Текст книги "Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч"
Автор книги: Генадзь Каханоўскі
Соавторы: Аляксандар Каханоўскі
Жанры:
История
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)
Віленскі музей старажытнасцей
Пасля таго як дазвол на адкрыццё Віленскага музея старажытнасцей быў атрыманы, Я. Тышкевіч праводзіць сход актывістаў і прыхільнікаў краязнаўча-музейнай справы. На ім выбіраюцца кіраўнічыя органы, правадзейныя і ганаровыя сябры Віленскай археалагічнай камісіі, якія павінны былі ўзяць на сябе вялікі аб'ём работы ў падрыхтоўцы музея да адкрыцця. Пад музей была аддадзена старадаўняя ўніверсітэцкая зала Аўла, сама архітэктура якой адпавядала яе новаму прызначэнню. Дадатковым памяшканнем для захавання фондаў музея заставаўся і ранейшы дом, арандаваны ў Рафала Тышкевіча.
Браты Тышкевічы ўзяліся за справу: перавозілі з Лагойска свае археалагічныя калекцыі, кніжныя фаліянты, нумізматычныя зборы і інш. Спісваліся з сябрамі, агітавалі іх ахвяроўваць свае зборы музею. Абодва яны рабілі прыкідку будучай экспазіцыі, складалі яе план. Заўважыўшы, што фрэскі мастака Ф. Смуглевіча ў зале не будуць пасаваць па тэматыцы, запрасілі новых мастакоў, якія здымалі ранейшыя роспісы і рабілі новыя. У адпаведнасці з запланаванай экспазіцыяй на месцы майстраваліся подыумы і іншая мэбліроўка. Для яе выканання запрасілі выдатных сталяроў з-пад Менска. Перад уваходам у музей умацоўваліся гербы чатырох губерняў: Віленскай, Менскай, Гарадзенскай і Ковенскай – Вільня з'яўлялася цэнтрам генерал-губернатарства ўсёй гэтай тэрыторыі.
Археалагічная камісія, якая працавала пры музеі, спрыяла падрыхтоўцы адкрыцця першай экспазіцыі. Амаль кожны з вучоных і актывістаў-краязнаўцаў лічыў за гонар дапамагчы сваім калегам у адказны момант нараджэння музея. Усіх іх гуртавала і аб'ядноўвала творчая і самаахвярная натура Я. Тышкевіча. Менавіта ён быў абраны старшынёй Віленскага музея старажытнасцей і Віленскай археалагічнай камісіі. Віцэ-старшынёй адзінагалосна зацвярджаюцца М. Балінскі, а вучоным сакратаром – М. Круповіч [4]4
Правадзейнымі сябрамі сталі Т. Нарбут, І.Крашэўскі, І.Ходзька, П. Кукальнік, А.Кіркор, М. Гусеў, А. Здановіч, І.Ярашэвіч, М. Гамаліцкі, дабрачынцамі музея – К. Тышкевіч, М. Тышкевіч, Р. Тышкевіч, Р. Тызенгаўз, М. Чапскі, А. Слізень, К. Вайніловіч, А. Скірмунт, К. Незабытоўскі і інш. Ганаровымі сябрамі абралі К. Снітку, А. Тышынскага, К.Цівінскага і інш., а сябрамі-супрацоўнікамі сталі І.Кулакоўскі, Т.Ліпінскі, А. Завадскі, А. Адамовіч і інш. Спіс гэты пазней папаўняўся. Кожнаму з іх выдаваўся дакумент сябра Археалагічнай камісіі, што дазваляла ім весці навукова-даследчыцкую працу, выязджаць у экспедыцыі, наведваць бібліятэкі і весці пошукі ў архівах.
[Закрыть].
У склад супрацоўнікаў будучага музея старажытнасцей запрашаліся кампетэнтныя людзі з веданнем мясцовай гісторыі, археалогіі, фальклору, архітэктуры, этнаграфіі, археаграфіі, літаратуры, мастацтва. На пасяджэннях камісіі Я. Тышкевіч вёў сябе даволі дэмакратычна, даючы слова ўсім, хто пажадае выступіць, цярпліва выслухоўваў усе крытычныя заўвагі. Ва ўсіх справах музея і камісіі ў яго першым дарадчыкам быў старэйшы брат Канстанцін. Апошні дапамагаў яму і грашыма, калі выдаткі на ўтрыманне музея ўзрасталі, асабліва на правядзенне экспедыцый.
