэчы, гэта стане прыкладам для пераймання яго сынам Кастусю і Яўстаху. Дбаў гаспадар лагойскай рэзідэнцыі, каб хораша глядзеўся не толькі інтэр'ер палаца, але і наваколле. Даводзіў да ладу стары парк, абнаўляў яго, абстаўляў неабходнай атрыбутыкай. У самім жа палацы на сценах красаваліся партрэты некаторых найбольш прыкметных асоб з лагойскай дынастыі. Першая жонка Піуса Тышкевіча – Людвіка з Серакоўскіх – цяжка хварэла і памерла ў маладым веку ў 1803 годзе. Другой жонкай графа стала Аўгуста Плятар (1782–1834), якая паходзіла са знатнага нямецкага роду, што здаўна асеў у Падзвінні, была культурнай свецкай дамай, хавальніцай даўніх традыцый. Прыйшоўшы ў новы дом, яна і тут не страціла добрых манераў цудоўнай маці, жонкі, дарадчыцы. А. Тышкевіч-Плятар нарадзіла трох сыноў: Канстанціна, Фларыяна і Яўстаха, а таксама дачку Паўліну. Ёсць звесткі, што яна прывезла ў Лагойск частку краслаўскага кнігазбору агульным лікам у тры тысячы тамоў на польскай, старабеларускай, французскай, лацінскай і іншых мовах. Яна не забывалася пра радавод Плятараў, ранні продак якіх недзе ў сярэднія вякі перасяліўся сюды ці не з Баварыі. З часам яго нашчадкі засвоілі традыцыі насельнікаў Падзвіння, а ўжо пазней лічылі сябе тутэйшымі. Нягледзячы на клопаты па выхаванні дзяцей, Аўгуста падзяляла мужава, а пазней і сваіх сыноў Кастуся і Яўстаха захапленне мастацтвам, зборам антыкварыяту, рукапісных кніг, дакументаў гісторыі і г.д.

Словам, хатняя атмасфера для будучых вучоных Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў як нельга лепш адпавядала выхаванню ў іх пачуцця павагі да скарбаў агульначалавечай культуры. Не ўсё ў іх тут было толькі беларускае, мясцовае. Наадварот, у гаспадароў Лагойскага графства, як і ў іншых арыстакратычных сем'ях, за гонар лічылася мець у хатняй галерэі нешта экзатычнае, прывезенае здалёку, каб здзівіць гасцей.

Паводле слоў пісьменніка і краязнаўца П. Шпілеўскага, у Лагойску мелася дзвесце карцін італьянскага жывапісу. У хатняй калекцыі знаходзіўся вялікі збор этрускіх вазаў, рэдкіх знаходак з Пампеі і Геркуланума. Захоўвалася тут багатая калекцыя ў 1140 адзінак манет і медалёў. Як пісаў той жа Шпілеўскі, гонарам сямейнага музея з'яўляліся два мініяцюрныя партрэты легендарнага караля Стэфана Баторыя {1} . Былі тут і старадаўнія рукапісы, гістарычныя карты, на якіх можна было адшукаць Барысаўшчыну і Меншчыну са старажытным Лагойскам. У тышкевічаўскім палацы як сяменная рэліквія ганаровае месца займаў крыж, падараваны ў 1514 годзе вялікім князем літоўскім Жыгімонтам II Старым касцёлу ў мястэчку Гайна. У анфіладах хатняй экспазіцыі дэманстравалі Тышкевічы сваім гасцям падарункі і іншых знакамітых асоб даўняй беларускай дзяржавы, асабліва тых, хто воляй лёсу апынуўся ў Лагойску.

Акрамя гэтага госці маглі пабачыць старадаўнія кальчугі, латы, шчыты, бердышы, коп'і, мячы {2} . Сярод экспанатаў музея ў Лагойску немалое месца займала амуніцыя, якой карысталіся ў часе вайны 1812 года. З пашанай тут прымалі Плятараў, Ржэвускіх, Слізеняў, Дадэркаў, Кастравіцкіх, Ходзькаў, Прушынскіх, Яленскіх…