Часта браты Тышкевічы бывалі ў Лагойску, дзе яшчэ жыў састарэлы бацька. Па дарозе дамоў праз Меднікі, Ашмяны, Маладэчна, Краснае яны не раз заязджалі ў Дзякшняны, што каля Радашковічаў, дзе іх ветліва сустракала стрыечная сястра Ядзвіга {16} , якая была замужам за Валадковічам. Тут стомленыя дарогай браты Тышкевічы заўсёды маглі адпачыць, а калі трэба, то і падладзіць брычку ці вазок. Сястра вельмі спрыяла ім у іхніх пошуках і разам са сваім мужам адорвала гасцей якой-небудзь музейнай знаходкай.
Віленскі музей старажытнасцей амаль штодня папаўняўся новымі матэрыяламі. Яны ішлі з розных куткоў Беларусі. Бярэм у рукі «Уліковы каталог прадметаў…» і пераконваемся ў тым энтузіязме, з якім ахвяравальнікі даравалі сямейныя рэліквіі. Геаграфія прысланых прадметаў вельмі шырокая: Менск, Магілеў, Віцебск, Ворша, Наваградак, Крэва, Ліда, Горадня, Пінск, Паставы, Браслаў…
Паводле інвентара Віленскага музея, тут значацца камень з выбітым крыжам з Менскай губерні, царкоўны паднос з адлюстраваннем крыжа. Адносіцца ён да 1638 года, знойдзены каля Радашковічаў. Сярод рэліквій ёсць і звон, які адшуканы ў вёсцы Навадніца Гарадзенскай губерні, з надпісам: «В лето 6000-е 9 сот 28-е создан бысть сей святой Троицы повелением раба Божего пана Шедибора Валимонтовича, а мастер Устьек», і нават надмагільны камень: «Во истину преставился Остафей Васильевич Тишкевич. 1558» з паметкай, што знойдзены гэты помнік ля старажытнай царквы ў Лагойску {17} . Сярод экспанатаў, што паступілі на адрас музея, былі слязніца ад Янкоўскага з Ігуменскага павета, пацеркі, бранзалеты, завушніцы з курганоў Лепельшчыны ад М. Кусцінскага, зноў пацеркі, толькі ўжо з Бельскага павета, ад нейкага Янушкевіча. Дзве пацеркі з сіняга шкла перадаў паэт У. Сыракомля, ён знайшоў іх на месцы раскопак старажытнага горада Кернова {18} . Вельмі цікавыя калекцыі пячатак займала ў музеі асобнае месца. Сярод гэтых рэліквій значацца пячаткі Куцеінскага манастыра, Супрасльскай лаўры, Забельскай дамініканскай гімназіі, Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, Віцебскай гімназіі, вялікая колькасць знакаў нумізматыкі.
Сярод геаграфічных назваў у кнізе ўліку новых паступленняў значацца і маленькія Кушляны Ашмянскага павета. У ваколіцах гэтай мясцовасці шукаў для музея рэліквіі віленскі гімназіст Францішак Багушэвіч. Шаснаццацігадоваму юнаку трапіліся старажытныя акамянеласці, славянскі гадальнік, даўні крыжык і інш. Усё гэта ён прынёс ва ўніверсітэцкі будынак Аўла. Іх прыняў Маўрыкій Круповіч і Адам Кіркор. Не выключагіа, што там Францішак сустрэў і Я. Тышкевіча. Відаць, менавіта ад прызнанага паэта Ўладзіслава Сыракомлі будучы беларускі адраджэнец Ф. Багушэвіч атрымаў падзяку і запрашэнне на адкрыццё музея.
Была сярод музейных рэдкасцяў статуэтка з бронзы. Даставіў яе ў музей А.Кіркор і падпісаў пад экспанатам «Мільда» – багіня кахання. Другую статуэтку прывёз Я. Тышкевіч. Яе навуковую ацэнку зрабіў і Т. Нарбут. Яны абое прыйшлі да агульнай думкі, што гэта вандэлотка, г. зн. жрыца. Знаходкі ў музей паступалі самыя розныя: ад індыйскай статуэткі і кітайскага бажка да крэўскай пячаткі і польскага сыгнета. Сам Я. Тышкевіч ахвяраваў уласную бібліятэку з трох тысяч кніг, а таксама археалагічную калекцыю з дзвюх тысяч адзінак захавання. Вялікую колькасць экспанатаў са свайго лагойскага музея перадаў і брат Канстанцін. Пра першыя крокі музея пісала прэса, і гэта «падагравала» ў людзей цікавасць да новай навукова-культурнай установы. Ужо ў першыя два гады ў каталогу зарэгістравана было дзесяць тысяч музейных прадметаў. Гэта поспех! Нават наш сучаснік-калекцыянер, які ведае цану кожнаму здабытаму экспанату, не можа недаацэньваць стараннай працы далёкага папярэдніка. Перад Яўстахам Тышкевічам паўстала праблема, дзе ўсё гэта падзець. І хоць усе пакойчыкі былі запоўненыя, ніводнага прадмета не адаслалі назад. Уладальнік кожнага з іх атрымліваў падзяку і запрашэнне наведаць музей пасля яго адкрыцця. Праўда, разам з матэрыяламі беларускага паходжання трапляліся і «імпартныя», што, зразумела, нейкім чынам «размывала» самабытнасць, патрабавала ад супрацоўнікаў пільнай увагі, каб не зблытаць мясцовае з завезеным.
Штолета выпраўляліся экспедыцыі, каб папоўніць музей гістарычна важнымі матэрыяламі. Сярод сябраў Віленскай археалагічнай камісіі амаль нікога не было летувіскай нацыянальнасці, таму і даследаванні вяліся ў асноўным на тэрыторыі Беларусі. Нават у Ковенскай губерні абследавалася яе паўночна-ўсходняя частка, дзе жыло пераважна беларускае насельніцтва. З такіх рэгіёнаў, як Жамойція і Дзукія, матэрыялаў паступала вельмі і вельмі мала. Ішлі знаходкі з Віленскага павета, дзе летувісаў пражывала тады толькі каля двух адсоткаў, з Троцкага павета, дзе іх было некалькі больш. Прыкладна такой была тады і «расстаноўка» навуковых сіл у Вільні. Сам Я. Тышкевіч ды ўсе яго калегі лічылі гэта натуральным і пытанне аб «дыскрымінацыі» не ўзнікала.
У канцы года на пасяджэнні Віленскай археалагічнай камісіі кожная экспедыцыя рабіла сваю справаздачу, аформіўшы яе ў выглядзе рэфератыўнага даклада. Рэчавы матэрыял паступаў у музей, а самі рэфераты змяшчаліся ў «Записках Виленской Археологической комиссии», якія выходзілі штогод. У абмеркаванні вынікаў праведзеных экспедыцый удзельнічалі многія сябры камісіі, але найбольш чынны ўдзел браў Я. Тышкевіч. Ён жа даваў устаноўкі і на наступны год. Тут вучоны зыходзіў з уласнага вопыту, а таксама з дзейнасці падобных арганізацый іншых краін.
Самым урачыстым для музея і Археалагічнай камісіі стаў дзень 1856 года, калі сабраўся народ на адкрыццё першай экспазіцыі. Прыехалі сюды і тыя, хто слаў свае экспанаты, ганаровыя госці з Вільні і іншых гарадоў Беларусі. Усім уручаўся спецыяльна напісаны верш-лісток У. Сыракомлі на памяць пра адкрыццё музея. Людзей сабралася нямала. Да ўсіх прысутных звярнуўся арганізатар і стваральнік Віленскага музея старажытнасцей, яго кіраўнік Яўстах Тышкевіч, які адзначыў важнасць гэтай падзеі для адраджэння гісторыі і культуры края. У гэты дзень ён быў у самым найлепшым настроі – ажыццявілася яго даўняя мара. Ён прымаў віншаванні гасцей, новыя ахвяраванні для музея і не ведаў, што радасць гэтая будзе нядоўгай.
Пасля свята – зноў упартая праца. Ішла яна без асаблівых бедаў, але цяжкасцяў хапала. Па-ранейшаму ўсе арганізацыйныя клопаты браў на сябе Я. Тышкевіч, які хадзіў да розных сталаначальнікаў Вільні, да выдаўцоў, у цэнзурны камітэт. Яго аўтарытэт вучонага дапамагаў музею, і ўсе астатнія супрацоўнікі маглі поўнасцю аддацца навуковай справе. Рэгулярна праходзілі паседжанні Археалагічнай камісіі, на якіх чыталі рэфераты, ацэньвалі новыя паступленні ў музей, планаваліся чарговыя экспедыцыі. А.Кіркор рыхтаваў каталогі музея. Збіраліся матэрыялы для наступных выданняў «Запнсок Внленской Археологнческой комнсснн».