Маці Кастуся і Яўстаха Тышкевічаў памерла на 48-м годзе жыцця, у 1834 годзе. Зноў заўдавеў іх яшчэ моцны здароўем бацька, але больш не жаніўся. Невысокі, у даўгаватым жупане, заўсёды рухавы, гаваркі, з сівымі валасамі, што так упарта тырчалі на галаве вакол вялікай лысіны, ён чымсьці нагадваў старасвецкага манаха-кніжніка. Стары граф на схіле гадоў усё часцей садзіўся за рабочы стол, каб не ўпусціць чаго і весці працяг сямейнай хронікі. Дапамагаў сваім сынам у археалагічных раскопках, не раз быў саўдзельнікам добрых пачынанняў Кастуся і Яўстаха, асабліва калі старэйшы сын заклаў фабрыку льняных і баваўняных вырабаў. Бацька ж адразу адабраў для экспазіцыі першыя вытканыя паясы, сурвэткі, абрусы, ручнікі. Гэта быў 1837 год. Сваім падзвіжніцтвам, энергіяй і, галоўнае, умельствам патрыярх двара пакараў многіх. І вось выпадак, якога не ведала гісторыя Беларусі, – у стогадовым узросце П. Тышкевіч выбіраецца ганаровым сябрам Віленскай археалагічнай камісіі. Гэта было прызнанне заслуг і падзяка за ўсе старанні на доўгім шляху жыцця.

Ніколі не страціцца і не забудзецца імя яго сына, знакамітага археолага, этнографа, краязнаўца і фалькларыста Яўстаха Тышкевіча, які нарадзіўся ў Лагойску 6 (18) красавіка 1814 года.

Маленства будучага даследчыка беларускіх старажытнасцей прайшло ў цэнтры колішняга ўдзельнага княства. Бадай што кожная эпоха пакідала на гістарычнай памяці Лагойска свае зарубкі, і гэта вельмі захапляла малалетняга Яўсташку і крыху старэйшага яго брата Кастуся. Пра многае яны чулі з вуснаў свайго бацькі, на той час ці не галоўнага захавальніка мясцовай спадчыны. Расказы бацькі былі і першай школай гістарычнага выхавання. Сыны задавалі яму пытанні пра высокія земляныя валы, што па перыметры акаймоўвалі графскі двор.

…Вочы хлопца выхапілі сярод звычайных узвышшаў чароўныя ўзгоркі круглявай формы, калі ехаў з бацькам у Красны Двор.

– Што гэта?

– Курганы.

– Для чаго яны?

– Там людзі пахаваныя.

– Чаму не ў звычайных магілах?..

Пытанні, пытанні, пытанні… Не на ўсе і бацька мог адказаць, але пазней ён сам на іх знойдзе адказы, праяўляючы пры гэтым зайздросную настойлівасць. А пакуль што малы Яўсташка вучыўся ў Лагойску. Сябраваў са сваімі сялянскімі аднагодкамі, і дарога ад бацькавага палаца да хаты тутэйшага мужыка была для яго адкрытай. З гэтымі хлапчукамі ён не раз узнімаўся на Паненскую гару, адкуль добра праглядваюцца далёкія ваколіцы Лагойска. Найвесялейшым святам для хлопцаў было Купалле. Яго абрады нараджалі новыя пытанні. Чароўная Гайна з начнымі рытуальнымі вогнішчамі, з песнямі, скокамі, легендамі і паданнямі навучыла любіць і паважаць любы край, светлых розумам людзей, галасістых пяюх. Спакваля адбывалася духоўнае фармаванне будучых дзеячаў беларускай навукі.

Пасля пачатковай адукацыі Яўстах Тышкевіч у 1824 годзе адправіўся вучыцца ў гімназію ў Вільню, бліжэй да славутага ўніверсітэта. Трапіўшы ў сцены тутэйшых навучальных устаноў і на гулкія вуліцы старасвецкага эўрапейскага горада з вялікімі культурнымі традыцыямі, кожны тут нібы сталеў, набіраўся інтэлектуальнай культуры. Асаблівую патрэбу жыць і вучыцца ў гістарычнай Вільні мела моладзь, у якой былі задаткі да самавыяўлення. Тут сцвердзілі сябе ў навуцы і літаратуры такія дзеці зямлі беларускай, як Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Адам Сузін… На жаль, у 1824 годзе іх ужо ў Вільні не было. Іх адправілі ў глыб Расеі, за тысячы вёрстаў ад дому, але як легенда жыла сярод моладзі памяць пра разагнанае ўладамі таварыства філаматаў і філарэтаў. Яго дух чараваў душы малодшых спадкаемцаў. Успаміналі, як філарэты збіраліся за горадам, спявалі беларускія песні, дэкламавалі вершы. У Вільні над юнаком з Лагойска апекаваўся, напэўна па пратэкцыі бацькоў, прафесар універсітэта Ян Вашкевіч. Рабіў уплыў на яго і прафесар гісторыі Казімір Асмольскі ды іншыя дасведчаныя людзі. Праз нейкі час Я. Тышкевіч спыняе вучобу ў Вільні і па невядомых нам прычынах пераводзіцца ў Менскую гімназію. І хоць сам Менск ніколі раней не быў цэнтрам навукі, але пра мясцовую гімназію гаварылі і пісалі з павагай як пра асяродак перадавой грамадска-дэмакратычнай думкі. Закончыў ён гэтую навучальную ўстанову ў 1831 годзе.