Навуковая дзейнасць музея набыла дастаткова шырокі розгалас. Пра яе чулі ў Маскве, Кіеве, Кракаве, Адэсе… У 1862 годзе ў Вільню прыязджаў ужо тады прызнаны гісторык М.І.Кастамараў (1817–1885). Ён сустракаўся з Я. Тышкевічам, А.Кіркорам, У. Сыракомлем, А. Адынцом, М. Маліноўскім. З гутарак з імі госць вынес цяжкае ўражанне ад іх нялёгкага жыцця: «Гэта кола літаратараў было ў няласцы ў тагачасных польскіх патрыётаў, якія глядзелі на іх, як на здраднікаў агульнай справе» {19} . Пра Я. Тышкевіча зазначыў: «Гэта быў старамодны чалавек з лысай галавою і меў на выгляд гадоў 60…»
Навуковая грамадскасць прызнала заслугі Я. Тышкевіча, абраўшы яго ў 1859 годзе ганаровым сябрам Пецярбургскай Акадэміі навук. Вучоны дзякаваў за аказаны яму высокі гонар Д. М. Блудава: «Міласцівы гасудар, граф і Дзмітрый Мікалаевіч. Маю шчасце ад 5 студзеня за № 5 атрымаць дыплом на званне Ганаровага сябра імператарскай Акадэміі навук, спяшаюся прынесці вашаму сіяцельству і ўсяму вучонаму саслоўю Акадэміі шчырую падзяку за надзвычай высокі зроблены гонар і прыемную ўвагу да пасільнай маёй працы і імкненняў на карысць грамадскую. Маю гонар пакорнейша прасіць ваша сіяцельства прыняць завярэнне ў маёй высокай павазе і паўнейшай адданасці. Гр. Я. Тышкевіч» {20} .
…Настаў 1863 год. Выбухнула паўстанне, якое пачалося ў Польшчы, але, як і ў 1830 годзе, польская шляхта нядоўга супраціўлялася расейскай арміі і ўвесь цяжар руху перамясціўся на ўсход, у Беларусь, дзе актыўнасць атрадаў інсургентаў адзначалася яшчэ і ў 1864 годзе. У гэтым была выключная заслуга Кастуся Каліноўскага. Думы правадыра беларускага паўстання былі блізкія і многім супрацоўнікам музея, сябрам Археалагічнай камісіі.
Віленская казённая адміністрацыя разглядала музей старажытнасцей як адзін з цэнтраў «польскай інтрыгі» і па загаду генерал-губернатара М. М. Мураўёва ў 1864 годзе ён фактычна быў зачынены. Спыніла сваю дзейнасць і Віленская археалагічная камісія. Замест яе працавала іншая – «Комиссия для разбора и приведения в известность и надлежащий порядок предметов, находящихся в Виленском музеуме древностей». У інспіраваную М. М. Мураўёвым камісію былі ўключаны І.П. Карнілаў – папячыцель навучальнай акругі, М. В. Глебаў-Стрэшнеў – сваяк М. М. Мураўёва, П. А. Бяссонаў – дырэктар навучальні, фалькларыст і этнограф, М. Ф. Гарбачэўскі – архіварыус, а таксама А. Р. Пшчолка – настаяцель сабора. На пасяджэннях камісіі не раз прысутнічаў цывільны губернатар С. Ф. Панюцін. Усе яны былі прыхільнікамі пецярбургскай арыентацыі. Дзеля прыліку ў склад гэтай «світы» ўключылі і самога Яўстаха Тышкевіча, аднак з яго думкамі ніхто не збіраўся лічыцца. Кіраваў камісіяй А. Д. Сталыпін, бацька вядомага Пятра Сталыпіна, міністра ўнутраных спраў, старшыні савета міністраў. Цікавасць да работы камісіі праяўлялі і нават прысутнічалі пры разборах матэрыялаў музея грамадзянскі губернатар С. Ф. Панюцін, адзін з самых першых гісторыкаў паўстання 1863–1864 гадоў В. Ф. Ратч, палкоўнік П. В. Баброўскі.
Да ўсяго меў дачыненне ў краі сатрап Мураўёў, даваў ён указанні і па рэарганізацыі музея, каб тут надалей былі «живые свидетельства искони присущей здешнему краю русской жизни». Для пяцідзесяцігадовага Я. Тышкевіча гэта азначала крах яго надзей. На яго вачах экспанаты музея «рэвізавалі» і як «шкодныя» адпраўлялі ў Маскву. Але і гэта яшчэ не ўсё. Бадай, найбольшую крытыку вытрымаў вядомы вучоны з боку польскіх экстрэмістаў, якія абвінавачвалі яго як кіраўніка музея і Археалагічнай камісіі ў самых розных грахах. Словам, ён атрымліваў удары як справа, так і злева.
Я. Тышкевіч вельмі перажываў за ўнікальныя музейныя калекцыі, з якімі ўлады паступалі бесцырымонна. Супрацьстаяць гэтай афіцыёзнай кампаніі місіянераў было проста бессэнсоўна, і ён прымае рашэнне зняць з сябе паўнамоцтвы куратара-кіраўніка музея. З вялікім болем у душы археолаг у 1865 годзе пакідае Вільню і пасяляецца ў невялікім мястэчку Біржы, якое належала яго сваяку Язэпу Тышкевічу, таксама археолагу. Сум па музейнай справе, заняпад грамадскага жыцця пасля задушэння паўстання, закрыццё некаторых перыядычных выданняў, паўсюдная русафобія – усё гэта канчаткова выбіла Я. Тышкевіча з каляіны нармальнага жыцця. Не вельмі ўзрадавала яго і вестка аб пераглядзе рашэння мураўёўскай камісіі і вяртанні з Масквы ў Вільню вывезеных экспанатаў. Назад трапілі далёка не ўсе прадметы, толькі 206 адзінак захавання. Не вярнулася, напрыклад, унікальная аршанская кальчуга са славянскімі пісьмёнамі. Яна і да сённяшняга дня экспануецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве.
Я. Тышкевіч зразумеў, што больш яму не давядзецца вярнуцца да музейнай дзейнасці. Частка яго збораў з Віленскага музея старажытнасцей пазней трапіла ў калекцыю польскага этнографа З. Глогера, а потым у Нацыянальны музей у Варшаве. Толькі невялікая частка з тых калекцый засталася ў Вільні. Нават не дасведчанаму ў гэтых справах чалавеку было зразумела, што тут задумана стварыць фактычна новы музей паводле мураўёўскага ўзору. Неўзабаве так яно і здарылася. Толькі дзякуючы старанням беларускага археолага І.Луцкевіча частка Тышкевічавых збораў увайшла ў фонд Беларускага нацыянальнага музея ў Вільні (1921–1945). У пасляваенны час новымі ўладамі тыя калекцыі былі падзеленыя і трапілі ў розныя музеі Летувы, а старыя супрацоўнікі рэпрэсіраваныя {21} .
Раскрываючы таямнічасць курганоў
Як ужо гаварылася, Я. Тышкевіч з дваццацігадовага ўзросту апынуўся ў палоне захаплення археалогіяй. Начытаўшыся пра загадкі старажытнага свету, ён вырашыў грунтоўна разабрацца ў тыпах помнікаў на нашай зямлі, высветліць, ці ёсць тут якая заканамернасць і сувязь з культурай плямёнаў, што жылі на тэрыторыі Беларусі, і пачаў, як і большасць археолагаў, з даследаванняў курганоў. Я. Тышкевіч вёў іх раскопкі самым прымітыўным спосабам, ён нібы капаў траншэю, а як толькі дасягаў пэўнай глыбіні, асцярожна здымаў слой за слоем, пакуль не выяўляліся астанкі чалавека. Яўстах Тышкевіч хутка пераканаўся ў бесперспектыўнасці свайго метаду і стаў прымяняць новы, а менавіта перакрыжаваны. Не выключана, што такі метад ён мог пераняць у іншых вучоных, а магчыма, гэта было падказана ўласнай практыкай.
Нешта падобнае назіралася і ў публікацыях Я. Тышкевіча. Самыя раннія з іх грашылі прымітыўным апісальніцтвам, былі без высноў, без ацэнак. Аднак з гадамі да вучонага прыходзіў вопыт, разважанні яго сталі глыбейшымі, а самае галоўнае, ён абапіраўся на фактычны матэрыял, стаў больш упэўненым у сваіх заключэннях.
Нагадаем, як у першай публікацыі «Пра магілы ў Менскай губерні і Літве» ён пісаў пра знаходкі ў курганах і будаваў свае высновы на інтуіцыі. Эмоцый у аўтара хапала, а вось лагічнага, адэкватнага выяўленым прадметам заключэння не было.
Раскапаўшы дзесяткі курганоў, углядаючыся ў старажытны абрад пахавання, Я. Тышкевіч шукаў самыя нязначныя адрозненні. І ў сваёй ранняй публікацыі прыйшоў да вываду пра аднатыпнасць пахаванняў і што «магілы (курганы. – Г.К. і А.К.) гэтыя былі насыпаныя тады, калі ўжо спыніўся абрад спальвання целаў, г. зн. у пачатку ўвядзення хрысціянства». Развіваючы гэтую думку, Я. Тышкевіч піша пра характэрныя прыкметы той пары, а менавіта пра тое, што пасудзіна ў якасці «слязніц» ставілася каля галоў нябожчыкаў, а вуголле клалі пад целы памерлых дзеля іх захавання. Так, малады археолаг даследаваў курганы розных часоў, ужыўшы метад тыпалагізацыі.
Найбольш разнастайныя знаходкі былі ў жаночых курганах. Яны таксама служылі арыенцірам для характарыстыкі старажытнай эпохі.
Я. Тышкевіч пастаянна шукаў, вучыўся, сумняваўся, даказваў. Практычна ён перачытаў усю гістарычную літаратуру, якая датычыла гэтага пытання, напрыклад, «Кнігу вялікаму чарцяжу, або старажытную карту Расейскай дзяржавы» (1838) насуперак розным тагачасным аўтарытэтам лічыў павярхоўнай і шмат у чым памылковай, хоць яна была значна лепшая за аналагічныя ранейшыя выданні. На карце старажытнай Беларусі яму прыемна было прачытаць знаёмыя назвы Полацак, Завалочча, Себеж, Невель, Азярышча ў басейне Дзвіны, але быў абураны, чаму няма на ёй Віцебска. Зусім не знайшоў на той карце старадаўніх гарадоў Цэнтральнай Беларусі. І прыйшоў да высновы, што трэба весці даследаванні, даказваць іх гістарычную важнасць і ствараць новыя кнігі і карты.
Раскапаўшы сотні крывіцкіх курганоў і прааналізаваўшы пахавальны інвентар, Я. Тышкевіч першы паказаў на іх асаблівасць – скроневыя кольцы ў жанчын. Спосаб вызначэння тэрыторыі засялення крывіцкіх плямён па форме скроневага кальца быў проста ўнікальным для свайго часу. Гэтае адкрыццё беларускаму вучонаму ўдалося зрабіць якраз дзякуючы прымяненню параўнальна-тыпалагічнага метаду. Такі метад даследавання, хоць і інтуітыўна, быў ім выкарыстаны ўпершыню. Тышкевічаўская гіпотэза ў далейшым распрацоўвалася і ўзбагачалася новымі данымі ў працах А. А. Спіцына, а яшчэ пазней – А. У. Арцыхоўскага, В. П. Левашовай. Паводле таго ж параўнальна-тыпалагічнага метаду вучоны прыйшоў да высновы, што сярод металічных рэчаў часцей сустракаюцца прадметы з жалеза, а сплаў бронзы быў вядомы насельнікам Беларусі значна раней.
Археолаг, безумоўна, адносіўся да сваіх знаходак як да крыніцы, якая станавілася важным аргументам у тлумачэнні некаторых гістарычных з'яў. Так, больш багатыя, чым пад Менскам, знаходкі ў курганах ля Заходняй Дзвіны далі Я. Тышкевічу падставу сцвярджаць, што жыхароў Падзвіння звязваў гандаль з аддаленымі багатымі землямі, дзе рамяство стаяла на больш высокім узроўні {22} . Яшчэ да ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага насельніцтва Беларусі, як падкрэсліваў археолаг, не толькі забяспечвала сябе жалезам сваёй вытворчасці, але і вывозіла яго {23} . У курганах пад Слуцкам ён выявіў жаночыя ўпрыгожанні. На жаль, слаба ім апісаны інвентар трыццаці курганоў на рацэ Гайна. Я. Тышкевіч на матэрыялах сваіх раскопак даказваў, што старажытныя жыхары краю, а таксама Жамойці і Інфлянтаў не адставалі ад іншых плямён у вырабе побытавых прадметаў і прылад працы, а значыць, як сцвярджалі і пазнейшыя даследчыкі, тут не было і варварства. Як доказ ён прыводзіў мноства знаходак з металаў {24} . Гэты тэзіс і на сённяшні дзень да канца не высветлены і ставіцца некаторымі даследчыкамі пад сумненне. А.Р.Мітрафанаў, напрыклад, не лічыць «варварства славян» такім ужо страшным злом у той далёкі час, калі ў славянскім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, панавала ваенная дэмакратыя.
Вельмі важна, што Я. Тышкевіч стаяў ля вытокаў статыстычнага метаду параўнання, які даў яму магчымасць падлічыць багатыя і бедныя курганныя пахаванні. Ён зрабіў вывад аб сацыяльнай няроўнасці ў старажытным грамадстве. Багатыя курганы належалі «знатнаму роду, бо знойдзеныя намі ўпрыгожанні ў старажытныя часы вельмі дорага каштавалі, асабліва пацеркі…» Тады яшчэ Яўстах не мог ведаць, адкуль паходзілі ўсе гэтыя каштоўнасці, асабліва пацеркі. Ды і цяпер на гэта няма яшчэ канчатковага адказу.
Вывучаючы пахавальны і іншыя абрады славян і іх суседзяў – летувісаў, латышоў, Я. Тышкевіч прыйшоў да высновы пра іх блізкасць. Усе яны, напрыклад, пакланяліся вялікім камяням, вужакам, магутным старым дрэвам. У тых і другіх пры пахаванні ставілі нябожчыку посуд і клалі прылады працы. Доўга захоўваўся язычніцкі абрад спальвання. Вучоны лічыў, што па лагойскіх курганах можна прасачыць падабенства славян з балтамі, а паколькі яны тэрытарыяльна знаходзіліся блізка, то мелі несупынныя сувязі, хоць і былі розныя па паходжанні. Гэтая думка Я. Тышкевіча была новай для яго часу. Пазнейшыя археалагічныя раскопкі падмацавалі яе, і сёння яе прытрымліваецца нямала вучоных. Так, А.Р.Мітрафанаў лічыць, што ў сярэдняй Беларусі была распаўсюджана балцкая культура, але яна знаходзілася пад вялікім уплывам славян {25} .
Практыка раскопак курганоў вельмі шмат дала вучонаму для правільных тэарэтычных вывадаў. Назву «гарадзішча» ён лічыў славянскай, бо на Жамойці такіх назваў не сустракаў. Там ёсць другое слова «pilcalnis», якое абазначае «насыпаная гара». Як адзначае даследчык, на тэрыторыі «губерняў Беларусі Менскай, частцы Гарадзенскай, Віленскай іх было мноства… а назвы вёсак і ўрочышчаў пачынаюцца словамі Гарадок, Гарадзішча, Гародна і г.д.» {26} Я. Тышкевіч, як і З. Даленга-Хадакоўскі, лічыў, што гарадзішчы не з'яўляюцца абарончымі ўмацаваннямі, а толькі абрадавымі. Сучасныя археолагі схільныя лічыць іх як, абароннымі (найперш!), так і абрадавымі. Услед за Р. Друцкім-Падбярэскім Я. Тышкевіч тут жа звярнуў увагу на замкі як на ўмацаваныя аб'екты, абведзеныя каналамі і валамі. Такія старажытныя замкі ён упамянуў у Менску, Слуцку, Друцку, Заслаўі, Лагойску і іншых месцах. Коратка расказаў пра кожны з іх. Тлумачыў паходжанне слова «замак» ад «замыкаць». Найбольш познімі, на яго думку, былі замкі ў Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры, якія па сваёй будове блізкія да замкаў Заходняй Эўропы. Вучоны меркаваў, што іх маглі будаваць рамеснікі з Германіі або суседняй Польшчы, але мясцовыя ўмельцы і самі маглі, валодаючы традыцыйным майстэрствам, пераняць эўрапейскае замкавае дойлідства. Не так проста было даць адказ на такое складанае пытанне ў той час. Сёння, дзякуючы сучасным метадам даследавання, гэтым паспяхова займаецца М. Ткачоў {27} .
Працуючы шмат са сваімі знаходкамі, археолаг упершыню зрабіў дэталёвае апісанне каменных прылад працы: сякер, молатаў, кліноў, даў іх характарыстыку. У дадатку да кнігі «Археалагічныя даследаванні» змешчаны малюнкі найкаштоўнейшых прадметаў, знойдзеных у асноўным пры раскопках, што стала вельмі важным аргументам у методыцы даследаванняў, якая ў той час толькі зараджалася. Я. Тышкевіч задумаўся і над прызначэннем археалогіі, якая мае справу са старажытнымі рэчамі і «…тлумачыць мінулае па помніках, якія засталіся ад яго… яна паказвае поступ мастацтва розных эпох, здзіўляе цудоўнай архітэктурай, адчыняе таямніцы хатняга жыцця». Археалогію ён падзяляў на чатыры часткі: уласна археалогію, нумізматыку, гліптыку, палеаграфію. Гэтае чляненне, як прызнаваў сам Я. Тышкевіч, не ім прыдумана, яно ідзе ад агульнаэўрапейскага. Цяжка сёння пагадзіцца з такім падзелам, паколькі ў прадмет археалогіі як навукі ён уключыў, напрыклад, вывучэнне летапісаў. У асноўным жа гэта сфера археаграфіі. Тышкевічава дзяленне археалогіі па такім прынцыпе польскі археолаг А. Абрамовіч лічыць банальным і канвенцыянальным. Аднак Я. Тышкевіч мае рацыю ў тым, канстатуе А. Абрамовіч, што магчымасці археалогіі ў тлумачэнні старажытнай гісторыі вялікія. «…Няма другой навукі, – піша Я. Тышкевіч, – якая была б ёй роўная па шырыні і разнастайнасці. З дапамогай археалогіі, абапіраючыся на довады, у якіх няма сумнення, можна аб'ектыўна пацвердзіць гістарычныя факты». Ён меркаваў, што археалагічныя даследаванні могуць даць адказ на складаныя пытанні пра капішчы, замчышчы, «сыпныя горы», гарадзішчы і г.д. Беларускі вучоны бачыў у пашырэнні археалагічных даследаванняў унікальную перспектыву адкрыццяў, вялікую будучыню навукі, хаця пакуль што яна не мае такой доказнасці, як іншыя дысцыпліны, паколькі многае тут будуецца на здагадках і гіпотэзах. У археалогіі гэта толькі першыя крокі. У «вывучэнні… Русі і Русі Літоўскай», як зазначыў Я. Тышкевіч, яшчэ мала зроблена і мы «павінны самі сабе прабіваць дарогу».
Навуковая дзейнасць патрабавала ад Я. Тышкевіча трымаць у полі зроку даследаванні археолагаў і краязнаўцаў суседніх народаў. Ён адзіны з беларускіх археолагаў першай паловы XIX стагоддзя, хто адправіўся за мяжу да сваіх калег пераймаць вопыт, пабываў у музеях розных краін. Асаблівую цікавасць у яго выклікалі аўтэнтычныя матэрыялы Капенгагенскага музея старажытнасцей, дзе археалагічныя матэрыялы экспанаваліся паводле прызнанай у Эўропе «тэорыі трох эпох» (каменя, бронзы, жалеза). У гэтым была заслуга вядомага дацкага археолага К. Томсена. Гэты арыгінальны метад экспанавання Я. Тышкевіч перанёс і ў свой лагойскі музей, а пазней – у Віленскі музей старажытнасцей {28} .
Вывучаючы скандынаўскую археалогію, Я. Тышкевіч шукаў у ёй падабенства са славянскай. Так, адносна прылад працы ў паўночных плямён ён беспамылкова заўважыў, што спачатку выкарыстоўвалася бронза, а пазней жалеза, так жа сама, як і ў славян. Захапіўшыся аналізам падабенства прадметаў, Я. Тышкевіч вельмі мала сказаў пра іх адрозненні.
На першым этапе знаёмства з новай навукай усіх даследчыкаў захапляе падабенства археалагічных знаходак. Гэтую хваробу «пачаткоўцаў» перажыў і Я. Тышкевіч, і яна трымалася да таго часу, пакуль ён не набыў адпаведны запас ведаў па старажытнасцях не толькі Беларусі, а і ўсёй Эўропы. Нават да сваёй паездкі ў Швецыю беларускі археолаг быў дастаткова падрыхтаваным спецыялістам, а знаёмства з навукай эўрапейскіх калег значна пашырыла яго кругагляд. Можа, гэтая акалічнасць паўплывала на тое, што Я. Тышкевіч смялей браўся за вывучэнне нумізматыкі, геральдыкі, сфрагістыкі, археаграфіі і нават помнікаў архітэктуры, старадаўніх аўтографаў XVI–XVIII стагоддзяў.
Даследчык беларускай археалогіі стаў ініцыятарам выдання «Гадавіка для польскіх археолагаў, нумізматаў і бібліёграфаў», у якім павінны былі ўдзельнічаць многія спецыялісты. Тут ён змясціў сваю працу «Археалогія ў Літве» {29} , дзе акрэсліў даволі шырокі абсяг помнікаў Беларусі, якія належыць вывучыць не столькі яму, колькі яго спадкаемцам.