На казённай службе

Людзі высокага стану, да якога належаў Я. Тышкевіч, звычайна працягвалі вучобу ва ўніверсітэтах. Праўда, прэстыжны для беларускай моладзі Віленскі ўніверсітэт быў зачынены, а таму многія юнакі кіраваліся ў Іншыя цэнтры навукі. Яўстах паехаў у Пецярбург. Але па невядомай нам прычыне ва ўніверсітэт не пайшоў і, кажучы словамі беларускага паэта Вінцэся Каратынскага, ён сам «уласнымі рукамі назапашваў вялікія скарбы гістарычнай навукі». Правінцыяла ўразіла высокая культура горада на Няве, не толькі яго архітэктура, але і тэатры, бібліятэкі, музеі, асабліва знакамітая кунсткамера.

Малады граф з Беларусі цэлыя дні праводзіў за чытаннем кніг у славутай імператарскай бібліятэцы. Ішло самастойнае «дабіранне» ведаў у гуманітарных навуках: гісторыі, археалогіі, філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі, літаратуры, філасофіі, мастацтвазнаўстве, археаграфіі. Ён чытаў працы К. О. Мюлера, М. М. Карамзіна, М. П. Пагодзіна, М.І.Надзеждзіна, М. В. Ламаносава. Жывой рэальнасцю былі для яго імёны, а магчыма, і галасы А.Міцкевіча, А. С. Пушкіна, М. В. Гогаля, П. А. Вяземскага, Я. Баршчэўскага.

9 снежня 1833 года Я. Тышкевіч пачынае службу ў даволі прэстыжнай установе Расейскай імперыі – ордэнскім капітуле, які падпарадкоўваўся толькі цару і сенату. Штат тут быў невялікі, і кожны супрацоўнік займаўся сваёй канкрэтнай справай. Вядома ж, наш зямляк займаў пасаду не першаступеннай важнасці, але ўсё ж працаваў сярод саноўных асоб. Пры яго ўдзеле афармляліся дакументы на ахрыманне царскіх узнагарод (Белага Арла і св. Станіслава), а таксама імператарскіх (св. Андрэя Первазваннага, св. Кацярыны, св. Аляксандра Неўскага, св. Георгія Пабеданосца, св. Уладзіміра і св. Ганны). Не больш двух гадоў правёў Я. Тышкевіч у гэтым аўтарытэтным ведамстве Расеі, затым апынуўся «па-за яго штатам» {3} .

Малады Тышкевіч з Пецярбурга едзе ў Вільню на месца новага прызначэння – у канцылярыю генерал-губернатарства. Скупыя архіўныя звесткі не раскрываюць сутнасці ягонага занятку на гэтай службе. Не паспеў ён як след тут абжыцца, як атрымлівае новае службовае прадпісанне і накіроўваецца ў Харкаў, дзе знаходзіцца ў свіце мясцовага генерал-губернатара. Выконвае пэўныя даручэнні і не раз выязджае ў Чарнігаў, Палтаву, Нежын, Канатоп, Любацін, Андрэеўцы. Даспадобы яму прыйшлася багатая бібліятэка Харкаўскага ўніверсітэта. Там Я. Тышкевіч правёў нямала шчаслівых гадзін за чытаннем даўніх фаліянтаў, прадаўжаў самаадукацыю, штудзіраваў літаратуру па старажытнай гісторыі. Паступова ён наладжваў сувязі з прафесурай, з мясцовымі навуковымі сіламі, асабліва ў галіне археалогіі.

Летам жа, як звычайна, Я. Тышкевіч адпраўляўся дамоў, каб весці раскопкі курганоў. А потым зноў вяртаўся ў Харкаў з новымі для сябе загадкамі археалагічных знаходак. Звяртаўся да гісторыкаў-старажытнікаў па кансультацыі, але належнага адказу не атрымліваў. Пісаў адэскім археолагам – іх тлумачэнні таксама не задавальнялі. Як і дагэтуль, яму заставалася задаваць пытанні сабе і самому на іх адказваць, арыентавацца на ўласны вопыт і на сваю інтуіцыю. Ён зноў садзіўся за кнігі. Я. Тышкевіч супастаўляе свае знаходкі з адпаведнымі матэрыяламі, выяўленымі пры раскопках у іншых месцах, і бачыць паміж імі істотную розніцу. Яго хатняя калекцыя знаходак паступова папаўняецца. Энтузіясту навукі хацелася глыбей заняцца гэтай праблемай, даць адказ на загадкі старонак гісторыі, прасачыць арэал аднатыпных помнікаў.

Бываючы дома, Я. Тышкевіч не прамінае магчымасці пайсці ў чарговую археалагічную разведку, а яшчэ пабываць на вясковых святах, пачуць песні, пабачыць танцы, паназіраць за паводзінамі сельскай моладзі. Не раз і сам ішоў у скокі, і атрымлівалася ў яго гэта вельмі хвацка, нават прыцягвала ўвагу мясцовых хлопцаў і дзяўчат. А на званых вечарах людзей свайго кола Яўстах, як і належыць графу, многіх зачароўваў элегантным выкананнем вальса, мазуркі – і мог тут жа пакарыць сваёй віртуознасцю, выконваючы народны танец, прадэманстраваць суладнасць рытмаў. Што ж, маладому веку маладыя захапленні. Вось толькі з жаніцьбай у яго так нічога і не выйшла. Выпала яму аднаму свой век векаваць.

Да 1840 года Я. Тышкевіч заставаўся ў штаце канцылярыі Харкаўскага генерал-губернатара. Іншых перамяшчэнняў па службе архіў не зафіксаваў. Ёсць толькі глухія звесткі, што ў адпаведнасці са сваімі штатнымі абавязкамі Яўстах не раз выязджаў у розныя гарады паўночна-ўсходняй Украіны. Дзеля адсутнасці архіўнай інфармацыі не ўсё мы ведаем пра гэты этап яго жыцця. Аднак жа вядома, што ён падае ў адстаўку і вяртаецца на Лагойшчыну. Не выключана, што маладога графа «падціскалі» і клопаты за свой маёнтак Антанопаль {4} .

У далейшым Я. Тышкевіч рэдка калі ўскладаў на сябе чыноўніцкія абавязкі. Паездзіўшы па свеце, ён яшчэ больш захапіўся навуковымі даследаваннямі, а таксама прывядзеннем у парадак хатніх калекцый, якія датычылі старажытнай гісторыі краю. Штолета Я. Тышкевіч праводзіць археалагічныя экспедыцыі. Разам з бацькам і старэйшым братам ён рупіўся, каб як найрацыянальней падаць у пакоях лагойскага палаца матэрыялы раскопак, а таксама асобных знаходак, дарункаў сяброў. Іх стараннямі стваралася арыгінальная экспазіцыя і спакваля вымалёўваўся вобраз сапраўднага музея, які па вартасці потым ацэньвалі самыя розныя госці, у тым ліку А.Кіркор, П. Шпілеўскі, І.Крашэўскі. Найбольшым святам для сямейства Тышкевічаў стаў 1842 год – год адкрыцця іх хатняга музея.

Я. Тышкевіч-краязнавец у сваіх даследчыцкіх пошуках пакуль што не выходзіў за межы Цэнтральнай Беларусі. Толькі цяпер зрэдку час ад часу ён наязджаў у Пецярбург, Маскву, Кіеў, Варшаву, Кракаў. Навуковыя кантакты пашыраліся, кола знаёмых расло. Вакол яго групуюцца такія краязнаўцы, як І.Жаба, І.Слізень, В. Твардоўскі, К. Тышынскі, М. Чарняўскі і іншыя.

Усё ж казённая служба пра Яўстаха «не забывалася». Праз нейкі час ён прапанаваў сваю кандыдатуру на пасаду ганаровага наглядчыка навучальні Барысаўскага павета і атрымаў згоду з боку апекуна Беларускай вучэбнай акругі {5} . Яму не хацелася лічыцца толькі на словах ганаровым куратарам, і далейшай практыкай ён даказаў сваю адданасць роднаму краю. Першым жэстам гуманнасці новага наглядчыка стала перадача ім у 1848 годзе пабудаванага на ўласныя сродкі памяшкання Барысаўскай павятовай навучальні {6} . Ён жа клапаціўся пра побыт педагогаў і выхаванцаў. Гэтая акцыя Я. Тышкевіча, напэўна, была заўважана і па заслугах ацэнена сучаснікамі. Ён быў абраны маршалкам [1]1
  Маршалак (у часы знаходжання Беларусі ў складзе Расейскай імперыі) – прадвадзіцель (кіраўнік) павятовага або губернскага дваранства (шляхты).


[Закрыть]
шляхты Барысаўскага павета. Паводле грамадскай апініі, прызначаецца куратарам Менскай гімназіі, над якой малады граф апекаваўся з 1848 да 1854 года. І тут ён стараўся палепшыць матэрыяльны стан вучняў і настаўнікаў.

Пераезд Я. Тышкевіча ў Менск адкрываў перад ім новыя перспектывы актыўнай навуковай дзейнасці, магчымасць папрацаваць у мясцовых архівах, заняцца іканаграфіяй, мастацтвам, а найперш археалогіяй.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю